БАНКУ́ЗАЎ (Анатоль Іванавіч) (15.1.1921, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобласці — 23.5.1980),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Зах., Бранскім, Калінінскім, 2-м і 1-м Прыбалтыйскіх, 3-м Бел. франтах: камандзір узвода, роты, нач. штаба, камандзір палка. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў крас. 1945 у баі за крэпасць і ваенна-марскую базу Пілау (г. Балтыйск, Калінінградская вобл.). Да 1962 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭАТР.

Існаваў у 1940—41 і ў 1944—48 у г. Баранавічы. Створаны на базе Рагачоўскага калгасна-саўгаснага т-ра. Маст. кіраўнік Б.​Нахімаў-Дольскі, з 1941 т-р узначальваў Я.​Танальскі. Адкрыўся спектаклем «У пушчах Палесся» Я.​Коласа (рэж. А.​Лізункоў). Пастаўлены спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні, «Севільскі цырульнік» П.​Бамаршэ, «Любоў Яравая» К.​Транёва і інш. Паказваў канцэртныя праграмы. З пач. Вял. Айч. вайны дзейнасць спыніў, аднавіў у жн. 1944. У пасляваен. рэпертуары пераважалі актуальныя тагачасныя п’есы. Т-р расфарміраваны.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЛІКО́ЎСКІ (Мікалай Сяргеевіч) (12.9.1900, г.п. Ляцічаў Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1971),

сав. ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую школу каманднага саставу ў Харкаве (1921), Ваен. акадэмію Генштаба (1942). У Чырв. Арміі з 1919. У грамадз. вайну камандзір партыз. атрада, кав. эскадрона, палка, дывізіі. З чэрв. 1941 на франтах Вял. Айч. вайны. Удзельнік бітвы пад Масквой, Бел. аперацыі 1944. Кавалерысты корпуса пад яго камандаваннем вызначыліся ў баях за вызваленне гарадоў Ліда і Гродна. Удзельнік вызвалення Польшчы і Усх. Германіі. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСО́БЫЯ НАРА́ДЫ»,

дзяржаўныя ўстановы ў Расіі, створаныя для кіравання эканам. жыццём у гады 1-й сусв. вайны 1914—18. «Асобых нарадаў» было 5: па абароне, перавозках, харчаванні, уладкаванні бежанцаў, забеспячэнні палівам шляхоў зносін. Паводле Палажэння, зацверджанага царом 17.8.1915, «Асобыя нарады» з’яўляліся вышэйшымі дзярж. ўстановамі, мелі права патрабаваць садзейнічання ўсіх грамадскіх і ўрадавых арг-цый, устанаўліваць цэны, накладваць секвестр і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 улікова-рэгістрацыйны апарат і тэхн. кадры «Асобых нарадаў» выкарыстаны сав. уладай пры стварэнні Вышэйшага савета нар. гаспадаркі і інш. органаў.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАШЭ́НКА (Фёдар Апанасавіч) (19.6.1896, в. Вял. Любшчына Віцебскага р-на — 27.10.1976),

савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Смаленскія пях. курсы чырв. камандзіраў (1920), Маскоўскія курсы сярэдняга камсаставу (1927), Ваен. акадэмію Генштаба (1951). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. З 1938 служыў у БВА. З чэрв. 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Карэльскім, Паўд.-Зах., 3-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік абароны Беларусі, вызвалення Украіны, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі. Да 1956 выкладчык Ваен. акадэміі Генштаба. Ганаровы грамадзянін г. Браціслава (Славакія).

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМЕ́ЧАЎСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА імя Ф.​Ф.​Паўленкава,

адна з першых на Беларусі бясплатных нар. бібліятэк. Засн. ў 1905 у в. Астрамечава (Брэсцкі р-н) на сродкі фонду кнігавыдаўца Ф.​Ф.​Паўленкава. Камплектавалася бел., рус. і замежнай л-рай. У 1908 мела больш за 1000 кніг, абслугоўвала 240 чытачоў. У час 1-й сусв. вайны спыніла дзейнасць. Адноўлена ў канцы 1920-х г.; у 1934 закрыта польск. ўладамі. З 1946 сельская б-ка імя Паўленкава. Кніжны фонд больш за 11 тыс. адзінак захавання (1.1.1996).

Астрамечаўская бібліятэка імя Ф.​Ф.​Паўленкава.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАСЛАВІ́ЗМ,

палітычная праграма перабудовы Аўстрыйскай імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыі), прапанаваная чэш. лібераламі ў 1840-я г. Прадугледжваў пераўтварэнне імперыі Габсбургаў у федэратыўную канстытуцыйную манархію, у межах якой чэхі і іншыя падуладныя аўстр. кароне слав. народы атрымалі б аўтаномію і роўныя нац. правы. Аўстраславізм узнік як рэакцыя на ням. нацыяналізм і спробы ўключыць слав. землі ў Германскі саюз. Абгрунтаванне, асн. прынцыпы і ідэі аўстраславізму распрацавалі публіцыст К.​Гаўлічак-Бораўскі (1846) і гісторык Ф.​Палацкі (1848). Як паліт. канцэпцыя большасці чэш. паліт. партый аўстраславізм існаваў да пач. 1-й сусв. вайны.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАШМА́К»

(ням. «Bundschun»),

тайныя сялянскія саюзы ў Паўд.-Зах. Германіі ў канцы 15 — пач. 16 ст. Назва ад выявы сял. чаравіка на сцягу змоўшчыкаў. Праграма «Башмака» была накіравана супраць князёў і кляштараў, прадугледжвала барацьбу за «божае права» (рашучая перабудова грамадства «па справядлівасці»), скасаванне ўсіх улад, акрамя імператарскай (пры ўмове, што імператар далучыцца да паўстання «Башмака») і інш. Гал. арганізатар — селянін Фрыц Іос. Няўдалыя спробы «Башмака» падняць паўстанні ў 1493, 1502, 1513 і 1517 з удзелам гарадскіх нізоў сталі пярэдаднем Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕДНЯ́К»,

штодзённая сялянская газета. Выходзіла з 25.9.1918 да жн. 1919 на рус. мове напачатку ў Смаленску як выданне Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), з 25.2.1919 у Мінску як орган ЦБ КП(б)Б, з 12.3.1919 орган ЦК і Мінскага губ. к-та КП(б) Літвы і Беларусі. Асвятляла жыццё Сав. краіны, падзеі грамадз. вайны, друкавала матэрыялы пра дзейнасць к-таў беднаты, сельскіх камуністаў. Частка тыражу засылалася ў акупіраваныя Польшчай раёны Беларусі. Мела рубрыкі: «Па Расіі», «За рубяжом», «У ворагаў Савецкай улады», «Чырвоная Армія» («Чырвоны фронт»), «Вясковае жыццё» і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАГУ́РАЎ (Эдуард Аляксеевіч) (н. 27.11.1947, г. Бабруйск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). Працуе пераважна ў жанрах тэматычнай карціны і партрэта. Работы адметныя псіхал. выразнасцю вобразаў, кампазіцыйным майстэрствам, дакладнасцю малюнка. Асн. творы: «Асенні крос» (1975), «Пачатак вясны» (1976), «Дзеці вайны», «Партрэт бацькоў» (абодва 1978), «Сямейны партрэт», «Вяртанне» (абодва 1980), «Хірургі. Аперацыя», «Красавіцкія інтэрв’ю» (абодва 1981), «Дыялог» (1982), «Трансфармацыя» (1988), «Час цішыні» (1991), «І была раніца» (1992), «Памяць бацькі» (1993), «Падзеі на фоне ранішняга пейзажу» (1994), «Залаты яблык» (1995) і інш.

Э.Белагураў. Партрэт бацькоў. 1978. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)