«БАРАЦЬБА́»,

газета Літоўска-Беларускага абл. к-та Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП). Выходзіла нелегальна з 15.8.1921 да снеж. 1922 у Вільні на бел. мове (асобныя матэрыялы друкавала на рус. і польск. мовах). Была разлічана на рабочых, сялян, с.-г. рабочых (парабкаў), парт. і камсамольскі актыў Зах. Беларусі. Асвятляла барацьбу працоўных Зах. Беларусі супраць сац. і нац. прыгнёту, жыццё ў БССР і Сав. Расіі. Вядома 10 нумароў.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 29 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,67 км², даўж. 1,94 км, найб. шыр. 500 м., найб. глыб. 22 м. Пл. вадазбору 1,73 км².

Схілы катлавіны выш. да 12 м, пад хмызняком, берагі высокія. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей сапрапель. Зарастае слаба. Водзіцца шыракапальцы рак, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»,

газета. Выдаецца з 20.9.1950 у Нью-Йорку Беларуска-амерыканскім задзіночаннем на бел. мове. Рэдактар З.​Кіпель (з 1991). Друкуе матэрыялы з жыцця бел. эміграцыі, аналітычныя карэспандэнцыі пра становішча на Беларусі, нарысы па бел. гісторыі, творы бел. пісьменнікаў-эмігрантаў, успаміны. З газетай супрацоўнічалі дзеячы эміграцыі Н.​Арсеннева, А.​Адамовіч, У.​Глыбінны, Я.​Каханоўскі, Ф.​Кушаль, А.​Саковіч. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

газета дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.4 да 27.7.1919 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. У газеце супрацоўнічала інтэлігенцыя пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя замахі Польшчы, заклікала да аб’яднання ўсе дэмакр. элементы краю, узнімала надзённыя пытанні розных пластоў і груп насельніцтва. Шырока асвятляла падзеі на Беларусі. Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай акупац. адміністрацыяй.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДКЕ́ВІЧ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 13.3.1947, Магілёў),

бел. фагатыст. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 артыст, у 1971—81 саліст аркестра і канцэртмайстар групы фаготаў Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1972 педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1992). Выступае ў канцэртах, у т. л. з Дзярж. камерным аркестрам, ансамблем салістаў Дзярж. аркестра сімф. і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь і інш.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛЕ́СЯ»,

штомесячны грамадска-публіцыстычны і літаратурна-мастацкі часопіс для жанчын і сям’і. Выходзіць з ліст. 1924 у Мінску на бел. мове. Спачатку называўся «Беларуская работніца і сялянка», у 1931—41 «Работніца і калгасніца Беларусі», з 1946 «Работніца і сялянка», з 1995 сучасная назва. Асвятляе пытанні жыцця, працы, грамадскай дзейнасці жанчын Беларусі, папулярызуе пед. і юрыд. веды, дае парады, расказвае пра жыццё блізкага і далёкага замежжа.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯШКЕ́ВІЧ (Васіль Антонавіч) (28.1.1893, в. Еськавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 18.7.1972),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. У час герм. акупацыі Беларусі арганізатар і камісар партыз. атрада ў Слуцкім пав., у час польскай інтэрвенцыі камісар партыз. атрада М.​А.​Кухарчыка (дзейнічаў у ваколіцах Ляхавіч і Клецка), арганізатар партыз. атрада імя III Інтэрнацыянала ў Бабруйскім пав. Удзельнік барацьбы супраць войскаў Булак-Балаховіча.

т. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́М (Адамус) Рэйнальд

(1602, зямля Рэйнланд-Пфальц, Германія — ?),

кальвінісцкі тэолаг, педагог у ВКЛ. Адукацыю атрымаў у Лейдэнскім ун-це (Нідэрланды). Выкладаў у Слуцкай школе. Адзін з аўтараў выдадзеных у Любчы статута, праграмы і раскладу заняткаў для гэтай школы (1628), аўтар дапаможнікаў па рыторыцы і гісторыі (1629). У кнігах Адама ёсць звесткі аб прыродзе і жыхарах Беларусі. З 1642 працаваў на Беларусі інспектарам школ і бібліятэкарам.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ЭМІГРА́НТ»,

штомесячная газета бел. эміграцыі, орган Згуртавання беларусаў Канады. Выдавалася ў 1948—54 у Таронта (да кастр. 1949, № 1—19, на рататары). Гал. рэдактар К.​Акула (з № 9 за 1948). Газета прапагандавала ідэю нац. незалежнасці Беларусі, друкавала матэрыялы аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі і інш. Імкнучыся дапамагчы беларусам прыстасавацца да жыцця ў эміграцыі, змяшчала інфармацыю аб Канадзе, парады. Выйшла 58 нумароў.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.Дзейнічаў у 1839—82 у Беларусі, у мяст. Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Быў найб. цукр. прадпрыемствам на Беларусі. Вырабляў цукар-пясок. У 1839 згарэў, у 1840 адбудаваны. Меў 2 паравыя машыны, 2 паравыя, 3 дэфекацыйныя (1855), 6 выпаральных катлоў, 2 цэнтрабежныя машыны, халадзільнік. Працаваў на мясц. сыравіне (цукр. буракі). У 1879 на з-дзе 232 рабочыя, выпушчана 19 тыс. пудоў цукру.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)