КІРКО́РЫ,

шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл. Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах урада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛЬЧАНКА Пётр Міхайлавіч (18.10.1914, г. Краснадар, Расія — 20.9.1997),

бел. альтыст, педагог, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1938). З 1938 артыст сімф. аркестраў у Маскве і Горкім. У 1944—62 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, удзельнік струннага квартэта Бел. філармоніі. У 1970—73 гал. дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі, у 1980—90 — Мінскай нар. опернай студыі Рэсп. міжсаюзнага Палаца культуры прафсаюзаў. Выкладаў у Бел. кансерваторыі (1945—79). Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены спектаклі «Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі, «Вольны вецер» І.​Дунаеўскага, «Халопка» М.​Стрэльнікава, «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.​Сандлера, «Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра» І.​Кальмана ў т-ры муз. камедыі; «Справа гонару» С.​Манюшкі, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса, «Джані Скікі», «Плашч» Дж.​Пучыні і інш. ў нар. опернай студыі.

т. 8, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЧЫЦ Уладзімір Мікалаевіч (н. 11.1.1925, Масква),

генерал-палкоўнік (1978). Праф. (1988). Беларус. Скончыў 1-е Кіеўскае артыл. вучылішча (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1950), акадэмію Ген. штаба (1964). У Вял. Айч. вайну ў складзе дывізіёна аэрастатаў артыл. назірання ваяваў на Ленінградскім, Волхаўскім і 3-м Прыбалт. франтах. У 1944 удзельнік вызвалення Беларусі. Пасля вайны на камандных і штабных пасадах. У 1974—77 нач. штаба Беларускай ваеннай акругі, у 1978—81 камандуючы войскамі Прыволжскай ваен. акругі, у 1981—85 гал. ваен. саветнік у Рэспубліцы Куба, у 1985—92 нач. Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80. Вярх. Савета СССР у 1979—84.

Літ.:

Джилкишев С. Вижу цель. Алма-Ата, 1970;

Яго ж. Сообщаю цель. Алма-Ата, 1982;

Василевский А.А. 21-я гвардейская. 2 изд. Уфа, 1988.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАФО́НТ (Xenophōn; каля 430 да н.э., Афіны — каля 354 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык, пісьменнік.

Вучань Сакрата. Праціўнік афінскай дэмакратыі, прыхільнік арыстакратычнага ладу Спарты. Удзельнік паходаў перс. палкаводца Кіра Малодшага супраць Артаксеркса II (401 да н.э.), вайны спартанскага цара Агесілая II супраць персаў (396—394 да н.э.), афінян і фіванцаў (394 да н.э.), Карынфскай вайны 395—387 да н.э. на баку Спарты. У Афінах быў завочна прыгавораны да смерці. За заслугі перад Спартай атрымаў маёнтак у Элідзе, дзе займаўся земляробствам і літ. працай. Пасля 371 перасяліўся ў Карынф, пасля 369 адноўлены ў грамадз. правах, але ў Афіны не вярнуўся. Гал. творы: «Кірапедыя» (пра выхаванне Кіра), «Анабасіс» («Паход Кіра»), «Грэчаская гісторыя».

Літ.:

Фролов Э.Д. Огни Диоскуров: Антич. теории переустройства общества и государства. Л., 1984. С. 135—167.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІ́Ч Іона Савіч (25.4.1897, г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.5.1972),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў час яе акупацыі герм. войскамі ў першую сусв. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну (з 1916) на Зах. фронце вёў рэв. работу сярод салдат. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар тэлеграфа ў Стаўцы Вярх. Галоўнакамандуючага (Магілёў). У 1918 адзін з арганізатараў партыз. барацьбы з герм. акупантамі на Палессі, кіраўнік партыз. атрада. З 1919 у Чырв. Арміі, камісар палка, удзельнік вызвалення Беларусі ў 1920 ад польскіх інтэрвентаў, пазней камісар дывізіі. З 1927 на ваен.-гасп. рабоце. У Вял. Айч. вайну на буд-ве ваен. аб’ектаў. У 1947—52 нач. буд-ва Мінскага трактарнага з-да, кіраўнік трэста «Белтрактарабуд». Чл. ЦК КП(б)Б у 1949—52.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛЬНЕЎ Якаў Пятровіч (5.8.1763, Казельскі р-н Калужскай вобл., Расія — 1.8.1812),

расійскі ваен. дзеяч. Ген.-маёр (1808). Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1785). Удзельнік рус.-тур., рус.-швед. і рус.-франц. войнаў канца 18 — пач. 19 ст., задушэння паўстання 1794 (баі каля Ашмян, Ліды, Вільні, Кобрына). У вайну 1812 камандаваў авангардам і ар’ергардам корпуса П.Х.Вітгенштэйна; вытрымаў 8-гадзінны бой з франц. корпусам маршала Ш.​Удзіно пад Вількамірам (цяпер Укмерге, Літва), 3.7.1812 разбіў каля мяст. Друя (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.) 2 кав. палкі і захапіў амаль увесь абоз французаў. Трапіў у засаду каля в. Баяршчына (гл. Клясціцкія баі 1812), смяротна паранены. Паводле ацэнкі Напалеона I, быў адным з лепшых рас. кав. генералаў. Вёска Царкавішча Расонскага р-на перайменавана ў в. Кульнева, у г.п. Друя пастаўлены помнік.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́КІН Барыс Іванавіч (30.7.1676, Масква — 28.10.1727),

расійскі ваен. дзеяч, дыпламат, гісторык, адзін з паплечнікаў цара Пятра I. Ген.-маёр (1712). З роду кн. Куракіных, нашчадкаў Гедзіміна. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96 і Палтаўскай бітвы 1709, потым на дыпламат. службе. Садзейнічаў дыпламат. забеспячэнню пазіцый Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. па даручэнні Пятра I заключыў у 1710 дагавор «аб узаемнай дружбе і саюзе» з курфюрстам Гановера Георгам. З 1711 пасол у Нідэрландах, у 1724—27 — у Францыі. Пакінуў багатую рукапісную спадчыну (надрук. ў «Архіве князя Ф.​А.​Куракіна», т. 1—10, 1890—1902) — дыпламат. матэрыялы, аўтабіяграфію «Жыццё князя Барыса Карыбута-Куракіна з роду, які паходзіць з Польшчы і Літвы», «Гісторыю пра цара Пятра Аляксеевіча» і інш.

Літ.:

Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПІ́ЛА Павел Паўлавіч (н. 28.8.1916, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1956). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1946). Удзельнік партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. У 1947—91 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ: навук. супрацоўнік, заг. сектара, нам. дырэктара, навук. кансультант. Асн. даследаванні па гісторыі Вял. Айч. вайны 1941—45 на Беларусі. Адзін з аўтараў і рэдактараў прац «Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза. 1941—1945» (т. 3, 1964), «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1967—82), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85) і інш.

Тв.:

КПБ — организатор и руководитель партизанского движения в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1959.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РТУР (MacArthur) Дуглас (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),

амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-МАГО́Н (Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж. ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў у палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)