КАВЯ́ЗІН (Мікалай Аляксандравіч) (15.9.1898, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 9.3.1950),

бел. рэжысёр, педагог, мастак, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1949). У 1928—31 стажыраваўся ў Маскоўскім і Ленінградскім т-рах юнага гледача. З 1922 акцёр і мастак у 2-й вандроўнай трупе Галоўпалітасветы, у 1923—28 выкладаў маляванне ў чыг. школе Мінска. Арганізатар і маст. кіраўнік Т-ра юнага гледача Беларусі (1931—37), Полацкага калгасна-саўгаснага (1938—39), абласных драм. Палескага (з 1944), Бабруйскага (з 1945), Гродзенскага (з 1947) т-раў. Пастаноўкі К. вызначаліся тэатральнасцю, глыбокім раскрыццём сутнасці з’яў і характараў. Рэжысёр і мастак спектакляў: «На штурм» Я.​Маўра (1931), «Наш» М.​Зныка (1932), «Шлях далёкі» М.​Шастакова (1934), «Заложнікі» А.​Кучара (1944), «Без віны вінаватыя» (1945) і «Праўда добра, а шчасце лепш» (1946) А.​Астроўскага, «Сын» С.​Паташова (1948), «На дне» М.​Горкага (1950). Рэжысёр спектакляў: «Дружына» А.​Бруштэйн (1935), «Мікола Гоман» В.​Сташэўскага і «Ная» М.​Зарэцкага (абодва 1936), «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона (1947), «Ракавая спадчына» Л.​Шэйніна (1949) і інш.

Літ.:

Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество. Мн., 1990.

У.​І.​Няфёд.

М.А.Кавязін.

т. 7, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЮКЕ́ВІЧ (Мар’ян Язэпавіч) (24.9.1904, в. Цяцеркі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 13.9.1983),

бел. этнограф. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), аддзяленне этнаграфіі і этналогіі Віленскага ун-та (1938). У Вільні ў 1929—34 быў фактычным рэдактарам час. «Шлях моладзі», з 1930 працаваў у б-цы Ін-та Усх. Еўропы і б-цы імя Урублеўскіх, у 1939—41 дырэктар Бел. музея. У 1949 рэпрэсіраваны. Пасля рэабілітацыі ў 1956—70 супрацоўнік Этнагр. музея ў Торуні (Польшча), дзе стварыў экспазіцыі матэрыяльнай культуры беларусаў. Даследаваў нар. культуру беларусаў, у т. л. бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар прац «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь, беларус» (1957), «Купалле — у мінулым усенароднае свята», «Аб паходжанні імён» (абедзве 1958), «Прозвішчы» (1959), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Старадаўнія юр’еўскія звычаі ў беларусаў» (1961), «Пахавальныя звычаі» (1965), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968), «Беларускае народнае мастацтва ў Быдгаскім ваяводстве» (1975), «Уклад Казіміра Машынскага ў даследаванне народнай культуры беларусаў» (1976) і інш.

Тв.:

У пошуках зачараваных скарбаў. Вільня, 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

замачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым; намачыць. Замачыць ногі. □ Начдыў плыў, высока трымаючы над галавой у адной руцэ партбілет, каб не замачыць. Гурскі.

2. што. Намачыць з якой‑н. мэтай. Замачыць бялізну. Замачыць каноплі. Замачыць бочку.

3. што; перан. Разм. Адзначыць выпіўкай якую‑н. надзею, справу і пад. Мікола падносіць сваю шклянку да Генадзевай, чокаецца. — Замочым гэта дзела! Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марадзёр, ‑а, м.

1. Той, хто грабіць забітых і раненых на полі бою і займаецца грабяжом насельніцтва ў час вайны. Каб ноч віднейшая была, Ноч на чужой зямлі, Шміт марадзёрам загадаў Будынкі падпаліць. Танк. Па дарозе ехалі фурманкі.., нагружаныя нарабаваным дабром... — Траха не будзе, калі аднаго марадзёра мы затрымаем, — рашыў Мікола. Новікаў.

2. перан. Разм. Спекулянт, які прадае тавары па вельмі высокай цане.

[Фр. maraudeur — грабежнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упамяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Паведаміць пра каго‑, што‑н. коратка, бегла; назваць, закрануць мімаходам. Адзінаццаць стагоддзяў налічвае Полацк з таго часу, як першы раз яго ўпамянулі ў летапісе. Хадкевіч. [Пцічкін:] — Абавязкова ўпамяні пра яе [Ірыны] выступленне на пленуме райкома камсамола. Ты журналіст, Мікола, а не фотаапарат. Гаўрылкін. // Назваць пры пералічэнні. Гаворачы пра даярак, неабходна ўпамянуць і другіх працаўнікоў жывёлагадоўлі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храбрэ́ц, ‑раца, м.

Храбры чалавек. Між буданоў фарсіста круціўся на шэрабокім трафейным жарабку камандзір атрада, прыгажун і храбрэц Мікола Глівенка, ён жа «дзядзька Коля». Хадкевіч. / у іран. ужыв. — Ну, што ж, на ракаў ты храбрэц... — згаджаўся дзед з Міколкам. Лынькоў. — Шапку вазьмі, храбрэц! — крыкнула Галя, убачыўшы, што ён нават забыўся падняць сваю фарсістую шапку-капітанку і тая, пакамечаная, валяецца на зямлі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАНЧАРО́Ў (Мікола) (Мікалай Іванавіч; 8.5.1934, в. Заполле Віцебскага р-на — 25.11.1991),

бел. графік, мастацтвазнавец, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1959). Працаваў на радыё, у ІМЭФ АН Беларусі, з 1963 гал. мастак Дзяржкамвыда Беларусі. Аформіў кнігі: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984, усе разам з Г.​М.​Галубовічам), «Беларускія мастакі пра Вялікую Айчынную вайну» (1985; складальнік і аўтар тэксту), «Беларуская кніжная графіка» (1987), «Беларускі палітычны плакат» (1989; складальнік і аўтар тэксту, з Галубовічам) і інш. У творчасці відавочны асэнсаванне лепшых здабыткаў сусв. кнігамастацтва, сувязь з нац. маст. традыцыямі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аўтар зб-каў вершаў і казак «Веснавая завязь» (1962), «Мішка-пілот» (1966), «Карусель» (1971), «Касмалёт» (1979), «Зямля ў квецені» (1983), «Касманаўтам быць хачу» (1984) і інш., мастацтвазнаўчых даследаванняў пра бел. мастакоў.

Тв.:

К.​М.​Касмачоў. Мн., 1970;

Г.​Г.​Паплаўскі. Мн., 1974;

А.​М.​Кашкурэвіч. Мн., 1976;

Мастацтва мужнасці і гераізму. Мн., 1976;

С.​Р.​Раманаў. Мн., 1979;

Васіль Шаранговіч. Мн., 1981;

Праздники: Стихи. Мн., 1982.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬ (Мікола) (сапр. Гілевіч Мікалай Сымонавіч; н. 15.6.1936, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). З 1961 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1990—96 гал. рэдактар); у 1972—77 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1952. Першая кн. апавяданняў «Ранішнія сны» (1973) прысвечана нашаму сучасніку. Героі Гіля звычайна гараджане ў першым пакаленні, таму характары іх выяўляюцца на псіхал. стыку горада і вёскі. У аповесцях «Слабодскі парламент» (1968), «Вяртанне» (1972), «Тацянін чэрвень» (1976), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1981), «Дзень пачаўся» (1984) і інш. выяўляе высокія маральныя якасці вяскоўцаў, спрадвечную нар. мудрасць, вернасць роднаму куту. Упершыню ў бел. л-ры ставіць праблему вяртання былога вяскоўца з горада ў вёску. Піша і для дзяцей («На лясной вуліцы», 1975; «Самы галоўны чалавек», 1980; «Ёсць на зямлі крыніца», 1983). На бел. мову пераклаў раман В.​Бубніса «Пад летнім небам», аповесці І.​Эркеня «Сям’я Тотаў», «Выстаўка ружаў» (з Л.​Каўрус), аповесць «Кат» і раман «Карлік» П.​Ф.​Лагерквіста (з Г.​Шупенькам).

Тв.:

Пуд жыта. Мн., 1982;

Камандзіроўка ў Вішанькі. Мн., 1987;

Кім і Валерыя. Мн., 1988;

Бралася на дзень. Мн., 1993.

Л.​С.​Савік.

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Антонавіч) (16.1. 1901, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 23.2.1954),

бел. рэжысёр і акцёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1918—20 акцёр Першага т-ва бел. драмы і камедыі. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (у 1931—33 маст. кіраўнік студыі пры т-ры), у 1934—41 рэжысёр т-раў на Украіне. Сярод роляў у т-ры Я.​Коласа: Адольф, («Цар Максімілян»), Галадуха («Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), фон Штубе («Разлом» Б.​Лаўранёва), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна). Стварыў яркія спектаклі па п’есах бел. аўтараў: «Качагары» І.​Гурскага (1931), «Заложнікі» А.​Кучара (1944), «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (1950). Пастаноўкі вызначаліся яскравай сцэн. формай, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў: «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (сурэжысёр, 1933), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943), «Тэатр Клары Гасуль» П.​Мерымэ (1944), «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага (1950), «Васа Жалязнова» М.​Горкага (1953), «Гаіці» У.​Дзюбуа (1954). У БДТ-3 паставіў спектакль «Дыктатура» І.​Мікітэнкі (1930), у т-ры імя Я.​Купалы — «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1951).

Літ.:

Скібнеўскі А. Мікола Міцкевіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧУ́Й-ЛЯВІ́ЦКІ (сапр. Лявіцкі) Іван Сямёнавіч

(25.11.1838, г.п. Сцяблёў Чаркаскай вобл., Украіна — 15.4.1918),

украінскі пісьменнік; пачынальнік жанру сац. аповесці і рамана ва ўкр. л-ры. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865). Друкаваўся з 1868. Лёс і праблемы сялянства, рабочых прыгоннай і паслярэформеннай Украіны адлюстраваў у сац.-бытавых аповесцях «Мікола Джэра» (1878), «Сям’я Кайдаша» (1879), «Бурлачка» (1880), ідэйныя пошукі інтэлігенцыі — у вострасац. раманах і аповесцях «Хмары» (1874), «Над Чорным морам» (1890), «Неаднолькавымі сцежкамі» (1910), «На гастролях у Мікіцянах» (1911) і інш. Многія яго творы маюць ярка выражаную сатыр. афарбоўку: камедыі «На Кажумяках» (1875), «Галоднаму і апенькі — мяса» (1887), аповесці і апавяданні «Старасвецкія бацюшкі і матушкі» (1884—85), «Афонскі прайдзісвет» (1890), «Сярод ворагаў» (1893), «Старыя гулякі» (1897), «Тэлеграма Грыцу Бындзе» (1911), «Вясковая старшына балюе» (1912). Аўтар гіст. п’ес «Маруся Багуслаўка» (1875), «У дыме і полымі» (1910) і рамана «Князь Ерамія Вішнявецкі» (апубл. 1932). У творах нац. самабытныя характары, каларытныя пейзажныя замалёўкі. Выступаў як літ. крытык, пісаў навук.-папулярныя працы па гісторыі, лінгвістыцы, этнаграфіі, фалькларыстыцы.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—10. Київ, 1965—68;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1956;

Повести и рассказы. М., 1964.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)