рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. П.-а.р. з’яўляюцца арган. злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), Што забяспечвае растваральнасць П.-а.р. у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20 (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць).
Паводле стану ў растворы П.-а.р. падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці (гл.Актыўнасць у хіміі) праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць П.-а.р. іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне П.-а.р. заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытв-сці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50% вырабленых П.-а.р.), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытв-сці тканін і хім. валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш.
Літ.:
Абрамзон А.А. Поверхностноактивные вещества: Свойства и применение. 2 изд. Л., 1981;
Русанов А.И. Мицеллообразование в растворах поверхностно-активных веществ. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),
перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн.фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 у параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн.чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМАРФІ́ЗМ (ад полі... + морфа) у біялогіі, наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл двух (дымарфізм) ці больш вельмі непадобных груп асобін. Уключае адрозненні ў знешнім выглядзе асобін з адной ці розных папуляцый. Характэрны для многіх відаў флоры і фауны, у т. л. на Беларусі.
Унутры папуляцый адрозніваюць некалькі тыпаў П. Узроставы П. звязаны з чаргаваннем пакаленняў (напр., у ржаўных грыбоў, прахадных рыб, насякомых, якія развіваюцца з метамарфозам). Палавы П. звязаны з неаднолькавай марфалогіяй і экалогіяй асобін рознага полу (у насякомых, птушак, млекакормячых). Функцыянальны П. адлюстроўвае ўзроставыя палавыя адрозненні і найб. выразны ў жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам (напр., маляўкі рыб, лічынкі земнаводных і насякомых, функцыянальна нераўнацэнныя дарослым). Фазавы П. абумоўлены шчыльнасцю папуляцый, якая выклікае т.зв. фазавую зменлівасць (напр., у асобін адзіночнай і статкавай фаз у саранчовых). Генетычны П. звязаны з вар’іраваным уздзеяннем натуральнага адбору ў розных умовах, і з павышанай адноснай жыццяздольнасцю геннай структуры арганізма. Розныя тыпы ўнутрыпапуляцыйнага П. могуць быць узаемазвязаныя і сумяшчальныя ў часе. П. ускладняе і робіць больш разнастайнымі сувязі арганізма з асяроддзем, стварае аснову для відаўтварэння шляхам дывергенцыі ў працэсе эвалюцыі.
Полімарфізм у біялогіі: 1 — у розных папуляцыях хвой (хвоі, якія раслі ў розных умовах: а — у лесе, б — на адкрытым месцы, в — на балоце); у межах адной папуляцыі: 2 — генетычны (спадчынныя формы мухі дразафілы: а — самец, б — самка, в, г, д, е — розныя формы патомства); 3 — палавы (мурашка рыжая лясная: а — самка, б — самец, в — рабочая асобіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКТЫФІКА́ЦЫЯ (позналац. rectificatio выпрамленне ад лац. rectus прамы, правільны + facio раблю),
раздзяленне гамагенных вадкіх сумесей на састаўныя часткі. Засн. на дыфузійным абмене кампанентаў паміж паравой і вадкай фазамі (гл.Дыстыляцыя). Суправаджаецца міжфазавым цеплаабменам. Адрозніваюць Р. двух- і шматкампанентных сумесей; ажыццяўляюць бесперапынна ці перыядычна.
Для Р. выкарыстоўваюць калонныя апараты (рэктыфікацыйныя калоны), у якіх адбываецца шматразовы кантакт паміж патокамі вадкай і паравой фаз, што рухаюцца проціцёкам. Пры бесперапыннай Р. нагрэтая зыходная сумесь бесперапынна падаецца ў сярэднюю частку калоны, дзе з яе выпарваюцца нізкакіпячыя кампаненты. Пара падымаецца ўверх па калоне, на рэктыфікацыйных талерках яна кантактуе з вадкасцю (флегмай), якая паступае зверху ўніз, узбагачаецца нізкакіпячымі кампанентамі і паступае ў дэфлегматар (кандэнсатар). Частка дыстыляту з дэфлегматара (флегма) вяртаецца ў калону на арашэнне, астатні дыстылят праз халадзільнік адпампоўваецца ў ёмістасці гатовай прадукцыі. Пры Р. шматкампанентных сумесей гатовыя прадукты адбіраюць на рознай вышыні верхняй паловы калоны (напр., пры Р. нафты зверху адбіраюць бензін, ніжэй газу і яшчэ ніжэй дызельнае паліва). Вадкая фаза сумесі, што паступае ў калону, сцякае з рэктыфікацыйных талерак уніз, пры гэтым яна ўзбагачаецца высокакіпячымі кампанентамі з пары (лёгкакіпячыя кампаненты паступаюць у пару), якая падымаецца з куба-выпаральніка, і адводзіцца з калоны (частка вадкасці ў выглядзе пары зноў паступае ў калону). Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. і нафтаперапрацоўчай прам-сці.
Літ.:
Жаров В.Т. Серафимов Л.А. Физико-химические основы дистилляции и ректификации. Л., 1975;
Петлюк Ф.Б., Серафимов Л.А. Многокомпонентная ректификация: Теория и расчет. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЗА (ад грэч. phasis з’яўленне),
1) перыяд, стадыя, этап, ступень у развіцці якой-н. з’явы, працэсу; адзін са станаў аб’екта, пэўны момант у змене формы чаго-н. Напр., розныя станы развіцця грамадства, розныя формы бачнай часткі Месяца — фазы Месяца.
2) Ф. вагання ў — фіз. велічыня, што характарызуе стан вагальнага працэсу ў кожны момант часу. Напр., для гарманічных ваганняў, якія апісваюцца ўраўненнем x = A sin (ωt + φ0), велічыня φ = ωt + φ0наз. поўнай (пераменнай) Ф. ваганняў, а φ0 — пачатковай (нязменнай) Ф. ваганняў. Вымяраецца ў долях перыяду ваганняў або ў вуглавых ці дугавых адзінках.
3) Ф. ў тэрмадынаміцы — тэрмадынамічна раўнаважны стан рэчыва (гл.Раўнавага тэрмадынамічная), які адрозніваецца па фіз. уласцівасцях ад інш. магчымых раўнаважных станаў таго ж рэчыва (гл.Гамагенная сістэма); частка гетэрагеннай сістэмы, аддзеленая межамі ад частак з інш.фіз. ўласцівасцямі. Пераход рэчыва з адной Ф. ў другую (фазавы пераход) звязаны з якаснымі зменамі ўласцівасцей рэчыва. Сувязь паміж колькасцю Ф. і колькасцю кампанентаў тэрмадынамічнай сістэмы ўстанаўліваецца Гібса правілам фаз. Напр., раўнаважная сістэма лёд — вада — пара з’яўляецца аднакампанентнай сістэмай, якая складаецца з 3 Ф., што ў гэтым выпадку супадаюць з агрэгатнымі станамі рэчыва.
4) Ф. ў электратэхніцы — адзін з эл. ланцугоў, які ўваходзіць у склад мнагафазнага, звычайна трохфазнага ланцуга. Характарызуецца тым, што ў ёй дзейнічае эрс (напружанне), зрушаная ў часе адносна эрс у інш. Ф. гэтага ланцуга. Ф. наз. таксама асобная група абмотак генератара пераменнага току і далучаны да яе провад, па якім ідзе эл. ток.
У.М.Сацута.
Фаза. Ваганні маятнікаў: а — у аднолькавай фазе; б — у проціфазе; φ — вугал адхілення маятніка ад стану раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чвэрць, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.
1. Чацвёртая частка цэлага.
Ч. года.
2. Адзін з чатырох перыядаў, на якія ўмоўна падзяляецца навучальны год у школе.
Усе вучні паспяхова закончылі першую ч.
3. Старая мера сыпкіх рэчываў, роўная 8 чацверыкам (каля 210 л).
Дзве чвэрці аўса.
4. Старая мера аб’ёму вадкасці, роўная чацвёртай частцы вядра (каля 3 л), якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы, а таксама пасудзіна ёмістасцю ў тры літры.
5. Старая мера даўжыні, роўная чацвёртай частцы аршына, што існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы.
6. Старая мера зямельнай плошчы, роўная 0,5 дзесяціны.
7. Нота працягласцю ў адну чацвёртую частку цэлай ноты (спец.).
8. Адна з чатырох фаз Месяца; вузкі серп Месяца ў першай ці апошняй фазе (спец.).
9. Паз прамавугольнага сячэння па канце дошкі для змацавання яе з другой дошкай (спец.).
◊
Тры чвэрці да смерці (разм.) — пра слабага, хворага чалавека, якому мала засталося жыць.
|| прым.чвэ́рцевы, -ая, -ае (да 2 і 7 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,
рэальны рух і змяненне пэўнага аб’екта ў часе і прасторы, што ахопліваюць усе стадыі яго развіцця: узнікненне, станаўленне, сцвярджэнне, распад і гібель. Як працэс развіцця чалавечага грамадства гістарычны працэс характарызуецца ўласцівай яму ўнутр. неабходнасцю, г.зн. наяўнасцю пэўнай заканамернасці этапаў, фаз, перыядаў і г.д., а таксама аб’ектыўнай накіраванасцю, пад якой разумеецца асн. тэндэнцыя змяненняў у грамадстве на ўсім працягу яго існавання. Такая накіраванасць адкрывае магчымасць падвядзення на кожнай ступені гістарычнага працэсу некаторых вынікаў яго ўздзеяння на ўмовы жыцця людзей у матэрыяльным, духоўным, паліт. і інш. аспектах. Існуюць розныя падыходы да разумення крыніцы гістарычнага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму звязваюць яго з асобай творцы або ўяўляюць гісторыю як самаразвіццё духу. Пашыраны канцэпцыі, паводле якіх гістарычны працэс азначае аб’ектыўны рух і змену розных формаў грамадскага жыцця пад уплывам прычын, якія знаходзяцца не за яго межамі, а ў ім самім. Напр., дыялектычны матэрыялізм бачыць крыніцу гістарычнага працэсу ў супярэчнасцях спосабу вытв-сці матэрыяльных даброт, якія вырашаюцца праз барацьбу грамадскіх класаў з антаганістычнымі (непрымірымымі) інтарэсамі; аднак ход гісторыі не спыняецца ні са змяненнем сац.-класавай структуры грамадства, ні з дасягненнем ім розных мэт (рэалізацыяй ідэалаў сац. справядлівасці, сац. роўнасці, стварэннем іншых умоў для гарманічнага развіцця асобы). Існуюць і такія інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу, у якіх ён уяўляецца як вынік складанага ўзаемадзеяння шматлікіх па сваёй прыродзе фактараў, найперш сучаснай навукі, тэхналогіі, інфарм. сістэм і г.д.
Літ.:
Кареев Н.И. Основные вопросы философии истории. Ч. 2. 3 изд. СПб., 1897;
Ракитов А.И. Историческое познание: Систем.-гносеол. подход. М., 1982;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;
Barraclough G. Main trends in history. New York, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКІ ЦВЁРДАГА ЦЕ́ЛА І ПАЎПРАВАДНІКО́ЎНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1963 у Мінску на базе Аддзела фізікі і хіміі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існаваў з 1958). У ін-це 15 навук. падраздзяленняў, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка цвёрдага цела; вывучэнне прыроды міжатамных узаемадзеянняў у цвёрдых целах; стварэнне новых паўправадніковых, магн., сегнетаэлектрычных, звышцвёрдых, звышправодных матэрыялаў і вывучэнне іх уласцівасцей. Даследаваны: дынаміка крышт. рашоткі і фазавыя пераходы ў магн., сегнетаэл. і звышправодных матэрыялах; гальванамагн. і магнітааптычныя ўласцівасці металаў і паўправаднікоў пры нізкіх т-рах; уласцівасці створаных магнітарэзістыўных матэрыялаў на аснове складаных аксідаў і новых метастабільных магн. і сегнетаэл. фаз; працэсы ўтварэння радыяцыйных дэфектаў у цвёрдых целах; заканамернасці адбіцця лазерных промняў ад узмацняльных і нелінейных асяроддзяў. Распрацаваны: тэорыя нестацыянарных кагерэнтных з’яў у цвердацелых матрыцах; метады стварэння высокатэмпературных звышправаднікоў у выглядзе монакрышталёў, плёнак і валакністых структур, высакаякасных нелінейнааптычных крышталёў, паўправадніковых і прасторава-мадуляваных магн. плёнак; метады выкарыстання іанізавальных выпрамяненняў у тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых прылад; сінтэз крышталёў алмазу, кубічнага нітрыду бору і на іх аснове кампазіцыйных звышцвёрдых матэрыялаў для стварэння спец. рэжучага і шліфавальнага інструменту. Укаранёна ў вытв-сць распрацаваная тэхналогія атрымання ферытавых матэрыялаў з мясц. сыравіны для вырабу ферытавых прылад радыё- і тэлевізійнай тэхнікі; створаны электронныя датчыкі, п’езаэлектрычныя матэрыялы і вырабы на іх аснове для акустаэлектронікі. Выдадзены зборнікі навук. прац: «Ферыты» (вып. 1—2, 1960—63), «Хімічная сувязь у крышталях» (1969), «Радыяцыйная фізіка неметалічных крышталёў» (1970), «Крышталізацыя і фазавыя ператварэнні» (1971), «Кінетыка і механізм крышталізацыі» (1973). У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.М.Сірата, чл.-кар. Я.М.Лабанаў, працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.М.Аляхновіч (дырэктар з 1993), Б.Б.Бойка, чл.-кар. Ф.П.Коршунаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],
вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.
У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл.Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр. назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСФАРМА́ТАР (ад лац. transformo пераўтвараю) электрычны, электрычны апарат без рухомых пастак для пераўтварэння пераменнага току аднаго напружання ў пераменны ток другога напружання пры нязменнай частаце. Дзеянне Т. грунтуецца на з’яве электрамагнітнай індукцыі. Існуюць Т. адна- і трохфазныя; сілавыя для перадачы і размеркавання электраэнергіі, спец. сілавыя для электразваркі, выпрамных установак і інш.; трансфарматары вымяральныя, высакавольтныя выпрабавальныя, імпульсныя, узгадняльныя, для ператварэння колькасці фаз, частаты, у т. л. радыёчастотныя, і інш. Магутнасць Т. да соцень мегавольтампер, ккдз магутных сілавых Т. 0,98—0,99.
Складаецца з магнітаправода з ліставой трансфарматарнай сталі, размешчаных на ім адной першаснай, адной і больш другасных ізаляваных абмотак. Есць Т., у якіх першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку (аўтатрансфарматары). Ток, які пераўтвараецца, падаецца на першасную абмотку, створаны ім пераменны магн. паток наводзіць у другаснай абмотцы эрс узаемаіндукцыі. Адносіны першаснага напружання да другаснага роўныя адносінам колькасці віткоў у абмотках і наз.каэф. трансфармацыі. Калі першаснае напружанне большае за другаснае, Т. паніжальны, у адваротным выпадку — павышальны. Адпаведныя сілавыя Т. ўстанаўліваюць на павышальных і паніжальных трансфарматарных падстанцыях. Для ахаладжэння Т. значнай магутнасці іх магнітаправод і абмоткі ставяць у метал. бак са спец. трансфарматарным маслам, ахаладжэнне Т. невял. магутнасці натуральнае (паветранае). У радыёэлектроннай апаратуры найб. пашыраны герметызаваныя Т., выкарыстоўваюцца таксама Т. ў бяскорпусным выкананні.
На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д выпускае Т. сілавыя масляныя магутнасцю да 1000 кВА, сілавыя сухія да 1000 кВА, маламагутныя сухія 0,063—2,5 кВА рознага прызначэння.
У.М.Сацута.
Схема трансфарматара электрычнага: 1, 2 — першасная і другасная абмоткі; 3 — асяродак; Φ0 — асноўны магнітны паток; Φ1, Φ2 — патокі рассеяння; I1, I2, U1, U2 — токі і напружанні ў першаснай і другаснай абмотках; Rн — супраціўленне нагрузкі.