ТА́НЕЦ (польск. taniec ад ням. Tanz),
від мастацтва, у якім асн. сродкі стварэння маст. вобраза — гарманічныя рухі і змены пастаў цела танцоўшчыка. Дадатковыя сродкі выразнасці (міміка і пантаміма) канкрэтызуюцца і ўзбагачаюцца касцюмам, аксесуарамі, рэквізітам і разам з асн. складаюць адзіную маст. сістэму. Мастацтва Т. служыць сродкам эмац. ўздзеяння.
Т. — адзін з найб. стараж. відаў нар. творчасці. Узнік пад уплывам эмац. ўражанняў ад навакольнага асяроддзя, разнастайных жэстаў і рухаў, звязаных з прац. працэсамі, імітацыяй пластыкі жывёл. Як істотная частка нар. творчасці напачатку выступаў у сінкрэтычным адзінстве са словам, напевам, музыкай, пазней ператварыўся ў самаст. мастацтва. Адзін з арганізуючых пачаткаў Т. рытм (суправаджаецца ўдарнымі інструментамі, кастаньетамі, воплескамі, выстукваннямі абцасамі і інш.). У кожнага народа склаўся свой нац. стыль Т. са сваімі выканальніцкімі традыцыямі, танц. мовай і кампазіцыйнымі малюнкамі, прыёмамі суадносін з музыкай. На гэтай аснове сталі фарміравацца бытавы танец (нар. і бальны) і сцэнічны Т. (гл. Балет). У прафес. мастацтве склаліся танц. сістэмы ў Еўропе (еўрап. класічны Т), краінах Азіі і Афрыкі. Франц. Акадэмія танца (1661) вызначыла асн. правілы класічнага Т. (дакладныя пазіцыі ног і рук, пералік гал. пастаў і г.д.), што паспрыяла развіццю балета; склалася яго разнавіднасць — характарны Т. У канцы 19 ст. ўзнік кірунак — т.зв. танец мадэрн. У наш час развіваюцца і інш. віды сцэн. Т.: эстрадны (яго характарызуе лаканізм выразных сродкаў і віртуознасць тэхнікі), джазавы, Т. буто і інш.
Вытокі бел. танц. мастацтва — у культуры ўсх.-слав. плямён. Пад уплывам розных фактараў у нар. Т. беларусаў склаўся асобы стыль выканання з наборам гал. сродкаў выразнасці. Побач з народным танцам і пад яго ўплывам развіваліся (у творчасці скамарохаў) пачатковыя формы прафес. сцэн. Т. Прысутнічалі яны ў паказах школьнага тэатра, народнай драмы. Упершыню бел. нар. Т. выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча ў 1852. У пач. 20 ст. ў блізкім да этнагр. выглядзе выконваліся Т. трупай І.Буйніцкага. Пазней створаны прафес. калектывы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі (1937—41), Бел. ансамбль песні і танца (1940, з 1950 Дзярж. хор Беларусі). На 2002 на Беларусі працуюць: Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, танц. група Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, Бел. фальклорна-харэагр. ансамбль «Харошкі», Бел. дзярж. ансамбль харэагр. і муз. мініяцюр «Бліскавіца», балетная трупа Бел. муз. т-ра і інш., а таксама шматлікія аматарскія танц. калектывы (гл. Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва). Прафес. кадры танцоўшчыкаў рыхтуюць (2002): Бел. дзярж. харэагр. каледж, харэагр. аддз. Віцебскага, Гродзенскага, Мінскага, Пінскага вучылішчаў мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Гомельскі каледж мастацтваў.
Літ.:
Лопухов А.В., Ширяев А.В., Бочаров А.И. Основы характерного танца. Л.;
М., 1939;
Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;
М., 1963;
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978;
Васильева-Рождественская М.В. Историко-бытовой танец. 2 изд. М., 1987;
Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;
Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990.
С.В.Гуткоўская.
т. 15, с. 418