АБКЛА́Д,

дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт. Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.​Ф.​Высоцкая. Мн., 1984. А.​А.​Ярашэвіч.

Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.
Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ БОЙ 1812.

Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.​Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс. чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.​Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.​В.​Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.​Е.​Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.​Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры,

1) карэнная перабудова населенага пункта, абнаўленне горада (яго планіроўкі, забудовы і добраўпарадкавання), выкліканыя сац.-эканам., сан.-гігіенічнымі і арх.-маст. патрабаваннямі. У Зах. Еўропе Р. вядомы з эпохі Адраджэння. На Беларусі першыя Р. гарадоў зроблены ў 16 — пач. 17 ст. на аснове рэгулярных планаў пад уплывам горадабуд. ідэй Адраджэння (Нясвіж, Слуцк Мінскай, Быхаў Магілёўскай абл.). У канцы 18—19 ст. Р. вялася з вырашэннем задач землекарыстання, арх.-планіровачнай будовы паводле дакладнай рэгулярнай схемы адпаведна горадабуд. прынцыпам стылю класіцызму, забудовы цэнтр. раёнаў гарадоў на новай рацыянальнай аснове. З 2-й пал. 20 ст. Р. прадугледжваецца генпланамі развіцця гарадоў, ажыццяўляецца на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі.

2) Аднаўленне першапачатковага аблічча па рэштках, выяўл. матэрыялах ці апісаннях помніка (Р. помніка архітэктуры, горадабуд. ансамбля, твора скульптуры ці дэкар.-прыкладнога мастацтва). Таксама Р. — гэта і праект такога аднаўлення (у выглядзе рысунка, чарцяжа, апісання), напр., Р. цэркваў Спаса-Ефрасіннеўскай у г. Полацк (П.​А.​Рапапорт), Барысаглебскай у Гродне (М.​М.​Варонін), Дабравешчанскай у Віцебску (Г.​А.​Лаўрэцкі), замка ў г.п. Мір Карэліцкага р-на (В.​В.​Калнін), гіст. ч. Мінска — Верхняга горада (С.​Г.​Багласаў), шэрагу драўляных замкаў, палацаў, сядзіб (Ю.​А.​Якімовіч) і інш. Навук., глыбока аргументаваная Р. помніка можа быць важным матэрыялам яго наступнай рэстаўрацыі. У адрозненне ад рэстаўрацыі Р. не абавязкова прадугледжвае практычнае аднаўленне помніка.

3) Перабудова будынка з мэтай паляпшэння яго функцыянавання ці выкарыстання ў новым прызначэнні.

Т.​В.​Габрусь.

т. 13, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ве́ска Населены пункт сельскага тыпу (Слуцк. пав. Сержп. Грам. 48). Тое ж ўёска (Ст.-дар.).

□ в. Веска Староб.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

зага́та

1. Яма або канава, воднае або балоцістае месца, заваленае каменнем і зямлёй; бут (БРС).

2. Прызба (Слуцк.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

надво́рак Двор каля хаты (БРС); прастора паміж хатай і гаспадарчымі пабудовамі (Нясв., Слуцк. Мал. 181, Сміл. Шат., Шчуч.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

старапо́ліца

1. Абложная зямля (Гом., Слуцк., па цячэнню р. Убарці ДАБМ, к. 275). Тое ж стараполь, стараполле (Гом., Слуцк. ДАБМ, к. 275).

2. Месца, дзе поле апрацоўваецца з даўніх часоў; спадчыннае поле (Стол., Хойн.). Тое ж стараполь (Хойн.).

□ ур. Стараполіца Славі́цка (поле, выдзерак) каля в. Кароцічы Стол.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ГЛУ́СКІ РАЁН,

на ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 22,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. На 1 км². Цэнтр — г. Глуск. 106 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бярозаўскі, Завалочыцкі, Казловіцкі, Калаціцкі, Каткаўскі, Кіраўскі, Клятнянскі, Слаўкавіцкі, Хваставіцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 177,9 м (каля в. Горнае). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, буд. пяскі, цагельныя гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Найб. р. Пціч з прытокамі Зарудзеча, Ліса, Бежыца, Даколька з Ольніцай; невял. азёры Выгада і Дзікае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Асн. балотныя масівы — Даколька, Барбарова, Дзікае Балота і інш.

Агульная плошча с.-г. ўгоддзяў 50,5 тыс. га, з іх асушаных 21 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 31 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства, рыбагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (пладова-агародніннай, масласыраробнай), дрэваапр. (мэблевай) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Слуцк — Бабруйск, Бабруйск — Глуск — Любань, Глуск — Акцябрскі. У раёне 11 сярэдніх, 5 базавых, 3 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая і санаторная школы. 14 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельд.-ак. пунктаў, 2 амбулаторыі, паліклініка. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814) у в. Гарадок. Выдаецца газ. «Радзіма».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАВЕСІ́Н (франц. clavecin ад позналац. clavicymbalum ад лац. clavis ключ + cymbalum цымбалы),

чэмбала, струнны шчыпковы клавішны муз. інструмент. Бліскучы, адрывісты, хутка затухаючы гук здабываюць плектрам з птушынага пяра ці скуры, які пры націсканні клавішы чапляецца за струну. Дынаміка і тэмбр змяняюцца пры пераходзе з адной ручной клавіятуры (мануала) на другую і пераключэнні рэгістраў. Разнавіднасці К. (клавічэмбала, унісон, спінет, вёрджынел, клавіцытэрыум і інш.) адрозніваюцца крылападобнай ці прамавугольнай формай корпуса ў залежнасці ад гарыз. ці верт. размяшчэння струн, памерамі, колькасцю мануалаў (1—3) і рэгістраў, дыяпазонам (4—5 актаў).

Канструкцыя К. распрацоўвалася з 14 ст. Росквіту клавесіннае мастацтва дасягнула ў 2-й пал. 17—18 ст. ў Італіі і асабліва ў Францыі ў т. зв. галантным стылі (ракако). У канцы 18 ст. яно заняпала ў сувязі з развіццём фп. музыкі. Аднавілася ў 20 ст. з адраджэннем цікавасці да старадаўняй музыкі.

На Беларусі К. вядомы з канца 16 ст. Найб. пашыраны ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў капэлах Нясвіжа, Гродна, Дзярэчына, Шклова. Сярод выканаўцаў на К. Я.​Баэрт, Ф.​Яжомбек, Я.​Д.​Голанд, Я.​Л.​Дусек, К.​Абатэ, Ю.​Віткоўскі, Л.​Сітанскі, Э.​Ванжура, клавесініст-віртуоз Я.​М.​Шоль (Нясвіж, Слуцк). У 1-й пал. 19 ст. К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.​Фотха. К. ўведзены ў склад Дзярж. камернага аркестра Беларусі, ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле». Тэмбр К. імітуецца на электраарганах і сінтэзатарах.

Літ.:

Зимин П. История фортепиано и его предшественников. М., 1968.

І.​Дз.​Назіна, А.​І.​Ахвердава.

Клавесін.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бажантарыя У актах. Месца для ўтрымання і развядзення бажанаў (каўказскіх фазанаў) Phasianus colchicus (Слуцк. 1768 АВАК т. XII, стар. VIII).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)