ЦЯЖА́РНАСЦЬ,
фізіялагічны працэс выношвання плода з моманту апладнення да родаў у чалавека і жывародных жывёл. У большасці млекакормячых аплодненыя яйцаклеткі рухаюцца па яйцаводзе ў матку і ўкараняюцца ў яе сценку. На месцы ўкаранення фарміруецца плацэнта. З надыходам Ц. ў самкі спыняюцца палавыя цыклы, адбываюцца значныя змены ў гарманальным балансе, абменных і энергет. працэсах, павялічваецца патрэбнасць у пажыўных рэчывах, вітамінах. Працягласць Ц. ў буйных жывёл, дзіцяняты якіх адразу пасля нараджэння здольныя ісці ўслед за маці, ад 230 (алень, лось) да 660 сут (слон). У драпежнікаў, якія ўскормліваюць слепанароджаных дзіцянят (катоў, сабак, ваўкоў, рысей) ва ўкрыццях, Ц. цягнецца 56—72 сут, у малпаў — 4—9 месяцаў.
Ц. жанчыны цягнецца звычайна 280 сут (9 мес). Аб’ём маткі павялічваецца ў 500, яе маса ў 25 разоў. У час Ц. бывае моташнасць, ірвота, змена смаку і інш.; зніжаецца тонус маткі (для папярэджвання выкідыша). Ускладненні Ц. — пазаматачная цяжарнасць, таксікозы цяжарнасці. Сістэм. нагляд за цяжарнымі жанчынамі ажыццяўляюць жан. кансультацыі.
І.М.Семяненя.
т. 17, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)