сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак міжнар. разлікаў і інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах яе юрыд. і фіз. асоб з прадстаўнікамі інш. краін. Нормы валютнага заканадаўства вызначаюць агульныя прынцыпы валютных аперацый, паўнамоцтвы і функцыі дзярж. органаў у валютным рэгуляванні і кіраванні валютнымі рэсурсамі, правы і абавязкі суб’ектаў, што валодаюць валютнымі каштоўнасцямі і карыстаюцца імі, меры адказнасці і санкцыі за парушэнні правіл аб здзелках і аперацыях з валютай.
Да 1986 валютнае заканадаўства было абумоўлена валютнай манаполіяй дзяржавы, і ўсе аперацыі (здзелкі) з валютнымі каштоўнасцямі на тэр.СССР ажыццяўляліся толькі спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое дзярж. органамі і арг-цыямі. Пасля 1986 прыняты шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на расшырэнне правоў юрыд. і фіз. асоб у сферы валютных адносін Рэспублікі Беларусь, у т. л. законы «Аб асновах знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 25.10.1990, «Аб інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», уведзены ў дзеянне з 1.1.1992, «Аб часовым парадку валютнага рэгулявання і правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ад 20.3.1992, указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні парадку рэгулявання экспартна-імпартных і валютных аперацый і павышэнні адказнасці за парушэнне заканадаўства ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці» ад 8.2.1995, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 15—20.5.1940 у Мінску; 577 дэлегатаў з рашаючым і 194 з дарадчым голасам ад 59 853 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦККП(б)Б (П.К.Панамарэнка) і Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); выбары ЦК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд вітаў прыняцце ў 1939 Дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб устанаўленні ў Зах. Беларусі сацыяліст. ладу і ўз’яднанні яе з БССР, адзначыў, што тэрыторыя і насельніцтва Беларусі павялічыліся амаль у 2 разы, але неабходна ачысціць новыя тэрыторыі ад бурж. элементаў, пільна правяраць кіруючыя кадры на «палітычную сталасць». Падвёў вынікі развіцця прам-сці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі за 2 гады, вызначыў план сацыяліст. пераўтварэнняў у зах. абласцях БССР, падкрэсліў неабходнасць умацавання зах. рубяжоў краіны. У дакладах адзначалася праца парт. арг-цый па выяўленні «ворагаў народа», ліквідацыі вынікаў іх злачыннай дзейнасці, неабходнасць больш уважліва вывучаць марксісцка-ленінскую тэорыю. Выбраны ЦККП(б)Б з 69 чал. і 45 канд., Рэвіз. камісія з 29 чал.
Літ.:
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Мн., 1985. Т. 3. С. 329—351.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria),
штат на ПдУ Аўстраліі. Пл. 227,6 тыс.км². Нас. 4468,3 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Мельбурн. На Пд Аўстралійскія Альпы з вяршынямі да 2 тыс.м акаймоўваюць вузкую паласу ўрадлівай берагавой раўніны з субтрапічным кліматам і вечназялёнай расліннасцю. На паўд. і паўд.-ўсх. схілах гор (ападкаў 2000 мм за год) — густыя вечназялёныя лясы, на паўн. схілах, больш засушлівых, — паркавыя лясы, якія на Пн змяняюцца сухімі стэпамі. На Пн і ПнЗ — алювіяльная раўніна р. Мурэй (Мары) са стэпавай, часткова паўпустыннай расліннасцю. Вікторыя — другі па эканам. значэнні (пасля Новага Паўднёвага Уэльса) штат краіны. Здабыча бурага вугалю, у прыбярэжных водах — нафты і прыроднага газу. Буйныя ЦЭЦ, а таксама некалькі значных ГЭС (на У у Снежных гарах). Развіта металаапр., маш.-буд., хім., нафтаперапр., авіяц.прам-сць, з галін лёгкай прам-сці — абутковая, швейная, шарсцяная, а таксама харч. (вінаробчая, кансервавая, масларобчая і інш.). Асн.прамысл. цэнтры — Мельбурн, Джыланг, Баларат, Бендыга. Гал.с.-г. культуры: пшаніца, авёс, ячмень, бульба. Вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля малочная і мяса-воўнавая. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Вытв-сць на экспарт масла, сыроў, мяса, шэрсці. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Важнейшыя парты Мельбурн і Джыланг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІ́СІМУС (ад лац. generalissimus самы галоўны),
найвышэйшае воінскае званне ва ўзбр. сілах некаторых дзяржаў. Напачатку надавалася як ганаровы тытул галоўнакамандуючаму ўзбр. сіламі краіны або кааліцыі краін (гал. чынам на перыяд вайны), часам асобам з сем’яў царуючых дынастый і дзярж. дзеячам (упершыню нададзены ў 1569 франц. каралём Карлам IX свайму брату герцагу Анжуйскаму, будучаму каралю Генрыху III). Тытул генералісімуса мелі: герцагі Г. дэ Гіз (2-я пал. 16 ст.), А.Рышэлье (1-я пал. 17 ст.), Л.Вілар (1733—34), Ф.Фош (верагодна, з 1918), прынц Л.Кандэ (17 ст.) у Францыі; кн. Р.Мантэкукалі (17 ст.), прынц Яўгеній Савойскі (з 1697), граф Л.Даўн (з 1758), эрцгерцаг Карл (верагодна, у 1809), кн. К.Шварцэнберг (канец 18 — пач. 19 ст.) у Аўстрыі; граф А.Валенштэйн (у Трыццацігадовую вайну 1618—48) у Германіі. У Расіі званне генералісімуса мелі: ваявода А.С.Шэін (у час Азоўскага паходу 1696), кн. А.Д.Меншыкаў (у 1727—29), прынц Антон Ульрых Браўншвейгскі (1740—74), А.В.Сувораў (1799—1800); у СССР І.В.Сталін (з 1945); у Кітаі Чан Кайшы (пасля 1927); у Іспаніі Ф.Франка (пасля 1939).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,
адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм. раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́Т,
горад у Афганістане, у аазісе, які арашае р. Герыруд. Адм. ц. правінцыі Герат. Каля 200 тыс.ж. (1994). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Эканам. цэнтр зах.ч.краіны. Бавоўна-ачышчальныя, тэкст. і харч. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (тканіны, дываны). Гандаль каракулем і інш.с.-г. прадукцыяй. Арх. помнікі 12—15 ст. — цытадэль, маўзалеі, мячэці. У Гераце ў 15 ст. ўзнікла Герацкая школа мініяцюрнага жывапісу.
Заснаванне Герата прыпісваюць Аляксандру Македонскаму (адсюль назва ў грэч. крыніцах Александрыя-Арыяна ці Александрыя Арыйская, сучасная назва з часоў праўлення Сасанідаў). Пасля смерці Аляксандра Македонскага паслядоўна ў складзе стараж. і сярэдневяковых дзяржаў Сярэдняга Усходу. Пры Сасанідах і ў эпоху Халіфата значны горад, пры Саманідах — адзін з гал. гарадоў Харасана. У 1221 зруйнаваны манг. войскамі, да 1236 адноўлены. У 13—14 ст. Герат — сталіца дзяржавы Куртаў. Росквіт прыпадае на 15 ст. пры Цімурыдах, калі Герат стаў буйнейшым гандл., рамесніцкім і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У 16 ст. заваяваны Сефевідамі, з 1716 у складзе Герацкага княства. У 1732 захоплены Надзір-шахам, з 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 19 ст. цэнтр Герацкага княства, прадмет спрэчкі паміж Афганістанам і Іранам, Англіяй і Іранам. У 1863 Дост Мухамед канчаткова далучыў Герат да Афганістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗкраіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́СЕЛЬДОРФ (Düsseldorf),
горад на З Германіі, на ніжнім Рэйне. Адм. ц. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. 574,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн. Міжнар. аэрапорт. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна, адзін з буйнейшых фінансава-эканам. цэнтраў краіны. Прам-сць: чорная металургія (вытв-сць сталі, пракату, труб, стальных канструкцый), машынабудаванне (рознае прамысл. абсталяванне, с.-г. машыны, станкі, вагона-, аўтабудаванне, эл.-тэхн.), хім., алюмініевая, нафтаперапр., электронная. швейная, шкляная, папяровая, паліграф., харчовая. Цэнтр ням. моды. Міжнар. кірмашы. Ун-т. Маст. музей (жывапіс, графіка, скульптура), музей Кунстгале (мастацтва 20 ст.) і інш. Радзіма Г.Гейне (музей). Замак, цэрквы, ратуша і інш.арх. помнікі 13—18 ст.
Упершыню згадваецца каля сярэдзіны 12 ст. як паселішча. З 1190 уладанне графаў Берга (з канца 15 ст. іх пастаянная рэзідэнцыя). З 1288 горад. З 1609, канчаткова з 1614, уладанне князёў Пфальца, іх рэзідэнцыя ў 1614—1716. У час напалеонаўскіх войнаў пад баварскім (1801—06), потым франц. кіраваннем. З 1815 у складзе Прусіі. З сярэдзіны 19 ст. горад значна вырас у сувязі з прамысл. развіццём Рэйнскай вобл. У 2-ю сусв. вайну стары горад моцна разбураны, пасля вайны часткова адноўлены. З 1949 адм. ц. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,
група прыродных краін на З і ПдЗАзіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв.краіны Леванта). Пл. каля 7,5 млн.км². У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч.тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд.ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.
Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд.ч. Каспійскага м., паўд.-зах.ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́Л,
горад, сталіца Афганістана. Адм. ц. правінцыі Кабул. Знаходзіцца ў даліне р. Кабул на выш. 1820 м. 2029 тыс.ж. з прыгарадамі і лагерамі бежанцаў (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: аўтарамонтная, буд. (у т. л. домабуд. камбінат), фармацэўтычная, метала- і дрэваапр., гарбарна-абутковая, харч., тэкстыльная. Вытв-сць дываноў. Ун-т. Політэхн.ін-т. Афганская гісторыка-філал. акадэмія, Нац.АН. Гісторыка-этнагр. музей.
Упершыню згадваецца грэч. вучоным Пталамеем (2 ст.) як Кабур або Карур — горад у Кушанскім царстве. З 6 ст.мясц. правіцелямі былі Кабул-шахі. У час араб. заваяванняў горад трапіў пад уладу халіфа Муавіі I (правіў у 661—680). Ў 9 ст. заваяваны Сафарыдамі, пазней ім валодалі Саманіды, Газневіды, Цімурыды. У 13 ст. зруйнаваны Чынгісханам. Найб. росквіту дасягнуў у 16 ст., калі Бабур зрабіў К. сталіцай (з 1504) дзяржавы Вял. Маголаў. У 1738 захоплены Надзір-шахам. З 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы, з 1773 яе сталіца. З 1818 цэнтр Кабульскага княства. У 1-ю (1838—42) і 2-ю (1878—80) англа-афг. войны акупіраваны англічанамі. З 1880 сталіца афг. дзяржавы. Значна разбураны ў час грамадз. вайны, якая працягваецца з 1978.