КУПРЫЕ́НКА (Ілья Кірэевіч) (28.8.1916, в. Сабалёўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1988),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Бранскім, Зах., Бел., 2-м Бел. франтах. Камандзір аддзялення яфрэйтар К. вызначыўся ў 1945 у баях ва Усх. Прусіі: 23 студз. на чале групы разведчыкаў вызначыў у варожым тыле размяшчэнне агнявых кропак і жывой сілы праціўніка; 29 студз. разведаў шляхі падыходу да нас. пункта Бішафсбург; 8 сак. выявіў рух на шашы варожай пяхоты і аўтамашын, ліквідаваў іх, часткова ўзяў у палон.

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Павел Аляксеевіч) (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

П.А.Курачкін.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Уладзімір Саламонавіч) (14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. і карнай экспедыцыяй ням.-фаш. захопнікаў каля Лаўскага лесу ў Капыльскім р-не 3 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы кінулі супраць партызан 7 тыс. карнікаў з танкамі, бронемашынамі, артылерыяй. Засада з 18 партызан (камандзір В.І.Драздовіч; усе загінулі) каля в. Клецішча за 4 гадз адбіла 8 атак, знішчыла шмат жывой сілы ворага. За гэты час брыгада эвакуіравала шпіталь і арганізавана ўступіла ў бой, які працягваўся ўвесь дзень; уначы партызаны выйшлі з акружэння. На магіле загінуўшых партызан каля Клецішча пастаўлены помнік.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ДЫК АНЬ (Le Duc Anh; н. 1.12.1920, Хуа Цьен-Хюэ, В’етнам),

в’етнамскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. арміі. Скончыў Акадэмію Ген. штаба Узбр. сіл СССР у Маскве. Удзельнік партыз. руху супраць японцаў у 2-ю сусв. вайну і вайны Супраціўлення супраць французаў (1946—54). У час В’етн. вайны 1964—73 камандаваў сіламі Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама. З 1976 на камандных і штабных пасадах у В’етн. нар. арміі, у 1980—86 нам. міністра, у 1987—92 міністр нац. абароны Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам (СРВ). У 1992—97 прэзідэнт СРВ.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе г.п. Церахоўка — в. Кругавец-Калініна. Да 1930 наз. Папоўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 50 км на ПдУ ад г. Добруш, 60 км ад Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Кругавец. 895 ж., 495 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.

сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Свята-Мікалаеўская царква. За 3 км на ПдУ ад вёскі — гарадзішча. Каля вёскі Ленінскае радовішча пяскоў.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрадаў «Камарова», «Пятровіча», імя М.​Ц.​Шыша па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Ленін Пінскай вобл. 12 вер. ў Вял. Айч. вайну. Са створаных партызанамі для гэтай аперацыі штурмавых груп (150 чал.) 3 былі размешчаны на шляхах магчымага адыходу праціўніка, 2 — у засадах на дарогах верагоднага падыходу падмацаванняў ворагу. У выніку раптоўнага нападу партызаны разграмілі гарнізон, вызвалілі зняволеных патрыётаў, захапілі трафеі і арганізавана адышлі. У гонар бою партызан у в. Ленін Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены помнік.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lie) Тругве Хальвдан) (16.7.1896, Осла — 30.12.1968),

нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Сакратар (1919—22), чл. праўлення (1926—46) Нарв. рабочай партыі. Міністр юстыцыі (1935—39), гандлю і суднаходства (1939—40). У перыяд ням.-фаш. акупацыі Нарвегіі (1940—45) міністр замежных спраў нарв. ўрада ў эміграцыі (Лондан). Першы ген. сакратар ААН (1946—53); падтрымаў узбр. ўмяшанне ЗША і інш. краін пад эгідай ААН у карэйскую вайну 1950—53 на баку Паўд. Карэі. У 1955—65 на адм., урадавых і дыпламат. пасадах у Нарвегіі.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВА́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1944,

міжгрэчаскае паліт. пагадненне, падпісанае 20 мая ў Ліване ў 2-ю сусв. вайну прадстаўнікамі эмігранцкага ўрада, паліт. партый, Паліт. к-та нац. вызвалення, Нац.-вызв. фронту, Грэч. нар.-вызв. арміі, ваен.-паліт. нацыяналіст. арг-цый. Прадугледжвала роспуск усіх ўзбр. атрадаў і стварэнне адзінай арміі, правядзенне плебісцыту аб будучым дзярж. ладзе краіны, фарміраванне ўрада нац. адзінства. Л.п. не ліквідавала прынцыповых рознагалоссяў паміж левымі і правымі паліт. сіламі, што пасля вызвалення Грэцыі (кастр. 1944) прывяло да вострай барацьбы за ўладу і грамадз. вайны 1946—49.

т. 9, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЗІЦЫ (Lidice),

шахцёрскі пасёлак у Чэхіі на З ад Прагі, знішчаны ў 2-ю сусв. вайну; увасабленне нацыянал-сацыялісцкага тэрору на акупіраваных тэрыторыях. Абвінаваціўшы жыхароў Л. ў хаванні байцоў чэхаславацкага руху Супраціўлення, якія здзейснілі замах на пратэктара Чэхаславакіі Р.Гайдрыха, 10.6.1942 ням. паліцэйскія і вайскоўцы поўнасцю разбурылі пасёлак, мужчын, каму больш за 16 гадоў (190—198 чал.), расстралялі, жанчын (195 чал.) дэпартавалі ў канцлагер Равенсбрук, а дзяцей (усяго 98) — у лагер СС на «анямечванне». У 1945 на месцы Л. засн. музей, у 1946 побач адноўлены пасёлак.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)