ПАДБЯРЭ́СКІЯ,

шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Родапачынальнік полацкі баярын Яцка Сенькавіч (? — пасля 1520) быў жанаты з сястрой кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэскага Ульянай. Пасля смерці бяздзетнага князя (1540) Ульяна адсудзіла маёнтак Падбярэззе ў Аршанскім пав. і інш. ўладанні на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. З іх Рыгор (1510? — пасля 1585) атрымаў пры падзеле з братам Падбярэззе і Бачэйкава і пачаў ужываць прозвішча П. Яго нашчадкі неаднаразова займалі павятовыя пасады, пераважна ў Аршанскім пав. З іх найб. вызначыўся Рыгор Казімір (1620? — 77), сын Аляксандра, ротмістр казацкай харугвы ВКЛ з 1643, удзельнік Лоеўскай бітвы 1649 з укр. казакамі, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, ваявода смаленскі з 1667. Існаваў іншы род П., якія карысталіся гербам «Тарнава» змененая.

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГУЛЕ́ЎСКІ Мікалай Мікалаевіч (15.10.1897, в. Вял. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.3.1967),

бел. спявак (барытон), муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў БДУ (1925), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1920—24 артыст БДТ. У 1928—41 і 1944—48 саліст, у 1948—53 адказны рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё. У 1933—35 і 1942—44 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыст лірыка-драм. плана, выконваў гал. партыі ў операх рус. і замежных класікаў: Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) і інш. Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІ́ЕЎ Іса Аляксандравіч (25.11.1903, с. Стары Батакаюрт Правабярэжнага р-на Паўн. Асеціі, Расія — 6.2.1979),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1962), Герой МНР (1971). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сцяпным, 3-м Укр., 2-м Бел., 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Пад яго камандаваннем конна-механіз. група ў час Бел. аперацыі 1944 удзельнічала ў вызваленні Глуска, Слуцка, Міра, Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, Слоніма, Брэста; вызначылася пры знішчэнні паўд.-бугскай групоўкі праціўніка на Украіне і ў Маньчжурскай аперацыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1941—70.

І.А.Пліеў.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НСКІЯ,

княжацкі род у Расіі і ВКЛ. Паходзілі ад Рурыкавічаў, уладальнікаў г. Пронск (адсюль прозвішча). Страцілі Пронск да 1483, калі ён ужо быў у складзе Разанскага княства (з 1521 у Вял. княстве Маскоўскім). Найб. вядомыя:

Іван Уладзіміравіч (? — каля 1430), уладальнік Пронска. У 1427 разам з разанскім князем прызнаў вяршэнства вял. князя ВКЛ Вітаўта. Глеб Юр’евіч (?—1513), сын Юрыя Фёдаравіча, намеснік астрынскі ў 1501, бабруйскі ў 1504, мейшагольскі ў 1508, пасол у Арду. Сямён Глебавіч (у каталіцтве Фрыдэрык; ?—1555), сын Глеба Юр’евіча, ваявода кіеўскі з 1544. Аляксандр Фрыдэрык (каля 1550 — каля 1595), сын Сямёна Глебавіча, стольнік ВКЛ у 1576—88, староста луцкі з 1580, кашталян трокскі з 1591. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82. На яго сынах род П. у ВКЛ згас.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДХАКРЫ́ШНАН Сарвапалі (5.9.1888, Тырутані, Індыя — 17.4.1975),

індыйскі філосаф, дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Мадраскі ун-т. З 1918 выкладаў у Майсурскім і Калькуцкім ун-тах, з 1931 віцэ-канцлер ун-таў Андхра і Бенарэскага, у 1953—62 канцлер Дэлійскага ун-та. У 1936—52 чытаў лекцыі ў Оксфардскім ун-це. Удзельнік нац.-вызв. руху Індыі. Прыхільнік вучэння М.​К.​Гандзі. З 1949 пасол Індыі ў СССР. З 1952 віцэ-прэзідэнт, у 1962—67 прэзідэнт Рэспублікі Індыя. Аўтар прац па філасофіі, нар. адукацыі, л-ры і палітыцы. Паводле філас. поглядаў схіляўся да аб’ектыўнага ідэалізму. Распрацаваў сістэму адзінай універсальнай «вечнай рэлігіі», заснаванай на стараж.-інд. рэліг.-філас. традыцыях.

Тв.:

Рус. пер. — Индийская философия. Т. 1—2. М. 1956—57.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО ДЭ У (н. 4.12.1942, каля г. Тэгу, Рэспубліка Карэя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Кар. ваен. акадэмію (1955). Ген. арміі. Служыў у паўд.-кар. войсках у В’етнаме ў час в’етн. вайны 1964—73. З 1979 камандуючы Сеульскім гарнізонам, войскамі грамадз. бяспекі. Удзельнік дзярж. перавароту 1979 на чале з Чон Ду Хванам і задушэння паўстання ў г. Кванджу ў 1980. У 1981 міністр па паліт. пытаннях, у 1982 міністр спорту, у 1982—83 міністр унутр. спраў. З 1985 старшыня, з 1987 лідэр Дэмакр. партыі справядлівасці (з 1990 Дэмакр. ліберальная партыя). У 1988—93 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. У 1995 арыштаваны і прыгавораны да турэмнага зняволення за хабарніцтва і ўдзел у дзярж. перавароце 1979. У 1998 памілаваны.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТЭР (Ritter) Герхард (6.4.1888, г. Бад-Зодэн-Алендорф, Германія — 1.7.1967),

нямецкі гісторык. Брат усходазнаўца Гельмута Р. (1892—1971) і тэолага Карла Бернгарда Р. (1890—1968).

Вучань Г.Онкена. Праф. Гамбургскага (з 1924) і Фрайбургскага (1925—56) ун-таў. Удзельнік Супраціўлення нацысцкаму рэжыму, у 1944—45 зняволены. Прадстаўнік класічнай нац.-дзярж., прапруска-пратэстанцкай традыцыі герм. гістарыяграфіі. Даследаваў розныя перыяды гісторыі Германіі і метадалогію гісторыі. Аўтар прац «Лютэр» (1925), «Штайн» (т. 1—2, 1931), «Фрыдрых Вялікі» (1936), «Сіла дзяржавы і утопія» (1940, у 1948 перавыдадзена пад назвай «Дэманія ўлады»), «Сусветны ўплыў Рэфармацыі» (1941), «Еўропа і нямецкае пытанне» (1948), «Карл Гёрдэлер і нямецкі рух Супраціўлення» (1954), «Дзяржаўная палітыка і ваеннае рамяство» (т. 1—4, 1954—68), «План Шліфена» (1956) і інш.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАСЕ́ВІЧ Барыс Іванавіч (14.12.1895, г. Брэст — 1938),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Вучыўся ў духоўнай семінарыі і БДУ. З 1914 у арміі. З 1919 у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны. З 1920 у Мінску: нам. нач. аддзела губхарчкома, нам. наркома ўнутр. спраў БССР. Са снеж. 1922 сакратар Мінскага павятовага к-та КП(б)Б, заг. аддзела Слуцкага акр. к-та партыі. У 1924—28 сакратар Аршанскага акругкома КП(б)Б. У 1928—29 сакратар ЦК КП(б)Б. З 1929 у Маскве: у Прафінтэрне, заг. Балканскай секцыі. Чл. ЦВК БССР (1922—30). Чл. ЦК КП(б)Б (1927—30), чл. Бюро ЦК КП(б)Б (1928—29). У 1938 беспадстаўна арыштаваны органамі НКУС СССР, расстраляны ў Маскве. У 1956 рэабілітаваны.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 15, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОН ДЫК ТХАНГ (Tôn Đú’c Tháng; 20.8.1888, прав. Лангсюен, В’етнам — 30.3.1980),

в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1912 жыў у Францыі. Служыў у франц. ВМФ, удзельнік паўстання франц. ваен. маракоў у Севастопалі ў 1919. Пасля вяртання ў 1920 у В’етнам удзельнічаў у антыкалан. руху, чл. Т-ва в’етн. рэв. моладзі. У 1929—45 зняволены ў франц. турму, дзе ў 1930 далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (з 1951 Партыя працоўных В’етнама, ППВ). Чл. ЦК ППВ з 1951. З 1949 нам., з 1955 старшыня Пастаяннага к-та Нац. сходу Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ). З 1960 віцэ-прэзідэнт ДРВ, у 1969—76 прэзідэнт ДРВ. З 1976 прэзідэнт Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1955.

т. 15, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Пятровіч (9.9.1790, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.12.1860),

дзекабрыст, князь, палкоўнік. З роду Трубяцкіх. Служыў з 1808 у Сямёнаўскім, з 1821 — у Праабражэнскім палках. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі 1813—14. Адзін з заснавальнікаў тайных таварыстваў — «Саюза выратавання», «Саюза працвітання», Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. Спачатку прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, потым — рэспублікі, у перагаворах з кіраўнікамі Паўд. т-ва дзекабрыстаў даў згоду на агульнае выступленне ў 1826. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў выбраны дыктатарам — кіраўніком рэвалюц. войск, але 26.12.1825 на Сенацкую плошчу не з’явіўся, бо лічыў паўстанне недастаткова падрыхтаваным. Прыгавораны Вярхоўным судом да пакарання смерцю, замененага вечнай катаргай, якую адбываў у Нерчынскіх капальнях і Чыцінскай турме. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. У 1856 амнісціраваны. Аўтар «Запісак» (1906).

т. 15, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)