МНОГАКАРЭ́ННІК (Spirodela),

род кветкавых раслін сям. раскавых. 4 віды. Пашыраны ва ўмераных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 1 від — М. звычайны (S. polyrhiza). Трапляецца ў стаячай і павольнай вадзе азёр, сажалак, канаў.

М. звычайны (травяністая водная расліна) нагадвае маленькі ліст, які плавае на паверхні вады. Недаразвітае сцябло (лісцец) у выглядзе пласцінкі даўж. 3—10 мм і шыр. 1,2—8 мм круглаватай формы, знізу часта чырв. ці чырванавата-фіялетавае, мае з бакоў маленькія лускавінкі (недаразвітае лісце). Каля асновы лісцяца знаходзяцца 2 вузкія кішэнькі, у іх закладваюцца вегетац. пупышкі, часам развіваюцца суквецці, знізу пучкамі адыходзяць фіялетава-пурпуровыя ніткападобныя карэньчыкі (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, без калякветніка. Плод — 1—6-насенны.

Многакарэннік звычайны. Калоніі раслін: 1 — выгляд знізу; 2 — выгляд зверху.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРГА́МЕНТ (ням. Pergament ад грэч. Pergamos Пергам, горад у М. Азіі, дзе ў 2 ст. да н.э. пачалі выраб П.),

від нядубленай спец. апрацаванай скуры. Валодае адносна вял. трываласцю на разрыў (10—12 кгс/мм2). Са стараж. часоў выкарыстоўваўся як асн. матэрыял для пісьма, вырабу калчанаў і шчытоў. Да вынаходства кнігадрукавання на П. былі напісаны асн. пісьмовыя помнікі ў Еўропе 10—пач. 15 ст. На Беларусі з 11 ст. вядомыя ў асн. богаслужэбныя і рэлігійныя кнігі: Тураўскае евангелле, Полацкае евангелле (канец 12 ст.), Аршанскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, творы Кірылы Тураўскага, «мінеі-чэцці» і інш. Вядомы таксама віды П.: скура для дэталей ткацкага станка, шпагат і муз. П. для барабанаў.

Літ.:

Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн. 1993.

т. 12, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я, лазерная зброя,

від зброі, заснаваны на выкарыстанні лазернага выпрамянення з мэтай паражэння людзей, узбраення і ваен. тэхнікі. Асн. характарыстыкі: імгненнае паражэнне цэлі, вялікая далёкасць паражэння (200—2 тыс. км), колькасць энергіі пры адным выстрале каля 200 МДж (эквівалентна 50 кг зараду трынітраталуолу). Асн. паражальныя фактары: цеплавое ўздзеянне, дынамічны ўдар, светлавое і эл.-магн. выпрамяненне. Найб. эфектыўная П.з. для паражэння паліўных бакаў міжкантынент. балістычных ракет, лятальных апаратаў і інш. Адрозніваюць непасрэднае паражэнне П.з. (за кошт награвання, плаўлення і выпарэння) і функцыян. (уздзеянне на асобныя сістэмы аб’ектаў). Асн. тыпы лазераў, якія могуць выкарыстоўвацца ў П.з.: хімічныя на фторыстым вадародзе і фторыстым дэйтэрыі, кіслародна-ёдзістыя на свабодных электронах, рэнтгенаўскія з напампоўкай ад ядз. выбуху і інш.

І.​М.​Быкаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛІ́ЎНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ, ПЭС,

від гідраэлектрычнай станцыі, якая пераўтварае энергію марскіх прыліваў ў эл. энергію. Будуецца на беразе заліва, вусця ракі ці штучнага басейна, адгароджаных ад мора плацінай. Дзейнічае за кошт перападу ўзроўняў вады паміж басейнам і морам, што ўтвараецца ў час прыліваў і адліваў. На П.э. ўстанаўліваюць капсульныя гідраагрэгаты, якія могуць працаваць у генератарным і помпавым рэжымах, а таксама як водапрапускныя адтуліны. Найб. эфектыўная работа П.э. ў энергасістэме, што дазваляе макс. выкарыстаць пераменнасць напору і рэжымаў работы. Першая П.э. пабудавана ў 1966 у Францыі.

Схемы работы прыліўнай электрастанцыі: а — у прамым генератарным рэжыме (пры адліве, калі назапашаная ў басейне вада вяртаецца ў мора, прыводзячы ў рух гідраагрэгаты); б — у адваротным генератарным рэжыме (пры запаўненні басейна ў час прыліву); 1 — плаціна; 2 — гідраагрэгат.

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».

Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБКО́ВЫЯ, рабкі (Pterocletidae, або Pteroclidae),

сямейства (падатрад) птушак атр. голубападобных. Вядомы з алігацэну (каля 30 млн. г. назад). 2 роды: саджы (Syrrhaptes) з 2 відамі і рабкі (Pterocles) з 14 відамі. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы, у стэпах, саваннах, паўпустынях і пустынях. Пераважна аселыя птушкі. Трымаюцца чародкамі, гняздуюцца на зямлі. На Беларусі адзначаны выпадкова залётны від саджа, або капытка (S. paradoxus).

Даўж. да 45 см, маса да 550 г. Афарбоўка пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба без васковіцы. Ногі кароткія, апераны да пальцаў; у саджы апераны і пальцы. Задні палец малы або адсутнічае. Кормяцца насеннем, зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект спарт. палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Рабковыя: 1 — саджа; 2 — рабок белабрухі (а — самец, б — самка).

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ва́хта

(польск. wachta, ад ням. Wacht)

1) від дзяжурства на караблі, а таксама частка экіпажа, якая нясе гэта дзяжурства;

2) перан. самаадданая праца ў гонар важнай падзеі (напр. працоўная в.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ва́хта1

(польск. wachta, ад ням. Wacht)

1) від дзяжурства на судне па ахове яго бяспекі, а таксама частка экіпажа, якая нясе гэта дзяжурства;

2) перан. самаадданая праца ў гонар важнай падзеі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сла́лам

(нарв. slalom = лагодны схіл)

скарасны спуск з гор на лыжах па вельмі звілістай дарожцы як від горналыжнага спорту;

водны с. — спаборніцтвы на байдарках і каноэ з праходжаннем праз шэраг спецыяльных варот.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ф’ю́чэрс

(англ. futures, мн. ад future = будучыня)

від біржавых аперацый па куплі-продажу з агаворкай аб пастаўках на наступны тэрмін (звычайна ад тыдня да некалькіх гадоў) па курсу на момант заключэння кантракта.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)