расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.Ніжынскай (з 1921), потым у Э.Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.Саге, «Ода» Н.Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.Міё, «Матросы» Ж.Арыка, «Баль» В.Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.Пракоф’ева, К.Дэбюсі, М.Равеля, М. дэ Фальі, П.Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л.Міжнар. фестываль і конкурс балета.
Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус.пер. — Мемуары Икара. М., 1995.
Літ.:
Плещеев А. С.Лифарь. Париж, 1938;
Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофвев М. Профили искусства. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЧА,
гарадскі пасёлак у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 26 км ад Навагрудка, 49 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. 1498 ж. (1999).
Упершыню згадваецца ў 1401 у ням. хроніках як аб’ект ваен. паходаў крыжакоў. У 1428 вял.кн.ВКЛ Вітаўт перадаў сяло Л. сваёй жонцы Ульяне. У 1499 вял.кн.ВКЛ Аляксандр падараваў «двор Л.» свайму пісару Фёдару Рыгоравічу. 3 пач. 16 ст. мястэчка. У 1590 кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III даў Л. магдэбургскае права і герб (у 1644 атрыманы новы). У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Любчанскі замак. У 17 ст. дзейнічала Любчанская друкарня. У 1606—1832 Л. належала кн. Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ., з 1842 — Мінскай губ. У 1897 — цэнтр воласці, 3239 ж., 444 двары, жаночая царк.-прыходская школа, аптэка, царква, сінагога, мясц. прамысловасць, 70 крам, корчмы, штогадовы кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. і ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Любчанскага раёна Баранавіцкай вобл., гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 1825 чал. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1956 — у Навагрудскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт.школы, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, спецыялізаваны дом дзіцяці, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Ільінская царква (1910), рэшткі Любчанскага замка. Любчанскі парк. За 1,5 км на ПнУ ад Л. стаянка эпохі мезаліту і больш позняга часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ ТЭА́ТР,
старэйшы рускі драм.т-р у Маскве. Трупа фарміравалася з 1750-х г. пры Маскоўскім ун-це; з яе ў 1776 утвораны т-р, з 1780 наз. Пятроўскім, з 1824 — М.т., з 1919 акадэмічны. У М.т. складалася школа рэаліст. акцёрскага мастацтва, звязаная з пастаноўкай п’ес А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Астроўскага, твораў зах.-еўрап. класікі (У.Шэкспір, Ф.Шылер, Лопэ дэ Вэга). Заснавальнікі гэтай школы зацвердзілі жыццёвы рэалізм (В., П. і М.Садоўскія, М.Шчэпкін) і рамантызм (П.Мачалаў, М.Ярмолава). Сярод буйнейшых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. С.Васільеў, А.Ленскі, Г.Фядотава, А.Южын. У 1920-я г.т-р ставіў п’есы М.Горкага, Л.Лявонава, Б.Рамашова, К.Транёва, пры захаванні традыцый і прыярытэту акцёра; пазней у рэпертуар шырока ўключаліся творы М.Лермантава, А.Сухаво-Кабыліна, Л.Талстога, В.Гюго і інш., а таксама С.Алёшына, А.Карнейчука, В.Розава, А.Сафронава, К.Сіманава і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі: рэжысёры П.Васільеў, Л.Волкаў, А.Дзікі, К.Зубаў, І.Судакоў, Б.Равенскіх, К.Хахлоў, Л.Хейфіц; акцёры М.Аненкаў, А.Астужаў, Б.Бабачкін, М.Блюменталь-Тамарына, Э.Быстрыцкая, А.Гогалева, М.Жараў, Дз.Зяркалава, І.Ільінскі, П.Канстанцінаў, М.Клімаў, В.Коршунаў, С.Кузняцоў, В.Масаліцінава, Р.Ніфантава, В.Пашэнная, М.Рыжоў, В.Рыжова, П.Садоўскі, Я.Самойлаў, Е.Турчанінава, С.Фадзеева, М.Цароў, А.Шатрова, А.Яблачкіна і інш. З 1988 маст. кіраўнік Ю.Саломін. З 1918 пры М.т. працуе тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна.
Літ.:
Зограф Н.Г. Малый театр в конце XIX — начале XX в. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.
Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.
У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.М.Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.К.Каргер, у 1970-я г. П.А.Рапапорт, у 1990 А.А.Трусаў.
Літ.:
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.
Г.А.Лаўрэцкі.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.Трутнева. 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,
на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 21,5 тыс.чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п.Вялікая Бераставіца, р.п.Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.
Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб.р. Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс.га, з іх асушана 7,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз.школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в.Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в. Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗЕЛЬ (Basel),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн.т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч.прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.
Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.
Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).
Да арт.Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.Мозер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,
на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 47,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.
Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс.га, з іх асушана 8,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц.т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз.школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎСКІ РАЁН,
на Пн Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 38 тыс.чал. (1995), гарадскога 24%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Воранава; г.п.Радунь, 338 сельскіх нас. пунктаў. 13 сельсаветаў: Бастунскі, Беняконскі, Больцішскі, Гіркаўскі, Доцішскі, Жырмунскі, Забалацкі, Канвелішскі, Місявіцкі, Нацкі, Пагародзенскі, Паляцкішскі, Пераганцаўскі.
Раён размешчаны ў межах Лідскай раўніны. Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—180 м, найвышэйшы пункт 215 м (каля в. Тракелі). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,8 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі Жыжма, Дзітва (з прытокам Радунька) — правыя прытокі Нёмана. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 26% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы; у далінах рэк участкі з бярозы і вольхі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 86,3 тыс.га, з іх асушана 23,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Ліда — г.п. Воранава — Вільнюс, аўтадарога Гродна — г.п. Радунь — Вільнюс і інш. У раёне 13 сярэдніх, 17 базавых, 16 пач. школ, ПТВ-190, 2 школы-інтэрнаты, спарт. і 6 муз. школ, 22 дашкольныя ўстановы, 42 клубы, 48 б-к, 36 бальнічных устаноў. Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—06) у в. Беняконі, парк 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі, Гайцюнішскі дом-крэпасць і Гайцюнішская капліца, парк канца 18 ст. ў в. Гародна, касцёл (1789) у в. Жырмуны, Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12) у в. Забалаць, касцёл Сэрца Ісуса (1916) у в. Канвелішкі. Выдаецца газ. «Воранаўская газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЦІСЛА́ВА (Bratislava),
горад, сталіца Славакіі. На З краіны, па берагах Дуная. Утварае асобную адм. адзінку. 446,8 тыс.ж. (1993). Вузел 6 чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны. Хім. і нафтахім., маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн., дакладнае прыладабудаванне), паліграф., тэкст., харчасмакавая (у т. л. вінаробчая), швейная, буд. матэрыялаў, папяровая, мэблевая прам-сць. Славацкая АН, 5 ВНУ, у т. л.ун-т імя Я.А.Каменскага (з 1919). Нац.тэатр.Нац. музей і нац. галерэя. Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра».
Упершыню ўпамінаецца на пач. 10 ст. як адна з крэпасцей Вялікамараўскага княства. З 10 ст. да 1918 у складзе Венгрыі (наз. Пожань). Гар. правы атрымала ў 1291. З 1526 сталіца габсбургскай ч. Венгрыі (наз. Прэсбург). Да 1848 рэзідэнцыя венг. сейма. З 1919 у складзе Чэхаславацкай рэспублікі, гал. горад Славакіі. У 1939—45 і з 1969 сталіца Славакіі.
На ўзгорку над Дунаем — крэпасць Град (9—18 ст.). На ПнУ раёны Старога горада: рэшткі мураваных умацаванняў 13—15 ст., Старая ратуша (13—18 ст.; цяпер Гар. музей), гатычныя і барочныя саборы і цэрквы, палацы ў стылях барока і класіцызму. Грамадскія будынкі ў духу эклектызму (Славацкі нац.т-р, 1886), неакласіцызму і функцыяналізму. У 1950—60-я г. распрацаваны ген. план рэканструкцыі горада (арх. Д.Кедра і інш.), пабудаваны комплекс будынкаў Славацкай АН, будынкі Славацкай вышэйшай тэхн.школы (арх. М.Кусі), мін-ва знешняга гандлю, зімовы стадыён, мост Славацкага нац. паўстання (1966—73), новыя жылыя раёны (Ружынаў, Петржалька, Красняны, Ружова-Даліна, Карлава-Вес і інш.). Помнікі: воінам Сав. Арміі на ўзгорку Славін (1950—60-я г., скульпт. Я.Куліх, І.Костка і інш.), Славацкаму нац. паўстанню (1974) і інш.
Горад Браціслава.Мост цераз Дунай у Браціславе.Да арт.Браціслава. Замак. 9—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАЛО́ГІЯ (ад гельмінты + ...логія),
навука аб паразітычных чарвях — гельмінтах і хваробах (гельмінтозах), што імі выклікаюцца. Вывучае пашырэнне, жыццёвыя цыклы, хваробатворнае дзеянне гельмінтаў, распрацоўвае спосабы дыягностыкі і прафілактыкі гельмінтозаў у чалавека, жывёл і раслін. Даследаванні вядуцца па асн. кірунках: агульная гельмінталогія (вывучае агульныя заканамернасці развіцця паразітычных чарвей, іх сістэматыку і відаўтварэнне), медыцынская гельмінталогія (хваробы чалавека, выкліканыя гельмінтамі, іх дыягностыку, прафілактыку і лячэнне), ветэрынарная і агранамічная гельмінталогія (вывучаюць адпаведна гельмінтаў жывёл і раслін і распрацоўваюць меры барацьбы з імі).
Першыя звесткі пра гельмінты вядомы са старажытнасці (Гіпакрат, Арыстоцель, Авіцэна). Навук. гельмінталогія ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Яе заснавальнік — ням. натураліст К.Рудольфі, які заклаў асновы сістэматыкі і марфалогіі гельмінтаў. У 1863—76 апублікавана 2-томная праца ням. заолага Р.Лейкарта пра паразітаў чалавека. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. — эксперым. перыяд у гельмінталогіі. Заснавальнік сав.школы гельмінталогіі — К.І.Скрабін. Ён апісаў больш за 200 новых відаў гельмінтаў, распрацаваў асновы дэгельмінтызацыі (1925), што спалучаюць у сабе прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Развіццю гельмінталогіі ў Расіі спрыялі працы В.А.Догеля, Р.С.Шульца і інш., на Украіне — А.П.Маркевіча.
На Беларусі вялікі ўклад у гельмінталогію зрабілі Х.С.Гарагляд, І.В.Меркушова, Ц.Г.Нікулін, Р.С.Чабатароў, І.С.Жарыкаў, В.Ф.Літвінаў, В.А.Шчарбовіч і інш. Даследаванні па гельмінталогіі вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі (Л.І.Бычкова), Ін-це эксперым. ветэрынарыі (М.В.Якубоўскі), у Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах (Р.Г.Заяц, Я.Л.Бекіш), у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (А.І.Ятусевіч). і інш. Распрацаваны многія праблемы біяхіміі і фізіялогіі гельмінтаў, імунітэту і імунадыягностыкі, алергіі пры гельмінтозах і інш.
Літ.:
Чеботарев Р.С. Очерки по истории медицинской и ветеринарной паразитологии. Мн., 1977;
Меркушова И.В., Бобкова А.Ф. Гельминты домашних и диких животных Белоруссии. Мн., 1981;
Романенко Н.А. Санитарная гельминтология. М., 1982;
Гельминтозы человека: (Эпидемиология и борьба). М., 1985.