раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцці інш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).
Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.Р.Левіт, С.М.Давыдзенкаў, С.Н.Ардашнікаў, М.С.Навашын і інш.
На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.В.Турбін, Г.В.Краскоўскі, А.Ю.Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.Н.Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.Я.Саўчанка), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп. медыка генет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,
першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б.СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш.Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач.Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ (Аляксандр Карлавіч) (16.6.1834. в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1916),
бел. гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Чл. Акадэміі навук у Кракаве (1892). Брат М.К.Ельскага Скончыў Мінскую гімназію (1852). З 1860-х г. жыў у Замосці (Пухавіцкі р-н). дзе ў 1864 стварыў літ.-краязнаўчы музей. Сябра і першы біёграф В.Дуніна Марцінкевіча. Аўтар дыдактычных вершаваных і празаічных гутарак на бел. мове ў духу асветніцтва і хрысціянскай маралі. Гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мове і л-ры Беларусі прысвечаны яго працы: «Пра беларускую гаворку» (1885), «Слоўца пра матэрыялы для вывучэння беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры» (1886), «Адам Міцкевіч на Беларусі» (1890), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892), «Нарыс гісторыі мясцовай гаспадаркі ў супастаўленні з народнымі звычаямі ад першабытных да апошніх часоў» (т. 1—2, 1893—97), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1893), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэрак у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899) і інш. Напісаў каля 10 тыс.гіст.-краязнаўчых артыкулаў для «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў», «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», у якіх апісаў мясцовасці многіх бел. паветаў. На бел. мову перакладаў творы А.Міцкевіча, Ю.Супінскага, А.Мальчэўскага. Рукапісныя і кніжныя зборы Е. знаходзяцца ў Кракаве, Варшаве, часткова ў Мінску і Вільнюсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Мар’ян Міхайлавіч) (літ.псеўд.Мар’ян Віж; 23.2.1949, Мінск),
бел. пісьменнік, гісторык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Бел. т-ве аховы помнікаў гісторыі і культуры (1974—76), у БелСЭ (1976—79), у навук. і культ.-асв. установах Мінска, у штотыднёвіку «Наша слова» (1993—95), з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Друкуецца з 1974. У гіст. аповесці «Лабірынт» (1991), заснаванай на архіўных дакументах, паказаны падзеі на Беларусі ў час паўстання 1863—64. У аповесці «Гарадскія кветкі» (1995) спроба расказаць пра лёс адзінокага чалавека ў вял. горадзе (падзеі ў Мінску на мяжы 1970—80-х г.) У апавяданнях і навелах паглыбленая ўвага да набалелых праблем сучаснасці, іх повязей з айч. мінуўшчынай. Аўтар кн.гіст.-публіцыстычных нарысаў «Чары даўніны» (1989). У 1990 апублікаваў пралог гіст.-прыгодніцкага рамана «Здарэнне на Віленскім тракце». На бел. мову пераклаў кн. З.В. і С.Ф.Шыбекаў «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (1994). Адшукаў у архіве і ў 1997 апублікаваў нар. драму М.Чарота «На Купалле», якая лічылася страчанай.
Тв.:
Сялянскія хваляванні на Іўеўшчыне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2;
Сялянскі рух у сярэдзіне XIX ст. // Тамсама. 1981. № 1;
«Чтоб люд пробуждался...» // Нёман. 1988. № 3;
Наш Менск, наш Минск // Тамсама. 1995. № 1;
3 пячаткай «Зямлі і волі» // Маладосць. 1989. № 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦЬЕЎ (Руф Гаўрылавіч) (19.9.1829, Масква — 14.1.1886),
гісторык, археолаг, музыказнавец, харавы дырыжор. Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве, кансерваторыю ў Парыжы. З 1877 у Мінску. Чл. Мінскага стат. к-та і рэдактар неафіц. часткі газ. «Минские губернские ведомости» (1877—80). Выкладаў спевы ў мінскіх жаночай школе і гімназіі. Даследаваў гісторыю і культуру Беларусі: раскопваў курганы на Міншчыне, склаў карту археал. помнікаў Мінскага пав., збіраў бел. песенны фальклор. У 1879 на Антрапал. выстаўцы ў Маскве прадставіў матэрыялы раскопак, 100 нотных запісаў песень Мінскай губ., апісанне бел.нар.муз. інструментаў, рэдкі экзэмпляр упершыню выяўленай ім альтовай скрыпкі. Выступіў там з дакладамі пра помнікі нар. творчасці і помнікі старажытнасцей у Мінскай губ. Публікаваў бел.муз. фальклор, выступаў як муз. крытык. У Мінскім Петрапаўлаўскім кафедральным саборы выявіў стараж. кірыліцкія надпісы. Аўтар артыкулаў па гісторыі і археалогіі Наўгародскай і Арэнбургскай губ.
Тв.:
Местечко Заславль или Изяслав, город потомков Рогнеды // Мин. губ. ведомости. 1878. № 1—2;
Курганы и городища в Минской губернии // Там жа. № 51—52;
1879. № 1—8, 10—11, 14, 17—18;
О памятниках древности Минской губернии // Изв. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. Т. 35. Антропол. выставка 1879 г.М., 1880. Т. 3, ч. 1;
О памятниках народного творчества в Минской губернии // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НСКІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (11.11.1903, г.п. Мір Карэліцкага р-на Мінскай вобл. — 18.3.1967),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1938), нар.арт.СССР (1953). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). З 1919 у Першым т-ве драмы і камедыі ў Мінску (або драм. секцыі Бел. вучнёўскай грамады). Працаваў у Мінскім т-ры рэв. сатыры, з 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва вызначалася камедыйным талентам, нац. самабытнасцю, віртуознай акцёрскай тэхнікай. Вострае пачуццё гумару, творчая імправізацыя, гратэскавыя прыёмы спалучаліся з тонкім аналізам і псіхал. глыбінёй. Шматгранныя маст. вобразы з сакавітай моўнай характарыстыкай стварыў у бел. рэпертуары: Дзед Талаш («У пушчах Палесся» Я.Коласа), Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), дзед Нупрэй («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Рабінзон, Аркашка Шчасліўцаў («Беспасажніца», «Лес» А.Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Палоній і Першы далакоп («Гамлет» У Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Мальера) і інш. Паставіў спектаклі «Віцмундзір» П.Каратыгіна, «Бяда ад пяшчотнага сэрца» У.Салагуба (абодва 1948), «Домік на ўскраіне» А.Арбузава (1955, з А.Скібнеўскім).
Літ.:
Скібнеўскі А.Б. Народны артыст СССР АК.Ільінскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 191—200.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ГЕНЕ́ТЫКІ І ЦЫТАЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1965 у Мінску на базе Аддзела генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (з 1963). Лабараторыі (1998): малекулярнай генетыкі, гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, генетыкі збожжавых культур, мутагенезу, цытагенетыкі раслін, антымутагенезу, агульнай цытагенетыкі, радыяцыйнай генетыкі. нехрамасомнай спадчыннасці, генетыкі фітаімунітэту; тэматычныя групы, аддзел навук. інфармацыі і інфарматыкі Дзейнічае селекцыйна-генет. комплекс (да 1989 біял. доследная станцыя). Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі даследаванняў: генет. асновы селекцыі (гетэрозіс, поліплаідыя, нехрамасомная спадчыннасць, генетыка імунітэту), індуцыраваны і спантанны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генет. і клетачная інжынерыя, матэм. генетыка. Вынікі даследаванняў: сфармуляваны новая канцэпцыя гетэрозісу, гіпотэза ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Даказана важная роля цытаплазматычных спадчынных структур ва ўстойлівасці раслін да захворванняў, атрыманы значныя вынікі па вывучэнні генет. заканамернасцей арганізацыі і экспрэсіі геномаў раслін. Створаны арыгінальныя генет. калекцыі збожжавых, зернебабовых культур і бульбы. Атрыманы практычныя вынікі: каштоўныя гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукр. буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянаваны новыя высокапрадукцыйныя сарты цукр. буракоў, соі, цяплічных памідораў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генет. наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС перададзены ў Дзяржкамчарнобыль. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі А.Р.Жэбрак, П.Ф.Ракіцкі, акад.АН Беларусі і УАСГНІЛ М.В.Турбін, чл.-кар. А.М.Іпацьеў, У.К.Саўчанка, працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.А.Картэль (дырэктар з 1994), Л.У.Хатылёва (пачэсны дырэктар), чл.-кар. У.Я.Борматаў, 13 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕБІЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1987 у Мінску на базе навук. лабараторый радыеэкалагічнага і радыебіял. профілю ін-таў АН і Сектара геранталогіі для вырашэння навук.-практычных задач у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лабараторыі (1998): біяхіміі, фізіялогіі, эндакрыналогіі, марфалогіі і цытагенетыкі, радыебіялогіі раслін, радыехіміі глебы, радыеэкалогіі водных сістэм, радыеэкалогіі паветр. асяроддзя, маніторынгу; групы радыеметрыі і дазіметрыі, таксікалогіі, навук. суправаджэння Дзяржпраграмы па ЧАЭС. Аспірантура (з 1987).
Асн. кірункі даследаванняў: высвятленне механізма дзеяння малых доз знешняга і ўнутр. апрамянення і радыяцыйна-экалагічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю, абменныя працэсы, функцыю асн. сістэм арганізма, структурныя змены ў органах і тканках, генетычныя пашкоджанні; вывучэнне размеркавання, хуткасці назапашвання і вывядзення радыенуклідаў з арганізма, распрацоўка спосабаў накіраванага ўздзеяння на гэтыя працэсы; пошук рэчываў і злучэнняў з радыепратэктарным уздзеяннем; даследаванне паводзін, форм знаходжання і міграцыі радыенуклідаў у розных экасістэмах і іх кампанентах — глебе, вадзе, паветры, раслінных і жывёльных арганізмах. Вынікі даследаванняў: праведзена ацэнка радыяцыйна-экалагічнай абстаноўкі на Беларусі і яе ўплыву на жыццядзейнасць арганізма; распрацаваны пытанні фарміравання дозавых нагрузак, ацэнкі біял. эфектаў і рызыкі; створана сістэма маніторынгу радыяцыйнага становішча ў рэспубліцы; вывучаны механізмы дзеяння на арганізм малых доз радыяцыі, выдадзены рэкамендацыі па ахове чалавека, расліннага і жывёльнага свету, а таксама ўсяго навакольнага асяроддзя ад уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. У Ін-це працуюць акад.Нац.АН Беларусі Я.Ф.Канапля (дырэктар з 1988), чл.-кар. Л.М.Лабанок, 5 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЙ БАТА́НІКІімя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-тбіял. навук на базе кафедраў батанікі, заалогіі і эксперым. біялогіі АН Беларусі (у 1947—63 Ін-т біялогіі, 1963—65 Ін-тэксперым. батанікі і мікрабіялогіі, 1966—72 Ін-тэксперым. батанікі, з 1972 сучасная назва). Лабараторыі (1998): біяхіміі і біятэхналогіі раслін, воднага рэжыму фітацэнозаў, геабатанікі, мікалогіі, аптымізацыі прадукцыйнасці аграфітацэнозаў, глебавай энзімалогіі, прадукцыйнасці і ўстойлівасці лясных экасістэм. радыеэкалогіі раслін, росту і развіцця раслін, фізіялогіі хворай расліны, флоры і сістэматыкі раслін, фотасінтэзу. Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: біял. асновы аднаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага покрыва; радыеэкалогія прыродных раслінных комплексаў; фізіёлага-біял. асновы павышэння прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін. Вынікі даследаванняў: абгрунтавана новая стратэгія захавання біял. разнастайнасці флоры Беларусі ва ўмовах сучаснага экалагічнага становішча на аснове стварэння сеткі нац. паркаў і інш. ахоўных тэрыторый; укаранёна канцэпцыя біял. патэнцыялу прадукцыйнасці раслін; высветлена дынаміка прасторава-часавага размеркавання радыеактыўных ізатопаў у прыродна-раслінных комплексах з вылучэннем відаў-індыкатараў радыеактыўнага забруджвання. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі А.С.Вечар, Ц.М.Годнеў, М.А.Дарожкін, А.Р.Жэбрак, М.М.Кулагін, В.Ф.Купрэвіч, М.Дз.Несцяровіч, М.П.Тамін, М.В.Турбін, Л.У.Хатылёва, І.Д.Юркевіч, чл.-кар. У.Я.Борматаў, М.М.Ганчарык, С.П.Мельнік, С.А.Самцэвіч, А.А.Шлык, чл.-кар.АН Казахстана П.А.Буланаў, працуюць акад.Нац.АН Беларусі В.І.Парфёнаў (дырэктар з 1973), чл кар М.А.Ламан, У.М.Рашэтнікаў, Б.І.Якушаў, 16 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),
закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл.Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.
К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.