пятля́

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. пятля́ пе́тлі
пятлі́
Р. пятлі́ пе́тляў
Д. пятлі́ пе́тлям
В. пятлю́ пе́тлі
пятлі́
Т. пятлёй
пятлёю
пе́тлямі
М. пятлі́ пе́тлях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

пятля́, -і́; мн. пе́тлі і (зліч. 2, 3, 4) пятлі́; пе́тляў, ж.

1. Складзены і завязаны кальцом канец вяроўкі, шнурка і пад., а таксама сагнутая кальцом частка ніткі пры пляценні, вязанні.

Завязаць пятлю. П. на панчосе.

2. перан. Ужыв. для сімвалічнага абазначэння пакарання смерцю праз павешанне ці для абазначэння такога бязвыхаднага становішча, пры якім можна толькі павесіцца.

П. на яго трэба!

Хоць у пятлю лезь (пра бязвыхаднае становішча). Шукаць пятлі на шыю (таксама перан.: лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы).

3. Лінія, кругавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой.

Апісаць пятлю.

Мёртвая п. (фігура найвышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці). Петлі заечых слядоў.

4. Тое, што і сіло.

5. Праразная адтуліна ў адзенні для зашпільвання (гузіка, запінкі), а таксама засцежка з тонкага шнурка, дроціка.

Абкідаць петлі.

6. Дзве планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання створкі, дзвярэй.

Павесіць дзверы на петлі.

|| памянш. пяце́лька, -і, ДМ -льцы, мн. -і, -лек, ж. (да 1, 5 і 6 знач.).

|| прым. пяце́льны, -ая, -ае (да 1, 3, 4, 5 і 6 знач.).

Пяцельнае шво.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пятля́ ж., в разн. знач. пе́тля;

зашмаргну́ць ~лю́ — затяну́ть пе́тлю;

апіса́ць ~лю́ав. описа́ть пе́тлю;

рабі́ць ~лю́ав. де́лать пе́тлю;

пе́тлі зае́чых слядо́ў — пе́тли за́ячьих следо́в;

мёртвая п.ав. мёртвая пе́тля;

хоць у ~лю́ лезь — хоть в пе́тлю лезь;

шука́ць ~лі́ на шы́ю — лезть в пе́тлю; иска́ть пе́тлю на ше́ю

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пятля́, і́; мн. пе́тлі (з ліч. 2, 3, 4 пятлі́), пе́тляў; ж.

1. Частка вяроўкі, шнура, ніткі і пад., складзеная кальцом і завязаная так, што канцы яе можна зацягнуць. Кат ускочыў на табурэтку сам і накінуў асуджанаму пятлю на шыю. Машара. Я адразу ўспомніў, што ў мяне дзяга на паясніцы. Зрабіў пятлю, зачапіў за крук.. бараку. Пташнікаў. // Аб смерці праз павешанне. — Песня твая прапета, Пятлю ці кулю сам выбірай!.. Танк. І апошняю куляй, што да ўласнага сэрца прымерана, Я фашыста яшчэ аднаго у зямлю заганю, І, стрымаўшы салдацкую клятву на вернасць, Сваё цела аддам і пятлі, і свінцу, і агню. Панчанка.

2. Лінія, крутавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой. [Маша] кружыла, рабіла петлі, хутка траціла ўсялякі кірунак і блудзіла. Шамякін. Вакол лямпы, апісваючы імклівыя петлі, носіцца матыль. Навуменка. За ўрочышчам «Вокны» рака Будзянка робіць вялікую, амаль закончаную пятлю. В. Вольскі. // звычайна мн. Пра сляды звера (пераважна зайца), якія ўтвараюць замкнутыя крывыя. Першых заячых слядоў глухія петлі забялелі. Танк. // Рух лятальнага апарата па замкнутай крывой лініі, у час якога лётчык у пэўны момант аказваецца ўніз галавой. Натоўп замёр: самалёт падаў.. Гэта была пятля, зрабіць якую лёгка можа спрактыкаваны лётчык. Краўчанка. Пасля левага развароту самалёт пайшоў на пятлю. Мільганула зямля, паплыло неба, потым зноў паказалася зямля... Алешка.

3. Кальцо з нітак, якое ўтвараецца пры вязанні. Вольга спрытна запрацавала шпількамі, нанізваючы на іх петлі пражы. Пестрак.

4. Тое, што і сіло. Наш сусед Коберац дык налаўчыўся сіліць зайцаў петлямі. Дайліда.

5. Праразная адтуліна ў адзежы для зашпільвання (гузіка, запінкі і пад.). Праразаць петлі. // Дужка з нітак, шнурка або дроту для зашпільвання гапліка, гузіка і пад.

6. Дзве металічныя планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання дзвярэй, вокнаў і пад. На двары ўсё раскідана абы-як, вароты скасабочыліся, вісяць на адной пятлі. Мележ. Тоненька-тоненька віснулі петлі дзвярэй, І хтосьці зайшоў у хату. Паўлаў.

•••

Мёртвая пятля — а) пятля з вузлом, які пасля зацягвання нельга развязаць; б) фігура вышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці.

Лезці ў пятлю гл. лезці.

Усунуць галаву ў пятлю гл. усунуць.

Хоць у пятлю лезь гл. лезці.

Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пятля́1 рухомае кальцо з вяроўкі, сіло; пяцелька (у адзенні)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан.; Сцяшк.; мсцісл., Жыв. сл.; даўг., Сл. ПЗБ), петля́ ’тс’ (ТС), сюды ж пятле́йка, петле́йка ’пяцелька, пятліца, гафтачка; почапка’ (баран., Сл. ПЗБ; ПСл; лун., Шатал.), пяце́лька ’тс’ (ТСБМ, Ласт.), пятлю́шка ’гафтачка’ (Жд.), ст.-бел. петелка ’тс’ (Скарына). Укр. петля́, рус. пе́тля́, польск. pętla, ст.-польск. petlica, чэш. petlice, славен. pentlja, pétljaпятля’, серб.-харв. пе̏тља ’гаплік’, балг. петля, пе́телка ’пяцелька з ніткі; гузік’, макед. петелка ’гузік’, ст.-слав. петлꙗпятля’. Прасл. *petьlja не мае агульнапрынятай этымалогіі. Лічыцца запазычаннем з невядомай германскай крыніцы, параўн. ням. fessel, ст.-в.-ням. fezzil, ст.-ісл. fetill, ст.-анг. feter ’сіло, путы’ і інш. (Фасмер, 3, 252; Бязлай, 3, 32; Банькоўскі, 2, 534; БЕР, 5, 202). Сной₂ (505) рэканструюе прасл. *pętъlʼa, якое ўзводзіцца да *pętъ ’нацягнуты, напяты’; яшчэ раней Махэк₂ (447) звязваў з *pęti (гл. пяць), *pǫto (гл. пута).

Пятля́2 ’дзетародны орган самкі жывёлы’ (Нас.), пяце́лька (pieciélka) ’vulva’ (Нас.; Сержп.). Відаць, эўфемізм (гл. пятля1), параўн. пу́ткапятля, пяцелька (у мове шаўцоў)’: здзелай трохі шэрэйшае путка (добр., Мат. Гом.) і балг. пу́тка ’vulva’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пятля, зашмарга

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

пяце́льны гл. пятля.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

га́фтачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

Пятля з нітак у вопратцы для апліка.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

за́шмарга, -і, ДМ -рзе, мн. -і, -аў, ж.

Зацяжная пятля, завязаная адным канцом.

Зашмаргі шаўковых шнуркоў накідкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

га́фтачка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Пятля з нітак, шнурка ці дроту для зашпільвання апліка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)