По́ўня, по́вня, по́ўна, по́ўнае, по́ўная ’поўная фаза Месяца’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Др.-Падб., Клім., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 2), по́ўняе ’поўня’ (Ян.; барыс., валож., рагач., бых., ЛА, 2), по́ўната ’поўня’ (Касп.; в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ; Шатал.), по́ўна ’поўня’ (ЛА, 2). Ад по́ўны (гл.), паколькі ў час гэтай фазы Месяц бачны поўнасцю. Лексема по́ўнік ’поўня’ (ТСБМ, Янк. 3., Мат. Гом., пух., Сл. ПЗБ) утварылася паводле назвы іншай фазы Месяца — маладзі́к. Тое ж у іншых індаеўрапейскіх мовах, параўн. рус. полнолу́ние, літ. pìlnatis ’поўня’ (< pìlnas ’поўны’), англ. full moon ’поўня’ (< full ’поўны’, moon ’Месяц’), франц. pleine lune (< plein ’поўны’, lune ’Месяц’). Паводле Німчука (Давньорус., 29), укр. по́вня ’тс’ абстрагавана са спалучэння месꙗц въ пълнѣ (суч. місяць уповні), у якім выступае М. скл. нячленнага прыметніка м. р., што зусім не абавязкова на фоне прадуктыўных утварэнняў тыпу ро́ўня і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)