«БЕЛАРУ́СКІ ЛЕ́ТАПІС»,

штомесячны культурна-грамадскі і літаратурны часопіс, орган Таварыства беларускай школы (ТБШ). Выдаваўся з мая 1933 да вер. 1939 у Вільні на бел. мове. У 1934—35 не выдаваўся ў сувязі з забаронаю ўладамі. Да крас. 1936 наз. «Летапіс Таварыства беларускай школы», да снеж. 1936 — «Летапіс». Падтрымліваў ідэі Нар. фронту. Выступаў за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове. Папулярызаваў бел. фальклор, крытыкаваў мадэрнізм, выступаў за народнасць л-ры і мастацтва. Змяшчаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка, Р.​Шырмы, М.​Васілька, М.​Машары, А.​Іверса і інш., пераклады. Пісаў пра дзейнасць ТБШ, Бел. студэнцкага саюза, бел. эміграцыі. Выйшла 19 нумароў (асобныя здвоеныя, строеныя).

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ (Пятро Ігнатавіч) (26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),

украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Астрэйкі, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, П.​Глебкі, П.​Прыходзькі, М.​Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.​Барадулін, А.​Вярцінскі, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — З дняпроўскіх круч. Мн., 1969.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДКАЎ (Іван Іванаў) (9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча і інш. У перакладзе Г.​Бураўкіна, Гілевіча, А.​Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.​Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.​І.​Анісковіч.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РУС (Сямён Пятровіч) (н. 21.11.1925, в. Кунічна Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Віленскі маст. ін-т (1952). Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1953—67). У розных тэхніках (лінагравюра, літаграфія, афорт, малюнак) выканаў партрэты К.​Каліноўскага (1953), Ф.​Скарыны (1954), Я.​Цікоцкага (1957), П.​Броўкі (1967), А.​Русака (1971), М.​Танка (1975), А.​Міцкевіча (1977), М.​Багдановіча (1981), Я.​Коласа (1982), А.​Бембеля (1983), Н.​Арсенневай, Л.​Геніюш, С.​Грахоўскага (усе 1996), дэлегатаў 6-га Сусв. фестывалю студэнтаў і моладзі ў Маскве (1957, серыя), пейзажы «Плошча Перамогі» (1972), «Стары Мінск» (1995—96, серыя), тэматычныя кампазіцыі «Мы — беларусы» (1968), «Янка Купала ў Вязынцы» (1982) і інш.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАНЁЎ (Рыгор Самойлавіч) (1.2.1921, г. Нікапаль Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 12.8.1985),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1950). Друкаваўся з 1950. Аўтар зб. вершаў «Разведка боем» (1957), паэм «Самалёты выходзяць у поле» (1951), «На беразе Палаты» (1964), асн. тэма якіх патрыятызм, жыццё сучаснікаў. На рус. мову пераклаў вершы М.​Танка (зб. «Каб дайсці да казкі...», 1966), А.​Вярцінскага (зб. «Вяртанне», 1969), Г.​Бураўкіна (зб. «Жаваранак над праспектам», 1972), С.​Грахоўскага (зб. «Зазімак», 1978), паэму Р.​Барадуліна «Балада Брэсцкай крэпасці» (1975), асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, П.​Глебкі, П.​Панчанкі, Е.​Лось і інш. На бел. мову яго вершы пераклалі У.​Паўлаў, А.​Пысін, С.​Шушкевіч.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́Н (Сцяпан Міхайлавіч) (н. 10.6. 1931, с. Кармалюкава Вінніцкай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі, ун-т (1954). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў вершаў «Сэрца не маўчыць» (1958), «Пад небам Крыма» (1960), «Усхваляванасць» (1966), «Спадчыннасць» (1974), «Колеры трывогі і надзеі» (1984), «На зорных вятрах» (1988) і інш., якія адлюстроўваюць этапы гіст. лёсу Украіны, яе народа, героіку Вял. Айч. вайны і прасякнуты чалавечай дабрынёй, паэтызуюць родную прыроду. Перакладае з рус., бел., балг., груз. моў. Пераклаў на ўкр. мову асобныя вершы М.​Багдановіча, Я.​Купалы, М.​Танка, А.​Куляшова. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.​Панізнік, Я.​Янішчыц.

Тв.:

Поезії. Київ, 1991;

Рус. пер. — Неодолимость любви. М., 1985.

В.​А.​Чабаненка.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),

верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.​Панчанкі, «Лірычны жарт» С.​Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.​Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.​Вярцінскага:

Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУЭ́КТАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 12.4.1952, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1976). З 1976 выкладаў у Пскоўскім і Наваполацкім муз. вучылішчах. З 1980 у Мінску. Яго творчасці ўласціва цікавасць да разнастайных жанраў і стыляў. Сярод твораў: мюзікл «Граф Монтэ-Крыста» паводле А.​Дзюма (1985); сімф. паэма «Мцыры» паводле М.​Лермантава (1976), андантэ «Вега» (1981), Сімфаньета (1982) для сімф. арк.; санаты № 1—5 для фп. (1978—87), фп. трыо (1981), 2 сюіты для фп., «Зборнік дзіцячых п’ес» (1988—94) для фп., 90 джазавых тэм, хары на вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі, М.​Танка, С.​Ясеніна, І.​Нікіціна, А.​Фета, песні на ўласныя вершы і інш.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тара́н

(польск. taran, ад іт. taranto)

1) прылада ў выглядзе бервяна з металічным наканечнікам, якой у старажытнасці разбівалі крапасныя сцены;

2) прамы ўдар, які робіць прабоіну;

3) від атакі, нанясенне ўдару носам карабля, вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)