Рэ́хва ’жалезны абруч, які наганяецца на драўляную калодку кола’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Нас., Скарбы, Сцяц., Шат.), ры́хва ’тс’ (Нар. словатв.), ’жалезны абруч; шайба, якая закручваецца на канцы восі; кольца, якім змацоўваюць часткі ў прыладах працы’ (Сл. ПЗБ), ’кольца, якім прымацоўваецца каса да касся’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат.), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце; невялікі жалезны абруч, які надзяецца на слуп і на вароты, каб іх зачыніць’ (Шатал.), рэ́хвіна ’рэхва’ (ушац., Нар. лекс.), рэ́квачка ’металічнае кольца якое прымацоўвае касу да касся’ (ЖНС), ’кольца (на грабільне)’ (Сцяц.), рэ́квачка ’жалезная пятля прымацоўваць аглоблі да саней’ (Сцяшк. Сл.), ра́хва, ри́хва, ра́фы ’тс’ (Маслен.); сюды ж рэ́хва ’дурань’ (Жд. 3, Сцяц.). Ст.-бел. рефа (рефъ, рехва, рыфа) ’вобад’ < ст.-польск. refa, ryfa ’тс’ < ням. Reif ’вобад, абруч’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120). Формы ори́хва, горе́хва, орехоўкі ’тс’ (Маслен.) паўсталі з несвядомага імкнення адаптаваць, зрабіць зразумелым чужое слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́лка 1 (БРС, ТСБМ, Бяльк., Жыв. сл., З нар. сл., Касп., КТС, Нік., Оч., Сержп., Сцяц. Словаўтвар.). Укр. дыял. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, в.-луж. kobyłka, палаб. tʼübälə, чэш. kobylka, славен. kobylka, мак. кобилка, балг. кобилка. Прасл. (па думку Слаўскага, 2, 308, БЕР, 2, 504, прасл. дыял.) kobylъka памянш. да kobyla гл. кабыла 1.

Кабы́лка 2 ’драўляная падстаўка пад струны’ (БРС, ТСБМ, Касп.: лаг., КЭС, Маш., Некр., Шат.). Укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobylka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. Паўн.-слав., узыходзіць непасрэдна да кабылка 1 — перанос паводле падабенства або ўжыванне ўжо «тэрміналагічнага» kobylka, якім абазначалі розныя падстаўкі і прыстасаванні. Магчыма, гэта «вандроўны» культурны тэрмін, хаця і даволі старажытны, як можна меркаваць зыходзячы з лінгвагеаграфіі слова.

Кабы́лка 3 ’лугавая казяўка-траскун, конік’ (БРС, Дразд., Інстр. II). Этымалогія няясная. Параўн. укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. На поўдні як быццам не ведаюць гэтага слова; паўн.-слав. слова — старажытны перанос ад kobyLka паводле знешняга падабенства, параўн. конік і інш.

Кабы́лка 4 ’адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты’ (ТСБМ), магчыма, сюды ж кабылкі ’палачкі ў кроснах для падцягвання нітоў’ (З нар. сл.). Аб значэнні і ўсходнім распаўсюджанні слова на польск. тэрыторыі гл. Фалінская, III, 2, к. 93 (пыт. 107). Лінгвагеаграфія слова сведчыць аб тым, што гэта паланізм, які праз гаворкі (магчыма, у выніку пранікнення рэаліі) трапіў у бел., сумежныя рус. і пагранічныя ўкраінскія гаворкі, або пра сумесную інавацыю часоў Вялікага княства Літоўскага.

Кабылка 5 ’вочка (у ніце)’ (З нар. сл., Касп., Мат. Гом., Уладз.), кабылкі ’тс’ (Мат. Гом.), кабулка (аб фанетыцы гл. кабулка) ’тс’ (Мат., Нар. сл.), ’частка ніта’ (Шат.). Славяне (польск., славац.; рус. цвяр., пск., смал.; укр. закарп.) ведаюць гэту назву ў дачыненні да вочак ніта ў залежнасці ад іх тыпу (двух- або трохпетлевыя ніты), аб рэаліі гл. спецыяльна малюнкі ў Грынчэнкі, 2, 533, і Фалінскай, 111, 1, 80. Так, закарп. у Галіцыі, паводле Грынчэнкі, кабылкай называюць ніжнюю частку петляў, а на Палессі — петлі верхняга раду. Культурны характар тэрміна і відавочныя сепаратныя лексічныя сувязі гэтых моўных зон з беларускімі гаворкамі дазваляюць сумнявацца ў вялікай старажытнасці інавацыі. Магчыма, яна і была беларуска-польскай, а магчыма, толькі ўласна беларускай і ўжо адносна пазней слова магло пранікнуць у гаворкі іншых моў. Што датычыць этымалогіі, то хоць сувязь з кабылка 1 відавочная (параўн. укр. зах. коник ’верхняя пятля ў ніце’, кобилка — ’ніжняя’), матывацыя няясная, магчыма, перанос з іншых пазваў дэталей красён. Рус. (іркуц.) кобылка ’пятля, вузел, якія ўтвараюцца пры скручванні вяроўкі, дроту’ ўказвае па магчымасць пошуку этымону для значэння ’пятля наогул’, якое першапачаткова магло ўзнікнуць на базе выразу (з адмоўным значэннем) «рабіць кабылу», ’рабіць памылку (блюзну, пропуск пятлі пры тканні)’, ’блытаць вяроўку і г. д.’ На гэта ўказваюць даныя бел. гаворак (параўн. гарад. кабылка ’блюзна’) і літ. калькі з бел. слоў (параўн. kumẽlė).

Кабылка 6 ’грыб’ (Жыв. сл.), кабылкі ’чорныя грузды’ (узд., КЭС), кабылы ’грыбы’ (Жд. 3, Мат. Гом.), кобыльнік ’грыб, які часам ужываецца ў ежу’ (Нас.). Да кабылка 1, кабыла 1 (гл.); кобыльнік утворана суфіксальным спосабам ад кабыла 1 ці на базе выразу кабыльны грыб. Адносна этымалогіі гл. кабыла 5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),

1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл. Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.

2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.​Дзідро, Л.​С.​Мерсье ў Францыі, Г.​Э.​Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.​П.​Чэхава, Б.​Шоу, Б.​Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.​Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.​Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.​Коласа («Антось Лата»), Л.​Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.​Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.​Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял. Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Радавыя» А.​Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.​Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.​Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.​Марчука, «Пятля часу» Р.​Баравіковай і інш.).

Літ.:

гл. ў арт. Драматургія.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мярэжа, мерэжа, мярэжка ’ажурны ўзор, празрыстая вышыўка на тым месцы, дзе з тканіны выцягнуты ніткі’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Мат. Гом., ТС); мярэжа, мярэжына, мерожа, мерэжа, мірэжа, мірожа, мярожа, мірожы ’рыбалоўная снасць з двума заходамі, нацягнутымі на абручы і злучанымі сценкай’ (ТСБМ, Крыв., Др.-Падб., Касп.; полац., З нар. сл.), ’сетка, конусападобна нацягнутая на палкі’ (Сл. ПЗБ; паўн.-усх., КЭС), іўеў. ’нерат з крыламі’ (Сцяшк. Сл.), ’лавушка, падобная да аднакрылага венцера’ (Паазер’е, Браім, 67), мерожа ’лазяны самалоў-пастка’ (Крывіцкі, Зб. Крапіве). Укр. мере́жа, рус. мерёжа, ст.-польск. mrzeża, каш. mřeža, чэш. mříže, ст.-чэш. mřiežě, славац. mreža, славен. mréža, серб.-харв. мре̏жа, макед., балг. мрежа, ст.-слав. мрѣжа. Прасл. mergi̯a (> merža ’рыбалоўная сеткай ’агароджа’), роднаснымі да якога з’яўляюцца лат. meȓga, maȓga ’парэнчы, рашотка, галерэя’, ’плот’, ’хор у царкве’, літ. márška ’невялікая рыбалоўная сетка’, marškiniaĩ ’кашуля’, ст.-грэч. βρόχος (< *μρόχος) ’сіло, вяроўка, пятля’, ірл. braig (< *mragi‑) ’ланцуг’, braga (< *mragant‑) ’вязень’ (Бернекер, 2, 38; Траўтман, 182; Мюленбах-Эндзелін, 2, 563; Фартунатаў, AfslPh, 4, 580; Фасмер, 2, 601; Бязлай, 2, 201). Сюды ж мерэжыць ’мярэжыць’, ’імжэць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасаг, поса́г ’маёмасць (грошы, рэчы, адзенне, жывёла), якая давалася маладой ад яе бацькоў пры выхадзе замуж’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Булг., Маш., Мал., Сл. ПЗБ, ТС), паса́га, пасаг̌а посага ’тс’ (Грыг., Нас., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Дэмб. 1, ТС), паса́жніца, паса́жая, паса́жна(я) ’(карова, авечка, свіння), зададзеная ў пасаг’ (Сл. ПЗБ). Укр. посаг ’тс’, ’пасад’, посагува́ти ’?’ (’садзіць на пасад’ ці ’даваць пасаг’), рус. поса́г ’вяселле’, цвяр. ’пасаг’, ст.-рус. посагъ ’шлюб’, посагати ’выходзіць замуж’, польск. posag ’пасаг’, чэш., сілезск. posah ’тс’, серб.-ц.-слав. пасагати ’захутвацца ў покрыва, г. зн. выходзіць замуж’. Прасл. posagъ, паводле Махэка₂ (473), азначаў бы ’прыхіленне, прыгарненне, прытуленне да мужа’, а posažьno ’сам пасаг’. І.‑е. адпаведнікі: літ. sègti ’прышпільваць’, sãgas ’пятля, за якую палатно прымацоўваецца да бялільнага прыстасавання’, sagà ’спражка’, ’клямар’, ’сіло’, ст.-прус. sagis ’тс’, ірл. sūanem ’ліна’ (< *sogn‑), ст.-інд. ā‑saj‑ati ’прышпільвае’, ст.-перс. fra‑hanjati ’вешае’ (Мацэнаўэр, LF, 13, 181; Брукнер, 432; Фасмер, 3, 338). Ондруш (Этимология–1984, 176–177) таксама прызнае, што прасл. posagъ утворана ад і.-е. слова pā̆kʼ, якое мела значэнне ’злучаць, звязваць, аб’ядноўваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пля́ніца ’доля, участак, частка’ (хойн., Мат. Гом.). Відаць, да польск. plan ’план, участак’.

Пляні́ца ’сіло на птушак’ (в.-дзв., Шатал.), пленіца ’пастка’, ’сіло’ (Касп.), пляшка (пленица) ’мочка з коласа, прарост’ (Нас.), ст.-бел. пленица: упалъ у пленицу бесовскую (1562 г.) (Карскі 2–3, 499); рус. пленица ’пучок, каса’, ’пляцёнка цыбулі, часныку’, ’доўгае вешала абаранкаў’, плёнка ’валасяная пятля, сіло на цецярукоў’, стараж.-рус. пленица ’тое, што створана шляхам перапляцення, перавівання альбо злучэння прадметаў ці іх частак’, ’снасці птушкалова — сілы, сеткі’, укр. плениця ’прасла ў плоце’, польск. pletnica ’пляцёнка з дубцоў’, балг. пленица ’плот з дубцоў і калоў’, ’заплеценая каса’, ст.-слав. пденнцл ’пута, ланцуг, кайданы’, ’каса’. Праслав. *pletnica < Spiesti (Міклашыч, 249), гл. плясці, гл. таксама ESJSt, 11, 655; Варбат, Морфонология, 205; інакш — Фасмер (3, 278): *pletьnica > балг. дыял. пле́теница ’барана (сплеценая з дубцоў)’, БЕР, 5, 346. Параўн. сінонімы успені́цца/уплесціса ’прывязацца, прычапіцца’ (ТС). Сюды ж: пляніца ’злучаныя парамі плыты’ (бых., рагач., Рам. 8), ’невялікі плыт’ (Масл.), ’праростак з коласа’ (Нас.), пленіца ’звяно ў плыце, плоце’ (ТС), ’прасла’ (стол., Нар. сл.), укр. плениця ’напалам распілаваны ствол будаўнічага дрэва’, рус. пленица ’аднарадны плыт’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зацягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уцягнуцца ў сярэдзіну, унутр чаго‑н. Нітка лёгка зацягнулася ў іголку.

2. Глыбока ўдыхнуць у сябе дым пры курэнні. [Кавалёў] дастаў партабак і ў тоўстых пальцах згарнуў тонкую, як запалка, цыгарку, прыпаліў яе і зацягнуўся. Чарнышэвіч. Пратасевіч з прыемнасцю закурыў папяросу, на поўныя грудзі зацягнуўся дымам. Васілевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Пакрыцца тонкім слоем чаго‑н. На грэблі праламалі калёсамі плыткую лужыну, якая паспела ўжо зацягнуцца трохі лёдам. Чорны. Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці, зацягнулася туманнай, як бяльмо, плёнкаю. Капыловіч. // Загаіцца, зажыць (пра рану). // Завалачыся (дымам, туманам і пад.). І хоць раніцаю неба зацягнулася хмарамі, але па ўсім адчувалася, што дажджу больш не будзе. Шахавец. Зноў замжэў ціхі веснавы дождж, зацягнуўся сіняватаю смугою далягляд. Грахоўскі.

4. Туга завязацца, сцягнуцца. Пятля зацягнулася. Вузел зацягнуўся. Зашмарга туга зацягнулася. // Зацягнуць сябе чым‑н.; перацягнуць. Зацягнуцца рэменем. Зацягнуцца ў гарсэт. □ Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Во занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць часу больш, чым меркавалася. Канцэрт зацягнуўся — праграма была вялікая. Шамякін. Восень у гэтым годзе зацягнулася, лістапад быў позні. Карпаў. // Працягнуцца да пэўнага часу. Да позняга вечара зацягнулася народнае гулянне на беразе возера. В. Вольскі. Сход зацягнуўся аж да трэціх пеўняў. Сабаленка.

6. Разм. З цяжкасцю дайсці, дабрацца куды‑н. Зацягнуцца дадому. // Зайсці куды‑н. далёка. Зацягнуцца на край свету.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ва́біць 1 ’прынаджваць, прыцягваць, клікаць’ (БРС, Яруш., Гарэц.); ’свістаць для прынаджвання дзікіх птушак’ (Інстр. II); ’зводзіць, выклікаць’ (Гарэц.), вабіцца ’ісці на прынаду, спакушацца’ (Гарэц.). Рус. вабить, укр. вабити, польск. wabić, в.-луж. wabić, н.-луж. wabiś, чэш. vábiti, славац. vábiť, макед. ваби, балг. ва́бя, серб.-харв. ва́бити, славен. vabiti, ст.-слав. вабити. Прасл. *vabiti ’крычаць’. Згодна з адной версіяй (Развадоўскі, Wybór, 2, 157), праславянскае слова суадносіцца з гоц. wōpjan, ст.-ісл. оéра ’крычаць, лемантаваць’ і інш. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 61; Траўтман, 333–337; Скіт, 706; Покарны, 1109; Рудніцкі, 1, 287; Фасмер, 1, 263; БЕР, 1, 110; Махэк₂, 673; Скок, 3, 557. Згодна з іншай версіяй, праслав. *vabiti было непасрэдна звязана з назвай паляўнічай прылады (пасткі) і мела першапачаткова значэнне ’заманьваць птушку ў пастку’, адкуль пазней развілося значэнне ’прынаджваць птушку голасам’. Параўн. паралелі да *vabiti: ст.-інд. ubhnā́ti ’звязвае’, ст.-грэч. ὕφος ’сетка’, лац. lасеге ’вабіць’ і laquens ’сіло, пятля’, ст.-в.-ням. spanan ’вабіць’ і ст.-англ. spannan ’звязваць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 190–191).

Ва́біць 2 ’марнаваць час; забаўляць’, вабіцца ’затрымлівацца; забаўляцца, гуляць’, ваблены ’марудны’ (Яўс.). Узнікла ў выніку метатэзы: бавіць > вабіць, што пацвярджаецца поўным супадзеннем семантыкі абодвух дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіло́ ‘прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Варл.; глыб., Сл. ПЗБ), ‘прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (карм., ДАБМ, камент., 829), ‘вуда’ (Байк. і Некр.), ‘пастка’ (Касп.), сіллё ‘з паляўнічай тэрміналогіі’ (Сержп., Грам., 57), ‘сіло’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл.; Нар. лекс.), сіло́к ‘сіло’ (ТСБМ), сільё ‘тс’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.), сіліё ‘сіло’ (Сл. ПЗБ), сіло́, шыло́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сило: силомъ се ѡобесил (Карскі 2–3, 445). Укр. сило́, сильце́, рус. сило́, сило́к, си́лья, ст.-рус. сило, сильць, польск. sidło ‘тс’, чэш. osidlo, славац. osídlo ‘пастка’, ст.-слав. сило ‘пятля’. Прасл. *sidlo, дэрыват з інструментальным суфіксам ‑dlo ад кораня *sei‑ ‘звязваць’, параўн. сіліць, сіляць (гл.). Роднаснае да сетка і сіт, гл. (Фасмер, 3, 621; Махэк₂, 418; Праабражэнскі, 2, 286). Паралелі ў літ. ãtsailė ‘злучальная планка паміж дышлам і воссю’, atseilis ‘жалеза, якое ідзе ад шворана да восі’, лат. saiklis ‘завязка, саламянае перавясла’, ст.-в.-ням. seid ‘вяроўка’, ст.-інд. sinātі ‘звязвае’ і г. д. (Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; Майргофер, 3, 549). Паводле Борыся (544), слова ўтворана ад незахаванага славянскага дзеяслова *siti (< *su‑) з тым жа суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ву́зел ​1, ‑зла, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік.

2. перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле. Чорны.

3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі. Чорны.

4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны. // Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.

5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.

6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос. Васілевіч.

7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел. // Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.

8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін.

•••

Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.

Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.

Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).

Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.

Рассячы гордзіеў вузел гл. рассячы.

ву́зел ​2, ‑зла, м.

Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)