заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію 1413, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вял.кн.ВКЛВітаўта. Меў на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. Касцёл і каталіцкі клір набывалі правы і свабоды, як і ў Польскім каралеўстве. Паны і шляхта ВКЛ, якія прымалі каталіцкую веру і атрымлівалі гербы, маглі карыстацца прывілеямі, як і польск. паны і шляхта, набывалі права на свабоднае распараджэнне сваёй маёмасцю і атрыманне спадчыны. Прадугледжвалася ўвядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Кіруючыя дзярж. пасады маглі займаць выключна феадалы-католікі. Гарадзельскі прывілей замацаваў парадак: пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не мелі права выбіраць вял. князя без згоды Ягайлы і польск. феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы — выбіраць караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхтыВКЛ.
Літ.:
Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 115—118;
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права Мн., 1991. С. 32—35.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБРА́НЦЫ,
ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр. Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,
тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦКЕ́ВІЧ (Анатоль Пятровіч) (н. 31.1.1929, Мінск),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1986), праф. (1987). Скончыў мінскія мед.ін-т (1950) і пед.ін-т замежных моў (1955), БДУ (1958). З 1959 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1975 заг. кафедры Мінскага ін-та культуры (з 1993 Бел.ун-т культуры). Дырэктар навук. і даследчага Бел. ін-та Цэнтр. і Усх. Еўропы (з 1996). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, прыватнаўладальніцкія гарады. Аўтар публікацый па гісторыі правасл. царквы і каталіцкага касцёла ў Беларусі, шляхецкага саслоўя, генеалогіі шляхты і выбранцаў, гіст. нарысаў пра Слуцк, нац.-вызв. рух у 1918—20.
Тв.:
Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;
Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1979;
Социальная борьба горожан Белоруссии (XVI—XVIII вв.). Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЯЛО́ВІЧ (Віюк-Каяловіч) Альберт
(Войцех; 1609, Ковенскі пав. — 6.10.1677),
гісторык, геральдык, рэліг. дзеяч Рэчы Паспалітай. У 1627 уступіў у ордэн езуітаў. У 1628—32 вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634—38 — у Віленскай акадэміі. У 1644—45 праф. палемічнай тэалогіі ў Браневе (Польшча). У 1645 атрымаў у Вільні ступень д-ра тэалогіі і да 1658 выкладаў у Віленскай акадэміі (у 1654—55 яе рэктар). У 1662—66 прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні, намеснік правінцыяла ордэна езуітаў. З 1666 прэфект у Варшаўскім калегіуме. Гал. яго твор — «Гісторыя Літвы» (ч. 1—2, 1650—69, на лац. мове), у якім даследавана дахрысціянская гісторыя Літвы. У 1651 надрукаваў у Вільні твор «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў». Даследаваў генеалогію родаў Радзівілаў («Летапіс Радзівілаў». Вільня, 1653), Хадкевічаў і Сапегаў. Аўтар кнігі па гісторыі шляхтыВКЛ (захавалася ў 3 рэдакцыях на польск. і лац. мовах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЗЕ́ВІЧ (Кароль Ота) (4.5.1762, Асітэн каля г. Елгава, Латвія — 9.5.1842),
вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай. З бел.шляхты. Вучыўся ў Варшаўскай рыцарскай школе (1774—77). Служыў у кароннай артылерыі ў Беластоку, Седльцах, на Падоллі. Удзельнік вайны з Расіяй 1792, паўстання 1794, ген.-маёр. У час Мацяёвіцкай бітвы 1794 трапіў у палон. Пасля вызвалення з ліст. 1794 у Італіі, дзе ваяваў на баку Напалеона, у 1800 удзельнічаў у вайне супраць Аўстрыі, генерал брыгады. З 1801 у адстаўцы. У 1812 зноў на службе, генерал дывізіі ў штабе Ж.Банапарта. На чале 18-й дывізіі ваяваў пад Смаленскам, Барадзіном, у бітве на Бярэзіне камандаваў корпусам, паранены. У знак пратэсту супраць польск. палітыкі Напалеона ў 1813 выйшаў у адстаўку. Інтэрніраваны аўстр. ўладамі. У 1814 увайшоў у Вайсковы к-т для арганізацыі арміі Каралеўства Польскага. З 1815 у адстаўцы, жыў у Дрэздэне. У час паўстання 1830—31 пасланы паўстанцкімі ўладамі ў Парыж за падтрымкай, але вынікаў не дамогся, застаўся ў Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛА (Пётр) (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),
праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл. духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш.бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана як гал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУШЭ́ВІЧ (Марцін) (псеўд.Адзін з літоўскіх грамадзян; 11.11. 1714, в. Ельня Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 21.11.1773),
грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст, перакладчык. Вучыўся ў Камянцы, Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1739 брэсцкі гар. пісар, з 1752 стольнік, у 1763—64 гал. дарадчык К.Радзівіла, у 1767 ген. сакратар Радамскай канфедэрацыі, з 1768 кашталян брэсцкі. На польск. мову пераклаў «Сатыры» Гарацыя (Вільня, 1784), да якіх далучыў тры арыгінальныя вершаваныя «Дадаткі». Аўтар «Успамінаў» (т. 1—4, Варшава, 1876), дзе апісаў побыт і норавы брэсцкай шляхты, міжусобную барацьбу Радзівілаў з Чартарыйскімі, некаторыя падзеі мясц.літ. жыцця. Пісаў вершы на польск. і лац. мовах з выпадку розных падзей, сеймікавыя прамовы. У яго поглядах адбіліся ідэі ранняга Асветніцтва. На бел. мову «Дыярыуш жыцця майго...» пераклаў В.Арэшка.
Тв.:
Diariusz życia mego... Т. 1—2. Warszawa, 1986;
Бел.пер. — Дыярыюш жыцьця маяго... // Спадчына. 1996.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1659 Адбылася ў г. Мсціслаў у студз. — крас. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мэтай рус. войск было падаўленне гараджан і ўзбр. атрадаў палк. І.Рытара, ротмістра А.Сутоцкага, казацкага сотніка Гермы, «стражніка шляхты» В.Крываноса, паручніка Зімніцкага, якія здрадзілі прысязе на вернасць цару. Абаронцаў Мсціслава было больш за 3 тыс.чал. (шляхта, конныя і пешыя казакі), 300 укр. казакоў, якіх прыслаў на дапамогу гетман І.Выгоўскі. З 5.2.1659 рас. войскі на чале з кн. І.Лабанавым-Растоўскім пачалі аблогу Мсціслава. Нягледзячы на настойлівыя прыступы, горад выстаяў. У сак. на дапамогу асаджаным прыйшлі казакі І.Нячая, атрад брата Выгоўскага Самойлы і палк. Аскірка «са многими людьми». 21 сак. яны атакавалі рус. войска, але беспаспяхова. Больш чым двухмесячная блакада падарвала сілы абаронцаў. У пач.крас. 1659, паводле заявы Лабанава-Растоўскага, «полковник Рытар и шляхта и казаки и всяких чинов жилецкие люди ему великому государю добили челом и город Мстиславль сдали».