НУ́РМІ ((Nurmi) Паава) (13.6.1897, г. Турку, Фінляндыя — 2.10.1973),

фінскі спартсмен (лёгкая атлетыка, бег). Чэмпіён VII, VIII і IX Алімп. гульняў (1920, г. Антверпен, Бельгія — у бегу на 10000 м і ў кросе на 8000 м у асабістым і камандным заліку; 1924, Парыж — у бегу на 1500, 3000 і 5000 м у камандным заліку, у кросе на 10 000 м у асабістым і камандным заліку; 1928, Амстэрдам — у бегу на 10 000 м), сярэбраны прызёр (1920, на дыстанцыі 5000 м; 1928, на дыстанцыях 3000 м з перашкодамі і 5000 м). Устанавіў 22 сусв. рэкорды (1922—31) на розных дыстанцыях.

т. 11, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЯТЛО́Н,

спартыўнае комплекснае зімовае і летняе мнагабор’е. Уключае практыкаванні з лёгкай атлетыкі, лыжнага спорту, кулявой стральбы і плавання. Міжнар. асацыяцыя П. заснавана ў 1992. Летнія чэмпіянаты свету праводзяцца з 1992, зімовыя — з 1993, спаборніцтвы на Кубак свету — з 1995. Каманда Беларусі — сярэбраны прызёр летніх (1993, 1997) і зімовага (1994) чэмпіянатаў свету. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету па летнім П.: П.​Варатынскі (1999), Г.​Галаўнёва (1993, 1997, 1998), Л.​Гісаў (1996), Н.​Лункіна (1999), А.​Няфёдаў (1997), Дз.​Парахневіч (1997), А.​Прыгажаеў і па зімовым П. — Н.​Бабкова (1994), Д.​Шаплыка (1993, 1994).

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАЛЮ́БАЎ (Ігар Міхайлавіч) (н. 22.10.1933, г. Новасібірск, Расія),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1985), засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў БДУ (1956), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1963). З 1962 на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1992 праф., заг. кафедры Ін-та сучасных ведаў у Мінску. Яго фільмы адметныя актуальнасцю праблематыкі, актыўнасцю аўтарскай пазіцыі. Сярод лепшых: «Іван Макаравіч» (1958, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970; прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970), «Братушка» (1976, са студыяй маст. фільмаў «Сафія», Балгарыя; сярэбраны медаль імя А.​Даўжэнкі 1976), «Расклад на паслязаўтра» (1979), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Белыя росы» (1983), «Восеньскія сны» (1987), «Плач перапёлкі» (1991, тэлевізійны, шматсерыйны).

І.М.Дабралюбаў.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫБЛЕ́ННЕ вадаёмаў,

выпуск у вадаёмы каштоўных відаў рыб для якаснага паляпшэння (рэканструкцыі) іх іхтыяфауны і павелічэння запасаў прамысл. рыб, а таксама з мэтай акліматызацыі рыб, арганізацыі іх нагляду. Зарыбляюць найчасцей вадаёмы, кармавыя рэсурсы якіх выкарыстоўваюцца няпоўнасцю. Для З. бяруць лічынак, сяголеткаў, гадавікоў, двухгодак, вытворнікаў. Іх гадуюць у сажалкавых і азёрна-таварных рыбных гаспадарках, рыбагадавальніках. Для З. вадаёмаў Беларусі выкарыстоўваліся: карась сярэбраны, сомік амерыканскі, стронга радужная, судак, сіговыя рыбы, амуры белы і чорны, таўсталобікі стракаты і звычайны. З 1956 вядзецца З. азёр вугром еўрапейскім. Азёрна-таварныя і сажалкавыя рыбныя гаспадаркі зарыбляюцца пераважна полікультурай (разам з карпам гадуюць шчупака, карасёў залатога і сярэбранага, сазана амурскага, таўсталобікаў, пелядзь і інш.).

т. 6, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЖО́НАЎ (Георгій Сцяпанавіч) (н. 22.3.1915, С.-Пецярбург),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскае тэатр. вучылішча (1935). У 1939—46 і 1947—54 рэпрэсіраваны, двойчы рэабілітаваны. У 1954—65 працаваў у т-рах Магадана і Нарыльска, з 1969 у Маск. т-ры імя Массавета. Выконвае ў асноўным ролі сучаснікаў, раскрывае індывід. рысы персанаж, амаль не карыстаючыся грымам: Забродзін («Ленінградскі праспект» І.​Штока), Панаеў («Чорны гардэмарын» А.​П.​Штэйна) і інш. (больш за 200). У кіно з 1933. Сярод фільмаў: «Беражыся аўтамабіля», «Чалавек, якога я кахаю», «Уся каралеўская раць» (тэлевізійны), «Гарачы снег» (за ролю генерала Бяссонава Дзярж. прэмія Расіі 1975 і Сярэбраны медаль імя Даўжэнкі), «Памылка рэзідэнта», «Лёс рэзідэнта», «Вяртанне рэзідэнта», «Экіпаж» і інш.

т. 6, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТА ((Otto) Крысцін) (н. 7.2.1966, г. Лейпцыг, Германія),

нямецкая спартсменка (плаванне). Чэмпіёнка XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул, Рэспубліка Карэя) на дыстанцыях 50 і 100 м вольным стылем, 100 м на спіне і батэрфляем, у эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай. Чэмпіёнка свету (1982 — на дыстанцыі 100 м на спіне і ў эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай; 1986 — на дыстанцыях 100 м вольным стылем, 200 м у комплексным плаванні, у эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай), сярэбраны прызёр на дыстанцыях 50 м вольным стылем і 100 м батэрфляем. Чэмпіёнка Еўропы (1983) у эстафетах 4 × 100 м і 4 × 200 м вольным стылем.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАННЕ Ў ЛА́СТАХ,

від падводнага плавання з аквалангам, плаванне ў ластах, ныранне ў ластах у даўжыню; від падводнага спорту. Спаборніцтвы па плаванні з аквалангам праводзяцца на дыстанцыях 100, 400 і 800 м; па плаванні ў ластах — на 100, 200, 400, 800 і 1500 м і на марафонскія дыстанцыі 8000 м для мужчын і 6000 м для жанчын; па ныранні ў ластах — на 50 м, эстафеты 4 × 100 і 4 × 200 м. Сярод бел. спартсменаў найбольш значных вынікаў дасягалі І.Бурая, Л.Говарава, Т.Назарава, В.​Зборшчык — чэмпіёнка СССР (1976, 1977), А.​Аляшкевіч — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), бронз. прызёр чэмпіянату свету (1998), А.​Ашэйчык і С.​Карунец — абс. чэмпіёны Беларусі (2000).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНАЯ РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ,

натуральны радыяцыйны фон Зямлі, які абумоўлены прыроднымі радыенуклідамі касм. ці зямнога паходжання, што прысутнічаюць у зямных абалонках (літасферы, гідрасферы, атмасферы і біясферы). Да касмагенных радыенуклідаў (ізатопаў, якія ўзніклі на Зямлі пад уздзеяннем касм. прамянёў) адносяць вуглярод (​14C), трытый (​3H), берылій (​7Be). Радыенукліды зямнога паходжання, якія ўплываюць на натуральны радыяцыйны фон, падзяляюць на групы: элементы радыеактыўных сем’яў урану (​238U), торыю (​232Th), актынаўрану (​235AcU); прадукты распаду элементаў радыеактыўных сем’яў (радон, тарон, актынон); інш. радыеактыўныя элементы [кальцый (​48Ca), рубідый (​87Rb), фосфар (​32P), сера (​15S), плутоній (​239Pu) і інш.]. Жыццё на Зямлі ўзнікла і развіваецца на фоне гэтай радыяцыі, пэўны яе ўзровень неабходны для існавання жыцця на Зямлі.

Г.​З.​Сярэбраны.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЗАЛЕ́Т (ад франц. brancelet запясце),

упрыгожанне для рук (у некаторых народаў і ног) пераважка кольцападобнай формы. З глыбокай старажытнасці бранзалет выкарыстоўвалі як амулет, упрыгожанне, узнагароду; баявыя бранзалеты засцерагалі рукі ад халоднай зброі. Выраблялі з розных металаў, косці, бурштыну, каменю. На Беларусі вядомы касцяныя і рагавыя бранзалеты эпохі неаліту, бронзавыя і медныя бронзавага веку, сярэбраныя, бронзавыя, медныя і жалезныя багата арнаментаваныя жал. веку мясц. вытв-сці. З развіццём гарадоў бранзалеты выраблялі з каштоўных металаў, аздаблялі эмалямі, чарненнем, філігранню, зярненнем, каштоўнымі камянямі, інкрустацыяй; з 11 ст. з’яўляюцца рознакаляровыя шкляныя бранзалеты. Сучасныя бранзалеты вырабляюць з металаў, дрэва, скуры, саломкі, пластмасы, часта паводле стараж. узораў.

Бранзалеты: залаты (1) з Мінскага замчышча, сярэбраны (2) з Гродна (абодва 12 ст.), сучасныя з саломкі (3).

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАБАЛЕ́ЎСКІ (Іван Іванавіч) (9.10.1905, Масква — 21.9.1977),

савецкі вучоны ў галіне тэорыі машын і механізмаў. Акад. АН СССР (1946). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1945). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1926). З 1927 выкладаў у ВНУ Масквы, у 1932—49 праф. Маскоўскага ун-та, з 1937 у Ін-це машыназнаўства АН СССР. Распрацаваў класіфікацыю прасторавых механізмаў і вызначыў метады іх кінематычнага аналізу. Вывучаў праблемы тэарэт. і эксперым. метадаў даследавання дынамікі рабочых машын, стварыў новыя метады выпрабавання машын-аўтаматаў. Прэмія імя П.​П.​Чабышова АН СССР (1946), сярэбраны медаль Чэхаславацкай АН (1966), міжнар. залаты медаль імя Дж.​Уата Ін-та інжынераў-механікаў (Англія, 1967).

Літ.:

И.​И.​Артоболевский: [Биобиблиогр.]. 2 изд. М., 1975.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)