КА́ЎНДА (Kaunda) Кенет Дэйвід (н. 28.4.1924 каля г. Чынгола, Замбія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Замбіі. З 1948 сакратар раённых і правінцыяльных аддзяленняў Афр. нац. кангрэса (АНК) Паўн. Радэзіі, у 1953—58 ген. сакратар АНК. У 1958—59 заснавальнік і нац. прэзідэнт партыі АНК Замбіі. Са студз. 1960 прэзідэнт Аб’яднанай партыі нац. незалежнасці. У 1962—64 міністр мясц. самакіравання і сац. забеспячэння, у студз.—кастр. 1964 прэм’ер-міністр Паўн. Радэзіі. У 1964—70, 1973—78 міністр абароны, у 1970—71 і 1987—88 старшыня Арганізацыі афрыканскага адзінства. У 1964—91 прэзідэнт Замбіі. Тэарэтык афр. сацыялізму, стваральнік канцэпцыі «замбійскага гуманізму» і т. зв. камунакратыі, якая з 1969 беспаспяхова рэалізоўвалася ў Замбіі.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БІХ (Liebig) Юстус (12.5.1803, г. Дармштат, Германія — 18.4.1873),

нямецкі хімік, адзін з заснавальнікаў аграхіміі, стваральнік навук. школы хімікаў-арганікаў. Чл. Баварскай АН (1854). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1830). З 1824 праф. Гісенскага, з 1852 Мюнхенскага ун-таў. З 1859 прэзідэнт Баварскай АН. Навук. працы па арган. хіміі. Адзін са стваральнікаў тэорыі радыкалаў. Атрымаў хлараформ (1831), воцатны альдэгід (1835; прапанаваў тэрмін «альдэгід»), адкрыў хлараль, тыразін (1846). Даследаваў хімізм фізіял. працэсаў: прапанаваў хім. тэорыю браджэння і гніення, тэорыю мінер. жыўлення раслін.

Тв.:

Рус. пер. — Химия в приложении к земледелию и физиологии. М.; Л., 1936.

Літ.:

Мусабеков Ю.С. Юстус Либих, 1803—1873. М., 1962;

Красногоров В. Юстус Либих. М., 1980.

Ю.Лібіх.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ Аляксандр Юзаф (каля 1575—1616),

военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.​Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.​П.​Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРК (Marc) Франц (8.2.1880, г. Мюнхен, Германія — 4.3.1916),

нямецкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1900—02). Стваральнік (з В.Кандзінскім) маст. аб’яднання «Сіні коннік» (1911). Зазнаў уплывы мадэрну, кубізму, футурызму, таксама В. ван Гога, Р.​Дэланэ. Захапляўся пантэізмам, пісаў пераважна выявы жывёл у натуральным прыродным асяроддзі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, сімвалічнасцю вобразнага ладу і яркага, насычанага каларыту: «Конь у пейзажы» (1910), «Жоўтыя коні» (1911), «Сон», «Тыгр» (абодва 1912), «Конь на беразе мора», «Кампазіцыя з бычкамі», «Ціроль» (усе 1913—14) і інш. Ствараў абстрактныя кампазіцыі «Маленькая кампазіцыя I», «Лань у лесе II», «Формы ў змаганні» (усе 1913—14) і інш., малюнкі.

В.​Я.​Буйвал.

Ф.Марк. Сон. 1912.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ШКА I (Mieszko), Мечыслаў I (каля 935—25.5.992),

першы гістарычна вядомы польскі князь (960—992); стваральнік польскай дзяржавы. З дынастыі Пястаў. Сын Земамысла. Заключыў саюз з Чэхіяй, ажаніўся з чэш. князёўнай Добравай (965) і прыняў хрысціянства ў яго зах. форме (966), даў пачатак будаўніцтву царк. арг-цыі ў Польшчы. Ваяваў з люцічамі за Памор’е (967), у 979 адбіў нападзенне на Польшчу імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Атона II. Пасля смерці Добравы (977) і распаду польска-чэш. саюза каля 990 авалодаў Сілезіяй і Малапольшчай. Пры ім аб’яднаны карэнныя польскія землі (акрамя Кракаўскай). Перад смерцю падзяліў краіну паміж Баляславам I Храбрым (сынам Добравы) і малалетнімі сынамі ад другога шлюбу.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНЖ (Monge) Гаспар (10.5.1746, г. Бон, Францыя — 28.7.1818),

французскі матэматык, інжынер і грамадскі дзеяч, стваральнік нарысоўнай геаметрыі, адзін з заснавальнікаў Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы (1794). Чл. Парыжскай АН (1780). Навук. працы па геаметрыі, матэм. аналізе, хіміі, оптыцы, метэаралогіі і практычнай механіцы. Стварыў агульны метад перадачы відарысаў прасторавых фігур на плоскасці. У час Франц. рэвалюцыі ўдзельнічаў у камісіі па ўсталяванні сістэмы мер і вагі, займаў розныя пасады ва ўрадзе, загадваў парахавымі і гарматнымі з-дамі. У перыяд Рэстаўрацыі пазбаўлены ўсіх правоў, выгнаны з Політэхн. школы і АН.

Літ.:

Боголюбов А.Н. Гаспар Монж, 1746—1818. М., 1976;

Демьянов В.П. Геометрия и Марсельеза. 2 изд. М., 1986.

Г.​Монж.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНМІКЕ́ЛІ (Sanmicheli) Мікеле (1484, г. Верона, Італія — 1559),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік Высокага Адраджэння. Зазнаў уплыў Д.​Брамантэ і Дж. да Сангала. У 1509—27 на папскай службе ў Рыме, з 1528 гал. архітэктар крэпасцей Венецыянскай рэспублікі. Будаваў гар. ўмацаванні ў Брэшыі, Бергама, на в-ве Керкіра і інш. Узбагаціў ордэрную сістэму складанымі дэкар. дэталямі, у т. л. матывамі рым. трыумфальнай аркі. Стваральнік новых тыпаў палацца, велічныя фасады якіх спалучалі строгую тэктоніку з выразнай пластыкай форм: палацца Бевілаква ў Вероне (1532), Грымані ў Венецыі (1556—72) і інш. Яго пабудовы ў Вероне ў многім вызначылі аблічча горада (вароты Порта Паліо, 1557; касцёл Мадонна ды Кампанья каля Вероны, з 1559).

М.Санмікелі. Порта Паліо. 1557.

т. 14, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРУ́МКІН Аляксандр Навумавіч (24.10.1895, Кішынёў — 27.5.1976),

расійскі фізікахімік, стваральнік навук. школы па электрахіміі. Акад. АН СССР (1932), Герой Сац. Працы (1965). Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1915). У 1922—46 у Фізіка-хім. ін-це, адначасова з 1939 у Ін-це фіз. хіміі АН СССР (у 1939—49 дырэктар) і з 1958 дырэктар Ін-та электрахіміі АН СССР. Навук. працы па тэорыі паверхневых з’яў і электрахім. працэсаў. Распрацаваў колькасную тэорыю ўплыву эл. поля на абсорбцыю малекул, тэорыю скорасцей электрахім. працэсаў. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1931. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1952.

Тв.:

Кинетика электродных процессов. М., 1952 (у сааўт.).

Літ.:

А.​Н.​Фрумкин. 2 изд. М., 1970.

А.Н.Фрумкін.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОР БЕЛАРУ́СКАГА СТУДЭ́НЦКАГА САЮ́ЗА ў Вільні.

Існаваў у 1931—39 пры Беларускім студэнцкім Саюзе Віленскага ун-та. Стваральнік і кіраўнік Р.Шырма. У складзе хору студэнты, рабочая і вучнёўская моладзь. Дзейнасць па прапагандзе бел. нац. рэпертуару мела вял. культ. і паліт. значэнне. Хор выступаў з сольнымі канцэртамі ў гар. парках Вільні, гуртку Т-ва бел. школы, у Віленскай бел. гімназіі і інш. У рэпертуар уваходзілі бел. нар. песні ў апрацоўках М.​Аладава, М.​Анцава, М.​Гайваронскага, К.​Галкоўскага, М.​Равенскага, Л.​Рагоўскага, Ф.​Уладзімірскага і інш. на вершы бел. паэтаў, а таксама ўкр. і польскія нар. песні, творы рас. кампазітараў. На творчае аблічча і характар дзейнасці хору вял. ўплыў зрабіла фалькларыстычна-збіральніцкая праца Шырмы.

т. 17, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУГА́ЕЎ Леў Аляксандравіч (16.10.1873, Масква — 23.9.1922),

расійскі хімік, стваральнік навук. школы па хіміі комплексных злучэнняў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). З 1895 заг. хім. аддзялення Бактэрыял. ін-та ў Маскве. З 1904 праф. Маскоўскага тэхн. вучылішча, у 1908—22 — С.-Пецярбургскага ун-та. Заснавальнік і дырэктар (з 1918) Ін-та па вывучэнні плаціны і інш. высакародных металаў. Навук. працы па хіміі тэрпенаў; распрацаваў метад вызначэння рухомых атамаў вадароду ў арган. злучэннях. Адкрыў і вывучыў анамальную вярчальную дысперсію арган. малекул з 2 асіметрычнымі цэнтрамі. Адкрыў адчувальныя аналіт. рэакцыі на металы VIII групы перыяд. сістэмы элементаў (1906). Прэмія імя У.​І.​Леніна 1927.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. М., 1954—62.

Л.А.Чугаеў.

т. 17, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)