По́ўня, по́вня, по́ўна, по́ўнае, по́ўная ’поўная фаза Месяца’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Др.-Падб., Клім., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 2), по́ўняе ’поўня’ (Ян.; барыс., валож., рагач., бых., ЛА, 2), по́ўната ’поўня’ (Касп.; в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ; Шатал.), по́ўна ’поўня’ (ЛА, 2). Ад по́ўны (гл.), паколькі ў час гэтай фазы Месяц бачны поўнасцю. Лексема по́ўнік ’поўня’ (ТСБМ, Янк. 3., Мат. Гом., пух., Сл. ПЗБ) утварылася паводле назвы іншай фазы Месяца — маладзі́к. Тое ж у іншых індаеўрапейскіх мовах, параўн. рус.полнолу́ние, літ.pìlnatis ’поўня’ (< pìlnas ’поўны’), англ.full moon ’поўня’ (< full ’поўны’, moon ’Месяц’), франц.pleine lune (< plein ’поўны’, lune ’Месяц’). Паводле Німчука (Давньорус., 29), укр.по́вня ’тс’ абстрагавана са спалучэння месꙗц въ пълнѣ (суч. місяць уповні), у якім выступае М. скл. нячленнага прыметніка м. р., што зусім не абавязкова на фоне прадуктыўных утварэнняў тыпу ро́ўня і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПРАБЛЕМЫ ЦЕПЛА- І МАСААБМЕНУ
Даследаванні ў галіне цепла- і масаабмену на Беларусі пачаліся ў 1927 з арганізацыяй н.-д. лабараторыі, рэарганізаванай у 1929 у Бел.НДІ прам-сці. У ін-це вяліся даследаванні па камернай сушцы паперы, рацыянальным выкарыстанні кацельных і цеплавых установак, атрыманні вапны з рыхлага мелу. У даваенны перыяд цеплавыя і масаабменныя працэсы вывучаліся ў БПІ, Мінскім НДІбуд. матэрыялаў, Ін-це торфу; з 1952 — у Ін-це энергетыкі АН Беларусі. Уклад у развіццё навукі аб цепла- і масаабмене зрабіў А.В.Лыкаў, які з 1956 узначальваў Ін-т энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену). У выніку яго дзейнасці створана матэм. тэорыя пераносу энергіі і рэчыва, сфармулявана сістэма ўраўненняў узаемазвязанага цепла- і масапераносу, вывучаны цепла- і масаабмен у фіз. сістэмах (капілярна-сітаватых целах, гетэрагенных асяроддзях) з улікам эфекту канчатковасці хуткасці распаўсюджвання субстанцыі, якая пераносіцца, пастаноўка і рашэнне звязаных задач цеплаабмену. Пад кіраўніцтвам П.С.Куца далей развіты тэорыя і тэхналогія высокаінтэнсіўных метадаў сушкі розных матэрыялаў.
Працэсы цепла- і масаабмену ў дысперсных сістэмах інтэнсіўна даследаваліся з канца 1950-х г. С.С.Забродскім і яго вучнямі — В.А.Барадуляй, М.В.Антанішыным. Для атрымання зададзеных уласцівасцей дысперснай сістэмы распрацаваны мадыфікацыі псеўдазвадкаванага слоя: кіпячы, фантануючы, пульсуючы, электратэрмічны. У Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі даследаваліся сістэмы ахаладжэння атамных і цеплавых электрастанцый, вывучаліся пытанні эфектыўнасці цеплаперадачы ў цеплаабменных апаратах пры наяўнасці хім. рэакцый у цепланосьбіце (А.К.Красін, А.А.Міхалевіч, В.Б.Несцярэнка, Л.І.Калыхан). У наш часасн.навук. даследаванні праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену імя Лыкава, Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це.
У галіне свабодна-канвектыўнага цеплаабмену пад кіраўніцтвам А.Р.Мартыненкі праведзены комплекс работ па аэратэрмаоптыцы: выкананы даследаванні гідрадынамікі і цеплаабмену шырокага класа зрухавых цячэнняў вадкасцей і газаў пры розных межавых умовах у каналах складанай формы, струменях. Выяўлены заканамернасці экалагічнага ўздзеяння вежавых градзірань выпарнога тыпу, прызначаных для ахаладжэння вады, якая цыркулюе на ТЭЦ і АЭС. Практычныя вынікі ўкаранёны на Мінскай ТЭЦ-4. Пад кіраўніцтвам Л.Л.Васільева распрацаваны цеплавыя трубы і цеплаабменнікі на іх аснове, што дазволіла рашыць задачы інтэнсіўнага награвання, ахаладжэння і тэрмастабілізацыі вырабаў, якія працуюць у космасе, дзе ўзнікаюць вял. пераменныя цеплавыя нагрузкі. Выкананы даследаванні па макракінетыцы сітаватых электродаў — своеасаблівых хім. рэактараў у выглядзе двух- і трохфазных сістэм з электрахім. пераўтварэннямі, што дазволіла прапанаваць апісанне і распрацаваць аптымізаваныя варыянты канструкцыі электродаў (А.В.Лыкаў, Б.М.Смольскі, І.Р.Гурэвіч). Пад кіраўніцтвам Р.І.Салаухіна выкананы комплекс даследаванняў працэсаў пераносу ў нераўнаважных асяроддзях: вывучаны газадынамічныя працэсы і з’явы цепла- і масапераносу ў лазерна-актыўных асяроддзях. Выкананы даследаванні вагальнай рэлаксацыі малекулярных газаў у вельмі нераўнаважных умовах; створаны метады і апаратныя сродкі для выкарыстання нераўнаважнай плазмы, з’яў звышадыябатычнага гарэння ў сістэмах ачысткі паветра і вадкіх асяроддзяў ад арган. дамешкаў, для атрымання азону, даследаваны працэсы пераносу пры фільтрацыйным гарэнні і новыя тыпы гарэлачных прылад (С.А.Жданок). Выяўлены і апісаны заканамернасці палёў скарасцей і ўнутр. гравітацыйных хваль у вадкасцях з вял. значэннямі малекулярнага ліку Прандтля (Б.А.Калавандзін). Выкананы тэарэт. даследаванні ў галіне фізікі плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы, разлічаны оптыкафіз. параметры шматзараднай плазмы і характарыстыкі пераносу ў іанізаваных асяроддзях (М.А.Ельяшэвіч, Г.С.Раманаў, Ю.А.Станкевіч, К.Л.Сцяпанаў). Разгледжаны выпадкі ўздзеяння лазернай (паверхневай) і электроннай (аб’ёмнай з максімумам на глыбіні пад паверхняй) крыніц цяпла на кампазіцыйныя матэрыялы, што дазволіла ствараць новыя цеплаахоўныя матэрыялы (М.У.Паўлюкевіч, С.І.Шабуня). Створаны магутныя газадынамічныя ўстаноўкі (плазматроны, паскаральнік плазмы), на якіх выкананы даследаванні і выпрабаванні цеплаахоўных матэрыялаў для касм. і лятальных апаратаў, тэхнал. выкарыстанняў плазменных патокаў (С.К.Краўчанка, В.У.Торапаў, М.С.Траццяк). Распрацаваны метады разліку хуткасці вынасу масы цеплаахоўных матэрыялаў цеплавымі патокамі, якія ўзнікаюць пры ўваходзе касм. апаратаў у атмасферу. Пад кіраўніцтвам З.П.Шульмана выкананы комплекс даследаванняў па канвектыўным цепла- і масапераносе ў рэалагічна складаных сістэмах. Створаны тэхналогіі вытв-сці супертонкіх мінеральных валокнаў і прамога атрымання сталі з жалезарудных акатышаў, комплекснай перапрацоўкі металазмяшчальных адходаў і пазапячнога атрымання легіраваных сплаваў (А.М.Лакцюшын). Распрацаваны тэхналогіі перапрацоўкі парашкападобных і цвёрдых рэчываў для сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў у плазме дугавога разраду, перапрацоўкі фасфатнай сыравіны, таксічных і радыеактыўных адходаў (А.Л.Масэ), тэхналогіі нанясення зносаўстойлівых ахоўных пакрыццяў (Н.М.Дарожкін). Створаны асновы вылічальнай тэрмаграфіі. Развіты метады тэрмаметрыі складаных біял. сістэм і чалавека, што дазволіла прапанаваць новыя метады і апаратурныя сродкі для мед. дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі многіх хвароб (У.Л.Драгун, С.А.Філатаў). Выкананы даследаванні цеплафіз. уласцівасцей газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; створаны метады вымярэнняў цеплавых, акустычных і інш. параметраў, якія дазваляюць стварыць базы даных па цеплафіз. уласцівасцях рэчываў (А.Г.Шашкоў, В.І.Крыловіч, С.А.Танаева).
У Бел.нац.тэхн. ун-це пад кіраўніцтвам А.-В.І.Вейніка і У.І.Цімашпольскага створана навук. школа цеплафізікаў па вывучэнні працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі. Распрацаваны асновы цеплавой тэорыі ліцця, прапанаваны метады разліку працэсаў зацвердзявання, нагрэву і тэрмічнай апрацоўкі металу.
Літ.:
Лыков А.В. Теплообмен: Справочник. М., 1973;
International Encylopedia of Heat and Mass Transfer. New York, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОВАЗНАЎСТВА
Навуковыя даследаванні бел. мовы ўзніклі ў 16 ст., напачатку ў Выглядзе тлумачэнняў незразумелых стараслав. лексем і выразаў «простай», ці тагачаснай старабел. мовай (найперш у выданнях Ф.Скарыны і інш. перакладчыкаў рэліг. тэкстаў — С.Буднага, В.Цяпінскага), а пасля ў выглядзе буквароў, граматык, слоўнікаў стараслав. мовы, дзе метамовай, або мовай апісання, служыла старабел. мова. Незразумелыя царкоўнаславянскія «глосы» (словы) Ф.Скарына тлумачыў бел. лексемамі (напр., «кивотъ — скриня», «риторъ — мовца», «тимпанъ — бубен» і інш.). Аналагічнай бел. метамовай карысталіся С.Будны і В.Цяпінскі (напр., у С.Буднага «благодарение — дякованье», «врач — лекарь», «миръ — покой»; у В.Цяпінскага «верыга — ланцуг», «мучитель — катъ», «зло — лихо» і г.д.).
Першая граматыка ўсх. славян напісана на тэр. тагачаснай Беларусі ў Вільні — «Кграматыка словеньска языка...» (ананімная, 1586). У 1596 там жа надрукавана «Грамматіка Словенска...» Л.Зізанія, дзе ў выглядзе пытанняў і адказаў з дапамогай старабел. мовы апісваліся фанетычныя і марфалагічныя рысы стараслав. мовы. Самай значнай лінгвістычнай працай пач. 17 ст. стала «Грамматіки славенския правилное Синтагма» М.Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 у Еўінскай друкарні (пад Вільняй). Гэтая кніга амаль паўтара стагоддзя лічылася ва ўсх. славян найбольш аўтарытэтнай і глыбокай працай па мовазнаўстве. Паводле яе ўзору створаны першыя навуковыя граматыкі сербскай, балгарскай, рус. моў. «Граматыкі» Л.Зізанія і М.Сматрыцкага, напісаныя на аснове царкоўнаславянскай мовы, адлюстроўвалі некаторыя рысы жывой бел. гаворкі і прызначаліся для ўсяго «грэка-славянскага» свету. Калі ў гэтых лінгвістычных працах старабел мова выкарыстоўвалася пераважна ў якасці метамовы, а аб’ектам апісання служыла стараслав. мова, то створаная ў Сарбоне (Францыя) І.Ужэвічам на лац. мове «Граматыка словенская» (1643) прысвечана апісанню ўласна старабел. і стараўкраінскай літаратурнай мовы Гэтая кніга ў 18—19 ст. была вядома славістам у 2 рукапісных варыянтах (упершыню яна надрукавана ў 1970 у Кіеве, у 1996 выдадзена ў Мінску). З інш. лінгвістычных прац, створаных беларусамі ў 17 ст., вылучаюцца «Азбука» Сімяона Полацкага, напісаная для навучання грамаце будучага расійскага цара Пятра I, і «Граматыка» І.Капіевіча, якой карыстаюцца і цяпер тыя, хто ўжывае кірыліцкае пісьмо (балгары, беларусы, рускія, сербы, украінцы і інш.).
Адначасова з граматычнымі апісаннямі мовы на тэр. Беларусі надрукаваны першыя сярод усх. славян слоўнікі, найбольш вялікім і грунтоўным з якіх быў «Лексис...» Л.Зізанія (1596, Вільня). У гэтым слоўніку змешчаны пераклад на старабел. мову 1061 царкоўнаславянскага слова, а для перакладу выкарыстана больш за 2000 старабел. лексем, многія з якіх захаваліся і ў сучаснай мове без змен свайго значэння («лазня», «нікчэмны», «дзякаваць», «вяселле», «чакаць», «праца», «іншы», «ручнік» і г.д.). Пісьмовы варыянт старабел. літаратурнай мовы фактычна быў выведзены з афіцыйнага ўжытку ў 1696, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля і Рас. імперыі. У пач. 19 ст. збіральнікі бел. фальклору (Я.Чачот, П.Шпілеўскі, А.Кіркор і інш.), зыходзячы з асаблівасцей гаворак, складалі слоўнікі мясцовых слоў. Цікавасць да этнаграфічнага, фальклорнага і гістарычнага матэрыялаў абумовіла з’яўленне напачатку спарадычных, несістэматызаваных навуковых апрацовак бел. мовы ў выглядзе слоўнікаў, нататак, артыкулаў і першых рукапісных граматык П.Шпілеўскага, К.Нядзведскага (не выдадзены). Пра бел. мову і яе асаблівасці згадвалі ў сваіх працах А.Брукнер (Польшча), П.Уладзіміраў, А.Шахматаў, М.Карпінскі (Расія), К.Апель (Германія) і інш. Да ліку асобных прац па фанет. і марфал. адметнасцях бел. мовы належаць працы К.Калайдовіча, Ф.Галатузава, І.Нядзёшава. Значныя навук. здабыткі ў 19 ст. па бел. мовазнаўстве ў лексікаграфічных працах І.Насовіча, Ф.Шымкевіча, М.Гарбачэўскага і інш. У 1840 Ф.Шымкевіч склаў слоўнік «Збор слоў літоўска-рускай (бел.) мовы», які ўключаў каля 3000 намінатыўных адзінак (слоў, устойлівых выразаў); прыведзеныя словы перакладзены на рус., англ., венг., дацкую, лат., літ., ням., польскую, сербскую, славацкую, фін., чэш., швед. і інш. мовы. «Слоўнік беларускай мовы» І.Насовіча (1870) уключаў у сваю рэестравую (левую) частку больш за 30 тыс. слоў, сабраных аўтарам пераважна ў Магілёўскай губ. Акрамя прыведзеных лексікаграфічных прац, захаваўся рукапіс «Апісанне Крычаўскага графства, ці былога староства» А.Меера (1786), дзе побач з гістарычнымі, этнаграфічнымі, геаграфічнымі апісаннямі гэтай мясцовасці змешчана каля 600 бел. слоў, кожнае з якіх мае лац. ці рус. пераклад або тлумачэнне; словы размеркаваны па тэматычных рубрыках, а ўнутры іх па алфавіце. Гэтую працу можна лічыць адной са спроб ідэаграфічнага апісання бел. лексікі. Рукапісны «Слоўнік беларускай гаворкі» П.Шпілеўскага (1845) ахоплівае каля 1,5 тыс.бел. лексем. Лексікаграфічныя матэрыялы прадстаўлены ў працах Я.Чачота, К.Калайдовіча і інш. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. мовазнаўства Я.Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры кнігі гэтай манаграфіі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. Бел. мову ён аналізаваў як самастойную слав. мову, у той час як афіцыйная навука лічыла яе дыялектным адгалінаваннем велікарускай мовы. Першыя навуковыя спробы апісання новай бел. літаратурнай мовы, заснаванай амаль цалкам на народных гаворках, сведчаць пра з’яўленне на лінгвагеаграфічнай карце свету адметнай слав. мовы, якая дзякуючы сваім глыбінным караням захавала ў найбольш чыстым выглядзе адну з самых старажытных і развітых моў Еўропы.
Унутранымі фактарамі развіцця бел. лінгвістыкі сталі з’яўленне ў пач. 20 ст. легальнага перыядычнага бел. друку (газеты «Наша доля», «Наша ніва» і інш.), а таксама літаратурных твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, З.Бядулі, М.Зарэцкага, К.Чорнага і інш. Гэтым было абумоўлена стварэнне прац па апісанні, унармаванні і кадыфікацыі бел. слова, самай значнай з якіх стала «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча (1918, 5-е факс. выд. 1991), дзе сцісла, але навукова і грунтоўна вызначаны асноўныя моўныя нормы, якія і зараз выкарыстоўваюцца бел. дыяспарай і некаторымі сучаснымі недзярж. выданнямі Беларусі пад неафіцыйнай назвай «тарашкевіца».
У 1920-я г. на Беларусі разгарнулася шырокая лексікаграфічная дзейнасць. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, вынікам працы якой стала выданне 24 выпускаў бел. навуковай тэрміналогіі, апублікаваны бел.-рус. і рус.-бел. перакладныя слоўнікі, напр., «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» М.Байкова і С.Некрашэвіча (1926) і інш., а таксама слоўнікі, прысвечаныя вайсковай тэрміналогіі (М.Байкоў і А.Бараноўскі), праву (М.Гуткоўскі), батаніцы (З.Верас), дыялектныя слоўнікі Віцебшчыны (М.Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.Шатэрнік) і інш. Распрацоўваліся тэарэтычныя пытанні вывучэння і апісання бел.нар. гаворак, лінгвагеаграфіі ў публікацыях М.Байкова, І.Ваўка-Левановіча, Я.Карскага, П.Растаргуева і інш. У 1928 П.Бузук надрукаваў манаграфію «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», дзе разгледзеў фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці гаворак цэнтр. і ўсх. Беларусі, а таксама сумежных абласцей Расіі і Украіны. Лексічная база бел. мовы папаўнялася рознымі шляхамі: у выніку стварэння новых слоў і словазлучэнняў на ўласнай моўнай базе, шляхам запазычання, за кошт дыялектнай лексікі.
У 1922 створаны Інстытут бел. культуры, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі і ўключаў у свой склад Інстытут мовазнаўства. З адкрыццём БДУ (1921) і шэрагу пед. ін-таў пашырылася падрыхтоўка лінгвістычных кадраў і вяліся даследаванні ў галіне бел. мовазнаўства. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, дзе акрамя айчынных спецыялістаў прынялі ўдзел замежныя лінгвісты і пісьменнікі (М.Фасмер, Ю.Галомбак, Я.Райніс і інш.). Па выніках працы канферэнцыі ўтворана камісія бел. літаратурнай мовы, якая падрыхтавала і апублікавала ў 1930 праект новага правапісу. У 1933 створана асобная камісія, якая распрацавала новы праект, прыняты СНКБССРпад назвай «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэтым упершыню ў гісторыі бел. літаратурнай мовы заканадаўча замацаваны пэўныя нормы бел. правапісу і граматыкі. Правіламі 1933 карысталіся ў Савецкай Беларусі да 1957, калі СМБССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага бел. правапісу», скарэкціраваўшы тагачасныя моўныя нормы.
У даваенны час падрыхтаваны і выдадзены лінгвістычныя працы Ц.Ломцева, К.Гурскага і інш., прысвечаныя фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісу бел. мовы і скіраваныя на збліжэнне з правіламі і нормамі адпаведных раздзелаў рус. мовы. У 1937 выдадзены самы вялікі на той час перакладны «Руска-беларускі слоўнік» падрэд. А.Александровіча, які ўключаў 40 тыс. рэестравых слоў. Методыцы выкладання бел. мовы прысвечаны і працы Я.Коласа. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны буйнейшыя бел. мовазнаўцы М.Байкоў, П.Бузук, І.Воўк-Левановіч, М.Гарэцкі, С.Некрашэвіч, Б.Тарашкевіч і інш., што разам з Вялікай Айчыннай вайной істотна прыпыніла развіццё бел. мовазнаўства, многія пытанні якога ў 1950-я г. пачалі распрацоўваць фактычна на новых навуковых прынцыпах.
У 1952 у АН Беларусі адноўлены Інстытут мовазнаўства (з 1956 імя Я.Коласа), які быў адкрыты ў 1929, але ў 1935 рэфармаваны ў Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. З адкрыццём спецыяльнай лінгвістычнай установы звязана разгорнутае навуковае апісанне бел. мовы на ўсіх яе ўзроўнях і па ўсіх раздзелах лінгвістыкі (фанетыка, марфалогія, словаўтварэнне, лексіка, сінтаксіс, фразеалогія, стылістыка), а таксама ў моўных разнавіднасцях (дыялекталогія, мастацкая літаратура, публіцыстыка, навука і інш.). Значныя вынікі атрыманы ў апісанні дыялектаў, за кошт якіх у вялікай ступені папоўніўся лексічны фонд бел. літаратурнай мовы. Вынікам сумеснай працы акадэмічных работнікаў і выкладчыкаў ВНУ стаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (т. 1—3, 1957—61), падручнікі і навучальныя дапаможнікі М.Булахава, М.Гурскага, М.Жыдовіч, Ц.Ломцева, М.Марчанкі, Ю.Мацкевіч, П.Юргелевіча і інш. Найбольш значныя працы пасляваеннага перыяду — фундаментальныя акадэмічныя «Граматыка беларускай мовы» падрэд. К.Крапівы, М.Булахава, П.Шубы (т. 1—2, 1962—66), «Беларуская граматыка» падрэд. М.Бірылы і П.Шубы (ч. 1—2, 1985—86), энцыклапедыя «Беларуская мова» падрэд. А.Міхневіча (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Грунтоўнай працай у галіне лінгвістыкі стаў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963, Дзярж. прэмія СССР 1968) — першае поўнае лінгвагеаграфічнае апісанне адной з усходнеславянскіх моў, дзе налічваецца 338 лінгвістычных карт, паказана тэр. пашырэнне фанетычных (64 карты), акцэнталагічных (15), марфалагічных (115), сінтаксічных (21), лексічных (121) з’яў бел. гаворак. Лагічны працяг гэтай працы — «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» падрэд. М.Бірылы і Ю.Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98, Дзярж. прэмія Беларусі 2000), які складаецца з 1791 карты з паказаннем геаграфічнага размеркавання дыялектных лексем. У выглядзе рэгіянальных слоўнікаў надрукаваны лексічныя матэрыялы асобных гаворак Беларусі: «Дыялектны слоўнік» Ф.Янкоўскага (в. 1—3, 1959—70), «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» падрэд. М.Жыдовіч (в. 1—3, 1970—77), «Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), а таксама шматлікія выданні слоўнікаў дыялектнай лексікі М.Абабуркі, І.Бялькевіча, М.Каспяровіча, Я.Камароўскага і Е.Мяцельскай, П.Сцяцко, Л.Шаталавай, М.Шатэрніка, Г.Юрчанкі, Р.Яўсеева і інш. Істотным здабыткам бел. лексікаграфіі сталі кн. «Беларуская антрапанімія» М.Бірылы (т. 1—3, 1966—82), 6 выпускаў слоўніка айконімаў Я.Рапановіча, працы Я.Адамовіча, В.Жучкевіча, В.Лемцюговай, А.Мезенка, М.Судніка, Г.Усціновіч, І.Яшкіна і інш.
У пасляваенны час рознымі выдавецтвамі апублікавана шмат перакладных слоўнікаў, у т. л. «Руска-беларускі слоўнік» падрэд. Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» падрэд. К.Крапівы (1962) з пазнейшымі дапоўненымі і дапрацаванымі перавыданнямі, «Падручны польска-беларускі слоўнік» падрэд. А.Абрэмбскай-Яблонскай і М.Бірылы (Варшава, 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.Лемцюговай (1980), «Беларуска-расейскі слоўнік» Я.Станкевіча (Нью-Йорк, 1989), «Польска-беларускі слоўнік» падрэд. Г.Цыхуна (2004) і інш. Выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» падрэд. М.Судніка і М.Крыўко (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.Бардовіча і Л.Шакуна (1975, 2-е выд. 1989), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» А.Бардовіча, М.Круталевіча і А.Лукашанца (2000), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.Клышкі (1976, 2-е выд. 1993), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік іншамоўных слоў» А.Булыкі (т. 1—2, 1999), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.Грабчыкава (1994), «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.Мажэйкі і Я.Супруна (т. 1—5, 1976—92), а таксама «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Скарыны» У.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.Пазнякова (1988), Н.Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы «Нашай нівы» (у 5 т.; т. 1, 2003). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—21, 1982—2002), «Слоўнікам мовы Янкі Купалы» (т. 1—4, 1997—2002). У працы В.Кіпеля і З.Саўкі «Беларускія слоўнікі...» (2002) змешчаны звесткі пра больш як 2000 бел. лексікаграфічных выданняў. Важнае месца займаюць тэрміналагічныя слоўнікі (больш як 260 найменняў), большасць з якіх надрукаваны ў 1992—95 (каля 150). Самыя вялікія тэрміналагічныя выданні — «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік» (у 2 т.; 1997—98, каля 157 000 рэестравых слоў), «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994, каля 75 000 паняццяў), «Руска-беларускі слоўнік для вайскоўцаў» (1996, каля 30 000 загаловачных слоў).
Асобныя манаграфіі прысвечаны апісанню фанетыкі бел. мовы (М.Бірыла, Л.Вардамацкі, Л.Выгонная, Я.Івашуціч, А.Крывіцкі, А.Падлужны, Э.Смулкова, В.Чэкман, Ф.Янкоўскі і інш.), сярод якіх вылучаецца грунтоўная калектыўная акадэмічная праца «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989, падрэд. А.Падлужнага). Даследаванне прыватных марфалагічных катэгорый прадстаўлена ў манаграфіях М.Жыдовіч і А.Наркевіча (назоўнік), М.Булахава (прыметнік), Ю.Мацкевіч (дзеяслоў), Т.Сцяшковіч (займеннік), П.Вярхова (лічэбнік), П.Шубы (прыназоўнік, прыслоўе, дзеяслоў) і інш. Характарыстыка сінтаксісу бел. мовы выкладзена ў працах Л.Бурака, А.Міхневіча, А.Наркевіча, Л.Падгайскага, В.Протчанкі, П.Сцяцко, М.Яўневіча і інш. Пытанні словаўтварэння разглядаюцца ў кнігах А.Лукашанца, М.Паўленкі, М.Прыгодзіча, Л.Шакуна і інш. Лексіка бел. мовы з дыяхранічнага пункту гледжання асветлена ў калектыўнай працы «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), а таксама ў кнігах А.Баханькова, М.Булахава. Стан сучаснай бел. лексікі даследаваны ў кнізе «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994, падрэд. А.Баханькова). Пэўныя перыяды развіцця і функцыянавання лексікі бел. мовы адлюстраваны ў даследаваннях М.Абабуркі, А.Булыкі, В.Краснея, М.Крукоўскага і інш. Фразеалагічны матэрыял прадстаўлены ў шматлікіх слоўніках дыялектнага тыпу (М.Даніловіч, Я.Камароўскі і Е.Мяцельская, Г.Юрчанка, Ф.Янкоўскі і інш.) і літаратурнага, у т.л перакладных (І.Кісялёў, І.Лепешаў, З.Санько і інш.). Тэарэтычнай распрацоўцы праблем бел. фразеалогіі прысвечаны манаграфічныя даследаванні А.Аксамітава, М.Даніловіча, У.Коваля, І.Лепешава, Г.Параскевіч, Ф.Янкоўскага і інш.
Гісторыя бел. мовы, пачатак вывучэння якой звязаны з дзейнасцю Я.Карскага, В.Ластоўскага, Я.Ваўка-Левановіча, якія асвятлялі пераважна перыяд старабел. пісьменства, даследавалася і замежнымі славістамі А.Мартэлем, Х.Стангам і інш. У 2-й пал. 20 ст. гісторыя бел. мовы разглядалася ў спецыяльных працах М.Булахава, М.Булыкі, Н.Вайтовіч, А.Груцы, А.Жураўскага, І.Крамко, У.Свяжынскага і інш. З фундаментальных прац па гісторыі бел. літаратурнай мовы вылучаюцца кн. Л.Шакуна «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1963, 2-е выд. 1984, Дзярж. прэмія Беларусі 1986) і калектыўная «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» А.Жураўскага, І.Крамко, А.Юрэвіч, А.Яновіч (т. 1—2, 1967—68). Параўнальнаму і тыпалагічнаму даследаванню бел. мовы прысвечаны працы У.Анічэнкі, К.Гурскага, А.Лукашанец, Б.Плотнікава, А.Супруна і інш.
У 1980—2000-я г.бел. лінгвісты даследуюць практычна ўсе значныя аспекты і раздзелы сучаснага мовазнаўства; вял. значэнне надаецца пытанням культуры мовы і стылістыкі, агульнага і слав. мовазнаўства. У галіне матэматычнай і прыкладной лінгвістыкі даследуюцца праблемы лінгвастатыстыкі (М.Лясохін, К.Лук’яненкаў, В.Нешытой, Б.Плотнікаў), семіялагічных аспектаў мовы (В.Грыб, В.Мартынаў, Б.Плотнікаў), камп’ютэрнай апрацоўкі моўнай інфармацыі (А.Зубаў, В.Мартынаў, А.Соўпель), камп’ютэрны аналіз і сінтэз вуснага маўлення (Б.Лабанаў). Даследаванні бел. мовы ў камп’ютэрнай лінгвістыцы прывялі да стварэння практычна дзейных сістэм праграмавання па аўтаматычным перакладзе дзелавых тэкстаў з рус. мовы на бел. (Б.Плотнікаў, А.Соўпель) і інш. відаў электроннай апрацоўкі тэкстаў, да складання праграм праверкі бел. арфаграфіі (У.Вараб’ёў), напісання электронных слоўнікаў бел. мовы (А.Дабралюбаў), распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій па стварэнні машыннага корпуса сучаснай бел. мовы (У.Кошчанка), энцыклапедый і падручнікаў бел. мовы (М.А.Ярмаш) і інш.
У наш час лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.пед. універсітэце, Мінскім лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах і інш. Дзейнічае Бел. асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навуковы штогоднік Інстытута мовазнаўства Нац.АН Беларусі «Беларуская лінгвістыка», навуковыя «Веснікі» універсітэтаў і інш.Бел. мовазнаўцы ўдзельнічаюць у міжнар. навуковых канферэнцыях і з’ездах славістаў, у рэалізацыі міжнар. праекта па стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» і г.д.
Літ.:
Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;
Плотнікаў Б.А. Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства. Мн., 2002;
Беларуская мова: Інтэрнет і камп’ютэр. Мн., 2002;
Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова: Лінгв. кампендыум. Мн., 2003;
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр.давед.Т. 1—3. Мн., 1967—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
паме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; пр. памёр, памерла; зак.
1. Перастаць жыць. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў [сястра], праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш і горш. Увечары ён памёр.Мележ.Маці і памерла, як жыла, ціха, непрыкметна.Ваданосаў.//закаго-што і без дап. Ісці на смерць у імя чаго‑н., загінуць, абараняючы што‑н. [Камандзір:] — Рана, Астап, ты выбраўся ў дальнюю дарогу... Рана... Слаўна ты жыў... Слаўна памёр за людзей нашых...Лынькоў.Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці.Брыль.
2.перан. Знікнуць, бясследна прапасці. Ён памёр. Расстралялі Якіма... Цёмны гай зашумеў галасней... Але справа магутнага КІМа Не памрэ, — будзе вечна квітнець!..Трус.
3.перан.Разм. Пазбавіцца сіл, знемагчы ад якіх‑н. пачуццяў. [Данілка:] Яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху.Купала.
•••
Памерці пад нажом — памерці ў час хірургічнай аперацыі.
Хоць памры — абавязкова (зрабіць, выканаць што‑н.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГО́РЫ,
участкі зямной паверхні, якія ўзняты вышэй за 500 м над узроўнем мора і характарызуюцца рэзкімі ваганнямі вышынь на невял. адлегласцях.
Горы адасоблены ад сумежных раўнін падножжамі ці пераходнай паласой невысокіх (500 — 700 м) расчлянёных перадгор’яў. Цягнуцца ад соцень да некалькіх тысяч кіламетраў прамалінейна (Вял. Каўказ, Кардыльеры) або выгінаюцца як дугі (Альпы, Карпаты). Схілы ў залежнасці ад тэктанічнай будовы, характару горных парод, узросту, клімату бываюць пакатыя, стромкія (40—45°), вертыкальныя; паводле марфалогіі і профілю адрозніваюць прамыя, увагнутыя, выпуклыя, увагнута-выпуклыя, ступеньчатыя. У залежнасці ад памераў, будовы і ўзросту вылучаюць горны пояс, горную сістэму, горную краіну, горныя хрыбты, горныя грады, горныя вяршыні, горныя групы, раздзеленыя паніжэннямі: міжгорнымі ўпадзінамі, горнымі далінамі. Іх спалучэнне дае розныя тыпы расчлянення гор у плане: паралельнае (Каўказ), радыяльнае (Хан-Тэнгры, пік Перамогі ў Цянь-Шані), перыстае, або папярочнае (Высокі Таўэрн у Альпах), крацістае (Паўд. Урал, Усх. Цянь-Шань), расчлянёнае з кулісападобным размяшчэннем хрыбтоў (Зах. Закаўказзе, Паміра-Алай). У марфал. адносінах горы падзяляюцца на нізкагор’і (да 1000 м), сярэднягор’і (да 2000 м), высакагор’і (вышэй за 2000 м). Нізкагор’і ўтвараюцца, калі пераважаюць працэсы разбурэння (выветрыванне, эрозія, схілавы перанос матэрыялу і інш.), вызначаюцца мяккімі, акруглымі профілямі, шырокімі далінамі рэк (Бадхыз, Казахскі драбнасопачнік). Сярэднія горы (Вагезы, Капетдаг, Сярэдні Урал, Шварцвальд) маюць спадзістыя схілы, авальныя перагіны, купалападобныя вяршыні, шырокія даліны рэк. Высокія горы (Анды, Альпы, Гімалаі, Памір, Цянь-Шань і інш.) характарызуюцца глыбокім расчляненнем, стромкімі схіламі, наяўнасцю пірамідальных вяршынь і высокіх грабянёў (гл.Нізкагорны рэльеф, Сярэднегорны рэльеф, Высакагорны тып рэльефу). Паводле паходжання горы ўмоўна падзяляюць на: тэктанічныя са складкавай (Альпы, Анды, Гімалаі), або складкава-глыбавай структурай (Апалачы, Урал, Цянь-Шань), паднятыя на некалькі тысяч км, якія вылучаюцца разнастайнасцю рэльефаўтваральных працэсаў і глыбокім расчляненнем; эразійныя — высокаўзнятыя платопадобныя паверхні з гарызантальнай геал. структурай, якія пазней апынуліся пад уплывам навейшых (неатэктанічных) падняццяў і расчлянёны далінамі рэк і часовых патокаў (плато Каларада); вулканічныя, конусы вулканаў, высакагорныя лававыя покрывы (Армянскае нагор’е). Адрозніваюць геал. ўзрост (час першага падняцця гор з геасінкліналі) і геамарфалагічны (час апошняга ўтварэння горнага рэльефу). Напр., Цянь-Шань пачаў фарміравацца ў каледонскую эпоху арагенезу, сучасныя марфал. рысы склаліся ў кайназоі. Найважнейшыя паверхневыя (экзагенныя) працэсы ў гарах — выветрыванне, эрозія, ледавіковыя працэсы, схілавы перанос матэрыялу і інш. Асноўная геагр. заканамернасць горных тэрыторый — праяўленне вышыннай пояснасці. Гл. таксама Горныя ландшафты, Горны клімат.
Літ.:
Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987;
Леонтьев О.К., Рычагов Г.И. Общая геоморфология. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НІЯ,
старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі
[1792—1750 да н.э.],
мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э.паўд.ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.
Літ.:
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТОГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1337—1453,
серыя войнаў паміж Англіяй і Францыяй. Традыцыйна падаецца як барацьба за карону Францыі паміж франц.Валуа і англ.Плантагенетамі, пазней Ланкастэрамі. Глыбіннай асновай канфлікту былі барацьба Англіі і Францыі вакол Гіені і Фландрыі, жаданне Англіі вярнуць Нармандыю, Мэн, Анжу і інш. страчаныя ўладанні Плантагенетаў. Першы этап вайны (1337—1360) быў паспяховы для англічан: у 1340 яны разбілі франц. флот каля Слёйса (Эклюза), у 1346 — франц. войскі каля Крэсі, у 1347 — узялі Кале; у 1356 сын караля Эдуарда III прынц Уэльскі Эдуард («Чорны прынц») перамог французаў у бітве каля Пуацье і ўзяў у палон франц. караля Іаана II Добрага. Ваен. дзеянні, шматлікія разбурэнні, павелічэнне падаткаў прывялі да Парыжскага паўстання 1357—58 і Жакерыі. Франц. ўрад быў вымушаны заключыць цяжкі мір у Брэціньі. На другім этапе С.в. (1369—96) новы кароль Францыі Карл V [1364—80] рэарганізаваў войска, узмацніў артылерыю і да канца свайго праўлення выцесніў англічан амаль з усёй тэр. Францыі. На трэцім этапе С.в. (1415—53), у час праўлення псіхічна хворага Карла VI [1380—1422], Францыя была аслаблена грамадз. вайной Бургундскага і Арлеанскага дамоў 1405—35 (т.зв. вайна бургіньёнаў і арманьякаў). Сітуацыю выкарыстаў англ. кароль Генрых V [1413—22], які высадзіўся ў Францыі і ў бітве пры Азенкуры 25.10.1415 разграміў франц. войска. У выніку шматлікіх перагавораў і міждынастычных шлюбаў у 1422 англічане і бургундцы прызналі каралём Англіі і Францыі немаўля Генрыха VI [1422—61 і 1470—71], рэгентам пры якім стаў англ. герцаг Бэдфард. Адначасова каралём Францыі абвясціў сябе і дафін Шарль, пад уладай якога заставаліся Цэнтр. і Паўд. Францыя. У 1428 англічане аблажылі г. Арлеан, з узяццем якога адкрываўся шлях англ. арміі на Пд Францыі. У гэты ж час пры франц. двары з’явілася Жанна д’Арк, якая ўзначаліла вызв. вайну франц. народа. У маі 1429 знята аблога з Арлеана, у ліп. Карл VII каранаваны франц. каронай. У выніку Араскага міру (21.9.1435) на бок франц. караля перайшоў герцаг Бургундскі. У 1436 вызвалены Парыж, да 1441 англічане страцілі Шампань, да 1450 — Нармандыю і Мэн, да 1453 — Гіень. На тэр. Францыі яны захавалі толькі Кале (да 1558). Мір паміж Людовікам XI і Эдуардам IV у Пікіньі 29.8.1475 паклаў канец дамаганням англічан на франц. карону. Аднак толькі пасля Ам’енскага мірнага дагавора 1802англ. каралі перасталі тытулаваць сябе і «каралямі Францыі».
Літ.:
Басовская Н.И. Столетняя война 1337—1453 гг.М., 1985;
Яе ж. Столетняя война: Леопард против лилии. М., 2002;
Перну Р., Клэн М.-В. Жанна д’Арк: Пер. с фр.М., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НЕЦ (польск. taniec ад ням. Tanz),
від мастацтва, у якім асн. сродкі стварэння маст. вобраза — гарманічныя рухі і змены пастаў цела танцоўшчыка. Дадатковыя сродкі выразнасці (міміка і пантаміма) канкрэтызуюцца і ўзбагачаюцца касцюмам, аксесуарамі, рэквізітам і разам з асн. складаюць адзіную маст. сістэму. Мастацтва Т. служыць сродкам эмац. ўздзеяння.
Т. — адзін з найб.стараж. відаў нар. творчасці. Узнік пад уплывам эмац. ўражанняў ад навакольнага асяроддзя, разнастайных жэстаў і рухаў, звязаных з прац. працэсамі, імітацыяй пластыкі жывёл. Як істотная частка нар. творчасці напачатку выступаў у сінкрэтычным адзінстве са словам, напевам, музыкай, пазней ператварыўся ў самаст. мастацтва. Адзін з арганізуючых пачаткаў Т. рытм (суправаджаецца ўдарнымі інструментамі, кастаньетамі, воплескамі, выстукваннямі абцасамі і інш.). У кожнага народа склаўся свой нац. стыль Т. са сваімі выканальніцкімі традыцыямі, танц. мовай і кампазіцыйнымі малюнкамі, прыёмамі суадносін з музыкай. На гэтай аснове сталі фарміравацца бытавы танец (нар. і бальны) і сцэнічны Т. (гл.Балет). У прафес. мастацтве склаліся танц. сістэмы ў Еўропе (еўрап. класічны Т), краінах Азіі і Афрыкі. Франц. Акадэмія танца (1661) вызначыла асн. правілы класічнага Т. (дакладныя пазіцыі ног і рук, пералік гал. пастаў і г.д.), што паспрыяла развіццю балета; склалася яго разнавіднасць — характарны Т. У канцы 19 ст. ўзнік кірунак — т.зв. танец мадэрн. У наш час развіваюцца і інш. віды сцэн. Т.: эстрадны (яго характарызуе лаканізм выразных сродкаў і віртуознасць тэхнікі), джазавы, Т. буто і інш.
Вытокі бел.танц. мастацтва — у культуры ўсх.-слав. плямён. Пад уплывам розных фактараў у нар. Т. беларусаў склаўся асобы стыль выканання з наборам гал. сродкаў выразнасці. Побач з народным танцам і пад яго ўплывам развіваліся (у творчасці скамарохаў) пачатковыя формы прафес.сцэн. Т. Прысутнічалі яны ў паказах школьнага тэатра, народнай драмы. Упершыню бел.нар. Т. выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча ў 1852. У пач. 20 ст. ў блізкім да этнагр. выглядзе выконваліся Т. трупай І.Буйніцкага. Пазней створаны прафес. калектывы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі (1937—41), Бел. ансамбль песні і танца (1940, з 1950 Дзярж. хор Беларусі). На 2002 на Беларусі працуюць: Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, танц. група Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, Бел. фальклорна-харэагр. ансамбль «Харошкі», Бел.дзярж. ансамбль харэагр. і муз. мініяцюр «Бліскавіца», балетная трупа Бел.муз.т-ра і інш., а таксама шматлікія аматарскія танц. калектывы (гл.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва). Прафес. кадры танцоўшчыкаў рыхтуюць (2002): Бел.дзярж. харэагр. каледж, харэагр. аддз. Віцебскага, Гродзенскага, Мінскага, Пінскага вучылішчаў мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Гомельскі каледж мастацтваў.
Літ.:
Лопухов А.В., Ширяев А.В., Бочаров А.И. Основы характерного танца. Л.;
М., 1939;
Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;
М., 1963;
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978;
Васильева-Рождественская М.В. Историко-бытовой танец. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ХАН Дарафей Дарафеевіч (4.2.1878, Мінск — 1942),
рускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі, артылерыйскі штабс-капітан. З канца 1890-х г. журналіст у Мінску. Супрацоўнік газ.«Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 яе рэдактар), «Минские ведомости» і інш. У 1907 асуджаны за змяшчэнне ў «Голосе провинции» антыўрадавых матэрыялаў. У 1919 супрацоўнік Наркамасветы БССР. У 1920—30-я г. ў розных рус. арг-цыях у Вільні. Чытаў лекцыі па бел. л-ры. У часВял.Айч. вайны трапіў у армію Андэрса. Памёр за мяжою. У вершах услаўляў барацьбітоў за волю, падчас рэакцыі выяўляў настроі песімізму. Пісаў гіст. паэмы («Князь Глеб Усяславіч», 1899), паэмы паводле бел.нар. паданняў («Вір», 1898; «Два браты», 1899; «Вадзянік», «Помста шынкара», 1900), апавяданні, нарысы, фельетоны. У рэцэнзіях, публіцыст. і літ.-крытычных артыкулах выступаў супраць натуралізму і дэкадэнцтва, адстойваў рэалізм. Збіраў і апрацоўваў мясц. паданні («Вока Хрыстова: Мінскае паданне», 1898; «Мінскія паданні і легенды», 1901). Пераклаў на рус. мову «Слова пра паход Ігаравы» (пад назваю «Ігар, князь Северскі», 1897), творы польск. паэтаў (зб. «З польскай паэзіі», 1906).
Літ.:
Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. Мн., 1977;
Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976. № 8;
Зарэмба Л.І. Новыя звесткі пра літаратурную дзейнасць Д.Д.Бохана // Веснік БДУ. Сер. 4. 1993. № 3;
Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan — tłumacz literatury polskiej na język rosyjski i krytyk // Polsko-wschodniosłowiańskie powiązania kulturowe, literackie i językowe 1. Literatura i kultura. Olsztyn, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп (каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.І.Сухаў), паравозавагонарамонтным (М.В.Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.Ц.Брыкс), чыг. вузле (Ф.С.Варонін), лесакамбінаце (М.Д.Жызнеўскі, Р.М.Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.І.Каленікаў), у пашпартным стале (Н.Я.Заўгародні), у Навабеліцы (А.В.Мацвіенка, Ф.С.Кусцін, В.Ц.Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.