распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісііРэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЮРМО́РТ (франц. nature morte літар. мёртвая прырода),
1) жанр выяўленчага мастацтва (пераважна станковага жывапісу і графікі), прысвечаны адлюстраванню неадушаўлёных прадметаў, размешчаных у адзіным асяроддзі і арганізаваных праз пэўныя эстэт. і сэнсавыя сувязі ў групу. Можа адлюстроўваць і аб’екты жывой прыроды, ізаляваныя ад іх натуральных сувязей і ператвораныя ў рэч (рыба на стале, кветкі ў букеце і інш.), або якія дапаўняюць асн. матыў Н. (выявы птушкі, звера, чалавека).
2) Твор гэтага Жанру. Н. найчасцей складаецца спецыяльна для таго, каб быць адлюстраваным. Гэта абумоўлівае спецыфіку яго кампазіцыі, якая набывае выразна дэманстратыўны характар і з’яўляецца асноваўтваральнай уласцівасцю жанру. Адлюстраванне рэчаў у Н. можа мець самаст. значэнне, падпарадкоўвацца рашэнню дэкар. задач, ствараць складаны сэнсавы падтэкст, што адлюстроўвае сац. становішча, асаблівасці і характар жыцця гаспадара рэчаў, светапогляд мастака і яго адносіны да рэчаіснасці, пэўны сімвалічны змест, асацыяцыі і маст. паралелі і інш. Спецыфіка жанру вызначае павышаную ўвагу да праблем выразнасці маст. формы: архітэктонікі кампазіцыі, структуры і дэталяў аб’ёму, фактуры, характару арганізацыі прасторы ці плоскасці. Вял. ролю ў Н. адыгрываюць традыцыі жанру.
Вытокі Н. ў дэкар., сімвалічным і рытуальным адлюстраванні рэчаў у стараж. мастацтве (фрэскі і рэльефы Егіпта, Грэцыі, Рыма), сярэдневяковым рэліг. мастацтве Еўропы, класічным мастацтве Кітая і Японіі 11—18 ст. Як самаст. жанр склаўся ў эпоху Адраджэння ў Італіі (першы вядомы Н. — «Курапатка са стралой і пальчаткамі» Якопа дэ Барбары, 1504). Н. італьян., ісп. і нідэрл. мастакоў таго часу вызначаліся асаблівай увагай да матэрыяльнага свету рэчаў, ілюзіяністычна дакладнага іх адлюстравання (т. зв. Н.-падманкі).
Пераважна адлюстроўвалі інтэр’еры кухняў і корчмаў (т.зв. бадэгон, у якім аднолькавая ўвага аддавалася і рэчаваму асяроддзю, і персанажам), накрытыя сталы, т.зв. ванітас (тып Н., дзе прадметы, якія сімвалізуюць багацце прыроды і дзейнасці чалавека, супрацьпастаўляюцца элементам, што нагадваюць пра смерць). Станаўленне і росквіт Н. прыпадае на 17 ст., што звязана з ростам цікавасці да побыту, прыватнага жыцця чалавека, пашырэннем метаду маст. асваення свету, развіццём нац. школ жывапісу. У гэты перыяд вызначаліся ўсе асн. разнавіднасці, тэматычныя і іканаграфічныя варыянты Н. («сняданкі», «дэсерты», «рыбы», «кветкі і садавіна», «трафеі палявання», «кладоўкі», «бітая дзічына», «рынкі» і інш.). Стылістычныя асаблівасці італьян. і ісп. Н. у вял. ступені вызначылі маст. рэформы М.Караваджа (творы П.П.Бонцы, М.Кампідольё, Дж.Рэка, Дж.Б.Руапола, Э.Баскеніса, Італія; Х.Санчэса Котана, Ф.Сурбарана, А.Перэды, Іспанія). У кампазіцыях галандскіх мастакоў Н. набыў камерны характар, дэмакратызм і паэтычнасць вобразаў у спалучэнні з дакладнай жывапіснай распрацоўкай прасторы і фактуры рэчаў, пластыкай форм (творы А.Беерэна, Я.Венікса, П. ван дэр Віліге, В.Калфа, П.Класа, В.Хеды, Я.Д. дэ Хема, М.Хондэкутэра і інш). У флам. мастацтве вызначаўся жыццесцвярджальным характарам, манументальнасцю і веліччу гучання, складанасцю і дынамізмам кампазіцый, дэкаратыўнасцю (творы П. дэ Воса, Д.Сегерса, Ф.Снейдэрса, Я.Фейта). Развіваўся таксама ў ням. (Г.Флегель) і франц. (Л.Бажэн, А.Ф.Дэпорт, Ж.Б.Мануае, Ж.Б.Удры) мастацтве. У 18 ст. адной з асн.маст. мэт жанру стала дакладнае ілюзіяністычнае адлюстраванне рэчаў. Н., прызначаныя пераважна для аздаблення інтэр’ераў, набылі дэкар. характар, у іх кампазіцыі пераважалі кветкі і садавіна. Дэмакратызмам і глыбінёй зместу, багаццем кампазіцыйных і каларыстычных вырашэнняў вызначаліся Н. франц. мастака Ж.Б.С.Шардэна. У сярэдзіне 18 ст. ўзнік тэрмін «nature morte», які перадаваў непаважлівыя адносіны да Н. з боку акад. мастацтва, якое аддавала перавагу «жывой натуры» і жанрам, звязаным з яе адлюстраваннем. Рус. нацюрморт 18 ст. вызначаўся натуралістычна-дакладнай перадачай рэчавага асяроддзя (П.Багамолаў, Р.Цяплоў і інш.). У пач. 19 ст. Н. існаваў пераважна ў якасці акад. вывучэння натуры. Пэўны ўздым жанру быў уласцівы асобным творам мастакоў бідэрмеера і рус. мастакоў (Ф.П.Талстой, школа А.Венецыянава). З кампазіцыі Н. знікаюць рукатворныя рэчы, пераважаюць матывы кветак, напісаныя па кампазіцыйных схемах флам.дэкар. Н. 17 ст. У жанры Н. спецыялізаваліся А.Фантэн-Латур (Францыя), У.Харнет, Ч.У.Піль (ЗША), звярталіся да яго Ф.Гоя (Іспанія), Э.Дэлакруа, Г.Курбэ (Францыя) і інш. У 2-й пал. 19 ст. пераважалі крыху мадэрнізаваныя традыц.акад. схемы, франтальныя цэнтрычныя кампазіцыі, Н. эцюднага характару. Супраць уяўлення Н. як замкнёнай кампазіцыі са статычных аб’ектаў выступалі імпрэсіяністы, што часта прадстаўлялі яго ў інтэр’еры або пейзажы як часткі прыроды. Рус. перасоўнікаў быт.рэчы як тэма асобнага твора не цікавілі, лічыліся ўвасабленнем банальнасці жыцця і яго фальшывага бляску. Сярод эцюдаў Н. перасоўнікаў пераважалі «букеты» (І.Крамской, І.Рэпін, В.Сурыкаў, В.Паленаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся ўздым Н., вырасла яго роля як самаст. жанру. Праз яго мастакі-постімпрэсіяністы рэалізоўвалі новыя шляхі ў мастацтве (П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Галандыі). У 20 ст. да Н., у якім адкрыліся бязмежныя магчымасці распрацоўкі ўласнай стылістыкі, эксперыментаў з формай і раскрыцця ўнутр. сутнасці прадметаў, адлюстравання светаўспрымання канкрэтнага чалавека пачалі звяртацца прадстаўнікі ўсіх маст. кірункаў. У жанры Н. стваралі кампазіцыі Ж.Абей, Э.Афрэ, Ж.Брак, Ф.Геры-Кала, Х.Грыс, Ж.Гузі, А.Дэрэн, П.Дзюкардо, К.Івель, К.Лепап, Р.Магрыт, А.Матыс, Ж.Міро, П.Пікасо (Францыя), Ю.Гес, А.Канальт (Германія), Р.Гутуза, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Дж.Северыні (Італія), Ф.Эліяс (Іспанія), І.Альберт, Дж.Энсар (Бельгія), Б.Кубіша, Э.Філа (Чэхія), Дж.Біл, У.Бэйлі, Э.Уает, Дж.Фіш (ЗША), Жэнь Банянь, Цы Байшы (Кітай), А.Акапян, М.Сар’ян (Арменія), Л.Свемп, Л.Эндзеліна (Латвія), А.Асмёркін, А.Галавін, Н.Ганчарова, І.Грабар, П.Канчалоўскі, К.Каровін, П.Кузняцоў, А.Купрын, М.Ларыёнаў, А.Лянтулаў, І.Машкоў, І.Пуні, К.Пятроў-Водкін, В.Раждзественскі, М.Сапуноў, С.Судзейкін, Р.Фальк, А.Экстэр (Расія) і інш.
На Беларусі Н. вядомы з 16 ст. ў кніжнай графіцы: гравюра «Взор стола на немже бе хлеб посвященный» у кнізе Ф.Скарыны «Зыход», алегарычную ролю адыгрывае прадметнае асяроддзе ў партрэце да яго «Бібліі». Элементы Н. трапляюцца ў ілюстрацыях да «Хронікі ўсяго свету» М.Бельскага (16 ст.), паліванай кафлі 16—17 ст., іканапісе («Нараджэнне Марыі» П.Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Тройца», 18 ст., і інш.), сармацкіх партрэтах 16—18 ст. (атрыбуты ўлады, зброя і інш.). У 19 ст. выдатным майстрам Н. быў І.Хруцкі, які праз адлюстраванне рэчаў перадаваў асабістае адчуванне радасці быцця. У 1-й пал. 20 ст. лірычныя Н. стваралі І.Ахрэмчык, В.Волкаў, Я.Красоўскі, Д.Парахня, М.Станюта, М.Тарасікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст.бел. Н. узбагаціўся новымі матывамі і вобразна-пластычнымі якасцямі. Пашырыліся тэмы Вял.Айч. вайны, дзе праз свет рэчаў раскрываюцца памяць і смутак народа пра тых, хто загінуў, нац. культурнай спадчыны, т.зв. сялянскі Н. і інш. У 1990-я г.вял. ўвагу ў Н. аддавалі асацыяцыям, сімвалам, знакавай сутнасці рэчаў, фармальным элементам кампазіцыі. У жанры Н. працавалі і працуюць Дз.Алейнік, Б.Аракчэеў, Я.Батальёнак, Э.Балагураў, Г.Бржазоўскі, Н.Варвановіч, Г.Вашчанка, Н.Воранаў, А.Гугель, Ф.Гумен, М.Данцыг, Л.Дударэнка, В.Жолтак, Г.Ізергіна, А.Замай, М.Ісаёнак, Б.Казакоў, А.Карпан, Р.Кудрэвіч, С.Лі, А.Малішэўскі, Б.Малкін, А.Марачкін, В.Маркавец, А.Марыкс, У.Мінейка, Н.Паплаўская, А.Паслядовіч, А.Пашкевіч, Я.Радзялоўская, В.Сахненка, В.Свентахоўская, У.Сулкоўскі, В.Сумараў, У.Тоўсцік, У.Хадаровіч, Я.Харытоненка, А.Шаўчэнка, Л.Шчамялёў, Н.Шчасная, В.Цвірка і інш. Н. ў дэкар.-прыкладным мастацтве стварылі В.Грыдзіна, В.Крывашэева (габелены), М.Байрачны, А.Паддубны, В.Прыешкін, Т.Сакалова, У.Угрыновіч (кераміка) і інш.
Літ.:
Кузнецов Ю.И. Западноевропейский натюрморт. Л.;
М., 1966;
Ракова М.М. Русский натюрморт конца XIX — начала XX в. М., 1970;
Пружан И.Н., Пушкарев В.А. Натюрморт в русской и советской живописи. Л., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
валі́ць, валю́, ва́ліш, ва́ліць; незак.
1.каго-што. Прымушаць упасці; абарочваць, перакульваць. Бура валіць лес. □ Лявон хапае Ганецкага за плечы і валіць на зямлю.Козел.//што. Сячы, пілаваць (лес, дрэвы). Прыйшлі туды лесарубы і пачалі без разбору валіць дуб, граб, ясень і іншыя каштоўныя пароды дрэў.Гурскі.//перан.; каго. Разм. Губіць у мностве (пра хваробы).
2.што. Кідаць, скідаць што‑н. у вялікай колькасці; складаць без разбору. Валіць зямлю. □ Самалёты ўсё валілі і валілі бомбы на Ласіны брод.Асіпенка.
3.штонакаго. Разм. Перакладаць (работу, адказнасць, віну і пад.) на каго‑н. Валіць віну на другіх. □ [Міхась:] — Ты ж сама такую гамонку павяла. А цяпер на мяне валіш.Б. Стральцоў.
4.Разм. Імкліва ісці, рухацца натоўпам, патокам. Сёння нават у царкву мала хто ішоў, валілі да Канцавога.Карпюк.Фурманкі баляць. Пыл-завея Курыць, бы ўзрушыўся віхор.Колас.// Паднімацца, падаць у вялікай колькасці. З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх.Гурскі.З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам.Карпюк.Снег валіць такі, што фарамі правіць нельга.Кулакоўскі.
5.заг.валі́(це). Разм. Ужываецца ў сэнсе: ідзі(це). Стараста.. зашпіліў пад расхрыстаным кажухом камізэльку верхнім гузікам на ніжнюю дзірку і перабягаў з-пад акна да акна... — Мацвей, вечарам, на сход валі!Чорны.
6.што. Качаючы, размінаючы, рабіць шэрсць, сукно больш шчыльным, цвёрдым. З суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно.Сабаленка.
•••
Валам валіць — ісці, рухацца натоўпам, суцэльнай плынню. Валам валіў народ да нас [у тэатр].Вярцінскі.
Валіць з хворай галавы на здаровую — сваю віну перакладваць на таго, хто не мае ніякіх адносін да яе. [Моцкін:] Таварыш Гарошка, не валіце з хворай галавы на здаровую. Такі нумар не пройдзе.Макаёнак.
Валіць (усё) у адну кучу — змешваць неаднолькавыя рэчы, з’явы, не бачыць розніцы паміж імі.
Валіць цераз пень калоду — рабіць што‑н. абы-як, як папала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
2. Пачаць ісці (у 1, 4, 5, 8, 15, 26 і 27 знач.). [Астап] пайшоў уперадзе групы людзей.Лынькоў.Праз некаторы час Волька прыслала бацьку грошы, але іх ніхто з пошты не забіраў і яны пайшлі назад.Чорны.Па вадзе адзін за другім пайшлі роўныя кругі.Даніленка.На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы.Шамякін.[Сяргей:] — Цяпер тэхніка далёка пайшла наперад.Гурскі.— Ух, які пах пайшоў! — здымаючы лыжкай пену з варыва, усклікнуў Толік.Хадкевіч.Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк.Васілеўская.
3. Пачаць расці, вырастаць. Вёска хадзіла цяпер па ягады, а на грыбы яна накінецца пазней, калі баравікі пойдуць.М. Стральцоў.// Пачаць нараджацца, з’яўляцца адзін за другім (пра дзяцей). // Вырасці падобным на каго‑н. Браты пайшлі па дзеду — рослыя, медзведзяватыя, а .. [Бондар] па бацьку, які здаля заўсёды нагадваў хлапчука-падлетка.Навуменка.
4.зінф.незак.Разм. Пачаць рабіць што‑н. Каб .. [Наўмыснік] пра ўсё гэта дазнаўся, у галаве яго, напэўна, пайшлі б спець рашучыя планы.Чорны.
•••
Далёка пайсці — дабіцца вялікіх поспехаў у рабоце, на службе.
Пайсці па дрэннай дарозе — стаць на няправільны шлях жыцця.
Пайсці па руках — а) быць у карыстанні то ў аднаго, то ў другога (звычайна пра пазычаныя рэчы); б) пачаць інтымна збліжацца то з адным, то з другім мужчынам (пра жанчыну).
Пайсці прахам — пагінуць, знішчыцца.
Пайсці (падацца) у белы свет — пакінуць дом у пошуках іншага спосабу жыцця.
Пайсці ў прымы — тое, што і прыстаць у прымы (гл. прыстаць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пункт, ‑а, М ‑кце, м.
1. Пэўнае месца ў прасторы або на паверхні чаго‑н.; кропка. Сымон нічога не бачыць навокал сябе, вочы яго блішчаць, пазіраюць у адзін пункт.Колас.Апошнім пунктам у Еўропе, дзе мы спыніліся, быў Капенгаген, сталіца Даніі.Новікаў.За невялічкай вёскай каля выгану быў самы высокі пункт ваколіцы.Бядуля.
2. Месца, памяшканне, прыстасаванне і прызначанае для якіх‑н. мэт. Камандны пункт. Назіральны пункт. Зборны пункт. Перасыльны пункт. Дыспетчарскі пункт. Прызыўны пункт.
3. Асобны раздзел, параграф афіцыйнага дакумента або якога‑н. іншага тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай. Пункт першы. Пункт «а». □ [Сакратар абкома:] — У вашых мерапрыемствах ёсць пункт аб разгортванні сацыялістычнага спаборніцтва.Сіўцоў.// Пытанне, тэма, прадмет, пэўнае месца (думак, меркаванняў і г. д.). І калі мацерыны разважанні даходзілі да гэтага пункта, яна гатова была.. разарваць Маню на кавалкі...Васілевіч.
4. Асобны момант, перыяд у развіцці чаго‑н. Калі ўжо ўсе гэтыя справы.. дайшлі да кульмінацыйнага пункта і, можна сказаць, катастрафічнага завяршэння, .. [Тварыцкі] сам вельмі выразна сфармуляваў свае адчуванні і сваю свядомасць таго, што Слава радасная і не ведае пакутнага жыцця.Чорны.Ульянін прыход на Гармізаў хутар быў паваротным пунктам у Арыніным жыцці.Колас.
5. Адно з асноўных паняццяў матэматыкі, механікі, фізікі: месца, якое не мае вымярэнняў, не падлягае вызначэнню. Пункт перасячэння прамых. Пункт апоры. Пункт сонцастаяння.
6. Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой агрэгатны стан. Пункт замярзання. Пункт кіпення. Пункт плаўлення.
7. Адзінка вымярэння друкарскіх літар і прабельнага матэрыялу.
•••
Мёртвы пункт (спец.) — стан звёнаў механізма, калі яны знаходзяцца ў імгненнай раўнавазе.
Населены пункт — горад, пасёлак, вёска і пад., дзе жывуць людзі.
З пункту гледжання (погляду)якога або каго — у пэўных адносінах, разглядаючы што‑н. з таго або іншага боку.
Пункт погляду (гледжання) — пэўны погляд на рэчы, пэўныя адносіны да чаго‑н.
[Ням. Punkt.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць каму‑, чаму‑н. як уласнасць. Уласная гаспадарка. Уласная аўтамашына. □ Жыў Нікадзім Варакса з Кіраю ў маленькім уласным доміку.Карпаў.// Які належыць каму‑н. разам з іншымі як члену якога‑н. калектыву, грамадства. Першымі сярод усходніх славян уласнае кнігадрукаванне атрымалі беларусы.Шакун.З таго часу, як [партызанскі] атрад пабудаваў свой уласны лагер, пры штабе стала працаваў трафейны радыёпрыёмнік.Брыль.// Звязаны сваяцкімі, прыязнымі і пад. адносінамі. [Ад’езд] радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў.Васілевіч.Яму хацелася падзяліцца з .. інжынерам некаторымі сваімі думкамі, якія хаваў .. [Шмульке] нават ад сваёй уласнай палавіны.Лынькоў.
2. Свой, асабісты. Крушынскаму ўспомніліся воўчыя сляды ў пяску побач з яго ўласнымі.Бядуля.Лёс майго карабля — гэта ўласны мой лёс; быць на вахце — вышэйшы мой гонар.А. Вольскі.Шчаслівы час, калі прыходзіць роздум І ты ва ўладзе толькі ўласных дум.Тармола.// Уласцівы каму‑н. Вельмі часта сваю ўласную філасофію аўтар пераносіць на персанажы свайго твора.Чорны.Верачка важна трымала Мікалая Пятровіча пад руку, ішла паволі, з пачуццём уласнай годнасці.Каршукоў.Вядзернікаў меў уласны погляд на рэчы.Радкевіч.// Які ідзе ад каго‑н. асабіста, які робіцца, ажыццяўляецца самім. [Сярго:] Азорыча я знаю асабіста: Калі ён там, дык не па ўласнай волі.Глебка.Спыніцца і моўчкі крыху пастаяць, Шчаслівым астацца за ўласную працу.Астрэйка.Лазебны — радыёаматар, і ў хаціне, дзе яны жывуць з камандзірам, стаіць прыёмнік яго ўласнай канструкцыі.Шамякін.
3. Літаральны, сапраўдны. Ва ўласным сэнсе слова.
4.Спец. Уласцівы толькі каму‑, чаму‑н., без дамешак, без пабочных дабавак. Уласная вага цела.
•••
Уласнае імягл. імя.
Уласны карэспандэнтгл. карэспандэнт.
Варыцца ва ўласным сакугл. верыцца.
На ўласныя вочы бачыцьгл. бачыць.
На ўласныя вушы чуцьгл. чуць.
Стаяць на ўласных нагахгл. стаяць.
Уласнымі сіламігл. сіла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ухапі́ць, ухаплю, ухопіш, ухопіць; зак.каго-што.
1. Схапіць, рэзкім рухам узяць каго‑, што‑н. Як з-пад зямлі вырас побач жандар. Ён ухапіў мяне за каўнер і павёў на вакзал у нейкую каморку.Сяргейчык.Чалавек ўхапіў кантэйнер за перавясла, гукнуў: «Віра», і горка цэглы паслухмяна лягла ля яго ног.Асіпенка.
2.Разм. Злавіць каго‑, што‑н. на хаду, на ляту. Драпежнік люта ашчэрыўся, хацеў ухапіць зубамі вясло, але не паспеў.Краўчанка.— Вы з таго палка? — рынулася да.. [байца] Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе.Кулакоўскі.
3.Разм. Здабыць што‑н.; пазычыць. [Дзед:] — Вось гэта ўдача! Вось гэта юшка, зялёнкі вы такія-гэтакія. Кіло, мусіць, тры [рыбы] ўхапілі. Нездарма, значыць, гарох парыў...Ваданосаў.Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. У пазыкі ісці прыйдзецца, ды не вельмі ў каго ўхопіш.Крапіва.// Захапіць у сваё карыстанне, забраць што‑н. чужое; украсці. Якавіха высыпала на стол чыгун.. бульбы ў мундзірах.. Тут не было таго, каб хто каго падганяў або чакаў. Усё, што ўхопіш, тваё, а не патрапіш ухапіць — галодны будзеш.Лобан.Мы папілі соку, выйшлі з магазіна, але пакунка на месцы не аказалася. Міхаська смяецца: — Нехта ухапіў. Думае, у пакунку добрыя рэчы.Прокша.
4.перан. Сумець успрыняць, зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. [Паўлюконіс:] — Бачыце, усіх слоў не запомніў, .. але галоўнае, квінтэсенцыю, так сказаць, ухапіў.Арабей.Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы.Асіпенка.
5. і чаго. Разм. З’есці, папіць крыху чаго‑н. Нахадзіліся ўжо цяляткі, нагуляліся... Пойдуць вады ўхопяць, кошанку з’ядуць, паляжаць.Місько.
6.Разм. Паспець зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. [Лукаш:] — Я асабіста лічу, што з жывёлагадоўчай фермай трэба пачакаць... Усё адразу не ўхопіш...Гурскі.— Як толькі сонца прыгрэе, адразу б усіх, нават старых і малых, можна было б выправіць на сенажаць і [сена] ўхапіць: згрэбці, скідаць у стагі і няхай стаіць.Сабаленка.
•••
Куды яго чэрці ўхапілігл. чорт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хілі́ць, хілю, хіліш, хіліць; незак.
1.што. Нагінаць верхнюю частку чаго‑н.; надаваць чаму‑н. нахіленае становішча; нахіляць. Ой ты, вецер, сціхні, не шумі! Не хілі былінку ніцма-ніц, Дай паслухаць вольны спеў крыніц.Пушча.Не хіліць вецер куст ракіты, Не свішча сумна, як удзень... На гай, на поле і на хаты Спаўзае ночы лёгкі цень.Чарот.Ты бачыў, як шугае бура, А дуб не хіліць галавы, Стаіць крапак сярод суседзяў, Як непахісны вартавы.Прануза.Ніжай і ніжай хіліла сваю галаву, Зачараваную музыкай колаў, Марына.Куляшоў./убезас.ужыв.Цемень у .. вачах [Кастуся] кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок.Чорны.
3.каго-што. Ахопліваць, адольваць каго‑н. (пра сон, дрымоту). Станіслава хіліць сон, але спаць нельга, заснеш — загінеш.Мікуліч./убезас.ужыв.Міканора і самога хіліла на дрымоту.Мележ.Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту.Шчарбатаў.
4.перан.; нашто. Хіліцца, набліжацца да чаго‑н. Лета хіліць на спад.Навуменка./убезас.ужыв.Паколькі хіліла на вечар, Парфен налягаў з усіх сіл, каб паспець звеяць першую гару намалочанага.Кавалёў.
5.перан.; што і без дап. Накіроўваць да чаго‑н. (думку, справу і пад.). — Дакуль вам жыць пры сястры, — здагадаўся аграном, куды хіліць гаворку хлопец.Пальчэўскі.Я ўважліва слухаў старога, браў у рукі рэчы і не разумеў, да чаго ён хіліць.Хомчанка.
6.перан.; кагодакаго-чаго. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Магчыма, мае значэнне і тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні.Адамовіч.//безас. Гарнуць, цягнуць да каго‑, чаго‑н. Яго хіліць да кніжак. □ Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага.Колас.
•••
Куды вецер хіліцьгл. вецер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
галава́, -ы́, мн. гало́вы і (з ліч. 2, 3, 4) галавы́, -о́ў, ж.
1. Верхняя частка цела чалавека або жывёлы, якая складаецца з чарапной каробкі і твару або морды жывёлы.
Схіліць галаву ў знак павагі.
Схапіцца за галаву (таксама перан.: жахнуцца). Біць па галаве (таксама перан.: даваць заўвагі за няправільныя дзеянні, учынкі). Нічога не прыходзіць у галаву каму-н. (перан.: не можа ні пра што думаць, засяродзіцца).
2. Адзінка падліку жывёлы.
Сто галоў свіней.
3.перан. Розум, свядомасць, развага.
Чалавек з галавой.
Цвярозая г.
У яго міністэрская г. (пра дзелавога, разважлівага чалавека). Эх, ты, г., не ўцяміў простай рэчы... (іран.; пра някемлівага чалавека).
4.м., перан. Кіраўнік, начальнік; старэйшы ў сям’і.
Усёй справе г.
Гарадскі г. (уст.). Г. сям’і.
5.перан. Пачатак чаго-н., пярэдняя частка.
Г. дэманстрацыйнай калоны.
6. Харчовы прадукт у форме шара, конуса.
Г. сыру.
◊
Бедная галава — пра няшчаснага чалавека, які выклікае спагаду.
Брацца (узяцца) за галаву (разм.) —
1) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым-н.;
2) своечасова спахапіцца, зразумець.
Браць (узяць) у галавушто (разм.) — многа думаць пра што-н.
Валіць (перакладаць) з хворай галавы на здаровую (разм., неадабр.) — перакладваць віну на іншага.
Выкінуць з галавыкаго-што (разм.) — перастаць думаць, забыцца пра каго-, што-н.
Галава і два вухі (разм., неадабр.) — пра нездагадлівага, прастакаватага чалавека.
Галава садовая (разм., неадабр.) — пра някемлівага, неразумнага чалавека, разяву.
Галава як рэшата (разм.) — пра дрэнную памяць.
Дайсці сваёй галавой (разм.) — самастойна разабрацца ў чым-н.
Дурыць галаву (разм., неадабр.) — збіваць з панталыку сваімі патрабаваннямі, капрызамі.
Крукам (шастом) галавы не дастацькаму (разм., неадабр.) — пра вельмі ганарыстага чалавека.
Лезці ў галаву (разм.) — неадступна, назойліва ўзнікаць, з’яўляцца ў думках.
Мець галаву (на плячах, на карку) (разм., неадабр.) — быць талковым і разумным.
На галаву (разм.) — у разліку на кожнага.
На сваю галаву (разм.) — сабе на клопат.
Прыйсці ў галаву (разм.) — з’явіцца, узнікнуць (пра план, намер і пад.).
Прытуліць галаву (разм.) — знайсці прытулак дзе-н.
Як снег на галаву (разм.) — нечакана, раптоўна.
|| памянш.гало́ўка, -і, ДМ -ло́ўцы, мн. -і, -ло́вак, ж. (да 1 і 6 знач.).
|| ласк.гало́вачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 і 3 знач.).
|| прым.галаўны́, -а́я, -о́е (да 1 і 5 знач.).
Г. мозг.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
як².
1.прысл.пыт. і адноснае. Якім чынам.
Як знайсці тое месца? Як жывеш? Вось як трэба рабіць.
2.прысл.пыт. У якой ступені, наколькі.
Як даўно ён паехаў?
3.прысл.азнач. У якой меры, ступені, да чаго.
Як ён пастарэў.
Як я рада!
4.прысл.неазнач. Як-небудзь (разм.).
Трэба ж як знайсці згубленае.
5.прысл. часавае. У які час.
Я гэта бачыў, як ішоў з працы.
6.часц.Ужыв. пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці.
Як!
Ты зноў дома! — Я не ведаю, куды паклаў рэчы. — Як не ведаеш.
7.часц.ўзмацн.-сцвярдж. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў знач.: як можна, немагчыма.
Ну як мне тут не перажываць.
8.часц. Пры дзеяслове зак. трывання абазначае нечаканасць дзеяння.
А ён як ускочыць, пабяжыць!
9.злуч. параўн. Падобна да чаго-н.
Мяккі як пух.
Такі, як і раней.
10.злуч. У якасці каго-, чаго-н.
Ён павінен гэта ведаць як спецыяліст.
11.злуч.Ужыв. ў саставе пабочных груп і сказаў.
Як кажуць.
Як напрыклад.
12.злуч. Абазначае часавыя адносіны паміж галоўным і даданым сказамі.
Як успомніш, страшна становіцца (кожны раз, калі). Прайшло шмат часу, як яны выехалі адсюль (з таго часу, калі).
13.злуч. Пасля адмоўных ці пытальных слоў і выразаў — акрамя, толькі.
Хто гэта мог зрабіць, як не ты.
◊
Як адзін чалавек — дружна, усе разам.
Як бы — умоўна-мяркуемае параўнанне.
Згаджацца як бы нехаця.
Як бы там ні было — пры ўсіх умовах, ва ўсякім выпадку.
Як быццам — тое, што і быццам (у 1 і 2 знач.).
Як і што (разм.) — абагульненае ўказанне на аб’ект і сітуацыю.
Раскажы нам, як і што.
Як мага — служыць для ўзмацнення ступені параўнання.
Заходзь да нас як мага часцей.
Як мага лепш.
Як ні — хоць і, нягледзячы на тое, што.
Як ні лаюся, не слухаюць мяне.
Як (або што) ні кажы (разм.) — нягледзячы ні на што, усё-такі.
Як ні кажы, а свой куток мілы.
Як сказаць (разм.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым-н. —
Яшчэ як сказаць.
Можа, — і не.
Як толькі — адразу, зараз жа.
Як..., так і — злучнік пералічальны.
Ён заўсёды акуратна выконвае як вытворчую работу, так і грамадскую.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)