НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.

Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.

З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала i affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт валокнаў.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дрэ́ва, ‑а; Р мн. дрэў; н.

1. Шматгадовая расліна з цвёрдым ствалом і галінамі, якія ўтвараюць крону. Хвойныя дрэвы. Пладовыя дрэвы. □ Навокал, пад дрэвамі, у траве, стаяць чырвоныя, прыгожыя мухаморы. Брыль. Верхавіны гэтых дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі зялёны тунель. Чарнышэвіч.

2. толькі адз. Матэрыял з такой расліны, які ідзе на будаўніцтва, розныя вырабы; драўніна. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, накрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля.

•••

Гваздзіковае дрэва — вечназялёнае трапічнае дрэва сямейства міртавых, высушаныя кветкі якога ідуць на выраб гваздзікі.

Жалезнае дрэва — тое, што і бакаут.

Камфорнае дрэва — вечназялёнае дрэва сямейства лаўровых, з якога атрымліваюць камфорны алей.

Кафейнае дрэва — тое, што і кофе (у 1 знач.).

Коркавае дрэва — дрэва сямейства рутавых, якое дае корак прамысловага значэння.

Радаслоўнае дрэва — схема ў выглядзе дрэва, якая паказвае разгалінаванне роду, сям’і.

Ражковае дрэва — трапічнае дрэва сямейства цэзальпініевых з буйнымі ядомымі карычневымі пладамі ў форме ражка, струка.

Чорнае дрэва — драўніна некаторых парод трапічных дрэў цёмнага колеру, якая ідзе на выраб мэблі і пад.

Чырвонае дрэва — драўніна некаторых трапічных парод дрэў чырвонага або карычневага колеру, якая ідзе на выраб мэблі і пад.

Тутавае дрэва — тое, што і шаўкоўніца.

За дрэвамі не бачыць лесу гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

база́льт

(п.-лац. basaltes, ад гр. basanos = пробны камень)

вулканічная горная парода цёмнага колеру, якая складаецца з плагіяклазу, аўгіту і часта алівіну; выкарыстоўваецца як матэрыял для будаўнічых і дарожных работ.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гваздзі́к

(ст.-польск. gwoździk)

травяністая расліна сям. гваздзіковых з пахучымі кветкамі чырвонага, ружовага або белага колеру, пашыраная пераважна ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная і лекавая.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

еўро́пій

(н.-лац. europium, ад лац. Europa = Еўропа)

хімічны элемент з сям. лантаноідаў, рэдказямельны метал серабрыста-белага колеру; выкарыстоўваецца як паглынальнік нейтронаў у ядзернай тэхніцы, актыватар люмінафораў у каляровым тэлебачанні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

іры́с

(гр. iris = радуга)

1) радужная абалонка вока;

2) сорт цукерак у выглядзе плітачак карычневага колеру, якія робяцца з малака, цукру і патакі;

3) суканыя каляровыя ніткі для вышывання, вязання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ка́лій

(н.-лац. kalium, ад ар. alkali = паташ)

хімічны элемент, шчолачны метал серабрыста-белага колеру; выкарыстоўваецца як матэрыял электродаў у хімічных крыніцах току, як гетэр у вакуумных радыёлямпах і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

магне́зія

(п.-лац. magnesia, ад гр. Magnesia = назва горада ў Малой Азіі)

лёгкі парашок белага колеру, які з’яўляецца вокісам або соллю магнію; выкарыстоўваецца ў медыцыне, а таксама як вогнетрывалы матэрыял.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

садалі́т

(ад сода + -літ)

мінерал класа сілікатаў, карбанат натрыю з прымессю кальцыю, хлору і іншых хімічных элементаў сіняга, шэрага або зеленаватага колеру; выкарыстоўваецца ў электроніцы, тэлебачанні і як дэкаратыўны камень.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

я́шма

(тур. yešim, ад ар. yasm)

горная асадачная парода чырвонага, зялёнага, шэрага, белага або чорнага колеру, якая складаецца з дробных зерняў кварцу, выкарыстоўваецца як дэкаратыўны камень і ў мастацкіх вырабах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)