ПРАЦЯ́ЖНЫЯ ПЕ́СНІ,

асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш. нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл. Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;

Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;

Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дахо́дзіць несов.

1. в разн. знач. доходи́ть; (распространяясь, занимать какое-л. пространство — ещё) простира́ться;

стэп д. да са́мага мо́ра — степь дохо́дит (простира́ется) до са́мого мо́ря;

2. добива́ться, тре́бовать; достига́ть;

3. разг. (разузнавать о чём-л.) дои́скиваться, дознава́ться;

4. разг. (терять силы) изнемога́ть;

5. прост. (умирать) конча́ться;

1-5 см. дайсці́;

◊ ру́кі не ~дзяць — ру́ки не дохо́дят

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ВАЛГАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ (да 1961 Сталінградская вобласць),

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.12.1936. Пл. 113,9 тыс. км². Нас. 2673,2 тыс. чал. (1994), гарадскога 74%. Цэнтр — г. Валгаград. Найб. гарады: Волжскі, Камышын, Міхайлаўка, Урупінск, Фралова.

Прырода. Валгаградская вобласць размешчана на ПдУ Усх.-Еўрап. раўніны. Падзяляецца Волгай на 2 часткі: заходнюю — правабярэжную і ўсходнюю — Заволжа. Паверхня правабярэжжа ўзвышаная, моцна расчлянёная ярамі і лагчынамі; у межах яго — паўд. ч. Прыволжскага узв. (выш. да 358 м), паўн. ч. Ергені, паўд.-ўсх. ч. Данской грады, а таксама Хапёрска-Бузулукская і Сарпінская нізіны. Заволжа — нізінная раўніна. Паміж Волгай і яе левым рукавом Ахтубай ляжыць Волга-Ахтубінская пойма. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вапнякі, мел, гліны, фасфарыты, кухонная соль. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. вагаецца ад -12 °C на Пн да -8 °C на ПдУ, ліп. адпаведна ад 21,5 °C да 24,5 °C. Ападкаў каля 440 мм на З і да 270 мм на ПдУ. Гал. рэкі Волга (з Ахтубай) і Дон з прытокамі Хапёр, Мядзведзіца, Ілаўля. У вобласці Валгаградскае і Цымлянскае вадасховішчы. Салёныя азёры (Эльтон і інш.); ліманы. Мінер. крыніцы (Смарогдзінская, Ергенінская і інш.). Разнатраўна-злакавы стэп на чарназёмных і цёмна-каштанавых глебах (б.ч. узараны) зменьваецца палынова-злакавымі паўпустынямі на светла-каштанавых глебах.

Гаспадарка. Валгаградская вобласць — буйны прамысл. і с.-г. раён Расіі. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, судны, рухавікі, падшыпнікі, вымяральная апаратура; абсталяванне для нафтавай, электратэхн., лёгкай, харч. прам-сці і фермерскіх гаспадарак; буравое, трансп., мед., гандл. абсталяванне і інш.), паліўная (здабыча нафты і газу), нафтаперапр., хім. (шыны, лакі і фарбы, у т. л. і вытв-сць каўстычнай соды), нафтахім. (гумава-тэхн. вырабы, тэхн. валокны) прам-сць, чорная і каляровая (алюміній) металургія. Развіта буд. матэрыялаў (цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя вырабы), дрэваапр., лёгкая і харч. (масларобная, кансервавая, мукамольная і інш.) прам-сць. Волжская ГЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, кукуруза, проса) і тэхн. (сланечнік, гарчыца) культур. Вырошчваюць бахчавыя (кавуны) і агародніну. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, коза-, авечка- і свінагадоўля). Рыбалоўства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Валгаград—Астрахань, Саратаў—Ілаўля і інш., аўтадарогі Масква—Астрахань, Саратаў—Валгаград і інш. Суднаходства па Волзе, Доне і Волга-Данскім канале. Важнейшыя парты і прыстані: Валгаград, Волжскі, Дубоўка, Калач-на-Доне.

П.​І.​Рогач.

т. 3, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс. км². Нас. 3852 тыс. чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г. Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.

Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр. ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).

Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах. ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л. вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сць буд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш. ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш. Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выцягваючыся або працягваючы што‑н., дастаць, дакрануцца да каго‑, чаго‑н. Дацягнуцца рукой да столі. □ Быў .. [жарэбчык] надта слабенькі. Сам нават да матчынага малака не мог дацягнуцца. Якімовіч. // перан. Дасягнуць, дамагчыся чаго‑н. Атрымлівалася, што каб дацягнуцца да таго ўдою, аб якім гаварыла радыё, трэба, прынамсі, двум ці тром суседзям зліць са сваіх даёнак у адну пасудзіну. Хадановіч.

2. Узрастаючы, павялічваючыся, дасягнуць якога‑н. месца. А дом усё рос і пакрыху дацягнуўся да акон. Чарнышэвіч.

3. Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Стэп быў бязлюдны. У каго не хапіла сіл дацягнуцца да горада, спалі, дзе хто мог. Няхай. [Лясніцкі] ледзь дацягнуўся да ложка, кінуўся ніц, не раздзеўшыся, і адразу заснуў, як забіты. Зарэцкі. // перан. Працягнуцца, дайсці да якой‑н. мяжы (пра час). [Сашка] пачаў думаць, як бы выгадна ў першы дзень паказацца перад .. [супрацоўнікамі]. У такіх думках час дацягнуўся да паловы чацвёртай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абня́ць, абніму, абнімеш, абніме і (радзей) абдыму, абдымеш, абдыме; зак., каго-што.

1. Абхапіць рукамі каго‑, што‑н. Маці абняла свайго сына і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Калі паляўнічы пайшоў, Санька абняў Мурзу за шыю і прытуліўся да яго галавы шчакою. Ваданосаў. Любімыя змалку прасторы Рукамі абняў бы Максім. Аўрамчык. // Акінуць позіркам, поглядам. Не хапае ні сілы, Ні маіх задумёных вачэй Стэп абняць І палі залацістыя Спелай пшаніцы. Хведаровіч.

2. Акружыць, ахапіць з розных бакоў. Зялёная агароджа абняла двор. □ Раптам дарогі струну лес векавечны абняў. Танк. Столькі выпала маці кроснаў, Што калі разгарнуць на зямлі У адзін рад іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка. // перан. Ахінуць, абвалачы з усіх бакоў. Пажар абняў сяло. □ Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Гурскі.

3. перан. Ахапіць, авалодаць кім‑н. (пра пачуцці). Ні мук, ні хвалявання — лясны спакой душу маю абняў. Машара.

•••

(Як) вокам (зрокам, позіркам) абняць — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ РАЎНІ́НА (нізіна),

у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн. км².

З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл. Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўж зах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс. км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т. л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн. ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.

Ландшафт Заходне-Сібірскай раўніны.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

То́шчы ’худы, слабы, шчуплы’ (Гарэц.), ’худы, сухі з выгляду’ (ТС), ’худы, галодны’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ’пусты, нежылы, парожні, незаняты’ (Сцяшк., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; паст., гродз., ЛА, 5; віл., маст., воран., ЛА, 4), то́шчэ ’нятлусты (пра мяса), худы, любовы’ (паўн.-усх., лун., ЛА, 4), то́шча ’схуднелая жывёла з упалымі бакамі’ (паўн.-усх.-бел., брэсц., ЛА, 1), то́шчшы (то́щший) ’худзейшы, змарнелы’ (Нас.), сюды ж то́шчо ’нашча’ (слонім., Арх. Федар.), ст.-бел. тощъ ’пусты, парожні’ (Альтбаўэр): на тоща срдце (XVI ст., Карскі 1, 20). Параўн. укр. то́щий ’пусты’, на тще серце ’нашча’, рус. то́щий ’худы’, ’парожні ўсярэдзіне’, стараж.-рус. тъщь ’тс’, ст.-польск. tszczy, czczy ’пусты, дарэмны’, польск. czczy ’парожні’, ’галодны’, ’худы’, в.-луж. nać (nač) wutroby ’нашча’, ст.-чэш. tští ’пусты’, na tščútrobu ’нашча’; славен. tȅšč ’пусты, галодны’, na teščè ’нашча’, дыял. tȃšč ’парожні’, серб. та̏шт, харв. чак. tȁšć, серб. на̏ште са̑рца ’нашча’, ст.-слав. тъщь ’парожні, пусты; марны, дарэмны’, сюды ж адносяць таксама балг. ще́та ’шкода, згуба’ (Куркіна, Этимология–1978, 40). Прасл. *tъščь ’парожні’ < і.-е. *tus‑skʼ‑i̯o, параўн. літ. tùščias ’тс’, лат. tukšs ’тс’, ’нежанаты’, ’бедны’, ст.-інд. tucchyá‑ ’пусты, мізэрны, нязначны’ < ’запушчаны’, іран. *tući̯a‑, перс. tuhīg, новаперс. tuhī ’пусты’, пушту taš ’тс’, бялудж. tusag, vusaɣ ’заканчвацца, спустошвацца’, авест. taoš ’пусты’, а таксама лац. tesqua ’глуш, пустэча’, ’бясплодны, неўрадлівы стэп’ < *tu̯esquã (Сной у Бязлай, 3, 176; Вальдэ, 625; Фасмер, 4, 90–91; Брукнер, 74; Скок, 3, 446; Чарных, 2, 254–255; Куркіна, ОЛА, Исследов., 1982, 285; ЕСУМ, 5, 612).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пане́сціся ​1, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. панёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Пачаць рухацца з вялікай хуткасцю; паімчацца. [Злобіч] штурхануў нагамі пад бакі каню, панёсся ад абоза. М. Ткачоў. Не замаруджваючы хады, цягнік панёсся далей. Арабей. Адразу дыхнула прахалодай, па дарозе закружыліся віхорчыкі і панесліся ў стэп. Даніленка. // Разм. Хутка пабегчы, накіравацца куды‑н. Выскачыў [сын] на двор, аглянуўся — маці бегла за ім — і з усіх ног панёсся цераз агароды да лесу. Капыловіч. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Краўчанка.

2. перан. Пачаць распаўсюджвацца (пра гукі, пахі і г. д.). — Бо-о-ом! Бо-о-ом! — далёка панеслася водгулле ў начной цішыні. С. Александровіч. Паняслася песня хваляй, Хваляй па азёрах. Танк. Вокліч падхапілі вязні ўсіх камар, і ён панёсся па ўсіх трох паверхах турмы. Машара. // Распаўсюдзіцца, стаць вядомым (пра чуткі, звесткі і пад.). Зноў свісты «Салаўя».. Зноў аб ім панеслася гучная слава па ўсіх маёнтках. Бядуля.

пане́сціся ​2, ‑нясуцца; пр. панесліся і панясліся; зак.

Разм. Знесціся — пра птушак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві, карыстаецца любоўю; блізкі, дарагі, мілы сэрцу. І кінуўся з кручы ў бяздонне юнак Следам за любай дзяўчынай. Свірка. Мне любы стэп шырокі І водар сенажаці, Як быццам тут радзіла Мяне калісьці маці. Куляшоў. Перад .. [Уладзікам] засвяціліся матчыны вочы — любыя, пакутлівыя і грозныя. Бядуля.

2. у знач. наз. лю́бы, ‑ага, м.; лю́бая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Алімпа не ўяўляла сабе, як яна хоць на час расстанецца з любым. Сабаленка. // (пры ветлівым звароце). Мілы, родны. Не палохайся іх, любы, быў вялікі бой. Біў жалезных душагубаў смела бацька твой. Вялюгін.

любы́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Кожны, усякі. А хлопцы, дык хлопцы — гвардзеец любы! Колас. Гітлераўцы любымі сіламі намагаліся сарваць пераправу. Шамякін. // у знач. наз. любы́, ‑о́га, м.; люба́я, ‑о́й, ж. Усякі, кожны чалавек. [Вадзіцель:] — Спытай у любога, дзе Косцік-шафёр жыве, табе кожны пакажа. Васілевіч.

2. Які хочаш (на выбар). [Кісялёў:] — Звані ў любы час, не даб’ешся нічога ў аддзеле, звані да мяне на кватэру. Чарнышэвіч. // у знач. наз. любы́, ‑о́га, м.; любо́е, ‑о́га, н. Каго ці што хочаш. — Ого! У цябе.. [трусоў] тут цэлая ферма! — здзіўлена ўсклікнуў Мікола.. — Выбірай любога, — сказаў Віця, — і саджай у кошык. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)