рассеянне электронаў, нейтронаў, атамаў і інш. мікрачасціц крышталямі або малекуламі вадкасцей і газаў з утварэннем чаргаваных максімумаў і мінімумаў у інтэнсіўнасці рассеяных мікрачасціц.
Максімумы і мінімумы ў дыфракцыйнай карціне размяркоўваюцца ў адпаведнасці з унутр. будовай рассейвальнага асяроддзя. Д.ч. аналагічная дыфракцыя святла і пацвярджае квантавую прыроду мікрачасціц (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Паводле квантавай механікі свабодны рух часціцы з масай m і скорасцю v (энергіяй
; пры ўмове v≪c, дзе c — скорасць святла ў вакууме) можна разглядаць як плоскую хвалю (гл.Хвалі дэ Бройля) з даўжынёй хвалі
, дзе h — Планка пастаянная. Пры ўзаемадзеянні часціцы з атамамі ці малекуламі рассейвальнага асяроддзя мяняецца яе энергія і характар распаўсюджання звязанай з ёй хвалі, што адбываецца ў адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі дыфракцыі хваль. Д.ч. выкарыстоўваецца пры даследаванні паверхні цвёрдых цел, будовы крышталёў і складаных малекул.
А.І.Болсун.
Да арт.Дыфракцыя часціц. Дыфракцыйная карціна, утвораная пучком электронаў пры праходжанні іх праз монакрышталёвую плёнку монагідрату хлорыстага барыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ЛА́ЗЕР,
лазер з паўправадніковым крышталём у якасці рабочага рэчыва. Асаблівасці — высокая эфектыўнасць пераўтварэння эл. энергіі ў энергію кагерэнтнага выпрамянення, малая інерцыйнасць, магчымасць перастройкі даўжыні хвалі выпрамянення і інш.
У П.л. ўзбуджаюцца і выпрамяняюць (калектыўна) атамы крышт. рашоткі, што вызначае малыя памеры і кампактнасць прылады. У адрозненне ад лазераў інш. тыпаў у П.л. выкарыстоўваюцца выпрамяняльныя квантавыя пераходы паміж дазволенымі энергет. зонамі крышталёў (гл.Зонная тэорыя, Цвёрдае цела): пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак вызваляецца энергія, якая выпрамяняецца ў выглядзе квантаў святла (люмінесцэнцыя) ці перадаецца ўсяму крышталю, як цеплавая энергія. У некаторых паўправадніках, напр. у арсенідзе галію, доля выпрамененай энергіі набліжаецца да 100%. Важнейшы спосаб пампоўкі ў П.л. — інжэкцыя праз p-n-пераход ці гетэрапераход (інжэкцыйны П.л.), што дазваляе непасрэдна пераўтвараць эл. энергію ў кагерэнтнае выпрамяненне. Інш. спосабы пампоўкі: эл. прабой (стрымерны П.л.), бамбардзіроўка электронамі (П.л. з электроннай пампоўкай) і аптычная пампоўка. П.л. выкарыстоўваюцца ў аптычнай сувязі і лакацыі, спец. аўтаматыцы, оптаэлектроніцы, тэхніцы спец. асвятлення (напр., скарасной фатаграфіі), для вызначэння забруджванняў і дамешкаў у розных асяроддзях, для лазернага праекцыйнага тэлебачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад піра... + электрычнасць),
узнікненне эл. зарадаў на паверхні некат. крышталёў (піраэлектрыкаў) пры іх награванні ці ахаладжэнні. Да піраэлектрыкаў адносяць крышт.дыэлектрыкі, што палярызуюцца ў адсутнасці эл. поля і інш. знешніх уздзеянняў (т. зв. спантанная палярызацыя). Даследавалася Д.Брустэрам, П.Кюры, Ф.Эпінусам.
Пры награванні адзін край піраэлектрыка зараджаецца дадатна, пры ахаладжэнні — адмоўна, другі — наадварот. Паяўленне зарадаў на паверхні піраэлектрыка звязана са зменай існуючай у ім палярызацыі пры змене т-ры крышталя, а таксама і пры дэфармаванні (піраэлектрыкі з’яўляюцца п’езаэлектрыкамі) Асобная група піраэлектрыкаў — сегнетаэлектрыкі, у якіх пры награванні да пэўнай т-ры спантанная палярызацыя знікае і крышталь пераходзіць у непіраэл. стан. Існуе эфект, адваротны піраэлектрычнаму. Калі крышталь змясціць у эл. поле, то яго палярызацыя змяняецца, што суправаджаецца награваннем ці ахаладжэннем крышталя (электракаларычны эфект). Піраэлектрыкі выкарыстоўваюць у тэхніцы ў якасці індыкатараў і прыёмнікаў выпрамяненняў. Іх дзеянне заснавана на рэгістрацыі эл. сігналаў, што ўзнікаюць у піраэлектрыках пры змене т-ры пад уплывам выпрамянення.
Літ.:
Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ.М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭГ (Bragg),
англійскія фізікі, бацька і сын. Заснавальнікі рэнтгена-структурнага аналізу. Упершыню выкарысталі дыфракцыю рэнтгенаўскіх прамянёў у крышталях для выяўлення характарыстык гэтых прамянёў і для расшыфроўкі структуры крышталёў (1913). Нобелеўская прэмія 1915.
Уільям Генры (2.7.1862, Уігтан, графства Камбрыя, Вялікабрытанія — 12.3.1942), член (1906) і прэзідэнт (1935—40) Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1886 праф. Адэлаідскага ун-та ў Аўстраліі, з 1909 у Лідсе, з 1915 у Лондане. Аўтар шэрагу навук-папулярных кніг.
Уільям Лорэнс (31.3.1890, г. Адэлаіда, Аўстралія — 1.7.1971), член Лонданскага каралеўскага т-ва (1921). Вучыўся ў Адэлаідскім і Кембрыджскім ун-тах. У 1919—37 праф. ун-та ў Манчэстэры, 1937—38 дырэктар Нац.фіз. лабараторыі, 1954—66 дырэктар Каралеўскага ін-та ў Кембрыджы. У 1913 адначасова з Г.В.Вульфам даў ураўненне, якое звязвае вугал адхілення рэнтгенаўскіх прамянёў, рассеяных крышталём без змены даўжыні хвалі, з адлегласцю паміж суседнімі атамнымі плоскасцямі ў крышталі (гл.Брэга—Вульфа ўмовы), практычна ажыццявіў указаны У.Г.Брэгам спосаб вызначэння структур пры дапамозе радоў Фур’е, вызначыў структуры шматлікіх сілікатаў.
Тв.:
Рус.пер. — Рентгеновские лучи и строение кристаллов. М.; Л., 1929;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЖДЖ,
від атмасферных ападкаў у выглядзе кропель вады дыяметрам 0,5—7 мм. Утвараецца ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ў паветры і зліцця дробных кропель у больш буйныя або раставання крышталёў, што выпадаюць з воблакаў.
Аблажныя Д. працяглыя. раўнамернай інтэнсіўнасці, выпадаюць са слаіста-дажджавых або высокаслаістых воблакаў на вял. плошчы; ліўневыя Д. кароткачасовыя, маюць хутказменлівую і часта вял. інтэнсіўнасць, выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў (гл.Лівень). Д. з дыяметрам кропель менш за 0,5 ммназ.імжой. Бывае ледзяны Д. у выглядзе дробных празрыстых ледзяных шарыкаў дыяметрам 1—3 мм, што ўтвараюцца пры замярзанні кропель Д. ў паветры з адмоўнай т-рай, і пераахалоджаны Д., кроплі якога застаюцца вадкімі пры адмоўнай т-ры і замярзаюць у выглядзе галалёду на паверхні Зямлі.
На Беларусі выпадзенне Д. часцей звязана з цыкланічнай дзейнасцю. Вадкія ападкі (пераважна Д.) даюць ад 75% на У да 80% на 3 гадавой сумы ападкаў. За год бывае каля 110 сут з Д. Летам пераважаюць ліўневыя Д., найб. дажджлівы месяц ліпень (13—16 сут з Д.). У халодны перыяд года акрамя снегу выпадаюць аблажныя Д. і імжа (да 8 сут з ападкамі за месяц). Гл. таксама Ападкі атмасферныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),
пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.
Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.
К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫЯ З’Я́ВЫ,
сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівасцямі ўласцівасцей паверхняў, што падзяляюць датыкальныя целы (фазы). Адыгрываюць значную ролю ў прыродных працэсах (выветрыванне горных парод, атм. працэсы, глебаўтварэнне і інш.), у біялогіі (функцыянаванне клетачных мембран), у тэхніцы (трэнне, знос, змазачнае дзеянне і інш.).
Падзяляюцца на некалькі груп. Фізічныя П.з.: каалесцэнцыя, змочванне, адгезія, трэнне, капілярныя з’явы, звязаныя з лішкам свабоднай (гл.Паверхневае нацяжэнне) ці поўнай энергіі, энтрапіі або інш. тэрмадынамічных велічынь у паверхневым слоі. Вызначаюць форму кропель вадкасцей, газавых пузыроў, крышталёў у раўнаважным стане, умовы ўзнікнення зародкаў новай фазы. Хімічныя П.з. абумоўлены зменай хім. саставу паверхні ў выніку адсорбцыі. Уплываюць на мех. ўстойлівасць дысперсных сістэм (гл.Паверхнева-актыўныя рэчывы), ліяфільнасць рэчываў (гл.Ліяфільнасць і ліяфобнасць), павышаюць хім. ўстойлівасць (напр., супраць карозіі). П.з., звязаныя з фіз.-хім. і структурнымі ўласцівасцямі паверхневых слаёў. Уплываюць на кінетыку гетэрагенных працэсаў (каталіз, гарэнне, фазавыя пераходы). Электрапаверхневыя з’явы: электракінетычныя з’явы, электронная эмісія, паверхневая праводнасць і інш. абумоўлены ўтварэннем падвойнага электрычнага слоя іонаў і ўзнікненнем скачкоў патэнцыялу на паверхні падзелу фаз. На выкарыстанні П.з. заснаваны шматлікія тэхнал. працэсы: флатацыя, фільтрацыя, мех. апрацоўка і ўшчыльненне матэрыялаў, хім. сінтэз з выкарыстаннем гетэрагенных каталізатараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ганіёметр
(ад гр. gonia = вугал + -метр)
1) прыбор для вымярэння вуглоў паміж гранямі крышталёў;
2) прыстасаванне для вымярэння электрычным спосабам накіраванасці антэны радыёпеленгатара, каб вызначыць напрамак, адкуль паступаюць радыёсігналы;
3) антр. прыбор для вымярэння вуглоў на галаве або чэрапе.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ёд
(н.-лац. iodium, ад гр. iodes = іржавы)
1) хімічны элемент з групы галагенаў, рэчыва ў выглядзе цёмна-шэрых крышталёў, якое здабываецца галоўным чынам з марскіх водарасцяў; выкарыстоўваецца ў медыцыне, фатаграфіі, тэхніцы;
2) спіртавы раствор гэтага рэчыва, прызначаны для медыцынскіх мэт.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАГА́ННІ КРЫШТАЛІ́ЧНАЙ РАШО́ТКІ,
узгодненыя зрушэнні атамаў крышталя каля становішчаў раўнавагі (вузлоў рашоткі). Характар ваганняў залежыць ад сіметрыі крышталёў, ліку атамаў у элементарнай ячэйцы, тыпу хім. сувязі, віду і канцэнтрацыі дэфектаў у крышталях. Амплітуда ваганняў павялічваецца з павышэннем тэмпературы крышталя. На цеплавыя ваганні могуць накладвацца ваганні, выкліканыя распаўсюджваннем у крышталі пругкіх хваляў, абумоўленых знешнім уздзеяннем.
У крышталі з N элементарных ячэек па ν атамаў у кожнай існуе 3νN—6 незалежных найпрасцейшых нармальных ваганняў, кожнае з якіх можна ўявіць у выглядзе дзвюх плоскіх пругкіх хваляў, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках. Гэтыя ваганні складаюцца з трох акустычных галін (ім адпавядаюць зрушэнні элементарнай ячэйкі як цэлага) і 3 (ν—1) аптычных (адпавядаюць зрушэнням атамаў унутры элементарнай ячэйкі). Пры пругкім характары міжатамнага ўзаемадзеяння вагальная энергія крышталя складаецца з энергій нармальных ваганняў, кожнае з якіх уцягвае ў рух усе атамы. Вагальную энергію крышталя можна разглядаць і як суму энергій фанонаў — квантаў энергіі пругкіх ваганняў. Квантавая прырода ваганняў крышталічнай рашоткі праяўляецца ў наяўнасці нулявых ваганняў атамаў пры T = 0К. Ваганні крышталічнай рашоткі ўплываюць на электраправоднасць металаў і паўправаднікоў, на аптычныя ўласцівасці дыэлектрыкаў.
Літ.:
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981;
Рейсленд Дж. Физика фононов: Пер. с англ.М., 1975;
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.