ПАГІРЭ́ЙЧЫК (Васіль Паўлавіч) (1900, в. Козырава, цяпер у межах Мінска — 7.5.1920),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў супраць Калчака, атамана Сямёнава. У час акупацыі Беларусі ў 1919—20 польск. войскамі пам. камандзіра падрыўнога атрада козыраўскіх партызан. 27.4.1920 арыштаваны дэфензівай і з 7 партызанамі расстраляны ў Камароўскім лесе пад Мінскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,
умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЭ́ЦА (Ляіля Ахцямаўна) (н. 13.1.1951, г. Харкаў, Украіна),
бел. мастак. Скончыла Харкаўскі маст.ін-т (1974). Працуе ў тэхніцы каляровай літаграфіі, кніжнай графікі, акварэлі. Асн. работы: графічныя серыі «Украінскія матывы» (1977), «Зямля ў квецені» (1979), «Чарнобыльскі след» і «Праява» (1989), «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з В.Варэцам) і інш.; іл. да кніг «Мая рэспубліка», «Намеснік бабулі» П.Кавалёва (абедзве 1988), «Буду настаўнікам» Э.Агняцвет (1990), «Беларуска-італьянская кухня» (1995), «Паміж Масквой і Варшавай» В.Іпатавай (1996, у сааўт.) і інш. Стварыла серыі паштовых марак «Мастакі Беларусі», «Гістарычныя асобы Беларусі», «Беларускія спартсмены да алімпіяды ў Атланце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫЛІ́, кутнікі, каморнікі,
катэгорыя беззямельных сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Займаліся рамёствамі, дробнымі промысламі, наймаліся на розныя работы да феадалаў, заможных сялян і гараджан. Некат. мелі сваю хату, жывёлу, агарод, сенажаць; іншыя жылі ў чужых хатах, займаючы кут ці камору, або нават жабравалі. Асн. павіннасцю бабылёў была бабыльшчына — грашовы чынш, памер якога залежаў ад заможнасці; тыя, хто меў сваю хату, плацілі падымнае. Бабылёў у зах. раёнах Беларусі часцей называлі кутнікамі ці каморнікамі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) бабылёў абкладалі падушным падаткам, надзялялі зямлёю, яны выконвалі павіннасці; да сярэдзіны 19 ст. зліліся з асн. масай сялян. Бабылямі сталі называць адзінокіх, бедных, бяздомных людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РЧЫК (Васіль Кірылавіч) (н. 1.8.1920, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. этнограф. Чл.-кар.АНБеларусі (1972), д-ргіст.н. (1965), праф. (1978). Засл. работнік культ.Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБеларусі (у 1969—76 дырэктар). У манаграфіях «Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.» (1964), «Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.» (1970), «Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі» (1972) даследуе асн. тэндэнцыі, кірункі і навук. плыні ў бел. этнаграфіі. Вывучае сучасныя культ.-побытавыя працэсы, гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры, вераванні беларусаў, вусна-паэт. творчасць. Адзін з аўтараў кн. «Этнаграфія беларусаў» (1985), у якой разглядаецца этнагенез і этнічная гісторыя беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІЧЭ́НКА (Уладзімір Васілевіч) (н. 20.7.1924, в. Янаўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав.Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952). У 1955—70 у Ін-це мовазнаўства АНБеларусі, з 1970 у Гомельскім ун-це (у 1970—91 заг. кафедры). Даследуе пытанні бел. і слав. мовазнаўства. Аўтар манаграфіі «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі» (1969), «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970; у сааўт.), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па марфалогіі, гіст. лексікалогіі і фанетыцы ўсх.-слав. моў, «Слоўніка мовы Скарыны» (т. 1—3, 1977—94), кніг «Беларускі казачны эпас» (1976) і «Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТВІ́ННІК (Марат Барысавіч) (н. 22.12.1928, Мінск),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1970). Скончыў БДУ (1951). Працаваў ва ўстановах нар. асветы, у 1977—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБеларусі. Даследуе гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыю культуры і асветы Беларусі, ролю спадчыны Ф.Скарыны ў дзейнасці бел. друкароў і выдаўцоў 16—17 ст., гісторыю бел. л-ры, славістыку. Аўтар кніг і артыкулаў пра жыццё і дзейнасць бел. вучоных (М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, Г.М.Ліўшыца), адзін з аўтараў кн. «Беларускі асветнік Францыск Скарына і пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве» (1979), «Іван Фёдараў і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне» (1984), аўтар кн. «Адкуль ёсць пайшоў буквар» (1983) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА (Анатоль Васілевіч) (4.3.1922, г. Сямёнаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. геабатанік. Д-рбіял.н. (1978). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1950). З 1950 у Ін-це лесу АНБеларусі і Бел.НДІ лясной гаспадаркі, з 1962 у Цэнтр.бат. садзе АНБеларусі. Навук. працы па фітацэналогіі, вывучэнні прадукцыйнасці, кругавароту элементаў мінер. жыўлення ў лясных экасістэмах, уплыву прамысл. выкідаў на ўстойлівасць раслінных комплексаў, па пытаннях навук. абгрунтавання аховы і запаведання прыродных аб’ектаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Комплексные экспериментальные исследования ландшафтов Белоруссии. Мн., 1973 (у сааўт.);
Экспериментальные исследования природных комплексов Березинского заповедника. Мн., 1975 (разам з Я.А.Сідаровічам, А.Б.Майсеевай);
Экспериментальные исследования ландшафтов Припятского заповедника. Мн., 1976 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́КУЦЬ (Барыс Васілевіч) (27.10.1926, в. Сакольшчына Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 15.3.1993),
бел. фізік. Акад.АНБеларусі (1980, чл.-кар. 1974), д-рфіз.-матэм.н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав.Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у Ін-це фізікі АНБеларусі, У 1973—89 рэктар Гомельскага ун-та. Навук. працы па нелінейнай оптыцы і электрадынаміцы аптычнаактыўных крышталёў. Высветліў асн. аспекты нелінейнага пераўтварэння частаты ў крышталях і стварыў (разам з супрацоўнікамі) перастройвальныя крыніцы кагерэнтнага аптычнага выпрамянення. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Достижения физической оптики в Белоруссии. Мн., 1979 (разам з В.В.Філіпавым);
Эффект Садовского в поглощающих гиротропных средах. Мн., 1980 (разам з Г.С.Міцюрычам, В.В.Шапялевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКОЕ Э́ХО»,
штотыднёвая грамадска-паліт., літ. і эканам. газета. Выдавалася 30.5—1.11.1918 у Кіеве на рус. мове, частку матэрыялаў друкавала па-беларуску. Асн. задача — гуртаванне беларусаў, якія жылі на Украіне, забеспячэнне іх сувязі з радзімай. Праводзіла ідэю нац. аб’яднання бел. сіл на Украіне і Беларусі ў цэлым. Выступала за адбудову, умацаванне і незалежнасць бел. дзяржавы, яе свабоднае нац. і эканам. развіццё, нац. адраджэнне, аб’яднанне ўсіх грамадскіх сіл бел. народа дзеля рэалізацыі нац. інтарэсаў, прызнанне суверэннасці Беларусі з боку суседніх дзяржаў. Пісала пра мінулае, сучаснае і перспектывы бел. адраджэнскага руху, асвятляла дзейнасць урада БНР, пытанні дзярж.буд-ва і культ. жыцця на Беларусі і інш. Выйшла 9 нумароў.