НАПРУ́ЖАННЕ МЕХАНІ́ЧНАЕ,

мера ўнутраных сіл, што ўзнікаюць у цвёрдым целе (элементах збудаванняў, машын) пад уплывам знешніх уздзеянняў (нагрузак, змены т-ры і інш.). Значэнні Н.м. знаходзяць аналітычна метадамі супраціўлення матэрыялаў, тэорыі пругкасці і пластычнасці, а таксама з дапамогай тэнзометраў, оптыка-палярызацыйнымі і інш. метадамі. Адзінка Н.м. ў сістэме СІ — паскаль (Па).

Пры вывучэнні Н.м. ў адвольным пункце цела праз яго праводзяць уяўнае сячэнне, адкідаюць адну ч. цела і дзеянне яе замяняюць унутр. сіламі. Калі на элемент плошчы dS каля пункта A дзейнічае ўнутр. сіла dF→, то адносіны dF→ / dS наз. вектарам Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Складальныя вектара Н.м. па нармалі да сячэння /σ/ і па датычнай да яго /τ→/ наз. адпаведна нармальным і датычным Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Напружаны стан цела ў пункце A характарызуецца сукупнасцю вектараў Н.м. для ўсіх магчымых сячэнняў, што праходзяць праз гэты пункт. Н.м. бываюць часовыя (існуюць пэўны прамежак часу, напр., пры выкананні тэхнал. аперацый) і астаткавыя (на працягу значнага перыяду); гранічныя (вызначаюцца эксперыментальна пры мех. выпрабаваннях матэрыялаў), дапушчальныя (прызначаюць як пэўную ч. ад гранічных) і рабочыя (разліковыя, залежаць ад нагрузак на канструкцыю і яе памераў).

І.​І.​Леановіч.

Да арт. Напружанне механічнае.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,

сістэма адзінак фіз. велічынь, дзе за асн. адзінкі прыняты фундаментальныя фіз. пастаянныя (зарад і маса спакою электрона, скорасць святла ў вакууме і інш.). Памер асн. адзінак у Н.с.а. вызначаецца з’явамі прыроды, што адрознівае яе ад інш. сістэм адзінак, у якіх выбар адзінак абумоўлены патрабаваннямі практыкі (як, напр., у Міжнароднай сістэме адзінак). П.Дзірак, М.Планк, англ. вучоны Д.​Хартры і інш. прапанавалі некалькі Н.с.а., якія, на думку стваральнікаў, незалежныя ад фіз. працэсаў і прыдатныя для любых момантаў часу і месцаў у Сусвеце.

У Н.с.а. Планка (1906) у якасці асн. адзінак выбраны Больцмана пастаянная, гравітацыйная пастаянная і скорасць святла ў вакууме, лікавыя значэнні якіх прыняты роўнымі 1. У гэтай сістэме адзінка даўжыні роўная 4,03∙10​−35м, масы — 5,42∙10​−8 кг, часу — 1,34∙10​−43с, т-ры — 3,63∙10​32 К. Характэрная асаблівасць усіх Н.с.а — вельмі малыя адзінкі даўжыні, масы і часу і агромністыя адзінкі т-ры, у выніку чаго гэтыя сістэмы нязручныя для практычных вымярэнняў, аднак знаходзяць выкарыстанне ў атамнай фізіцы, квантавай механіцы і інш. раздзелах тэарэт. фізікі.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988. С. 335—338;

Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990. С. 31—33.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЯ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podlaskie),

адм.-тэр. адзінка на ПнУ Польшчы. На У мяжуе з Беларуссю і Літвой. Утворана 1.1.1999. Пл. 19,9 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1999), гарадскога 55%. Сярод насельніцтва значная доля беларусаў. Адм. цэнтр — г. Беласток. Найб. гарады: Сувалкі, Ломжа, Аўгустаў, Бельск-Падляскі. Большая ч. тэр. ваяводства знаходзіцца ў межах забалочанай Падляскай нізіны, на Пн марэнная града Сувалкаўскага Паазер’я, на У Беластоцкае ўзв. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 16—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Густая сетка рэк, якія належаць да бас. р. Вісла. Гал. рэкі — Буг (з прытокам Нужац) і Нараў (з прытокамі Бебжа і Супрасль). Рэкі Нёман і Бебжа злучае Аўгустоўскі канал. На Пн шмат азёр, у т. л. самае глыбокае ў Польшчы воз. Ганча (108,5 м). Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам каля 27% тэрыторыі, найб. Аўгустоўская пушча і Белавежская пушча (з Белавежскім нацыянальным паркам). Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс, пшаніцу, ячмень, лён, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць дарожных машын, абсталявання для лясной і харч. прам-сці), тэкст. (шарсцяная, баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Турызм (Аўгустоўскае Паазер’е).

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЧЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1566 у складзе Мінскага ваяв. ВКЛ. Цэнтр — г. Рэчыца Гомельскай вобл. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай скасаваны, яго тэр. 23.4.1793 падзелена паміж Мінскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губ. 29.10.1796 адноўлены на тэр., што ўвайшла ў Чарнігаўскую губ., з далучэннем часткі б. Кіеўскага ваяв. З 12.12.1796 у складзе Маларасійскай губ., з 29.8.1797 у Мінскай губ., да яго далучана частка прылеглых тэр. Мазырскага пав. У 1886 пл. павета 10,85 тыс. км², нас. 110 тыс. чал. Уключаў 23 воласці: Аравіцкую, Аўцюцевіцкую, Брагінскую, Васілевіцкую, Горвальскую, Даманавіцкую, Дзёрнавіцкую, Дзяражыцкую, Дудзіцкую, Ёлчанскую, Заспенскую, Карпавіцкую, Крукавіцкую, Лоеўскую, Маладушскую, Мікуліцкую, Нараўлянскую, Ровенскаслабодскую, Ручаёўскую, Савіцкую, Хойніцкую, Холмецкую, Юравіцкую; 405 вёсак. У 1894—52 мястэчкі (найб. значныя Лоеў, Горваль, Брагін), 861 гандл. прадпрыемства, 34 пачатковыя і царк.-прыходскія школы, некалькі школ граматы і хедэраў, 5 цэркваў, 3 касцёлы, некалькі яўр. малітоўных школ, 2 бальніцы, 4 прыёмныя пакоі, 7 аптэк, 6 паштова-тэлеграфных і 5 паштовых устаноў. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні РСФСР. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 14. У 1924 і 1926 павет часткамі перададзены ў БССР. У снеж. 1926 скасаваны, яго тэр. ўключана ў Мазырскую і Гомельскую акругі.

В.​Л.​Насевіч, Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 14, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэпарта́мент

(фр. département)

1) асноўная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Францыі;

2) аддзел вышэйшай адміністрацыйнай або судовай установы ў Расійскай імперыі і шэрагу іншых краін;

3) назва ведамства, міністэрства ў некаторых дзяржавах;

дзяржаўны д. — міністэрства замежных спраў ЗША.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

джо́ўль

[англ. J. Joule = прозвішча англ. фізіка (1818—1889)]

адзінка вымярэння работы, энергіі і колькасці цеплыні ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная рабоце сілы ў 1 ньютан, якая перамяшчае цела на 1 м у напрамку дзеяння сілы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фара́да

[ад англ. M. Faraday = прозвішча англ. фізіка (1791—1867)]

адзінка вымярэння электрычнай ёмістасці ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная электрычнай ёмістасці правадніка, патэнцыял якога павялічваецца на 1 вольт пры перадачы яму электрычнага зараду ў 1 кулон.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Лік 1 ’колькасць чаго-небудзь, паняцце колькасці’, ’лічба’, ’вынік гульні’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Янк. БП, Бяльк., Касп., Шат., ТС), маг. ’гандлёвая адзінка для верхаводкі, якая складаецца з 25 рыбак’ (Дэмб.). Укр. лік, рус. алан., смал., кур. лик ’лічба, колькасць’, Комі АССР ’многа’, ст.-рус. ликъ ’шмат’, ’хор’, польск. (з 1603 г.) lik ’лічба, лічэнне, колькасць’. Паўн.-слав. архаізм likъ утвораны ад дзеяслова ličiti > лічыць (гл.).

Лік 2 ’твар, абрысы твару’ (Нас., ТСБМ), укр. лик, рус. лик ’твар, выява, ікона, адлюстраванне’, ст.-рус. ликъ ’тс’, славен. lȋk, серб.-харв. ли̑к, макед., балг. лик ’адлюстраванне, выява, вобраз, воблік, фігура’. Прасл. likъ (у зах. і ўсх.-слав. мовах пазней яно замянілася ў lice ’твар, аблічча, шчокі’). Звычайна прасл. likъ параўноўваецца з ірл. lecco, н.-ірл. leaca, ст.-прус. laygnan (< *laiknan ’шчака’) — гл. Фасмер, 2, 495–496. Мартынаў (Лекс. взаим., 213–217) гаворыць аб пранікненні лексемы з прасл. у прагерм. у выглядзе lika, што Слаўскі (4, 224–225) дапускае малаімаверным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страля́ць ‘пускаць стрэлы, кулі, снарады’, ‘забіваць, расстрэльваць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стрэля́ць ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), страля́ць ‘біць, паліць (пра пярун)’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ‘гучна лопацца, трэскацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж стрэ́ліць ‘выстраліць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Байк. і Некр., Стан., ТС), ‘забіць; ударыць’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стріля́ти, рус. стреля́ть, стараж.-рус. стрѣляти, польск. strzelać, в.-луж. třelić, н.-луж. stśelaś, чэш. střeliti, славац. strielať, серб.-харв. стријѐљити, славен. stréljati, балг. стре́лям, макед. стрела. Прасл. *strěliti вытворнае ад *strěla (гл. страла 1), з першасным значэннем ‘пускаць стрэлы’; гл. Фасмер, 3, 774; Бязлай, 3, 327. Сюды ж стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт.), ‘стральба, страляніна’ (Сл. ПЗБ, ТС), страле́ц ‘стралок; паляўнічы’ (ТСБМ, Пятк. 2, Нар. Гом., Сержп., Сцяшк., Барад., Сл. Брэс.), страллё ‘стрэльба’ (Сцяшк. Сл.), стральба́ (стрѣльба) ‘паляванне’ (віц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. стреленье ‘выстрал; адзінка вымярэння адлегласці стрэлу, роўная 60–80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. таксама стрэльба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапары́шча ’дзяржанне сякеры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Стан.), тапары́шчо, тапары́шчэ ’тс’ (Сл. ПЗБ), топо́рышчэ ’тс’ (Вруб.), топоры́шчэ ’тс’ (ТС, Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. топорище ’тс’, ’адзінка вымярэння даўжыні ў цесляроў’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. топори́ще ’тс’, рус. топори́ще ’тс’, в.-луж., н.-луж. toporišćo ’дзяржанне, ручка (напр., сякеры)’, харв. toporišće ’дзяржанне сякеры’, дыял. toporìšče ’чаранок матыкі’, славен. toporìšče ’тс’, таксама дыял. ’чаранок лапаты’, ’ручка цэпа, цапільна’, балг. топори́шка ’дзяржанне сякеры’, дыял. топори́ште ’дзяржанне вялікага молата, якім збіваюць сукно ў валюшы (сукнавальні)’. На значнай частцы моўнай тэрыторыі ўжываецца паралельна з тапарыска (гл.), якое мае адпаведнік у польск. toporzysko ’дзяржанне сякеры’, чэш. topořisko ’тс’, славац. toporisko ’тс’, што несумненна ўяўляе пазнейшую інавацыю ў славянскіх мовах. Шустар-Шэўц (1518) рэканструюе дзве праславянскія формы *toporiště і *toporisko, вытворныя ад *toporъ (гл. тапор). На беларускай і ўкраінскай тэрыторыі формы тапары́ска і топари́сько ’дзяржанне сякеры’ з’яўляюцца пранікнёнымі з польскай мовы, падтрыманымі экспансіяй суф. ‑isko.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)