Та́хнуць 1 ’марнець’ (мёрск., Нар. ск.), ’трухлець, бутлець’ (полац., Нар. лекс.), сюды ж ста́хнуць, пата́хнуць. Укр. дыял. та́хнути ’павольна гаснуць; сохнуць; худнець’. Няясна; магчыма, да прасл. *tъch‑, асабліва ў значэнні ’трухлець, бутлець, гніць’, гл. тохнуць, тхло, тухлы, параўн., аднак, ча́хнуць ’сохнуць, худнець; занепадаць’ (гл.), аналагічнае да та́ўрыць/ча́ўрыць ’чахнуць’. Меркаванне пра кантамінацыю пры ўтварэнні ўкраінскага слова (ЕСУМ, 5, 529) сумніўнае.
Та́хнуць 2 ’ударыць’, ’уцячы, драпануць’, ’патраціць, зрасходаваць’ (Мат. Гом.). Параўн. в.-луж. tachnyć ’даць аплявуху, пляснуць ладоняй’; відаць, аднакратны дзеяслоў ад та́хаць (гл.) гукапераймальнага паходжання, параўн. Шустар-Шэўц, 1495.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трач 1 ‘пільшчык, чалавек, які распілоўвае ўздоўж бярвенні’ (Сл. Брэс., Бес.; кам., малар., ЛА, 3, Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ, АБ, 9). З польск. tracz ад trzeć ‘церці, шараваць’, у тым ліку і ‘пілаваць’ (Брукнер, 580; Борысь, 648), параўн. ст.-бел. пила которою трутъ (Александрыя). Сюды ж: трачы́на ‘пілавінне’, трачкува́ті, трачува́ты ‘распілоўваць бервяно ўздоўж’, тра́чка ‘распілоўка’ (Сл. Брэсц.; беласт., Сл. ПЗБ).
Трач 2 ‘пугач’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, памылкова расчытанае рукапіснае “пугач”; параўн., аднак, польск. дыял. tracz ‘długodziob’, ‘murogęś’, што не выключае гукапераймальнага паходжання, параўн. славен. trač ‘балбатня’, якое, паводле Сной₃, 797, з ням. tratschen ‘балбатаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тыры́гаць ‘трэсці (пра электрычнасць)’ (ТС). Шматкратны дзеяслоў ад то́ргаць (гл.), фанетычна суадносны з таргаць (гл.), мажліва, з дадатковым экспрэсіўным адценнем. Параўн. экспрэсіўнае чэш. мар. terygaťse ‘цягнуцца куды-небудзь, з цяжкасцю ісці’ ў Махэка (Sebr. sp., 2, 1587), славац. terigať ‘цягнуць; калаціць, трасці’, гл. турыгаць. Сюды ж магчыма аднесці і вядомае ў арго янаўскіх лабараў тры́га, тыры́га ‘зямля, поле’ (Бел. дыял. 1), метафарычнае ўтварэнне на базе значэння ‘тое, што патрабуе клопату, тузаніны’, аднак яго варыянты цыра, цырыга ў беларускіх сацыялектах схіляюць да запазычання з грэч. ξηρα ‘суша, зямля’ (Лукашанец, Сацыял., 72). Параўн. сыра, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’ (кам., ЖНС); 3‑я ас. адз. л. ты́цяе ‘цягнецца, пляцецца, ціха ідзе’ (Бес.). Няясна; магчыма, роднаснае чэш. tejcet ‘бадзяцца, швэндацца, ацірацца, лазіць (з месца на месца)’ — старачэшскае ў адносінах да яго (у выніку падаўжэння ъ > y) было б ⁺tycěti (Махэк₂, 638). Да прасл. *tekti, адкуль цячы (гл.). Семантычна суадносіцца з ты́цаті ‘шукаць’ (Сл. Брэс.), якое, аднак, бліжэй да ўкр. ти́цяти, ти́цькати ‘біць заднімі нагамі’, серб. ти́цаты ‘датыкацца’, славац. tycať ‘торкаць’, што да прасл. *tycati, *tъknǫti (ЕСУМ, 5, 566, 577), гл. тыц.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́ньдэ, тэ́ньдыка ‘там, недалёка’ (столін., Бел. дыял. 1, Клундук). Магчыма, запазычанне з польск. tędy ‘той дарогай, праз тое месца’, якое да прасл. *tǫdy, варыянты *tǫdě, *tǫde ад указальнага займенніка *tъ, які ў заходніх славян выступае ў форме м. р. *tъnъ (< *tъ і *nъ, гл. той, ён), гл. Борысь, 630–631. Фанетычна, словаўтваральна і семантычна адаптаванае на заходнепалескай глебе. Параўн., аднак, серб. косава-мятох. тонде ‘там’, для якога прапануецца спалучэнне ўказальнага займенніка з онде ‘там’ (ESSJ SG, 2, 683). Утварэнне з часціцай *te па ўзоры вэнь, вэньдзека ‘вунь’ (гл.)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
адно́,
1. ліч. гл. адзін.
2. часціца абмежавальная. Разм. Толькі, выключна; больш нічога. [Андрэй] адно хмурыць твар і злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў. Зарэцкі. [Стары:] — Гаварыць можна адно тады, калі добра ведаеш чалавека. Бажко. Шпакі каля дарогі цэлы дзень адно крычаць. Колас. / У спалучэнні з словам «што». Зянон Ляпіч.. адно што дапытваў — катаваў сябе: чаму правароніў момант, калі немцы набліжаліся да вёскі? М. Ткачоў.
3. часціца ўзмацняльная (часта ў спалучэнні з часціцай «ж»). Разм. Узмацняе момант нечаканасці, раптоўнасці наступлення дзеяння. Бачу — адно ж зноў паваліў снег. Гляджу — адно ж едуць госці.
4. злучнік супраціўны. Разм. Злучае члены сказа і сказы з адносінамі неадпаведнасці (звычайна ў спалучэнні са словамі «што», «толькі»). Па свайму значэнню адпавядае злучнікам «толькі», «аднак». [Андрэй] жыў там некалькі дзён, а цяпер перабраўся на кватэру, вельмі добрую, адно што цесную. Чорны. Наталя не перамянілася, адно толькі, што папаўнела. Скрыган. / У спалучэнні з часціцай «ж». [Цёця Каця:] Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландзінка. Крапіва.
5. злучнік далучальны. Разм. Далучае сказы, якія дапаўняюць або ўдакладняюць выказаныя раней думкі. Навакол былі лясы, кары хапала, адно еш на здароўе. Чорны. У вайну.. [Полацк] быў дашчэнту разбуран нямецка-фашысцкімі захопнікамі, адно ляжалі горы руін, тырчалі абломкі сцен. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карці́на, ‑ы, ж.
1. Твор станковага жывапісу, выкананы фарбамі на палатне, дошцы, паперы і інш. Пісаць карціну. Карціна І. Я. Рэпіна «Запарожцы». Выстаўка карцін.
2. перан. Тое, што можна бачыць або ўяўляць сабе ў канкрэтных вобразах. Прыгожыя карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой. Васілевіч. // Літаратурнае, вобразнае апісанне чаго‑н. Ніхто ні да Пушкіна, ні пасля яго не даў такой жывапіснай карціны Пецярбурга, як аўтар «Меднага конніка». Палітыка. Малюючы карціны бітваў Чырвонай Арміі з белапалякамі, напаўняючы гэтыя карціны рамантыкаю барацьбы, пісьменнік, аднак, не захапляецца толькі гэтым бокам падзей. Арабей. // Агульнае становішча чаго‑н. — Я раненька ў праўленне прыбег, усе дакументы па будаўніцтву — на стол: колькі збудавалі за гэтыя гады, колькі па планах трэба пабудаваць, колькі ёсць у нас на калгасныя патрэбы дошак, цвікоў — поўная карціна, адным словам. Савіцкі. [Камандуючы:] Вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Крапіва.
3. Разм. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваёй незвычайнасцю. — А тут нашы самалёты — як бы іх знарок хто выклікаў. Адным словам — ка-а-рціна! Лынькоў.
4. Частка акта ў драматычным творы, якая патрабуе самастойнай дэкарацыі. Драма ў трох актах і пяці карцінах.
5. Разм. Кінакарціна, кінафільм. Ля кінатэатра стаяла вялікая чарга — ішла новая карціна. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кача́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Тое, што і каціцца 1 (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Мяч качаецца па падлозе. // Пераварочвацца, перавальвацца з боку на бок (пра чалавека, жывёлу). На падлозе, счапіўшыся, качаліся бацька і незнаёмы паліцай. Шамякін. Конь пачаў кідацца ў бакі, качацца па зямлі і стукаць нагамі. Чорны. // Ляжаць, валяцца (у пяску, гразі і пад.). Качацца па снезе. □ Зранку і да самага вечара галышамі качаюцца тут дзеці, то ў пяску, то ў вадзе. Колас.
2. Ляжаць без справы, без сну. [Сомік] начамі падоўгу качаўся, не мог заснуць. Крапіва.
3. Разм. Хварэць, быць хворым. — Я таксама хутка пачну працаваць. Здароўе папраўляецца. Праўда, сёння яшчэ першы раз выйшаў. Дагэтуль качаўся ўсё. Машара. — [Сын] з месяц качаўся з прабітым плячом. Грахоўскі.
4. Разм. Гадавацца, расці без догляду, у цяжкіх умовах (пра дзяцей). [Марыля:] Як толькі нарадзіўся [сын], дык і то сябе паказаў — грудзей не прыняў, так, без малака, качаўся. Купала.
5. Паддавацца качанню 2. Перасохлая бялізна дрэнна качаецца.
6. Зал. да качаць.
•••
Качацца (з) жыватом — хварэць на жывот.
Качацца са смеху — моцна смяяцца.
Качацца як сыр у масле — жыць у дастатку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́ма,
1. прысл. Не спыняючыся, не затрымліваючыся каля чаго‑н. Ісці міма. Пранесціся міма. □ [Чалавек] прайшоў міма. Лынькоў. [Зелянюк:] — Ішлі міма, убачылі святло і зайшлі. Зарэцкі. Зялёная дрызіна з дзвюма пустымі платформамі наперадзе пранеслася міма. Корзун. // Не ў тым напрамку, куды было патрэбна. Кінуць міма. Стрэліць міма. □ Удар быў сапраўды з грукатам, але міма. Шамякін. // Блізка, побач. Міма працякала рэчка. Міма ішла дарога. □ Хутка.. [дзікі] параўняліся з нашай засадай, прайшлі міма і з шумам, трэскам і рохканнем зніклі недалёка ад нас у лясным гушчары. В. Вольскі.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. «міма» выражае прасторавыя адносіны: указвае на прадмет, асобу, мінаючы якія, не спыняючыся, не затрымліваючыся каля якіх адбываецца рух. Хлопчык прабег міма весніц. □ Абодва [Раман Раманавіч і яго напарнік] пачалі страляць па машыне, якая праскочыла міма іх, абдаўшы пылам. Паўлаў. // перан. Не затрымліваючы ўвагі на якой‑н. асобе, з’яве, факце. [Арэшкін:] — Гэта... хуліганскі ўчынак... Абраза настаўніка, класа. І мы не можам прайсці міма такога факта... Шамякін. // Не ў тым напрамку, аднак блізка каля чаго‑н. Страляць міма цэлі. Ліць міма шклянкі. □ Загурскі глядзеў у парог, міма маці. Асіпенка. // Побліз, побач з кім‑, чым‑н. Луг гэты цягнуўся міма Дубровы, міма палёў да вялікіх лясных абшараў. Шчарбатаў.
•••
Ісці міма рук гл. ісці.
Прапусціць міма вушэй гл. прапусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўда́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які канчаецца няўдачай; непаспяховы. Хоць рыбалка ў нас была няўдалая, хоць мы і не злавілі ніводнага язя, аднак дзед Мацей быў у добрым гуморы. Ляўданскі. А назаўтра па ўсёй вёсцы было толькі гаворкі, што пра няўдалыя заручыны. Ермаловіч.
2. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Ліля расказала пра сваё няўдалае жыццё спаважна і грунтоўна. Асіпенка. [Рудзін:] — Дзякаваць богу, жыць можна і дзецям што-небудзь будзе... Толькі за сына баюся я. Нейкі няўдалы ён у мяне, усё з кніжкамі, а да справы зусім не прыглядаецца... Галавач.
3. Які дрэнна ўдаўся; нездавальняючы. Няўдалы малюнак. Няўдалы адказ.
4. Які не адпавядае свайму прызначэнню; няўмелы. Няўдалы ваяка. □ Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся.. ды не папаў. Вось няўдалы стралец... Бядуля.
5. Нікуды не варты; дрэнны. [Гальвас] дажыў да старасці, няўдалае гаспадаранне год за годам усё больш уганяла яго ў беднасць. Чорны. І вось цяпер палыхае сонца на прасторы і ходзяць людзі, якіх ніяк не адарвеш ад гэтай няўдалай зямлі, ад непраходных нетраў, дзе толькі плодзіцца і звонам звініць адна непалоханая заедзь. Пестрак. // З фізічнымі недахопамі, непрыгожы (пра чалавека). Ці рабіць не ўмею, Ці сама няўдала, Ці цябе, хлапчына, Я не так кахала? Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)