КАВАЛЁНАК (Уладзімір Васілевіч) (н. 3.3.1942, в. Белае Крупскага р-на Мінскай вобл.),
савецкі касманаўт. Ген.-палк. авіяцыі (1993). Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981), Герой ГДР (1978), Герой МНР (1981). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд.ваен.н. (1985), праф. (1991). Скончыў Балашоўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1976), Ваен. акадэмію Генштаба (1984). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. З 1984 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, з 1986 у ВПС. З 1988 у Ваен. акадэміі Генштаба, з 1991 нач.Цэнтр.НДІавіяц. і касм. тэхнікі Мін-ва абароны Расіі. З 1992 нач.Ваен.-паветр.інж. акадэміі імя М.Я.Жукоўскага. 9—11.10.1977 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-25» (як камандзір); 15.6—2.11.1978 з А.С.Іванчэнкавым — на КК «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», К.К «Саюз-30», з П.І.Клімуком і М.Гермашэўскім, «Саюз-31» з В.Ф.Быкоўскім і З.Енам; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31»); 12.3—26.5.1981 з В.П.Савіных — на КК «Саюз Т-4» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся КК «Саюз-39» з У.А.Джанібекавым і Ж.Гурагчам і «Саюз-40» з Л.А.Паповым і Д.Прунарыу). Правёў у космасе 216,38 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.
Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц.нар. інструмента шалюмо (тыпубел.жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.
На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар.інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Я.Дзягцярык, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Л.Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз.навуч. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР Існаваў з пач. 17 да сярэдзіны 20 ст. ў мяст. Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 у стылі готыкі Крыштофам Мікалаем Радзівілам Перуном на месцы стараж. гарадзішча (вядомы пад назвай Койданаўскі замак). Пры буд-ве выкарыстана цэгла на вапнава-пясчанай рошчыне. У 1884 перабудаваны.
Мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з 5-граннай апсідай (абапал мела 2 сакрысціі) і 4-яруснай вежай-званіцай (2 васьмерыкі на 2 чацверыках). Асн. аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім 2-схільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя аконныя праёмы і круглыя байніцы. Тэрыторыя, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной і 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі (мелі па 6 байніц). Праз роў быў перакінуты драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэр. збору знаходзіліся мураваны будынак плябаніі, драўляныя будынкі 2-класнай кальвінскай школы (існавала да сярэдзіны 19 ст.), шпіталя, жылыя і гасп. пабудовы. У К.к.з. захоўвалася Брэсцкая біблія 1563. Комплекс моцна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, пазней разабраны.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТ ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,
адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш. дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ект аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТУРГІ́ЧНАЯ ДРА́МА,
сярэдневяковае драм. дзеянне, якое з’яўлялася інтэгральнай часткай кананічнага набажэнства (імшы, ютрані, вячэрні). Пашырана ў 10—13 ст. у краінах Зах. Еўропы. У адрозненне ад драм на рэліг. сюжэты Л.д. поўнасцю спяваліся, у іх не было размоўных эпізодаў, мова ўсіх тэкстаў лацінская. Агульная кампазіцыя традыц. Л.д. — тыповая для сярэдневякоўя «шматковая» тэхніка цэнтону — кантамінацыі, мантажу гатовых, «дадзеных» тэкстаў. Яны ўключалі традыц. рэспансорыі, антыфоны, гімны, секвенцыі, кантыклі, версы, псалмы, даксалогіі, евангеллі, казанні і інш. З традыц. стылістыкай харальных спеваў кантраставалі эпізоды, вытрыманыя ў нар.-песенным або танц. характары.
Першыя Л.д., зафіксаваныя ў рукапісах, — простыя дыялагічныя ўстаўкі ў абавязковы тэкст велікодных набажэнстваў, т.зв. «Дыялогі ля труны» (10 ст.). Іх узнікненне і пашырэнне абумоўлена кульмінацыйнымі перыядамі літургічнага года — Перадвелікодным тыднем і Нараджэннем Хрыстовым. Напачатку ўзніклі кароткія інсцэнізацыі тыпу «Наведвання труны», якія паступова развіліся ў сапр. драмы (пасійныя п’есы з «Carmina burana» і інш.). Аснова сюжэтаў Л.д. — жыціі святых, біблейскія гісторыі, легенды пра Антыхрыста; найб. вядома унікальнае «Дзейства пра Данііла», створанае ў школе г. Бавэ (Францыя, 12 ст.) — сапраўдная разгорнутая «опера» з сольнымі, хар. і ансамблевымі эпізодамі. Ствараліся і перапісваліся ў Францыі, Англіі, Італіі, Іспаніі, Германіі, Швейцарыі і інш. З 14 ст. роля Л.д. паступова змяншалася.
Літ.:
Андреев М.Л. Средневековая европейская драма: Происхождение и становление (X—XIII вв.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЗІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lódzkie),
адм.-тэр. адзінка ў цэнтр.ч. Польшчы. У сучасных межах утворана 1.1.1999. Пл. 17,9 тыс.км². Нас. 2,7 млн.чал. (1999), гарадскога 65%. Адм. цэнтр — г.Лодзь. Найб. гарады: Пётркаў-Трыбунальскі, Паб’яніцы, Тамашаў-Мазавецкі, Згеж, Бялхатаў. Паўн.ч. ваяводства размешчана ў межах Сярэдняпольскай нізіны, у цэнтры і на Пд — Лодзінскае ўзв. Карысныя выкапні: буры вугаль, жал. руда, буд. матэрыялы. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 450—550 мм за год. Глебы пераважна падзолістыя, ёсць бурыя, чарназёмныя (на Пн). Пад лесам каля 20% тэрыторыі (хвоя, дуб, бук). Гаспадарка прамысл.-агр.тыпу. Лодзінская прамысл. акруга — адна з найб. развітых у Польшчы. Вылучаюцца тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), швейная, трыкат., абутковая галіны. Развіты маш.-буд. (электратэхн., вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці), хім. (вытв-сць лакаў, фарбаў, гумава-тэхн. вырабаў), фармацэўтычная, харч., дрэваапр. (мэблевая, папяровая) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, шкло і інш.). Здабыча бурага вугалю і жал. руды. Найб. у краіне ЦЭС (каля г. Бялхатаў). Пад. с.-г. ўгоддзямі каля 70% тэрыторыі, у т. л. пад ворнымі землямі каля 60%. Вырошчваюць жыта, пшаніцу (на Пн), бульбу, цукр. буракі, алейныя расліны, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць авечак, птушку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЧУ́СЕТС (Massachusetts),
штат ЗША на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа, у Новай Англіі. Пл. 21,4 тыс.км². Нас. 6,1 млн.чал. (1997), у т. л. гарадскога каля 84%. Адм. ц., найб. горад і порт, эканам. і культ. ц. — г.Бостан. На У хвалістая Прыатлантычная нізіна, у цэнтр.ч. — плато выш. 200—300 м, парэзанае шырокай далінай р. Канектыкут, на З адгор’і Апалачаў (выш. да 1064 м). Клімат умераны акіянічны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Каля 65% плошчы, пераважна ў гарах, займаюць хвойныя і лісцевыя лясы. М. — адзін з самых густанаселеных (шчыльн. насельніцтва каля 290 чал. на 1 км²) і эканамічна развітых штатаў. Вядучае месца належыць апрацоўчай прам-сці, асабліва разнастайнаму машынабудаванню і лёгкай прам-сці. Буйныя прадпрыемствы радыёэлектроннай прам-сці. Развіты таксама электратэхніка, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання, суднабудаванне, тэкст., гарбарна-абутковая, хім., гумавая, папяровая, паліграф.прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 17,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на каменным вуглі, нафце, газе. Ёсць АЭС і ГЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу, спецыялізавана на вытв-сці натуральнамалочных прадуктаў, яец, агародніны, ягад. На ўзбярэжжы рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Транспарт — аўтамаб., чыг., марскі. У М. — Гарвардскі (у Кеймбрыджы) і Кларкскі (у Вустэры) ун-ты, Масачусецкі тэхнал.ін-т. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54°паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за 3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т. л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга ПдПаўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫ БЕ́РАГ КРЫ́МА,
вузкая берагавая паласа паўд.ч.Крымскага паўвострава ад мыса Айя на З да масіву Карадаг на У, ва Украіне; найб. цёплы ўчастак Крымскага ўзбярэжжа; папулярная курортная зона. Даўж. каля 150 км, шыр. 2—8 км. Паверхня абмежавана з Пн стромкімі ўступамі Гал. грады (Яйлы). Рэльеф градава-эразійны, ускладнены апоўзнямі і маляўнічымі абваламі. Пашыраны перадгорныя ўзгорыстыя раўніны, участкі горнага рэльефу, трапляюцца асобныя лакаліты (Аюдаг) і вулканічныя масівы (Карадаг). Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу. Лета сухое, вельмі цёплае, зіма мяккая. Сярэднія т-ры ліп. і жн. каля 24 °C, студз. каля 4 °C, ападкаў каля 600 мм за год. Пераважае дрэвава-хмызняковая ксерафітная расліннасць з удзелам відаў міжземнаморскай флоры. Сады, вінаграднікі, паркі. Характэрны шырокія зручныя бухты з добраўпарадкаванымі галечнымі пляжамі. Клімататэрапія, марскія купанні (чэрв.—кастр.), вінаградалячэнне. Шматлікія курорты і курортныя мясцовасці: Алупка, Алушта, Артэк, Арэанда, Гурзуф, Карасан, Кастропаль, Карэіз—Гаспра, Кучук-Ламбат, Лівадзія, Мелас, Місхор, Форас, Ялта. У межах П.б.К. запаведнік Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнік, Ялцінскі запаведнік, Нікіцкі батанічны сад.
Асн. прыродны лек. фактар — субтрапічны клімат. Лечаць захворванні органаў дыхання, стрававання, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, парушэнні абмену рэчываў; выкарыстоўваюць мінер. ваду крыніцы Мелас. Санаторыі для дарослых і дзяцей, дамы адпачынку, пансіянаты, турбазы, пляжы.
Да арт.Паўднёвы бераг Крыма. Палац-музей у г. Алупка. 1828—46.