ператварэнне атамных ядзер ізатопаў адных хімічных элементаў у іншыя ў выніку пасылання бэта-часціц.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],
нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10−10с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).
Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ+, Σ°, Σ−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фор’інжэ́ктар
(ад ням. vor = спераду, перад + інжэктар)
прыбор для папярэдняга паскарэння элементарных часціц перад упусканнем іх у камеру асноўнага паскаральніка.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,
квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій 4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШГУКАВО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,
рух газу, пры якім скорасць часціц перавышае мясц. скорасць гуку ў разгляданай вобласці газу. Ажыццяўляецца, напр., пры руху пары або газу праз звышгукавое сапло (сапло Лаваля), пры абцяканні паветраным патокам самалётаў, ракет, артыл. снарадаў, метэарытаў і інш., скорасць якіх перавышае скорасць гуку ў паветры. Суправаджаецца ўтварэннем скачкоў ушчыльнення (гл.Ударная хваля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАЦЫ́ЙНЫ ВАКУУММЕ́ТР,
манометр, прынцып дзеяння якога заснаваны на вымярэнні іоннага току, прапарцыянальнага ціску ў газах (гл.Іанізацыя). Крыніца іанізацыі — радыёізатоп з альфа- ці бэта-выпрамяненнем або напалены катод. Межы вымеранага ціску вызначаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі прылады (верхняя мяжа — суадносінамі паміж памерамі датчыка і даўжынёй свабоднага прабегу іанізавальных часціц, ніжняя — іанізацыяй газу другаснымі часціцамі). Гл. таксама Вакуумметр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДА́У ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ,
дыямагнетызм сістэмы носьбітаў зарадаў (напр., электронаў праводнасці ў металах). Прадказаны Л.Д.Ландау ў 1930. Абумоўлены квантаваннем арбітальнага руху зараджаных часціц у магн. полі, дзе траекторыя іх свабоднага руху скрыўляецца і ўзнікае дадатковае магн. поле, накіраванае процілегла знешняму полю. Назіраецца ў выраджаным газе свабодных электронаў і ў электронаў праводнасці ў металах, паўметалах і паўправадніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),
міжнар.навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАС-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш.часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).
Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.У.Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.
Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДЖЭ́ННЕ ПА́РЫчасціца-антычасціца,
адзін з відаў узаемапераўтварэння элементарных часціц, у якім у выніку эл.-магн. (ці інш.) узаемадзеяння адначасова ўзнікаюць часціца і антычасціца. Магчымасць Н.п. (і яе анігіляцыі) вынікае з рэлятывісцкага Дзірака ўраўнення. У 1933 І. і Ф.Жаліо-Кюры эксперыментальна выявілі Н.п. электрон-пазітрон гама-квантамі ад радыеактыўнай крыніцы.
Працэсы Н.п. адбываюцца ў кулонаўскім полі ядра атама пры энергіі фатона, якая перавышае падвоеную энергію спакою часціцы (паводле законаў захавання энергіі-імпульсу Н.п. адзінкавым фатонам немагчыма). Магчымы працэс Н.п. віртуальным фатонам (гл.Віртуальныя часціцы). Пры сутыкненнях часціц высокіх энергій назіраецца таксама працэс нараджэння мюонных пар. У адронных сутыкненнях Н.п. μ+μ− звязана з эл.-магн. анігіляцыяй кваркаў 1 антыкваркаў, якія ўваходзяць у склад адронаў, або з працэсамі канверсіі фатонаў тармазнога выпрамянення, утвораных пры сутыкненнях кваркаў з кваркамі ці глюонамі. Працэсы Н.п. μ+μ− вывучаюцца ў межах квантавай хромадынамікі і кваркпартоннай мадэлі (гл.Партоны).