ВЕЛА́СКЕС ((Velázquez; Velásquez) Дыега Радрыгес дэ Сільва і) (6.6.1599, г. Севілья, Іспанія — 6.8.1660),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Севільі ў Ф. дэ Эрэры Старэйшага і Ф.Пачэкі (1610—16). З 1623 прыдворны жывапісец Філіпа IV. Яго творчасць — вяршыня «залатога веку» ісп. жывапісу. Дэмакратызм і рэалізм творчасці Веласкеса праявіўся ўжо ў ранніх палотнах: «Снеданне» (1617), «Ваданос» (каля 1620). Нават афіцыйныя заказныя партрэты Веласкеса вылучаліся бязлітаснай праўдзівасцю характарыстык і псіхал. глыбінёй: «Філіп IV» (каля 1629 ці 1644), «Герцаг Аліварэс» (каля 1638), «Папа Інакенцій Х» (1650). Гуманістычны характар яго творчасці яскрава выявіўся ў партрэтах дзіцячых («Інфант Бальтасар Карлас», 1634—35, «Інфанта Маргарыта», 1659), прыдворных блазнаў («Себасцьян дэ Мора», «Эль Прыма», «Эль Боба з Карыі», 1631—48), рэалістычных («Хуан Матэас», канец 1632, «Дама з веерам», канец 1648, «Хуан Парэха», 1650). У творах на рэліг. і міфалаг. тэмы («Пакланенне вешчуноў», 1617, «Хрыстос у доме Марфы і Марыі», 1622, «Кузня Вулкана», «Вакх», 1630, «Венера перад люстэркам», 1648—49) вобразы святых і міфалаг. багоў Веласкес аб’ядноўваў з грубаватымі зямнымі вобразамі людзей. Яго творы «Здача Брэды», «Меніны» («Фрэйліны», 1656), «Папрадухі» («Міф аб Арахане», 1657) вызначылі ў еўрап. мастацтве 17 ст. новы тып шматпланавай карціны з кампазіцыйнымі і святлоценявымі эфектамі, паглыбленым псіхалагізмам. Каларыстыка яго твораў вылучаецца вытанчанымі валёрнымі гармоніямі, святлонасычанасцю. Творы Веласкеса былі прадметам вывучэння і крыніцай натхнення для Ф.Гоі, Э.Манэ, П.Пікаса.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Веласкес. М., 1978;
Justi C. Diego Velazquez und siene Jahrhundert. Leipzig, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІЯ ШПАЛЕ́РЫ,
вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.К.Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст.Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.К.Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі
(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),
французскі дзярж, і рэліг. дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн.Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.
Літ.:
Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг.Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПО́ЦКІН,
гарадскі пасёлак у Гродзенскім р-не, на аўтадарозе, якая злучае яго з г. Гродна. За 21 км на ПнЗ ад Гродна. 1,5 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Гродзенскага пав. Трокскага, з 1793 — Гродзенскага ваяв.ВКЛ. Меў уласны герб. З 1795 у складзе Усх. Прусіі, з 1807 у Варшаўскім герцагстве, з 1815 у Рас. імперыі — у Аўгустоўскім павеце Царства Польскага, з 1837 у Аўгустоўскай, з 1867 у Сувалкаўскай губ. У 1858 С. — мястэчка (1568 ж., 160 дамоў, касцёл, царква, пошта, маслабойня) і маёнтак. У 1897—3900 ж., выраб кафлі, цэментных пліт, шкла, масла. У 1900 С. — пасёлак, 6595 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Валавічоўскай гміне Аўгустоўскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1921—1774 ж., 294 дамы. З 1939 у складзе БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Сапоцкінскага раёна Беластоцкай, з 1944 — Гродзенскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў сапоцкінскім лагеры смерці 539 чал., 15.6.1944 расстралялі 70 чал. 18.7.1944 С. вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай і Вільнюскай аперацый 1944. З 1959 у Гродзенскім р-не.
У пасёлку лесазавод, упраўленне біял. заказніка Сапоцкінскі, ПТУ сельскай гаспадаркі, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Сапоцкінскія капліцы, касцёл Успення Дзевы Марыі і царква (пач. 20 ст.). 3 брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. На зах. ускраіне помнік археалогіі — курганны могільнік (10—11 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка. За 132 км ад Гродна. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск. 8,6 тыс.ж. (1997).
Вядома з 1470 як сяло Вял. З., уласнасць Міхаіла Начовіча (з 1477 вядомы суседні маёнтак Малая З.). У 16—19 ст.Вял. і Малой З. валодалі Вішнеўскія, Іллінічы, Забярэзінскія, Зяновічы, Камароўскія, Глябовічы, Радзівілы, Язерскія, Палубінскія, Сапегі. З 1524 Вял. З. (з 16 ст. ў крыніцах проста З.) мястэчка Ваўкавыскага пав. У 1616 рынак і 3 вуліцы, 17 корчмаў, 2 млыны. У 1720 атрымала прывілей на таргі і кірмашы. З 1739 заснавана рэзідэнцыя піяраў. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. У 1831 канфіскавана ва ўласнасць дзяржавы за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31. У 1897—2879 ж., нар. вучылішча, лячэбніца, млын, бровар, медаварня, свечачная майстэрня. У 20 ст. Малая З. ўвайшла ў межы З. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Зэльвенскага раёна. З 1.7.1941 да 12.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі, якія загубілі ў З. і раёне 6049 чал. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не. У 1971—4,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, санаторна-лясная школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, 2 камбінаты быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Зэльвенская Троіцкая царква (19 ст.), касцёл Дзевы Марыі (пач. 20 ст.). Каля З. — гарадзішча і курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр.Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.Гл. таксама Караваджызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫІ́НСКІ ТЭА́ТР,
тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж.акад.т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.М.Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.Лядаў, Э.Напраўнік, М.Малько; спевакі Л.Собінаў, Ф.Шаляпін, В.Пятроў, Б.Штокалаў, Г.Кавалёва; танцоўшчыкі Т.Карсавіна, М.Кшасінская, В.Ніжынскі, Г.Паўлава, Г.Уланава, М.Барышнікаў, І.Бельскі, Г.Комлева, Н.Кургапкіна, Н.Макарава, Р.Нурыеў; балетмайстры М.Петыпа, М.Фокін, Ф.Лапухоў; мастак А.Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.Агнавенка, М.Ахотнікаў, І.Багачова, Я.Гарахоўская, Ю.Марусін, К.Плужнікаў, Л.Філатава; артысты балета А.Асылмуратава, К.Заклінскі, А.Куркоў, В.Ліхоўская, Ю.Махаліна, Ф.Рузіматаў і інш.Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).
Літ.:
Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.М.Кирова. Л., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс.ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.І.Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр.з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс.ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.
Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял.Айч. вайны. Царква св.Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў цэнтры горада паміж р. Піна і вул. Леніна. Драўляны кляштар і касцёл засн. ў 1396 кн. Жыгімонтам Кейстутавічам. У 17 ст. неаднаразова гарэў, адбудаваны з дрэва (каменнай была толькі сакрысція), значна пашкоджаны ў 1648. У 1712—30 пабудаваны мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пазней — карпусы кляштара ў стылі барока. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766. У 1817 перад касцёлам пастаўлена 3-ярусная мураваная званіца (арх. К.Каменскі), 4-ы ярус якой дабудаваны ў пач. 20 ст. Кляштар перабудаваны ў 1920-я г. (арх. Г.Гай), касцёл у 1920—40-я г. і з 1991 — кафедральны. Касцёл — 1-нефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрыты стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы пад 1-схільнымі чарапічнымі дахамі. Гал. фасад расчлянёны на 3 ярусы і завершаны складаным франтонам з 2 вежамі па баках, дэкарыраваны пілястрамі, раскранаваны карнізамі, філянговымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваны лапаткамі. Сцены капліц прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі з лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры пазалочаныя алтары 18 ст. У іх кампазіцыі шмат драўлянай скульптуры і дэкар. арнаментальнай разьбы ў стылі барока. У 1909 скляпенні і падпружныя аркі размаляваны арнаментальнымі матывамі (маст. С.Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі (маст. Б.Вішнеўскі). 4 узаемна перпендыкулярныя 2- і 3-павярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Тарцы кляштарных будынкаў завершаны барочнымі франтонамі складанага профілю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНО́ЧЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ І ГІМНА́ЗІІ,
пачатковыя і сярэднія навуч. ўстановы ў Рас. імперыі. Адны з іх падпарадкоўваліся Ведамству ўстаноў імператрыцы Марыі (Марыінскія), другія — Мін-ву нар. асветы; епархіяльныя вучылішчы былі пад наглядам Сінода. Марыінскія вучылішчы былі 2 тыпаў: сярэднія (з 7-гадовым тэрмінам навучання, засн. ў 1858, у 1862 перайменаваны ў гімназіі) і з 4-гадовым тэрмінам навучання (з 1880-х г.). З канца 1880-х г. у Беларусі існавалі Мінскі і Віцебскі дзіцячыя прытулкі, Лепельскае 4-класнае вучылішча. У 1911 гімназіі былі ў Гродне, Віцебску, Мінску. Вучылішчы Мінва нар. асветы засн. ў 1858, падзяляліся на вучылішчы з 6-гадовым курсам навучання (1-ы разрад) і 3-гадовым (2-і разрад); у 1870 яны пераўтвораны ў гімназіі і прагімназіі. З 1876 такія вучылішчы працавалі ў Брэсце, Пружанах, Слоніме, Мсціславе, Нясвіжы, Ашмянах, Жыровічах, Віцебску, Мінску, Парычах (для дачок духавенства), Гарадоцкае руска-латышскае вучылішча, а таксама 10 жан.нар. вучылішчаў і жан. змены пры 36 прыходскіх і 7 нар. вучылішчах. Навучанне ва ўсіх жан. вучылішчах і школах Беларусі вялося на рус. мове. У 1913 працавалі 33 яўр.жан.навуч. ўстановы. Пасля 1912 засн. Гарадоцкае і Брэсцкае вышэйшыя жан.пач. вучылішчы, 16 вышэйшых пач. вучылішчаў супольнага навучання (Чачэрскае, Прапойскае, Жлобінскае і інш.). Да 1913 адкрыты жан.дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слоніме, Слуцку і інш. Навучанне платнае. У канцы 1870-х г. у Беларусі было 21 прыватнае жан. вучылішча. Прыватныя гімназіі пачалі адкрывацца з 1872. Выпускніцам гімназій з 1881 прысвойвалася званне настаўніцы пач. школы. Гл. таксама Віцебская Марыінская жаночая гімназія, Брэсцкія гімназіі, Гомельскія гімназіі, Гродзенскія гімназіі і інш.