БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),

сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.​Р.​Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.

Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.​Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.​Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.​Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлем асн. генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, С.​Райт, Ф.​Г.​Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.

Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз. біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).

Літ.:

Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;

Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;

Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ. М., 1988.

Р.​Г.​Заяц.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ КРЫ́ТЫКА,

творчая дзейнасць па вытлумачэнні, інтэрпрэтацыі, аналізе і ацэнцы твораў мастацтва, а таксама па ўсведамленні з’яў сучаснага маст. працэсу, кірункаў, відаў і жанраў маст. творчасці; раздзел мастацтвазнаўства. Уключае літаратурную крытыку, тэатральную крытыку, кінакрытыку (гл. ў арт. Кіназнаўства), музычную крытыку (гл. ў арт. Музыказнаўства), крытычную дзейнасць у галіне пластычных мастацтваў (сустракаецца і трактоўка паняцця «М.к.» ў вузкім сэнсе — у якасці аналізу, вытлумачэння і ацэнкі твораў пластычных мастацтваў). Метадалогіяй М.к. выступае эстэтыка, якая непасрэдна зыходзіць з мастацтвазнаўчых ведаў. М.к. суадносіць з’явы мастацтва з жыццём, грамадскімі і эстэт. ідэямі свайго часу ў параўнанні з інш. этапамі культ.-гіст. развіцця чалавецтва, разглядае сучасны маст. працэс як пэўны этап гісторыі мастацтваў і як праяўленне яе агульных законаў. М.к. грунтуецца на сістэме эстэт. ацэнкі і суджэннях густу эстэтычнага, шырока карыстаецца метадамі інтэрпрэтацыі і аналізу маст. твораў з мэтай вылучэння асаблівасцей зместу і формы, вызначэння іх эстэт. і маст. каштоўнасцей. З анталагічнага пункту гледжання М.к. носіць суб’ектыўны характар, аднак імкнецца да аб’ектыўнасці, выяўлення аб’ектыўнай падставы ацэнкі. М.к. мае дваістую накіраванасць. Звяртаючыся і да творцы, і да публікі, яна з’яўляецца своеасаблівым «правадніком», які забяспечвае «адваротную сувязь» ва ўсёй сістэме маст. культуры грамадства: з аднаго боку, адзначае пазітыўныя (або негатыўныя) тэндэнцыі сучаснага маст. працэсу, садзейнічае ўдасканаленню творчасці мастакоў; з другога — выступае важным сродкам фарміравання ідэалу эстэтычнага, эстэт. культуры, маст. густу, эстэтычнага выхавання, эстэт. ўспрымання рэцыпіентаў мастацтва.

Пачаткі М.к. трапляюцца ў трактатах філосафаў Індыі, Кітая, Стараж. Грэцыі, Рыма. Імкненне да навук. абгрунтавання мастацтва, яго крытычнага і гіст. вытлумачэння склалася ў эпоху Адраджэння; узніклі крытэрыі ацэнкі маст. твораў, звязаныя з вызваленнем навукі і мастацтва ад царк. норм. З сярэдзіны 18 ст. М.к. існуе як грамадскі ін-т, спецыфічны феномен у культуры і развіцці соцыуму. Вял. значэнне для яе развіцця мела дзейнасць Д.​Дзідро, Ш.​Бацё, Г.​Лесінга, І.​В.​Гётэ, эстэт. канцэпцыі класічнай ням. філасофіі. У развіццё рус. М.к. 19 ст. вял. ўклад зрабілі В.​Бялінскі, які вызначаў М.к. як «рухомую эстэтыку», і У.​Стасаў.

Элементы М.к. ў бел. культуры трапляюцца ўжо ў эпоху Адраджэння ў перакладной («Аповесць пра Трою», «Александрыя») і мемуарна-летапіснай (Баркулабаўскі летапіс) л-ры, філас.маст. і публіцыстычнай творчасці Ф.​Скарыны, Міколы Гусоўскага, С.​Буднага. У 17 ст. асобныя сістэмы эстэт. крытэрыяў стварылі на бел. зямлі Сімяон Полацкі і М.​Сарбеўскі, якія распрацоўвалі пытанні паэтыкі, красамоўства, выяўл. мастацтва. Праблемы М.к. займалі значнае месца ў творчасці пачынальніка новых бел. л-ры і т-ра В.​Дуніна-Марцінкевіча. У 2-й пал. 19 ст. асн. прынцыпамі М.к. былі абвешчаны рэалізм і народнасць, што сталі падмуркам творчасці бел. пісьменнікаў-дэмакратаў Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча і інш. На чале прафес. М.к. ў пач. 20 ст. стаялі Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, З.​Бядуля, а таксама публіцысты «нашаніўскага» перыяду. У 1920-я г. значны ўклад у развіццё бел. М.к. зрабіў М.​Шчакаціхін. У сав. час паступова сфарміравалася новая плынь М.к., звязаная з тэорыяй мастацтва і развіццём відаў мастацтва. Яна адыграла значную ролю ў развіцці прафес. мастацтва. Развіццё М.к. прывяло да ўзнікнення Саюза літ.-маст. крытыкаў Беларусі (1997).

Літ.:

Долгов К.М. Эстетика и художественная критика. М., 1972;

Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;

Салеев В.А. Искусство и его оценка. М., 1977;

Щукина Т.С. Теоретические проблемы художественной критики. М., 1979;

Борев Ю.Б. Искусство интерпретации и оценки. М., 1981;

Баранов В.И., Бочаров А.Г., Суровцев Ю.И. Литературно-художественная критика. М., 1982;

Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Прабл. адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.

В.​А.​Салееў.

т. 10, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕ́РА (ад грэч. papyros выраб з расліны папірус),

тонкі ліставы шматкампанентны матэрыял, які складаецца са спецыяльна апрацаваных здробненых раслінных валокнаў, цесна пераплеценых паміж сабой і злучаных сіламі счаплення рознага тыпу. Вядома больш за 600 відаў П.: для друку, пісьма, апаратаў (тэлеграфная, для прынтэраў і інш.), чарцёжна-рысавальная (напр., калька), святлоадчувальная (напр., папера фатаграфічная), папяросная, сан.-гігіенічная, прамыслова-тэхн. (напр., патронная, электратэхн., наждачная) і інш. Характарызуецца масай 1 м² (4—250 г), таўшчынёй (4—400 мкм), фіз.-мех. ўласцівасцямі, колерам, беласцю, гладкасцю, усмоктвальнай здольнасцю. П. ўдзельнай масай больш за 250 г/м² — кардон. Вырабляецца П. на папераробных машынах (у рулонах, бабінах, лістах).

Для вытв-сці П. выкарыстоўваюць цэлюлозу дрэвавых парод і аднагадовых раслін, драўняную масу. Паводле кампазіцыйнага саставу адрозніваюць П. №1 (мае 80—100% цэлюлозы, выкарыстоўваецца для выданняў з тэрмінам службы больш за 10 гадоў) і №2 (80—25% цэлюлозы, для выданняў з тэрмінам службы 2—8 гадоў). Папяровыя кампазіцыі маюць таксама мінер. напаўняльнікі (робяць П. непразрыстай, павышаюць яе беласць і гладкасць), праклейваючыя матэрыялы (напр., каніфоль; павышаюць трываласць і шчыльнасць П.), фарбавальнікі, палімерныя сувязныя і інш. кампаненты. З хім. валокнаў, палімерных плёнак атрымліваюць П. сінтэтычную, якую выкарыстоўваюць для вырабу геагр. карт, грашовых купюр, дакументаў і інш.

П. вынайдзена ў Кітаі (упамінаецца ў кітайскіх крыніцах 1 ст. н.э., з 76 пачала выкарыстоўвацца для кніг). Атрымлівалі П. асаджэннем на сетку раслінных валокнаў з воднай суспензіі. У 105 кітаец Цай Лунь удасканаліў спосаб атрымання П., што дазволіла вырабляць яе з драўнянага лубу, пянькі і ануч. Спосаб вырабу П. кітайцы трымалі ў сакрэце. У 7—8 ст. ён вывезены ў Карэю і Японію. З 751 стаў вядомы ў Арабскім халіфаце (ф-ка ў Самаркандзе), потым у Багдадзе, Дамаску і інш. У Еўропе вытв-сць П. вядома з 12 ст. (з 1150 у Іспаніі, з 1276 у Італіі і інш.; з 1716 у Расіі). Яна прыйшла на змену папірусу і пергаменту. Адной з асн. аперацый пры вырабе П. было здрабненне папяровай масы. Спачатку яно рабілася ўручную, з 13—15 ст. — мех. таўчыльнямі, з канца 17 ст. — нажамі, насаджанымі на метал. валы (роламі). Здробненая маса падагравалася ў чанах з вадой, адцэджвалася, выкладвалася на лісты сукна ці лямцу, прапускалася праз прэс, сушылася, апрацоўвалася молатамі, лушчылася. У 1799 у Францыі вынайдзены механізаваны спосаб адліву папяровай масы, што стала пачаткам машыннай вытв-сці П. Да сярэдзіны 19 ст. П. выраблялі пераважна з рыззя. Паступова да папераробнага абсталявання далучаліся секцыі прасавання, сушкі, каландравання, намоткі П. ў рулоны. Павялічвалася (да 9 м) шырыня папяровага палатна, ролы былі заменены размолачнымі апаратамі. Найб. пашыраным стаў «мокры» спосаб вытв-сці П. з выкарыстаннем плоска- або двухсеткавых папераробных машын (з сеткавай, прэсавай, сушыльнай часткамі, каландрам і накатам для змотвання ў рулон).

На Беларусі П. з рыззя пачалі вырабляць у пач. 17 ст., з драўніны — з сярэдзіны 19 ст. У 1728 заснавана папяровая майстэрня ў Паставах, у 1850 было 10 мануфактур, у 1870 пушчана Добрушская папяровая фабрыка. З сучасных найбольшы ў рэспубліцы Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод. Гл. таксама Цэлюлозна-папяровая прамысловасць.

Літ.:

Шитов Ф.А., Шитов И.Ф. Технология бумаги и картона. 3 изд. М., 1983;

Примаков С.Ф. Производство бумаги. М., 1987;

Фляте Д.М. Технология бумаги. М., 1988;

Сквернюков П.Ф. В миреговорящих листков. М., 1990.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Папера. А — старажытныя прыстасаванні для вырабу паперы (1 — чан з пульпай з раслінных валокнаў; 2 — канструкцыя для трымання сеткі; 3 — бамбуковая сетка для зачэрпвання пульпы); Б — «Поўны працэс вытворчасці паперы» (гравюра 17 ст.).
Схема вытворчасці паперы: 1 — балансавая драўніна; 2 — караабдзіральны барабан; 3 — жорны (стружкарэз); 4 — прамыўная калонка; 5 — аўтаклаў; 6 — адбельвальнік; 7 — прамыўшчык пульпы; 8 — сіта; 9 — корабы адсмоктвання вады; 10 — адціскныя вальцы; 11 — сушыльныя вальцы; 12 — каландр; 13 — рулон паперы.

т. 12, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну,

сістэма кіруючых органаў, арганізацый, груп і асобных патрыётаў, якія ў 1941—44 вялі барацьбу супраць ням. фашыстаў на акупіраванай імі тэр. Беларусі. Фарміравалася ва ўмовах акупацыйнага рэжыму 2 шляхамі: «знізу» — па ініцыятыве патрыётаў-антыфашыстаў; «зверху» — вынік арганізац. дзейнасці к-таў КП(б)Б і ЛКСМБ. Ядром і кіруючай сілай з’яўлялася партыйнае (патрыят.) падполле, састаўнымі часткамі якога былі камсам.-маладзёжнае падполле і антыфашысцкія арганізацыі. У 1941—42 П.п. фарміравалася пераважна «знізу», таму што большасць кіруючых органаў, створаных к-тамі КП(б)Б і ЛКСМБ загадзя (абкомы, міжрайкомы, райкомы, гаркомы), па розных прычынах не змаглі разгарнуць сваю дзейнасць адразу пасля акупацыі. З пачатку свайго існавання падполле спалучала сваю дзейнасць з партызанскім рухам на Беларусі. Асн. кірункамі яго дзейнасці ў 1941—42 былі: агітац.-прапагандысцкая работа сярод насельніцтва, супрацоўнікаў акупац. улад, у ваен. падраздзяленнях ворага, дыверсійна-баявыя дзеянні, стварэнне і папаўненне партыз. атрадаў людзьмі, забеспячэнне іх зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, адзеннем, харчаваннем, разведвальная і сувязная работа для партызан. У першы год свайго існавання падполле з-за адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту. барацьбы несла вял. страты. У 1941—42 з буйней шых арг-цый пачалі дзейнасць П.п.: Аршанскае, Асвейскае, Асіповіцкае, Бабруйскае, Барысаўскае, Брагінскае, Браслаўскае, Брэсцкае, Бягомльскае, Бялыніцкае, Васілевіцкае, Велікастахаўскае, Вілейска-Куранецкае, Віцебскае, Гомельскае, Гродзенскае, Грэскае, Дзяржынскае, Добрушскае, Ельскае, Жлобінскае, Жыткавіцкае, Калінкавіцкае, Кармянскае, Краснапольскае, Круглянскае, Крычаўскае, Лідскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Петрыкаўскае, Пінскае, Полацкае, Прапойскае, Рагачоўскае, Расонскае, Рудзенскае, Рэчыцкае, Слуцкае, Смалявіцкае, Смалянскае, Старадарожскае, Тарасава-Ратамскае, Уздзенскае, Ушацкае, Хойніцкае, Чашніцкае; камсам.-маладзёжныя: Асінторфскае, Брэсцкае, Гомельскае, Дзятлаўскае, Калінінскае, Клімавіцкае, Мар’інагорскае, Мікалаевіцкае, Мірскае, Мотальскае, Нізянскае, Обальскае, Плешчаніцкае, Прошкаўскае, Скідзельскае, Тураўскае, Турнаеўскае, Хідраўскае, Шаркаўшчынскае, Шчадрынскае (пра кожнае гл. асобны арт.). З пачатку 1943 П.п. фарміравалася ў асноўным «зверху». Вялікі ўплыў на гэты працэс мелі рашэнні Пленума ЦК КП(б)Б «Аб абстаноўцы і задачах работы партыйных органаў і партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі» (люты 1943) і пісьмо ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР», накіраванае ў чэрв. 1943 у падп. парт. арг-цыі. У 2-й пал. 1943—1-й пал. 1944 структуры П.п. дзейнічалі практычна ва ўсіх акупіраваных раёнах. З жн. 1943 актыўна дзейнічала Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. Асн. кірункі дзейнасці падполля з 1943: шматлікія дыверсіі, якія парушалі работу аператыўнага тылу ворага, зрыў мерапрыемстваў акупац. улад, забеспячэнне партызан акупац. дакументамі, друкарскім абсталяваннем, распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, падрыхтоўка матэрыялаў для друку падпольнага, збор разведданых партызанам для правядзення баявых аперацый, дзейсная сувязь з партызанамі, выратаванне насельніцтва, асабліва дзяцей, ад знішчэння і вывазу ў Германію. Паводле пасляваенных падлікаў дакументальна ўлічаная колькасць удзельнікаў падполля склала больш за 70 тыс. чал., сярод іх грамадзяне ўсіх рэспублік СССР, антыфашысты інш. краін; з маладзёжнага падполля дзейнічала амаль 3 тыс. пярвічных арг-цый, 335 антыфаш. маладзёжных арг-цый (амаль 100 тыс. чал.). Некалькі тысяч удзельнікаў падполля ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі; званне Героя Сав. Саюза атрымалі падпольшчыкі У.С.Амельянюк. Ц.С.Барадзін, А.Х.Валынец, Е.С.Зянькова, А.Л.Ісачанка, Х.К.Кабушкін, Р.П.Казінец, М.А.Кедышка, Я.У.Клумаў, Ф.А.Крыловіч, А.Р.Мазанік, П.М.Машэраў, М.Б.Осіпава, У.А.Парахневіч, З.М.Партнова, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.

Літ.:

Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944): Краткие сведения об орг., структуре и составе. Мн., 1975;

Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944): Краткие сведения об орг., структуре и составе. Мн., 1976;

Тозик А.А. В дни суровых испытаний: Укрепление рядов КП(б)Б в условиях подполья в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1981;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85.

А.А.Тозік.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІ́ГІЯ (ад лац. religio набожнасць, святыня, прадмет культу),

сістэма тэалагічных дактрын, уяўленняў, культавых рэчаў і дзеянняў, а таксама арг-цый, накіраваная на абгрунтаванне існавання Бога або наогул звышнатуральнага пачатку. Існуе шмат падыходаў у вырашэнні пытанняў сутнасці і генезісу Р. Прадстаўнікі этналагічнага кірунку (Э.​Тайлар, Дж.​Дж.​Фрэйзер, К.​Леві-Строс) узнікненне Р. ставілі ў залежнасць ад прымітыўнага ўзроўню вытв-сці і духоўнай культуры. Марксізм лічыў Р. адлюстраваннем у свядомасці чалавека з’яў навакольнага свету. Псіхалагічныя канцэпцыі паходжання Р. трактуюць яе як выяўленне асобных станаў псіхікі чалавека (У.​Джэмс, З.​Фрэйд, К.​Г.​Юнг, Л.​Леві-Бруль). П.​А.​Фларэнскі, Г.​Лейв, Р.​Ота вызначалі сутнасць Р. як агульначалавечае імкненне да свяшчэннага, трансцэндэнтнага аб’екта. Сац. змест Р. грунтуецца на пэўнай сістэме каштоўнасцей (этнічных, паліт., бытавых), якой надаецца эталонны статус, замацаваны аўтарытэтам Бога. Сярод асн. функцый Р. інтэграцыйная (аб’яднанне няўстойлівых сац. суполак на аснове рэліг. ідэалогіі) і выхаваўчая (перадача з пакалення ў пакаленне ведаў, духоўных каштоўнасцей, жыццёвага вопыту і інш.). Гал. элементам Р. з’яўляецца ідэалогія (веравызнанне), якая складаецца з комплексу догматаў і дактрын і канцэнтруе ў сабе сац. вопыт. Веравызнанне вызначае належнасць этнасу да пэўнай цывілізацыі (М.​Я.​Данілеўскі, О.​Шпенглер, Э.​Хантынгтан). Т.ч., Р. выступае не толькі модусам этнаўтварэння, але і дамінантай духоўнай культуры. Значнае месца ў Р. займае культ рэлігійны, дзякуючы якому ў грамадстве ўзнаўляюцца і захоўваюцца пазітыўныя традыцыі. Рэліг. арг-цыі складаюць такія ін-ты, як царква, секта, дэнамінацыя (рэліг. арг-цыя ў стадыі станаўлення), а таксама рэліг. суполкі (брацтвы, місіі, цэнтры і інш.). Р. з’яўляецца ч. натуральна-гіст. эвалюцыі грамадства, і таму спробы вывесці яе па-за межы сац. працэсу (як, напр., у СССР) адбываліся ў адм., прымусовай і нават гвалтоўнай формах. Найб. раннімі выяўленнямі Р. былі магія, татэмізм, анімізм і інш. Для стараж. Р. характэрны політэізм (мнагабожжа), які змяніўся монатэізмам (адзінабожжам). Вылучаюць розныя гіст. формы і тыпы Р.: родава-пляменныя (язычніцтва), нац.-дзярж., ці этнічныя, прыхільнікамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі адной нацыянальнасці (даасізм, індуізм, іудаізм, сінтаізм і інш.); сусветныя, якія набылі наднац. характар і атрымалі паўсюднае пашырэнне (будызм, хрысціянства, іслам). Апошнім часам у свеце набывае дынаміку працэс стварэння адзінай глабальнай Р. ў межах экуменічнага руху на аснове ідэй і прынцыпаў розных Р. (гл. Экуменізм).

На Беларусі ў стараж. перыяд рэліг. вераванні існавалі ў форме язычніцтва. У канцы 10—пач. 11 ст. дзярж. рэлігіяй на бел. землях стала хрысціянства ва ўсх. форме (з 1054 праваслаўе), а пасля Крэўскай уніі 1385 і каталіцызм (гл. Беларуская праваслаўная царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі). З 14—15 ст. са з’яўленнем у ВКЛ татар і яўрэяў на Беларусі пашырыліся іслам і іудаізм. У 16 ст. ўзнік пратэстантызм і яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства і інш. З 1569 дзейнічала уніяцкая царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква). На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічае 26 канфесій (2663 абшчыны), у т. л. 1172 правасл. абшчыны, 417 рымска-каталіцкіх, 13 грэка-каталіцкіх, 34 стараабрадніцкія, 470 хрысціян веры евангельскай, 268 — евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 22 — іудаістаў, 24 абшчыны мусульман і інш.

Літ.:

Никольский Н.М. Избранные произведения по истории религии. М., 1974;

Фрэйзер Дж.​Дж. Золотая ветвь: Пер. с англ. 2 изд. М., 1986;

Иллюстрированная история религий. Т. 1—2. 2 изд. М., 1992;

Митрохин Л.Н. Философия религии. М., 1993;

Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т. 1—2] М., 1996;

Росс Ф., Хиллс Т. Великие религии человечества: Пер. с англ. М;

Ростов н/Д, 1999.

А.​А.​Цітавец.

т. 14, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кадзь ’вялікая драўляная пасудзіна з клёпак, сцягнутых абручамі, для захоўвання розных сельскагаспадарчых прадуктаў’ (БРС, ТСБМ, Касп., Нік., Оч., П. С., Шат.). Бяссонаў (Бяс.) адзначаў, што словы кадь, кадка ведаюць на Белай Русі. Слова, як можна меркаваць на падставе крыніц, адзначана на цэнтральна-беларускай тэрыторыі і на поўначы, што можа азначаць або архаізм, або запазычанне (у даным выпадку назва магла быць запазычана разам з імпартам рэаліі). Звяртае на сябе ўвагу і невялікая колькасць фіксацый вытворных ад гэтага слова (гл. ніжэй). Слова сустракаецца ва ўсім славянскім свеце: укр. кадь, рус. кадь, польск. kadź, в.-луж. kadź, н.-луж. kaź, славін. kωз, палаб. kod ’калода, на якой трэплюць лён’, чэш. kád і інш., славац. kiad, *käd, серб.-харв. kȃd, славен. kàd ’чан’, макед. када, балг. кода, аднак гэты факт, як падкрэслівае Слаўскі (2, 19), яшчэ не сведчыць аб яго старажытнасці. Спроба славянскай этымалогіі належыць Махэку₂, 234, які параўноўваў слав. kadь з грэч. κηθίς ’урна’ (для галасавання), што не пераконвае па розных прычынах. Звяртае на сябе ўвагу на сутнасці аднароднасць значэнняў слова ў розных мовах і культурны яго характар. Адзначым, што і гісторыя рэаліі сведчыць аб яе пашырэнні ў той час, калі сувязі паміж славянскімі мовамі ўжо не былі цеснымі; найбольш раннімі бандарскімі вырабамі ў славян былі драўляныя вёдры (гл. Sl. staroż. slow., 1, 98–100). Нягледзячы на быццам бы відавочную неабходнасць прыняць папулярную версію аб запазычанні слав. kadь з грэч. (с.-грэч.?) κάδι(ον), хочацца адзначыць, што яна не з’яўляецца фармальна бездакорнай. Грэч. слова лічыцца запазычаным са ст.-яўр. kad ’драўлянае вядро’; κάδι(ον) — памянш. ад κάδος ’бочка, збан, вядро’; ст.-грэч. κάδδος ’пасудзіна, пераважна урна для галасавання (у лакедаманян)’, н.-грэч. καδίτό(‑δ‑) і κάδος ’бочка, цэбар, вядро’. Не зусім ясны шлях пранікнення тэрміна ў славянскія мовы. Слаўскі (там жа) мяркуе, што гэта «вандроўнае» слова, якое пранікала праз балканскіх і рускіх славян. Як на паралельны працэс указваюць на пашырэнне слова ў іншых еўрапейскіх мовах: рум. cadǎ, алб. káde ’бочка’, франц. cade ’мера ёмістасці’, англ. cade ’бочка’, аднак крыніцай гэтых слоў з’яўляецца лац. cadus ’збан, бочка’ (з той жа грэч. крыніцы). Трубачоў (Эт. сл., 9, 112–113) звяртае ўвагу, што, нягледзячы на позні культурны характар слова, можна адзначыць старыя па віду вытворныя: *kadьca і *kady/‑ъve. Апошні прыклад, аднак, нельга лічыць сур’ёзным, паколькі рэканструкцыя будуецца толькі на аднойчы зафіксаваным рус. дыял. кадовь ’вялікі чан’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насу́праць і насупро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку; прама перад кім‑, чым‑н. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым, з зубчастымі карункамі па краях абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят. Мележ. — Стой! Адкуль ты і хто ты? — Стаў насупраць патруль. Бялевіч.

2. прысл. Разм. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н. Гаварыць насупраць. Рабіць насупраць.

3. прыназ. з Р і (радзей) з Д. Ужываецца для выражэння прасторавых адносін: указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку што‑н. размяшчаецца. Насупраць нашага дома працякае невялічкі ручай. Ігнаценка. Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупроць яе. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, якія перамяшчаюцца насустрач руху каго‑, чаго‑н. І я пайшоў насупраць плыні, Каб дакапацца, дзе клубок. Лужанін. Ляцеў бы ветру насупроць Раздоллем цешыўся бялёсым. Гаўрусёў.

4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння ўступальных адносін: указвае на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Хіба ж я пайду насупраць волі бацькі? □ Цямра[в]ая сіла свету старога Сплятаецца ў чорны клубок, Адна ў яе думка, мэта, дарога — Паўстаць насупроць жыцця маладога, Спыніць наш вясенні паток. Колас.

5. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння часавых адносін: указвае на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. існуе, адбываецца ці павінна адбыцца. [Мікалайчык:] Ну, дзед, шчасліва! Глядзі, каб усё расклеіў, Ды асцярожна — насупраць дня ідзеш. Кучар.

6. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін: указвае на асобу ці прадмет, з якімі што‑н. параўноўваецца. Ладымер насупроць Сымона зусім шчуплы і худы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз... (а таксама раза... і рас...), прыстаўка.

А. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх імён абазначае:

I. Адасабленне, раз’яднанне.

1. Перамяшчэнне ў розныя пункты з аднаго: а) рух у розныя бакі з аднаго пункта, напрыклад: разбрыдацца, разбягацца, разлятацца, раз’язджацца; б) размеркаванне, накіраванне ў розныя бакі, напрыклад: разводзіць, развозіць, разліваць, раскватароўваць, раскласці, рассылаць, рассяляць; в) рассейванне ў розных напрамках, напрыклад: распыляць, распырскваць, рассейвацца.

2. Парушэнне цэласнасці: а) адасабленне аднаго ад другога, напрыклад: разлучацца, разнімаць, раз’ядноўваць; б) раздзяленне на часткі або раздрабненне, напрыклад: раздрабняцца, разжоўваць, разменьваць (грошы), размолваць, разразаць, раскроіць; в) разбурэнне, напрыклад: разбіваць, разбурацца, развальвацца, размалаціць, рассыхацца; г) разбаўленне, напрыклад: разводзіць (фарбу).

II. Пашырэнне: а) пашырэнне па паверхні, напрыклад: раскінуцца, распасціраць, распластацца, рассцілаць, расцягвацца (на многія кіламетры); б) выхад за свае межы, пашырэнне на сумежную прастору, напрыклад: разлівацца, расплывацца, рассесціся; в) павелічэнне ў аб’ёме, расшырэнне, напрыклад: разбухаць, раздавацца, разношваць, распухнуць, расшыраць.

III. Паўнату праяўлення дзеяслоўнай прыкметы: а) інтэнсіўнасць дзеяння, працэс дзеяння, напрыклад: разадзецца, разбалецца, разбурчацца, раскарміць, раскачацца; б) стараннасць дзеяння, напрыклад: разведваць, разглядваць, распытваць, расшукваць; в) ахоп дзеяннем усяго аб’екта або суб’екта дзеяння, напрыклад: разаткаць, размалёўваць, расфарбавацца.

IV. Давядзенне дзеяння да атрымання выніку, напрыклад: разаграваць, разахвоціцца, разбудзіць, разверадзіць, развесяліцца, разжаліцца, раззлаваць, размочваць, распальваць, распесціць.

V. Знішчэнне таго, што ўзнікла ў выніку раней утворанага процілеглага дзеяння: а) адасабленне таго, што было злучана ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: развязаць, развярстаць, размацоўваць, распаяцца, расшываць; б) ажыццяўленне дзеяння ў адваротным напрамку, напрыклад: разгінаць, размотваць, раскручваць, расплятацца, распростваць, расціскацца; в) вызваленне ад чаго‑н., напрыклад: разгрузіць, раздзявацца, разуючыць, раскаваць, распакоўваць, распрагаць, распячатваць, рассядлаць, расшпільваць; г) знішчэнне стану, узнікшага ў выніку папярэдняга дзеяння, напрыклад: разбраніраваць, размагніціцца, размініраваць, раскансерваваць, рассакрэціць; д) спыненне дзеяння, напрыклад: разлюбіць, расчаравацца.

Б. Разм. Пры прыставачным і прыставачна-суфіксальным словаўтварэнні прыметнікаў абазначае: а) вышэйшую ступень якасці, напрыклад: развясёлы, разудалы, распракляты; б) наяўнасць чаго-небудзь, што распасціраецца ў розных напрамках, напрыклад: развілісты, разгалісты, разлапісты, раскідзісты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам. Няхай. Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот. Дуброўскі. А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны. Крапіва. // Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны. Федасеенка. Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны. Алешка. / Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы. Кірэйчык. / Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца. Астрэйка. З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк. Ваданосаў. / Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна. Кірэенка. Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі. Шыловіч. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным. Колас.

2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе. Шыловіч. Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі. Кулакоўскі.

3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма. Ленін. // Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ. Шынклер. То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу. Скрыган. // Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кайстра́ 1 ’кастра, адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні валакністых раслін (лёну, канапель і інш.)’ (Бяльк., Мат. Гом., Яўс.), койстра (петрык., Шатал.), кайстрыца (Маш., Радч., Янк. 2, Янк. 3.), кайстрыйка, кайстрычка (Бяльк.), кайстрысты ’з кастрыцай’ (Яўс.). Геаграфія слова ўсх.-бел. толькі н.-зыбк., усх.-бран. койстра ’тс’. Мясцовая (усх.-бел.) інавацыя на базе кастра (гл.), фанетыку вытлумачыць з упэўненасцю цяжка. Магчыма, ‑й‑ «узнаўляецца» па аналогіі з лексікай, дзе адзначаюцца формы з ‑й‑ і без; не выключана, што тут уплыў слова кайстра 2, якое магло ўспрымацца як ананімічнае, аб фанетыцы апошняга гл. кайстра 2.

Кайстра́ 2 ’дарожная торба, заплечны мяшок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., касцюк., КЭС; Серж., Некр., Чуд., Шн. 3; Эр. Очерки; Яўс.), ’торба, мех; кошык’ (Мат. Гом.), ’торба’ (Янк. 1), ’торба з палатна’ (мін., Карскі 1, 2; Маш.), ’торба са скуры’ (Грыг.), кайстры ’мяшкі ў выглядзе кішэнь з палатна, якія носяць старцы’ (Радч.), кайстрачка (Сержп.), кайсцерка (Мат. Гом.). Укр. кайстра ’мяшок’ усх.-палес. ’торба’, спарадычна кастра і тайстра, рус. смал. і бран. кайстра ’мяшок, торба, аброчная торба’, СРНГ прыводзіць яшчэ памету «паўдн.-усх.» у форме кастра — курск. Брукнер (564) адзначае: «…kajstra ў гаворках, хаця звычайная польск. форма — tajstra». Слова лічыцца запазычаннем з лац. мовы. Фасмер (2, 162), аднак, не ўказвае шляхоў запазычання. Геаграфія слова ва ўсх.-слав. мовах сведчыць аб пранікненні або запазычанні з польск. мовы. У польск. Брукнер (там жа) меркаваў аб непасрэднай крыніцы чэш. tanistra. Гэта для польск. tajstra; формы з ‑к‑, аднак, бліжэй да лац. canistrum (з грэч.) ’кошык, пляцёнка’. Разглядаемая форма з’яўляецца, відаць, зыходнай для палес. тайстра, польск. tajstra; Фасмер (2, 162) тлумачыў з’яўленне дыстантнай дысіміляцыяй; працэс, як у гумага < бумага. Фанетыку слова (кайстра < canistrum) вытлумачыць цяжка, хутчэй за ўсё тут нерэгулярныя трансфармацыі, «апрацоўка» ў гаворках. На гаворкавы (кантактны) шлях распаўсюджання ўказвае шырокая вядомасць нелітаратурнай для польскай мовы формы слова. Неабходна, аднак, звярнуць увагу на тое, што бел. слова — усходняе па геаграфіі. Сімптаматычна, што Сл. паўн.-зах. адзначае формы кайстра і кэйстра толькі з Рагачоўскага і Калінкавіцкага раёнаў, што сведчыць аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту. Рус. гаворкі атрымалі слова за бел. пасрэдніцтвам; кур. кастра або з усх.-палес. кастра, або вынік незалежнай карэкцыі формы па блізкай у гукавым плане костра ’кастрыца’. Аб распаўсюджанні слова на ўкр. тэрыторыі дакладных звестак няма; не выключана, што ёсць два арэалы пранікнення: з польск. мовы і бел. Параўн. яшчэ тайстра (гл.).

Кайстра́ 3 ’агонь, полымя’ (Мат. Гом.). Мясцовая трансфармацыя слова касцёр. Магчыма, спачатку з формы кайсцёр, аналагічна і не без уплыву кайстра 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)