АЛЕ́ЛІ (ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна),

алеламорфы, розныя формы (станы) аднаго і таго ж гена. Размешчаны ў аднолькавых участках (локусах) гамалагічных (парных) храмасом і кантралююць кірункі развіцця адной і той жа прыкметы (напр., белы ці чырвоны колер кветкі). Алелі ўзнікаюць пры любой змене структуры гена ў выніку мутацый або ўнутрыгенных рэкамбінацый (магчымая колькасць алеляў кожнага гена практычна незлічоная). Кожны ген можа знаходзіцца не менш як у двух алельных станах, адзін з якіх звычайна забяспечвае максімальнае развіццё прыкметы — дамінантная алеля, другі прыводзіць да частковай або поўнай страты або змены прыкметы — рэцэсіўная алеля. Ген, які мае некалькі розных станаў, утварае серыю множных алеляў. Наяўнасцю алельных генаў абумоўлены фенатыпічныя адрозненні сярод арганізмаў (гл. Фенатып). Частоты асобных алеляў у генафондзе даюць магчымасць вылічаць генет. змены ў пэўнай папуляцыі і вызначаць частату генатыпаў, што выкарыстоўваюць у селекцыі для прадказання магчымых вынікаў скрыжаванняў.

Схема гома- і гетэразіготнасці па адной пары алеляў: 1 — гомазіготнасць; 2 — гетаразіготнасць (А — дамінантная алель, а — рэцэсіўная алель).

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх змяшчаюць адзін або некалькі цыклаў з атамаў вугляроду (акрамя араматычных злучэнняў). Падзяляюцца на класы і гамалагічныя шэрагі па колькасці і будове цыклаў, наяўнасці кратных сувязяў і функцыян. груп у малекуле. Монацыклічныя злучэнні па колькасці атамаў вугляроду ў цыкле бываюць малыя (3—4), звычайныя (5—7), сярэднія (8—12) і макрацыклы (больш за 12) Аліцыклічныя злучэнні з некалькімі цыкламі — бі-, тры- і поліцыклічныя. Апошнія могуць быць ізаляваныя (І), сучлененыя (II), мець адзін, два, тры і больш агульных атамаў вугляроду, адпаведна спіраны (III), кандэнсаваныя (IV), мосцікавыя (V), поліэдрычныя злучэнні (VI). Наяўнасць цыкла ў малекуле адбіваецца на фіз. і хім. уласцівасцях аліцыклічныя злучэнні у параўнанні з ацыклічнымі злучэннямі з той жа колькасцю атамаў вугляроду (больш высокія паказчыкі пераламлення, шчыльнасці, т-ры кіпення; больш высокая рэакцыйная здольнасць, асабліва малых цыклаў). Аліцыклічныя злучэнні сустракаюцца ў нафце; як структурныя фрагменты ўваходзяць у састаў многіх прыродных злучэнняў: тэрпеноідаў, стэроідаў, інсектыцыдаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Найб. практычнае выкарыстанне мае цыклагексан, яго гамолагі і вытворныя.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАГО́ЛЬНЫЯ ПСІХО́ЗЫ,

вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.​С.​Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).

Ф.​М.​Гайдук.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,

тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 17—20 ст. Заснаваны як жаночы манастыр у 1631 Багданам Сцянкевічам на паўд.-зах. ускраіне Оршы. У комплекс уваходзіла некалькі драўляных цэркваў, жылыя і гасп. пабудовы. Гал. драўляны сабор згарэў у 1635. Пабудаваны мураваны Успенскі сабор (1655) меў рысы стылю барока. Крыжова-купальны 3-апсідны храм. Асн. неф і крылы трансепта былі накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сяродкрыжжа ўвенчана 8-гранным глухім барабанам і масіўным грушападобным купалам з галоўкай. Сцены ўпрыгожаны прафіляванымі карнізамі, пілястрамі на вуглах. Высокія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Франтоны завершаны галоўкамі і аздоблены патройнымі плоскімі арачнымі нішамі. У 1658 куцеінскія манахіні пераведзены ў новаадчынены Уваскрасенскі манастыр у Смаленску. Ёсць звесткі, што з Куцейна былі і першыя насельніцы Новадзявочага манастыра ў Маскве. У 1842 манастыр прылічаны да 1-га класа. Зачынены ў 1918, будынкі не захаваліся.

Т.​В.​Габрусь, А.​А.​Ярашэвіч.

Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. Агульны выгляд. Малюнак 19 ст.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́Х (Juglans),

род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.

Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.

Арэх грэцкі.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),

настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).

У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.

Ю.​Г.​Лобач.

Більярд.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЛЕЙ,

штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.​І.​Пракаповіч (1814).

Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.

На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.

Вуллі: 1 — 16-рамачны ўцеплены (беларускі); 2 — шматкорпусны; 3 — вулей-ляжак на 20 рамак.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫН М., Гарын-Міхайлоўскі

[сапр. Міхайлоўскі Мікалай Ягоравіч (Рыгоравіч); 20.2.1852, С.-Пецярбург — 10.12.1906],

рускі пісьменнік. Скончыў Ін-т інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу (1878). Працаваў у Мін-ве шляхоў зносін. У 1886 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку ў Самарскай губ., дзе беспаспяхова спрабаваў змяніць жыццё сялян шляхам гасп. і культ. пераўтварэнняў. Вярнуўся на службу. Шмат падарожнічаў. Літ. дзейнасць пачаў з канца 1880-х г. Большасць яго твораў маюць аўтабіягр. аснову. Па-мастацку перапрацоўваючы асабістыя ўражанні, імкнуўся стварыць абагульнены вобраз сучасніка. Аўтар тэтралогіі «Дзяцінства Цёмы» (1892), «Гімназісты» (1893), «Студэнты» (1895), «Інжынеры» (выд. 1907), цыклаў нарысаў «Некалькі гадоў у вёсцы» (1892), «Па Карэі, Маньчжурыі і Ляадунскім паўвостраве», «Вакол свету» (абодва 1899), «Вайна. Дзённік сведкі» (1904). Асобныя творы Гарына на бел. мову пераклала У.​Сакалоўская.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1957—58.

Літ.:

Юдина И.М. Н.​Г.​Гарин-Михайловский. Л., 1969;

Н.Г Гарин-Михайловский в воспоминаниях современников. Новосибирск, 1983.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,

валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.

Літ.:

Седов В.В. Длинные курганы кривичей. М., 1974;

Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)