галіна стратыграфіі, якая вывучае размеркаванне выкапнёвых рэшткаў арганізмаў у асадкавых пародах. Мэта біястратыграфіі: вызначэнне адноснага ўзросту, паслядоўнасці ўтварэння, пашырэння і карэляцыі слаёў горных парод. Асн. задача біястратыграфіі — распрацоўка стратыграфічных шкал з дапамогай палеанталагічнага метаду. Найб. значэнне для біястратыграфіі маюць арганізмы, якія існавалі нядоўга, але былі шматлікія на вял. тэрыторыях. На Беларусі біястратыграфія — аснова расчлянення адкладаў фанеразою па выкапнёвых рэштках брахіяподаў, фарамініфераў, астракодаў, малюскаў, пазваночных, насякомых, акрытархаў, канадонтаў, водарасцяў, спораў, пылку, насення і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, Беларускім н.-д. геолагаразведачным ін-це і Цэнтральнай лабараторыі ВА «Беларусьгеалогія», БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЧ,
традыцыйная бел. рыбалоўная прылада; сплеценая з дубцоў або зробленая з драніцы камера конусападобнай ці цыліндрычнай формы. У конусным бучы мелася адна лейкападобная перагародка (горла), у цыліндрычным — дзве. Рыба пранікала ў буч праз лаз у горле, якое адначасова перашкаджала выходзіць ёй назад. З аднагорлавых бучаў улоў вымалі праз адтуліну ў вузкім яго канцы (у час лоўлі яе закрывалі коркам, травой, сенам), у двухгорлавым рабілі дзверцы. Аднагорлавы буч прызначаўся толькі для лоўлі рыбы, двухгорлавы — пераважна для ракаў. У вадаёме бучы устанаўлівалі пры дапамозе калкоў. Бучы былі пашыраны па ўсёй Беларусі.
І.М.Браім.
Буч аднагорлавы. Пінскі краязнаўчы музей.Буч двухгорлавы. Вёска Пескі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партыз. фарміраванняў Беларусі, Літвы, Латвіі і Калінінскай вобл. Расіі па разгроме ням.-фаш. гарнізона 13 студз. ў нас. пункце Вецслабада ў Латвіі ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны штабам Латышскага партыз. атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.В.Раманаў). Удзельнічалі байцы трох бел. і Калінінскай брыгад, Латышскага і Літоўскага партыз. атрадаў. Партызаны разграмілі будынкі гарнізона, спалілі спісы грамадзян, якіх гітлераўцы збіраліся вывезці на прымусовую працу ў Германію, узарвалі складскія памяшканні, захапілі вял. колькасць збожжа, цукру, воўны, нарабаваных акупантамі ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію. У выніку бою былі сарваны планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,
дзяржаўны і паліт, саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛВітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́Маркава манастыра.
Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма (засн. ў 1633), знішчанага пажарам.
Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ БАЛЕ́Т ПІЁНА,
трупа, якая працавала ў 1844—47 у Віцебску пад кіраўніцтвам польск. балетмайстра М.Піёна. У рэпертуары пастаўленыя ім балеты-дывертысменты «Вяселле ў Айцове» К.Курпінскага і Ю.Дамсе, «Дзве статуі» Ю.Эльснера, «Чарадзейная флейта, або Танцоўшчыкі паняволі» Маковеца і інш. Ставіліся таксама жывыя карціны, камедыі і вадэвілі на рус., польск, і франц, мовах. У асн. складзе трупы былі браты Адольф, Морыс і Уладзіслаў Піёны, муж і жонка Кос, Царова, Я.Чаховіч, а таксама кардэбалет з прыгонных сялян, адпушчаных у горад, і некалькіх запрошаных артыстаў. Суправаджаў спектаклі мясц. аркестр пад кіраўніцтвам скрыпача-віртуоза Г.П.Ягемана (Ягнова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДКУП,
перадача дзяржавай прыватным асобам (адкупшчыкам) правоў на збор дзярж. прыбыткаў.
Існаваў пераважна ў дакапіталіст. фармацыях, калі не было развітога дзярж.-фін. апарату. Дзяржава, напр., аддавала на водкуп вытворчасць і рэалізацыю солі, алкагольных напіткаў, тытуню, збор мытнай пошліны, падаткаў з насельніцтва і інш. Быў пашыраны ў Францыі, Італіі, Іспаніі. У Расіі існаваў вінны водкуп і мытны водкуп. Адкупшчыкамі былі купцы, пасадскія людзі, іншаземцы. На Беларусі быў пашыраны вінны водкуп у гарадах. Парадак водкупу вызначала гарадское кіраўніцтва. З умацаваннем і цэнтралізацыяй дзярж. улады (18 ст.) водкуп змяніўся сістэмай акцызу (у Расіі з 1863), а ў асобных краінах (ЗША, Турцыя, Італія) захаваўся да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.5(10.6).1917 да ліст. 1918 у Мінску на бел. мове. У 1917 выходзіла 2 разы на тыдзень, у 1918 штотыднёва. Рэдактар Я.Лёсік, выдавец — Беларускі нацыянальны камітэт, з ліп. 1917 Т-вабел. культуры. Спачатку выступала за культ.-нац. і дзярж. аўтаномію Беларусі ў складзе будучай дэмакр. федэратыўнай Расіі. Пасля абвяшчэння БНР «Вольная Беларусь» пачала выступаць за незалежную дэмакр. Беларусь, заклікала да стварэння бел.нац. войска, крытыкавала палітыку ваен. камунізму і «цэнтралізму» бальшавікоў. Актыўнымі супрацоўнікамі газеты былі З.Бядуля, А.Гарун, М.Гарэцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́РА (італьян. galera),
драўлянае вёславае ваен. судна. Створана ў 7 ст. венецыянцамі. У Еўропе пашырана ў 7—18 ст. У Расіі з’явілася ў канцы 17 — пач. 18 ст. пры Пятру I. Даўж. 40—60 м, шыр. 4—7,5 м, асадка да 2 м, адзін рад вёслаў (16—32 на борт), скорасць пад вёсламі да 7 вузлоў (12,96 км/гадз), экіпаж да 450 чал. У якасці дапаможнага рухача на 1—2 мачтах галеры ставіліся косыя, т.зв. «лацінскія», парусы. Асн. зброяй да сярэдзіны 14 ст.былі надводны таран, кідальныя машыны, арбалеты, потым — гарматы. Існавалі таксама т.зв. конныя галеры для перавозкі коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРГІ́ПІЯ,
антычны горад на ўсх. узбярэжжы Чорнага м. (на тэр. сучаснага г. Анапа, Расія). У старажытнасці тут было паселішча сіндаў (Сіндская гавань), у 6—5 ст. да н.э. ўзнік г. Сінд (Сіндыка). З 4 ст. да н.э. ў Баспорскай дзяржаве пад назвай Гаргіпія (у гонар Гаргіпа, правіцеля горада з дынастыі Спартакідаў). Буйны гандл.-рамесны цэнтр і важны апорны пункт Баспора. У Гаргіпіі былі храмы Артэміды Эфескай, Пасейдона і інш. У 2—3 ст.н.э. існаваў вял.рэліг. саюз суднаўладальнікаў, горад дасягнуў значнага росквіту. У 4 ст. прыйшоў у заняпад. З 1475 пад уладай Турцыі, ператвораны ў крэпасць Анапа, якая ў 1829 далучана да Расіі, з 1846 горад.