накіпе́ць, ‑піць; зак.
1. Утварыцца, сабрацца на паверхні вадкасці, якая кіпіць (пра пену, накіп). // Асесці на ўнутраных сценках чайніка, катла і іншай пасуды, у якой кіпяцяць ваду.
2. перан. Сабрацца ў сэрцы, душы, перапоўніць сэрца, душу (пра цяжкія, непрыемныя пачуцці). Накіпела злосць. □ У душы Антона накіпела крыўда. Пянкрат. / у безас. ужыв. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Але ён у далейшым адыграецца, бо ў сэрцы яго накіпела. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пляска́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Без звычайнай пукатасці, прыплюснуты. Пляскаты лоб. □ Хлопчык, падобны з твару на маці — паўнашчокі, з чорнымі вачыма і крышку пляскатым носам, — абхапіў бацьку за шыю. Хадкевіч.
2. Які мае невялікую вышыню або таўшчыню пры прамой і роўнай паверхні. Хістаючыся, Алесь пасунуўся да прызбы, выграб вялікі пляскаты камень, падняў у сябе над галавою, але камень сарваўся з рук. Адамчык. Хлопцы прынеслі толькі пляскаты нямецкі штых. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
садзьму́ць, ‑дзьму, ‑дзьмеш, ‑дзьме; ‑дзьмём, ‑дзьмяце; зак., каго-што.
Скінуць, знесці з паверхні чаго‑н. струменем, павевам ветру. Дзе-нідзе вецер і зусім садзьмуў з дарогі снег, кары заносіла ўбок, і Ігналь ледзь утрымліваўся на капылах. Лупсякоў. Стаяць на ганку было трудна: вось-вось садзьме вецер у гурбу, якая ўжо асталявалася па той бок ганка, дзе было зацішней. Колас. / у безас. ужыв. Бацьку .. з ложка нібы ветрам садзьмула. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчака́, ‑і, ДМ шчацэ; мн. шчокі, шчок; ж.
1. Частка твару ад скулы да ніжняй сківіцы.
2. Спец. Бакавая плоская частка паверхні чаго‑н. (апарата, механізма, прадмета і пад.). Шчака сякеры. □ У печы, збоку за шчакой, стаяў маленькі гаршчэчак. Пташнікаў.
3. звычайна мн. (шчо́кі, шчок). Высокія крутыя скалістыя берагі ракі; высокія схілы цясніны. Рака тут заціснута ў абрывістых берагах-«шчоках». Гавеман.
•••
Уплятаць за абедзве шчакі гл. уплятаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марфагене́з
(ад гр. morphe = форма + -генез)
1) працэс узнікнення і развіцця форм рэльефу зямной паверхні;
2) узнікненне і развіццё органаў і частак арганізма ў час яго індывідуальнага развіцця (антагенезу).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
біягеацэно́з
(ад бія- + гр. ge = зямля + цэноз)
сукупнасць раслінных, жывёльных і мікраскапічных арганізмаў разам з участкам зямной паверхні, які яны займаюць і з якім звязаны абменам рэчываў і энергіі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сты́гма, стыгма́т
(гр. stigma, -atos = укол, кляймо, пляма)
1) кляймо на целе раба або злачынца ў Стараж. Грэцыі;
2) адтуліна, якая адкрывае органы дыхання на паверхні цела членістаногіх жывёл.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Моршчыцца, моршчыць ’збірацца ў маршчыны’, ’моршчыць твар’, ’пакрывацца рабізнай (аб паверхні вады)’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ; мсцісл., Жыв. сл.), моршч, моршча́к, моршчэнік ’маршчына’ (ТС), моршчы ’маршчыны’ (гродз., КЭС). Укр. мо́ршчити, моршо́к, мо́рщина, рус. морщить, морщина, ст.-рус. съмърсканъ ’зморшчаны’, польск. marszczyć, н.-луж. maršćiś, в.-луж. zmorsk, moršćić, чэш. mraštiti, ‑mrsknouti, славац. mŕštiť, mraštiť, славен. mŕščiti, серб.-харв. мр̏штити се, смр̏скати, мр̏ска, макед. мршти се, балг. мръщя, ст.-слав. съмръснѫти ’моршчыць’. Прасл. mьrsk‑/morsk‑, да якіх роднаснымі з’яўляюцца лат. mãrskla ’складка тлушчу, валлё-падбародак’, mãrskna ’тс’ (Мюлёнбах–Эндзелін, 2, 584; Фасмер, 2, 659; Бязлай, 2, 203), ст.-інд. mū́rcchati ’дранцвее, шэрхне, гусцее’, якое з *mr̥sk‑ (Махэк₂, 380). Гл. таксама моршчы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пля́ма, пля́міна, пле́ма, плямізма, плям, пля́мка ’знак, месца на паверхні як брудны след чаго-небудзь’, ’што-небудзь ганебнае’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Шпіл., Гарэц., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Растарг.; Юрч. СНЛ; ЛА, 3); пля́мы ’абвесак’ (лаг., ЛА, 2); пляміць ’рабіць плямы’ (Бяльк.), пля́місты ’маркі, мазкі, мазісты’ (Нас., Гарэц.), плямі́сты ’з плямамі’ (даўг., Сл. ПЗБ; Растарг.), пля́мны ’заплямлены, у плямах’ (Нас.). З польск. plama ’пляма’ (Кюнэ, Poln., 87), якое узнікла ў выніку кантамінацыі польск. plana ’пляма, ганьба, загана’ (гл. пле́на 2) і медыцынск. plama ’чырвоная пляма на скуры ад хваробы’, што з ням. flamme ’тс’ і ’пляма на сукенцы’ (Брукнер, 417; Банькоўскі, 2, 597).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́пліска, по́плеска, по́плюска, по́пляска ’кій, палка’ (ТСБМ), ’палка паганяць быдла’ (брэсц., Нар. словатв.), ’абломак палкі; лёстачкі ў драбіне’ (Клім.), ’дошка на нізе воза’ (гродз., Сл. ПЗБ; свісл., Сцяшк. Сл.), ’стрыхоўка для раўнання страхі’, ’дошчачка, якой раўняюць стагі (снапы ў стозе)’ (ст.-дар., шчуч., гродз., Сл. ПЗБ.), ’рубель для прыціскання сена, снапоў’ (рэч., Мат. Гом.), ’дошка, якую кладуць на ніз воза’, ’аб худым чалавеку’ (гродз., З нар. сл.). Вытворнае ад імітатыўнага дзеяслова з варыянтным вакалізмам, зыходным з’яўляўся дзеяслоў пляска́ць (гл.) са значэннем ’дзеянне, што сплюшчвае, робіць плоскім, раўняе’, магчыма, таксама ’ўдар па плоскай паверхні’ (Сной₁, 456). Развіццё семантыкі ад ’кій для сплюшчвання, выраўноўвання’ да ’плоская дошчачка, палка’. Гл. таксама паплі́ска, пліска.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)