абві́цца, абаўюся, абаўешся, абаўецца; абаўяцеся; пр. абвіўся, ‑вілася, ‑вілося; зак.

1. Абкруціцца вакол чаго‑н.; абвіць сабой што‑н. Пуга абвілася вакол задняй нагі ваўка, і я не змог яе ўтрымаць у руцэ. Ляўданскі. // Абняць, абхапіць (пра рукі). Дзіцячыя ручкі абвіліся вакол матчынай шыі.

2. Пакрыцца, абвіць сябе чым‑н. Абаўецца навокал зямля Да бляскату ў яркую зелень. Астрэйка. // Ахутацца, абвалачыся чым‑н. (дымам, туманам і пад.). Сена палыхнула агнём, і стажок абвіўся жаўтавата-сінім дымам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кула́к 1, ‑а, м.

1. Кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі. Булай скамечыў ліст ватмана, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

2. перан. Сканцэнтраваныя ў адным месцы ваенныя ўзброеныя сілы для рашаючага ўдару. Спецгрупа збіралася ў адзін кулак. Новікаў.

3. Дэталь машыны, якая мае форму выступу і штурханнем прыводзіць у рух другія механізмы.

кула́к 2, ‑а, м.

Багаты селянін-уласнік, які эксплуатаваў беднякоў; вясковы буржуа. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак., да каго і без дап.

З ласкаю гарнуцца да каго‑н.; старацца ласкай выклікаць ласку ў адказ. Сузан хадзіў на працу.. Дома быў негаваркі, агрызаўся нават на дзяцей, калі тыя спрабавалі лашчыцца да яго. Лынькоў. Лыска падскочыў да Грышкі, пачаў лашчыцца і лізаць яму рукі. Чарот. // Паддобрывацца да каго‑н., ласкаю, ліслівасцю старацца выклікаць прыхільнасць да сябе. [Андрэй:] — Людзі ашукваюць адзін другога за вочы, а ў вочы лашчацца адзін да другога, словы добрыя кажуць... Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захо́длівы, ‑ая, ‑ае.

Абл.

1. Які робіцца, ствараецца з вялікай сілай, пачуццём і пад. [Клён] то ледзь варушыць асобнымі лістамі, то раптам заходзіцца, зашуміць ад дыхання ракі ўсім багатым шатром, і тады ўжо не так ляскоча ў вушах страснае і заходлівае крумканне жаб, ад якога аж звініць начное паветра. Ракітны. Іграе Андрэй Андрэевіч, ходзяць ходырам рукі, з імі ў руху вясёлым, заходлівым скачуць ногі. Лынькоў.

2. Які лёгка паддаецца раздражненням, часта заходзіцца ад плачу, гневу і пад. Заходлівае дзіця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набу́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. пр. ад набухнуць.

2. у знач. прым. Які стаў гатовым да таго, каб распусціцца, прарасці. Набухлыя пупышкі. Набухлае насенне.

3. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме ад вільгаці, вадкасці. На стук з сянец .. [Валька], не пытаючыся, адкінула кручок і штурханула плячом набухлыя дзверы. Б. Стральцоў.

4. у знач. прым. Які павялічыўся ад прыліву крыві, малака. Моцныя, чырвоныя, з набухлымі венамі рукі... [Карчава], сплёўшыся пальцамі, важна ляжалі на стале перад ім. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́ва, ‑ы, ж.

1. Апрацаванае пад сяўбу або засеянае поле. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчах палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва. У збожжа ўсякае ніва прыбралася, — Хараства там якога няма! Купала. // Пра збажыну, якая расце на полі. Нерухомыя разлівы пшанічнай нівы нібы абсыпаліся драбнюткімі бліскаўкамі. Беразняк.

2. перан. Галіна дзейнасці. — Жадаю поспехаў на высакароднай ніве асветы, — пакланіўся .. [аграном] Рыце. Васілевіч. Піліп Пестрак раней за Танка выйшаў на літаратурную ніву. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.

1. Сілай пакласці канец чаму‑н. Падавіць паўстанне. □ Немцы прымалі крутыя меры, каб падавіць народны рух. Мікуліч. // Прымусіць перастаць страляць. Падавіць агонь праціўніка. □ Прыбег сувязны ад Зайцава і далажыў, што нямецкі кулямёт падавіць не ўдаецца. Мележ. — Таварыш сержант, дазвольце падавіць дзот, — папрасіў Пеця. Сіняўскі. // перан. Стрымаць, не дазволіць стаць большым (аб пачуццях). Трэба было ўзяць сябе ў рукі, сілай волі падавіць нерашучасць. Новікаў.

2. Раздушыць, перадавіць усё, многае або ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што і чаго.

1. Загнуць, падагнуць край чаго‑н. Падгарнуць прасціну. Падгарнуць посцілку пад сяннік. // Засунуць, схаваць пад што‑н. [Дзяўчына] паправіла хустку, падгарнуўшы пад яе пасмачкі [валасоў]. Пестрак.

2. Падграбці граблямі. Падгарнуць сена. // Падсунуць куды‑н., пад каго‑, што‑н. Падгарнуць пад сябе саломы. □ Пацейчык падгарнуў пад сябе торбу з хлебам і заснуў. Чорны. // Разм. Падагнуць, падсунуць, падкурчыць пад сябе. На падлозе, падгарнуўшы пад галаву голыя рукі, стагнаў збіты, акрываўлены чалавек. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Загнаць куды‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Лівень] пазаганяў у хаты людзей і, як бы нацешыўшыся, аціх. Асіпенка. Цімох Сымонавіч на ўсякі выпадак схапіў у рукі дубальтоўку і пазаганяў на месца патроны. Дубоўка.

пазаганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго.

Разм. Заганяць, замарыць усіх, многіх. — Коней.. пазаганялі да таго, што на іх страшна было паглядзець. Скрыган. — Вот ты, Пятро, дзень і ноч ірвеш, баб сваіх пазаганяў, а як жывеш? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памага́ты, ‑ага, м.

1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; падручны (у 2 знач.). [Яўхім:] — З мяне касец, сама ведаеш, які. А вось Рыгор можа табе падсабіць... Дамаўляйцеся.. — Не, — цвёрда кажа цётка. — Як-небудзь і без памагатых абыдземся. Жычка. Усім выглядам сваім Саша паказвае, што лейцы кіраўніцтва ён бярэ ў свае рукі, а Веньямін толькі памагаты. Навуменка.

2. Прыслужнік, гатовы на любыя дзеянні, учынкі. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)