прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш.хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЬ,
вадкі сакрэт жаўтавата-карычневага колеру, які бесперапынна выпрацоўваецца жалезістымі клеткамі (гепатацытамі) печані пазваночных жывёл і чалавека. Ж. эмульгуе тлушчы, павялічвае ўсмоктванне прадуктаў гідролізу тлушчаў, павышае актыўнасць панкрэатычных і кішачных ферментаў, рэгулюе маторную і сакраторную дзейнасць страўніка і тонкага кішэчніка, валодае бактэрыяльна-статыстычнымі ўласцівасцямі, удзельнічае ва ўсмоктванні са страўніка тлушчарастваральных вітамінаў, халестэрыну, амінакіслот і солей кальцыю, інактывуе пепсін страўнікавага соку. Адрозніваюць пячоначную Ж., якая выдзяляецца непасрэдна ў кішэчнік незалежна ад стрававання (злёгку вязкая залаціста-жоўтая), і пузырную Ж., што збіраецца ў жоўцевым пузыры (вязкая жоўта-бурая або зялёная) і трапляе ў кішэчнік, калі там ёсць ежа. Ж. мае ў сабе ваду, солі жоўцевых кіслот, жоўцевыя пігменты, халестэрын, неарган. солі і інш. біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны — тыраксін, ферменты — фасфатазы, таксама вітаміны, фосфаліпіды і інш. Печань дарослага чалавека выдзяляе за суткі да 2 л Ж., буйн. раг. жывёлы — да 9,5 л. Прэпараты Ж. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁД,
салодкае, сіропападобнае рэчыва, якое пчала меданосная выпрацоўвае з нектару кветак; прадукт харчавання, корм для пчол. Падзяляюць на натуральны (кветачны, падзевы мёд), экспрэсны, які пчолы выпрацоўваюць з цукр. сіропу ці натуральнага М. з лек. дабаўкамі) і штучны (без удзелу пчол; шляхам інвертавання цукрозы сернай к-той пры выпарванні соку кавуна, дыні, гарбуза, цукр. буракоў, вінаграду). У залежнасці ад меданосных раслін бывае ліпавы, грэчкавы, верасовы і інш. Каларыйнасць М. 315—335 ккал на 100 г. У спелым кветачным М. ў сярэднім да 20% вады, 75% вугляводаў (30—40% фруктозы, 25—37% глюкозы, 0,4—1,3% цукрозы) і каля 5% інш. рэчываў [амінакіслоты, ферменты, мінер. рэчывы, вітаміны (B2, PP, C, B6 і інш.), антыбактэрыяльныя рэчывы]. Пры захоўванні крышталізуецца, пры гэтым харч. і лек. якасці зберагаюцца. Бывае алергія да М.; магчымы атручэнні, калі пчолы сабралі нектар з кветак ядавітых раслін (напр., аканіту, багуну). Ужываецца ў лек. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯККАЦЕ́ЛКІ (Cantharidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у розных біятопах, пераважна ў лясах, садах, на лугах. Да М. належаць і светлякі. На Беларусі больш за 30 відаў, найб. трапляецца М. цёмная, або бурая (Cantharis fusca), М. парасонавая (Rhagonycha fulva) і інш.
Даўж. да 15 см. Цела падоўжанае, плоскае, бывае ўкрыта валаскамі. Покрывы мяккія, у т. л. надкрылы (адсюль назва). Афарбоўка жоўтая, зялёная, карычневая або чорная, з метал. адлівам. Вусікі 11-членікавыя, пераважна ніткападобныя. Жукі і лічынкі — драпежнікі. Кормяцца насякомымі і малюскамі. Лічынкі цёмныя, укрыты мяккімі валаскамі. Развіваюцца ў глебе, лясным подсціле, гнілой драўніне, пад карой. Страваванне лічынкі пазакішачнае (выпускае ферменты, што разрэджваюць тканкі здабычы, потым усмоктвае атрыманую вадкасць). Зімой у цёплыя дні лічынкі некат. М. (што зімуюць) могуць паяўляцца на снезе (адсюль другая назва «снежны чарвяк»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЦА, расянка (Drosera),
род кветкавых раслін сям. расіцавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных і ўмераных паясах, пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 4 віды Р.: адваротнаяйцападобная (D. obovata), англійская, ці даўгалістая (D. anglica), круглалістая (D. rotundifolia) і прамежкавая (D. intermedia), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах, асабліва сфагнавых.
Шматгадовыя насякомаедныя травы выш. да 25 см з паўзучым або клубнепадобным карэнішчам. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, доўгачаранковае, распасцёртае па зямлі. На верхнім баку і па краі пакрытае адчувальнымі валаскамі з чырв. залозістай галоўкай, якая ўтрымлівае кроплю ліпкай вадкасці (здаецца, што на лісці раса, — адсюль назва). Калі насякомае трапляе на ліст, валаскі накрываюць яго і абвалакваюць сліззю. Адначасова ліст складваецца па цэнтры (стрымлівае насякомае) і выдзяляе стрававальныя ферменты. Пасля ператраўлівання насякомага ліст зноў раскрываецца. Кветкі дробныя, белыя, у негустых гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т. л.казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т. л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фосфарыла́зы
(ад фосфар)
ферменты, якія каталізуюць расшчапленні і зваротны сінтэз гліказідных сувязей асобных біялагічна важных злучэнняў (глікагену, крухмалу і інш.); выконваюць важную ролю ў вугляводным абмене.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ, генная інжынерыя,
раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет. сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІПУХЛІ́ННЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя сродкі для лячэння злаякасных новаўтварэнняў. Знішчаюць (цытатаксічны эфект) або прыгнечваюць дзяленне і паскораны рост (цытастатычны эфект) пухлінных клетак. Групы П.с.: алкіліруючыя злучэнні (напр., хлорбутын, цыклафасфамід), антыметабаліты (напр., метатрэксат, меркаптапурын), алкалоіды (напр., вінбластын, калхіцын), антыбіётыкі (напр., дыктынаміцын, мітаміцын), ферменты (аспарагіназа), гарманальныя прэпараты і іх антаганісты (напр., сінэстрол, фосфэстрол), цытакіны (інтэрфероны, фактар некрозу пухлін), фітапрэпараты, радыеактыўныя рэчывы. Выкарыстанне П.с. заснавана на імуналагічных і біяхім. адрозненнях здаровых клетак і пухлінных тканак. Для П.с. характэрна выбіральнасць проціпухліннага дзеяння (кожны прэпарат ужываюць пры пэўным відзе пухлін). Адмоўная якасць П.с.: разам з пухліннымі клеткамі пашкоджваюцца здаровыя, асабліва тыя якія хутка размнажаюцца (касцявога мозга, лімфоіднай тканкі, страўнікава-кішачнага тракту, палавых залоз, скуры). Большасць П.с. таксічныя, выклікаюць пабочныя эфекты: зніжэнне колькасці ў крыві лейкацытаў, трамбацытаў, эрытрацытаў, страту апетыту, выпадзенне валасоў і інш. Лячэнне П.с. праводзяць курсамі з перапынкамі, таксама ў камбінацыі з хірург. выдаленнем пухлін, прамянёвай тэрапіяй.
Літ.:
Гарин А.М., Хлебнов А.В., Табагари Д.З. Справочник по противоопухолевой лекарственной терапии. М., 1993;
Машковский М.Д. Лекарственные средства. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мітахо́ндрыі
(ад гр. mitos = нітка + chondrion = зярнятка)
адзін з відаў унутрыклетачных арганоідаў у форме зярнят, палачак, нітак; змяшчаюць многія ферменты і ўдзельнічаюць у працэсах клетачнага дыхання, пераўтварэння энергіі і біясінтэзу бялку.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)