БАШНЯ́К (Аляксандр Карлавіч) (15.8.1786 — 1831),

рускі падарожнік, батанік. Праязджаў з Дарагабужа праз Беларусь у Віцебск, Полацк (1815), з Вільні ў Кіеў. Пакінуў цікавыя звесткі пра нас. пункты Беларусі, у т. л. Мінск, Бабруйск і Бабруйскую крэпасць. Лічыў, што зах. паветы Смаленшчыны, дзе жылі беларусы, у этнічных адносінах не розніліся ад усх. паветаў Віцебскай губ. Цікавіўся этнаграфіяй, звычаямі, мовай і дыялектамі бел. сялян. Імкнуўся вызначыць геал. мінулае Беларусі, яе глебы, клімат, лясы, асабліва на Полаччыне. Башняк вядомы і як царскі шпіён, які сачыў за А.С.Пушкіным. У жн. 1825 разам з начальнікам паўд. ваен. Пасяленняў І.В.Вітам падаў данос («Запіску») у Пецярбург пра дзейнасць Паўд. т-ва дзекабрыстаў на Украіне. Памёр (паводле інш. звестак забіты) у час паўстання 1830—31.

Тв.:

Дневные записки путешествия А.Бошняка в разные области Западной и Полуденной России в 1815 г. Ч. 1—2. М., 1820—21.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБАРО́ННАЕ СПАРТЫ́ЎНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БелАСТТ),

масавая грамадская арг-цыя. Правапераемніца Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту БССР (ДТСААФ). На нечарговым з’ездзе ДТСААФ БССР у кастр. 1991 пераўтворана ў АСТТ Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя статута і сучасная назва прыняты ў 1995). Асн. задачы: правядзенне мерапрыемстваў па выхаванні ў насельніцтва краіны патрыятызму і інтэрнацыяналізму, гатоўнасці да абароны Радзімы і працы, падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхн. прафесій ваен.-прыкладнога значэння, развіццё ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхн. творчасці моладзі. У БелАСТТ развіваюцца аўтамабільны, верталётны, водныя, дэльтапланёрны, матацыклетны, парашутны, планёрны, радыёспорт, самалётны, стралковы віды спорту. Вышэйшыя органы кіравання — з’езд (канферэнцыя БелАСТТ), паміж з’ездамі — рэсп. савет, яго прэзідыум і бюро прэзідыума. У структуры БелАСТТ — абл., гар., міжраённыя саветы і пярвічныя арг-цыі. З 1982 дзейнічае музей гісторыі т-ва (мае статус народнага).

Г.К.Кісялёў.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ САЮ́З (БНС),

грамадска-паліт. арг-цыя кансерватыўна-клерыкальнага кірунку. Дзейнічала ў Віцебску ў 1917—18. Аб’ядноўвала мясц. чыноўнікаў, выкладчыкаў навуч. устаноў, прадстаўнікоў правасл. духавенства. Кіраўнікі БНС (Ф.І.Грыгаровіч, Б.А.Бялыніцкі-Біруля, Г.І.Палонскі, У.К.Стукаліч) падтрымалі Часовы ўрад, але выступалі супраць дэмакратызацыі грамадскага жыцця, лічылі абавязковым удзел Расіі ў вайне да перамогі. Для прадухілення сац. канфліктаў на вёсцы прапанавалі праект рэформы, аснову якой складала хутарское землекарыстанне. БНС прытрымліваўся дактрыны заходнерусізму, адмаўляў бел. народу ў праве на дзярж. самавызначэнне, абмяжоўваўся патрабаваннем да Часовага ўрада вылучыць Беларусь у асобную адм.-гасп. адзінку ў складзе Расіі. Абапіраўся на ідэалогію праваслаўнага клерыкалізму, праваслаўныя прыходы разглядаў як «асноўныя ячэйкі грамадскасці». Не прыняў Кастр. рэвалюцыі 1917, вёў антыбальшавіцкую і антысеміцкую агітацыю. Па некаторых звестках кіраўнікі БНС Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі і інш. расстраляны ў 1918 паводле прыгавору Віцебскай губ. ЧК.

С.С.Рудовіч.

т. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЁХ (Іван Станіслававіч) (24.7.1836—25.12.1901),

вучоны-эканаміст, статыстык, фінансіст. Сын польскага фабрыканта. Варшаўскі банкір, заснавальнік і старшыня праўлення акц. т-ваў Кіева-Брэсцкай, Лібаўскай, Лодзінскай чыгунак. Працамі «Рускія чыгункі...» (1875) і «Уплыў рускіх чыгунак на эканамічны стан Расіі» (т. 1—5, 1878) паклаў пачатак развіццю чыг. статыстыкі. Аўтар прац па эканам. гісторыі, эканоміцы прам-сці і сельскай гаспадаркі Расіі: «Фабрычная прамысловасць Царства Польскага 1871—1880» (Варшава, 1881—84); «Фінансы Расіі XIX стагоддзя» (т. 1—4, СПб., 1882); «Меліярацыйны крэдыт і стан сельскай гаспадаркі ў Расіі і замежных краінах» (СПб., 1890), «Зямля і яе запазычанасць у Царстве Польскім» (Варшава, 1892), «Эканоміка-статыстычныя працы 1875—1900 гг.» (Парыж, 1900); «Параўнанне матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту губерняў заходніх, вялікарасійскіх і ўсходніх» (т. 1—5, з атласам, СПб., 1901). У яго працах шмат звестак пра Беларусь.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св. Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл. гл. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;

Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.

Н.В.Федасеенка.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГА́НСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (29.2.1908, Улан-Удэ — 3.4.1992),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1930). Настаўнічала. У 1937 пасля арышту мужа паэта А.Сака арыштавана, у 1938 засуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлена ў лагер на Калыму. У 1948 вярнулася на Беларусь. Рэабілітавана ў 1954. Дэбютавала вершамі ў 1926. Першая аповесць «Далёка на Поўначы» (1954). Кнігі Бяганскай для дзяцей («Жэнеў галубок», 1958; «Зосіна зорачка», 1965; «Кожны марыць стаць Калумбам», 1968; «Сланечнікі», 1980, і інш.) вылучаюцца добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі, назіральнасцю, уменнем займальна будаваць сюжэт. Перакладала з польск. (аповесці Б.Ясенскага «Палю Парыж», 1932; Г.Машынскай-Гофман «Вера і яе таварышы», 1965; Я.Корчака «Кароль Мацюсь Першы», 1970) і славацкай (раманы М.Крно «Я вярнуся жывы», 1960; У.Мінача «Жывыя і мёртвыя», 1961, з А.Мажэйкам; аповесці К.Ярунковай «Брат маўклівага ваўка», 1976; Я.Грушоўскага «Яношак», 1980).

Тв.:

Ля самага сіняга мора. Мн., 1982;

Сонцу і ветру насустрач. Мн., 1988.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст.снеж. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш. чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЕ СТАНО́ВІШЧА,

спецыяльны прававы рэжым, які ўводзіцца дзяржавай ва ўсёй краіне або ў асобных яе мясцовасцях у надзвычайных абставінах (вайна, рэв. выступленні, стыхійныя бедствы). Выяўляецца ў расшырэнні паўнамоцтваў ваен. улад і ўвядзенні абмежаванняў для насельніцтва. У Рас. імперыі ў 19 ст. рэжым ваеннага становішча ўводзіўся ў кожным выпадку імянным указам цара. У зах. губернях ваеннае становішча дзейнічала ў час паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Заканадаўчы акт Рас. імперыі «Аб мясцовасцях, што аб’яўляюцца на ваенным становішчы», прыняты 30.6.1892, прадугледжваў увядзенне ваеннага становішча толькі на тэр. тэатра ваен. дзеянняў. Аднак яго ўвядзенне шырока практыкавалася і ў час рэвалюцыі 1905—07. 31.7—2.8.1914 ваеннае становішча аб’яўлена ў бел. губернях у сувязі з пачаткам 1-й сусв. вайны. У СССР аб’яўлялася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР, напр., у час Вял. Айч. вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваеннае становішча аб’яўляецца Прэзідэнтам.

А.Я.Сукала.

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР,

вандроўная трупа, тэатральны калектыў, створаны для паказу спектакляў у розных населеных пунктах, пераважна там, дзе няма стацыянарных тэатраў; адна з форм нар. т-ра ў краінах Еўропы і Усходу. У розных краінах вандроўныя трупы мелі сваю назву: жанглёры (Францыя), шпільманы (Германія), менестрэлі (Англія), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь, Расія) і інш. На Беларусі ў сярэднявеччы вандроўнымі былі скамарохі, батлейка, у 19 — пач. 20 ст.Дуніна-Марцінкевіча тэатр, Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, у 1920-я г. — агітацыйныя тэатр. калектывы (напр., Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры), паказальныя — Першы, Другі, Трэці т-ры, у Вял. Айч. вайну — франтавыя тэатр. брыгады. У канцы 1920-х — 30-я г. насельніцтва аддаленых раёнаў Беларусі абслугоўвалі Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, шматлікія калгасна-саўгасныя т-ры, Трупа У.Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у пасляваен. час — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр і інш.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСК»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам — восенню 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. Да 24.10.1939 наз. «Warszawa» («Варшава»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВФМ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска і в. Новая Беліца Светлагорскага р-на), Дзясне (каля г. Асцёр Чарнігаўскай вобл.), Дняпры (каля нас. пунктаў Дамантава і Сухалучча Кіеўскай вобл. і каля Кіева). Летам 1941 карабель прадстаўлены ваен. саветам Паўд.-Зах. фронту да ўзнагароды ордэнам Чырв. Сцяга. Узарваны экіпажам 18.9.1941 у сувязі з адыходам сав. часцей на У ад Дняпра.

Р.К.Паўловіч.

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)