ФАЗ ПРА́ВІЛА,

гл. Гібса правіла фаз.

т. 16, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ ФАЗ,

велічыня, якая характарызуе адставанне ў часе аднаго перыядычнага (ці квазіперыядычнага) працэсу ад другога. Выражаецца ў градусах, радыянах, долях перыяду ці даўжыні хвалі. Напр., у ланцугах пераменнага току з кандэнсатарам З.ф. паміж токам і напружаннем роўны 90°.

Паняцце «З.ф.» выкарыстоўваюць пераважна для гарманічных ваганняў, напр. паміж напружаннем і сілай току ў розных пунктах доўгай лініі, антэны і інш. Улік З.ф. важны таксама для сістэм з рэактыўнымі элементамі, прызначаных для зруху сігналаў у часе (фазавярчальнікі, лініі затрымкі і інш.), у оптыцы (гл. Кагерэнтнасць) і інш. У агульным выпадку З.ф. розны для гарманічных складальных розных частот, што вядзе да скажэнняў формы сігналаў, напр.. ва ўзмацняльніках. Гл. таксама Вектарная дыяграма, Магутнасці каэфіцыент.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСА ПРА́ВІЛА ФАЗ,

агульная ўмова раўнавагі гетэрагеннай сістэмы. Паводле Гіпса правіла фаз у гетэрагеннай (макраскапічна неаднароднай) фізіка-хім. сістэме, што знаходзіцца ва ўстойлівай тэрмадынамічнай раўнавазе, колькасць фаз не можа перавышаць колькасці кампанентаў, павялічаных на 2. У аднакампанентнай сістэме (індывідуальнае рэчыва, напр., вада) у раўнавазе могуць знаходзіцца 3 фазы: пара (газападобная фаза), вада (вадкая фаза) і лёд (цвёрдая фаза). Устаноўлена Дж.У.Гібсам у 1873—76.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ,

сіла, якая дзейнічае ў плоскасці, датычнай да паверхні падзелу 2 фаз (напр., вадкасці і яе насычанай пары) і імкнецца скараціць паверхню да мінімуму пры зададзеных аб’ёмах фаз; важнейшая тэрмадынамічная характарыстыка такіх паверхняў. Залежыць ад прыроды датычных фаз і т-ры.

Абумоўлена нескампенсаванасцю сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў паверхневым (міжфазным) слоі. Стан паверхні на мяжы 2 фаз характарызуецца каэфіцыентам П.н. σ, які роўны адносінам П.н. да даўжыні контуру, што абмяжоўвае паверхню, і лікава роўны рабоце абарачальнага працэсу ўтварэння адзінкі плошчы паверхні падзелу фаз (або цел). Адзінка σ у СІ — ньютан на метр. Напр., пры 20 °C для вады σ = 0,0728 Н/м, для ртуці σ = 0,484 Н/м. Пры павелічэнні т-ры П.н. змяншаецца і поўнасцю знікае пры крытычнай т-ры (гл. Крытычны стан).

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЗО́МЕТР (ад фаза + ...метр),

прылада для вымярэння косінуса вугла зруху фаз (або магутнасці каэфіцыента) паміж напружаннем і токам у эл. ланцугах пераменнага току прамысл. частаты, а таксама для вымярэння рознасці фаз эл. ваганняў. Бываюць электрамех. (электра- і ферадынамічныя, эл.-магн., індукцыйныя) і электронныя Ва ўсіх Ф. (акрамя электронных) у якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца лагометр адпаведнай сістэмы.

т. 16, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРОХФА́ЗНЫ ЛАНЦУ́Г,

сукупнасць 3 аднафазных эл. ланцугоў (фаз) пераменнага току. у якіх дзейнічаюць 3 сінусаідальныя напружанні аднолькавай частаты, зрушаныя па фазе (на 120°) адна адносна другой. Найб. пашыраны сіметрычныя Т.л., утвораныя фазнымі абмоткамі трохфазнага электрычнага генератара, прыёмнікамі электраэнергіі (фазамі нагрузкі) і злучальнымі (лінейнымі) правадамі.

Калі фазныя абмоткі генератара і фазы нагрузкі злучаны зоркай, то Т.л. акрамя лінейных можа мець нулявы провад. Па ім цячэ рознасны ток асобных фаз, роўны нулю пры аднолькавых нагрузках усіх фаз і адметны ад нуля пры несіметрычнай нагрузцы Напружанні паміж лінейнымі правадамі і токі ў гэтых правадах наз. лінейнымі (Uл, Iл; токі ў фазных абмотках генератара і ў фазах нагрузкі, напружанні на іх — фазнымі (Iф, Uф). Пры злучэнні зоркай Uл = 3 Uф , токі роўныя; трохвугольнікам — Uл = Uф , Iл = 3 Iф . Магутнасць сістэмы (P) складаецца з магутнасцей усіх фаз; пры сіметрычнай нагрузцы P = 3 Uл Iл cos φ , дзе φ — вугал зруху паміж фазнымі напружаннем і токам. Т.л. больш эканамічны, чым аднафазны, дазваляе атрымаць вярчальнае магн. поле ў электрарухавіках. Распрацаваны ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім.

У.​М.​Сацута.

т. 15, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗІ́К,

адна з фаз Месяца.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЎНЯ,

адна з фаз Месяца.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГЕРЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. cohaerens які знаходзіцца ў сувязі),

узгодненае працяканне ў часе некалькіх вагальных або хвалевых працэсаў. Выяўляецца ў наяўнасці нязменных суадносін паміж фазамі розных ваганняў. Найпрасцейшы прыклад К. — пастаянства рознасці фаз двух гарманічных ваганняў з аднолькавымі частотамі.

Кагерэнтныя светлавыя хвалі можна атрымаць дзяленнем пучка хваль ад адной (нялазернай) крыніцы святла або пры дапамозе лазераў, у радыёдыяпазоне — ад розных генератараў, што працуюць на стабілізаванай частаце. К. — неабходная ўмова ўзнікнення інтэрферэнцыі хваль. Паняцце К. выкарыстоўваецца ў хвалевай і квантавай оптыцы, квантавай механіцы, радыёфізіцы і радыётэхніцы. Гл. таксама Інтэрферэнцыя святла.

А.​Р.​Хаткевіч.

Да арт. Кагерэнтнасць. Складанне двух гарманічных ваганняў з амплітудамі A1 і A2: а — рознасць фаз φ1—φ 2=0; б — рознасць фаз φ1—φ2=π; выніковае ваганне з амплітудай Aφ.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ КВА́ДРА,

адна з фаз Месяца.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)