у старажытна-рым. дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты ад стараж. плямён этрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст.н.э.
Літ.:
Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.
Бой гладыятараў. Мазаічная выява на падлозе старажытнарымскай вілы. Каля 250 н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОТАГЕНЕ́З (ад грэч. glōtta мова + ...генез),
працэс станаўлення чалавечай натуральнай гукавой мовы. Праблема глотагенезу звязана з паходжаннем мовы і вывучаецца комплексна як мовазнаўствам (пераважна параўнальна-гістарычным мовазнаўствам і гіст. тыпалогіяй), так і інш. навукамі аб чалавеку. Супастаўляючы прамовы асобных макрасем’яў, параўнальна-гістарычны метад дазваляе акрэсліць формы верагоднай зыходнай мовы Homo sapiens (сучаснага чалавека); гіст. тыпалогія дапамагае выявіць найб. верагодныя шляхі фарміравання асн. моўных катэгорый.
Здольнасць падтрымліваць зносіны развівалася ў чалавека ў адпаведнасці з развіццём пэўных зон мозга: спачатку жэставыя зносіны (правае паўшар’е), потым аднаслоўныя абазначэнні прадметаў словамі (заднія зоны левага паўшар’я) і ўтварэнне звязных сказаў (скронева-лобныя зоны левага паўшар’я). Тэорыю глотагенезу на працягу 20 ст. распрацоўвалі лінгвісты А.Трамбеці, Б.Разенкранц, антраполагі В.В.Бунак, Г.У.Хьюз, А.Ліберман, палеанеўролаг В.І.Качаткова. У 1984 засн.Міжнар.т-ва па даследаванні глотагенезу з цэнтрам у Парыжы.
Літ.:
Якушин Б.В. Гипотезы о происхождении языка. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАНЕАГЕНЕ́З,
біяхімічны працэс утварэння глюкозы з невугляводных папярэднікаў. Агульным цэнтр. шляхам глюканеагенезу ў жывых арганізмах з’яўляецца біясінтэз глюкозы з піравінаграднай к-ты (пірувату). Рэалізуецца шляхам абарачэння большасці стадый гліколізу, а неабарачальныя яго стадыі заменены «абходнымі» рэакцыямі. Глюканеагенез пачынаецца карбаксіліраваннем пірувату ў мітахондрыях з ўтварэннем шчаўева-воцатнай к-ты, што потым аднаўляецца ў яблычную к-ту, а затым пераўтвараецца ў шчаўева-воцатную к-ту, якая пасля дэкарбаксіліравання дае фосфаенолпіруват. У абарачальных рэакцыях гліколізу фосфаенолпіруват пераўтвараецца ў фруктоза-1, 6-дыфасфат. Працэс глюканеагенезу завяршаецца неабарачальнымі «абходнымі» рэакцыямі гідролізу фруктоза-1,6-дыфасфату да фруктоза-6-фасфату, глюкоза-6-фасфату і глюкозы. У чалавека і жывёл глюканеагенез адбываецца пераважна ў печані і ў меншай ступені ў нырках і слізістай абалонцы кішэчніка, асабліва актыўна ідзе пры галаданні ў перыяд аднаўлення пасля інтэнсіўнай мышачнай працы. Рэгуляцыя глюканеагенезу ажыццяўляецца ўнутрыклетачнымі (суадносінамі субстратаў і прамежкавых прадуктаў глюканеагенезу, адэназінфосфарных к-ті г.д.) і ўнутрыклетачнымі механізмамі (даступнасцю субстратаў, гармонамі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́РНУНГ»
(«Hornung»),
«Люты», кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партыз. злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім, Чырвонаслабодскім р-нах у Вял.Айч. вайну ў лютым 1943. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў, 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС А.Дзірлевангера. Мэта аперацыі — знішчыць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём» у раёне «сапраўднай сав. рэспублікі» (там былі адноўлены мясц.сав. органы ўлады), ператварыць яго «ў нікім не занятую прастору, насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць». Партызаны дзвюх брыгад і некалькіх асобных атрадаў у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партыз. злучэння (камандзір В.З.Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потымасн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў фашыстаў. Карнікі спалілі некалькі вёсак і г.п. Ленін, загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі шмат жывёлы і збожжа. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С.Цубы. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТБЕРГ ((Gottberg) Курт фон) (1896 — май 1945),
адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням.акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́Т ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
руская універсальная энцыклапедыя. Выдаваўся з 1891 у Маскве братамі А. і І.Гранат. Да 1917 (т. 1—33; падрыхтаваны т. 37—39, 42) выдаваўся т-вам «Бр. А. і І.Гранат і К°», потым (з т. 34) — Рус.бібліягр. ін-там Гранат, 54-ы і 58-ы тамы — Дзярж.навук. ін-там «Савецкая энцыклапедыя». У 1891—1903 выйшлі першыя 6 выданняў у 8—9 тамах, у 1910—48 — 7-е перапрацаванае выданне ў 58 т., (за выключэннем 56-га т.); у 1910—17 выйшлі 1—33 т., у 1917—48 — т. 34—58. Пазней былі выдадзены стэрэатыпныя выданні (з 8 па 13 т.).
Слоўнік насычаны даведачным і фактычным матэрыялам, мае вял. навукова-пазнавальнае значэнне. Асобныя артыкулы з-за цэнзурных меркаванняў не былі надрукаваны. Адметная асаблівасць Гранат энцыклапедычнага слоўніка — шматлікія дадатковыя тэксты да агульных артыкулаў: манаграфіі (т. 13), бібліягр. слоўнікі (т. 40), бібліягр. паказальнікі найноўшай рус. белетрыстыкі (т. 11) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗАЎ, Грозава,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад Капыля, 102 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 481 ж., 197 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст., вёска Навагрудскага пав.ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, потым Валодкавічаў [заклалі пры двары 2 царквы, мужчынскі манастыр (існаваў да 1810)], Радзівілаў, Незабытоўскіх. У 18 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці, належала Межаеўскім, Вітгенштэйнам, Гогенлоэ. У 1886 — 156 ж., 19 двароў, 3 школы, 3 царквы, 3 заезныя дамы, 11 крам; у пач. 20 ст. — 1032 ж., 177 двароў. У 1924—31 цэнтр Грэскага раёна, з 1931 у Капыльскім, з 1935 у Грэскім р-нах, з 1938 вёска. З 1956 у Капыльскім р-не. У 1971 — 587 ж., 189 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗДЫ́,
шапкавыя базідыяльныя грыбы з роду млечнік сям. сыраежкавых. Вядома больш за 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя грузд сапраўдны, або хрушчак (Lactarius resimus), расце пераважна ў яловых і бярозавых лясах; грузд жоўты (L. scrobiculatus), расце ў вільготных месцах ў хваёвых лясах; грузд чорны, або чарнуха (L. necator), вельмі пашыраны, расце ў бярозавых і мяшаных лясах; грузд перцавы, або кароўка, малачай (L. piperatus), часцей трапляецца ў дубовых лясах. Мікарызаўтваральнікі. Ядомыя. Спажываюцца салёныя. Грузд перцавы выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для лячэння нырачнакаменнай хваробы.
Растуць групамі. Пладаносяць у ліп.—верасні. Шапка дыяметрам да 20 см, пукатая, потым лейкападобная, часцей з апушаным завернутым уніз краем. Мякаць шчыльная з едкім млечным сокам (таму перад засолкай вымочваюць або адварваюць). Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка цыліндрычная, кароткая, у спелых грыбоў пустая (у грузда перцавага — суцэльная). Споры шарападобныя або шырокаавальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭСК,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад Слуцка, 90 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Слуцк. 2309 ж., 822 двары (1997).
Вядомы з пач. 16 ст. З 1536 належаў польск. каралеве Боне, потым Алелькавічам, Валодкавічам, Радзівілам. У сярэдзіне 16 ст. цэнтр войтаўства. З 1590 у Слуцкім княстве, мястэчка, 68 двароў, млын, царква. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1885 у Грэску 1068 ж., 122 двары, школа, царква, 3 ветракі, рынак. З 1924 цэнтр сельсавета, з 1935 — Грэскага раёна. У 1929—38 мястэчка, у 1931—35 і з 1956 цэнтр сельсавета ў Слуцкім р-не. У Вял.Айч. вайну часткова спалены, дзейнічала Грэскае патрыятычнае падполле. У 1961 да Грэска далучаны пас. Някрасаўка. У 1971 — 2192 ж., 617 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЎІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з 1610 да сярэдзіны 17 ст. ў мяст. Еўе каля Вільні
(цяпер г. Вэвіс, Літва). Засн. праваслаўным віленскім Святадухаўскім брацтвам ва ўладанні шляхціца Б.Агінскага. Кіравалі друкарняй Л.Карповіч (да 1620),
потым Гаўрыла Івановіч. Выпусціла больш за 25 выданняў: некалькі кніг на польскай мове (у асноўным панегірыкі), большасць на царк.-слав. мове, у т. л. «Новы запавет з Псалтыром» (1611), «Дыёптра» (1612, у перакладзе Віталія), «Казанне двое...» Карповіча (1615), «Буквар славянскай мовы» і «Кінавіен» (1618), «Граматыка славянская» М.Сматрыцкага (1619), «Ірмалой» (1642) і інш., 4 выданні на бел. мове, у т. л. «Евангелле вучыцельнае» Каліста (1616). Асобныя выданні на бел. мове мелі прадмовы і пасляслоўі, каментарыі на палях. Кнігі, надрукаваныя кірыліцай, вызначаліся высокімі маст.-паліграф. якасцямі, своеасаблівым арнаментам і гравюрамі, шырока выкарыстоўваліся бел. і ўкр. брацтвамі ў навуч.-асв. і царк.-рэліг. дзейнасці. У аздобе кніг выкарыстоўвалі дошкі віленскай друкарні Ф.Скарыны (ініцыялы і застаўкі). Выданні распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, часткова ў Расіі.