узгодненыя зрушэнні атамаў крышталя каля становішчаў раўнавагі (вузлоў рашоткі). Характар ваганняў залежыць ад сіметрыі крышталёў, ліку атамаў у элементарнай ячэйцы, тыпу хім. сувязі, віду і канцэнтрацыі дэфектаў у крышталях. Амплітуда ваганняў павялічваецца з павышэннем тэмпературы крышталя. На цеплавыя ваганні могуць накладвацца ваганні, выкліканыя распаўсюджваннем у крышталі пругкіх хваляў, абумоўленых знешнім уздзеяннем.
У крышталі з N элементарных ячэек па ν атамаў у кожнай існуе 3νN—6 незалежных найпрасцейшых нармальных ваганняў, кожнае з якіх можна ўявіць у выглядзе дзвюх плоскіх пругкіх хваляў, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках. Гэтыя ваганні складаюцца з трох акустычных галін (ім адпавядаюць зрушэнні элементарнай ячэйкі як цэлага) і 3 (ν—1) аптычных (адпавядаюць зрушэнням атамаў унутры элементарнай ячэйкі). Пры пругкім характары міжатамнага ўзаемадзеяння вагальная энергія крышталя складаецца з энергій нармальных ваганняў, кожнае з якіх уцягвае ў рух усе атамы. Вагальную энергію крышталя можна разглядаць і як суму энергій фанонаў — квантаў энергіі пругкіх ваганняў. Квантавая прырода ваганняў крышталічнай рашоткі праяўляецца ў наяўнасці нулявых ваганняў атамаў пры T = 0К. Ваганні крышталічнай рашоткі ўплываюць на электраправоднасць металаў і паўправаднікоў, на аптычныя ўласцівасці дыэлектрыкаў.
Літ.:
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981;
Рейсленд Дж. Физика фононов: Пер. с англ.М., 1975;
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу),
ракетадром, комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.
У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),
сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.
У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш.вузлоўЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш.Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн.ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ, радыёлакатар, радар,
радыёэлектронная сістэма, што забяспечвае знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў (цэлей) і інш. характарыстык з дапамогай адбітых ад іх (выпрамяняемых імі) радыёхваль; сродак радыёлакацыі. Асн. паказчыкі Р.с.: далёкасць дзеяння, дакладнасць вызначэння і вымярэння каардынат цэлей і параметраў іх руху; распазнавальная здольнасць па далёкасці, скорасці і інш. велічынях; перашкодаўстойлівасць; скрытнасць работы і інш.
Першыя Р.с. для выяўлення самалётаў з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1936). У СССРвытв-сць Р.с. пачалася ў 1939. У склад Р.с. ўваходзяць: радыёперадатчык; антэна-фідэрная сістэма (гл.Антэна, Фідэр), радыёпрыёмнік; індыкатар, на экране якога фіксуюцца даныя аб аб’екце; кіравальнае прыстасаванне, што ўзгадняе ўзаемадзеянне асн.вузлоў. Атрыманыя даныя апрацоўваюцца на ЭВМ. Далёкасць дзеяння вызначаецца ўмовамі распаўсюджвання радыёхваль, магутнасцю радыёперадатчыка і адчувальнасцю радыёпрыёмніка. Адрозніваюць Р.с. наземныя (перасоўныя і стацыянарныя), карабельныя і бартавыя (на самалётах, ракетах і інш.). Выкарыстоўваюцца для кіравання рухам і пасадкай лятальных апаратаў, вызначэння каардынат аб’ектаў, курсу і скорасці перамяшчэння караблёў, самалётаў і інш., таксама для патрэб астраноміі, геадэзіі, метэаралогіі і інш.
Літ.:
Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;
Ширман Я.Д., Манжос В.Н. Теория и техника обработки радиолокационной информации на фоне помех. М., 1981.
В.І.Вараб’ёў.
Радыёлакацыйная станцыя: а — знешні выгляд; б — структурная схема: 1 — рэфлектар; 2 — выпрамяняльнік; 3 — механізм варочання і нахілу; 4 — паказальнік азімута; 5 — паказальнік вугла месца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,
баявы карабель, здольны апускацца і працяглы час дзейнічаць ў падводным становішчы. Прызначаны для знішчэння караблёў і суднаў праціўніка, паражэння яго наземных аб’ектаў, пастаноўкі мінных загарод, вядзення разведкі, высадкі дыверсійных груп і выканання інш. задач, што патрабуюць скрытнасці і раптоўнасці. Існуюць таксама П.л. для навук. даследаванняў.
Першы эскіз праекта П.л. зрабіў Леанарда да Вінчы. Спробы пабудовы П.л. зроблены ў Вялікабрытаніі галандскім вучоным К. ван Дрэбелем (1620), у Расіі Я.Ніканавым (1724), у Паўн. Амерыцы Д.Бушнелем (1776), у Францыі Р.Фултанам (1801), у Германіі В.Баўэрам (1850). Мінскі дваранін К.Г.Чарноўскі прапанаваў праект метал. П.л. з перыскопам (1829), які рэалізаваў К.А.Шыльдэр (1834). Да пач. 20 ст. многія марскія дзяржавы пачалі буд-ва баявых П.л. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны (гл.Падводная вайна).
П.л. мае стальны герметычны абцякальны корпус цыгара-, шара- ці кроплепадобнай формы Бывае аднакорпуснай (без лёгкага корпуса), паўтаракорпуснай (лёгкім корпусам часткова ахопліваецца моцны корпус) і двухкорпуснай (моцны корпус ахоплены лёгкім корпусам). Моцны корпус здольны вытрымаць вонкавы ціск вады на вял. глыбіні. Пл. ўнутры падзелена воданепранікальнымі перагародкамі на 4—8 адсекаў. У моцным корпусе размяшчаюцца экіпаж, зброя, механізмы, розныя сістэмы і ўстройствы, паліва, запасы прэснай вады і інш. Лёгкі корпус служыць для надання П.л. абцякальных абводаў, размяшчэння цыстэрнаў, трубаправодаў, якарных і інш. прыстасаванняў. Для апускання П.л. баластныя цыстэрны запаўняюць вадой, для ўсплывання іх прадзімаюць сціснутым паветрам. Пл. пад вадой кіруюць верт. (па напрамку) і гарыз. (па глыбіні) рулямі. Паводле гал.энергет. установак Пл падзяляюцца на атамныя і дызельныя (дызель-акумулятарныя). Атамная мае ядз.энергет. ўстаноўку, можа знаходзіцца пад вадой некалькі месяцаў; дызельная ў надводным стане рухаецца з дапамогай дызеляў, пад вадой — электрарухавікоў, што сілкуюцца ад акумулятарных батарэй. Для сачэння за гарызонтам, вадой і паветрам П.л. мае перыскоп. Паводле асн. ўзбраення П.л. падзяляюцца на тарпедныя, ракетныя (з міжкантынент. балістычнымі або крылатымі) і ракетна-тарпедныя, паводле прызначэння — на стратэг. і шматмэтавыя. Аснашчаны гідраэлектроннай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай і інш. апаратурамі. Дызельныя Пл. (водазмяшчэнне да 10 тыс. тон) маюць глыбіню апускання да 300 м, скорасць руху пад вадой 20 вузлоў (37 км/гадз); атамныя стратэг. (водазмяшчэнне да 26 тыс.т) — глыбіня апускання да 500 м і больш, скорасць руху пад вадой да 36 вузлоў (да 66,7 км/гадз). Гал. кірункі развіцця і ўдасканалення П.л.: павелічэнне глыбіні апускання, скорасці ходу, далёкасці і аўтаномнасці падводнага плавання, зніжэнне шуму, удасканаленне ўзбраення, радыёэлектроннага абсталявання і інш. П.л. знаходзяцца на ўзбраенні ЗША, Расіі, Кітая і інш.
Л.А.Пенязь, В.М.Пташнік.
Атамная падводная лодка «Акула» (Расія).Разрэз атамнай ракетнай падводнай лодкі тыпу «Агайо» (ЗША): 1 — баластныя цыстэрны; 2 — адсек галоўных і дапаможных агрэгатаў; 3 — рэактарны адсек; 4 — ракетны адсек; 5 — навігацыйныя прылады; 6 — жылыя памяшканні; 7 — цэнтральны пост; 8 — акумулятарныя батарэі; 9 — тарпедны адсек; 10 — гідраакустычная антэна; 11 — перыскоп і антэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ТНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок, які складаецца ў асн. з уніфікаваных (нармалізаваных), кінематычна не звязаных паміж сабой вузлоў (агрэгатаў). Узаемазалежнасць і паслядоўнасць руху агрэгатаў надаецца звычайна адзінай сістэмай кіравання. Адрозніваюць агрэгатныя станкі адна- і многапазіцыйныя (па колькасці дэталяў, што адначасова апрацоўваюцца); свідравальныя, расточныя, фрэзерныя, такарныя і камбінаваныя; паўаўтаматы і аўтаматы.
Асн. рабочыя органы агрэгатных станкоў: сілавыя галоўкі з індывід. прыводамі перамяшчэння і вярчэння інструментаў; сілавыя і паваротныя сталы, якія перамяшчаюць адпаведна сілавыя галоўкі або загатоўкі паміж пазіцыямі апрацоўкі. Агрэгатныя станкі забяспечваюць многаінструмент. апрацоўку загатовак адначасова з некалькіх бакоў, іх можна хутка перакампаноўваць для апрацоўкі інш. дэталяў; дазваляюць шматразова выкарыстоўваць часткі агрэгатаў пры замене аб’екта апрацоўкі. У серыйнай і буйнасерыйнай вытв-сці з іх ствараюцца паточныя і аўтаматычныя лініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЦЭЛЁЗ (ад прозвішча англ. ўрача Д.Бруса, які адкрыў бруцэлы),
інфекцыйна-алергічная хвароба чалавека і жывёл. Суправаджаецца ліхаманкай, пашкоджаннем рэтыкула-эпітэліяльнай, сасудзістай, нерв. і інш. сістэм, найчасцей — апорна-рухальнага апарату. Адносіцца да заанозных інфекцый, гал. крыніца якіх дробная і буйн. раг. жывёла, свінні, а таксама коні, вярблюды, сабакі, кошкі і інш. Чалавек можа заразіцца ад хворай жывёлы, ад інфіцыраваных прадуктаў (сырых малочных, мясных і інш.). У арганізм бруцэлы (узбуджальнікі бруцэлёзу) трапляюць праз слізістыя абалонкі стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў, пашкоджаную скуру.
Інкубацыйны перыяд бруцэлёзу 2—3 тыдні. Тэмпература цела павышаецца да 39—40 °C, бывае і субфебрыльная. Першыя прыкметы хваробы — дыфузнае павелічэнне лімфатычных вузлоў і патлівасць, страта апетыту, сухасць у роце, абложаны язык, запоры, змены ў печані і селязёнцы. Пры пашкоджанні палавых органаў у мужчын узнікаюць архіты і эпідыдыміты, у жанчын — парушэнне менструальнага цыкла, выкідышы. Пры пашкоджанні нерв. сістэмы з’яўляюцца ўзрушанасць, эйфарыя, бяссонніца. У перыяд рэмісіі захоўваецца слабасць у мышцах, адынамія, цягнучы боль у канечнасцях, дыфузны разліты боль у мышцах, касцях, суставах. Пры хранічным бруцэлёзе дамінуюць ачаговыя пашкоджанні ўнутр. органаў і нерв. сістэмы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, сан.-курортнае.
У арганізм жывёлы ўзбуджальнік найчасцей трапляе з кормам і вадой, а таксама праз слізістыя абалонкі і скуру. Свінні і авечкі найчасцей заражаюцца палавым шляхам. Інфекцыя можа распаўсюдзіцца ад чалавека, які даглядае жывёлу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХЛІ́НЫ, новаўтварэнні,
паталагічныя лакальныя або дыфузныя разрастанні тканак арганізма чалавека і жывёл. Узнікаюць у выніку размнажэння якасна змененых клетак, атыповыя ўласцівасці якіх у адносінах дыферэнцыроўкі, характару росту і інш. працэсаў перадаюцца пры іх дзяленні. Самая вял. частата развіцця і разнастайнасць форм П. назіраецца ў чалавека. Вывучэннем прычын і механізмаў узнікнення П., іх біял. уласцівасцей, распрацоўкай дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі займаецца анкалогія. Анкалагічныя захворванні займаюць 2-е месца сярод прычын смерці дарослых і дзяцей. П. ўзнікаюць пад уздзеяннем шматлікіх унутр. (гарманальныя і імунныя парушэнні, перадпухлінныя захворванні і інш.) і знешніх прычын (іанізавальнае і ультрафіялетавае апрамяненне, анкагенныя рэчывы, курэнне, мех. траўма і інш.). Назвы асобных відаў П. паходзяць ад назвы тканак, з якіх яны развіваюцца, з дадаткам канчатка-ома. Адрозніваюць дабра- і злаякасныя П. (вылучаюць таксама прамежкавыя паміж імі). Дабраякасныя маюць выразныя межы, растуць павольна, у выніку навакольныя тканкі адсоўваюцца і сціскаюцца; небяспекі для арганізма звычайна не выклікаюць. Злаякасныя П. праяўляюцца ў форме рака ці саркомы. Асобна вылучаюць злаякасныя П. сістэмы крыві — лейкозы і лімфомы. Яны не маюць выразных межаў, хутка растуць, разбураюць навакольныя тканкі, выклікаюць метастазы з утварэннем пухлінных вузлоў. Пасля выдалення злаякасных П. часта ўзнікаюць рэцыдывы. Большасць П. развіваецца доўгі час без сімптомаў (да 10—20 г. і больш), часта на фоне перадпухлінных хвароб (напр., эрозія шыйкі маткі). Лячэнне: хірург., прамянёвае і хіміятэрапія. П. раслін выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі, насякомымі, уздзеяннем нізкіх т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКВЕР (ад англ. square квадрат),
невялікі гарадскі сад; важная ч.азелянення населеных месцаў, дэкар. афармлення плошчаў і вуліц. Фарміруецца па асн. прынцыпах садова-паркавага мастацтва. Пл. звычайна 0,5—2 га. У адрозненне ад бульвара прызначаны пераважна для кароткачасовага адпачынку пешаходаў. С. можа мець самаст. закончаную кампазіцыю ці быць элементам буйнога арх.-ландшафтнага ансамбля. Звычайна асн. элемент кампазіцыі С. — пляцоўка для адпачынку з фантанам, дэкар. скульптурай, кветкавым партэрам, клумбамі, газонамі, пасадкамі дрэў, кустоў і інш. Першыя С. ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі, у 2-й пал. 19 ст. — у Расіі. Першыя С. на Беларусі — Аляксандраўскі сад (1870, цяпер Цэнтральны С.) з фантанам (1874) і на Саборнай пл. (1890-я г., цяпер пл. Свабоды) у Мінску. Найб. значныя С. ствараюцца ў адм.-грамадскіх цэнтрах (на плошчах Незалежнасці ў Мінску, Леніна ў Магілёве, Савецкай у Гродне), каля трансп.-планіровачных вузлоў (на прывакзальных плошчах у Гомелі, Маладзечне; Міхайлаўскі каля чыг. вакзала ў Мінску), перад буйнымі грамадскімі будынкамі (каля Бел.муз.т-ра ў Мінску, політэхн. ін-та ў Брэсце), каля помнікаў і мемар. комплексаў (С. на пл. Перамогі ў Мінску, каля помніка Вызвалення на пл. Свабоды ў Брэсце), у квартальнай забудове — т.зв. С.-«кішэні» (па вул. Берсана, на скрыжаваннях вул. Варвашэні і Куйбышава ў Мінску) і інш.
Г.С.Ларкін.
Міхайлаўскі сквер у Мінску. Скульптура «Дама на лаўцы» Скульптар У.Жбанаў. 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗВАНО́ЧНЫЯ, чарапныя (Vertebrata, Craniata),
падтып жывёл тыпу хордавых. Вядомы з ардовіку — ніжняга сілуру (каля 500 млн.г. назад). Продкі П. жылі ў акіяне; уласна П. ўзніклі ў прэсных водах. Першыя наземныя П з’явіліся ў дэвоне (каля 400 млн.г. назад). Усіх П. падзяляюць на бяссківічных і сківічнаротых, анамній і амніётаў, пайкілатэрмных жывёл і гамаятэрмных жывёл. Вылучаюць 7 класаў сучасных П.: кругларотыя, храстковыя рыбы, касцявыя рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя. Каля 50 тыс. відаў (акрамя свойскіх і дэкар. парод). Пашыраны ўсюды ў акіянах і на сушы. На Беларусі больш за 450 відаў.
Цела двухбакова-сіметрычнае. Эвалюцыйна адбылася замена хорды на пазваночнік (адсюль назва). Найбольшае ўскладненне арганізацыі і функцыянавання ўсіх сістэм арганізма адбылося пасля выхаду П. на сушу. Крывяносная сістэма стала замкнутай, сэрца — шматкамерным. Функцыя дыхання ад шчэлепаў перайшла да лёгкіх. Нерв. сістэма (трубчастай будовы) складаецца з галаўнога і спіннога мозга і перыферыйных вузлоў; забяспечвае складаныя паводзіны П. у асяроддзі. Стрававальная сістэма падзелена на некалькі аддзелаў, мае стрававальныя залозы. Характар жыўлення разнастайны, ад расліннаеднага да драпежнага і ўсёеднага. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена тулаўнымі (мезанефрычнымі) ныркамі (у прэснаводных рыб) ці тазавымі (метанефрычнымі) ныркамі (у наземных П.). Ускладненне агульнай арганізацыі П. выклікала ўдасканаленне будовы і функцый органаў пачуццяў. Большасць П. раздзельнаполыя (у рыб трапляецца гермафрадытызм). Анамніі, як правіла, яйцародныя. Жыванараджэнне трапляецца ва ўсіх П., акрамя кругларотых і птушак; у млекакормячых гэта асн. форма размнажэння. П. адыгрываюць вял. ролю ў развіцці біясферы, з’яўляюцца канцавымі звёнамі трафічных ланцугоў у біяцэнозах, актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе. Маюць найб. значэнне для чалавека як крыніца харчавання, сыравіны і інш. Некат. П. — пераносчыкі інфекцый.