расійскі паэт. Вучыўся ў Сарбоне (1907—08), Гайдэльбергскім (1909—10) і Пецярбургскім (1911—17) ун-тах. Друкаваўся з 1907. У ранніх вершах уплыў паэзіі сімвалістаў. З 1912 адзін са стваральнікаў акмеізму (арт.-маніфест «Раніца акмеізму», 1913. апубл. 1919). Вершы гэтага перыяду (зб. «Камень», 1913) адзначаны канкрэтна-рэчавым успрыняццем свету, культ.-гіст. вобразамі і матывамі, імкненнем да дакладна вывераных «архітэктурных» форм. У зб. «Tristia» («кнізе смуткаў», 1922; пад назв. «Другая кніга», 1923) захапленне сярэднявеччам, готыкай змяняецца зваротам да культуры Грэцыі і Рыма; у вершах на інш. тэмы — прынцып асацыятыўнасці вобразнай сістэмы, узнікненне зашыфраванага сэнсу. Вершам 1920—30-х г. (зб. «Вершы», 1928; цыклы «Арменія», 1931; «Варонежскія сшыткі», апубл. 1966) уласцівы трагічнае гучанне, роздум пра адказнасць паэта перад часам, адкрытасць аўтарскага голасу. Кніга аўтабіягр. апавяданняў «Шум часу» (1925) і аповесць «Егіпецкая марка» (1928) пра духоўны крызіс інтэлігента. Аўтар зб. артыкулаў «Пра паэзію» (1928), нарысаў «Падарожжа ў Арменію» (1933), літ.-крытычнага эсэ «Размова пра Дантэ» (1933, апубл. 1967), гісторыка-культ. эсэ, вершаў для дзяцей і інш. Пераклаў асобныя творы Ф.Петраркі, А.Барб’е, В.Скота і інш. У 1934 арыштаваны. сасланы на 3 гады ў Варонеж, у маі 1938 арыштаваны зноў, загінуў у перасыльным лагеры. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАЛО́ГІЯ (ад гельмінты + ...логія),
навука аб паразітычных чарвях — гельмінтах і хваробах (гельмінтозах), што імі выклікаюцца. Вывучае пашырэнне, жыццёвыя цыклы, хваробатворнае дзеянне гельмінтаў, распрацоўвае спосабы дыягностыкі і прафілактыкі гельмінтозаў у чалавека, жывёл і раслін. Даследаванні вядуцца па асн. кірунках: агульная гельмінталогія (вывучае агульныя заканамернасці развіцця паразітычных чарвей, іх сістэматыку і відаўтварэнне), медыцынская гельмінталогія (хваробы чалавека, выкліканыя гельмінтамі, іх дыягностыку, прафілактыку і лячэнне), ветэрынарная і агранамічная гельмінталогія (вывучаюць адпаведна гельмінтаў жывёл і раслін і распрацоўваюць меры барацьбы з імі).
Першыя звесткі пра гельмінты вядомы са старажытнасці (Гіпакрат, Арыстоцель, Авіцэна). Навук. гельмінталогія ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Яе заснавальнік — ням. натураліст К.Рудольфі, які заклаў асновы сістэматыкі і марфалогіі гельмінтаў. У 1863—76 апублікавана 2-томная праца ням. заолага Р.Лейкарта пра паразітаў чалавека. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. — эксперым. перыяд у гельмінталогіі. Заснавальнік сав. школы гельмінталогіі — К.І.Скрабін. Ён апісаў больш за 200 новых відаў гельмінтаў, распрацаваў асновы дэгельмінтызацыі (1925), што спалучаюць у сабе прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Развіццю гельмінталогіі ў Расіі спрыялі працы В.А.Догеля, Р.С.Шульца і інш., на Украіне — А.П.Маркевіча.
На Беларусі вялікі ўклад у гельмінталогію зрабілі Х.С.Гарагляд, І.В.Меркушова, Ц.Г.Нікулін, Р.С.Чабатароў, І.С.Жарыкаў, В.Ф.Літвінаў, В.А.Шчарбовіч і інш. Даследаванні па гельмінталогіі вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі (Л.І.Бычкова), Ін-це эксперым. ветэрынарыі (М.В.Якубоўскі), у Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах (Р.Г.Заяц, Я.Л.Бекіш), у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (А.І.Ятусевіч). і інш. Распрацаваны многія праблемы біяхіміі і фізіялогіі гельмінтаў, імунітэту і імунадыягностыкі, алергіі пры гельмінтозах і інш.
Літ.:
Чеботарев Р.С. Очерки по истории медицинской и ветеринарной паразитологии. Мн., 1977;
Меркушова И.В., Бобкова А.Ф. Гельминты домашних и диких животных Белоруссии. Мн., 1981;
Романенко Н.А. Санитарная гельминтология. М., 1982;
Гельминтозы человека: (Эпидемиология и борьба). М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПІ (Lippi),
італьянскія жывапісцы эпохі Ранняга Адраджэння; прадстаўнікі фларэнційскай школы жывапісу.
Фра Філіпа Л. (каля 1406, г. Фларэнцыя, Італія — 9.10.1469). У 1421—56 быў манахам-кармелітам. Як мастак склаўся пад уплывам Мазачыо, Мазаліна, Анджэліка, Л. Манака. Працаваў у Фларэнцыі, Падуі (1434—37), Прата (1452—64, з перапынкамі), Спалета (з 1466). Яго фрэскавыя цыклы вызначаюцца вытанчанасцю лінейнага малюнка, мяккай святлоценявой лепкай формы, гармоніяй светлага, стрыманага каларыту, індывідуальнасцю і простанароднасцю вобразаў («Рэформа кармеліцкага ордэна» ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі, 1432—33; «Сцэны з жыцця Іаана Хрысціцеля і св. Стэфана» ў саборы ў Прата, 1452—64). Алтарным кампазіцыям уласцівы лірычнасць, змякчэнне пластычнай трохмернасці форм складанымі, гарманічна-плаўнымі матывамі руху і святлоценявой насычанасцю каларыту («Мадонна Тарквінія», «Мадонна з немаўляці, св. Фрэдрыяна, св. Аўгусцінам і анёламі», абедзве 1437; «Каранаванне Маці Божай», 1441—47; «Дабравешчанне», 1440-я г.; «Тонда Барталіні», 1452; «Пакланенне немаўляці», канец 1450 — пач. 1460-х г.). Сярод яго вучняў С.Батычэлі.
Філіпіна Л. (каля 1457, г. Прата, Італія — 18.4.1504). Сын Фра Філіпа Л. Вучыўся ў свайго бацькі, пазней у Батычэлі. У сталы перыяд зазнаў уплывы Леанарда да Вінчы і нідэрландскіх жывапісцаў. Творчасць вызначаецца эмацыянальнай выразнасцю контурных ліній і вытанчанасцю колеравай гамы, якая падкрэсліваецца багаццем арх.-дэкар. матываў, навеяных ант. мастацтвам. Сярод твораў: фрэскі ў капэле Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне (каля 1481—83) і капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела (1487—1502) у Фларэнцыі, у царкве Санта-Марыя сопра Мінерва ў Рыме (каля 1488—93), алтарныя кампазіцыі «Сцэны з жыцця Лукрэцыі» (каля 1475—80), «Мадонна на троне са святымі» (1485), «Пакланенне немаўляці Хрысту» (сярэдзіна 1480-х г.), «Пакланенне вешчуноў» (1496) і інш. У позніх работах узмацніліся рысы неспакою і манернай напружанасці.
Фра Філіпа Ліпі. Тонда Барталіні. 1452.Філіпіна Ліпі. Апостал Філіп каля храма Марса. Цуд з драконам. Фрэска ў капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела. 1487—1502.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКЦЮ́РН (франц. nocturne літар. начны),
першапачаткова цыкл рознахарактарных муз. п’ес пераважна для ансамбля струнных ці духавых інструментаў, прызначаны для выканання ў начны ці вячэрні час на вольным паветры. Блізкі да дывертысмента, серэнады, касацыі (В.А.Моцарт, І.Гайдн). Вядомы таксама вак. і хар. Н. З 19 ст. Н. называюць інстр.мініяцюру (пераважна для фп.) лірыка-сузіральнага характару з кантыленнай мелодыяй і акампанементам, які мерна пагойдваецца. Форма звычайна 3-часткавая з кантрастнай сярэдзінай, радзей ронда.
Стваральнік фп. Н. — Дж.Філд. Лепшыя ўзоры Н. належаць Ф.Шапэну, які паглыбіў яго вобразна-эмацыянальны змест. Тып праграмнага Н. ёсць у Р.Шумана (цыкл «начных п’ес» ор. 23) і Ф.Ліста («Мроі кахання»), Часам Н. уваходзіць у склад буйных інстр. форм (7-я сімф. Г.Малера, саната h moli Шапэна), у сцэн. музыку («Сон у летнюю ноч» Ф.Мендэльсона, «Дафніс і Хлоя» М.Равеля), у камерна-інстр. (2-і квартэт А.Барадзіна) і вак. творы (Дж.Расіні, Дж.Вердзі, М.Глінка, Б.Брытэн). Узоры Н. ў рус. класічнай музыцы стварылі П.Чайкоўскі, А.Скрабін. Тэрмін «Н.» выкарыстаў К.Дэбюсі для назвы праграмнай сімф. сюіты, П.Хіндэміт уключыў Н. у фп. сюіту «1922».
У бел. музыцы Н. ёсць у П.Падкавырава, Я.Цікоцкага. Найчасцей бел. кампазітары пішуць Н. для розных інстр. складаў, уключаюць у цыклы рознахарактарных п’ес (М.Аладаў, А.Багатыроў, Л.Абеліёвіч, С.Картэс, Л.Шлег). У буйных інстр. формах Н. трапляецца пераважна ў перапрацаваным выглядзе ў Абеліёвіча, Аладава, Г.Вагнера (лірыка-філас. павольныя часткі сімфоній). Блізкія да Н. некат. лірычныя сцэны бел. балетаў («Мара», «Маленькі прынц» Я.Глебава).
Літ.:
Панкратова В. Малые инструментальные формы (прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962;
Попова Т. Одночастные инструментальные жанры // Музыкальные жанры. М., 1968;
Цуккерман В. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),
італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян.літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.Баршчэўскі, Ю.Гаўрук, М.Дуброўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Санеты. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
Рус.пер. — Избранное. М., 1974;
Сонеты. Мн., 1982;
Эстетические фрагменты. М., 1982;
Лирика. М., 1989;
Африка: Поэма. М., 1992;
Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;
Сочинения философские и полемические. М., 1998.
Літ.:
Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЦЕ́ЙШЫЯ (Protozoa),
падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл. 5 (па інш. класіфікацыях да 9) тыпаў: саркамастыгафоры (Sarcomastigophora), апікомплексы (Apicomplexa), міксаспарыдыі, мікраспарыдыі, інфузорыі. Больш за 40 (70) тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. Некат. паразіт. П. выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі—шкоднікамі с.-г. і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш. шырока выкарыстоўваюцца ў біяфіз., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях. П. — важная састаўная ч.кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.
Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некат. буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш.арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія П. пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. З’яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Вывучае П. — протазаалогія. Гл. таксама Пратысталогія.
Літ.:
Серавин Л.Н. Простейшие..: Что это такое? М., Л., 1984;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987;
Хадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭ́С (Сяргей Альбертавіч) (н. 18.2.1935, г. Сан-Антоніо, Чылі),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). У Мінску з 1955. Скончыў Бел. кансерваторыю (1962, клас А.Багатырова). З 1965 заг.муз. часткі Дзярж.рус.т-ра Беларусі, з 1966 — Бел.т-ра імя Я.Купалы, з 1972 муз. рэдактар, гал.муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». З 1991 дырэктар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі і маст. кіраўнік оперы, з 1996 дырэктар—маст. кіраўнік Нац.акад.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. У яго творчасці тэмы высокага грамадз. гучання, імкненне да філас. асэнсавання рэчаіснасці. Працуе пераважна ў жанрах, заснаваных на сінтэзе музыкі, слова і сцэн. дзеяння. Інстр. музыка вызначаецца праграмнасцю, канкрэтнай вобразнасцю, характарыстычнасцю. Пры выкарыстанні складаных відаў сучаснай кампазітарскай тэхнікі (дадэкафонія, алеаторыка) музыка К. лёгкая для ўспрымання дзякуючы яркасці меладычных вобразаў, апоры на быт. жанры. Сярод твораў: оперы «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Матухна Кураж» паводле Б.Брэхта (паст. 1982, Каўнас; запіс на бел. радыё 1988), «Візіт дамы» паводле Ф.Дзюрэнмата (паст. 1995), балет «Апошні інка» (паст. 1990, Гавана); харэаграфічныя мініяцюры «Першыя чайкі» і «В’етнам» (паст. адпаведна 1967 і 1969); араторыі «Памяці паэта» на словы Я.Купалы (1972), «Бай прыдумаў» для хору хлопчыкаў і аркестра на словы Р.Барадуліна (1975); вак.-сімф. паэма «Попел» на словы Э.Межэлайціса (1966); музыка для струнных (1970), канцэрт для фп. з аркестрам «Капрычас» (1969); уверцюра на бел. тэмы для аркестра бел.нар. інструментаў (1972); санаты, сюіты «Казка» і «Кантрасты» для фп.; струнны квартэт (1996); вак.цыклы на вершы А.Вярцінскага, М.Танка («Закон захавання матэрыі»), У.Шэкспіра, Ф.Гарсія Лоркі і інш.; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Літ.:
Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.Глебов, С.Кортес, Д.Смольский, И.Лученок. М., 1978;
Друкт А.А. Драматургічная канцэпцыя оперы С.Картэса «Джардана Бруна» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1984. № 1;
Аладава Р.М. Опера С.Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕР ((Mahler) Густаў) (7.7.1860, в. Каліштэ, Чэхія—8.5.1911),
аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, оперны рэжысёр; буйнейшы еўрап. кампазітар канца 19 — пач. 20 ст. З 1875 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў Ю.Эпштэйна (фп.), кампазіцыі — у А.Брукнера. З 1880 оперны рэжысёр у т-рах Прагі, Вены, Лейпцыга і інш. З 1888 дырэктар Каралеўскай оперы ў Будапешце, з 1891 першы дырыжор Гар.т-ра ў Гамбургу. З 1897 дырэктар Венскай прыдворнай оперы. З 1907 у ЗША, дырыжор т-ра «Метраполітэн-опера», з 1909 адначасова кіраўнік Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Для яго музыкі характэрны тэндэнцыі позняга рамантызму і адначасова рысы экспрэсіянізму, што абумоўлена трагічным асэнсаваннем сац. супярэчнасцей эпохі. Аўтар 9 сімфоній (1888—1909; 10-я не скончана), першыя 4 з якіх спалучаюць эмац. непасрэднасць і трагічную іронію, жанравыя замалёўкі і сімволіку; 5—7-я сімфоніі складаюць трагічна афарбаваную інстр. трылогію, інтанацыйна звязаную з песеннымі цыкламі (пераважна на словы Ф.Рукерта і нар. тэксты з «Чароўнага рога хлопчыка»). Творы позняга перыяду прасякнуты тэмай развітання з жыццём. Асаблівасці яго сімфанізму выяўляюцца ў адмаўленні ад класічнай 4-часткавай будовы ў большасці сімфоній, пераўтварэнні структуры ўсяго цыкла. Каб зрабіць больш даступнымі свае ідэйна-гуманіст. канцэпцыі і складаную манумент. форму сімфоній, ён дэмакратызаваў меладычную мову, уводзіў у іх вак.-хар. эпізоды. М. павялічыў склад аркестра, развіў мастацтва аркестроўкі, узбагаціў лада-гарманічныя сродкі. Сярод інш. твораў: сімфонія-кантата «Песня аб зямлі» для салістаў і арк. (1909); вак.цыклы — «14 песень і напеваў юнацкіх гадоў» для голасу з фп. (1880—90), «Песні вандроўнага чалядніка» (1883—85), «12 песень з «Чароўнага рога хлопчыка» (1892—98), «Сем песень апошніх гадоў» (1899—1902), «Песні аб памерлых дзецях» (1904; усе для голасу з арк.), «Жаласная песня» для салістаў, хору і арк. (1-я рэд. 1880). Творчасць М. значна паўплывала на музыку кампазітараў 20 ст.
Літ.:
Густав Малер: Письма. Воспоминания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1968;
Барсова И.А. Симфонии Густава Малера. М., 1975;
Тараканов М. Малер // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;
Mitchell D. G. Mahler songs and symphonies of life and death. London, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЛЮ́ДЫЯ, прэлюд (позналац. praeludium ад лац. praeludo раблю ўступ, іграю папярэдне),
невялікая муз. п’еса імправізацыйнага характару пераважна для аднаго інструмента.
Найб. раннія яе ўзоры ўзніклі ў 15 ст. Напачатку П. — кароткі ўступ да асн.інстр. п’есы ці харала. адметны свабодным стылем з фігурацыйным развіццём, элементамі поліфанічнага і акордавага складу; стварала танальны, вобразна-эмацыянальны настрой, палягчала ўступ галасоў. У 17 ст. П. называліся ўступы ў франц. оперы, сюіце ці сюітападобным цыкле побач з фугай і інш. п’есамі. З 18 ст.самаст. п’еса. З імем І.С.Баха звязана зацвярджэнне цыкла П. — фуга, у якім абедзве п’есы, аб’яднаныя танальна, дапаўняюць адна адну кантрастам характару, спосабу выкладання. Пазней падобныя цыклы стварылі Дз.Шастаковіч, Р.Шчадрын, П.Хіндэміт і інш. У 20 ст. тэрмін «П.» трактуецца шматпланава: 2-часткавы цыкл П. — фуга пашырыўся да 3-часткавага («Прэлюдыя, харал і фуга» С.Франка); уступы да оперы і яе асобных актаў (оперы Дж.Вердзі, Р.Вагнера, Дж.Пучыні); самастойны, пераважна фп. ці аркестравы, твор («Прэлюды» Ф.Ліста); узнікае тып цыкла П. звычайна ва ўсіх танальнасцях (Ф.Шапэн, С.Рахманінаў, А.Скрабін, К.Дэбюсі, Дз.Шастаковіч, Дз.Кабалеўскі).
У бел. музыцы жанр П. ўвасоблены ў разнастайных цыклах вобразна-канкрэтных мініяцюр для фп. (6 прэлюдый Г.Вагнера, 2 — Р.Суруса, прэлюдыі С.Каргэса, І.Лучанка, В.Помазава, У.Браілоўскага), у класічных цыклах («24 П» для фп. П.Падкавырава), у традыц. «парным» цыкле (П. і фуга для струн. аркестра з фп. В.Іванова). Створаны П. для нар. інструментаў самаст. п’есы (П. для цымбалаў і фп. М.Аладава, П. для аркестра нар. інструментаў А.Мдывані), ці ч. «парнага» цыкла (П. і канцэрціна Л.Свердэля). Своеасабліва пераўтвораны жанр П. ў буйных цыклічных формах (імправізацыйна-рэчытатыўная экспрэсіўная П. ў 3-й санаце -для скрыпкі і фп. Л.Абеліёвіча, ролю П. выконваюць інтрады ў неакласіцысцкай 2-й сімфоніі Г.Вагнера, у пераасэнсаванні будовы класічнай сюіты «Мемарыял» для камернага аркестра У.Дарохіна) і інш. Пры стварэнні П. некат. бел. кампазітары выкарыстоўваюць сучасную тэхніку кампазіцыі (5 дадэкафонных прэлюдый Р.Суруса).
Літ.:
Панкратова В. Малые инструментальные формы: (Прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНЭ ((Heine) Генрых) (13.12.1797, г. Дзюсельдорф, Германія — 17.2.1856),
нямецкі паэт, публіцыст, крытык. Сінтэзаваў дасягненні ням. рамантызму, вызначыў тэндэнцыі развіцця рэалізму. У 1819—25 вучыўся ў Бонскім, Гётынгенскім і Берлінскім ун-тах; слухаў лекцыі Г.Гегеля. У 1825 прыняў лютэранства, што дазволіла яму атрымаць ступень доктара права. З 1831 у эміграцыі ў Парыжы. З 1848 прыкаваны да ложка, паступова страчваючы зрок і слых. Друкаваўся з 1817. Найб. значныя творы ранняга перыяду (1816—31) — зб. лірычных вершаў «Кніга песень» (1827) і кн. нарысаў «Дарожныя малюнкі» (т. 1—4, 1826—31). «Кніга песень» (цыклы «Юнацкія пакуты», «Лірычнае інтэрмецца», «Вяртанне на радзіму», «Паўночнае мора») перадае асабістую драму паэта, малюе карціну духоўнага сталення маладога чалавека, праз лірычнае «я» дае шырокую панараму эпохі. Асэнсаванне трагічнага разрыву паміж ідэалам і рэальнасцю, рамантычна-ўзнёслы настрой і іронія вызначаюць змест і асаблівасці гэтага зб-ка. У «Дарожных малюнках» стварыў рэзка сатырычны вобраз феад.-манархічнай Германіі. З пач. 1830-х г. у яго творчасці пераважаюць паліт., грамадскія, філас.-эстэт. праблемы (кн. «Французскія справы», 1832; «Людвіг Бёрне», 1840; «Лютэцыя», 1840—47; «Рамантычная школа», 1833; «Да гісторыі рэлігіі і філасофіі ў Германіі», 1834). У творах паліт. і сатыр. тэматыкі (зб. «Сучасныя вершы», 1844; паэмы «Ата Троль. Сон у летнюю ноч», 1841—47; «Германія. Зімовая казка», 1844) Гейнэ выкрываў дух шавінізму і пангерманізму, з болем і любоўю разважаў пра мінулае і будучае радзімы. Трагічнаму лёсу яўр. народа, яго духоўнай спадчыне прысвяціў цыкл «Яўрэйскія мелодыі» (1849), уключаны ў зб. «Рамансера» (1851), у якім шырока выкарыстаў фальклор, апрацаваў гіст., міфалагічныя, біблейскія сюжэты. Яго паэзіі ўласцівыя эмацыянальнасць, узнёсласць і скептыцызм, песеннасць ладу, вольныя рытмы і яркая вобразнасць, паліт. надзённасць і глыбіня філас. абагульненняў. На бел. мову творы Гейнэ перакладалі М.Багдановіч, М.Васілеўская, А.Вяржбоўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, А.Зарыцкі, С.Ліхадзіеўскі, А.Мардвілка, Я.Семяжон, І.Сіманоўскі, Ю Таўбін.
Тв.:
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1959;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980—83.
Літ.:
Вольфсон С.Я. В матрацной могиле. Мн., 1940;
Дейч А.И. Поэтический мир Генриха Гейне. М., 1963;
Гиждеу С.П. Лирика Г.Гейне. М., 1983;
Пронин В.А. «Стихи достойные запрета...»: Судьба поэмы Генриха Гейне «Германия. Зимняя сказка». М., 1986.