Венгерская Рэспубліка (Maguar Köztársaság), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, Славеніяй, Харватыяй, на Пд і ПдУ з Югаславіяй і Румыніяй, на У з Украінай, на Пн з Славакіяй. Падзяляецца на 38 медзьё (раёнаў) і сталічную акругу. Пл. 93 тыс.км², нас. 10 324 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Будапешт. Дзярж. мова — венгерская. Нац. свята — гадавіна Венг. паўстання 1956 (23 кастр.).
Дзяржаўны лад. Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. На чале дзяржавы прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея, якая складаецца з 386 чл., выбраных тэрмінам на 4 гады. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае б.ч. Сярэднедунайскай (Венгерскай) раўніны. Вылучаюцца яе асобныя часткі: на У ад Дуная плоская нізіна Альфёльд, на З узгорыстая раўніна Дунантуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк і інш.). На ПнЗ нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на З адгор’ямі Альпаў (выш. да 500—800 м). На Пн адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у т. л. Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г. Кекеш (1015 м). Карысныя выкапні: значныя запасы баксітаў, ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, прыроднага газу і нафты, жал. руды, марганцу, мінер. водаў. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і ўмерана кароткай зімой. Сярэдняя т-раліп. 20—22 °C, студз. ад -2 да -4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 900 мм на ПдЗ да 450 мм у цэнтры і на У. Бываюць засухі, асабліва на У краіны. Рэкі належаць да бас. Дуная, даўж. яго ў межах Венгрыі 410 км. Гал. прытокі — Ціса, Раба і Драва. Найб. возера — Балатан. Натуральная лясная, лесастэпавая і стэпавая расліннасць моцна зменена чалавекам. Каля 75% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і занята нас. пунктамі, прамысл. прадпрыемствамі, шляхамі зносін; пад лесам 18,3%.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць венгры, жывуць таксама цыганы (4%), немцы (2,6%), сербы (2%), славакі, румыны і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (67,5%), ёсць кальвіністы (20%), лютэране (5%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 111 чал. на 1 км², крыху больш на Пн, менш на Пд. У гарадах жыве 64% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Будапешт — 1996, Дэбрэцэн — 218, Мішкальц — 190, Сегед — 179, Печ — 172, Дзьёр — 131, Ньірэдзьхаза — 116, Секешфехервар — 110, Кечкемет — 106.
Гісторыя. Тэр. сучаснай Венгрыі заселена чалавекам у палеаліце. У старажытнасці тут жылі скіфы, ілірыйцы, кельты, якія ў канцы 1 ст. да н.э. — пач. 2 ст.н.э. трапілі пад уладу рымлян (была ўтворана прав.Панонія). У 1-й пал. 1-га тыс. ў Венгрыі з’явіліся стараж. германцы, гуны, авары, готы, з 6 ст. і славяне; яе тэр. ў 7 ст. ўваходзіла ў склад дзяржавы Сама, пазней — у Вялікамараўскую дзяржаву і Блатэнскае княства. У 896 тут з’явіліся венгры (іх прарадзіма — Прыуралле). Адсюль яны рабілі набегі на землі суседніх народаў. Пасля разгрому каля Аўгсбурга (955) набегі венграў спыніліся і яны перайшлі да земляробства. У час праўлення князя Геза (970—997) і яго сына Іштвана I Святога (997—1038; з 1000 кароль) арганізацыйна аформілася венг. дзяржава. У сярэдзіне 13 — пач. 14 ст. яна была раздробленая, яе развіццё затрымалі манг. нашэсце 1240—41 і працяглыя міжусобіцы. Пазней абарону краіны ад тур. заваявання арганізаваў трансільванскі ваявода Я.Хуньядзі (правіцель Венгрыі ў 1446—52). Яго сын Мацьяш Хуньядзі (кароль з 1458) цэнтралізаваў дзяржаву, аднак пасля яго смерці міжусобіцы аднавіліся. Пасля задушэння Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514 былі канчаткова запрыгонены венг. сяляне. Пасля паражэння венграў ад туркаў у Мохацкай бітве 1526 пачаўся распад Венг. каралеўства. Да 1541 паўн. і зах. землі Венгрыі захапілі Габсбургі, паўд. і цэнтральныя — туркі-асманы, на У краіны ўтварылася залежнае ад Асманскай імперыі Трансільванскае княства (у 1571—76 правіў князь Стафан Баторый). У 1686 аўстр. і венг. войскі вызвалілі Венгрыю ад туркаў, аднак уся тэр. краіны ў 1699 трапіла пад уладу Габсбургаў. Іх каланізатарская палітыка выклікала выступленні венграў (у т. л.Ракацы Ферэнца II рух 1703—11), якія былі задушаны. У 1820—30-я г. актывізавалася венг. дваранская апазіцыя. З яе ў 1840-я г. вылучылася левае крыло на чале з Л.Кошутам, узнікла арг-цыя «Маладая Венгрыя» (кіраўнік паэт Ш.Пецёфі). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі скасавана прыгонніцтва, створаны К-т абароны радзімы на чале з Кошутам і рэв.нар. армія (пазней нанесла шэраг паражэнняў аўстр. войскам). У крас. 1849 парламент у г. Дэбрэцэн абвясціў поўную незалежнасць краіны ад Аўстрыі, вярх. правіцелем дзяржавы выбраны Кошут. Пасля заключэння Габсбургамі саюза з Расіяй супраць венг. паўстанцаў аўстр. і рас. войскі сумеснымі намаганнямі прымусілі венграў капітуляваць (жн. 1849). Аўстр. тэрор не спыніў венг.вызв. рух, і Габсбургі пайшлі на кампраміс з венграмі: у 1867 створана дуалістычная дзяржава Аўстра-Венгрыя, у якой аўстр. імператар стаў адначасова венг. каралём. Венгрыя атрымала свой парламент і ўрад, аднак яе залежнасць ад Аўстрыі захавалася (Вена мела вырашальны голас пры прыняцці агульнадзярж. рашэнняў). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. паскорылася эканам. развіццё Венгрыі, заснаваны шэраг паліт. партый, у т. л. С.-д партыя Венгрыі (СДПВ; 1890). У 1-й сусв. вайне Аўстра-Венгрыя была ў саюзе з Германіяй. У канцы вайны кіраўнік апазіцыйнай «партыі незалежнасці» граф М.Карайі выступіў за разрыў з Германіяй, за заключэнне сепаратнага міру з краінамі Антанты, дэмакратызацыю і незалежнасць Венгрыі ў яе «гістарычных межах». Па яго ініцыятыве створаны Нац. савет, у які ўвайшлі і сацыял-дэмакраты. Абнародаваны ім 26.10.1918 маніфест прадугледжваў абвяшчэнне раўнапраўя нацый у рамках цэласнай і непадзельнай Венгрыі, увядзенне агульнадэмакр. свабод і інш. Аднак венг. кароль Карл IV Габсбург (ён жа імператар Аўстрыі Карл I) адмаўляўся ад правядзення рэформ. У ноч на 31.10.1918 адначасова з Аўстрыяй у Венгрыі распачата рэвалюцыя, у ходзе якой створаны саветы. Карайі з удзелам сацыял-дэмакратаў сфарміраваў урад, праграма якога паўтарала Маніфест 26 кастрычніка. 13.11.1918 падпісана перамір’е з Антантай. 16.11.1918 Нац. савет абвясціў Венгрыю рэспублікай. У пач. 1919 ва ўмовах блакады Вегрыі краінамі-пераможцамі, эканам. заняпаду, палярызацыі класаў і слаёў венг. грамадства ўрад пайшоў у адстаўку. Лідэры СДПВ, якім было прапанавана сфарміраваць новы ўрад, пайшлі на саюз з Камуніст. партыяй Венгрыі (КПВ): 24.3.1919 створана аб’яднаная Сацыяліст. партыя Венгрыі (СПВ) і абвешчана Венг.Сав. Рэспубліка. Яе ўрад — рэв. ўрадавы савет — узначаліў правы сацыял-дэмакрат Ш.Гарбай, наркомам замежных спраў стаў камуніст Б.Кун. Рэв. ўрад стварыў Чырв. Армію, праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў і інш. 1.8.1919 пад націскам франц., чэшскіх і рум. войск слабая Венг.Сав. Рэспубліка пала. Значную частку Венгрыю акупіравалі рум. войскі. Пазней у Будапешт уступіў афіцэрскі корпус на чале з контр-адміралам М.Хорці, які быў прызначаны галоўнакамандуючым, а ў 1920 абвешчаны рэгентам (у 1921 б. кароль выгнаны з краіны). Трыянонскі мірны дагавор 1920, прадыктаваны краіне дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-й сусв. вайне, меў вынікам страту 2/3тэр. Венгрыі, скарачэнне яе насельніцтва і выклікаў незадаволенасць венг. грамадства. Імкненне дамагчыся яго перагляду прывяло аўтарытарны рэжым Хорці да пошуку саюзу з гітлераўскай Германіяй. Вынікам гэтага збліжэння сталі Венскія арбітражы 1938 і 1940, паводле якіх Венгрыя атрымала тэр. прырашчэнні. У 1939 Венгрыя выйшла з Лігі нацый. У крас. 1941 венг. войскі разам з ням. фашыстамі ўдзельнічалі ў нападзе на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941). 27.6.1941 Венгрыя ўступіла ў вайну супраць СССР. У студз. 1943 на Доне ў ходзе сав. контрнаступлення амаль поўнасцю знішчана 2-я венг. армія. У 1944 Хорці намагаўся заключыць перамір’е з СССР і шукаў кантакты з Вялікабрытаніяй і ЗША. 19.3.1944 Венгрыю акупіравалі ням.-фаш. войскі, якія пазней скінулі Хорці і прывялі да ўлады мясц. фашыстаў (гл.Нілашысты) на чале з Ф.Салашы. На вызваленай сав. войскамі тэр. Венгрыі 2.12.1944 у г. Сегед створаны антыфаш. Венг.нац. фронт незалежнасці, у які ўвайшлі камуністы, сацыял-дэмакраты, нац.-сял. партыя, партыя дробных сельскіх гаспадароў, бурж.-дэмакр. партыя і свабодныя прафсаюзы. Дэлегаты гэтых партый сталі дэпутатамі Часовага нац. сходу (пасяджэнні адкрыліся 21 снеж. ў г. Дэбрэцэн). Сфарміраваны ім Часовы ўрад Венгрыі абвясціў вайну Германіі, заключыў у Маскве перамір’е з СССР і яго саюзнікамі, распусціў і забараніў паліт. і ваен. арг-цыі фашыстаў. Найб. важнае мерапрыемства ўрада — зямельная рэформа (канфіскаваны землі кіраўнікоў фаш. арг-цый і ваенных злачынцаў, нацыяналізаваны буйныя маёнткі, створаны зямельны фонд, б.ч. якога размеркавана сярод 640 тыс. беззямельных і малазямельных сялян). Тэр. Венгрыі канчаткова вызвалена часцямі Чырв. Арміі да 4.4.1945 (у ходзе вызвалення загінула 140 тыс.сав. воінаў). 1.2.1946 Венгрыя абвешчана рэспублікай. Паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 адноўлены граніцы Венгрыі па стану на 1.1.1938. З 1947 на тэр. Венгрыі размяшчаліся сав. войскі (выведзены ў 1991).
Пасля перамогі на выбарах 1947 у Дзярж. сход (парламент) левых сіл і аб’яднання ў чэрв. 1948 камуністаў і сацыял-дэмакратаў у адзіную Венг. партыю працоўных (ВПП) у краіне праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Яна атрымала назву Венг.Нар. Рэспубліка (1949). Пасля выцяснення астатніх партый (іх дзейнасць спынілася пасля выбараў 1949) пачаліся рэпрэсіі і ў самой ВПП. Летам 1953 пасля перагавораў з сав. кіраўніцтвам ЦК ВПП адмежаваўся ад палітыкі кіраўніцтва на чале з М.Ракашы. Па прамым указанні сав. кіраўніцтва венг. ўрад узначаліў І.Надзь, які абвясціў «новы курс»: адмова ад фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі, арыентацыя на ўздым жыццёвага ўзроўню працоўных, большы ўлік нац. асаблівасцей і інш. Аднак Ракашы, які застаўся 1-м сакратаром ЦК ВПП, абмежаваўся паўмерамі і дамогся зняцця Надзя з пасады прэм’ер-міністра і выключэння яго з партыі (1955). Пахаванне 6.10.1956 у Будапешце Л.Райка і іншых камуністаў — ахвяр рэпрэсій з боку ракашыстаў — скалыхнула грамадскасць. 23.10.1956 мірная 20-тысячная студэнцкая дэманстрацыя ў венг. сталіцы пад лозунгамі паляпшэння сацыялізму, раўнапраўных дружалюбных адносін з СССР, салідарнасці з польскім абнаўленнем, вяртання ва ўрад Надзя і інш. перарасла ў беспарадкі (штурм і захоп будынка Венг. радыё). Увод ноччу 24 кастр. па просьбе венг. ўрада А.Хегедзюша сав. механізаваных часцей у Будапешт надаў падзеям нац.-вызв. характар. Узбр. паўстанцы (15—20 тыс.) стварылі ў горадзе сетку вузлоў супраціўлення, вялі баі з сав. падраздзяленнямі. Адзін з найб. трагічных момантаў — расстрэл паўстанцамі супрацоўнікаў дзярж. бяспекі, якія абаранялі будынак Будапешцкага гаркома партыі. 29—30.10.1956 сав. войскі (больш за 3 дывізіі) выведзены з Будапешта. 1 ліст. ўрад Надзя (вярнуўся ва ўрад 24 кастр.) заявіў аб выхадзе Венгрыі з Варшаўскага дагавора 1955, абвясціў краіну «нейтральнай» і звярнуўся ў ААН з просьбай аб абароне. Антыкамуніст. і антысав. акцыі адбываліся і ў правінцыі. 3.11.1956 пасля перагавораў аб вывадзе войск СССР з тэр. Венгрыі паміж сав. і венг.ваен. дэлегацыямі апошняя арыштавана супрацоўнікамі сав.КДБ (перагаворы адбываліся каля Будапешта ў размяшчэнні сав.вайск. часцей). Ноччу 4 ліст. група венг.паліт. кіраўнікоў на чале з Я.Кадарам арганізавала ў г. Сольнак рэв. рабоча-сял. ўрад, які звярнуўся за падтрымкай да СССР. У Будапешт былі ўведзены сав. войскі, якія да 10 ліст. ў асноўным ліквідавалі паўстанне. Новае кіраўніцтва стварыла Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю (ВСРП) і садзейнічала кансалідацыі грамадства, у т. л.эканам. захадамі (напр., пры калектывізацыі вёскі ў 1958—61 улічваўся прынцып добраахвотнасці, захоўвалася ўласнасць сялян на зямлю). У сярэдзіне 1960-х г. пачата эканам. рэформа з элементамі рыначных адносін. Аднак яе паступовае згортванне ў 1970-я г., памяншэнне знешняга гандлю, рост знешняга доўгу пры імкненні захаваць дасягнуты ўзровень жыцця насельніцтва пагоршылі сац.-эканам. становішча. У 2-й пал. 1980-х г. паскорыліся дэмакр. пераўтварэнні. Пасля Усевенг. канферэнцыі ВСРП (май 1988) новае парт. кіраўніцтва на чале з К.Гросам узяло курс на стварэнне рыначнай сістэмы дэмакр. сацыялізму і прававой дзяржавы. Паводле заканад. актаў 1989 устаноўлены Дзень рэспублікі (23 кастр.), прынята сучасная назва дзяржавы, уведзены канстытуцыйны суд і пасада прэзідэнта, зафіксаваны паліт. плюралізм, раўнапраўе грамадскай і прыватнай уласнасці і інш. У канцы 1989 на базе ВСРП утварыліся Венг.сацыяліст. партыя (ВСП) і абноўленая ВСРП. У сак.—крас. 1990 адбыліся свабодныя шматпарт. выбары, на якіх перамог Венг.дэмакр. форум (ВДФ). Урад на чале з І.Анталам праводзіў радыкальны рыначны курс, які суправаджаўся спадам вытв-сці і сац. цяжкасцямі. На выбарах у маі 1994 перамагла ВСП, якая выступала за паступовасць рэформ пры захаванні сац. гарантый. Урад Дз.Хорна прадоўжыў рыначныя пераўтварэнні, аддаючы значную ўвагу сац. абароне насельніцтва (зніжэнне беспрацоўя, спыненне інфляцыі і інш.), і скарэкціраваў знешнепаліт. курс. Да сярэдзіны 1990-х г. спынены спад вытв-сці, зменшыўся знешні доўг, павялічыліся памеры знешняга гандлю і даходы насельніцтва. Венгрыя — чл.ААН(з 1995) (з 1955), Савета Еўропы (з 1990), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, «Вішаградскай групы». Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Венг.сацыяліст. партыя, Венг.дэмакр. форум, Венг.сацыяліст. рабочая партыя, Незалежная партыя дробных гаспадароў, Саюз маладых дэмакратаў, Саюз свабодных дэмакратаў, Хрысц.-дэмакр.нар. партыя; Канферэнцыя венг. прафсаюзаў, Незалежныя прафсаюзы, Венг. савет саюзаў моладзі і інш.
Гаспадарка. Венгрыя — развітая індустр.-агр. краіна. Доля прамысловасці ў нац. даходзе — 47%, сельскай гаспадаркі — 18%. З 5,4 млн.чал. працаздольнага насельніцтва (1993) у прам-сці занята 29,7%, буд-ве 7, сельскай гаспадарцы 16,1, абслуговых галінах 44,8%. На сусв. рынку Венгрыя вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання (пераважна аўтобусаў, дэталей і вузлоў да іх, партальных і плывучых кранаў, сродкаў сувязі, мед. апаратуры), хім. прам-сці (у т. л. фармацэўтычных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін), с.-г. і харч. Прадуктаў. У паліўна-энергет. рэсурсах пераважае буры вугаль і лігніты (штогадовая здабыча каля 25 млн.т; у раёне гарадоў Татабанья, Дораг, Шальгатар’ян, Дзьёндзьёш, Озд, Мішкальц), каменны вугаль (каля 2—3 млн.т штогод) здабываюць у гарах Мечэк каля г. Печ. Здабываюць таксама (млн.т, 1991) нафту (1,9), баксіты (2,4), прыродны газ (каля 7 млрд.м³), марганец, поліметалы, буд. матэрыялы. Большая ч. нафты і газу імпартуецца пераважна з Расіі. Вытв-сць электраэнергіі 29,7 млрд. КВт∙гадз (1991) пераважна на ЦЭС. АЭС у г. Пакш. У апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая і харч.прам-сць, каляровая металургія. Чорная металургія (выплаўка сталі ў 1991 — 1,9 млн.т) працуе ў асн. на імпартнай сыравіне; яе цэнтры — Будапешт, Мішкальц, Озд, Дунаўйвараш, Шальгатар’ян. У каляровай металургіі гал. ролю адыгрывае вытв-сць гліназёму і алюмінію (Альмашфюзіцё, Айка, Варпалата, Секешфехервар). У машынабудаванні вылучаюцца неметалаёмкія галіны: электратэхніка, электронная прам-сць, прыладабудаванне, а таксама выпуск разнастайных рухавікоў, дызельных паяздоў, цеплавозаў, грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Буйнейшы ў Еўропе вытворца аўтобусаў — з-д «Ікарус» у Будапешце і філіял у Секешфехервары. Развіта станкабудаванне, вытв-сць шарыкападшыпнікаў, абсталявання для лёгкай і харч. прам-сці, сродкаў сувязі, вымяральных прылад, выліч. тэхнікі, мед. абсталявання і прылад, с.-г. машын. Асн. цэнтры машынабудавання — Будапешт (больш за 50% прадукцыі галіны), Секешфехервар, Мішкальц, Эстэргам, Дзьёр, Дэбрэцэн. Выпушчана (1991): 4,7 тыс. аўтобусаў, 308 тыс. тэлевізараў, 435 тыс. халадзільнікаў. У хім. прам-сці (каля 15% валавой прамысл. прадукцыі) важнае месца займае вытв-сцьмінер. угнаенняў, сродкаў аховы раслін, прадуктаў арган. сінтэзу, фармацэўтычных прэпаратаў (прадпрыемствы «Хінаін» і «Гедэон Рыхтэр»), гумавых вырабаў, лакаў і фарб. Вытв-сць азотных угнаенняў (Казінцбарцыка), фосфарных (Сольнак). З-ды па вытв-сці сернай (Будапешт і Сольнак) і азотнай (Печ) кіслот. Развіта нафтаперапр.прам-сць (з-ды ў Будапешце, Альмашфюзіцё, Печы, Сазхаламбаце); прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла і інш.). У харч. прам-сці найб. развіты вінаробства, вытв-сць кансерваў з агародніны і мяса, вэнджаных каўбас, цукр., мукамольная, малочная, масларобчая і алейная, тытунёвая, маргарынавая і інш. галіны. З галін лёгкай прам-сці найб. развітыя тэкст. (пераважна баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, трыкатажная. Гал. цэнтр лёгкай прам-сці — Будапешт (каля 60% прадукцыі галіны). Атрымана (млн.т, 1991): мінер. угнаенняў 0,3, штучных смол і пластмас 0,6, цэменту 3; тканін 272 млн.м², абутку 19,8 млн. пар, цукру 490 тыс.т.
У структуры сельскай гаспадаркі доля раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна аднолькавая. Збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля 2/3 ворнай зямлі, тэхнічныя — 13%, агародніна — 3, кармавыя — 19%. Каля 150 тыс.гас.-г. зямель арашаецца. Пасевы пшаніцы і кукурузы пашыраны раўнамерна. Цукр. буракі найб. вырошчваюць на ПнЗ і ПдУ. У міжрэччы Цісы і Дуная, на паўд. схілах горных масіваў развіты садоўніцтва і вінаградарства. Збор (млн.т, 1991): збожжавых 12,6, бульбы 1,2, цукр. буракоў 4,7, садавіны 1,5. Пашыраны таксама бахчаводства, агародніцтва, вырошчванне сланечніку, рысу, тытуню, канапель. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля свіней і птушкі. Пагалоўе (млн. галоў, 1991): буйн. раг. жывёлы 2, свіней 8, авечак 2,5, птушкі 58,6. Рыбалоўства на рэках і воз. Балатан.
Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 130,2 тыс.км, у т. л. 29,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. чыгунак 7765 км. Рачны транспарт абслугоўвае пераважна знешнеэканам. сувязі. Даўж. водных шляхоў (р. Дунай, яго прытокі, шэраг каналаў) 1622 км. Нафтаправодаў 1204 км, газаправодаў 4387 км. 92 аэрапорты і аэрадромы. Гал. транспартны вузел — Будапешт. Экспарт (10,9 млрд.дол. ЗША, 1992): сыравіна, паўфабрыкаты, хімікаты, машыны, тавары лёгкай і харч. прам-сці і інш. Імпарт (11,7 млрд.дол. ЗША, 1992): паліва і энергарэсурсы, сыравіна, хімікаты, машыны і інш. Большая ч. знешнегандл. абароту прыпадае на краіны Зах. і Усх. Еўропы. Беларусь экспартуе ў Венгрыю трактары, калійныя ўгнаенні, некаторыя хімікаты, драўнінна-валакністыя пліты і фанеру, шыны і інш., набывае ў Венгрыі медыкаменты, гербіцыды, тканіны, збожжа, віно, алей і інш. Венгрыю штогод наведвае каля 20—22 млн. замежных турыстаў. Грашовая адзінка — форынт.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС, налічваюць 77 тыс.чал.; ёсць эксперым. брыгада войск тэр. абароны (створана ў 1992). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На 1.1.1995 у сухап. войсках 56,5 тыс.чал. (80% агульнай колькасці ўзбр. сіл); арганізацыйна ўключаюць камандаванне, 4 ваен. акругі, 17 брыгад (3 танк., 9 механізаваных, 3 артыл., процітанк. артыл. і зенітная артыл.), войскі падтрымкі (полк баявых верталётаў і трансп.авіяц. брыгада), падраздзяленні баявога і тылавога забеспячэння, часці і ўстановы цэнтр. падпарадкавання. Маюць на ўзбраенні 1190 танкаў, 500 баявых машын пяхоты, каля 1200 бронетранспарцёраў, 991 гармату палявой і 160 гармат зенітнай артылерыі, 218 мінамётаў, 39 баявых верталётаў і інш. У ВПС 22 тыс.чал. (1993), 10 баявых эскадрылляў, 171 баявы і вучэбна-баявы самалёт.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 67, у жанчын 76 гадоў. Смяротнасць 13 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 100 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 262 чалавекі. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 13 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венгрыі паводле закону 1985 уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, асн. 8-гадовую школу (абавязковае навучанне дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў), агульнаадук. гімназіі (4 гады навучання), 3—4-гадовыя сярэднія прафшколы, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю ў Венгрыі дае 8-гадовая школа і на яе аснове гімназія або сярэдняя прафшкола. У 1988/89 навуч.г. ў Венгрыі працавала больш за 3,5 тыс. 8-гадовых школ (1,3 млн. вучняў). Агульную сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (праграма арыентавана на гуманіт. падрыхтоўку і наступны працяг адукацыі ва ун-це), а таксама сярэднія прафшколы і сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы. У 1989/90 навуч.г. налічвалася больш за 250 гімназій. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты універсітэцкага тыпу, галіновыя ін-ты і вышэйшыя вучылішчы. Буйнейшыя ВНУ: Будапешцкі універсітэт (з 1635), мед.ін-т універсітэцкага тыпу (з 1769), эканам.ін-т (з 1948), тэхн.ун-т (з 1782); ун-т у Сегедзе (з 1872). Буйнейшыя б-кі: Дзярж.б-ка, Будапешцкага ун-та, Венг.АН, гар.б-ка Будапешта. Музеі: Нац. музей гісторыі і прыродазнаўчых навук (з 1802), Нац. музей выяўл. мастацтваў (з 1896), Музей прыкладнога мастацтва (з 1872), Нац. галерэя (усе ў Будапешце) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Венг.АН (з 1825), ун-тах і ін-тах, галіновых НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты «Magyar Hirlap» («Венгерская газета», з 1968), «Nèpszabadsád» («Народная свабода», з 1942). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1958. Праграмы радыё і тэлебачання трансліруюцца па сетках наземнага, кабельнага і спадарожнікавага вяшчання. Больш за 55% тэлевіз. абанентаў прымаюць праграмы са спадарожнікаў з дапамогай індывідуальных (25%) і калектыўных (30% у сетках кабельнага тэлебачання) прыёмных установак. Са спадарожніка ЕЎТЭЛСАТ 11—Ф3 па сістэме ПАЛ перадаецца праграма тэлебачання Дзіна ТВ на венг. мове адначасова з праграмай Тэлетэкст. З больш як 40 інш. спадарожнікаў магчымы прыём праграм інш. краін. Дзейнічае Венгерскае тэлеграфнае агенцтва (МТІ).
Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (жыціі, пропаведзі, тлумачэнні Бібліі, літургічныя гімны) створаны на лац. мове ў 11—12 ст. Галоўнымі творамі сярэдневяковай л-ры былі хронікі. У 13—14 ст. развівалася рэліг.л-ра на венг. мове, што было звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў і гусіцкім рухам; у 1430-я г. гусіцкія прапаведнікі Тамаш і Балінт пераклалі на венг. мову Біблію. З сярэдзіны 15 ст. пашыраліся ідэі Адраджэння; пачынальнікамі гуманістычнай л-ры, свабоднай ад тэалагічных догмаў і насычанай зямнымі перажываннямі, былі Я.Вітэз (эпісталярныя і аратарскія творы) і Я.Паноніус (лац. вершы). Фарміраванне ўласна венг. л-ры на венг. мове пачалося з канца 15 ст., асабліва ў эпоху Рэфармацыі (байкі і памфлеты Г.Хельтаі, паэзія вандроўнага песняра Ш.Тынадзі, пропаведзі П.Борнемісы). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая проза ў выглядзе т.зв. забаўляльных гісторый — апрацовак стараж.-венг. паданняў, часткова ант., італьян. і паўд.-слав. сюжэтаў («Гісторыя аб Аргірушу»), Буйнейшым паэтам венг. Адраджэння быў Б.Балаж. У 17 ст. ў венг. л-ры ўсталяваўся стыль барока, які адлюстроўваў контррэфармацыйна-феад. і вызв., антытур. і антыгабсбургскія памкненні. Пачынальнікам барока і духоўным правадыром контррэфармацыі быў езуіт і багаслоў-палеміст П.Пазмань, найб. вядомымі пісьменнікамі — М.Зрыньі і І.Дзьёндзьёшы. Познагуманіст. традыцыі (у спалучэнні з цікавасцю да пурытанізму і рацыяналістычнай філасофіі Дэкарта) працягвалі існаваць толькі ў Трансільваніі (Я.Апацаі-Чэрэ). Вызваленчыя антыгабсбургскія паўстанні канца 17 — пач. 18 ст. спрыялі росквіту вуснай паэзіі паўстанцаў. Была пашыранай і мемуарная л-ра. Л-ры эпохі Асветніцтва (апошняя чвэрць 18 — пач. 19 ст.) былі ўласцівыя асветніцкая форма класіцызму, шырокае выкарыстанне нац.-гіст. і дэмакр. тэматыкі, барацьба за т.зв. аднаўленне венг. мовы (творы і пераклады Дз.Бешэньеі, вершы Я.Бачаньі). Пасля задушэння ў 1795 рэсп. змовы правадніком ідэй Асветніцтва стаў літ.-грамадскі рух «абнаўляльнікаў мовы», які ўзначаліў Ф.Казінцы. У паэзіі М.Фазекаша, драмах І.Катаны выразней загучалі вольналюбівыя матывы, з’явіліся прыкметы рэалізму. Росквіт рамантызму (драмы К.Кішфалудзі, паэзія М.Вёрэшмарці і Я.Араня) у венг. л-ры суправаджаўся развіццём рэалізму (проза І.Этвеша, М.Іошыка). У паэзіі трыбуна рэвалюцыі 1848—49 Ш.Пецёфі рамант. і рэаліст. элементы дасягнулі вяршыні, былі закладзены асновы сучаснай венг.літ. мовы. Л-ра 2-й пал. 19 ст. жывілася ў асноўным праблематыкай новай бурж. эпохі (паэты І.Мадач, Я.Вайда, Арань; празаікі М.Іокаі, К.Міксат). Развіццё і аднаўленне венг. л-ры на пач. 20 ст. звязана з творчасцю паэтаў Э.Адзі, М.Бабіча і Д.Косталаньі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1919 частка венг. пісьменнікаў апынулася ў эміграцыі (А.Габар, Балаж, Б.Ілеш, А.Гідаш, М.Залка). У 1920—30-я г. выступалі т.зв. пісьменнікі-народнікі: П.Верэш, П.Саба, Л.Немет, Дз.Іеш, І.Дарваш і інш. Да авангардызму імкнуліся Л.Касак, Т.Дэры. Пасля 2-й сусв. вайны І.Добазі, Л.Надзь, М.Саба, Ш.Веэрэш і інш. развівалі традыцыі крытычнага рэалізму. Да літ. авангарду 1970-х г. належаць П.Эстэрхазі і Д.Тандары; прадстаўнікі сюррэалізму 1980-х г. — Л.Надзь, Ш.Чоары, Дз.Петры і Л.Краснахоркаі. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб-кі «Венгерскія апавяданні» (1957), «Сучасная венгерская паэзія» (1977), творы Пецёфі, Гідаша, Дарваша, Залкі і інш. На венг. мову перакладаліся асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Адамовіча, В.Быкава, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, П.Глебкі, К.Крапівы, А.Кулакоўскага, А.Куляшова, А.Макаёнка, П.Панчанкі, П.Прыходзькі, М.Танка, В.Таўлая. Т.Хадкевіча, І.Шамякіна.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Венгрыі захаваліся неалітычная кераміка і скульптура, помнікі мастацтва скіфаў і кельтаў, рэшткі рым. пасяленняў, ювелірныя вырабы гунаў і авараў, сляды пасяленняў стараж. славян. З 9 ст. вядома маст. апрацоўка металу. Да 10—11 ст. адносяцца «ніжнія храмы» ў гарадах Фельдэбрэ і Ціхань, да 11 — пач. 13 ст. — раманскія базілікі (у Яку, Печы, Жамбеку), раннегатычная палацавая капэла ў Эстэргаме. У выяўл. мастацтве 11 ст. відавочны ўплыў Візантыі. У канцы 13—15 ст. будуюцца гатычныя цэрквы (у Шопране, Пешце і інш.) і замкі (Дыяшдзьёр, Вішэград). Станковы жывапіс канца 14 — пач. 15 ст. блізкі да сярэднееўрапейскага, у скульптуры вылучаюцца бронзавыя статуі братоў М. і Дз.Колажвары. Росквіту мастацтва Венгрыя дасягнула ў 2-й пал. 15 ст. пры каралю Мацьяшу Хуньядзі (Корвіне). Творчасць італьян. архітэктараў і мастакоў, якія працавалі ў Венгрыі, садзейнічала пашырэнню культуры Адраджэння. У гарадах Буда і Вішэград створаны каралеўскія рэзідэнцыі. Свецкі дух быў уласцівы і царк. будынкам (капэла Бакаца з ордэрным дэкорам пры саборы ў Эстэргаме, 1506—07). У жывапісе захаваліся сувязі з познагатыч. традыцыямі (работы майстра «M.S.», блізкія дунайскай школе). Высокага ўзроўню дасягнулі мастацтва кнігі (рукапісы з рэнесансавым арнаментам з б-кі Корвіна), ювелірныя вырабы, маёліка. Турэцкае нашэсце (1526) надоўга затрымала развіццё венг. культуры. З канца 17 ст. будуюцца пераважна палацы і цэрквы (палац у Рацкеве, цэрквы ў Пешце, Эгеры, Эстэргаме); у мастацтве замацоўваецца аўстр. ўплыў і стыль барока. У барочным жывапісе вылучаюцца творы аўстрыйца Ф.А.Маўльберча. У архітэктуры і скульптуры 1-й пал. 19 ст. пераважаў класіцызм (рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне, 1803—21, арх. М.Печы; Нац. музей у Пешце, 1837—47, арх. М.Полак; партрэты і статуі скульпт. І.Ферэнцы). Пасля рэвалюцыі 1848 гіст. жывапіс прасякнуты нац.-вызв. ідэямі (палотны В.Мадараса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. вядучым стаў рэаліст. жанравы жывапіс (творы М.Мункачы, Ш.Біхары, І.Рэвеса). У галіне пейзажа вылучаліся блізкія да барбізонскай школы жывапісу работы Л.Паала, Л.Медньянскі, П.Сіньеі-Мершэ. У канцы 19 ст. склаліся характэрныя рысы арх. аблічча Будапешта — шырокія магістралі, будынкі ў духу неаготыкі, неабарока і неарэнесансу (парламент, 1884—1896; оперны т-р, 1875—84, арх. М.Ібль). На мяжы 19—20 ст. з’явіліся збудаванні ў стылі мадэрн (Музей прыкладнога мастацтва ў Будапешце, 1896, арх. Э.Лехнер). У 1900—10-я г. працавалі мастакі групы Надзьбаньі, якія выкарыстоўвалі прыёмы пленэрнага жывапісу (Ш.Холашы, К.Ферэнцы, Я.Торма і інш.), майстры альфёльдскай школы — паслядоўнікі Мункачы (Я.Торняі, І.Коста, І.Надзь і інш.), партрэтысты-жанрысты І.Чок, І.Рыпль-Ронаі, мастакі-авангардысты групы «Восем» (К.Кернштак, Б.Пор, Р.Берэнь). Пасля ўстанаўлення ў Венгрыі рэжыму фаш. дыктатуры многія мастакі працавалі ў эміграцыі (Б.Уітц, Ш.Бортнік, Л.Мохай-Надзь і інш.). Для пасляваеннай архітэктуры характэрныя мэтазгоднасць планіроўкі, спалучэнне простых, ясных аб’ёмаў: Нар. стадыён (1948—53), мост «Эржэбет» (1955—65), гасцініца «Дуна Інтэркантыненталь» (1969) у Будапешце, Палац спорту ў Мішкальцы (1970), т-р у Дзьёры (1978), прамысл. будынкі ў Ньірэдзьхазе і інш., гасцініцы ў Дэбрэцэне, Кечкемеце, Хайдусобасла і інш. Сучасныя збудаванні ўдала спалучаюцца з гіст. ансамблямі. У развіцці выяўл. мастацтва Венгрыі важную ролю адыгралі майстры-рэалісты (група альфёльдскіх мастакоў, жывапісцы І.Сёньі, А.Бернат, скульптары Ф.Медзьешы, Ж.Кішфалудзі-Штробль, П.Пацаі, Ш.Мікуш, Б.Ферэнцы). Створаны манумент Вызвалення на гары Гелерт у Будапешце (1947, Кішфалудзі-Штробль), фрэскі на металург. камбінаце г. Дунаўйвараш (1955, Э.Даманоўскі). У 1960—70-я г. ўзмацнілася цікавасць да абстрактных і ўскладненых экспрэсіўных вырашэнняў (жывапіс Ф.Марціна, Т.Дураі, Ф.Салаі, І.Барчаі, скульптура І.Шомадзьі, А.Макрыса, Т.Вільта, графіка Б.Кондара, А.Вюрца) з рысамі сімвалізму і сюррэалізму (жывапіс Т.Чэрнуша, скульптура І.Варгі, графіка А.Гроша, Дз.Хінца). Сярод майстроў станковай і манум. скульптуры Е.Керэньі, М.Боршаш, І.Кіш, Варга, Шомадзьі, Я.Конёрчык і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве сучасныя формы тактоўна спалучаюцца з нар. традыцыямі (кераміка М.Ковача і І.Гадара, габелены Хінца, работы дызайнера Л.Фінты і інш.).
Музыка. Для нар. музыкі Венгрыі характэрна ўзаемадзеянне стараж.-ўсх. асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З 10 ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У 11 ст., з прыняццем каталіцтва, на тэр. Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З 13 ст. сярод венг.нар. інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы. З 15 ст. ў Венгрыі развівалася зах.-еўрап. прыдворная культура (сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вак.-інстр. капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе). З 16 ст. вядомыя свецкія муз. творы на венг. тэксты (апубл. ў зб. Ш.Тынадзі, 1554, і Б.Бакфарка, 1553, 1565). У 17—18 ст. у рэзідэнцыях аўстра-венг. арыстакратаў ствараліся аркестры (у 1761—90 аркестрам кн. Эстэрхазі кіраваў І.Гайдн). Фарміраванне нац. стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец 18 ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я.Біхары, Я.Лаваты, А.Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатр. труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венг. операх І.Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А.Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М.Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф.Эркеля на тэмы нац.-вызв. руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў 19 ст. віртуозы-скрыпачы Э.Рэменьі, Е.Хубаі, а таксама І.Іоахім і Л.Аўэр (пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі). Вяршыня развіцця венг. музыкі 19 ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф.Ліста. На пач. 20 ст. вядомасць набылі аперэты Ф.Легара, І.Кальмана, які ўнёс у аперэту элементы венг. песенна-танц. мелодыкі. Развіццё венг. музыкі 1-й пал. 20 ст. звязана з імёнамі Б.Бартака і З.Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П.Кадаша, Дз.Ранкі, А.Сёлёшы, Ш.Балаша, Дз.Лігеці, Ж.Дурка. Сусв. вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш.Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э.Петравіча («Сей
Тэатр. Вытокі тэатр. культуры ў язычніцкіх абрадах венграў-качэўнікаў. Яе носьбітамі былі скамарохі (ёкулатары), казачнікі (рэгешы). У канцы 17 ст. ўзнік школьны т-р. У 1790 акцёр і тэатр. дзеяч Л.Келемен стварыў прафес.т-р у Пешце. У 1792 браты Феер арганізавалі 2-і венг.т-р у Клужы. У 1-й пал. 19 ст., не вытрымаўшы канкурэнцыі з ням. трупамі, якія мелі дзярж. падтрымку, венг.т-р становіцца вандроўным. Асновы нац. школы мастацтва залажылі акцёры Келемен, Г.Моар, П.Янча, Ж.Сентпетэры, К.Медзьеры, Р.Дэрыне і інш. У 1837 адкрыты «Пешты мадзьяр сінхаз» (з 1840 Нац.т-р). У 2-й пал. 19 ст. створаны Нар.т-р у Будзе (1861), «Непсінхаз» у Пешце (1875), «Вігсінхаз» (1896) і «Мадзьяр сінхаз» (1897) у Будапешце, т-ры ў Мішкальцы, Сегедзе, Печы, Дэбрэцэне, Эгеры і інш. У пач. 20 ст. ствараліся невял. тэатры-студыі. У 1949 т-ры Венгрыі нацыяналізаваны. Узніклі новыя калектывы. Дзейнічаюць тэатры імя І.Мадача, імя К.Кішфалудзі, «Віг», «Талія», маладзёжны імя Ш.Пецёфі і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Т.Маяр, Э.Гелерт, З.Варканьі, Л.Маркуш, Е.Руткаі, М.Тэрэчык. У Будапешце працуюць Ін-т тэатра і кіно, Навукова-даследчы ін-т тэатра.
Кіно. Першыя хранікальныя карціны зняты ў канцы 19 ст., у 1911—13 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. У час рэжыму М.Хорці выпускаліся пераважна агіткі, салонныя драмы, камедыі (фільмы з удзелам Ф.Гааль — «Петэр», «Маленькая мама», 1934). У большасці пасляваенных фільмаў (канец 1940 — 1-я пал. 1950-х г.) — актуальныя праблемы грамадскага жыцця Венгрыі: «Дзесьці ў Еўропе» (1947, рэж. Г.Радваньі), «Пядзя зямлі» (1948, Ф.Бан), «Карусель» (1955, З.Фабры). Сярод фільмаў 1960-х г. «Альба-Рэгія» (1961, рэж. М.Семеш), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965, З.Варканьі), «Зоркі і салдаты» (1967) і «Цішыня і крык» (1968, абодва М.Янча); экранізаваліся творы нац. л-ры. З канца 1960-х г. дзеячы кіно звярнуліся да фільмаў на гіст. тэмы: «Дзесяць тысяч дзён» (1967, Ф.Коша), «Светлыя вятры» (1969), дылогія «Венгерская рапсодыя» і «Allegro barbaro» (1979). Здымаюцца фільмы для дзяцей, анімацыйныя, кінадакументалістыка. Сярод рэжысёраў і акцёраў: Янча, М.Месараш, З.Хусарык, Дз.Кабаш, П.Явар, Е.Руткаі, І.Печы. Кадры рыхтуе Вышэйшая школа т-ра і кіно ў Будапешце (кінафакультэт з 1946). У 1969 заснаваны Саюз работнікаў кіно і тэлебачання Венгрыі.
Літ.:
История Венгрии. Т. 1—3. М., 1971—72;
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991;
Марков Д.С. Венгрия. М., 1990;
Тихомиров А.Н. Искусство Венгрии IX—XX вв. М., 1961;
Кодай З. Венгерская народная музыка: Пер. с венг. Будапешт, 1961;
Сабольчи Б. История венгерской музыки: Пер. с венг. Будапешт, 1964;
Герб і сцяг Венгрыі.Да арт.Венгрыя: мост «Эржэбет» у Будапешце (уверсе); вадасховішча ў гарах Матра.Да арт.Венгрыя. Майстра М.Калажвары. Рэлікварый «Святы Ласла». 2-я пал. 14 ст.Да арт.Венгрыя. Рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне. Арх. М.Печы. 1803—21.Да арт.Венгрыя. Будынак першага венгерскага Нацыянальнага тэатра. Будапешт. З гравюры 19 ст.Да арт.Венгрыя. Тэатр камедыі «Вігсінхаз» у Будапешце. Фота канца 19 ст.Да арт.Венгрыя. Будынак тэатра ў г. Эгер.Да арт.Венгрыя. Будынак парламента ў Будапешце. Арх. І.Штэйндль. 1884—96.Да арт.Венгрыя. Тэатр пад адкрытым небам на Саборнай плошчы ў г. Сегед.Да арт.Венгрыя. Сцэна са спектакля «Берэніка» Ж.Расіна ў Тэатры імя К.Кішфалудзі ў г. Дзьёр. Дэкарацыі В.Вазарэлі.Да арт.Венгрыя. Партал царквы ў Яку. 1220—56.Да арт.Венгрыя. М.Мункачы. Сляпы Мільтан, які дыктуе сваім дочкам паэму «Страчаны рай». 1878.Да арт.Венгрыя. Сялянскія дамы ў этнаграфічным раёне Гечэй каля г. Залаэгерсег.Да арт.Венгрыя. І.Чок. Куток атэлье. 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́МБІЯ (Colombia),
Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗПаўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс.км². Нас. 37418 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.
Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах.ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх.ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.
Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс.м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс.м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн.чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.С.Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз.т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.
У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал.партыз. арг-цыі: Рэв.ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал.партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.
Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд.дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля 3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн.т нафты і каля 5 млрд.м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн.т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс.т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд.кВтгадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн.т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім.прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс.т цукру і 1510 млн.л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн.т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф.прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс.га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс.т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс.т какавы, каля 1,7 млн.т бананаў, 23 тыс.т тытуню, 0,3 млн.т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас.р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс.т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс.т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс.км (у т. л. 12,6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс.км, нафтаправодаў 2,5 тыс.км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн.дол., імпарт 13 853 млн.дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст.Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.Ж.Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.Х.Ортыса, Х.Арбаледы, Х.Э.Кара, Р.Помба, Х.Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.М.Сампер, Х.М.Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.Сільва, Г.Валенсія, Х.М.Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.Мая. Сац. раман Х.Э.Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.Урыве П’едраіта, Х.А.Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.К.Лопес, П.Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.Рэстрэпа Харамільё, А.Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.
Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.Кастра Сааведры, М.Сепеду Варгасу, Ф.Арбелаэсу, Э.Эскабару, празаікам Д.Руісу Гомесу, А.Дуке Лопесу, Р.Э.Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.Шэрман, С.Шупа, В.Тарас.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс.н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл.буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.Н.Гомес Агудэла, Х.Р.Мантэра, Г.Серана Камарга, М.Г.Салана, Ф.Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.Х.Фігероа, Х.М.Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.Гарай, Р.Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст.быт. жанру і партрэта (М.Дыяс Варгас, Э.Мартынес, скульпт. Х.А.Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.А.Акуньі, А.Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.Абрэгон, Э.Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.
Літ.:
Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Калумбіі.Да арт.Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.Да арт.Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.Да арт.Калумбія. Від горада Баранкілья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУ́ (Perú),
Рэспубліка Перу (República del Perú), дзяржава ў зах. частцы Паўд. Амерыкі. На Пн мяжуе з Эквадорам і Калумбіяй, на У — з Бразіліяй, на ПдУ — з Балівіяй, на Пд — з Чылі. На З абмываецца Ціхім ак.Пл. 1284 тыс.км². Нас. 27 млн.чал. (2000). Дзярж. мовы кечуа і іспанская. Сталіца — г.Ліма. Краіна падзяляецца на 24 дэпартаменты і правінцыю Кальяо. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліп.).
Дзяржаўны лад. П. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які выбіраецца прамым тайным галасаваннем на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Кангрэсу Рэспублікі, які выбіраецца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад на чале са старшынёй Савета міністраў.
Прырода. Паводле рэльефу тэр. П. падзяляецца на 3 часткі (Коста, Сьера, Сельва): пустынная паласа берагавых раўнін на З (шыр. да 180 км); у цэнтры магутная сістэма Перуанскіх Андаў з участкамі плато і пласкагор’яў, з вяршыняй Уаскаран (6768 м), патухлымі і дзеючымі вулканамі; на ПнУ і Узах. ч.
Амазонскай нізіны. Бываюць моцныя землетрасенні і вывяржэнні вулканаў. Змена халоднага Перуанскага (або Гумбальта) цячэння на цёплае Эль-Ніньё перыядычна (прыкладна раз у 7—10 гадоў) выклікае значныя экалагічныя і эканам. катастрофы. Карысныя выкапні: нафта, руды цынку, свінцу, серабра, кадмію, ртуці, малібдэну, вісмуту, селену, германію, жалеза і інш. На прыбярэжных астравах паклады гуана. Клімат берагавых раўнін і зах. схілаў Андаў трапічны, пустынны, амаль без ападкаў. Сярэднямесячныя т-ры 17—25 °C на Пн і 15—24 °C на Пд. Клімат горнай ч. краіны высакагорна-трапічны, больш вільготны на Пн (ападкаў да 1000 мм) і кантынентальны на Пд (ападкаў 700—800 мм за год). Сярэднія т-ры паветра ў міжгорных далінах у ліп. 5—12 °C, у студз. 9—16 °C з рэзкімі сутачнымі ваганнямі. У высакагор’і клімат больш халодны, на вяршынях (вышэй за 4—5 тыс.м) — вечныя снягі. На ўсх. схілах Андаў і ў нізінах клімат вільготны экватарыяльны (ападкаў да 3000 мм за год). Сярэднямесячныя т-ры 24—27 °C. Большая ч. рэк належыць бас. Амазонкі (Амазонка, Мараньён, Укаялі і інш.). У Ціхі ак. упадаюць кароткія малаводныя рэкі. На ПдУч. высакагорнага воз. Тытыкака. Расліннасць берагавых раўнін і зах. схілаў Андаў пустынная і паўпустынная (рэдкія хмызнякі і кактусы), на ўнутр. пласкагор’ях і плато — высакагорны трапічны стэп (халка) і паўпустыня (пуна). Усх. схілы Андаў і раўніны на У укрыты вільготнымі вечназялёнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (каўчуканосы, хіннае дрэва, кока і інш.). Пад лесам і хмызнякамі 66% тэрыторыі. Жывёльны свет берагавых раўнін збеднены; на міжгорных плато — ламы (гуанака, вікунья), шмат птушак; на ўсх. раўнінах — малпы, ляніўцы, мурашкаеды, тапіры, пекары, пумы і ягуары, птушкі, паўзуны. Ціхі ак. каля берагоў П. вельмі багаты біял. рэсурсамі. У краіне 2 нац. паркі — Уаскаран (3,4 тыс.км²) і Ману (15,1 тыс.км²), уключаныя ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, 16 рэзерватаў.
Насельніцтва. Каля 60% перуанцы, народ мяшанага іспана-індзейскага паходжання, складаюць большасць у прыбярэжных раёнах. У горных раёнах жывуць індзейцы (каля 35% нас.), на Пн і ў цэнтры — кечуа, на Пд каля воз. Тытыкака — аймара. Ёсць групы імігрантаў (японцы, кітайцы, іспанцы і інш.). У антрапалагічных адносінах мангалоідаў (індзейцы, асобныя групы перуанцаў і інш.) 45%, метысаў 37%, еўрапеоідаў 15%. Сярод вернікаў католікі (93%) і пратэстанты (5%). Натуральны прырост каля 2% за год. Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км², у арашальных раёнах на ўзбярэжжы і ў міжгорных далінах перавышае 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах памяншаецца да 1—5 чал. на 1 км². У горных раёнах жыве 52% нас., на ўзбярэжжы — 39%, на ўсх. раўнінах — 9%. У гарадах пражывае 71% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Ліма (з прыгарадамі) — 6742,6, Арэкіпа —981,3, Кальяо — 648,2, Трухільё — 532, Чыклаё — 420, П’юра — 315. У сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве занята 36% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 18%, у сферы паслуг — 46%.
Гісторыя. Тэр. П. заселена індзейцамі каля 20 тыс.г. назад. У 5-м тыс. да н.э. на ўзбярэжжы П. з’явіліся ачагі земляробства, пачалося прыручэнне ламы. У 2-м тыс. да н.э. ў паўн. П. ўзнікла першая вядомая мясц. цывілізацыя — чавін, якая дасягнула росквіту каля 900 да н.э. У 1-м тыс.н.э. развітыя культуры стварылі індзейцы мачыка, тыаўанака і інш. Да 13—15 ст. адносіцца росквіт дзяржавы Чыму на Пн П. з цэнтрам у г. Чан-Чан. Каля 1200 інкі на Пд П. стварылі дзяржаву Таўантынсую. У момант свайго росквіту (16 ст.) яна ўключала разам з тэр. П. сучасныя тэр. Эквадора, Балівіі, Аргенціны, Чылі з насельніцтвам ад 8 да 15 млн.чал. У 1532—36 П. заваявалі ісп. канкістадоры на чале з Ф.Пісара. У час ісп. панавання тэр. П. ўваходзіла ў склад віцэ-каралеўства П. Найб. антыісп. паўстанне індзейцаў на чале з Тупакам Амару адбылося ў 1780—81. У 1809 пачалася вайна за незалежнасць П. 28.7.1821 абвешчана незалежнасць П. у 1827 прынята першая канстытуцыя, якая абвясціла краіну рэспублікай. У выніку вайны з Чылі ў 1879—84 П. страціла багатую салетрай прав. Тарапака. Знясіленае вайной П. трапіла ў фін. залежнасць ад замежных дзяржаў, найперш ад ЗША. Становішча ў краіне значна пагоршылася ў час прэзідэнцтва А.Б.Легія-і-Сальседа (1919—30), які ўсталяваў сваю дыктатуру. У 1924 В.Р.Ая дэ ла Торэ заснаваў у выгнанні Амер. нар.-рэв. альянс (АПРА), на базе якога ўзнік папулісцкі нацыяналіст. рух — апрызм, што адлюстроўваў інтарэсы сярэдніх слаёў насельніцтва. У вер. 1930 створана Перуанская апрысцкая партыя (ПАП), якая выступала за нацыяналізацыю буйной прам-сці і роўныя правы для ўсіх грамадзян, у т. л. для індзейцаў. Пасля таго, як ПАП стала на шлях паліт. тэрору, яна была забаронена, але і ў падполлі захавала значны ўплыў у грамадстве ў 1930—40-я г. Урад Ф.Белаундэ Тэры, які прыйшоў да ўлады ў 1963, спрабаваў ажыццявіць дэмакр. рэформы, але вымушаны быў капітуляваць перад замежнымі манаполіямі і мясц. алігархіяй. Гэта выклікала патрыят. ўздым у грамадстве, у т. л. ў арміі. У кастр. 1969 армія скінула Белаундэ Тэры, новы рэв. ўрад узначаліў ген. Х.Веласка Альварада. Былі нацыяналізаваны некат. прадпрыемствы, якія належалі манаполіям ЗША, прыняты закон пра аграрную рэформу. Але наступны ўрад ген. Ф.Маралеса Бермудэса (з 1975) зрабіў шэраг уступак замежнаму і мясц. капіталу і пачаў дэнацыяналізацыю.
У 1979 ваенныя перадалі ўладу цывільным дзеячам. Пры прэзідэнце Белаундэ Тэры (1980—85) працягваўся адыход ад рэформ. На прэзідэнцкіх выбарах 1985 перамог кандыдат ПАП А.Гарсія Перэс, які намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. пераўтварэнняў, але не здолеў спыніць крызісныя з’явы — інфляцыю, беспрацоўе. Вял. праблемай стаў масавы тэрор левых экстрэмісцкіх арг-цый. У 1990 прэзідэнтам абраны незалежны кандыдат А.Фухіморы, зноў перавыбраны ў 1995 і, у парушэнне канстытуцыі, у маі 2000. Пры ім была ажыццёўлена праграма стабілізацыі эканомікі П., значна зменшана інфляцыя, дасягнуты вял. поспехі ў барацьбе з левым экстрэмізмам. У ліст. 2000 Фухіморы, з-за абвінавачванняў яго акружэння ў сувязях з наркамафіяй, быў вымушаны адмовіцца ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1997.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. Сярэднеразвітая краіна Лацінскай Амерыкі. У 1990-я г. праводзіліся рэформы, у т. л. аграрныя, што садзейнічала павелічэнню замежных інвестыцый і зніжэнню інфляцыі. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 111,8 млрд.дол., каля 4300 дол. на чалавека. 7% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы. 37% — у прам-сці, 56% — у сферы паслуг. З галін прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная (дае каля 45% кошту экспарту). Асн. раёны здабычы — цэнтр. і паўд.-зах.ч. Андаў, буйн. радовішчы каляровых металаў Сера-дэ-Паска і Ароя. Здабыча (тыс.т, 1997): серабра 2,1, свінцу 257, цынку 865, медзі 503, волава 28, малібдэну 5, вальфраму 1,4, вісмуту 0,7, жал. руды 5000, нафты 9500; золата здабыта 65 т. Для сельскай гаспадаркі распрацоўваюцца паклады гуана. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (цукр., мукамольная, рыбная, тытунёвая), тэкст., швейная, рыбаперапрацоўчая, металургічная, хім., цэментная, электратэхн., аўтазборачная, суднабудаўнічая. Гал. цэнтр машынабудавання і чорнай металургіі — Арэкіпа, каляровай металургіі — Іла і Ароя, нафтаперапрацоўкі — Талара. Каля пал. прадукцыі апрацоўчай прам-сці даюць Ліма, Арэкіпа і Трухільё. Рыбаперапрацоўчая галіна (штогадовы ўлоў 10—11 млн.т, каля 90% анчоўсы) займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці рыбнай мукі і рыбнага тлушчу (каля 130 заводаў, асн. цэнтр Чымботэ). Вытв-сць электраэнергіі 16,2 млрд.кВт∙гадз (1996), 81% даюць ГЭС. У лясах на У нарыхтоўка каштоўнай драўніны і каўчуку. Развіты саматужныя промыслы і рамёствы (асабліва ў індзейцаў). У сельскай гаспадарцы апрацоўваецца каля 4 млн.гатэр., у т. л. арашаецца 1,3 млн.га; пад пашай і лугамі каля 27 млн.га. Захоўваецца значная агр. перанаселенасць. Каля 60% аб’ёму с.-г. вытв-сці прыпадае на дробных і сярэдніх вытворцаў, каля 40% — на латыфундыі і буйныя агр. комплексы. Раслінаводства дае 70% валавой прадукцыі галіны. Гал. экспартныя культуры (тыс.т, 1997): кава — 103, цукр. трыснёг — 6099, бавоўна (пераважна доўгавалакністая) — 202, какава, чай. Важнейшыя харч. культуры (тыс. τ): пшаніца — 121, кукуруза — 704, рыс — 1080, бульба — 1960, батат, маніёк, ячмень. Вырошчваюць арахіс і тытунь, развіты агародніцтва, бахчаводства, вінаградарства, садоўніцтва. П. — адзін з гал. незаконных вытворцаў какаіну. Жывёлагадоўля мяса-воўнавага кірунку, спецыялізуецца на развядзенні (млн. галоў, 1997): авечак — 13,1, буйн. раг. жывёлы — 4,6, свіней — 2,5, коз — 21. Гадуюць таксама лам і альпак, коней, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—80,1 млн. курэй). Земляробства развіта на ўзбярэжжы і ў міжгорных далінах, жывёлагадоўля — у гарах і на ўчастках высакагорных плато. Транспарт аўтамаб. (60% перавозкі грузаў і 90% пасажыраў унутры краіны), чыг., марскі, унутр. водны. Даўж. аўтадарог 72,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,4 тыс.км; чыгунак 2 тыс.км, унутр. водных шляхоў (бас. Амазонкі і воз. Тытыкака) — 8,6 тыс.км; нафтаправодаў — 0,8 тыс.км. У краіне 500 тыс. легкавых і 275 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1998). Асн. аўтамагістралі — Панамерыканская шаша на ўзбярэжжы ад граніцы з Эквадорам да граніцы з Чылі, Трансандыйская шаша Ліма — Пукальпа. Адзіная чыг. сетка адсутнічае. Знешнія сувязі пераважна марскім флотам. Гал. марскія парты: Кальяо, Чымботэ, Іла, Пайта, Мальенда; рачны порт Ікітас. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 244 аэрапорты. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд.дол., імпарт — 10,3 млрд.дол. П. экспартуе медзь, цынк, рыбную муку і інш. рыбапрадукты, нафту і нафтапрадукты, свінец, каву, бавоўну, цукар; імпартуе машыны, трансп. сродкі, харч. прадукты, спажывецкія тавары, чыгун і сталь, хімікаты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (20% экспарту, 31% імпарту), Вялікабрытанія, Японія, Кітай, Германія, Калумбія, Чылі, Венесуэла. Знешні доўг 25,7 млрд.дол. (1996). Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Дадатковая крыніца даходаў — міжнар. турызм (у 1998 прынёс 878 млн.дол., наведала 0,9 млн. замежных турыстаў). Грашовая адзінка — соль (новы соль з 1991).
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (125 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (78 тыс.чал.), у т. л. 77 тыс. у нац. паліцыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 85 тыс.чал., больш за 400 танкаў, каля 300 бронетранспарцёраў і інш. У ВПС 15 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, 23 баявыя верталёты. У ВМС 25 тыс.чал., у т. л. 3 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 10 баявых караблёў, у т. л. 2 крэйсеры, 4 фрэгаты; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў і 13 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Медыцынская дапамога пераважна платная (установы сац. страхавання, прыватная ўрачэбная практыка). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 68, жанчын 72 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 5,7 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 509 чал., урачамі — 1 на 1116 чал. Дзіцячая смяротнасць — 39 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 600 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Peniano» («Перуанец», з 1825), «El Comercio» («Гандаль», з 1839), «Expreso» («Экспрэс», з 1961), «Ojo» («Оха», з 1968), «República» («Рэспубліка», з 1982). Нац.інфарм. агенцтва — Ахенсія дэ Натысіяс Андына (з 1981). Працуюць Дзярж. служба радыёвяшчання і тэлебачання П. (з 1974), урадавая служба «Радыё насьёналь дэль Перу» (з 1937). Дзейнічаюць 293 радыёстанцыі. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 6 каналаў (2 урадавыя, вядуць перадачы па пытаннях культуры і асветы).
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове, а таксама на мовах кечуа і аймара. Помнікі дакалан. перыяду — лірычныя песні, рэліг. гімны, міфалагічныя паданні, нар. драма «Апу-Альянтай» (на кечуа, апубл. 1853). Калан. перыяд (16 — пач. 19 ст.) адзначаны гіст. хронікамі Ф.Г.Помы дэ Аялы, Інка Гарсіласа дэ ла Вегі, геагр. і этнагр. апісаннямі. Пад уплывам ісп. л-ры, стыляў барока і класіцызму ствараліся рэліг,філас. лірыка Д. дэ Ахеды, асветніцкая і сатыр. паэзія і проза П. дэ Перальты Барнуэва, Х. дэль Валье Каўедэса. Нац.-вызв. барацьба і атрыманне незалежнасці (1821) спрыялі ўсталяванню ў л-ры рамантызму: паэзія М.Мельгара, К.А.Салаверы, паліт. проза Ф.Касаса Флорэса, гіст. раманы Х.А.Лавалье. На мяжы 19—20 ст. вызначальнымі сталі «Перуанскія паданні» Р.Пальмы (т. 1—12, 1872—1915), індыхенісцкі раман «Птушкі без гнязда» К.Мата дэ Турнер (1889), рэаліст. паэзія і публіцыстыка М.Гансалеса Прады. У пач. 20 ст. моўнае і канцэптуальнае абнаўленне паэзіі звязана з узнікненнем мадэрнісцкіх (Х.С.Чакана), постмадэрнісцкіх (А.Вальдэламар), сімвалісцкіх (Х.М.Эгурэн), авангардысцкіх (Х.Пара дэль Рыега, А.Ідальга) плыней. Асобнае месца ў развіцці грамадскай і літ. думкі П. займае творчасць Х.К.Марыятэгі, паэта і празаіка С.Вальеха, стваральніка рамана пра індзейцаў-шахцёраў «Валіфрам» (1931). У 2-й пал. 20 ст. ўзмацнілася тэндэнцыя да пераемнасці і абнаўлення ў эксперыментальнай (Х.Абрыль, Э.А.Вестфален) і грамадзянскай (А.Рамуальда, Х.Г.Росе) паэзіі. З сац.-крытычнымі раманамі выступілі пісьменнікі-індыхеністы С.Алегрыя, Х.М.Аргедас, М.Скорса, крытычны пачатак пераважае ў прозе Х.Р.Рыбейра, паэзіі С.Саласара Бондзі.
Наватарствам вызначаюцца паэзія М.Адана, проза Э.Конграйнса Марціна, М.Варгаса Льёсы, для якіх характэрны сац. крытыцызм і псіхал. глыбіня.
Архітэктура. З пач.н.э. на ўзбярэжжы Ціхага акіяна складаліся культуры раннекласавага грамадства (Наска, Мачыка, Чыму), з сярэдзіны 15 ст. — культура інкаў. З 1530-х г. развівалася культура ісп. каланізатараў. Стараж. гарады П. мелі прамавугольныя кварталы, вузкія вуліцы, крэпасці, некропалі, храмы, амфітэатры, «абсерваторыі», пахавальныя вежы, ступеньчатыя піраміды, штучныя пячоры і інш. На ўзбярэжжы пераважалі пабудовы з сырцовай цэглы з рэльефным аздабленнем звонку і размалёўкамі ўнутры, у гарах — з масіўных каменных блокаў (Мачу-Пікчу, Саксаўаман). Гарады 16 ст. з прамавугольнай сеткай вуліц, дамы мелі дворыкі-патыо, касцёлы — цагляныя гатычныя скляпенні, саборы ў стылі позняй ісп. готыкі (Куска, Ліма). У 17—18 ст. ў росквіце перуанскі варыянт барока — пабудовы простыя ў плане, з развітым арх. дэкорам (кляштар Сан-Франсіска ў Ліме). На ўзбярэжжы (Ліма, Трухільё) будынкі атынкоўвалі, пакрывалі разным арнаментам, страката расфарбоўвалі, у інтэр’ерах і дварах аздаблялі кафляй. У горных раёнах (Куска, Арэкіпа, Кахамарка) каменная архітэктура магутная, статычная, яе багаты разны дэкор спалучае матывы еўрап. мастацтва з выявамі на тэмы індзейскай міфалогіі («метыскі стыль»), У 19 ст. панавала перайманне франц. класіцызму, з 1870-х г. — еўрап. неакласіцызму і эклектызму. У пач. 20 ст. спробай адраджэння нац. традыцый стаў неакалан. стыль з дэкорам у духу перуанскага барока (арх. Р.Маркіна, К.Саўт), у 1920-я г. — неаперуанскі стыль (арх. М.Пікерас Католі, Э.Арт-Тэрэ), якія спалучалі стараж. пластыку і лаканізм з функцыян. мэтазгоднасцю. З сярэдзіны 20 ст. ўзводзяць вышынныя адм. і дзелавыя будынкі, навуч. комплексы, мікрараёны ў сучасных стылях (арх. М.Б’янка, Э.Сеаане Рос і інш.), рэканструююцца старыя гарады. Захоўваецца і традыц.буд-ва з адобы, каменю, трыснягу і інш.Арх. помнікі 16—18 ст.г. Куска, крэпасць і свяцілішча інкаў Мачу-Пікчу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У 1-м тыс. да н.э. развіваліся культуры на ўзбярэжжы Ціхага ак. (Паракас, Салінар і інш.) і ў горных раёнах. З пач.н.э. на ўзбярэжжы склаліся культуры раннякласавага грамадства (Наска, Мачыка, Чыму), якія з сярэдзіны 15 ст. змяніліся культурай інкаў. З 12 ст. да н.э. вядома кераміка з манахромным, рэльефным або гравіраваным дэкорам, размалёўка фігурных ваз, шматколерная размалёўка з тонкім лінейным малюнкам, пасудзіны ў выглядзе жывёл або з партрэтнымі тварамі. Колерам, арнаментыкай вызначаліся ваўняныя і баваўняныя тканіны, дываны, плеценыя з пер’я; з золата і серабра выраблялі фігуркі, маскі, вазы, упрыгожанні. З 16 ст. існавалі маст. школы, якія зазналі ўплыў стараж. мастацтва. Побач з перайманнем еўрап. маньерызму (скульпт. і жывапісец Б.Біты, канец 16 ст.) і барока (жывапісец А. дэ Медора, скульпт. П. дэ Нагера, 1-я пал. 17 ст.) развіваўся самабытны «метыскі стыль» (школа Куску). У рэчышчы рэалізму працаваў скульптар-індзеец Х.Т.Туйру Тупак. У пач. 19 ст. развіваліся жывапісны партрэт (Х.Хіль дэ Кастра), бытавы жанр (Ф.Ласа), кастумбрызм (Панча Ф’ера). У 20 ст. ў мастацтве П. пашырыліся тэмы нар. жыцця, адраджаліся нац. традыцыі (К.Блас, Х.Кадэсіда, Х.Сабагаль і інш.). Развіваліся кубізм, экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва. У манумент.-дэкар. жывапісе пераважала нац.-патрыят. тэматыка (Т.Нуньес Урэта). У нар. мастацтве спалучаюцца індзейскія і ісп. традыцыі. Вырабляюць плашчы «понча» з геам. узорам, пасудзіны «матэ» з гарбузоў з выпаленымі малюнкамі, драўляныя пасудзіны «кера» з яркай інкрустацыяй, кераміку і інш.
Літ.:
Гавриков Ю.П. Перу: от инков до наших дней. М., 1977;
История Перу с древнейших времен до конца XX в. М., 2000;
Мариатеги Х.К. Семь очерков истолкования перуанской действительности: Пер. с исп. М., 1963;
Перу: социал.-экон. и полит. развитие (1968—1980). М., 1982;
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки в XX в. М., 1972;
Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;
Герб і сцяг Перу.Да арт.Перу. Прыбярэжная пустыня каля г. Трухільё.Да арт.Перу. Горад Куска.Да арт.Перу. На пласкагор’і Перуанскіх Андаў.Да арт.Перу. Крэпасць і свяцілішча Мачу-Пікчу.Да арт.Перу. Кляштар Сан-Франсіска ў Ліме. Сярэдзіна 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДА (Canada),
дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае паўн.ч. мацерыка і прылеглыя астравы (Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер і інш.). На Пд і ПнЗ мяжуе з ЗША, на 3, Пн і У абмываецца Ціхім, Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі і іх морамі. Падзяляецца на 10 правінцый і 2 тэрыторыі. Пл. 9976 тыс.км² (2-е месца ў свеце пасля Расіі). Нас. 29,1 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Атава. Афіц. мовы — англійская і французская. Нац. свята — Дзень Канады (1 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная парламенцкая дзяржава; канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у склад Садружнасці. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982, палажэнні Акта аб Брыт.Паўн. Амерыцы (1867), а таксама нормы звычаёвага права. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр К. Губернатар падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра К. ( у т. л. ўсе б. міністры, старшыня Вярх. суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад К. Губернатар ад імя брыт. манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 чл., якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае губернатар. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканад. і выканаўчыя органы.
Прырода. Рэльеф пераважна ўзгорысты і раўнінны. Каля 74 тэр. К. — раўніны і плато; на З мацерыковай часткі краіны і на ПнУ Канадскага Арктычнага архіпелага — горы. Больш за палавіну мацерыковай часткі К. займае невысокае ўзгорыстае з мноствам азёр і балот Лаўрэнційскае ўзвышша выш. 300—500 м. На Пд і ПдЗ да ўзвышша ; прылягаюць Цэнтр. раўніны выш. да 300 м, на З — Вял. раўніны. на ПнЗ — нізіна р. Макензі. На З уздоўж узбярэжжа Ціхага ак. цягнуцца маладыя складкаватыя горы Кардыльеры, якія на тэр. К. падзяляюцца на ўсх. (Скалістыя горы) і зах. (Берагавы хр.выш. больш за 4000 м, масіў Св. Ільі з г. Логан — 6050 м) сістэмы горных хрыбтоў і зоны ўнутр. плато. На крайнім ПдУ — узгорыста-нізкагорная вобласць Апалачаў (выш. 500—700 м). К. займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды, каляровых і каштоўных металаў (Лаўрэнційскае ўзв., Апалачы, Кардыльеры), багатая вуглем, нафтай, прыродным газам, калійнымі солямі (Унутр. раўніны). Клімат у асноўным умераны і субарктычны, унутр. раёнаў рэзка кантынентальны, на зах. і ўсх. узбярэжжах марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пн -35 °C, на Пдцэнтр. часткі -20 °C, на У каля -5 °C, на З да 4 °C, у ліп. ад 5 °C на Пн да 22 °C на Пд. Гадавая колькасць ападкаў на У 1000—1400 мм, у цэнтр. частцы 200—500 мм, на З 2500 мм. Зімой усюды ўстойлівае снегавое покрыва. На Пн шматгадовая мерзлата. У К. 20% аб’ёму прэснай вады на планеце. Густая і паўнаводная рачная сетка. Найб. рэкі: Макензі, Нельсан, Св. Лаўрэнція, Юкан, Фрэйзер, Калумбія. Каля 4 млн. азёр, у т. л.Вял. азёры, Вініпег, Атабаска, Вял. Нявольніцкае, Вял. Мядзведжае. Шмат буйных вадасховішчаў. На раўнінах яскрава выражана занальнасць глебава-расліннага покрыва і жывёльнага свету. З Пн на Пд змяняюцца зоны: арктычных пустынь, тундры з тарфяна-глеевымі глебамі, лясоў (хваёвых і мяшаных) на падзолістых глебах, лесастэпаў і стэпаў з цёмна-каштанавымі і чарназёмнымі глебамі. У гарах прасочваецца вышынная пояснасць. Каля 450 млн.га укрыта лясамі. Запас таварнай драўніны 20 млрд.м³. Шмат пушных звяроў — канадская рысь, куніца, ліс, выдра, бабёр, норка і інш. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі: Вуд-Бафала, Джаспер, Банф, Глейшэр і інш.; шматлікія правінцыяльныя паркі і рэзерваты.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — нашчадкі еўрап. перасяленцаў, пераважна англа-канадцы (каля 44%, у 9 правінцыях) і франка-канадцы (каля 28%, пераважна ў правінцыі Квебек), а таксама немцы і ўкраінцы (асабліва ў стэпавых правінцыях), італьянцы (у гарадах), скандынавы, галандцы, венгры. палякі, літоўцы, латышы, беларусы, кітайцы, японцы, філіпінцы, арабы і інш. Карэннае насельніцтва — індзейцы (каля 500 тыс.чал.) жывуць пераважна ў зоне хваёвых лясоў на Пн, эскімосы (каля 30 тыс.чал.) — на крайняй Пн. З вернікаў найб. католікаў (каля 42%), пратэстантаў, англікан, прыхільнікаў канадскай аб’яднанай царквы. Сярэдняя шчыльн. каля 3 чал. на 1 км".
Больш за 90% насельніцтва жыве на Пд уздоўж граніцы з ЗША, у т. л. 2/3 у прыазёрнай частцы з цэнтрам у г. Таронта і ў даліне р.Св. Лаўрэнція з цэнтрам у г. Манрэаль. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1993). Буйнейшыя гарады (млн.чал., 1992): Таронта — 3,89, Манрэаль—3,13, Ванкувер — 1,6, Атава — 0,92, Эдмантан — 0,84, Калгары — 0,75, Вініпег —0,65, Квебек — 0,64, Гамільтан — 0,60. У прам-сці заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. К. насялялі індзейцы (прыбылі з Азіі каля 20 тыс. гадоў назад) і эскімосы (засялілі паўн. ўзбярэжжа К. каля 5 тыс. гадоў назад). Яны захоўвалі родаплемянныя адносіны, займаліся паляваннем, рыбалоўствам, земляробствам. У 1497 на в-ве Ньюфаўндленд упершыню высадзіліся еўрапейцы (экспедыцыя Дж.Кабата). У 1534 і 1535 землі каля заліва Св. Лаўрэнція і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція даследавалі экспедыцыі франц. навігатара Ж.Карцье. У 1605 французы заснавалі паселішчы Пор-Руаяль (цяпер Новая Шатландыя), у 1608 — Квебек (стаў цэнтрам калоніі Новая Францыя). Павольнае засяленне і асваенне зямель каланістамі (у 1663 іх жыло каля 2,5 тыс.) суправаджалася вынішчэннем індзейскіх плямён. Еўрап. гандляры захапілі манаполію на пушны промысел, рабавалі карэнных жыхароў. З 1663 К. — дзярж. калонія Францыі (устаноўлена каралеўскае праўленне на чале з губернатарам, пры якім дзейнічаў савет з духавенства і знаці). У час франц. панавання тут склаўся клас буйных землеўладальнікаў (сеньёраў), значнымі землямі валодала каталіцкая царква. З 2-й пал. 17 ст. ў Новай Францыі пачалося фарміраванне капіталіст. адносін і станаўленне франка-кан. нацыі. Каланізацыя К. суправаджалася барацьбой за панаванне паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (першае англ. паселішча ў К. засн. ў 1623). У выніку калан. войнаў 1689—97, 1702—13, 1744—48 англічане завалодалі землямі вакол Гудзонава зал. (паводле Утрэхцкага дагавора 1713), ч. Ньюфаўндленда і Новай Шатландыяй, у 1758 — Ціхаакіянскім узбярэжжам (э 1858 Брыт. Калумбія), а ў выніку Сямігадовай вайны 1756—63 — усёй Новай Францыяй (63 тыс. жыхароў). Пасля вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 у К. эмігрыравала каля 40 тыс.англ. лаялістаў (праціўнікаў незалежнасці ЗША, у 1784 яны ўтварылі калонію Нью-Брансуік). Новыя тэрыторыі ўлады Вялікабрытаніі назвалі Квебек. Паводле канстытуцыйнага акта 1791 канчаткова аформлены межы і грамадскі лад брыт.калан. уладанняў у Паўн. Амерыцы; Квебек падзелены на 2 правінцыі: Ніжнюю К. (большасць франкамоўнага насельніцтва) і Верхнюю К. (большасць англамоўных жыхароў), створаны іх двухпалатныя парламенты; калан. ўлада належала губернатару, якога прызначаў брыг. манарх. Захоўванне ў К. феад. ін-таў і буйнога сеньярыяльнага землеўладання стрымлівала развіццё капіталіст. адносін (пасяленцы хацелі мець права свабоднага валодання зямлёй), а палітыка асіміляцыі франкамоўнага насельніцтва абвастрыла і нац. супярэчнасці. Пасля англа-амерыканскай вайны 1812—14 партыі прыхільнікаў рэформ («патрыёты») на чале з У.Л.Макензі (у Верхняй К.), Л.Ж.Папіно (у Ніжняй К.), Дж.Хау (Нью-Брансуік і Новая Шатландыя) актывізавалі рух за дэмакр. рэформы і самакіраванне. Да 1834 яны кантралявалі дзейнасць парламентаў Квебека. Эканам. крызіс 1836—37 і ўціск з боку калан. улад выклікалі паўстанні ў Ніжняй (6 ліст.) і Верхняй К. (4 снеж.). У выніку паражэння паўстання Папіно і Макензі з групай прыхільнікаў эмігрыравалі ў ЗША; узбр. барацьба на амер.-кан. мяжы працягвалася каля 2 гадоў. У 1838 каралева Вікторыя паслала ў К. лорда Дэргема з даручэннем прааналізаваць прычыны паўстання. У 1840 англ. парламент па рэкамендацыі Дэргема прыняў Акт пра аб’яднанне правінцый. У 1848 у правінцыях Квебек і Новая Шатландыя (пазней і ў інш.паўн.-амер. калоніях) сфарміраваны новыя ўрады, адказныя перад мясц. парламентамі. Паводле закону 1854 у К. адменены сеньярыяльная сістэма, выкуп зямлі сялянамі, абмежаванні ў гандлі, што паспрыяла ўздыму кан. эканомікі і пачатку прамысл. перавароту (пабудавана транскантынент. чыгунка, развівалася параходства, узніклі машынабудаванне, металургічная вытв-сць і інш.). Інтэнсіўнае засяленне зах. рэгіёнаў і асваенне цалінных зямель садзейнічалі росту вытв-сці збожжа, ч. якога экспартавалася. У 1850-я г. ўзмацніўся рух за аб’яднанне брыт. калоній у Паўн. Амерыцы, узніклі 2 кан.паліт. партыі — Кансерватыўная і Ліберальная. У 1867 англ. парламент прыняў Акт аб Брыт.Паўн. Амерыцы, паводле якога К. стала федэрацыяй са статусам дамініёна (увайшлі Квебек, Антарыо, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік); створаны парламент федэрацыі. На англ. ўзор ён складаўся з ніжняй (выбірала насельніцтва) і верхняй (прызначаў ген.-губернатар) палат. Пытанні абароны, узбраення, падаткаў сталі вырашаць улады дамініёна, знешняя палітыка ўзгаднялася з метраполіяй. Не вырашаным заставалася нац. пытанне (адмова франкаканадцам у праве на самавызначэнне пры абвяшчэнні афіцыйнымі англ. і франц. моў і свабоды веравызнання). Рашэннем метраполіі да дамініёна былі далучаны правінцыі Манітоба (1870) і Брыт Калумбія (1871), тэр. а-воў Прынс-Эдуард (1873). Стварэнне цэнтралізаванай дзяржавы спрыяла фарміраванню нац. рынку. Прынятыя ў 1870-я г. акты садзейнічалі прыцягненню новых імігрантаў з краін Еўропы і ЗША, каланізацыі зах. зямель К. Экспрапрыяцыя зямель індзейцаў, стварэнне для іх рэзервацый выклікалі ў 1869—70 і 1885 паўстанні індзейцаў пад кіраўніцтвам Л.Рыля. Пад націскам рабочага руху ў чэрв. 1872 прыняты закон аб трэд-юніёнах (прафсаюзах; першы прафсаюз у К. ўзнік у 1827), у 1873 створаны агульнанац. Кан. рабочы саюз, у 1886 — Кан. кангрэс прафсаюзаў. Кан’юнктура сусв. рынку, прыток прац. сілы (больш за 2 млн.чал., пераважна з Еўропы) і замежнага капіталу, дзярж. палітыка інвестыцый і пратэкцыянізму, якую ліберальны ўрад на чале з У.Лар’е (1896—1911) дапоўніў сістэмай прэферэнцый (спрыяльных пошлін) для Вялікабрытаніі, садзейнічалі эканам. росту К. Узніклі буйныя манаполіі ў сталеліцейнай, тэкст., цэм. прам-сці і на чыг. транспарце. Кансерватыўны ўрад Р.Бордэна (1911—17) спачатку прыняў антырабочыя законы і ўвёў сістэму прымусовага арбітражу, аднак пад націскам працоўных прыняў закон аб кампенсацыі за траўмы на вытв-сці, стварыў Мін-ва працы і органы па абследаванні ўмоў працы ў прам-сці.
1-я сусв. вайна, у якой К. ўдзельнічала на баку Вялікабрытаніі, часткова стымулявала развіццё яе эканомікі, але абвастрыла сац. і нац. супярэчнасці. У адказ на ўвядзенне ў ліп. 1917 вайск. павіннасці антыўрадавы і забастовачны рух прывёў да стварэння кааліцыйнага (юніянісцкага) урада (1917—20). Аслабленне англ. ўплыву кіруючыя колы К. выкарысталі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, калі самастойна падпісалі мірныя дагаворы, і разам з інш.брыт. дамініёнамі К. стала членам Лігі Нацый. У 1923 К. ўпершыню падпісала самастойны дагавор з ЗША адносна рыбалоўства ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага ак.Вестмінстэрскі статут 1931 афіцыйна аформіў ураўнаванне брыт. дамініёнаў з метраполіяй ва ўсіх правах. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 узровень прамысл. вытв-сці ў К. зменшыўся больш як у 2 разы, падзенне цэн на с.-г. тавары стала прычынай масавага разарэння фермераў. У гады дзейнасці ліберальнага ўрада У.Л.М.Кінга (1935—48) К. падтрымлівала палітыку Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША 10.9.1939 яна ўступіла ў 2-ю сусв. вайну на баку Вялікабрытаніі, 8.12.1941 аб’явіла вайну Японіі і распачала баявыя дзеянні супраць яе ў Ганконгу. Ва ўзбр. сілах у час вайны служыла больш за 1 млн. канадцаў, больш як 90 тыс. з іх было забіта і паранена. К. забяспечвала сыравінай. харчаваннем і ўзбраеннем краіны антыгітлераўскай кааліцыі. За час вайны ў К. ўзнікла буйная ваен.прам-сць; за 1939—45 прамысл.вытв-сць павялічылася ў 2,5 раза. Урад ажыццявіў і некалькі важных сац. праграм, у т. л. па страхаванні беспрацоўных (1940), аказанні фін. дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей (1944), дапамогі ветэранам у вяртанні да мірнага жыцця. 11.2.1944 заключана кан.-сав. пагадненне аб ваен. пастаўках. Развіццю новых вытв-сцей у пасляваен. К. спрыялі замежныя інвестыцыі (пераважна з ЗША), а таксама прыток імігрантаў (у 1945—56 іх прыехала больш за 1 млн з Германіі і Італіі, у т. л. каля 50 тыс.чал.бел. паходжання). Да канца 1950-х г. К. канчаткова ператварылася ў індустр. краіну. Адначасова ўзмацніўся ўплыў ЗША на палітыку і эканоміку краіны: у лют. 1947 вырашана прадоўжыць кан.-амер. ваен. супрацоўніцтва, у 1949 К. стала адным з ініцыятараў стварэння НАТО і яго членам; у 1958 арганізавана Аб’яднанае кіраўніцтва проціпаветр. абароны Паўн. Амерыкі (цяпер Аб’яднанае кіраўніцтва аэракасм. абароны Паўн. Амерыкі); на тэр. К. размясціліся ваен. базы ЗША. Ва ўмовах пасляваен. пагаршэння эканам. становішча працоўных актывізавалася дзейнасць Канадскага рабочага кангрэса (засн. ў 1956), барацьба ў абарону эканам. і нац. правоў франка-кан. насельніцтва, пачаўся сепаратысцкі рух за выхад Квебека з федэрацыі. Для вырашэння гэтых праблем ліберальныя ўрады Л.Пірсана і П.Э.Трудо распрацавалі сістэму двухмоўя, у 1969 парламент надаў англ. і франц. мовам статус афіцыйных моў. На рэферэндуме 1980 60% квебекскіх выбаршчыкаў выказаліся за захаванне правінцыі ў складзе К. У крас. 1982 у К. прыняты закон аб канстытуцыі, які надаў парламенту права самастойна ўносіць усе канстытуцыйныя змены (раней яны фармальна падлягалі зацвярджэнню англ. парламентам) і дапоўніў яе Хартыяй правоў і свабод, але Квебек адмовіўся далучыцца да гэтага закону. У сак. 1987 прэм’ер-міністр Б.Малруні і кіраўнікі ўрадаў 10 правінцый (акрамя Манітобы і Нью-Брансуіка) падпісалі ў г. Міч-Лейк пагадненне пра наданне Квебеку статуса «асобага грамадства». Зрыў ратыфікацыі гэтага пагаднення ў чэрв. 1990 выклікаў канстытуцыйны крызіс. У вер 1991 Малруні прапанаваў новыя папраўкі ў канстытуцыю, вынесеныя на рэферэндум 26.10.1992, вынікі якога аказаліся адмоўнымі. У 1993 кіраўніком ўрада стаў ліберал Ж.Крэцьен. Прыход да ўлады ў Квебеку ў 1994 сепаратысцкай Квебекскай партыі абумовіў правядзенне 30.10.1995 новага рэферэндуму аб суверэнітэце Квебека. Мінімальная перамога на ім федэралісцкіх сіл (супраць суверэнітэту прагаласавала 50,6% выбаршчыкаў) прадухіліла пагрозу расколу краіны, але не вырашыла канстытуцыйную праблему. К. — чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая партыя К. — Ліберальная (засн. ў 1873). Існуюць Прагрэсіўна-кансерватыўная партыя (з 1854), партыя рэформ (з 1987), Квебекскі блок (з 1991), Новая дэмакр. партыя (з 1961). Найб.прафс. аб’яднанне — Кан. рабочы кангрэс.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна, адна з вядучых краін свету. Займае 8—9-е месца па аб’ёме прамысл. вытв-сці і валавым унутр. прадукце (ВУП), які ў 1995 склаў 694 млрд.дол. ЗША, 24,4 тыс.дол. на чалавека. Доля ў ВУП прам-сці і буд-ва каля 30%, сельскай гаспадаркі каля 3%. Адметныя рысы эканомікі: моцная залежнасць ад замежнага капіталу (больш за 50% прам-сці), асабліва амерыканскага, адносна высокія тэмпы росту, вял. доля дзярж. уласнасці (90% зямельнай і 70% лясной плошчы краіны, 72 магутнасцей электрастанцый, 73 даўжыні чыгунак, шэраг буйных заводаў ваеннай і хім. прам-сці і інш.). Гал. роля ў прамысловасці належыць галінам здабыўной і першаснай апрацоўкі сыравіны, якія маюць экспартную накіраванасць. К. — адна з самых буйных у свеце вытворцаў (тыс.т, 1992): уранавага канцэнтрату — 10, нікелю — 189,1, азбесту — 601, калійных солей — 7300, цынку — 1200, серабра — 1,1, свінцу — 318,5, малібдэну — 9,6, медзі — 745. У краіне (1994) значная здабыча нафты — 110,5 млн.т, прыроднага газу — 138,9 млрд.м³, вугалю — 72,7 млн.т, жал. руды — каля 35 млн.т. Асн. раёны здабычы энергет. сыравіны — правінцыі Альберта, Брыт. Калумбія і Саскачэван (забяспечваюць 90% аб’ёмаў гэтай прадукцыі), асн. раёны здабычы неэнергет. сыравіны — правінцыі Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія (каля 60% аб’ёмаў). Важнейшыя горназдабыўныя цэнтры: Садберы (нікель, медзь), Эліят-Лейк (уран) у прав. Антарыо; Наранда (медзь), Шэфервіл (жал. руда) у прав. Квебек; Томпсан (нікель) у прав. Манітоба; Эстэрхейзі (калійная соль) у прав. Саскачэван і інш.Вытв-сць электраэнергіі 532,6 млрд.кВт∙гадз (1995; 6-е месца ў свеце). Краіна займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі на душу насельніцтва. ГЭС даюць 61% электраэнергіі. Амаль 70% іх магутнасцей у правінцыях Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія. ЦЭС даюць каля 22%, АЭС — каля 17% (працуе 21 атамны рэактар). Вядучая галіна апрацоўчай прам-сці — машынабудаванне. Найб. развіты вытв-сцьтрансп. сродкаў (самалётаў, верталётаў, аўтамашын, суднабудаванне), с.-г. машын, абсталявання для горназдабыўной і лясной прам-сці, электроніка і электратэхніка. Гал. цэнтры — Таронта, Манрэаль, Уінсар, Гамільтан. Развіты энергаёмістыя галіны — каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, цынку, свінцу, нікелю, медзі), чорная металургія, нафтаперапрацоўка (Ванкувер, Сарнія, Эдмантан), хім.прам-сць (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук, пластмасы), разнастайная дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. К. займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці цэлюлозы (13 млн.т, 1993), 3-е — паперы (14,3 млн.т, у т. л. газетнай — 10 млн.т, 1-е месца ў свеце), піламатэрыялаў — 56 млн.т, драўнінна-стружкавых пліт — 3,5 млн.м³. Прадпрыемствы харчасмакавай (мукамольная, мясная, рыбакансервавая, спіртагарэлачная), тэкст. і швейнай прам-сці размешчаны ў партах і паблізу вытв-сці сыравіны. Асн.прамысл. раёны краіны: Канадскае Прыазер’е (гал. цэнтры Таронта і Гамільтан), даліна р.Св. Лаўрэнція (Манрэаль, Квебек, Атава), ПдЗБрыт. Калумбіі (Ванкувер). Сельская гаспадарка характарызуецца высокай механізаванасцю, таварнасцю, глыбокай спецыялізацыяй, мае экспартную накіраванасць. Плошча с.-г. угоддзяў каля 70 млн.га, у т. л. пад ворывам і садамі каля 43 млн.га. Каля 75% с.-г. зямель належыць буйным фермам. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Штогадовы валавы збор збожжа каля 50 млн.т. К. займае 4-е месца ў свеце па зборы (25,4 млн.т, 1995) і 2-е — па экспарце (пасля ЗША) пшаніцы. Збор (млн.т, 1992): ячменю — 10,9, кукурузы —5,6, соі — 1,4, рапсу —3,7, бульбы — 2,8. Пашыраны пасевы лёну і тытуню. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля дае каля 60% кошту с.г. прадукцыі, пераважае малочны і мяса-воўнавы кірунак. Птушкагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1993): малочных кароў — 1,2, інш. буйн. раг. жывёлы — 13,5, авечак — 0,9, свіней — 10,7. Асн.с.-г. раёны: стэпавыя правінцыі Манітоба, Саскачэван, Альберта (палавіна с.-г. прадукцыі краіны — збожжа, мяса-воўнавая жывёлагадоўля), Канадскае Прыазер’е і даліна р.Св. Лаўрэнція (жывёлагадоўля і разнастайнае паляводства), правінцыі Новая Шатландыя і Брыт. Калумбія (садоўніцтва). Па аб’ёмах вывазу драўніны (каля 170 млн. шчыльных m3 штогод) К. займае 1-е месца ў свеце на душу насельніцтва. Доля К. ў сусв. лясным экспарце складае 23%. Гал. раёны лясной гаспадаркі Брыт. Калумбія (40% усіх лесаматэрыялаў), Квебек і Антарыо. У лясной гаспадарцы занята 7% працуючых, яна дае каля 4% ВУП краіны і каля 17% экспарту. Прамысл. рыбалоўства і марскія промыслы ў прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў (траска, селядзец, ласасёвыя, палтус, крабы, амары, вустрыцы). Па ўлове (больш за 1 млн.т штогод) вылучаюцца правінцыі Ньюфаўндленд і Новая Шатландыя. Пушны промысел і зверагадоўля. Транспарт. Працягласць чыгунак больш за 90 тыс.км (2-е месца ў свеце пасля ЗША), аўтадарог каля 400 тыс.км (1993). У краіне каля 10 млн. аўтамашын. Суднаходства па р.Св. Лаўрэнція і Вял. азёрах (даступны для марскіх суднаў), некат. інш. рэках і азёрах. Гал. марскія парты Ванкувер, Сет-Іль, Порт-Карцье, Тандэр-Бей, Галіфакс. Працягласць нафта- і газаправодаў 50 тыс.км (3-е месца ў свеце). У К. развіты замежны турызм і адпачынак (каля 90% наведвальнікаў складаюць жыхары ЗША). У 1994 замежны турызм даў даход у 6,3 млрд.дол. ЗША. Экспарт склаў 185 млрд.дол. ЗША (каля 4% сусв. экспарту), імпарт — 166,7 млрд.дол. ЗША (1995). Гал. тавары экспарту — цэлюлоза, газетная папера, піламатэрыялы, пшаніца і інш. збожжавыя, уран, нікель, медзь, цынк, тытан, малібдэн, серабро, плаціна, азбест, калійныя солі. імпарту — гатовыя прамысл. вырабы, прадукты трапічнага і субтрапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: ЗША (каля 80% знешнегандл. абароту), Японія, Вялікабрытанія, Нідэрланды. Гандл. абарот з Беларуссю складае каля 12 млн.дол. ЗША штогод. Беларусь экспартуе ў К. невял. партыі машын і хім. тавараў, набывае ў К. пераважна збожжа. Грашовая адзінка — канадскі долар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл больш за 60 тыс.чал., рэзерву больш за 28 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў каля 11 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. У сухап. войсках каля 22 тыс.чал., на ўзбраенні 114 танкаў, 370 баявых развед. машын, 1858 бронетранспарцёраў, 272 артыл. гарматы, 167 мінамётаў і інш. У ВПС больш за 14 тыс.чал., 140 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС больш за 9 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 4 эсмінцы, 16 фрэгатаў, 2 тральшчыкі, 16 патрульных катэраў, 8 дапаможных суднаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,9, жанчын 82,9 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 171 чал., урачамі — 1 на 464 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 1,5 да 6 гадоў (большасць з іх прыватныя); агульнаадук. школу, прафес., прафес.тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У К. існуюць дзярж. (грамадскія), прыватныя, канфесіянальныя школы. Ва ўсіх правінцыях К. прыняты законы аб абавязковым 8—10-гадовым навучанні дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў. Дзярж.навуч. ўстановы фінансуюцца за кошт правінцыяльных, муніцыпальных і мясц. бюджэтаў. Федэральны ўрад вылучае сродкі на прафес.-тэхн. і вышэйшую адукацыю, займаецца пытаннямі адукацыі карэнных жыхароў (індзейцаў, эскімосаў). Агульны тэрмін поўнай сярэдняй адукацыі — 11—13 гадоў пры 6—8-гадовай пач. адукацыі. У старэйшых класах вучні могуць выбіраць праграму з арыентацыяй на акад. або прафес. падрыхтоўку. У К. існуюць 2 незалежныя школьныя сістэмы — франц. і англійская. Франц. сістэм а (у прав. Квебек); 6-гадовая пач., 5-гадовая агульнаадук. сярэдняя школа (2 цыклы — 2 і 3 гады навучання; на 2-м цыкле падзел на агульнаадук. і прафес. кірункі). На базе сярэдняй школы працуюць калежы агульнай і прафес. адукацыі, дзе вучні атрымліваюць або акадэм. адукацыю (2 гады навучання, з правам паступлення ва ун-т), або прафес. падрыхтоўку (3 гады). Англ. сістэма: 6-гадовая пач., 3-гадовая малодшая сярэдняя і 3-гадовая старшая сярэдняя школа або 8-гадовая пач. і 4-гадовая сярэдняя школа. Праграма пач. навучання ва ўсіх школах уключае родную мову (англ. або франц.), арыфметыку, прырода- і грамадазнаўства, прадметы маст. цыкла, дамаводства, фіз. культуру, рэлігію і інш. У сярэдняй школе вывучаюць абавязковыя прадметы (франц. або англ. мова, грамадазнаўства, матэматыка, спорт, прафес. арыентацыя) і на выбар (прыродазнаўчыя навукі, замежныя мовы, пэўныя раздзелы матэматыкі). Прафес.-тэхн. падрыхтоўку даюць прафес. аддзяленні сярэдніх школ, спец. сярэднія прафес. школы з рознымі ўхіламі, дзярж. і прыватныя прафес. вучылішчы, тэхн. ін-ты і малодшыя каледжы (тэрмін навучання 1—4 гады). Вышэйшую адукацыю (платная) даюць ун-ты і каледжы ( ш-ты універсітэцкага тыпу); найб. прэстыжныя — з правам прысваення вучоных ступеней. Старэйшая ВНУ — Ун-тправ. Нью-Брансуік у г. Фрэдэрыктан (з 1785). Буйнейшыя ун-ты: у Таронта (з 1827), Аб’яднаны (з 1968; ВНУ гарадоў Квебек, Манрэаль і інш.), Манрэальскі (з 1876), Канкордыя (з 1974) у Манрэалі, Йоркскі (з 1959) у Норт-Йорку, Лаваля (з 1852) у Квебеку, Ун-тправ.Брыт. Калумбія (з 1908) у Ванкуверы. Буйнейшыя б-кі: Нац.навук. ў Атаве, б-ка Таронцкага ун-та, ун-та Лаваля ў Квебеку, масавыя б-кі ў Манрэалі і Таронта. У К. каля 1500 музеяў і маст. галерэй (1994), буйнейшыя з іх: Нац. музей К. (з 1842), Нац. галерэя К. (з 1880), Канадскі музей цывілізацыі, Нац. музей натуральнай навукі і Нац. музей навукі і тэхналогіі (усе ў Атаве), Каралеўскі музей Антарыо (з 1912) і Маст. галерэя (з 1900) у Таронта, Музей прыгожых мастацтваў (з 1860) у Манрэалі. З 1916 дзейнічае Нац.н.-д. савет, з 1966 — навук. Савет К. пры ўрадзе. У 1942 у Манрэальскім ун-це створана ядзерная лабараторыя, у 1944 — н.-д. цэнтр па атамнай энергіі ў Чок-Рыверы, з 1960-х г. — у Уайшэле. Буйнейшы выліч. цэнтр ва ун-це ў Таронта. Н.-д. цэнтр сувязі вядзе даследаванні ў галіне космасу. Навук. дзейнасць вядуць н.-д. ўстановы галіновых Мін-ваў, навук. ін-ты, у іх ліку ін-ты аэранаўтыкі і космасу, горнай прам-сці і металургіі, хім., біял. даследаванняў клеткі, даследаванняў жывёлы, раслін, лясны ін-т, даследчыя ўстановы пры ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 100 штодзённых газет і больш за 1 тыс. часопісаў. Каля 300 перыяд. выданняў выходзіць на мовах этнічных груп (ням., італьян., кіт. і інш.). Газетны трэст «Томпсан ньюспейперс лімітэд» валодае каля 60 перыяд. выданнямі К. (каля 28% усіх выданняў). Штодзённая прэса мае пераважна рэгіянальны характар. Найб. тыраж маюць штодзённыя газеты «Toronto star» («Зорка Таронта», з 1892, на англ. мове), «Le journal de Montreal» («Манрэальская газета», з 1964, на франц. мове), «The globe and mail» («Пошта з усяго свету», з 1844) і «Vancouver sun» («Сонца Ванкувера», з 1886; абедзве на англ. мове) і інш.Найб. уплывовы і пашыраны штотыднёвы грамадска-паліт.час. «Maclean’s magazine» («Часопіс Маклінза», з 1905, на англ. мове). Інфарм. агенцтвы — Канейдыян Прэс (КП, з 1917), Бродкаст Ньюс і Юнайтэд Прэс Кэнада. Дзейнасць радыё і тэлебачання, у т. л. кабельнага, кантралююць Канейдыян бродкастынг карпарэйшэн (КБК; перадачы на англ. і франц. мовах па 2 каналах тэлебачання і 4 радыёпраграмах) і Канейдыян Рэйдыё-тэлевіжэн энд Тэлекам’юнікейшэнс. Працуюць больш за 570 радыёстанцый. Радыёперадачы для замежжа вядуцца на 11 мовах (Міжнар. радыё Канада). Тэлевізійная сетка аб’ядноўвае каля 115 станцый краіны.
Літаратура. Фальклор карэннага насельніцтва К. — індзейцаў і эскімосаў — часткова сабраны і апублікаваны англа-кан. пісьменнікамі на англ. мове (зб-кі «Пшанічная багіня і іншыя казкі індзейскай Канады», «Карэнныя плямёны Канады»); паэтэса П.Джонсан зрабіла літ. апрацоўку іх легенд (зб. «Ванкуверскія легенды», 1911). Пра трагічны лёс эскімосаў пісаў Ф.Моўэт у кн. «Людзі Аленевага краю» (1952) і «Народ у адчаі» (1959). Сучасная л-ра К. развіваецца на франц. і англ. мовах. Літаратура на французскай мове ўзнікла з дакумент.-маст. прозы 16 — пач. 17 ст. (падарожныя нататкі Ж.Карцье, С.Шамплейна). Больш актыўна яна пачала развівацца пасля 1760-х г. Уплыў асветніцкага класіцызму адчуваўся ў паэзіі М.Бібо (1-я пал. 19 ст.). Першы франка-кан. раман стварыў Ф. дэ Гаспэ-сын («Шукальнік скарбаў», 1837). У сярэдзіне 19 ст. зарадзіліся патрыят. школа паэтаў-рамантыкаў (А.Ж.Крэмазі, Ф.К.Гарно, Л.А.Фрэшэт), гісторыка-рамант. проза (А.Жэрэн-Лажуа). Рэаліст. тэндэнцыі праявіліся ў раманах П.Шаво, Л.Эмона. Пад уплывам франц. школы дэкадансу ў канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася паэзія Э.Нелігана, А.Лазо, П.Марэна. Пасля 2-й сусв. вайны гал. кірункам у л-ры стаў рэалізм. Проза адметная паглыбленым псіхалагізмам і гуманізмам (Г.Руа, Ф.А.Савар, К.Жасмэн, М.К.Бле), паэзія — наватарскай лірыкай (Ж.Г.Пілон. С.Д.Гарно, А.Гранбуа, А.Эбер, Р.Ланье), у драматургіі найб. вядомы М.Дзюбэ, Ф.Ларанжэ, М.Трамбле. Літаратура на англійскай мове ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Каля яе вытокаў — дакументальна-маст. проза, створаная падарожнікамі па К. (С.Хёрн, А.Макензі і інш.). У традыцыях англ. сентыменталізму напісаны першы кан. раман «Гісторыя Эмілі Монтэгю» (1769) Ф.Брук. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя творы кан. рамантыкаў, што знаходзіліся пад уплывам гіст.англ. (В.Скот) і амер. (Ф.Купер) раманаў (раман Дж.Рычардсана «Вакуста» прысвечаны «індзейскай тэме»). Рысы рамантызму выявіліся і ў паэзіі (О.Голдсміт). Пачатак рэаліст. кірунку ў л-ры паклаў Т.Халібёртан (раман «Гадзіннікавы майстар»). Новы этап ў развіцці англа-кан. л-ры пачаўся ў 1860—70-я г. (рамант. паэзія Ч.Робертса, І.Кроўфард, А.Лампмена, Д.Скота і інш., раманы і аповесці Дж.Дэ Міла, Д Паркера; пранікнёную лірыку ствараў У.Б.Кармен). У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. з’явілася новае пакаленне паэтаў рамант. школы (Р.Сервіс, У.Драманд, Э.Дж.Прэт, А.Сміт, Т.Мак-Інес і інш.), якія апявалі магутнасць прыроды і сілу чалавека. Сярод празаікаў вылучылася М. дэ ла Рош. Развіццё рэаліст. рамана звязана з творчасцю Д.Уокера, Ф.Гроўва, М.Кэлехена, Х.Мак-Ленана і інш. У жанры навелы працавалі М.Гэлант, Э.Манро, сатырык і гумарыст С.Лікак. У раманах пісьменніц Л.М.Мантгомеры, М.Лоўрэнс, М.Этвуд распрацоўвалася «жаночая» тэматыка. Адметная плынь у л-ры К. — т.зв. анімалісцкая проза, дзе ў якасці гал. герояў выступалі жывёлы (раманы і аповесці Робертса, Э.Сетан-Томпсана, У.А.Фрэйзера). Сусв. вядомасць набылі кнігі аб прыродзе Шэрай Савы (сапр. Дж.Белані) пра трагічную гісторыю індзейскага народа. Першыя значныя драм. творы стварылі Р.Дэйвіс, Л.Сінклер, Л.Пітэрсан, творы літ. крытыкі — Р.П.Бейкер, Дж.Д.Логан. У 2-й пал. 20 ст. не страцілі сваёй папулярнасці рэаліст. раман (Р.Г.Уайб, Б.Мур) і гіст.-біягр. проза (Д.Крэйтан, А.Р.М.Лоўэр). У творчасці Ф.Скота, А.Клейна, Прэта, Э.Бёрні, І.Клейтана і інш. выявілася імкненне да новай паэтыкі. Пачынальнікам англа-кан. постмадэрнізму лічыцца пісьменнік і вучоны-грамадазнавец М.Мак-Луэн.
На бел. мову перакладзены асобныя творы Робертса («Звярыныя малечы», «Паляўнічы «Чырвонай скалы», абедзве 1928) і Сетан-Томпсана («Гісторыя аднаго мядзведзя», 1927; «Лепш смерць, чым няволя», 1928; «Рванае вушка», 1939); вершы сучасных франкамоўных паэтаў К. перакладае Л.Яўменаў.
Архітэктура. Карэнныя жыхары К. — індзейцы жылі ў зямлянках (паляўнічыя Скалістых гор), буданах-вігвамах (лясныя паляўнічыя), накрытых шкурамі палатках-ціпі (жыхары прэрый), вял. каркасных дамах, накрытых карой (лясныя земляробы) ці ашаляваных дрэвам (рыбаловы зах. ўзбярэжжа); эскімосы — у купалападобных пабудовах са снегу (іглу), паўпадземных збудаваннях з дрэва, каменю, касцей. У 17 — пач. 19 ст. выхадцы з Францыі прынеслі ва Усх. К. традыцыі еўрап. архітэктуры: тып дома з масіўнымі сценамі і стромкім дахам, зальныя цэрквы з 1—2 вежачкамі над фасадам, грамадскія будынкі на франц. ўзор (арх. Т.Баяржэ, Т.Фулер, Ф.Стэнт, Ж.Дэмер). У каланізаванай англічанамі ч. К. ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склалася мясц. традыцыя рацыянальнага драўлянага каркаснага і каменнага дойлідства ў духу класіцызму з функцыян. абумоўленасцю кампазіцыі і адсутнасцю ордэрных форм (арх. Дж.Мерык) 3 сярэдзіны 19 ст. выпрацоўвалася стандартная структура новых гарадоў з 2-павярховай забудовай, рэгулярнай планіроўкай, прамавугольнай сеткай вуліц. У духу эклектызму будавалі цэрквы, адм. будынкі, асабнякі ў Атаве, Калгары, Манрэалі, Таронта (арх. Э.Ленокс, Дж.Лайл). З канца 19 ст. ўзмацніўся ўплыў архітэктуры ЗША: вышынныя канторскія будынкі, атэлі (арх. Ф.Дарлінг, Дж.Пірсан). З 1950-х г. інтэнсіўна перабудоўваюцца і разрастаюцца старыя гарады, будуюць новыя гарады-гіганты, пашыраецца жыллёвае буд-ва, у т. л. з дрэва. Паводле адзіных планаў забудоўваліся гарады пры прамысл. прадпрыемствах: Кітымат у Брыт. Калумбіі (1951—54, планіроўка амер.арх. Маер, Уітлсі, Глас), Эліят-Лейк у Антарыо (1956, арх. Дж.Б.Паркін), у т. л. запалярныя (Інувік, 1955—60). Найб. значныя збудаванні: камбінат Анесіс-Айленд у Брыт. Калумбіі (1954—56), комплекс Асацыяцыі архітэктараў Антарыо (1955, арх. Паркін), Шэкспіраўскі т-р у Стратфардзе (1956—57, арх. Р.Фейрфілд), будынак упраўлення «Электрычнай кампаніі Брыт. Калумбіі» ў Ванкуверы (1957, арх. фірма «Шарп, Томпсан, Берык, Прат»), новая ратуша ў Таронта (1958—65, фін.арх. В.Рэвель, у сааўт.), пл. Віль-Мары, комплекс Сусв выстаўкі 1967, Алімп. комплекс у Манрэалі (1976, франц.арх. Р.Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі), Нац. галерэя ў Агаве (1980), вежа і стадыён «Алімпійскі» ў Калгары і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да каланізацыі развівалася мастацтва абарыгенаў: у індзейцаў — паліхромная разьба па дрэве, разьба і гравіроўка па камені, косці і рогу, вы шыўка іголкамі дзікабраза, воласам аленя і лася, выраб упрыгожанняў з пер’яў і ракавін, узорыстае ткацтва з геам. арнаментам, размалёўка адзення, начыння і жытла, кераміка; у эскімосаў — разьба і гравіроўка па косці і дрэве, апрацоўка самародных металаў. З 1-й нал. 17 ст. пад уплывам еўрап.маст. стыляў развіваецца прафес. мастацтва.
У 18—19 ст. дасягнуў росквіту партрэтны жывапіс (Ф.Баяржэ, Ф.Бакур, А.Пламандон, Ж.Легарэ, Т.Амель у Квебеку, Т.Бертан, Дж.Херыят, Кокбёрн, Грант — у англ. К.). Пачынальнікі пейзажнага жанру — Т.Дэйвіс, Херыят. Мастацтва мела пераважна эклектычны характар: традыцыі Барбізонскай школы развівалі П.Кейн, Ф.Вернэ, амер. «школы ракі Гудзон» — Х.Уотсан, Х.Уокер, еўрап. мадэрнісцкіх кірункаў «ар нуво» і фавізму — Э.Кар, М.А.Фартэн, К.Ганьён, групы «Набі» — Дж.У.Морыс, А.Ледзюк. У пач. 19 ст. склалася Квебекская школа жывапісу. Развівалася разьба па дрэве (Баяржэ), мастацтва вырабаў з серабра ў духу барока і класіцызму (Ф.Ранвуазе). У 1879 засн. Каралеўская АМ. У 1-й пал. 20 ст. ўзнікла кан. школа мастацтва, адметная дакладнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, адлюстраваннем велічы кан. прыроды: творчасць «Групы сямі» (А.Джэксан, А.Лізмер, Л.Харыс і інш.), скульпт. Ф.Лорынга, Э.Вуд, «Кан. групы жывапісцаў». У сярэдзіне 20 ст. дамінавалі еўрап.маст. традыцыі (Дж.Лейман, А.Пелан і інш.). Група «Сучасная маст. грамада» адмаўляла і еўрап., і кан. рэалізм. Мастацтва 2-й пал. 20 ст. развіваецца пераважна ў мадэрнісцкіх кірунках: «аўтаматысты» (П.Э.Бардзюа, Ф.Брандэр) сцвярджаюць нонфігуратывізм, «Група адзінаццаці» (Дж.Макдоналд, У.Роналд, Л.Бельфлер, М.Скот, Х.Таўн і інш.) — абстрактны экспрэсіянізм. Развіваюцца сюррэалізм (Ф.Ледзюк, Ж.-П.Далэр, А.Колвід), мастацтва рухомых аптычных эфектаў (К.Тузіньян, Ж.Юрцюбіз), рэаліст. кірунак (Ф.Тэйлар, А.Біле, М.Лэмб-Бабак, К.Пішэ, Г.Робертс), дызайн і дэкар.-прыкладное мастацтва (апрацоўка металу, выраб дываноў, кераміка). У нар. мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і вышыўка ўкраінцаў, каменная скульптура эскімосаў.
Музыка. Муз. культура карэннага насельніцтва К. (індзейцы, эскімосы) з 17 ст. развіваецца ва ўзаемаўзбагачэнні з фальклорам і быт. музыкай англ. і франц. перасяленцаў. У 17—19 ст. значнае месца займала царк. музыка; пры цэрквах створаны першыя муз.навуч. ўстановы. У 18—19 ст. узніклі свецкія муз. т-вы, у т. л. філарманічныя ў Квебеку (1820) і Манрэалі (1877), развівалася хар. мастацтва. З 1860 праводзяцца муз. фестывалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі ўзнікаць духавыя аркестры, паўпрафес. оперныя трупы, адкрыты кансерваторыі ў Манрэалі (1876), Таронта (1886), Галіфаксе (1887), муз. каледж у Таронта і Муз.ін-т у Гамільтане (1888). Творчасць першых кампазітараў К. цесна звязана з еўрап.муз. традыцыямі. Заснавальнік муз.-сцэн. жанру — паэт, драматург і музыкант Ж.Кенель (опера «Кола і Калінета», 1790). У 2-й пал. 19 ст. вылучыліся кампазітары К.Лавале (дырыжор, аўтар нац. гімна «О, Канада»), С.Лавігёр (стваральнік першых кан. аперэт), А.Дэсан, А.Лавінь, Г.Куцюр і інш.Нац. стыль у кампазітарскай творчасці фарміруецца ў 1920—40-я г. (Э.Макмілан, Х.Уілан, К.Шампань. Э.Гратон). Некат. кампазітары працуюць на аснове франц. (Ж.Ж.Ганье, Ж.Папіно-Куцюр) і англ. (У.Макнат, Р.Флемінг і інш.) традыцый. Тэндэнцыі авангардызму адбіліся на творчасці Дж.Вайнцвайга, Х.Сомерса, А.Брота. Сярод выканаўцаў 19—20 ст.: спявачкі М.Форэстэр, Л.Маршал, Т.Стратас, спевакі П.Алары, Э.Джонсан; піяністы Г.Гулд, А.Куэрці, Р.Турыні; скрыпачы К.Парло, Э.Клінч, І.Гендэль, Б.Дж.Хігін; арганіст Л.Фарнем. У К. працуюць 3 оперныя трупы (Таронта, Манрэаль, Вініпег); Нац. балет (Антарыо), класічны балет (Атава), каралеўскі балет (Вініпег); каля 30 сімф. аркестраў; Кан. асацыяцыя кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў (з 1951), Канадскі муз. савет (1944), Канадскі муз. цэнтр (1958) і інш. З 1965 у Манрэалі штогод праводзяцца Міжнар.муз. фестываль і конкурс музыкантаў-выканаўцаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы ў абрадах кан. індзейцаў, якія выкарыстоўвалі маскі і лялькі, што надавалі відовішчнасць рэліг. рытуалам. Развіццё прафес.т-ра пачалося ў 17 ст. ў франц. правінцыях Квебек і Акадыя пастаноўкай п’есы М.Лескарбо «Марская маска» ў Порт-Раялі (1606). Ставіліся п’есы П.Карнеля, Ж.Расіна, Мальера. У 1688 А.Рагено напісаў адну з першых уласна кан. п’ес (без назвы). У 18 ст. спектаклі ставіліся ў Галіфаксе (у 1774 першая вядомая п’еса на англ. мове «Акадыус, або Каханне ў цішы»; у 1789 пабудаваны спец.тэатр. будынак «Новы вялікі тэатр»), Манрэалі, Квебеку. У сярэдзіне 18 ст. ў Квебеку створаны лялечны т-р. Выступалі прафес. трупы, пераважна з Англіі. Развіваўся аматарскі т-р. Сярод драматургаў: Ж.Кенель, Ч.Хевісідж, Ч.Мейр. У 1825 у Манрэалі адкрыты першы пастаянны «Тэатр Руаяль», пазней — у Таронта, Вікторыі, Гамільтане. Ставіліся п’есы франка- і англамоўных драматургаў. У пастаноўках удзельнічалі франц., англ., амер. і мясц. акцёры. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна вандроўныя т-ры «роўд» («дарога»), Сярод рэжысёраў: М.Дэнісан, Р.Мітчэл, Б.Фарсайт, У.Сінклер, К.Эйкенс і інш. У 1920—30-я г.асн. формай тэатр. мастацтва былі аматарскія т-ры («Літл тыэтр») пры ун-тах, школах, цэрквах, клубах. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся прафес. т-ры ў буйных гарадах («Рыдо вер» і «Канадская камедыя» ў Манрэалі, «Крэст тыэтр» у Таронта, «Канейдыян рэпертары тыэтр» у Атаве і інш.). Ставяцца п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Кальдэрона, П.Кладэля, Б.Шоу, кан. драматургаў Р.Дэйвіса, Г.Фэрыса, А.Ланжэвэна, Дж.Коўлтэра, Ш.Фоўка, М.Калагана і інш. У франкамоўных т-рах ідзе працэс стварэння нац.тэатр. культуры, англамоўныя знаходзяцца пад вял. уплывам т-ра ЗША. Сярод тэатр. дзеячаў: Г.Гофман, Ж.Луіс Руо, Дж.Колікас, І.Брынд’Амур, Ф.Хайленд, Д.Пелецье, У.Хат, К.Пламер, Ж.Гаскон. З 1933 праводзяцца фестывалі драм. мастацтва (Шарлатаўн, Ванкувер, Манрэаль, Атава і інш.), з 1953 — Шэкспіраўскі фестываль (Стратфард). Нац.тэатр. школа з выкладаннем на франц. і англ. мовах (зімой у Манрэалі, летам у Стратфардзе).
Кіно. У 1898 на кінафірме «Мэсі-Харыс» зняты першы рэкламны фільм. У 1906 створаны кінаінстытут у Манрэалі. Першы ігравы фільм — «Эванжэліна» (1914, рэж. І.П.Салівен, У.Х.Кавано). У 1918 арганізавана Выставачна-рэкламнае бюро, пераўтворанае ў 1923 у Кан. ўрадавае кінабюро (выпускала рэкламныя стужкі). У 1931 паказаны першы гукавы фільм «Вікінг» (рэж. В.Фрысел. Дж.Мелфард). На станаўленне нац. кіно паўплывала дзейнасць амер.рэж. Р.Флаэрці і англ.рэж. Дж.Грырсана, якія здымалі ў К. (па ініцыятыве Грырсана ў 1939 прыняты Акт пра нац. кіно і створаны Нац. савет па пытаннях кіно). У 1943 студыю анімацыйнага кіно ўзначаліў Н.Мак-Ларэн — вядомы рэж.-эксперыментатар анімацыйнага кіно. У 1952 зняты першы каляровы маст. фільм «Эцьен Бруле, нягоднік». У 1950-я г. з’явіліся праблемныя фільмы, узніклі новыя творчыя прынцыпы («прамое кіно», «сінема-верытэ» і інш.) У 1967 створана дзярж. карпарацыя па развіцці кан. кіно. Сярод фільмаў: «Уніз па дарозе» (1970, рэж. Д.Шэбіб), «Камураска» (1973, рэж. К.Жутра), «Позні ўсход» (1976, рэж. А.Брасар), «Паляўнічы» (1978, рэж. З.Р.Дэлен), «Шчаслівае збавенне» (1980, рэж. Ф.Манкевіч). «Стары ліс» (1982, Ф.Борсас). У 1975 засн. Квебекскі ін-т кіно, які займаецца развіццём франкамоўнага кінематографа. Сярод рэжысёраў — Ж.Карль, Ж.П.Лефебр, Ж.Бадэн, Ж.Гру, М.Ланкту, Д.Петры, Т.Кочэф, А.Эгаян і інш., акцёраў — Ж.Бюжо, Ж.Лапуэнт, Р.Жырар, Р.Лафантэн, М.Чэмберс, Ф.Колінз. Асн. фільмы 1990-х г.: «Хлопчык з Сан-Вінсена» (рэж. І.Сміт), «Каляндар» (рэж. Эгаян), «Жыццё з Білі» (рэж. П.Данаван), «Дзве актрысы» (рэж. Ланкту). Гал. цэнтры кінавытворчасці — Таронта, Манрэаль, Ванкувер, Антарыо. Існуюць Асацыяцыя кан. кінапракатчыкаў, Гільдыя кан. рэжысёраў, Т-ва кінематаграфістаў. Пры большасці ун-таў К. дзейнічаюць кафедры кінематаграфіі. Кан. кінаінстытут аб’ядноўвае Кан. кінаархіў, Цэнтр па вывучэнні кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Йорктаўне (дакумент. фільмаў), Ванкуверы, Манрэалі, Таронта, Атаве (анімацыйных фільмаў). З 1979 Кан. акадэмія кінамастацтва штогод прысуджае прыз «Джын».
Беларусы ў Канадзе. Сяляне з Беларусі пачалі перасяляцца ў К. ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1907 яны сяліліся ў правінцыях Ньюфаўндленд, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Квебек, Антарыо, Манітоба, Саскачэван, Альберта, Брыт. Калумбія і працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, золатаздабычы, на лесанарыхтоўках і інш. Паводле Гомстэд-акта тыя з іх, хто жадаў, атрымлівалі да 65 га зямлі і праз 3 гады станавіліся яе ўласнікамі. Кан. статыстыка не вылучала беларусаў асобна, а фармальна (часцей па канфесійнай прыналежнасці) далучала да рускіх ці палякаў; і яны далучаліся да рус., польск. і ўкр.нац. арг-цый. У 1911 беларусы складалі значную частку рус. т-ваў, з іх дапамогай у 1913 у Таронта засн. парафія Рус.правасл. царквы, Рус.прагрэс. клуб. У польск. асяродках яны таксама хутка асіміляваліся. У 1918—39 у К. перасяляліся пераважна выхадцы з Зах. Беларусі (напр., каля 30 тыс. у 1926—30). Пасля 1931 паток бел. эмігрантаў зменшыўся з-за сусв.эканам. крызісу. Культ.-мас. гурткі бел. вясковых інтэлігентаў у Таронта і Вініпегу былі часовымі і нетрывалымі. У 1930 выхадцы з Зах. Беларусі заснавалі Федэрацыю рус. канадцаў, уваходзілі ў Рус. рабочы клуб імя М.Горкага ў Таронта і інш. Для беларусаў выходзілі на рус. мове «Вестник» і газ. «Канадский гудок», у якой быў «Беларускі куток» (выйшлі 4 нумары). Пасля 2-й сусв. вайны ў К. апынуліся беларусы — ветэраны Другога корпуса Андэрса арміі. Яны падпісвалі 2-гадовыя кантракты на працу ў сельскай гаспадарцы. Пасляваен. бел. эміграцыя вылучалася нац. свядомасцю, актыўнасцю. У 1946—71 у К. прыехала каля 48 тыс. беларусаў, якія найб. кампактна пасяліліся ў Таронта, Садбуры, Манрэалі, Вініпегу. Грамадскую, навук. і культ.-асв. работу вялі Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК), Беларускае нацыянальнае аб ’яднанне (БНА), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебек (да 1952 наз. Згуртаванне беларусаў у Манрэалі), Бел.нац.к-т у Вініпегу (1950—80), сектар рады Бел.Нар. Рэспублікі (з пач. 1950-х г.), Бел. вызвольны фронт (1957—70-я г.), Бел. каса самапомачы (1953 — сярэдзіна 1970-х г.), Бел. самапомач у Ошаве (з 1961), Згуртаванне беларускіх жанчын Канады, Высакашкольная стыпендыяльная фундацыя (1967—70-я г.), Згуртаванне бел. моладзі К. (1967—70), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Таронта, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), Саюз бел. моладзі К. (1970—78), Кан.т-ва «Беларусь» (з 1988), Кан. фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля (гл. ў арт.Беларускія камітэты дапамогі ахвярам радыяцыі за мяжой), Бел.рэліг.-грамадскі цэнтр у Таронта ( з 1959), цэнтр адпачынку «Слуцак» (з 1969). Беларусы К. адзначаюць нац. святы — Дзень незалежнасці Беларусі (з 1970 улады Таронта афіц. абвяшчаюць 25 сак.бел. днём), Дзень герояў Беларусі, гіст. падзеі, юбілеі дзеячаў бел. л-ры і мастацтва. Яны ўдзельнічаюць у міжнац. мерапрыемствах, традыц. фестывалях, карнавалах, канцэртах, у т. л. штогадовых святкаваннях Дня Канады (Ошава), Ошаўскім нар. фестывалі (з 1961), фестывалях «Бацькаўшчына» (Атава, 1970—80-я г.) і ў Бэры (з 1990). Саюз бел. моладзі К., ККБК, Згуртаванне бел. жанчын удзельнічалі ў арг-цыі бел. павільёна «Менск» (Таронта). На выставах у К. свае творы прадстаўлялі бел. мастакі Г.Русак, І.Сурвіла, П.Мірановіч, В.Жаўняровіч, А.Кляшчук. У час Тыдня студый у Атаўскім ун-це (1975), на святкаванні 1000-годдзя дзяржаўнасці Беларусі (1988) прайшлі выставы бел.нар. мастацтва. Бел.самадз. мастацтва на розных культ. імпрэзах прадстаўлялі гурток бел.нар. песні і танца ў Вінілегу (1951), злучаны бел.-ўкр. мужчынскі хор «Думка» (1953), хары «Жалейка» (1956), «Прамень» (1955), ансамбль нар. песні і танца (1954). Пры ЗБК працавалі танц. гурткі моладзі і дзяцей, курсы беларусаведы (1951—53, Таронта). З дапамогай беларусаў створаны бел.літ. фонды публічных б-к у Таронта і Вініпегу, бел. аддзелы ў Канадскім музеі цывілізацыі і Нац.этн. музеі. З 1952 беларусы К. ўдзельнічаюць у сустрэчах беларусаў Паўн. Амерыкі (прайшлі 23, з іх 8 у Таронта). У 1958, 1962, 1965 адбыліся сустрэчы беларусаў Лондана (Канада) і Дэтройта (ЗША). У 1996 каля г. Мідленд адкрыты Бел. мемарыяльны комплекс, да якога штогод ажыццяўляюць паломніцтва беларусы з розных краін. Творы бел. пісьменнікаў і падручнікі выдаюць Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», выдавецкі к-т пры ККБК, Фонд бел. падручнікаў, выдавецкі фонд успамінаў з бел. жыцця. Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Беларускі эмігрант», «Беларускі голас», старонкай «Весткі з Канады» ў газ. «Беларус» (ЗША), часопісамі «Баявая ўскалось» (1949—50 у Германіі, 1954—81 у Таронта), «Зважай», «Палессе» (1955—58), «Прамень» (з 1992), «Інфа ЗБК» (з 1995), «Дзяцел» (1952—53), «Народным шляхам» (1951—54), бюлетэнем «Бээнэравец» (1952). Бел. радыёперадачы пачыналіся з невял. выступленняў на радыё ў Лондане, Садбуры, Таронта і інш. Радыё СіБіСі з 1955 на нац. святы перадае канцэрты бел. песень і танцаў. У 1959 — пач. 1970-х г. працавала бел. радыёстанцыя ў Оўквілі.
Літ.:
Тишков В.А., Кошелев Л.В. История Канады. М., 1982, Тишков В.А. Страна кленового листа: начало истории. М., 1977;
Канада, 1918—1945: Ист. очерк. М., 1976;
Поздеева Л.В. Канада в годы второй мировой войны. М., 1986;
Коленеко В.А. Квебекская проблема в послевоенной Канаде. М., 1981;
Данилов С.Ю., Шило В.Е. Политико-государственный механизм современной Канады: сравнительно-ист. исслед. М., 1991;
Данилов С.Ю., Черкасов А.И. 12 лиц Канады. М., 1987;
Кузнецов Ю.Г. Сладок ли кленовый сок: Современная Канада и ее люди. М., 1988;
Макленнан Х. Семь рек Канады: Пер. с англ.М., 1990;
The Canadian Encyclopedia. Vol. 1—4. 2 ed. Edmonton, 1988;
Ванникова Н.И. Канадская литература на французском языке (1945—1965). М., 1969;
Голышева А.И. Англоязычная литература Канады. М., 1979;
The World Book Encyclopedia. T. 3. London etc., 1994;
Sadouski J. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville. 1981.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.С.Ляднёва (гісторыя, беларусы ў Канадзе), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), В.Я.Буйвал, Л.Ф.Салавей (архітэктура), Л.Ф.Салавей (выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно).
Герб і сцяг Канады.Да арт.Канада. Тыповы краявід у прэрыях.Да арт.Канада. Чыгуначны мост у правінцыі Антарыо.Да арт.Канада. Вежа і стадыён «Алімпійскі» ў г. Калгары.Да арт.Канада. Індзейцы ў традыцыйных строях.Да арт.Канада. Самалётабудаўнічы завод у правінцыі Квебек.Да арт.Канада. Музей цывілізацыі ў г. Квебек.Да арт.Канада. Нацыянальны парк Банф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЫ́НІЯ (România),
дзяржава на ПдУ Еўропы. Мяжуе на Пд з Балгарыяй, на З з Югаславіяй і Венгрыяй, на Пн і У з Малдовай і Украінай. На У абмываецца Чорным м.Пл. 237,5 тыс.км². Нас. 22 411,1 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — румынская. Сталіца — г.Бухарэст. Падзяляецца на 40 жудзецаў (паветаў); сталіца вылучана ў самаст.адм. адзінку. Нац. свята — Нац. дзень Р. (1 снеж.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады), які назначае прэм’ер-міністра. Заканад. ўладу ажыццяўляе двухпалатны парламент, які складаецца са сходу дэпутатаў і сената; выбіраецца на 4 гады.
Прырода. Каля 2/3тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На Пн і ў цэнтры Усх. і Паўд.Карпаты (выш. 2544 м, г. Малдавяну), на З сярэдневышынныя Зах. Румынскія горы, паміж імі і Карпатамі — Трансільванскае плато. Са знешняга боку ўздоўж Карпат паласа перадгор’яў, на Пд і ПдУНіжнедунайская раўніна з далінай р. Дунай. На У Малдаўскае ўзвышша, на ПдУ каля ўзбярэжжа Чорнага м. плато Дабруджа. На крайнім З ускраіны Сярэднедунайскай раўніны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры і кам. вугаль, руды жалеза, марганцу, поліметалаў, золата і серабра, баксіты, кам. соль, буд. матэрыялы. Клімат умераны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах ад 0 °C да -5 °C, у гарах да -10 °C (месцамі ніжэй), ліп. адпаведна 20—23 °C і 8—16 °C. Ападкаў на раўнінах ад 600—700 мм на З да 300—400 мм на У, у гарах 800—1500 мм за год. Бываюць засухі, у Карпатах — ачаг значных землетрасенняў. Асн.р. Дунай з прытокамі Жыў, Олт, Сірэт, Прут. Натуральная расліннасць на раўнінах і ў перадгор’ях — стэп і лесастэп (захаваліся на асобных участках); хваёвыя і шыракалістыя лясы ў гарах займаюць каля 29% тэр. краіны. Нац. парк Рэтэзат, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. 89,5% румыны; з інш. нацыянальнасцей — венгры (7,1%, пераважна ў Трансільваніі), цыганы (1,8%), немцы (0,5%), украінцы (0,3%), а таксама сербы, рускія і інш. Вернікі пераважна правасл. (70%), католікі (6%), пратэстанты (6%). Сярэднегадавы прырост блізкі да нулявога (-0,21% у 2000). Сярэдняя шчыльн. 94,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены Ніжне- і Сярэднедунайская раўніны, даліны рэк Сірэт, Мурэш, Самеш і міжгорныя катлавіны (да 150—180 чал. на 1 км²), найменш — Карпаты і іх перадгор’і (20—40 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 56% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс.ж.): Бухарэст — 2037,3, Канстанца — 346,8, Ясы — 346,6, Клуж-Напока і Тымішаара — па 332,3, Галац — 328, Брашоў — 319,9, Краёва — 310,8, Плаешці — 253,6. У сельскай гаспадарцы занята 36,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 34,4%, у абслуговых галінах — 29,1%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Р. жыў з эпохі палеаліту. Розныя плямёны пакінулі тут некалькі дзесяткаў археал. культур. У 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. сюды прыйшлі плямёны пастухоў-індаеўрапейцаў з Паўн. Прычарнамор’я і Цэнтр. Еўропы. З 7—6 ст. да н.э.асн. насельнікамі тэр. сучаснай Р. былі фракійскія плямёны гетаў і дакаў, якія ў 60-я г. да н.э. стварылі ваен.-плем. саюз. З 7—6 ст. да н.э. на Чарнаморскім узбярэжжы Р. (Паўн.Дабруджа) існавалі грэч. гарады-дзяржавы, заваяваны ў 1 ст. да н.э. Рымам. У канцы 1 ст.н.э. сфарміравалася гета-дакійская дзяржава пад уладай цара Дэцэбала (87—106). У пач. 2 ст. яе заваяваў Рым і утварыў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва якой было раманізавана. Усх.ч. сучаснай Р. заставалася па-за межамі рым. панавання. Каля 271 рымляне пакінулі Дакію, але Паўн. Дабруджа да канца 4 ст. заставалася пад уладай Рыма, потым — Візантыі, адкуль на астатнія землі Р. пачалі пашырацца візант. культура і хрысціянства ўсх. абраду. У час.Вялікага перасялення народаў (4—7 ст.). праз тэр. Р. праходзілі і часткова тут асядалі сарматы, геты, гепіды, авары і інш., а ў 6—7 ст. — славяне. У 6—8 ст. большасць тэр. Р. ўваходзіла ў Аварскі каганат, у 9—10 ст. — у Першае Балгарскае царства. Улада Другога Балг. царства пашыралася на Дабруджу і зах.ч. Р. Усходняя ч. Р. паміж р. Прут і Карпацкімі гарамі ў 10—13 ст. часам трапляла пад уладу кіеўскіх і галіцкіх князёў. У канцы 1-га тыс.н.э. ў выніку асіміляцыі плямён сфарміравалася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў румын, малдаван і некат. інш. народаў. Усх.ч. Р. да Карпацкіх гор. і р. Олт з 1240-х г. да пач. 14 ст. знаходзілася пад уладай Залатой Арды. Трансільванія ў 11—12 ст. трапіла пад уладу Венгрыі. Ратуючыся ад уціску венг. феадалаў, улахі з 12—13 ст. засялялі землі на У ад Карпат да р. Днестр, дзе асімілявалі рэшткі слав. насельніцтва. У 2-й пал. 13 ст.венг. каралі падпарадкавалі рум. землі паміж Карпатамі і Дунаем (гіст.Валахія), дзе ўжо існавалі невял. феад. ўладанні — кнезаты і ваяводствы, а ў 1-й пал. 14 ст. ў выніку перамог над мангола-татарамі пашырылі сваю ўладу і на Усх. Прыкарпацце (гіст. Малдова). Нац.-вызв. барацьба улахаў прывяла да стварэння ў 2-й пал. 14 ст.самаст.феад. дзяржаў — Валахіі і Малдовы (па-за сучаснымі межамі Р. ўключала таксама Бесарабію і Паўн.Букавіну) на чале з гаспадарамі (князямі), уладу якіх абмяжоўваў савет буйных феадалаў-баяр. [Пра гісторыю гэтых княстваў гл. больш падрабязна ў арт.Валахія, Малдаўскае княства і Малдова (рэспубліка)]. У 14—16 ст. Валахія і Малдова (Дунайскія княствы) адстойвалі незалежнасць у барацьбе з Венгрыяй, а з канца 14 ст. — і з Турцыяй, войскі якой з 1391 пачалі заваёўваць тэр. Валахіі.
Пасля шматлікіх абарончых войнаў Валахія (15 ст.), Малдова і Трансільванія (16 ст.) прызналі васальную залежнасць ад Турцыі, плацілі ёй даніну, пастаўлялі па прымусова нізкіх цэнах збожжа, жывёлу, лес, давалі свае ваен. сілы для ўдзелу ў войнах. З 16—17 ст.тур. султаны напачатку зацвярджалі, а пазней і непасрэдна (за вял. грошы) прызначалі гаспадароў Малдовы і Валахіі (пасля 1711—14 пераважна знатных стамбульскіх грэкаў-фанарыётаў). У працэсе тур. заваявання і распаду Венгрыі ў 1541 Трансільванія вылучылася ў асобнае княства. Трансільванскі кн. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Рэчы Паспалітай і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Гаспадар Валахіі Міхай Храбры ў 1599—1600 на кароткі тэрмін аб’яднаў пад сваёй уладай Валахію, Трансільванію і Малдову. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 да Аўстрыі разам з цэнтр. Венгрыяй адышла і Трансільванія. У 1746 адменена (пры захаванні абавязковых феад. павіннасцей) асабістая прыгонная залежнасць сялян Валахіі, у 1749 — Малдовы, у 1785 — Трансільваніі. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну. Нягледзячы на агрэсіўныя мэты рус. царызму, перамогі Расіі ў войнах з Турцыяй 1768—74, 1787—91, 1806—12, 1828—29 паслаблялі тур. панаванне ў Дунайскіх княствах. У 1812 да Расіі далучана Бесарабія (каля 50% тэр.Малд. княства). У 1821 туркі задушылі ў Дунайскіх княствах адначасовыя паўстанні грэкаў пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці і Валашскае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Уладзімірэску, але адхілілі ад княжацкай улады грэкаў-фанарыётаў і дазволілі мясц. баярам выбіраць гаспадароў са свайго асяроддзя. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 (завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29) і асобнага акта да яго Малдова і Валахія пацвердзілі і ўзмацнілі сваю аўтаномію. Да 1834 імі кіравала рас. адміністрацыя на чале з П.Дз.Кісялёвым. Пад яе ўздзеяннем у 1831 у Валахіі, у 1832 у Малдове прыняты першыя ў іх гісторыі канстытуцыйныя акты — Арганічныя рэгламенты. Паводле гэтых Рэгламентаў гаспадары выбіраліся баярамі і зацвярджаліся тур. султанам, ствараліся мясц. войскі, але на 2/3 змяншаліся сял. надзелы і павялічвалася паншчына. Пашырэнне баярскай гаспадаркі з выкарыстаннем некаторых перадавых метадаў яе вядзення дазволіла Дунайскім княствам стаць буйнымі экспарцёрамі збожжа. У 1848—49 ва ўсіх рум. землях актывізаваўся антыфеад. рэвалюцыйны рух (радыкальнае крыло ўзначальваў Н.Бэлчэску), які, нягледзячы на паражэнне, нанёс моцны ўдар па феад. парадках і садзейнічаў складванню перадумоў для наступнага аб’яднання Малдовы і Валахіі ў адзіную дзяржаву. Пасля Крымскай вайны 1853—56 (Расія часова вярнула Малдове Паўд. Бесарабію) узмацніўся рух насельніцтва Дунайскіх княстваў за іх аб’яднанне ў адзіную дзяржаву. Прадстаўнік малд. баярства А.І.Куза ў студз. 1859 выбраны адзіным гаспадаром Малдовы і Валахіі, 24.1.1862 са згоды вядучых еўрап. краін Расіі абвясціў іх аб’яднанне ў новую дзяржаву — Румынію, а сам стаў яе першым князем [1862—66]. Пры ім урад М.Кагэлнічану правёў секулярызацыю царк. зямель, што належалі грэч. духавенству (1863), агр. рэформу (1864; скасаванне паншчыны і частковае надзяленне сялян зямлёй). Незадаволенае рэформамі кансерватыўнае баярства 10.2.1866 скінула Кузу і ўзвяло на прастол ням. прынца Карла Гогенцолерн-Зігмарынгена пад імем Караля I [1866—1914, з 1881 кароль]. Паводле канстытуцыі 1866 Р. — парламенцкая манархія з абмежаваным выбарчым правам. Абвяшчаліся свабода друку, сходаў, адказнасць урада перад парламентам, прынцып падзелу ўлад. Князь (з 1881 кароль) камандаваў арміяй, зацвярджаў законы, меў права роспуску парламента. Ён фарміраваў урад, які праводзіў выбары ў двухпалатны парламент, дзе заўсёды забяспечваў паслухмяную бурж.-памешчыцкую большасць. Змяняліся ўрады лібералаў і кансерватараў. 9.5.1877 Р. абвешчана незалежнай дзяржавай. 3 чэрв. 1877 Р. ўдзельнічала ў рус.-тур. вайне 1877—78 на баку Расіі. Паводле Берлінскага кангрэса 1878 Турцыя прызнала незалежнасць Р., перадала ёй Паўн. Дабруджу замест занятай Расіяй Паўд. Бесарабіі. З сярэдзіны 1870-х г. у Р. ўзнікалі сацыяліст. гурткі, у якіх вял. ролю адыграў беларус М.К.Судзілоўскі. У 1893—99 існавала С.-д. партыя рабочых Р., адноўленая ў 1910 пад назвай С.-д. партыя Р. У 1907 улады Р. задушылі паўстанне сялян, якія патрабавалі зямлі. Р. ўдзельнічала ў 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13), у выніку якой Балгарыя перадала Р. Паўд. Дабруджу.
У жн. 1916 Р. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну на баку Антанты, але пацярпела паражэнне ад аўстра-герм. войск, якія акупіравалі б.ч.тэр. краіны з Бухарэстам. Рэшту тэр. Р. выратаваў ад акупацыі рас. Румынскі фронт, у складзе якога было каля 100 тыс. беларусаў. Р. вымушана была заключыць з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй кабальны Бухарэсцкі мір (май 1918), які страціў сілу толькі пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў. У 1918 рум. войскі занялі Бесарабію і Букавіну, 1.12.1918 Р. абвясціла пра далучэнне Трансільваніі. Рэв. ўздым у Р. 1918—19 прымусіў урад 16.12.1918 абвясціць усеагульнае выбарчае права (не пашыралася на жанчын і ваенных). У адпаведнасці з Сен-Жэрменскім, Нёіскім і Трыянонскім мірнымі дагаворамі 1919—20 за Р. замацаваны Трансільванія, Букавіна і Дабруджа. Паводле Парыжскай канвенцыі 1920 Антанта прызнала за Р. прыналежнасць ёй Бесарабіі. Тэр. Р. павялічылася больш як удвая, насельніцтва — з 8 да 16 млн.чал., прамысл. патэнцыял — у 2,4 разу. У знешняй палітыцы Р. арыентавалася на зах. дзяржавы, удзельнічала ў стварэнні Антанты малой. У сак. 1923 новая канстытуцыя Р. абвясціла шырокія паліт. правы і свабоды, адмяніла саслоўныя прывілеі, узаконіла ўсеагульнае выбарчае права. У 1921 урад нац.-ліберальнай партыі правёў законы аб агр. рэформе (66% зямель буйных памешчыкаў за выкуп перадаваліся сялянам). У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Р. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці да 1932 скараціўся на 40% у параўнанні з 1928, колькасць беспрацоўных дасягнула 600 тыс.чал. У 1934 Р. ўстанавіла дыпламат. адносіны з СССР. У 1931 пры падтрымцы пануючых колаў узнікла фаш. партыя «Жалезная гвардыя». 10.2.1938 кароль Караль П [ 1930—40] устанавіў асабістую дыктатуру; прынята прафаш. канстытуцыя, створана адзіная партыя «Фронт нац. адраджэння», інш. партыі і прафсаюзы забаронены. Эканам. дагавор з Германіяй (сак. 1939) падпарадкаваў эканоміку Р. герм. манаполіям. У маі 1940 Р. канчаткова перайшла на пазіцыі фаш. блоку. У чэрв. 1940 па патрабаванні СССР (нота ад 26.6.1940), якое падтрымала Германія (у адпаведнасці з Пактам Рыбентропа—Молатава 1939) Р. перадала СССР Бесарабію і Паўн. Букавіну. Паводле навязанага Германіяй 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) Р. аддала Венгрыі Паўн. Трансільванію (узамен Р. былі абяцаны сав. тэрыторыі). Паводле Краёўскага пагаднення (7.9.1940) Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Караль II адрокся ад прастола, каралём стаў яго сын Міхай [1940—47]. Фактычна ў краіне ўсталяваўся ваен.-фаш. рэжым маршала І.Антанеску, які ў ліст. 1940 далучыў Р. да Берлінскага пакта 1940. У кастр. 1940 у Р. ўвайшлі герм. войскі. 22.6.1941 Р. разам з Германіяй пачала вайну супраць СССР. У чэрв. 1943 у падполлі засн. «Патрыят. антыгітлераўскі фронт». Паражэнні ў вайне і ўступленне сав. войск у Р. (сак. 1944) аслабілі ўнутрыпаліт. становішча дыктатуры Антанеску, якую 23.8.1944 скінула Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944, узначаленае камуністамі і падтрыманае каралём Міхаем. 24.8.1944 Р. далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі, яе армія пачала ваен. дзеянні супраць ням.-фаш. войск (пазней удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі). 12.9.1944 Р. афіцыйна заключыла перамір’е з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. У кастр. 1944 створаны Нац.-дэмакр. фронт (НДФ), куды ўвайшлі Камуніст. і С.-д. партыі, «Фронт земляробаў» і інш. левыя арг-цыі. Пасля вострай унутрыпаліт. барацьбы 6.3.1945 сфарміраваны ўрад НДФ на чале са старшынёй «Фронту земляробаў» П.Грозам. Жанчыны і ваенаслужачыя атрымалі выбарчыя правы. Паводле агр. рэформы 1945 98 тыс.сял. сем’яў атрымалі 1,1 млн.га памешчыцкіх зямель. Каля 25% канфіскаванай зямлі перайшло ва ўласнасць дзяржавы, якая ў 1949 канфіскавала і рэшткі памешчыцкіх зямель. 10.2.1947 Парыжскі мірны дагавор устанавіў сучасныя межы Р. Да канца 1947 у выніку ўрадавых рэпрэсій сышлі з паліт. арэны асн. правыя партыі — Нац.-царанісцкая і Нац.-ліберальная. 30.12.1947 у Р. скасавана манархія, краіна абвешчана Рум.Нар. Рэспублікай; 13.4.1948 прынята яе канстытуцыя. У лют. 1948 Камуніст. і С.-д. партыі аб’ядналіся ў Рум. рабочую партыю (РРП), яе сакратаром абраны Г.Геаргіў-Дэж. У Р. ўсталявалася аднапарт. сістэма. РРП узяла курс на буд-ва сацыялізму. Летам 1948 нацыяналізавана прам-сць, у 1962 у асн. завершана каапераванне сельскай гаспадаркі. З 1949 Р. — чл.Савета эканамічнай узаемадапамогі, з 1955 — Варшаўскага дагавора 1955. Яна мела шырокія эканам. і культ. сувязі з рэспублікамі СССР, у т. л. з Беларуссю. Да 1980-х г. Р. ператварылася ў індустр.-арг. дзяржаву. У ліп. 1965 РРП перайменавана ў Рум.камуніст. партыю (РКП), яе ген. сакратаром выбраны Н.Чаўшэску (з 1974 таксама прэзідэнт Р.). Паводле канстытуцыі 1965 Р. абвешчана Сацыяліст. Рэспублікай Р. Чаўшэску паступова ўстанавіў рэжым асабістай улады, які ў 1980-я г. набыў таталітарны характар. У 1980-я г. эканоміка Р. апынулася ў стагнацыі, што ў першую чаргу было абумоўлена панаваннем адм.-каманднай сістэмы. Структурныя дыспрапорцыі ў нар. гаспадарцы дасягнулі крызісных маштабаў, запазычанасць Р. перад Захадам (10,2 млрд.дол.) да сак. 1989 пагашалася за кошт абмежавання спажывання насельніцтва, што выклікала шырокую незадаволенасць. У выніку народнага паўстання ў Румыніі 1989 скінута дыктатура Чаўшэску (расстраляны). Да ўлады 26.12.1989 прыйшоў Савет Фронту нацыянальнага выратавання (ФНВ) на чале з І.Іліеску, РКП спыніла існаванне. З 29 12.1989 краіна наз. проста Р. ФНВ абвясціў пераход да дэмакратыі і рыначнай эканомікі. На ўсеагульных выбарах 20.5.1990 выбраны двухпалатны парламент (70% месцаў у ФНВ) і прэзідэнт — Іліеску (перавыбраны ў 1992). На рэферэндуме 18.12.1991 ухвалена новая канстытуцыя Р. З 1991 урад П.Рамана ажыццяўляў праграму эканам.рэформ (лібералізацыя цэн і знешняга гандлю, прыватызацыя і інш.), што на фоне паглыблення эканам. крызісу выклікала сац. напружанасць, у т. л. шахцёрскія хваляванні. У ліп. 1992 прэзідэнт Іліеску наведаў з візітам Беларусь. 17.11.1996 прэзідэнтам выбраны лідэр правых Э.Канстанцінеску, які абвясціў курс на паскарэнне сац.-эканам. і паліт.рэформ, паскоранае ўваходжанне Р. ў еўрап. структуры і НАТО. 10.12.2000 прэзідэнтам зноў выбраны Іліеску — старшыня левацэнтрысцкай партыі сац. дэмакратыі. Р. — чл.ААН (з 1955), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны чл.Зах.-еўрап. Саюза (з 1995). З 1.1.2001 міністр замежных спраў Р.М.Джаане — старшыня Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыі Сац. дэмакратыі, Нац.-царанісцкая, Нац.-ліберальная, Хрысц., Дэмакр. «Вял. Румынія», Сац.-дэмакр. саюз, Дэмакр. саюз венграў Р. і інш.Прафс. аб’яднанні: Нац. канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў, Прафс. картэль, Нац.прафс. канфедэрацыя «Альфа».
Гаспадарка. Р. — індустр.-агр. краіна, адна з найбяднейшых у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4 тыс.дол. ЗША. У прам-сці ствараецца каля 51% яго, у сельскай гаспадарцы — 23%, у абслуговых галінах — 26%. Нар.-гасп. праблемы ўскладнены цяжкасцямі пераходнага перыяду, на якія наклаўся атрыманы ў спадчыну ад сацыяліст. рэжыму крызіс цэнтралізаванай сістэмы кіравання з нерацыянальнай структурай эканомікі. Вытворчыя магутнасці загружаны на 50—60%, у энергетыцы — на 33%. З мэтай хутчэйшага пераходу да рыначнай эканомікі фарсіравалася развіццё прыватнага сектара. Больш за 5 млн.чал. сталі ўласнікамі 2/3с.-г. угоддзяў, у т. л. 80% ворыва. Пашырана дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва. Створана больш за 8 тыс. сумесных прадпрыемстваў з замежным капіталам. Найб. развіта прамысловасць. Асн. яе галіны: здабыўная, энергетыка, машынабудаванне, металургія, хім., нафтахім., дрэваапр. і харчовая. У 1998 здабыта 6,3 млн.т нафты (раёны Плаешці, Пітэшты і інш.), 14,4 млрд.м³ натуральнага газу (цэнтр. Трансільванія), 28,1 млн.т кам., 4,3 млн.т каксавальнага, 23,4 млн.т бурага вугалю (бас. Петрашані, Олт і інш.). Здабываюць руды каляровых металаў (свінцу, цынку, медзі, алюмінію), кам. соль, буд. матэрыялы і інш. У 1998 выпрацавана 52,5 млн.кВт∙гадз. электраэнергіі, на цеплавых электрастанцыях атрымана 59%, на ГЭС — 32%, на АЭС — 9%. У 1998 выплаўлена 4,5 млн.т чыгуну і 6,3 млн.т сталі. Гал. цэнтры: Рэшыца, Галац, Брэіла, Ясы, у г. Тыргавіштэ — вытв-сць якасных і спец. сталей. У каляровай металургіі вытв-сць свінцу (15,1 тыс.т), цынку (25,6 тыс.т), медзі (19,1 тыс.т), алюмінію (164 тыс.т). Цэнтры здабычы і перапрацоўкі каляровых металаў — г. Бая-Марэ, Арадзя (вытв-сць гліназёму) і Бухарэст. Машынабудаванне шматгаліновае і разнастайнае, задавальняе ўнутр. патрэбы, але неканкурэнтназдольнае на замежных рынках. Цяжкае машынабудаванне (Ясы, Рэшыца, Брэіла, Краёва), станкабудаванне (Арадзя, Ясы, Бухарэст, Бакэў, Арад, Сібіў), вытв-сць падшыпнікаў (Сучава, Бырлад), кавальска-прэсавага абсталявання (Тыргу-Жыў), абсталявання для нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай (Бакэў, Плаешці, Тыргавіштэ), для сельскай гаспадаркі (Бухарэст, Бузэў, П’ятра-Нямц), хім. (Плаешці, П’ятра-Нямц, Сату-Марэ), горназдабыўной (Сату-Марэ, Петрашані), лёгкай (Клуж-Напока, Тыргу-Мурэш) і харч. (Клуж-Напока, Фэгэраш) прам-сці. Развіты радыёэлектроннае (Бухарэст, Ясы), электратэхн. (Бухарэст, Краёва, Тыргавіштэ), авіябудаванне (Бакэў, Краёва), вагонабудаванне (Арад), аўтамабілебудаванне (203 тыс. аўтамабіляў, Кымпулунг, Брашоў, Краёва), трактарабудаванне (10 тыс. трактароў Кымпулунг, Краёва), суднабудаванне (Галац, Брэіла, Канстанца). З галін хім. прам-сці найб. развіты нафтаперапрацоўка (12,5 млн.т) і нафтахімія (Плаешці, Пітэшты, Брашоў), вытв-сць штучных і сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў (669 тыс. азотных, 138 тыс.т фосфарных, сінт. каўчуку, шын, лакаў і фарбаў, пластмас, фотаматэрыялаў, хіміка-фармацэўтычнай прадукцыі (Бухарэст, Ясы, П’ятра-Нямц, Галац). У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і трыкат. (240 млн.м² тканін), швейная, гарбарна-абутковая (штогод выпускаецца каля 35 млн. пар абутку). Працуюць прадпрыемствы лесапільнай (нарыхтавана 1618 тыс.м³ драўніны), дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай (334 тыс.т паперы і кардону), паліграф., парфумерна-касметычнай, буд. матэрыялаў (6,6 млн.т цэменту), шкляной і фарфора-фаянсавай галін. Ва ўсіх. гарадах прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці (асабліва мясной, кансервавай, алейнай, вінаробчай, малочнай, спірта-гарэлачнай, тытунёвай, цукр., мукамольнай). У 1998 атрымана 374 тыс.т мяса, 36,1 тыс.т маргарыну, 7 тыс.т масла, 37 тыс.т сыру, 321 т цукру, 5071 тыс. гекталітраў віна, 9989 тыс. гекталітраў піва. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 14,7 млн.га зямель, у т. л. 9,7 млн.га пад ворывам, 5 млн.га пад пашай. Арашаецца каля 3 млн.га. Пераважаюць асабістыя сялянскія і фермерскія гаспадаркі. Гал. галіна — раслінаводства. Збор асн.с.-г. культур у 1998 (млн. τ): кукурузы 8,6, пшаніцы і жыта 5,2, ячменю 1,2 (пасевы пераважна ў раўнінных раёнах на чарназёмах), цукр. буракоў 2,4, сланечніку 1,1, бульбы 3,3, агародніны (у асн. памідоры, капуста, цыбуля, часнок, зялёны перац) 2,8. Сеюць таксама авёс, рыс, сорга, бабовыя, сою, у горных раёнах лён, у Трансільваніі каноплі, у паўд. і ўсх. раёнах тытунь (збор у 1998—17,5 тыс.т). Вял. плошчы пад садамі (пераважаюць яблыні і слівы) і вінаграднікамі (вінаград вінных гатункаў). Развіта жывёлагадоўля, у горных раёнах яна пераважае над раслінаводствам. Пагалоўе (1998, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 3,2, авечак і коз 9,5, свіней 7,1, коней 0,8. Птушкагадоўля (69,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (19,3 тыс.т, 1997). Пчалярства. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. (тыс.км, 1998) аўтадарог 153,4, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 104,7, чыгунак 11,4, у т. л. электрыфікаваных 3,9, водных шляхоў 1,7 (р. Дунай і нізоўі асн. прытокаў), нафтаправодаў 2,8, прадуктаправодаў 1,4, газаправодаў 6,4. У краіне 2,4 млн. легкавых, 513 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскі порт Канстанца. Парты на Дунаі (Брэіла, Галац і інш.) абслугоўваюць рачныя і марскія перавозкі. У марскім флоце 142 судны агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн. бр. рэг. т (1999). 62 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Бухарэста, Тымішаары, Канстанцы, Ясаў. У 1999 экспарт склаў 8,4 млрд.дол., імпарт 9,6 млрд.дол. У экспарце пераважаюць вырабы лёгкай прам-сці, абсталяванне для нафтавай, хім., цэм. і інш. галін, вагоны, прадукцыя хім. прам-сці, нафтапрадукты, драўніна і вырабы з яе, некат. харч. прадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне, жал. руда, вугаль, кокс, нафта, сыравіна для тэкст. прам-сці, харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Італія (22% экспарту, 17,4% імпарту), Германія (19,6% і 17,5%), Францыя, ЗША, Расія. Знешні доўг больш за 9 млрд.дол. (1999). Р. атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (каля 500 млн.дол. штогод). Агульнаеўрап. значэнне мае турысцкая база: каля 6,5 млн. замежных турыстаў штогод. Грашовая адзінка — лея.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (178 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (75,9 тыс.чал.), (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках 133 тыс.чал., 1250 танкаў, больш за 1,8 тыс. баявых браніраваных машын, да 1,3 тыс. адзінак гармат палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў. У ВПС і войсках ППА 34,5 тыс.чал., больш за 350 баявых самалётаў, да 300 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і 360 гармат зенітнай артылерыі, 135 самалётаў дапаможнай авіяцыі і 200 верталётаў. У ВМС 10,5 тыс.чал., 21 баявы карабель, больш за 100 баявых катэраў, 25 дапаможных суднаў, каля 10 верталётаў.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя спалучае дзярж.мед. паслугі, сац. страхаванне, прыватную ўрачэбную практыку. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67, жанчын 75 гадоў (2000). Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 12 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,15%. Дзіцячая смяротнасць 17 на 1 тыс. нованароджаных (2000).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Р. ўключае дашкольныя ўстановы [дзіцячыя сады для дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту], агульнаадук. школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая школа — ніжэйшая ступень сярэдняй адукацыі (4 гады навучання ў пач. школе для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту і 4 гады ў гімназіі, 5—8 кл.) і ліцэй — вышэйшая ступень сярэдняй адукацыі або поўная сярэдняя школа (9—12 кл. пры дзённай і 9—13 кл. пры вячэрняй ці дадатковай формах навучання). Выпускнікі гімназіі атрымліваюць сертыфікат, які дае права здаваць уступныя экзамены для паступлення ў ліцэй (дае званне бакалаўра) або прафес. школы (2—4 гады навучання), а таксама вучыцца ў вучнёўскіх (рамесных) школах без уступных экзаменаў. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае кароткатэрміновыя курсы (1—3 гады навучання ва універсітэцкіх каледжах) і доўгатэрміновыя (1—6-гадовы тэрмін навучання ва ун-тах, акадэміях і ім падобных ін-тах). У 1995/96 навуч.г. ў Р. каля 14 тыс.пач. школ і гімназій (каля 3 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. ліцэяў (каля 1 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. розных навуч. устаноў прафес. адукацыі (каля 4 тыс. навучэнцаў), 48 дзярж.ВНУ (225,1 тыс. студэнтаў), з 1990 існуюць і прыватныя. Буйнейшыя дзярж.ВНУ: ун-ты ў гарадах Бухарэст, Ясы, Клуж-Напока, Тымішаара, Краёва, Брашоў і інш. У Р. больш за 16 тыс. б-к і больш за 450 музеяў. Найб. б-кі: Рум, АН, Цэнтр.дзярж. (мае філіялы ў адм. цэнтрах паветаў), Цэнтр. універсітэцкая — усе ў Бухарэсце; Цэнтр. універсітэцкая ў г. Клуж-Напока; універсітэцкія б-кі ў гарадах Брашоў, Краёва, Тымішаара, Ясы. Найб. музеі: нар. мастацтва, мастацтваў, гісторыі Р., музыкі, этнагр. «Музей сяла», тэхнікі, прыродазнаўчых навук імя Г.Анціпы — усе ў Бухарэсце; этнагр.паўн. Трансільваніі, гіст., мастацтваў у г. Клуж-Напока; гіст., сучаснага рум. мастацтва ў г. Галац; археал., маст. ў г. Канстанца, маст. ў г. Тымішаара, гіст. ў гарадах Залоў, Ясы і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ін-тамі Рум.АН, галіновымі НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій, н.-д. цэнтрамі.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Р. больш за 470 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Adevărul» («Праўда», з 1989), «România liberă» («Свабодная Румынія», з 1943), «Tineretul liber» («Свабодная моладзь», з 1989), «Azi» («Сёння»), «Libertatea» («Свабода»), «Viitorul Românesc» («Будучыня Румыніі»), «Dreptatea» («Справядлівасць»; усе з 1990). Інфарм. агенцтвы: нац. РОМПРЭС (з 1949, да 1990 наз. Аджэрпрэс), незалежнае прыватнае А.М.Прэс (з 1991). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Трансліруюцца праграмы Рум. тэлебачання (2 нац. і 1 міжнар. каналы), дзейнічаюць тэлестанцыі: ПРО ТВ, Антэна 1, Прыма ТВ і інш. Перадачы вядуцца на 15 мовах.
Літаратура развівалася пад уплывам фальклору (казкі, гайдуцкія балады, дойны — лірычныя песні), а таксама культуры суседніх, у т. л.слав., народаў. Першыя пісьмовыя помнікі царк.-дыдактычнага характару на слав. мове вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. на станаўленне рум. мовы і л-ры паўплывалі пераклады рэліг. кніг з царк.-слав. мовы, дзейнасць летапісцаў Г.Урэке, М.Касціна, І.Некулчэ, К.Кантакузіна. На мяжы 17—18 ст. узнік асветніцкі рух, найбуйнейшым прадстаўніком якога быў малд. асветнік Дз.К.Кантэмір. Асветніцкую дзейнасць развівала т.зв. лац., або трансільванская, школа (С.Міку-Клейн, Г.Шынкай, П.Маёр і інш.). На мяжы 18—19 ст. зарадзілася ўласная рум.л-ра (паэзія Э., А. і Н. Вэкэрэску, К.Канакі). Найб. вядомы твор рум. асветніцтва — паэма «Цыганіяда» І.Будай-Дэляну. У пач. 19 ст. з ростам нац.-вызв. руху ўзнікла новая хваля асветніцкага руху: паявіліся першыя газеты, пераклады з зах.-еўрап. і рус. л-р, актывізавалася дзейнасць заснавальнікаў новай рум. л-ры Г.Асакі і І.Эліядэ-Рэдулеску, створаны нац. т-р. Пасля 1848 л-ра Р. набыла яскрава рамант. характар. Творчасць В.Александры, М.Эмінеску, Дз.Балінтыняну, В.Кырлава, К.Негруцы характарызавалася імкненнем сфармуляваць і адлюстраваць прагрэс.сац. ідэі, вял. ўвага аддавалася фальклору і нац. гісторыі (М.Кагэлнічану, А.Пан). З сярэдзіны 19 ст. пачаў фарміравацца рэаліст. кірунак (раман «Старыя і новыя міраеды» Н.Філімона, творы І.Л.Караджале, Дж.Кошбука, І.Крангэ, І.Славіча, Б.Дэлаўранчы і інш.). У канцы 19 ст. на развіццё л-ры паўплывала тэорыя «чыстага мастацтва» (Ц.Л.Маярэску), супраць якой з патрабаваннем «тэндэнцыйнага» (ідэйнага) мастацтва выступілі К.Дабраджану-Гера і інш. У перыяд паміж сусв. войнамі замацаваўся рэалізм (проза М.Садавяну, І.Агырбічану, Л.Рэбрану, К.Петрэску, Ч.Петрэску, Г.Пападат-Бенджэску, Дж.Кэлінеску). У паэзіі найб. вылучыліся прадстаўнікі сімвалізму і экспрэсіянізму, для якіх характэрны антыманархізм (А.Мачэдонскі), пантэізм (Л.Блага), пошукі этычнага ідэалу (Т.Аргезі) і інш. У 1930-я г. зарадзілася пралет.л-ра (проза А.Сахіі, Дж.Богзы, паэзія М.Бенюка, Э.Жэбеляну). Пасля вызвалення Р. ад фашызму пісьменнікі пісалі пра новыя ідэі, час і жыццё (Садавяну, К.Петрэску, Ч.Петрэску, З.Станку, Бенюк, Жэбеляну, В.Тэадарэску). Асн. тэндэнцыі пасляваен. л-ры вызначалі проза Ц.Паповіча, М.Прэды, Э.Барбу, паэзія М.Бануш, Р.Баўрану, драматургія А.Барангі, Х.Лавінеску і інш. На мяжы 1950—60-х г. у л-ру прыйшло новае пакаленне літаратараў (празаікі Д.Р.Папеску, Ф.Нягу, Н.Веля, паэты Н.Стэнеску, М.Сарэску, А.Бландыяна), у творах якіх рэалістычна адлюстраваны сац. кантрасты і супярэчнасці, створаны яркія нар. вобразы. У сучаснай рум. л-ры выявілася тэндэнцыя да ўзняцця маральных праблем, паглыбленага псіхал. аналізу на аснове адкрыцця індывід. светаадчування, маст. сімвалізацыі, міфалагізацыі і лірызацыі прозы (Ш.Бэнулеску, Нягу, А.Івасюк, Прэда, Станку, Стэнеску, Ч.Балтач і інш.). Развіваюцца таксама л-ры на мовах інш. нацыянальнасцей (венг., ням., сербскай і інш.). У 1949 створаны Саюз пісьменнікаў Р.
На рум. мове друкаваліся асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, М.Танка, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, Г.Далідовіча, В.Іпатавай і інш.бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшла кн. «Румынская навела» (1977, пер. М.Ткачоў, Г.Шаранговіч, У.Лапцёнак, Я.Курто); у зборніках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы Аргезі, Бенюка, Барангі, Бландыяна, М.Дынеску, Крангэ, Д.Крэснару, Кэлінеску, Г.Маярэску, І.Мірчы, Паповіча, М.Себасцьяна, Станку, Стэнеску і інш. Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Р. — паэтэса і перакладчыца П.Стайчэску і перакладчык Т.Пую. На бел. мову творы рум. пісьменнікаў перакладалі А.Бачыла, Т.Бондар, А.Бутэвіч, А.Вярцінскі, М.Гіль, С.Законнікаў, У.Казбярук, М.Мятліцкі, В.Нікіфаровіч, П.Прыходзька, Я.Семяжон і інш.
Архітэктура. Захаваліся рэшткі ант. гарадоў на ўзбярэжжы Чорнага м. (Калатыя, цяпер Мангалія), руіны дакійскіх крэпасцей у гарах Трансільваніі. Сярэдневяковая архітэктура Трансільваніі развівалася ў цеснай сувязі з архітэктурай краін Зах. Еўропы. У 13 ст. тут склаўся лакальны варыянт раманскай архітэктуры з венг.-ням. уплывам: базілікі ў Чыснэдыаары (да 1223) і Алба-Юліі (паміж 1250—90), замак Корвінаў у Хунэдаары. З 14 ст. пашырана буд-ва ў стылі готыкі: зальныя храмы св. Міхаіла ў г. Клуж-Напока, «Чорны» ў г. Брашоў (14—15 ст.), у г. Сібіў (14 — пач. 16 ст.). У 14—17 ст. будаваліся каменныя і цагляныя дамы гараджан, гар. ўмацаванні з брамамі і вежамі (Сібіў, Сігішаара, Брашоў), замкі свабоднай планіроўкі, з вежамі, эркерамі, ірэгулярнымі ўнутр. дварамі (Бран, 1377; Хунедаара, 15 ст.). Пад уплывам мастацтва Адраджэння з пач. 16 ст. дамы аздаблялі ордэрнымі дэталямі, капэлы ў храмах набывалі пышны рэнесансавы скульпт. дэкор (капэла Лаца ў саборы ў Алба-Юліі, 1512). З пач. 18 ст. пашырыліся пабудовы ў рэгіянальным стылі аўстра-венг. барока з яго манументальнасцю і рэпрэзентатыўнасцю (саборы ў г. Клуж-Напока, Тымішаара, палац Брукенталя ў Сібіў). Архітэктура Валахіі і Малдовы арыентавалася на ўзоры правасл. краін — Візантыі, Сербіі і Балгарыі. Побач з крыжова-купальнымі (царква св. Мікалая ў Курцядэ-Арджэш, 13—14 ст.) будаваліся 1-нефавыя трохконхавыя храмы з прытворам і купаламі (саборы манастыроў Казія ў Сірэце і св. Георгія ў Хырлэў, 14 ст.). У дэкоры гатычныя дэталі спалучаліся з узорыстымі паліванымі керамічнымі ўстаўкамі (царква манастыра Нямц, 1497). У канцы 15 — пач. 16 ст. ў цэрквах рабілі скляпенні ў выглядзе ступеньчатых арак на кансолях. У 14—17 ст. шырока будавалі крэпасці і ўмацаваныя манастыры (Нямц, Сучава), дамы-крэпасці (кула) з масіўнымі каменнымі сценамі і вокнамі ў выглядзе байніц. Для царк. архітэктуры 16—17 ст. характэрна імкненне да пышнага дэкаратывізму. Храмы з каменю і мармуру ўпрыгожвалі святочнай плоскарэльефнай разьбой (цэрквы ў Курця-дэ-Арджэш, манастыра Дзялу), часта з арнаментам (царква «Трох свяціцеляў» у Ясах). У традыц. кампазіцыю часта ўводзілі адкрыты прытвор з аркамі ці прысадзістымі аркадамі. Вясковыя цэрквы Малдовы з навісаючымі высокімі дахамі звонку аздаблялі яркімі сюжэтнымі размалёўкамі (манастыра Малдавіца, 1532; с. Варанец, размалявана ў сярэдзіне 16 ст.). У архітэктуры Валахіі ў канцы 17 — пач. 18 ст. склаўся т. зв. стыль Брынкавяну — спалучэнне нар. традыцый і нац. дойлідства з элементамі рэнесансу і барока (лоджыямі, балюстрадамі, вітымі калонамі; палац Магашаая каля Бухарэста, 1700—02). У канцы 18—пач. 19 ст. будавалі з рысамі класіцызму (арх. А.Арэску). Да 19 ст. гарады захоўвалі аблічча ірэгулярных сельскіх паселішчаў. У 2-й пал. 19 ст. ў Р. з’явіліся парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі (Атэнеум, Палац юстыцыі і інш. ў Бухарэсце). У 1880-я г.арх. І.Мінку звярнуўся да традыцый рум.нар. дойлідства і стылю Брынкавяну (будынак «Буфетул» у Бухарэсце). Для архітэктараў пач. 20 ст. (Г.Чэркез, І.Д.Берындзей, А.Сэвулеску, Н.Гіка-Будэшты), характэрна рамант. захапленне гіст. стылямі (неаготыка, неарэнесанс), імкненне да інтэрпрэтацыі форм нац. архітэктуры. У 1930-я г. тэндэнцыі неакласіцызму (Палац Рэспублікі ў Бухарэсце) змяніліся функцыяналізмам (пабудовы Х.Крангэ, Д.Марку ў г. Брашоў і Бухарэсце). З 2-й пал. 20 ст. ўкараняюцца індустр. метады, будуюцца новыя (Георге-Геаргіў-Дэж, Урыкані і інш.) і рэканструююцца старыя гарады. На Чарнаморскім узбярэжжы створаны добраўпарадкаваныя курорты (Мамая, Эфорыя, Мангалія і інш.). Новыя жыллёвыя комплексы вылучаюцца гнуткасцю прасторавай арганізацыі, разнастайным рытмічным размяшчэннем тыпавых звёнаў, вентыляцыйных і сонцаахоўных прыстасаванняў, выкарыстаннем колеру і фактуры панэлей (жылыя раёны Тытан, Флараска, Букурэшты-Ной і інш. ў Бухарэсце). Узводзяцца разнастайныя паводле форм і планіроўкі шматпавярховыя секцыйныя і вежападобныя будынкі з выкарыстаннем зборных метал. і жалезабетонных каркасаў і перакрыццяў, навясных панэлей (цырк у Бухарэсце, вакзалы ў г. Брашоў і Канстанца). 1960—80-я г. адметныя пошукамі пластычнай выразнасці цэласных аб’ёмаў (ансамбль Нац.т-ра імя Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» у Бухарэсце), імкненнем да пераасэнсавання нар.арх. традыцый (адм. цэнтры ў Бая-Марэ, Баташані і інш.). У пабудовах і рэзідэнцыях 1980-х г. відавочна нарастанне пампезнага эклектызму. З 1990-х г. архітэктура Р. арыентуецца на зах.-еўрап. рацыянальны стыль з захаваннем багатых нар. традыцый. У 1952 засн. Саюз архітэктараў Р.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З неаліту на тэр. Р. вядомы зааморфныя і антрапаморфныя статуэткі з косці і гліны (т. зв. «Мысліцель з Чарнаводы», 3-е тыс. да н.э.), керамічны посуд з ляпным, гравіраваным і маляваным геам. арнаментам у стылі, блізкім да эгейскага мастацтва, Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. Захаваліся маст. вырабы фракійцаў, скіфаў, кельтаў, творы рым. скульптуры, ювелірныя вырабы готаў і стараж. славян. У 14—15 ст. у Валахіі і Трансільваніі развівалася плоскарэльефная разьба па камені, насценныя размалёўкі (фрэскі ў цэрквах св. Міколы ў Курця-дэ-Арджэш, у Крышчоры, Лешніку, Рыбіцы і інш.); у Малдове дасягнула росквіту мініяцюра (майстар Гаўрыл Урык). Вядомасць набылі выканаўцы бронзавых статуй М. і Г. Клужскія. У канцы 15—16 ст. пад уплывам Германіі і Польшчы пашырылася разьба па камені на барабанах купалаў, надмагільных плітах, каменных саркафагах, у абрамленні акон і парталаў цэркваў. Мастацкай дасканаласці дасягнулі вышыўка, разьба па дрэве, апрацоўка металу. У 17—18 ст. у храмах Малдовы і Валахіі пашырыліся разьбяныя алтары ў стылі Брынкавяну. У 17 ст. ў Трансільваніі з’явілася надмагільная скульптура ў духу рэнесансу, а ў канцы 17—18 ст. пад уплывам аўстр. мастацтва — дэкар. скульптура барока. Для размалёвак 16 ст. характэрны свецкія матывы, рысы рэпрэзентатыўнасці і арнаментальнасці, гал. чынам у партрэтах царк. старастаў (размалёўкі епіскапскай царквы ў Курця-дэ-Арджэш, каля 1526). У вонкавых размалёўках цэркваў Малдовы рабіліся спробы ўнесці ў мастацтва актуальны змест (выявы туркаў сярод грэшнікаў у сцэнах «страшнага суда»). У жывапісе Валахіі 17—18 ст., прасякнутым наіўна-фалькл. матывамі (размалёўкі цэркваў у Філіпешты-дэ-Пэдурэ, 1692, жывапісец Пырву Муту), пашырыліся пейзажныя і арх. формы з элементамі прасторавасці (размалёўкі манастыра Хурэзі, 1694—1704). У іканапісе Малдовы і Валахіі строгая абагульненасць змянілася ў 17 ст. імкненнем да арнаментальнасці. У 18 ст. з’явіўся жывапіс у стылі барока, прадстаўлены гал. чынам ’работамі аўстр., чэшскіх і славацкіх майстроў (Ф.Маўльберч, І.Н.Шопф і інш.). З 2-й пал. 18 ст. вядомы свецкія партрэты І.М.Штока. У пач. 19 ст. фарміравалася свецкае мастацтва (творы Н.Палкоўнікула, Г.Баламіра). Пазней узніклі тэндэнцыі да рамантызму і рэалізму (І.Негуліч, Б.Іскавеску, Т.Аман, патрыятычная алегарычная кампазіцыя К.Д.Разенталя). У 1860—70-я г. росквіту дасягнуў дэмакр. рэалізм (Н.Грыгарэску, І.Андрэеску). У пач. 20 ст. пошукі выразных і каларыстычных сродкаў, выкарыстанне прыёмаў фавізму, кубізму і экспрэсіянізму спалучаліся з цікавасцю да прадметнага свету з дэмакр.нац. ідэаламі (Ш.Лук’ян, Г.Петрашку, Т.Паладзі, К.Рэсу, Ш.Дымітрэску, Н.Таніца, Ф.Шырата, Дз.Г’яцэ). У скульптуры акадэмізм змяніўся тэндэнцыямі рамантызму (Ш.Іанеску-Валбудзя), мадэрна (Дз.Пачура), неакласіцызму (І.Жаля, О.Хан, К.Медра), сімвалізму (К.Брынкушы). Графіцы 1920—30-х г. уласціва экспрэсіўнасць (А.Жыкідзі, І.Рос, Н.Арборэ). З канца 1940-х г. мастацтва напаўнялася новым зместам. Жывапісцы К.Баба, М.Бунеску, Х.Катарджы, А.Чукурэнку, Г’яцэ распрацоўвалі індустр. пейзажы, кампазіцыі на тэмы працы і гісторыі; у жывапісе ўзмацніліся рысы дэкар. стылізацыі (К.Піліуцэ, Б.Каваліў), фактурныя і каларыстычныя пошукі (В.Сакеларые-Уладзімерэску), выкарыстанне традыцый нар. творчасці (І.Цукулеску), абстрактнага экспрэсіянізму (І.Геаргіў, В.Алмэшану), сюррэалізму (С.Бэлаша), з канца 1960-х г. — пошукі нац. своеасаблівасці (Г.Шару, В.Мэрджынян, І.Сэлішцяну, І.Мусчэляну і інш.). У скульптуры вылучаюцца партрэтныя статуі і бюсты Жалі, Г.Ангела, Р.Ладзі, Б.Караджы, Хана; станковыя кампазіцыі і манументы Медры, Г.Віды, Ю.Аніцы, сімвалічныя вобразы і партрэты І.Ірымеску, З.Бэйкаяну і інш. Рысы традыцый сярэдневяковай і нац. скульптуры ўласцівы творам С.Раду, Г.Іліеску, І.Власіў. Высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка, плакат, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Музыка. Станаўленне муз. мастацтва ў Р. звязана з фальклорам, якому ўласцівы аднагалоссе, апора на дыятанічныя лады і пентатоніку, складаная нерэгулярная рытміка, перамяшчэнне акцэнтаў, багатая мелізматыка. Пашыраны стараж. абрадавыя і інш. песні, эпічныя балады (дойны); танцы — хора, сырба, хацэгана, мужчынскі брыу і інш.Нар. інструментарый: скрыпка, кобза, цымбалы, флуэр (флейта), най (флейта Пана), чымпой (валынка), бучум (рог). Пашырэнню фальклору спрыялі нар. музыканты-прафесіяналы-лэўтары (Б.Лэўтару, Н.Піку, Г.Дыніку), якія звычайна выступалі ў складзе тарафаў (нар. аркестраў). Рум. кампазітарская школа склалася ў 2-й пал. 19 ст. У ліку першых кампазітараў-прафесіяналаў А.Флехтэнмахер (аўтар першай нац. аперэты «Баба Яга»), І.Вахман (стваральнік першага рум. вадэвіля «Трыумф кахання»), Ч.Парумбеску, В.Хірка, Л.Віст. Вызначальнай стала опера Э.Каўдэлы «Петру Рарэш». Пачынальнік рум. сімфоніі — Дж.Штэфэнеску. Уклад у камерныя жанры зрабіў К.Дымітрэску — заснавальнік квартэта (1880), аўтар камерных ансамбляў, сольных інстр. п’ес. Хар. музыку пісалі Г.Музічэску, Г.Дыма, Д.Кірыяк-Джарджэску, Г.Куку, Я.Мурэшыяну, І.Віду і інш. Фарміраванню нац. кампазітарскай школы спрыяла дзейнасць па збіранні і запісе нар. творчасці, у т. л. фалькларыста А.Пана. Сінтэз фальклору і прафес. музыкі ўласцівы творчасці Музічэску, Ф.Кіпрыяка, Т.Брэдычану і інш. Станаўленню муз. культуры і адукацыі садзейнічалі стварэнне рум. пеўчага і тэатр.т-ва, філарманічнага т-ва ў Бухарэсце (1833), Ясах (1936), адкрыццё там кансерваторый (1864), сімф. аркестра Бухарэсцкай філармоніі (1868). Сярод выканаўцаў 2-й пал. 19 ст. дырыжоры Э.Вахман, Каўдэла, спевакі Дж.Дымітрэску, Х.Даркле, М.Нуавіна і інш. У 1-й пал. 20 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. жанры, вёўся пошук новых тэм, сюжэтаў, выразных сродкаў. Узначальваў рум. кампазітарскую школу Дж.Энеску. Заснавальнік рум. балета і камерна-вак. музыкі — М.Жора, жанру інстр. канцэрта — П.Канстанцінеску; у розных муз. жанрах працавалі С.Драгой, Дз.Куклін, А.Мендэльсон, І.Думітрэску, А.Зіра, М.Андрыку, пазней С.Тадуцэ, П.Чорця. У 2-й пал. 20 ст. значнае месца ў муз. мастацтве займала гераічная тэма. У операх Г.Думітрэску («Гаспадар Іон Люты», «Дэчэбал», «Паўстанне»; 1955—60), Канстанцінеску («Панэ Лесня Русалім», 1955), Д.Попавіча (трыпціх камерных опер «Праметэй», «Допыт на зары», 1958—74) зацвярджаецца жанр нар.муз. драмы на гіст. сюжэт. Сімф. жанр развівалі Д.Бугіч, А.Віеру, Г. і І. Думітрэску, П.Бентою, Попавіч і інш. У галіне камернай, хар. і інш. музыкі працавалі К.Сільвестры, А.Рацыў, М.Марбе, Ш.Нікулеску, Т.Олах, А.Строе і інш., творчасць якіх вылучаецца разнастайнасцю кірункаў, стыляў, прыёмаў кампазіцыі, засваеннем сучаснай кампазітарскай тэхнікі. Сярод выканаўцаў дырыжоры А.Александрэску, М.Басараб, Дж.Джарджэску, Т.Рагальскі, Сільвестры, Э.Эленеску, піяніст Дз.Ліпаты, скрыпачы І.Войку, Ш.Руха, спевакі Г.Зобіян, Т.Лукачу, Э.Петрэску, М.Янкулеску, сярод музыказнаўцаў Т.Балан, З.Ванча, Р.Александрэску. Развіццё муз. адукацыі і выканальніцтва звязана са з’яўленнем новых філармоній (Тымішаар, Клуж-Напока), оперных т-раў (Клуж-Напока, Ясы, Канстанца). Вядомасць набылі сімф. аркестры Бухарэсцкай і Клужскай філармоній, аркестр нар. інструментаў, харавыя калектывы. Цэнтр муз. навукі — Ін-т этналогіі, дыялекталогіі і фальклору. У Р. праводзіцца міжнар. фестываль імя Энеску.
Тэатр. Вытокі рум.т-ра ў стараж. гульнях і абрадах з элементамі тэатралізацыі. У 18—19 ст. узніклі больш складаныя формы т-ра «іразій», «віклеім» (літургічная драма), «жакул пэпушарылор» (лялечнае прадстаўленне), гайдуцкая драма (пра нар. паўстанцаў). Заснаванне прафес.т-ра звязана з дзейнасцю школьнага т-ра (пастаноўкі ў 1775 у Трансільваніі і ў 1816 у Ясах па ініцыятыве пісьменніка Г.Асакі, у Бухарэсце пад кіраўніцтвам паэта Я.Вэкэрэску), адкрыццём школы драм. мастацтва пры Філарманічным т-ве ў Бухарэсце (1833), Драм. кансерваторыі ў Ясах (1836). У 1841 у Ясах узведзены будынак т-ра. У 1852 у Бухарэсце пачаў працаваць Вял.т-р, перайменаваны ў 1877 у Нацыянальны. У рэпертуары пераважалі творы В.Альф’еры, Вальтэра, Мальера. Уклад у развіццё рум.т-ра зрабілі пісьменнікі і грамадскія дзеячы К.Негруцы, В.Александры, М.Кагэлнічану, удзельнікі рэвалюцыі 1848. У 2-й пал. 19 ст. акцёрскае мастацтва развівалася ў рэаліст. (М.Міла) і рамант. (К.Караджале, М.Паскалі) кірунках. У 1877 засн.Драм.т-вапрафес. акцёраў. На мяжы 19—20 ст.рэаліст. традыцыі прадаўжалі акцёры Г.Маналеску, А.Раманеску, К.Натара, А.Пруцяну, пазней — іх вучні А.Дэметрыядэ, Т.Буландра і Л.Стурдза-Буландра, Г.Сторын і інш. На нац.тэатр. мастацтва значна паўплывала дзейнасць драматурга і рэжысёра І.Л.Караджале, які ўзняў рум.сатыр. камедыю да ўзроўню лепшых узораў сусв. драматургіі. Станаўленню гіст. драмы садзейнічала творчасць драматургаў Александры, Б.П.Хашдэў, А.Давілы, Б.Дэлаўранчы. На дзейнасць рэфарматара нац.т-ра П.Гусці (у 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац.т-ра) паўплывала творчасць А.Антуана і К.Станіслаўскага. У 1919 пасля аб’яднання Трансільваніі з Р. заснаваны Нац.т-р у г. Клуж-Напока, які дасягнуў значных поспехаў пад кіраўніцтвам З.Бырсана. Рэаліст. традыцыі развівалі К.Петрэску, Дж.Замфірэску, В.Эфтыміў, Буландра, Стурдза-Буландра, М.Вентура, З.Саарэ, М.Філоці, М.Себасцьян і інш. Спектаклі ставілі рэж. Гусці, В.І.Попа, А.Майкан і інш. У 1920—30-я г.рум.т-р заняпаў. З 1938 у Ясах існаваў т-р для працоўных «Праца і добрая воля». Пасля 2-й сусв. вайны тэатр. мастацтва ў Р. актыўна развіваецца. Узнікла новая драматургія (М.Давідоглу, Х.Лавінеску, А.Баранга, А.Мірадан). У 1961 створаны Т-р камедыі, у 1964 — Малы т-р. Сярод вядучых т-раў: Рум.нац.т-р імя ІЛ.Караджале, Рум.т-р імя Л.Стурдзы-Буландры; т-ры камедыі «Мік», імя Натары, для дзяцей імя І.Крангэ, лялечны «Цэндэрыкэ» ў Бухарэсце; т-ры нац. імя Александры ў Ясах, у г. Клуж-Напока і Краёва. Сярод лепшых рэжысёраў і акцёраў Р.Беліган, Х.Папеску, Л.Чулей, Л.Джуржэску, Р.Пенчулеску; сярод крытыкаў і гісторыкаў т-ра В.Рыняну, В.Сілвестру, М.Бэрбуцэ і інш. У Бухарэсце з 1954 працуе Ін-ттэатр. і кінематаграфічных мастацтваў імя ІЛ.Караджале; у 1950 у г. Тыргу-Мурэш арганізаваны Венг.тэатр.ін-т імя С.Іштвана.
Кіно. З 1897 у Бухарэсце дэманстраваліся першыя відавыя фільмы. З 1911 пачаўся выпуск маст. фільмаў («Ракавое каханне», 1911; «Вайна за незалежнасць», 1912, рэж. Г.Брэзяну). Лепшыя фільмы нямога кіно 1920—30-х г. створаны рэж. Ж.Міхаілам і Ж.Джарджэску. Першыя гукавыя фільмы — камедыя «Бінг-Банг» (1935, рэж. Н.Строе, В.Васілаке), экранізаваная камедыя ІЛ.Караджале «Бурная ноч» (1943, рэж. Джарджэску), дакумент. «Краіна Моцаў» (1938, рэж. П.Кэлінеску). У 1950 пачата буд-ва кінацэнтра «Буфця», засн. студыя дакумент. фільмаў «Александру Сахія». У 1951 створаны першы анімацыйны фільм. У 1950-я г. здымаліся фільмы пра сучаснасць, экранізаваліся творы класічнай л-ры; пачалі працаваць рэжысёры, фільмы якіх вызначылі нац. кінамастацтва 1960—70-х г.: Л.Брату («Тудор», 1963), А.Блаер («Раніца разважлівага чалавека», 1967), Г.Вітанідыс («Шкадлівы юнак», у сав. пракаце «Усяго адзін месяц», 1969; «Кантэмір», 1975), М.Дрэган («Смага», паводле рамана Ц.Паповіча, 1961; «Лупень, 29», 1963; «Калона», 1968), Дз.Кочы («Гайдукі», 1966; «Выкраданне дзяўчыны», «Помста гайдукоў», абодва 1968), Ф.Мунцяну («Неба без кратаў», паводле свайго рамана «Мастак», 1962; «Тунэль», 1967, сумесна з СССР), М.Мурэшан («Паўстанне», паводле Л.Рэбрану, 1966; «Аблога», 1971), С.Нікалаеску («Дакі, 1967; «Міхай Храбры», 1970; «Бессмяротныя», 1974), Л.Пінтыліе («У нядзелю, у 6 гадзін вечара», 1966; «Рэканструкцыя», 1969), Д.Піца («Філіп добры», 1975), Л.Чулей («Хвалі Дуная», у сав. пракаце «Рака палае», 1960; «Лес павешаных», паводле Рэбрану, 1965). Вядомасць набылі экранізацыі: «Каменнае вяселле» (1973), «Дух золата» (1974) паводле навел І.Агырбічану (рэж. М.Верою, Піца). Фільмы 1980-х г. вызначаюцца ўвагай да праблем сучаснасці: «Экскурсія» (1981, рэж. М.Данелюк), «Конкурс» (рэж. Піца), «У чаканні цягніка» (рэж. Верою, абодва 1982). Дэбютавалі як рэжысёры І.Дэміян («Сляза дзяўчыны»), Д.Тэнасе («Паўабаронца», абодва 1980), В.Алекса («Перад маўчаннем», 1978; «Шпагаглытальнік», 1981) і А.Татос («Сумная Настасся ішла», 1980; «Эпізоды», 1982). Здымаліся фільмы сумесна з СССР — «Марыя, Мірабела» (1982, рэж. І.Папеску-Гопа), «Казка падарожжаў» (1983, рэж. А.Міта). Значныя дасягненні анімацыйнага кіно Р. (Папеску-Гопа, І.Труйка, С.Балаш і інш.). Сярод дакументалістаў М.Іліешу, Ц.Месараш, Дж.Сегал; лепшыя акцёры — М.Албулеску, Д.Алцяну, М.Барбу, І.Бесою, Ю.Дарые, Г.Дынікэ, Д.Канстанцін, М.Паганат, С.Паповіч, А.Пеля, І.Петрэску, Ф.П’ерсік, В.Рэбенджук, С.Стэнкулеску, І.Чабану; сцэнарысты, гісторыкі і крытыкі — І.Грыгарэску, Д.Папеску, Паповіч, П.Сэлкудзяну, М.Геаргіў, В.Іліў, І.Кантакузіна, Е.Апрою. З 1954 спецыялістаў у галіне кіно рыхтуе Ін-ттэатр. і кінамастацтва імя ІЛ.Караджале.
Літ.:
Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6;
Кожевников Ю.А. Эпоха романтизма в румынской литературе. М., 1979;
Опреску Г. Народное искусство Румынии: Пер. с фр.М., 1960;
Кузьмина М.Т. Искусство Румынии. М., 1966;
Румынская живопись в образах. Бухарест, 1971;
Светлов И.Е. Современная румынская скульптура. М., 1974;
Лейтес Р. Заметки о румынской музыке XX в. // Проблемы музыкальной науки. М., 1972. Вып. 1.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.А.Левашэвіч (гісторыя), І.Г.Елісееў (узброеныя сілы), Н.І.Марозава (асвета), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.У.Валадковіч (музыка).
Герб і сцяг Румыніі.Да арт.Румынія. Горад Брашоў.Да арт.Румынія. Пасёлак у Карпатах.Да арт.Румынія. Ландшафт на ПнУ краіны.Да арт.Румынія. У Паўднёвых Карпатах.Да арт.Румынія. Атэль Букурэшты ў г. Бухарэст.Да арт.Румынія. Забойства Міхая Храбрага 9.8.1601. Эстамп. 18 ст.Да арт.Румынія. Румынскія мінамётчыкі вядуць агонь па нямецка-фашысцкіх войсках. Чэхаславакія. 1945.Да арт.Румынія. Царква манастыра ў с. Варанец. 1488.Да арт.Румынія. Царква «Трох свяціцеляў» у г. Ясы. 1639.Да арт.Румынія. Т.Паладзі. Ваза са сланечнікамі.Да арт.Румынія. К.Брынкушы. Бясконцая калона. 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕТСтаражытны,
старажытная дзяржава ў ніжнім цячэнні р. Ніл, у паўн.-ўсх. Афрыцы.
Гісторыя. Стараж.-егіп. цывілізацыя налічвае больш за 3 тысячагоддзі. У яе развіцці вылучаюць некалькі асн. этапаў, ці царстваў (Ранняе, Старажытнае, Сярэдняе і Новае), а таксама Позні перыяд і некалькі пераходных эпох. Цары (фараоны), якія правілі краінай, яшчэ ў старажытнасці былі падзелены на 30 дынастый, што таксама лягло ў аснову перыядызацыі гісторыі гэтай цывілізацыі.
Паселішчы на тэр. Е. вядомы з эпохі палеаліту. У 10—6-м тыс. да н.э. вандроўныя плямёны, як мяркуюць, протасеміты, берберы, кушыты і інш., жылі ў стэпах уздоўж Ніла, дэльта і даліна якога былі часткова забалочаны. Змена клімату ў эпоху неаліту вымусіла іх перасяліцца ў пойму Ніла. У 4-м тыс. да н.э. ў выніку змяшання гэтых плямён склаўся егіп. народ. З часам узніклі прымітыўныя дзярж. ўтварэнні, ад якіх пайшлі адм. акругі, т.зв.номы (налічвалася каля 40). Каля сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. ўтварыліся 2 буйныя царствы — Верхні Е. і Ніжні Е. Прыкладна каля 3000 да н.э. цар Верхняга Е. Менес захапіў Ніжні Е., заснаваў крэпасць Мемфіс (з 28 ст. да н.э. сталіца Е.) і аб’яднаў абедзве дзяржавы. Пачалася гісторыя адзінай краіны Е.
У перыяд Ранняга царства (30—28 ст. да н.э., I—II дынастыі) удасканальваліся каменныя і медныя прылады працы, пашырыўся менавы гандаль, развівалася ірыгацыйная гаспадарка. Фарміраваўся дзярж. апарат, вылучыліся номы на чале з намархамі. Вяліся войны з кушытамі (нубійцамі) на Пд, лівійцамі на ПнЗ, бедуінамі Сінайскага п-ва на ПнУ. На царскі трон прэтэндавалі 2 роды, якія пакланяліся багам Верхняга Е. Гору і Сету, перамаглі прыхільнікі Гора, якія сталі апекунамі царскай улады. Значнага прагрэсу дасягнула ткацкае рамяство, пачаўся выраб папірусу для пісьма.
У час Старажытнага царства (28—23 ст. да н.э., III—VI дынастыі) дзяржава зведала эканам. і культ. ўздым. Адзінства Е. ўвасаблялася ва ўладзе фараона, які быў неабмежаваным гаспадаром усёй краіны. Побач з абшчынным узнікла прыватнае землеўладанне, умацаваўся бюракратычны апарат, створана пастаяннае войска. Неабмежаваная ўлада фараонаў выявілася ў буд-ве пахавальняў-пірамід (Хеопса, Хефрэна, Мікерына і інш.). Распаўсюдзіўся культ бога Ра, фараоны называлі сябе яго сынамі. У гэты перыяд узмацніліся паліт. і эканам. сувязі Е. з Фінікіяй і краінай Куш (Нубія). Фараоны Снофру і Сахура рабілі ваен. набегі на Фінікію, адкуль дастаўлялі драўніну для буд-ва караблёў. З Куша паступалі золата, слановая косць, жывёла, духмяныя рэчывы, рабы. З цягам часу ўлада фараонаў прыйшла ў заняпад і дзяржава распалася на номы.
Першая пераходная эпоха (23—21 ст. да н.э., VII—XI дынастыі). Пасля смерці фараона Піопі II, які панаваў 94 гады, пачаўся доўгі перыяд паліт. раздробленасці і барацьбы за трон. Ён характарызаваўся эканам. і культ. заняпадам, сац. хваляваннямі, якія часам набывалі форму нар. паўстанняў супраць намархаў. Вялікім уплывам у гэты час карысталіся правіцелі Геліопаля, якія падпарадкавалі цэнтр. Е. і дэльту Ніла, а таксама правіцелі Фіваў у Верхнім Е. У выніку войнаў перамог фіванскі правіцель Ментухатэп I, які ў сярэдзіне 21 ст. да н.э. зноў аб’яднаў краіну пад сваёй уладай.
Сярэдняе царства (21—18 ст. да н.э., XII—XIII дынастыі). У часы XI дынастыі адноўлена цэнтр. адміністрацыя, але сапраўднае развіццё Е. прыпала на перыяд XII дынастыі. У выніку рэформ вырас аўтарытэт фараона і абмежавана незалежнасць намархаў, ліквідавана спадчыннасць службовых пасад; сталіца перанесена ў цэнтр Е., побач з Фаюмскім аазісам, дзе праведзены вялікія меліярац. работы. Развіваўся замежны гандаль (з Крытам, Пунтам, Сірыяй, М. Азіяй і Месапатаміяй), створана прафес. армія, пабудавана сістэма ўмацаванняў ва ўсх.ч. дэльты Ніла і ў ніжняй Нубіі. На гэты перыяд прыпадае росквіт л-ры і мастацтва.
Другая пераходная эпох а (18—16 ст. да н.э., XIV—XVIII дынастыі). Негатыўным вынікам ліквідацыі Сенусертам III спадчыннасці дзярж. пасад стаў арганізац. хаос, які праявіўся пасля смерці апошняга фараона XII дынастыі Аменемхета III. Нестабільнасць цэнтр. улады ў перыяд XIII—XIV дынастый выклікала аслабленне Е. Каля 1650 да н.э. краіна трапіла ў залежнасць ад семіцкіх плямён гіксосаў, якія заснавалі сталіцу ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Аварыс) і панавалі як XV і XVI дынастыі. У сярэдзіне 16 ст. да н.э. фіванскія ўладары перамаглі гіксосаў і зноў аб’ядналі краіну.
Новае царства (16—11 ст. да н.э., XVIII—XX дынастыі). З прыходам да ўлады XVIII дынастыі пачаўся перыяд найвыш. магутнасці Е. Тутмос I і Тутмос III пашырылі межы краіны, стварылі імперыю, якая займала тэр. ад Еўфрата на Пн да 4-га парога на Ніле на Пд. Гэта ўвяло Е. у сферу інтарэсаў інш. блізкаўсх. дзяржаў, стала прычынай пастаянных канфліктаў за панаванне ў Сірыі і Палесціне. У распараджэнні фараона засталася адносна невял. ч. зямель. Спроба змяніць гэтую сітуацыю складала сутнасць т.зв. рэформы Аменхатэпа IV. Пасля яе ліквідацыі ўлада перайшла да арміі (XIX дынастыя). Цары Сеці I і Рамсес II працягвалі імперскую палітыку папярэднікаў. Дагавор Рамсеса II з хетамі (каля 1260 да н.э.) забяспечыў Е. доўгі перыяд стабільнасці, паспрыяў развіццю манум. храмавага буд-ва. Эканам. і паліт. роля храмаў вырасла яшчэ больш, дамінуючае значэнне меў дзярж. культ Амона фіванскага. Сталіца дзяржавы перанесена ва ўсх.ч. дэльты Ніла (Пер-Рамсес). У часы Мернептаха і Рамсеса III пачалася серыя абарончых войнаў з т.зв. народамі мора (група ваяўнічых плямён, што прыйшлі з Пн) і лівійцамі. Войнам спадарожнічалі ўнутр. барацьба за ўладу і глыбокі эканам. крызіс (інфляцыя, бунты). У часы XX дынастыі гэтыя негатыўныя з’явы ўзмацніліся. Рост значэння арміі і эканам. незалежнасці вышэйшых саноўнікаў і храмаў побач з абмежаванымі магчымасцямі цэнтр. улады ў часы панавання Рамсеса XI прывёў да грамадз. вайны і адхілення фараона ад улады арміяй, а таксама абвяшчэння надзвычайнага становішча. У Е. ўзніклі 2 цэнтры ўлады: Таніс (цары XXI дынастыі, 11—10 ст. да н.э.) і Фівы (т.зв. дзяржава Амона пад кіраўніцтвам жрэчаскай дынастыі).
Трэцяя пераходная эпоха (11—7 ст. да н.э., XXI—XXV дынастыі) і Позні перыяд (7—4 ст. да н.э., XXVI—XXX дынастыі). У 10 ст. да н.э. значны ўплыў у аслабленай дзяржаве мелі лівійскія пасяленцы, якія з часоў лівійскіх войнаў Мернептаха і Рамсеса III жылі ў шматлікіх калоніях, асабліва ў Ніжнім Е. Лівійскі правадыр Шэшонк легальна ўзяў уладу ў 945 да н.э. і заснаваў XXII дынастыю. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне была нестабільная. Барацьбу за ўладу паміж лівійскімі правадырамі выкарысталі заваёўнікі з Пд (Куш) і завалодалі Е. (XXV дынастыя, т.зв. эфіопская). У 671 да н.э.паўн. Е. часова трапіў пад уладу асірыйцаў. Выкарыстаўшы канфлікты паміж асірыйскімі і кушыцкімі заваёўнікамі, уладары Саіса Неха I і Псаметых 1 захапілі ўладу ў краіне. Пачаўся апошні перыяд росквіту Е. — панаванне XXVI дынастыі (т.зв. саіскі рэнесанс). Ён характарызаваўся паліт. незалежнасцю, эканам. і культ. адраджэннем. Е. праводзіў актыўную знешнюю палітыку ў Азіі, паспяхова адбіваў уварванні вавіланян. У 525 да н.э. напад на перс. цара Камбіса паклаў канец незалежнасці Е. Ён ператварыўся ў сатрапію Перс. імперыі (за выключэннем кароткага перыяду незалежнасці ў часы XXIX і XXX дынастый). У выніку паходу Аляксандра Македонскага Е. трапіў пад уладу Македоніі (332 да н.э.). У 305 да н.э. македонскі намеснік заснаваў уласную дынастыю (гл.Пталамеі), якая правіла ў Е. да рым. заваявання ў 30 да н.э.Аўгуст уключыў Е. у Рымскую імперыю і ператварыў яго ў правінцыю. У 639—641 н.э. Е. заваяваны араб. войскамі халіфа Умара.
Пра вывучэнне гісторыі і культуры Е. гл. ў арт.Егіпталогія.
Асвета. Школы ў Стараж. Е. прызначаліся для навучання будучых дзярж. чыноўнікаў — пісцоў. У перыяд Стараж. царства яны існавалі пры палацы фараона, пазней з’явіліся школы пры храмах, а ў перыяд Новага царства — і пры буйных дзярж. установах. Тут займаліся хлопчыкі ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. Перш за ўсё яны вучыліся чытаць і пісаць на паліраваных пласцінках вапняку, разграфлёных у лінейку ці клетку. У Фівах карысталіся груба абчасанымі каменнымі асколкамі. Школьнікі вучыліся выводзіць на іх іерогліфы ці скарапісныя знакі, рабіць невял. малюнкі, а пазней перапісвалі ўрыўкі тэкстаў. Авалодаўшы пісьмом, вучань атрымліваў доўгі вузкі скрутак папірусу, на якім пісаў пэндзлікам чырвонымі і чорнымі фарбамі. Кожны пісец быў таксама графічным мастаком. Вялікая ўвага аддавалася лічэнню: вучням прапаноўваліся задачы, якія мелі вузкапрактычны характар (вылічэнне аб’ёму свірнаў, плошчы поля, вызначэнне неабходнай колькасці рабочай сілы і інш.). Яны павінны былі ведаць законы і ўлажэнні, гісторыю і геаграфію, разбірацца ў асновах тэхнікі. Апрача вучэбных прадметаў у школах навучалі гімнастычным практыкаванням, плаванню, добрым манерам. У школах пры храмах разам з агульнымі прадметамі давалі рэліг. адукацыю, навучалі астраноміі і медыцыне. Вучні звычайных школ жылі дома. Дзяцей вышэйшай знаці ў юным узросце адлучалі ад сям’і і аддавалі ў ваен. школы, дзе рыхтавалі вайсковых начальнікаў.
Прыродазнаўчыя навукі. Тэхніка. Матэм. і астр. веды ў Стараж. Е. мелі чыста эмпірычны, дастасавальны характар і выкарыстоўваліся ў ірыгацыі, будаўніцтве і дзярж. кіраўніцтве. Егіпцяне ўпершыню ўвялі дзесятковую сістэму лічэння, у эпоху Сярэдняга царства ўзніклі элементарныя алгебраічныя ўяўленні, Найб.стараж. прылады працы палеаліту — рубілы з крэменю і рагавіку. У 4-м тыс. да н.э. пачалося выкарыстанне абсідыяну (вулканічнага шкла), першыя с.-г. прылады (матыкі, сярпы і інш.) выраблялі з каменю, дрэва і косці. У гэты ж час з’явіўся ганчарны круг, развіваліся керамічная і ткацкая вытворчасць, выраб фаянсу, з 3-га тыс. да н.э. — шкла. У 2-м тыс. да н.э. з’явіліся жалезныя вырабы, упрыгожанні з золата і серабра. Ужо ў дадынастычную эпоху пачалі будаваць каналы і дамбы. Для абваднення палёў выкарыстоўвалі журавель, пазней — водапад’ёмнае кола. У эпоху Ранняга царства з’явіўся плуг. Асн.буд. матэрыяламі былі гліна і трыснёг. Пры ўзвядзенні палацаў фараонаў і крэпасцей выкарыстоўвалі цэглу-сырэц, храмы і царскія пахавальні (піраміды) будавалі з каменю, апрацоўваць які егіпцяне навучыліся дасканала. Асноўныя шляхі зносін праходзілі па р. Ніл. Вялікія лодкі рознай формы і прызначэння будавалі з дадынастычнай эпохі. Для зносін з інш. краінамі карысталіся марскімі суднамі. У 18 ст. да н.э. з’явіўся колавы транспарт. Гандлёвыя і ваен. экспедыцыі егіпцян у Сірыю, па р. Ніл у Куш, экватарыяльныя раёны Афрыкі і інш. абумовілі назапашванне і пашырэнне геагр. ведаў. Бальзаміраванне памерлых спрыяла развіццю анатамічных ведаў і ўзбагачэнню хірургічнага вопыту. Егіпецкія ўрачы рабілі трэпанацыю чэрапа, пламбіравалі зубы, накладвалі хірургічныя шыны. Аднак зусім рэалістычныя ўяўленні перапляталіся з верай у магію і вядзьмарства. Муміфікацыя, выраб духмяных рэчываў, лакаў і фарбаў спрыялі развіццю хіміі. Веды стараж. егіпцян значна паўплывалі на развіццё антычнай, а значыць і еўрапейскай, навукі.
Міфалогія і рэлігія. Карані рэліг. вераванняў стараж. егіпцян у культах мясц. багоў, якія шанаваліся ў выглядзе розных жывёл, а пазней — людзей (Анубіс, Баст, Гор, Хатар, Себек) у асобных гарадах ці номах, што ўваходзілі ў склад Е. ў дагіст. часы. Апрача іх існавала група божастваў прыроды, якіх ушаноўвалі на тэр. ўсяго Е.: Ра (Сонца), Хапі (Ніл), Нун (акіян). У працэсе фарміравання дзяржавы і паліт. барацьбы за вяршэнства ў краіне божаствы ўз’яднаных рэгіёнаў падпарадкоўваліся (тады ўзнікала якое-н. гал. бажаство), атаясамліваліся або злучаліся ў сямейныя саюзы: трыяды (божаствы Дэльты — Асірыс, Ісіда і Гор; Птах, Сехмет і Нефертум; Амон-Ра, Мут і Хансу ў Фівах), энеады (9 божастваў, шанаваных у Геліопалі), агдаады (8 божастваў, шанаваных у Гермопалі). Егіпцяне пакланяліся таксама жывёлам, якія лічыліся ўвасабленнем божастваў (бык Апіс у Мемфісе, баран і гусь у Фівах). Падобны зоамарфізм божастваў, верагодна, бярэ пачатак у племянным фетышызме і татэмізме.
Сярод шматлікіх рэліг. асяродкаў, якія выпрацавалі ўласную тэагонію, тэалогію і касмагонію, найб. значную ролю ў фарміраванні рэліг. вераванняў егіпцян адыграў Геліопаль — цэнтр культу бога сонца Атума, які пасля атаясамлівання з богам Ра быў прызнаны стваральнікам багоў, сусвету і людзей. Ён даў пачатак першай пары багоў: Шу (паветра) і Тэфнут (вільгаць), якія стварылі другую пару: Геб (зямля) і Нут (неба). Іх дзецьмі былі Сет, Гор, Нефтыда, Ісіда і Асірыс (культ апошняга як ўладара краіны памерлых распаўсюдзіўся на ўвесь Е.). Міф пра смерць Асірыса, яго цудоўнае ўваскрэсенне і нараджэнне Гора, мсціўцы за свайго бацьку, у канцы Стараж. царства набыў характар дзярж. рэлігіі. Гэта сістэма вераванняў спрабавала растлумачыць рух Сонца, з ёй было звязана перакананне ў боскасці фараонаў, якіх з гэтага часу пачалі называць сынамі бога Ра. Гегемонія Фіваў у перыяд Сярэдняга царства спрыяла ўзвышэнню бога Амона, які пасля атаясамлівання яго ў перыяд Новага царства з богам Ра стаў называцца Амон-Ра. Калі эканам.-паліт. магутнасць жрэцтва стала пагражаць уладзе фараонаў, Аменхатэп IV, каб аслабіць яе, увёў монатэістычны культ бога сонца Атона. Догматы гэтага культу выкладзены ў гімне да новага божаства, які прыпісваўся самому фараону. Пасля яго смерці фіванскія жрацы вярнулі культу Амона былое значэнне. У выніку аслаблення паліт. адзінства краіны ў Позні перыяд пэўнае значэнне набылі культы мясц. багоў (Баст, Нейт), а ў эліністычны перыяд культы Серапіса і Ісіды распаўсюдзіліся нават па-за межамі Е.
Сістэма рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была моцна звязана з культам памерлых і верай у паслясмяротнае існаванне. Лічылася, што замагільнае жыццё з’яўляецца працягам зямнога, а свет памерлых знаходзіцца «на Захадзе» або сярод зорак і падобны на Е. Шлях да яго быў поўны перашкод і небяспекі, пераадолець якія дапамагалі закляцці і магічныя формулы, выбітыя на сценах пахавальні (піраміды) або выпісаныя на скрутках папірусу, што клаліся ў магілу. Апошнім этапам быў суд Асірыса. Пасля суда памерлы або трапляў у краіну Асірыса, або яго паядаў дэман. Умовай прадаўжэння жыцця ў замагільным свеце было забеспячэнне цела ад знішчэння, адсюль звычай бальзаміраваць трупы і змяшчаць іх у добраўпарадкаваныя пахавальні. Неад’емным элементам рэліг. вераванняў стараж. егіпцян была магія. У штодзённым жыцці варажба, храмавыя прароцтвы, каляндарныя прадказанні вырашалі сумненні і кіравалі паводзінамі людзей. Амулеты і магічныя дзеянні павінны былі засцерагаць іх ад небяспекі і ў свеце жывых, і ў свеце памерлых.
Літаратура. Найб. старажытныя літ. помнікі Е. ўзніклі ўжо ў самы ранні перыяд існавання дзяржавы. Тэксты на егіп. мове выбівалі на стэлах і сценах пахавальняў, пісалі на астраконах і папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл.Егіпецкае пісьмо). Узнікненне егіп. л-ры прыпадае на першыя стагоддзі Стараж. царства, яе росквіт, т.зв. класічны перыяд, — на эпоху Сярэдняга царства. Важнае месца займала рэлігійная літаратура, да якой належыць большая частка літ. помнікаў, у т. л. творы, звязаныя з культам памерлых. У эпоху Стараж. царства жрацы Геліопаля апрацавалі для фараонаў збор закляццяў, магічных формул і малітваў, якія павінны былі забяспечыць ім пасмяротнае жыццё на ўзор зямнога («Тэксты пірамід»), У далейшым права карыстання рэліг. тэкстамі было пашырана і на вышэйшых саноўнікаў; для іх быў апрацаваны новы збор — «Тэксты саркафагаў». Да часоў Новага царства належыць «Кніга памерлых» — новая апрацоўка рэліг. тэкстаў, створаная фіванскімі жрацамі для заможнай часткі егіп. грамадства. Апрача малітваў і заклінанняў у гэты твор уключана стараж. сістэма егіп. касмагоніі, тэагоніі, тэалогіі, а таксама т.зв. негатыўная споведзь (прызнанне ў сваёй бязгрэшнасці, якое рабілі душы памерлых на судзе Асірыса). У пахавальню клалі апісанне Царства памерлых («Кніга дзвюх дарог», «Кніга падземнай краіны», «Кніга брам», «Кніга пячор»). Найб. пашыраным жанрам была дыдактычная літаратура, якая ў форме павучанняў, сентэнцый, прыслоўяў знаёміла егіпцян з прынцыпамі этыкі, заснаванымі на практычнай жыццёвай мудрасці («Павучанні Кагемні», «Павучанні Харджэдэфа», «Павучанні Птахатэпа»). Да перыяду Сярэдняга царства належаць «Павучанні Наферці» і «Павучанні Аменемхета» (паліт. завяшчанне сыну Сенусерту I). Яны з’яўляюцца працягам песімістычнай плыні ў егіп. л-ры, да якой належыць і адзін з яе найцікавейшых літ. помнікаў — філас. трактат «Спрэчка расчараванага са сваёй душой». «Павучанні Хеці, сына Дуауфа» ўяўляюць сабой сатыру на ўсе прафесіі, але пахвалу працы пісца. «Павучанні Аменемопе» (Новае царства) некат. даследчыкі лічаць крыніцай біблейскіх «Прытчаў цара Саламона». Апошнія помнікі гэтага жанру адносяцца да пач. Рымскай эпохі. Уласна мастацкая літаратура зарадзілася ўжо ў перыяд Стараж. царства, але пераважная ч. яе помнікаў належыць да больш позніх эпох. Найб. раннімі паэт. жанрамі былі песні («Песня арфіста»), гімны ў гонар багоў («Гімн Нілу», «Гімн Атону», прыпісваліся Аменхатэпу IV) або фараонаў (Сенусерта III, Сярэдняе царства). У надмагільных надпісах часоў Стараж. царства сустракаюцца фрагменты любоўнай лірыкі; захавалася некалькі зборнікаў ад часоў яе росквіту (Сярэдняе і Новае царствы). Да розных эпох належаць тэксты, якія сведчаць пра існаванне драмы: т.зв. «Драматычныя тэксты» юбілейных цырымоній (Сярэдняе царства), фрагменты алегарычнай драмы «Вяртанне Сета», у якой выказаны пратэст супраць панавання персаў (Позняя эпоха), «Жальбы Ісіды і Нефтыды», звязаныя з містэрыямі ў гонар Асірыса (Грэч. эпоха). Папулярным жанрам была аповесць, якая развілася з аўтабіягр. надпісаў канца Стараж. царства: «Прыгоды Сінухета», «Пацярпелы крушэнне», «Красамоўны селянін», а таксама «Апавяданне пра дзівосныя здарэнні» (Сярэдняе царства). У наступны перыяд створаны апавяданні фантаст. («Праўда і Крыўда», «Два браты»), міфалагічныя («Гор і Сет»), гіст. («Спрэчка цара Апопе з Секененрам». «Кадэшская паэма») і падарожныя («Прыгоды Венамона»). У Познюю эпоху ўпершыню ў сусв. л-ры з’явіліся 4 байкі пра жывёл у форме філас. дыялогу («Сонечнае вока»). Да жанру гістарычнай літаратуры належаць аўтабіяграфіі, шматлікія дзярж. і прыватныя дакументы (дэкрэты фараонаў, інструкцыі, судовыя пратаколы), гадавікі Тутмоса III з апісаннем яго ваен. перамог, т.зв. стэла Ізраіля, якая праслаўляла перамогу Мінептаха над палесцінскімі плямёнамі. На часы Новага царства прыпадае росквіт эпісталярнага жанру. Навуковая літаратура ўключае мед., матэм. і геам. папірусы, якія сведчаць пра высокі ўзровень развіцця дакладных навук у Е. Панаванне чужаземных уладароў (перс., грэч., рымскіх) паступова прывяло да знікнення л-ры на роднай мове. З 2 ст.н.э. яе замяніла копцкая, а з сярэдзіны 7 ст.араб.л-ра.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Е., цесна звязанае з рэлігіяй, у т. л. з замагільным культам, увасабляла ўяўленне аб непарушнасці сац. ладу і звышчалавечай велічы абагаўлёнага фараона. Пошукі эфектыўнай маст. мовы прывялі да стварэння першага канона. Былі асэнсаваны і выпрацаваны асн. сродкі пластычных мастацтваў: аб’ём, маса, апора, скляпенне, рытм — у архітэктуры; плоскасць, лінія, сілуэт, колеравая пляма — у рэльефе і жывапісе; тэкстура і фактура каменя і дрэва — у скульптуры. У Е. былі выпрацаваны класічныя арх. формы і тыпы (піраміда, абеліск, калона), віды выяўл. мастацтва (круглая скульптура, рэльеф, манум. жывапіс і інш.). Асн. прынцыпы мастацтва Е. пачалі складвацца каля 3000—2000 да н.э.Гал. роля належала архітэктуры (грабніцы-мастабы). Яе прынцыпы манументальнасці і статычнасці ўплывалі на развіццё скульптуры і жывапісу, якім таксама ўласціва геам. абагульненасць, сіметрыя і статыка, строгая франтальнасць (палетка фараона Нармера, статуя фараона Хасехема). У перыяд Стараж. царства гэтыя маст. прыёмы набылі стылістычную завершанасць. Быў выпрацаваны новы тып пахавальні фараона — піраміда, у якой прастата формы ў спалучэнні з велізарнымі памерамі стварала велічны арх. вобраз (піраміды ў Сакары і Гізе). Вакол пірамід ствараліся замагільныя комплексы (памінальныя храмы, злучаныя доўгімі крытымі калідорамі з уваходнымі павільёнамі, сфінксы, мастабы прыдворных, шэраг падземных збудаванняў). У размалёўках і рэльефах на сценах грабніц з сюжэтамі жыцця ў царстве памерлых выяўляюцца пачуццё рытму, прыгажосць абагульненай контурнай лініі, сілуэта, лакальнай колеравай плямы (рэльефы грабніц Ці і Ахатэпа ў Сакары). Вял. развіццё атрымаў скульптурны партрэт (статуі фараона Хефрэна, пісца Каі). У эпоху Сярэдняга царства піраміды страцілі грандыёзнасць. Найб. пашырэнне набылі скальныя грабніцы з 2- ці 4-калонным порцікам. Памінальныя храмы часта аддзяляліся ад грабніц, мелі падоўжную восевую кампазіцыю (храм Ментухатэпа I у Дэйр-эль-Бахры). Паскорыўся рост гарадоў, дзе будавалі мураваныя (з цэглы-сырцу) палацы з памяшканнямі, аздобленымі размалёўкамі, з калонамі і порцікамі, галерэямі, унутр. дварамі. У выяўл. мастацтве ўзмацніліся тэндэнцыі да рэалістычнасці, большай кампазіц. свабоды і спробы перадачы аб’ёму, індывідуальнасці ў падыходзе да выяўлення чалавека, насычалася каляровая гама (партрэтныя галовы і статуі фараонаў Сенусерта III і Аменемхета III, 19 ст. да н.э.). У эпоху Новага царства мастацтва Е. зведала росквіт. Змрочныя. драм. вобразы змяніліся вытанчана-арыстакратычнымі, узмацнілася імкненне да дэкар. пышнасці. У архітэктуры атрымалі развіццё папярэднія тэндэнцыі. У храме царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры, часткова высечаным у скалах, строгія лініі карнізаў і калон кантрастуюць упарадкаванасцю з хаатычнымі расколінамі скал. Мякка мадэліраваныя статуі, рэльефы і размалёўкі надаюць храму гарманічную яснасць. У рэльефах лініі сталі больш вытанчанымі, удасканалілася апрацоўка каменю. Асаблівае развіццё атрымаў паглыблены рэльеф з тонкай гульнёй святлаценяў. У насценных размалёўках з’явіліся свабода рухаў і ракурсаў, тонкасць каляровых суадносін, у кампазіцыю шырока ўводзіцца пейзаж (размалёўкі грабніц у Фівах). У наземных храмах асн. элементамі сталі разгорнутыя па падоўжнай восі адкрыты двор, абнесены каланадай, гіпастыль з радамі манум. лотаса- ці папірусападобных калон і свяцілішча са статуямі багоў; уваход у храм афармляўся 2 пілонамі, перад якімі ставілі абеліскі і статуі (храмы ў Карнаку і Луксоры). У 1-й пал. 14 ст. да н.э. ў выніку рэлігійнай рэформы Эхнатона ў мастацтве Е. адбыліся значныя змены. Яму стала ўласціва палемічная абвостранасць вобразаў, амаль гратэскавая трактоўка індывід. рыс фараона і членаў яго сям’і. Скульпт. партрэты характарызуюцца арыстакратычнай вытанчанасцю і класічнай яснасцю вобразаў (партрэты Эхнатона і яго жонкі Неферціці, скульпт. Тутмес, а таксама галава Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне). У сярэдзіне 14 ст. да н.э. гэтыя тэндэнцыі працягваліся, але набылі адценне халоднасці (знаходкі з грабніцы Тутанхамона — залатая маска, трон, пасудзіны, куфэркі з рэльефамі і размалёўкамі). У 2-й пал. 14 ст. да н.э. назіраецца імкненне да параднай пышнасці і цяжкаважкасці форм (гіпастыль храма ў Карнаку). Зноў пашырыўся скальны тып храма (Абу-Сімбел). У выяўл. мастацтве ўзмацнілася ідэалізацыя вобразаў фараонаў (статуі Рамсеса II у Абу-Сімбеле). Высокага ўзроўню дасягнула дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (пасудзіны з шыферу, алебастру, крышталю, залатыя ўпрыгожанні з інкрустацыяй каштоўнымі камянямі і інш.). Вырабы вылучаюцца строгай вытанчанасцю форм і дэкар. маляўнічасцю, тонкасцю апрацоўкі. Для перыяду апошняга росквіту мастацтва Е. (7 ст. да н.э.) характэрны зварот да старых традыцый, эклектычнае спалучэнне маст. прыёмаў розных эпох. Старанна апрацаваныя і адпаліраваныя статуі і рэльефы пазначаны ўнутр. адасобленасцю. Некат. творы маюць выразную партрэтную характарыстыку (статуя Мантуэмхета). Пасля заваявання краіны Аляксандрам Македонскім (4 ст. да н.э.) мастацтва Е. ўключылася ў сферу эліністычнага мастацтва, пазней — Стараж. Рыма. Культавая архітэктура гэтага часу сумяшчае ант. і стараж.-егіп. формы, мае рысы эклектызму (храм бога Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). Сплаў стараж.-егіп. і рым. традыцый — фаюмскія партрэты. З пераходам Е. пад уладу Візантыі (канец 4 ст. да н.э.) склаўся адзін з мясц. варыянтаў раннехрысціянскай культуры — копцкае мастацтва.
Музыка. Асн. крыніцы звестак пра музыку Стараж. Е. канца 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. — інструменты, іканаграфічныя матэрыялы (барэльефы і інш. выявы), тэксты гімнаў і песнапенняў, сведчанні стараж.-грэч. і рым. гісторыкаў, філосафаў. З інструментаў вядомы бразготкі, у т. л. сістры, калатушкі, свісткі, флейты. У 3000 — каля 1700 да н.э. існавалі трысняговыя свірэлі дудкі*, падоўжаныя флейты уфата, трубы, дугавыя арфы, барабаны, трашчоткі. Ладавая аснова, верагодна, пентатоніка. У перыяд Стараж. і Сярэдняга царстваў узнікла піктаграфічная (малюнкавая) натацыя і першыя працы па касмалагічнай тэорыі сувязі музыкі з нябеснымі свяціламі. Музыка суправаджала прыдворныя і храмавыя рытуалы, была адным са сродкаў развясельвання розных слаёў насельніцтва. Асаблівае значэнне мела храмавая музыка, звязаная найперш з культам багоў Асірыса, Ісіды і Тота, якіх лічылі творцамі муз. мастацтва. Было пашырана музіцыраванне пры дварах, у багатых гараджан і нар. творчасць (пераважна відовішчы, прысвечаныя багам, дзе хар. песні, жаночыя песні-плачы і танцы чаргаваліся з шэсцямі і драм. эпізодамі). У 3-м тыс. да н.э. пашырылася хейраномія (адна з ранніх форм кіравання хорам). У эпоху Стараж. царства паявіліся прафес. (звычайна прыдворныя) музыканты (Хемрэ, Хуфу-Анх і інш.). У перыяд Новага царства ўзмацніліся азіяцкія ўплывы, асабліва сірыйскі. Муз. інструментарый узбагаціўся габоямі, вуглавымі арфамі, лірамі, лютнямі, кіфарамі і інш., больш дасканалая канструкцыя якіх прывяла да выкарыстання практычна поўнага храматычнага гукарада. У 332 да н.э. — 395 н.э. шырока бытавалі аўлас, папярочная флейта, букцыны, розныя ліры, губны гармонік, барабаны, званочкі і інш., у 3 ст. да н.э. ў Александрыі вынайдзены папярэднік сучаснага аргана — гідраўлас. Некат. егіпецкія музыканты працавалі ў Грэцыі і Рыме, а грэч. музыканты — у Е., што спрыяла развіццю муз. мастацтва гэтых краін.
Літ.:
Струве В.В. История Древнего Востока. 2 изд. Л., 1941;
Бикерман Э. Хронология Древнего мира: Пер. с англ.М., 1975;
Стучевский И.А. Рамсес II и Херихор: Из истории Древнего Египта эпохи Рамессидов. М., 1984;
Котрелл Л. Во времена фараонов: Пер. с англ.М., 1982;
Монтэ П. Египет Рамсесов: Пер. с фр.М., 1989;
Жак К. Египет великих фараонов: Пер. с фр.М., 1992;
Шмелев И.П. Феномен Древнего Египта. Мн., 1993;
Hornung E. Grundzüge der ägyptischen Geschichte Darmstadt, 1978;
Bowman A.K. Egypt after the Pharaohs. 332 B.C. — A.D. 642. London, 1986;
Grimal N. Histoire de l’Égypte Ancienne. Paris, 1988;
Лукас А. Материалы и ремесленные производства Древнего Египта: Пер. с англ.М., 1958;
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Лауэр Ж.Р. Загадки египетских пирамид;
Пер. с фр.М., 1966;
Нейгебауер 0. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Матье М. Древнеегипетские мифы. М.; Л., 1956;
Коростовцев М.А. Религия Древнего Египта. М., 1976;
Липинская Я., Марциняк М. Мифология Древнего Египта: Пер. с пол. М., 1983;
Kákosy L. Zauberei im alten Ägypten. Budapest, 1989;
Dunand F., Zivie-Coche Ch. Dieux et hommes en Égypte 3000 av. J.-C. — 395 apr. J.-C. Paris, 1991;
Traunecker C. Les dieux de l’Égipte. Paris, 1992;
Niwiński A. Mity i symbole starożytnego Egiptu. Warszawa, 1992;
Яго ж. Bóstwa, kulty i rytuały starożytnego Egiptu. Warszawa, 1993;
Фараон Хуфу и чародеи: Сказки, повести, поучения Древнего Египта. М., 1958;
Коростовцев М.А. Путешествие Ун-Амуна в Библ. М., 1960;
Лирика Древнего Египта: [Пер. с егип.] М., 1965;
Поэзия и проза Древнего Востока. М., 1973;
Повесть Петеисе III: Древнеегип. проза. М., 1978;
Сказки и повести Древнего Египта. Л., 1979;
Лирическая поэзия Древнего Востока. М., 1984;
Тураев Б.А. Египетская литература. Т. 1. М., 1920;
История всемирной литературы. Т. 1. М., 1983;
Культура Древнего Египта. М., 1976;
Матье М.Э. Искусство Древнего Египта. М., 1970;
Павлов В.В., Ходжаш С.И. Художественное ремесло Древнего Египта. М., 1959;
Всеобщая история архитектуры. Т. 1. М., 1970.
Дз.І.Малюгін (гісторыя), Н.К.Мазоўка (асвета, міфалогія і рэлігія, літаратура).
Да арт.Егіпет Старажытны. Галава царыцы Неферціці з майстэрні ў Ахетатоне. XVIII дынастыя. 1-я чвэрць 14 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Храм царыцы Хатшэпсут у Дэйр-эль-Бахры. XVIII дынастыя. Дойлід Сенмут, Пач. 15 ст. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Тыповы рабаўладальніцкі маёнтак (рэканструкцыя). Верагодна, эпоха Новага царства.Да арт.Егіпет Старажытны. Палетка фараона Нармера з Іераконпаля. I дынастыя. Каля 3000 г. да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Піраміды ў Гізе. 1-я пал. 3-га тысячагоддзя да н.э.Да арт.Егіпет Старажытны. Спінка параднага трона фараона Тутанхамона.Да арт.Егіпет Старажытны. Залатая маска фараона Тутанхамона. 14 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НІЯ (España),
Каралеўства Іспанія (Reino de España), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве; уключае таксама Балеарскія а-вы ў Міжземным м. і Канарскія а-вы ў Атлантычным ак.; І. належаць гарады Сеута і Мелілья ў Афрыцы (на Пн Марока). Мяжуе на Пн з Францыяй і Андорай, на З з Партугаліяй, на Пд з брытанскім уладаннем Гібралтар. На Пн абмываецца Біскайскім зал., на ПнЗ і ПдЗ — Атлантычным ак., на ПнУ і У — Міжземным м. Падзяляецца на 50 правінцый, 47 з іх знаходзяцца на паўвостраве, а 3 — астраўныя (2 на Канарскіх а-вах, 1 на Балеарскіх а-вах). Правінцыі аб’яднаны ў 17 аўтаномных абласцей: Каталонія, Краіна Баскаў, Галісія, Андалусія, Валенсія, Эстрэмадура, Кастылія-Леон, Кастылія-Ла-Манча, Астурыя, Навара, Мурсія, Ла-Рыёха, Арагон, Кантабрыя, Мадрыд, Балеарскія а-вы, Канарскія а-вы. Пл. 504,8 тыс.км². Нас. 39,6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Мадрыд. Дзярж. мова — іспанская; афіцыйна карыстаюцца таксама каталанскай, баскскай, галісійскай мовамі. Нац. свята — Дзень ісп. нацыі (12 кастр., дата адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі).
Дзяржаўны лад. І. — спадчынная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, роля якога ў асноўным мае прадстаўнічы характар. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Ген. картэсы), складаецца з кангрэса дэпутатаў (350 чл.) і сената (208 чл.), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Законы, якія прымаюцца парламентам, зацвярджае кароль. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе партыя, якая атрымала перамогу на выбарах у картэсы.
Пры каралі існуе кансультатыўны орган — Савет каралеўства. У Краіне Баскаў створаны аўт. ўрад. Суд. сістэма складаецца з цывільных і ваен. судоў. Суддзі назначаюцца ўрадам. У структуры цывільных судоў Вярх. суд, 15 апеляцыйных, 50 правінцыяльных і больш за 9 тыс.мясц. судоў.
Прырода. І. — гарыстая краіна. Пласкагор’і і горы займаюць 90% тэрыторыі. Цэнтр.ч. займае стараж., моцна разбуранае пласкагор’е Месета, прыўзнятае па краях. Яно акаймавана маладымі гарамі: на Пн Кантабрыйскімі, на ПнУ Іберыйскімі, на Пд Андалускімі з найвыш. вяршыняй — г. Муласен (3478 м). Цэнтр. Кардыльера (выш. да 2592 м) падзяляе Месету на Старакастыльскае (на Пн) і Новакастыльскае (на Пд) пласкагор’і. На ПнУ краіны — горы Пірэнеі (выш. да 3404 м, пік Анета) і Каталонскія горы. На ПнУ уздоўж р. Эбра знаходзіцца Арагонская раўніна, на ПдЗ уздоўж р. Гвадалквівір — Андалуская нізіна. Карысныя выкапні: медныя, ртутныя, свінцова-цынкавыя, жалезныя, вальфрамавыя, хромавыя, уранавыя руды, каменны вугаль, калійныя солі, сера, гаручыя сланцы. Клімат на б.ч. краіны міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой. На пласкагор’і клімат блізкі да кантынентальнага, на Пн — да ўмеранага з прыкметамі марскога. Сярэдняя т-растудз. ад 8,4 °C на Пн да 12,3 °C на Пд, жн. ад 18—20 °C на Пн да 26 °C на Пд. Ападкаў 350—500 мм за год, на Пд і У месцамі менш за 200 мм, на ПнЗ 900—1000 мм, у гарах 1500—2000 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Найбольшыя рэкі: Таха, Дуэра, Эбра і Гвадалквівір. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і ў энергет. мэтах. Глебы: буразёмы, чырваназёмы, шкілетныя камяністыя, на Пн месцамі падзолістыя, у далінах рэк і на нізінах урадлівыя алювіяльныя. Развіты эразійныя працэсы. На Пн і ПнЗ лістападныя шыракалістыя лясы (дуб, бук, каштан). На астатняй тэр. пераважаюць міжземнаморскія ксерафітныя лясы і хмызнякі (маквіс, гарыга). Пад лясамі каля 10% тэрыторыі, пад хмызнякамі каля 30%. З жывёл характэрныя ліс, барсук, воўк, пірэнейскі мядзведзь, каменны казёл, генета, алжырскі вожык і інш. Да 400 відаў птушак. Шмат відаў яшчарак і змей. 11 нац. паркаў, буйныя заказнікі і рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 2/3 — іспанцы. Да карэннага насельніцтва адносяцца таксама каталонцы (каля 5 млн.чал., у Каталоніі і на Балеарскіх а-вах), галісійцы (каля 3 млн.чал., у Галісіі), баскі (каля 1 млн.чал., на ўзбярэжжы Біскайскага зал. каля мяжы з Францыяй). Жывуць таксама партугальцы, цыганы і інш. 98% вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. 78,5 чал. на 1 км². Найб. густа (да 500 чал. на 1 км²) заселены прыморскія раёны і наваколле Мадрыда. Натуральны прырост каля 1%. У гарадах жыве 77% насельніцтва. У 55 гарадах жыве больш як па 100 тыс. жыхароў. Найбольшыя гарады (млн.ж., 1991): Мадрыд — 3, Барселона — 1,6, Валенсія — 0,8, Севілья — 0,7, Сарагоса — 0,6. У прам-сці і буд-ве занята 33% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 11%, у абслуговых галінах — 56%.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. І. заселена з часоў ніжняга палеаліту (400 тыс. — 100 тыс.г. назад). У 2-м тыс. да н.э. насельніцтва І. ведала меднарудную і бронзаліцейную вытв-сць, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. З 7 ст. да н.э.
пачалася сістэм. каланізацыя паўд. і ўсх. ўзбярэжжа І. фінікійцамі і стараж. грэкамі. У 7—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Міжземнага м. склалася культура ібераў. У 5—3 ст. да н.э. на тэр. І. рассяліліся кельты, якія прыйшлі на паўвостраў праз Пірэнеі. У выніку змяшэння іх з іберамі ўзнікла плем. група — кельтыберы. Да канца 3 ст. да н.э. большая частка тэр. І. апынулася пад уладай Карфагена. 3218 да н.э. пачалося заваяванне І. рымлянамі, якое з-за супраціўлення мясц. плямён доўжылася да канца 1 ст. да н.э. У час рым. панавання мясц. насельніцтва (акрамя баскаў) раманізавана (прыняло лац. мову, рым. звычаі, законы і вераванні), адбыліся эканам. і культ. пераўтварэнні (засн. гарады, створана тыповая для Рым. імперыі інфраструктура — дарогі, масты, акведукі). У 1 ст.н.э. ў І. пачало пранікаць хрысціянства. У 409 на тэр. І. ўварваліся вандалы, аланы, свевы, у барацьбе з якімі рымляне выкарыстоўвалі дапамогу вестготаў. У 2-й пал. 5 ст. вестгоцкі кароль Эйрых захапіў амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва і разарваў саюз з Рымам. У пач. 6 ст. сюды перамясціўся цэнтр каралеўства вестготаў. У 585 вестготы далучылі да сваіх уладанняў дзяржаву свеваў, у пач. 7 ст. адваявалі ісп. землі ў візантыйцаў; прынялі каталіцтва і з дапамогай царквы стварылі дзяржаву са сталіцай у Таледа. У 711—718 амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва заваявалі арабы (маўры) і стварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў; у 756 Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, у 929 — Кардоўскі халіфат. Найб магутнасці араб. дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III [912—961], У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Яшчэ ў 8 ст. на Пн паўвострава ўзніклі цэнтры супраціўлення араб. заваяванню. У 718 пасля паражэння маўраў каля Кавадонгі ўзнікла каралеўства Астурыя; з гэтага часу пачалася Рэканкіста — адваяванне народамі Пірэнейскага п-ва захопленых маўрамі зямель. Другім цэнтрам супраціўлення стала Навара, якая ў сярэдзіне 9 ст. дамаглася незалежнасці ад арабаў і франкаў.
У канцы 8 — пач. 9 ст. франкі адваявалі ў арабаў Каталонію. У 865 вызваленыя франкамі землі вылучыліся ў Ісп. марку ў складзе 7 графстваў, у канцы 9 ст. яны сталі фактычна незалежнымі раннефеад. дзяржавамі. Працяглая барацьба за вызваленне ад араб. панавання (скончана ў 1492) абумовіла асаблівасці развіцця І. Сяляне некат. абласцей дамагліся аслаблення прыгоннай залежнасці, гарады — шырокага самакіравання і вольнасцей, рыцарства і феад. вярхі атрымалі маёнткі арабаў, духавенства захапіла б.ч.араб. зямель і стала значнай паліт. сілай у І.; умацавалася і каралеўская ўлада. З устанаўлення дынастычнай уніі Кастыліі і Арагона (1479) пачалося фактычнае аб’яднанне ісп. зямель у адзіную дзяржаву. Пасля адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі (1492) іспанцы ў 1-й пал. 16 ст. пачалі каланізацыю Мексікі, Перу, Балівіі, Чылі, ч. Аргенціны і інш. абласцей у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Калан. ўладанні пашыраліся і за кошт ісп. заваяванняў у Еўропе (у 1512 — Верхняй Навары, у 1516 — Нідэрландаў), пазней у Афрыцы. У 1519 ісп. кароль Карл I з дынастыі Габсбургаў абвешчаны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (Карл V). У 1516—1600 І. — наймагутнейшая ў ваен. і паліт. адносінах краіна Еўропы. Але яе эканоміка, якая грунтавалася пераважна на даходах з калоній, была няўстойлівая. Каралеўская ўлада не спрыяла развіццю ўнутр. вытв-сці і гандлю, заняпад якіх паскорыла інквізіцыя (уведзена ў 1480). Пасля знішчэння ісп. флоту ў вайне 1588 з Англіяй І. перастала панаваць на моры. Пасля Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. ад І. аддзяліліся Паўн. Нідэрланды. У выніку шматлікіх войнаў 17 ст значная ч.ісп. уладанняў у Еўропе адышла да Англіі, Галандыі і Францыі. Вял.ваен. выдаткі збяднялі краіну. Разам з тым панаванне Габсбургаў (каля 1530 — каля 1680) было т.зв. «залатым векам» у гісторыі ісп культуры (росквіт л-ры, жывапісу, архітэктуры, дзейнічалі 32 ун-ты). Са спыненнем лініі ісп. Габсбургаў І., яе еўрап. і калан. ўладанні сталі аб’ектам саперніцтва з боку еўрап. дзяржаў. Вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 скончылася ўсталяваннем у І. дынастыі франц.Бурбонаў (заснавальнік Філіп V) і падзелам ісп. уладанняў у Еўропе. Філіп V распачаў рэформы, скіраваныя на ўпарадкаванне і цэнтралізацыю дзяржавы. Звязаная дагаворамі з Францыяй, І. была ўцягнута ў войны супраць Вялікабрытаніі (1739—48, 1762—63, 1779—83). Карл II [1759—88] правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму, скіраваных пераважна на ажыўленне эканомікі і павелічэнне дзярж. даходаў (заснаваны эмісійны банк, гандл. кампаніі і дзярж. мануфактуры, устаноўлены мытны пратэкцыянізм, свабода гандлю з калоніямі). У 1767 з І. выгнаны езуіты і канфіскавана іх маёмасць. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 І. ваявала (1793—95) супраць Францыі. Паражэнні ісп. войск прывялі да Базельскага міру 1795 (гл.Базельскія мірныя дагаворы 1795), дапоўненага дагаворам аб франка-ісп. абарончым і наступальным саюзе. Паводле франка-ісп. дагавора 1807 аб заваяванні і падзеле Партугаліі франц. войскі ўвайшлі на тэр. І. Франц. агрэсія выклікала магутны нац -вызв рух і стала штуршком да першай ісп. рэвалюцыі 1808—14, мэтамі якой былі выгнанне французаў і ажыццяўленне ліберальных рэформ. Прагрэс. заканадаўства (Кадыская канстытуцыя 1812), дэкрэт 1811 аб адмене сеньярыяльных правоў памешчыкаў, ліквідацыя інквізіцыі і інш.) было ажыццёўлена толькі часткова. Шырокі партыз. рух (герылья), які разгарнуўся ў І., прымусіў французаў адступіць за Пірэнеі. (Пра рэвалюцыю 1808—14 і наступныя 4 рэвалюцыі гл. ў арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя.) Выступленні супраць феад.-абсалютысцкага рэжыму выліліся ў 2-ю ісп. рэвалюцыю 1820—23. Кароль мусіў прысягнуць канстытуцыі 1812, але закон 1821 аб ліквідацыі феад. права памешчыкаў на зямлю не быў рэалізаваны. У 1823 паводле рашэння Свяшчэннага саюза ў І. ўступілі франц. войскі, з дапамогай якіх рэвалюцыя была задушана. У выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 І. страціла на амер кантыненце ўсе калоніі, акрамя Кубы, Пуэрта-Рыка і Філіпін. Пасля смерці ў 1833 Фердынанда VII пачаліся спрэчкі за трон паміж яго дачкой Ізабелай II і братам донам Карласам, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў кансерватыўнай арыентацыі. Паражэнне карлістаў у грамадз. войнах 1833-39, 1847-49, 1872—76 (гл.Карлісты, Карлісцкія войны) прывяло да перамогі лібералаў. У ходзе 3-й ісп. рэвалюцыі 1834—43 канчаткова ліквідаваны інквізіцыя, маяраты, сеньярыяльныя правы памешчыкаў, усталявана канстытуцыйная манархія Праўленне Ізабелы II характарызавалася пастаянным саперніцтвам паміж гал. ліберальнымі групоўкамі — памяркоўнай і прагрэсістаў, частымі зменамі кабінетаў і канстытуцыі, існаваннем дыктатарскіх рэжымаў (генералаў Б.Эспартэра, Р.Нарваэса, Л.О’Донеля). У ходзе 5-й рэвалюцыі 1868—74 Ізабела II выгнана з І. (1868). Выбраны ў 1870 на трон Амадэй Савойскі (сын караля Італіі Віктара Эмануіла II) не здолеў узяць пад кантроль паліт. сітуацыю ў краіне і ў 1873 адрокся ад прастола; у І. ўстаноўлена першая рэспубліка (1873—74). Рэсп. ўрад не меў шырокай падтрымкі ў грамадстве, у выніку перавароту 1874 у І. адноўлена манархія Бурбонаў. Яе сац.-паліт. асновай стаў блок зямельнай арыстакратыі і буйной буржуазіі, юрыд. аформлены канстытуцыяй 1876 і пагадненнем паміж Кансерватыўнай і Ліберальнай партыямі аб пачарговым кіраванні дзяржавай. Былі ўведзены значныя грамадз. свабоды, узніклі прафсаюзы, у 1879 засн.Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП). У выніку іспана-амерыканскай вайны 1898 І. страціла апошнія калан. ўладанні: Кубу, Пуэрта-Рыка і Філіпіны. У пач. 20 ст. І. заставалася пераважна агр. краінай (53% зямлі належала латыфундыстам). Абмежаваны ўнутр. рынак, адсутнасць значнага айч. капіталу і актыўнай урадавай палітыкі былі прычынамі сац. напружанасці, запаволенага тэмпу развіцця эканомікі, яе крызісаў. Унутр. сітуацыю ўскладнялі сепаратысцкія рухі, асабліва моцныя ў найб. развітых рэгіёнах — Каталоніі і Басконіі.
У 1-ю сусв. вайну І. захоўвала нейтралітэт. У 1918—23 яе эканоміка апынулася ў чарговым крызісе; пад уплывам рэв. падзей у Еўропе актывізаваўся рабочы рух. Урадавыя крызісы і паражэнне ісп.калан. войск у Марока стварылі ўмовы для ўвядзення ў 1923 ген. М.Прыма дэ Рывера ваен. дыктатуры, якую падтрымаў кароль Альфонс XIII. Былі распушчаны картэсы, забаронена дзейнасць паліт. партый. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 у значнай ступені закрануў і І. У 1930 Прыма дэ Рывера мусіў пайсці ў адстаўку, а пасля перамогі рэспубліканцаў на муніцыпальных выбарах 1931 пакінуў краіну кароль Альфонс XIII. 14.3.1931 І. абвешчана рэспублікай. Пачалася 6-я Іспанская рэвалюцыя 1931—39. Картэсы прынялі рэсп. канстытуцыю, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне ўсеаг. выбарчага права і дэмакр. свабод. У 1932 каталонцы дамагліся стварэння свайго аўт. раёна. На выбарах у картэсы ў 1936 перамог Нар. фронт, створаны камуністамі, сацыялістамі і рэспубліканцамі; сфарміраваны леварэсп. ўрад, прэзідэнтам абраны М.Асанья. 18.7.1936 пачаўся ваен. мяцеж, які перарос у грамадз. вайну (1936—39). Мяцежнікам дапамагалі фаш. Германія і Італія, рэспубліканцам — СССР і добраахвотнікі з многіх краін свету, у т. л. з Беларусі (гл.Інтэрнацыянальныя брыгады). Вайна скончылася ўсталяваннем дыктатуры ген. Ф.Франка Баамондэ; усе партыі, акрамя Іспанскай фалангі, былі забаронены, ліквідаваны дэмакр. свабоды. У 1939 І. далучылася да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» У 2-ю сусв. вайну яна захоўвала нейтралітэт (на баку Германіі на ўсх. фронце ваявала толькі добраахвотная т.зв. «блакітная дывізія»). Пасля вайны І. апынулася ў паліт. і эканам. ізаляцыі, у 1946—48 закрыта франкаісп. граніца. Франка быў вымушаны праводзіць палітыку эканам.аўтаркіі, ажыццяўляць дзеянні, якія б сведчылі аб грамадскай падтрымцы яго рэжыму (т.зв. іберыйскі варыянт фашызму). У выніку рэферэндуму 1947 І. зноў абвешчана манархіяй (з пажыццёвым захаваннем за Франка пасады кіраўніка дзяржавы). У 1950-я г. ў краіне пачала фарміравацца шырокая паліт. апазіцыя рэжыму Франка. У 1960-я г. разгарнуўся хрысц.-дэмакр. рух, актывізавалася дзейнасць рэспубліканцаў і лібералаў, нацыяналіст. партый Каталоніі, Галісіі і Басконіі, узніклі рабочыя і сял. камісіі, нелегальныя студэнцкія арг-цыі; шырыўся забастовачны рух, звужалася сац. база франкізму. Перыяд «халоднай вайны» ў міжнар. адносінах спрыяў выхаду І. з ізаляцыі шляхам збліжэння з зах. краінамі (у 1953 падпісаны канкардат з Ватыканам і ваен. пакт з ЗША). З 1960-х г. пачаліся спробы лібералізацыі гаспадаркі, наладжвання эканам. адносін з Захадам: І. ўступіла ў міжнар.фін. арг-цыі. прыцягваліся замежныя інвестыцыі, хуткімі тэмпамі ішла мадэрнізацыя эканомікі. У 1969 пераемнікам Франка на пасадзе кіраўніка дзяржавы і будучым каралём абвешчаны Хуан Карлас I (унук Альфонса XIII). Пасля смерці Франка (1975) у І. вызвалены паліт. зняволеныя, легалізаваны ўсе паліт. партыі і прафсаюзы, распушчаны франкісцкі Нац. рух. У 1977 адбыліся першыя дэмакр. парламенцкія выбары. Паліт. лад краіны вызначыла Канстытуцыя 1978, якая таксама гарантавала ўсім гіст. правінцыям І. магчымасць стварэння рэгіянальных аўтаномій. У крас. 1979 сфарміраваны першы канстытуцыйны ўрад А.Суарэса Гансалеса. Працэс пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адбыўся мірным шляхам, дзякуючы легальнаму характару пераўтварэнняў, нейтралізацыі арміі (у 1981 сарвана спроба кансерватыўных ваенных ажыццявіць дзярж. пераварот), імкненню паліт. лідэраў розных арыентацый да кансенсусу ў асн. грамадска-паліт. пытаннях. У 1982 на выбарах перамагла ІСРП, якая сфарміравала аднапарт. ўрад на чале з Ф.Гансалесам Маркесам. Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах 1986, 1989, 1993. На датэрміновых парламенцкіх выбарах 1997 адносную большасць упершыню атрымала Нар. партыя на чале з Х.М.Аснарам. І. — чл.ААН (з 1955), НАТА (з 1982), Еўрап. Саюза (з 1986), Зах.-Еўрап. Саюза (з 1988). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Народная партыя, Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, Камуніст. партыя І. і інш.Прафс. канфедэрацыя Рабочыя Камісіі, Усеагульны саюз працоўных.
Гаспадарка. І. — індустрыяльна-агр. краіна. Па аб’ёме валавога ўнутр. прадукту (ВУП) — 568 млрд.дол. (1995) — займае 15-е месца ў свеце (на 1 чал. у год — 14,3 тыс.дол.). На долю дзярж. сектара прыпадае каля 30% ВУП. Прам-сць дае 34% ВУП, сельская гаспадарка — 6, абслуговыя галіны (у т. л. замежны турызм і адпачынак) — 60%. Адна са старэйшых галін прамысловасці — горназдабыўная. Здабываюць ртуць, пірыты, жалеза, медзь, свінец, серабро, вальфрам, золата, уран і інш. Здабыча ртутных руд сканцэнтравана на Пд Месеты (Альмадэн), пірытаў — на Пд Сьера-Марэны (Рыо-Тынта, Тарсіс), у Мурсіі і Астурыі. Жал. руды здабываюць пераважна на Пн, вальфрамавыя — на З Галісіі, уранавыя — пераважна ў цэнтр. раёнах. У 1993 здабыта (млн.т): каменнага вугалю — 18,1, бурага вугалю — каля 25, жал. руды — 1,6, свінцу — 0,05, цынку — 0,26, калійнай солі — 0,6, каменнай солі — 3,2; ртуці штогод атрымліваюць каля 1,5 тыс.т, серабра — каля 0,2 тыс.т. Энергетыка базіруецца на ўласных паліўных рэсурсах і імпартаваных нафце і газе. ЦЭС у партовых гарадах і вугальных басейнах.
ГЭС (пераважна на Пн) даюць 25% электраэнергіі, АЭС — 36%. У 1995 атрымана 154,1 млрд.кВтгадз электраэнергіі. Буйны спажывец электраэнергіі — чорная і каляровая металургія. Асн. цэнтры чорнай металургіі на Пн (Більбао і Хіхон). У 1993 атрымана 5,4 млн.т чыгуну і 13 млн.т сталі. Каляровая металургія развіваецца пераважна на мясц. рэсурсах, выплаўка свінцу ў раёне Сьера-Марэны, у Андалусіі і каля Картахены, цынку і алюмінію — на Пн краіны, медзі — у Уэльве, Кордаве, гарадах на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Штогод атрымліваюць каля 160 тыс.т медзі, каля 350 тыс.т алюмінію. Сярод галін машынабудавання найб. развіта вытв-сцьтрансп. сродкаў. У краіне дзейнічае каля 40 суднаверфяў. Гал. цэнтры суднабудавання на Пн (Більбао, Сантандэр, Хіхон), у Галісіі (Эль-Фероль, Віга), на У (Барселона, Валенсія, Картахена, Балеарскія а-вы), на Пд (Уэльва, Кадыс). Аўтазаводы (філіялы замежных фірм) у Мадрыдзе, Барселоне, Вальядалідзе, Віга. У год выпускаецца кал 2 млн. легкавых аўтамашын і каля 400 тыс. матацыклаў. Важнейшыя цэнтры станкабудавання — Каталонія, Краіна Баскаў, гарады Мадрыд, Валенсія і Сарагоса. Электронная прам-сць канцэнтруецца ў Барселоне і Мадрыдзе, хім. і нафтаперапр. — у прыморскіх раёнах Каталоніі, Валенсіі, Астурыі, а таксама ў Мадрыдзе. Буйнейшыя нафтаперапр. і нафтахім. комплексы ў гарадах Уэльва, Альхесірас, Тарагона, Пуэртальяна. Ў 1993 перапрацавана 45,8 млн.т нафты. Значная вытв-сцьбуд. матэрыялаў. У 1993 выпушчана 22,7 млн.т цэменту. Развіта тэкст.прам-сць, асабліва вытв-сць шарсцяных і шаўковых тканін. Асн. цэнтры ў Каталоніі (Барселона, Тарагона, Сабадэль, Манрэса), Валенсіі (Алькой, Арыўэла), Кастылія-Леоне, Краіне Баскаў, Арагоне і Андалусіі. Разнастайныя галіны харч. прам-сці. Па значэнні і тэхн. аснашчанасці вылучаюцца галіны, якія працуюць на знешні рынак: вінаробная, алейная, плодаагароднінная і рыбакансервавая. Вінаробныя з-ды ў Каталоніі, Арагоне, Андалусіі, па перапрацоўцы агародніны і садавіны — на У і ПдУ, рыбакансервавыя — у партовых гарадах на ПнЗ. Працуюць цукр., тытунёвыя, мукамольныя і інш. прадпрыемствы. Ёсць прадпрыемствы гарбарнай, швейнай, папяровай і дрэваапр. прам-сці.
І. — краіна высокаразвітай сельскай гаспадаркі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 70% тэр. краіны, каля палавіны іх апрацоўваецца (разам з насаджэннямі аліўкавых і фруктовых дрэў), каля палавіны — пад пашай і лугамі. Арашаецца каля 3,6 млн.га, у асноўным на ПдУ. Пераважаюць 2 тыпы гаспадарак: латыфундыі (гал. чынам у Андалусіі і Эстрэмадуры) і дробнатаварныя сял. гаспадаркі. Земляробства па кошце прадукцыі перавышае жывёлагадоўлю. Штогадовы збор (млн.т): пшаніцы — каля 5, ячменю — 9, кукурузы — каля 2, рысу — каля 0,3, бульбы — каля 4, памідораў — каля 3, вінаграду — каля 4,5, апельсінаў — каля 2,5, мандарынаў — каля 1,5, лімонаў — каля 0,6. Пшаніцу, авёс, ячмень вырошчваюць на багарных землях Месеты, Арагона, Андалусіі, кукурузу — на Пн, рыс — на арашальных землях у нізоўях р. Эбра і на Пд (самая высокая ўраджайнасць у свеце — 60—70 ц/га). Бабовыя культуры (гарох, фасоля) вырошчваюць усюды, але найб. у Андалусіі, бульбу — на Пн, раннюю — на ПдУ і Пд. На У і ў даліне р. Эбра вырошчваюць агародніну (перац, памідоры, цыбулю, шпінат і інш.), якая мае экспартнае значэнне. Развіта плантацыйная гаспадарка экспартнага кірунку — вінаградарства, вырошчванне аліў і цытрусавых. Па плошчы вінаграднікаў І. займае 2-е месца ў Еўропе пасля Францыі. Найб. вінаграду вырошчваюць у засушлівых раёнах цэнтра, у бас. рэк Эбра і Дуэра. Вырабляюцца вядомыя марачныя віны: Херэс, Малага, Рыёха, Мансанілья і інш. (3-е месца ў свеце пасля Францыі і Італіі). І. займае 1-е месца ў свеце па зборы аліў. Вырошчванне іх сканцэнтравана ў Андалусіі, Кастылія-Ла-Манчы, Эстрэмадуры, Мурсіі. Важнае экспартнае значэнне маюць цытрусавыя, асабліва апельсіны. Найб. іх вырошчваюць у аўт. абласцях Валенсіі (2/3 збору), Мурсіі, Андалусіі і на Балеарскіх а-вах, там жа вырошчваюць міндаль (1-е месца па экспарце ў Еўропе), абрыкосы, персікі, гранаты, інжыр і інш., на Пн краіны — яблыкі, слівы, грушы, вішню, чарэшню. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг і фінікі (на Пд Андалусіі), тытунь (Эстрэмадура і Андалусія), бавоўнік (Эстрэмадура і Арагон). Развіццё жывёлагадоўлі стрымліваецца слабай кармавой базай. Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Пн і ПнЗ, авечак — у засушлівых цэнтр. раёнах, у Эстрэмадуры і Арагоне, свіней — у Галісіі і Каталоніі, абедзвюх Кастыліях. Спецыфічная галіна — развядзенне быкоў для карыды (Андалусія). Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 4,8, свіней — 18, авечак — 24,8, коз — 2,8, коней — 0,26. Разводзяць таксама аслоў і мулаў. Птушкагадоўля. У 1993 вылаўлена 1,33 млн.т рыбы. Ловяць гал. чынам сардзіну, тунца, макрэль. Асн. рыбалоўныя парты на ПнУ (Віга, Ла-Карунья, Эль-Фероль). Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны (на Пн), кары коркавага дубу (пераважна на З і ПнЗ). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 14,4 тыс.км, аўтадарог 324 тыс.км. Марскі транспарт абслугоўвае каля 90% знешнегандл. абароту. Флот налічвае больш за 400 разнастайных суднаў грузападымальнасцю ў 3,2 млн. брута-рэгістравых т. Гал. парты: Барселона, Більбао, Валенсія, Картахена, Малага, Ла-Карунья, Хіхон, СантаКрус-дэ-Тэнерыфе. Развіты паветр. транспарт. 42 аэрапорты, буйнейшыя з іх міжнар. аэрапорты Барахас каля Мадрыда (16 млн, пасажыраў за год) і ў Барселоне (10 млн. пасажыраў). Есць некалькі нафта- і прадуктаправодаў, якія праходзяць ад узбярэжжа ўглыб краіны. І. — краіна развітога турызму, які з’яўляецца найб. дынамічнай галіной эканомікі. Па даходах ад турызму (21,9 млн.дол. у 1994) І. займае 4-е месца ў свеце. Штогод яе наведвае больш за 60 млн.чал., больш за 80% — з краін Еўропы. Асн. раёны турызму — узбярэжжа Міжземнага м. (Коста-Брава ў Каталоніі, Коста-дэль-Соль — у Андалусіі і Коста-Бланка ў Валенсіі), Балеарскія і Канарскія а-вы. У 1995 экспарт склаў 85 млрд.дол., імпарт — 110 млрд.дол. І. экспартуе трансп. абсталяванне (27%), машыны і інш. абсталяванне (16%), прадукцыю металургічнай прам-сці (9%), садавіну, віны, інш.
прадукты сельскай гаспадаркі. У імпарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання (больш за 40%), паліва (10%), прадукцыя хім. прам-сці (8%). Асн.гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту і 16% імпарту), Германія (па 16% экспарту і імпарту), Італія (10% экспарту і 11% імпарту), а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Грашовая адзінка — песета.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 197,5 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў 75,8 тыс. (з іх 75 тыс. у грамадз. гвардыі), рэзерву 431,9 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках 128,5 тыс.чал., на ўзбраенні 776 танкаў, каля 2 тыс. бронетранспарцёраў, 773 гарматы (у т. л. 208 самаходных), больш за 500 гармат зенітнай артылерыі, 175 верталётаў і інш. У ВПС 30 тыс.чал. асабовага складу, 199 баявых самалётаў. У ВМС 39 тыс.чал., з якіх 7,2 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 34 баявыя караблі (у т. л. 1 авіяносец), 32 патрульныя і 13 дэсантных катэраў, 18 баявых самалётаў і 25 верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. За аказанне мед. паслуг бярэцца плата, якая часткова кампенсуецца са страхавога фонду. Цалкам кампенсуецца кошт лячэння ў шпіталі. У 1989 пасляродавы водпуск для маці прадоўжаны да 16 тыдняў. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,2, жанчын 82 гады. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 234 чал., урачамі — 1 на 246 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 2 да 5 гадоў (каля 50% з іх прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю дае 8-гадовая асноўная (няпоўная сярэдняя) школа (навучанне з 6-гадовага ўзросту), якая мае 3 ступені: пач. (1—2-і кл.), сярэднюю (3—5-ы кл.), старэйшую (6—8-ы кл.). Поўную сярэднюю адукацыю дае 3-гадовая сярэдняя школа і аднагадовы спец. курс, які дае права паступлення ва ун-т. У праграме сярэдняй школы абавязковыя прадметы (ісп. мова і л-ра, замежная мова, уводзіны ў лац. мову) і спец. прадметы на выбар: матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, гісторыя, філасофія, асновы канстытуцыі, маляванне, музыка, рэлігія або этыка і мараль і інш. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя прафес.-тэхн. школы і прафес.-тэхн. аддзяленні поўных сярэдніх школ, што рыхтуюць рабочых для вытв-сці. На іх базе працуюць 3—4-гадовыя прафес.-тэхн. і камерцыйныя школы (рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй адукацыі з правам паступлення на 2-ю ступень ун-та або ў вышэйшую тэхн. школу). У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, політэхн. ун-ты, вышэйшыя тэхн. школы і інш. Праграмы разлічаны на 3 цыклы: 1-ы (3-гадовы курс па фундаментальных навуках), выпускнікі якога атрымліваюць дыплом спецыяліста сярэдняга звяна, што дае права працягваць адукацыю; 2-і (2-гадовы) дае прафес. дыплом; 3-і (2-гадовы) — дактарантура, рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі і навук. супрацоўнікаў. У 1996/97 навуч.г. ў І. больш за 30 ун-таў, у іх ліку 20 дзярж., ёсць прыватныя, 2 каталіцкія — Саламанкскі універсітэт і ун-т Опус Дэі (з 1904) у г. Сантандэр. Буйнейшыя ун-ты: у Мадрыдзе (з 1508), Барселонскі універсітэт, у Валенсіі (з 1510), Гранадзе (з 1526), Вальядалідзе (з 1346), Севільі (з 1502). Найб. б-кі: Нац. (з 1712), універсітэцкая, Муніцыпальная перыядычная (мае адну з буйнейшых калекцый перыядычнай л-ры ў свеце) у Мадрыдзе, б-ка Каталоніі (з 1914) у Барселоне. Ген. архіў Каралеўства ў Сіманкасе (каля Вальядаліда), Нац.гіст. архіў у Мадрыдзе, Архіў Індый у Севільі. Буйнейшыя музеі: Прада (з 1819), Нац.археал. (з 1867) у Мадрыдзе, маст. ў Барселоне, Кордаве, Валенсіі, Севільі; Музей Амерык, Каралеўскі Палац, музеі арміі, флоту, Муніцыпальны, Правінцыяльны археал. ў Севільі і інш. Найвышэйшая навук. ўстанова — Ін-т І. (аб’ядноўвае 8 акадэмій; засн. ў 1938 на ўзор Ін-та Францыі). Цэнтральная н.-д. ўстанова — Найвышэйшы Савет па навук. даследаваннях (з 1940), які арганізуе фундаментальныя даследаванні па ўсіх галінах навукі, кіруе комплекснымі і полідысцыплінарнымі даследаваннямі; пад яго кіраўніцтвам працуе каля 100 н.-д. ін-таў і інш. устаноў. Н.-д. работу праводзяць таксама ун-ты.
Друк, радыё, тэлебачанне. Мае разгалінаваную сетку сродкаў масавай інфармацыі. Выходзіць каля 120 штодзённых газет, часопісаў і інш.перыяд. выданняў. Вядучае месца займаюць штодзённыя газ. «ABC» («АБэСэ», з 1905), «La Vanguardia» («Авангард», з 1881), «Pais» («Краіна», з 1976), «Diario-16» («Газета 16», з 1976), «El Correo Catalan» («Каталонская пошта», з 1876), «El Dia de Cataluna» («Дзень Каталоніі», з 1987) і інш.Інфарм. агенцтвы: Эдыторыял Фаланге Эспаньёла (з 1939). Радыёвяшчанне з 1919. Дзярж. радыё (Нац. радыё І.) трансліруе 5 агульнанац. праграм, мае рэгіянальныя станцыі. Самастойныя радыёстанцыі дзейнічаюць у Мадрыдзе і ў буйных правінцыяльных гарадах. Радыё Экстэр’ёр Эспанья вядзе трансляцыі на 16 мовах на Еўропу, Аўстралію, Паўд. і Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку. Існуе больш за 300 прыватных станцый, аб’яднаных у асацыяцыю Эспаньёла дэ ла Радыёдыфузьён Прывада.
Тэлебачанне з 1951. 2 агульнанац. праграмы, працуюць рэгіянальныя станцыі. Дзейнасць радыё і тэлебачання кантралюецца і каардынуецца дзярж. кампаніяй Іспанскае радыё і тэлебачанне.
Літаратура. Развіваецца на іспанскай (кастыльскай), а таксама на каталанскай, галісійскай і баскскай мовах. Уласна іспанская літаратур а зарадзілася адначасова з фарміраваннем літ.ісп. мовы і нац. самасвядомасці ў перыяд Рэканкісты. Барацьба народаў Пірэнейскага п-ва супраць араб. заваявання шырока адлюстравана ў нар. паэзіі, асабліва ў гераічным эпасе (паэмы «Песня пра майго Сіда», «Радрыга» і інш.). Тагачасная лірыка прадстаўлена т.зв. сельскімі песнямі (вільянсіка), напісанымі пад уплывам араб. паэзіі. У феад.-клерыкальнай «вучонай л-ры» вылучалася рэліг.-філас. і дыдактычная лірыка Г. дэ Берсеа. Станаўленне маст. прозы ў 13—14 ст. звязана з творчасцю караля Альфонса X Мудрага, Хуана Мануэля (зб. навел «Граф Луканор»). У 15 ст. асабліва былі пашыраны нар. рамансы і сатыр. паэзія (творчасць маркіза дэ Сантыльяны, Х. дэ Мены, сатыры Х.Руіса). Для твораў ранняга Адраджэння характэрны ўплыў еўрап. Рэнесансу («італьянская школа» на чале з Гарсіласа дэ ла Вэгай); уплыў італьян. л-ры адчувальны ў рыцарскім (ананімны «Амадыс Гальскі», 1508) і пастаральным раманах. У фарміраванні нац. драмы значную ролю адыграў раман-драма Ф. дэ Рохаса «Селестына». У 2-й пал. 16 ст. ў паэзіі вылучаліся рэліг.-філас. лірыка «саламанкскай школы» (Х. дэ ла Крус, Л. дэ Леон), грамадз. лірыка «севільскай школы» (Ф. дэ Эрэра) і вершаваны эпас (паэма «Араўкана» А. дэ Эрсільі). Канец 16 — пач. 17 ст. адметны росквітам нац. тэатра (Х. дэ ла Куэва, Л.Ф. дэ Вэга Kapnio і яго школа, Л.Велес дэ Гевара). Маст. вяршыня ісп. Адраджэння — творчасць М. дэ Сервантэса і найперш яго раман «Дон Кіхот». Залаты век ісп. л-ры — эпоха барока (17 ст.). У лірыцы гэтага перыяду адзначаны 2 процілеглыя тэндэнцыі — гангарызм з ускладненай метафарычнасцю мовы (Л. дэ Гонгара-і-Арготэ) і кансептызм, які адстойваў канцэптуальна-сэнсавую насычанасць маст. тэксту (Ф.Хеведа-і-Вільегас, Б.Грасіян-і-Мара лес). Дасягнулі росквіту сатыра і шахрайскі раман (М.Алеман-і-дэ-Энера, Кеведа-і-Вільегас), вылучыліся дыдактычныя і эстэт. трактаты Грасіян-і-Маралеса. Тэатр эпохі барока прадстаўлены рэліг.-філас. драмамі Тырса дэ Маліны і маральна-філас. драмамі «гонару» П.Кальдэрона дэ ла Баркі. Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася моцным франц. уплывам, частковай стратай нац. своеасаблівасці і маст. недасканаласцю. Сярод найб. вядомых твораў байкі Т. дэ Ірыяртэ, паэзія М.Х.Кінтаны, п’есы Н. і Л.Маратынаў. Рамантызм ісп. л-ры меў глыбока нац. карані і найб. адлюстраваны ў творах А. дэ Сааведры (паэт.зб. «Гістарычныя рамансы») і Х. дэ Эспранседы. Да гіст. мінулага І. звярталіся А.Гарсія Гуцьерэс (п’есы «Трубадур», «Сімон Баканегра»), Х.Сарылья-і-Мараль (стварыў рамант. варыянт легенды пра Дон Жуана). У прозе 1-й пал. 19 ст. пануючым паступова стаў кастумбрызм — бытапісальная проза, блізкая да рэалізму (нарысы С.Эстэбанеса Кальдэрона, Р. дэ Месанера Раманаса, сатыр. публіцыстыка М.Х. дэ Лары). З сярэдзіны 19 ст. пачалося развіццё рэаліст. прозы — раманы Х.М. дэ Перэды («Сатылеса», «Горныя вяршыні»), Х.Валеры («Пепіта Хіменес», «Донна Лус»), апавяданні П.А. дэ Аларкона (зб. «Нацыянальныя гісторыйкі»). Некат. творы пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму (цыкл «валенсіянскіх раманаў і апавяданняў» В.Бласка Ібаньеса, раманы Э.Парда Басан). Найб. значны твор ісп. крытычнага рэалізму — серыя з 46 раманаў «Нацыянальныя эпізоды» (1873—1912) Б.Перэса Гальдоса. Выразнікамі крызісу ісп. грамадства і культуры на рубяжы стагоддзяў сталі пісьменнікі «Пакалення 1898 года», якія ўзнімалі пытанні нац. самасвядомасці, проціпастаўлялі афіц. ідэі ідэю нац. адраджэння. Значны ўплыў ў гэты перыяд экзістэнцыялізму (філас.-псіхал. раманы, навелы і эсэ М. дэ Унамуна, лірыка А.Мачада-і-Руіса). Паэзія развівалася ў рэчышчы ісп.-амер. мадэрнізму і імпрэсіянізму (Х.Р.Хіменес, Р.М. дэль Валье Інклан), проза і драматургія пазначаны ўплывам крытычнага рэалізму і натуралізму (П.Бароха-і-Несі, Х.Бенавентэ-і-Марцінес). Ісп. авангардызм 1-й трэці 20 ст. прадстаўлены творамі Р.Гомеса дэ ла Серны, В.Уідобра і інш. У паэзіі вядучым становіцца «Пакаленне 1927 года» (Ф.Гарсія Лорка, Р.Альберці, Х.Гільен, П.Салінас), якое імкнулася сінтэзаваць авангардную паэтыку з традыцыямі фальклору, рэнесансавай, барочнай і рамант. лірыкі (неагангарызм), стварыць новы тэатр («тэатр сацыяльнага дзеяння» Гарсія Лоркі). У перыяд грамадз. вайны 1936—39 набыла вядомасць лірыка М.Эрнандэса. У ліку першых твораў, апазіцыйных франкізму, былі раннія раманы Х.Х.Селы («Сям’я Паскуаля Дуартэ», «Вулей») і раман «Нішто» К.Лафарэт, напісаныя ў стылі трэмендызму (ад ісп. tremendo страшны). На змену т.зв. гарсіласізму прыйшла сац. паэзія В.Алейксандрэ, Д.Алонса. Новы росквіт рэаліст. рамана пачаўся ў 1950-я г. (раманы «Востраў», «Асаблівыя прыкметы» Х.Гайтысола, трылогія «Таргашы» А.М.Матутэ, «Пяць гадзін з Марыо» М.Дэлібеса). Развівалася сац. паэзія (Б. дэ Атэра, Г.Селая) і драматургія (А.Буэра Вальеха, А.Састрэ). У 1980—90-я г. асаблівае значэнне набываюць школа «новага рамана» і постмадэрнізм (Гайтысола).
Баскская, галісійская і каталанская л-ры нац. меншасцей І. актыўна развіваюцца з канца 18 ст. (перыяд складвання адпаведных нацый). На працягу ўсяго 19 ст. пануючым кірункам у гэтых л-рах быў рамантызм (каталанскія паэты В.Балагер і Дж.Вердагер, галісійскія Р. дэ Кастра і Э.Пандаль, баскскі нар. паэт Х.М.Іпарагірэ, верш якога «Дуб Гернікі» стаў гімнам баскаў). Характэрныя для 1880-х г.рэаліст. тэндэнцыі адлюстраваны ў сац. і антыклерыкальнай паэзіі галісійца М.Кураса Энрыкеса, у п’есах стваральніка каталанскай драмы А.Гімеры. Аднак творчасць большасці пісьменнікаў гэтага перыяду развівалася ў рэчышчы кастумбрызму. На рубяжы 19—20 ст. у каталанскай л-ры вядучым стала «Пакаленне 1898 года», у творчасці якога супярэчліва спалучаліся ідэі еўрап. дэкадансу з пошукамі нац.-самабытных форм (Дж.Марагаль, Дж.Карнер і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны многія пісьменнікі звярнуліся да «левага» авангардысцкага мастацтва (каталанскія паэты Дж.Салват-Папасейт, Дж.В.Фойш, галісіец М.Мануэль Антоніо). У перыяд фаш. дыктатуры Франка л-ры нац. меншасцей былі пастаўлены па-за законам, многія пісьменнікі эмігрыравалі. Толькі з 1950-х г. аднавілася друкаванне кніг на нац. мовах — выйшла паэма «Баскі» Н. дэ Армаэчэа; у галісійскай л-ры вял. ролю адыгрывала група «новатрубадураў» на чале з А.Кункейра Морам. Побач з мадэрнісцкай л-рай паспяхова развіваюцца рэаліст. паэзія і навелістыка (паэзія, драматургія і проза баска Г.Арэсці, паэзія галісійца С.Э.Ферэйра Мігеса, проза і паэзія сучаснага каталанскага пісьменніка С.Эспрыу.
На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб. лірыкі Ф.Гарсіі Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975), камедыі Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго кахання» і «Дурнічка» (абедзве 1981). Асобныя вершы Гарсіі Лоркі, Р.Альберці, М.Сервантэса, А.Мачада-і-Руіса, Л. дэ Гонгара-і-Арготэ і інш. на бел. мову пераклалі К.Шэрман, А.Вярцінскі, П.Макаль, Р.Барадулін, М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.
Архітэктура. На тэр. І. з эпохі бронзы захаваліся паселішчы з землянымі ўмацаваннямі, абліцаваныя каменнымі плітамі грабніцы з дромасамі і прамавугольныя ў плане каменныя жытлы, з 6—5 ст. да н.э. — рэшткі цыклапічных каменных муроў ібераў. Рымскае панаванне прывяло да глыбокай раманізацыі мясц. культуры ў 1-я ст.н.э. (руіны рым. тэатраў, храмаў, акведукаў, арак, мастоў у Мерыдзе, Тарагоне, Сеговіі і інш.). Найб. раннія помнікі сярэдневякоўя належаць вестготам: манум., простыя па формах цэрквы з пышным разным дэкорам у інтэр’еры (Сан-Хуан у Баньёсе, 661). У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім спалучаліся маст. культуры халіфата Амеядаў і вестгоцкія традыцыі (Вял. мячэць у Кордаве). У канцы 11—15 ст. ў Паўд. І. склалася т.зв. іспанска-маўрытанскае мастацтва з цэнтрамі ў Валенсіі, Гранадзе (палац Альгамбра), Севільі і інш. У 2-й пал. 11 ст. фарміруецца раманскі стыль (сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла). У 10—12 ст. масарабы развівалі формы цаглянай архітэктуры (царква Сант’яга дэ Пеньяльба, каля 920). Помнікі готыкі (13—15 ст.) — саборы Леона, Бургаса, Таледа (кастыльская школа), Барселоны (каталонская школа), біржа («лонха») у Пальме (1426—51, арх. Г.Сагрэра). У 14—16 ст. ствараліся маўрытанскія паводле формы, канструкцый і дэкору будынкі з рысамі гатычнага стылю (пазней і рэнесансу): Санта-Марыя ла Бланка ў Таледа; званіца «Ла Хіральда» ў Севільі (1184—96, закончана ў 1568). Паводле традыцый маўрытанскай архітэктуры майстры-нехрысціяне стварылі т.зв. стыль «мудэхар» (цэрквы Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі, 1123; Сан-Сальвадор ў Тэруэлі, 1186; Санта-Марыя ў Калатаюдзе, канец 15 ст.), якія кампазіцыяй і арнаментальным дэкорам нагадвалі мячэці. Завяршэнне Рэканкісты да канца 15 ст., аб’яднанне ісп. зямель, адкрыццё Амерыкі і прыток золата ў І. стымулявалі рост буд-ва ў гарадах. Традыц. схільнасць да пышнай дэкаратыўнасці спарадзіла своеасаблівую ісп. разнавіднасць архітэктуры Рэнесансу — стыль платэрэска. Яму ўласцівы дывановыя пакрыцці сцен, багатае скульпт. аздабленне парталаў будынкаў, алтароў і іканастасаў (калегія Санта-Крус у Вальядалідзе, 1487—91, арх. Э. дэ Эгас; палац Каса дэ лос Пікас у Сеговіі, 16 ст.). Поўнае асваенне ордэрнай сістэмы і афіц. палітыка караля Філіпа II у галіне архітэктуры прывялі да стварэння строгага і простага стылю дэсарнаментада (пазбаўлены арнаменту), або эрэраса (ад імя прыдворнага арх. Х.Б. дэ Эрэра, аўтара манум. палацава-манастырскага ансамбля Эскарыял пад Мадрыдам, 1563—84). У 17 ст. развівалася ісп. барока — чурыгерэска (звязана з сям’ёй арх. дэ Чурыгера: зах. фасад сабора ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, 1738—47, арх. Ф.Касас-і-Навоа; інтэр’ер сакрысціі кляштара Ла Картуха ў Гранадзе, 1727—64, арх. Л.Арэвала). Адкрыццё Акадэміі мастацтваў у Мадрыдзе (1744) спрыяла ўзнікненню акадэм. класіцызму (арх. В.Радрыгес, Х. дэ Вільянуэва). Найб. значныя пабудовы: Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64, арх. Радрыгес, італьян.арх. Дж.Б.Сакеці, Ф.Сабаціні, паводле праекта Ф.Ювары), Мадрыдскі парк (б. Буэн-Рэціра, 1868), помнік М.Сервантэсу (1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера) і інш. У 19 ст. панавала эклектыка, потым — мадэрн (А.Гаўдзі, А.Сорыо-і-Мата). У 1928 у Барселоне склалася «Група іспанскіх архітэктараў і тэхнікаў для садзеяння прагрэсу сучаснай архітэктуры», якая стаяла на пазіцыях функцыяналізму. Пасля ўстанаўлення ў І. фаш. дыктатуры (1939) наватарскія маст. пошукі былі часова прыпынены. У 1950-я г. пачалі ўзводзіць асобныя рабочыя пасёлкі (Валенсія), прадаўжалася рэканструкцыя Мадрыда. У буд-ве развіваецца функцыяналізм, распрацоўваюцца прынцыпы арганічнай архітэктуры (дзіцячы дом адпачынку Мірафлорэс дэ ла Сьера, 1959, арх. Х.А.Каралес, А. дэ ла Сота і інш.) і бруталізму (жылы дом у Сітжэсе, 1969). Вырашаюцца праблемы шырокай рэканструкцыі гарадоў і іх жылога фонду.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шматграннасць і складанасць маст. культуры І. абумоўлены рознасцю гіст. лёсаў яе асобных рэгіёнаў і этн. складу насельніцтва, спалучэннем культ. традыцый фінікійцаў, кельтаў, стараж. грэкаў, рымлян, германцаў, арабаў (маўраў). Да эпох палеаліту і неаліту адносяцца наскальныя паліхромныя размалёўкі ў пячорах (Альтаміра), ляпная арнаментаваная кераміка. У эпоху бронзы дасягнула росквіту ганчарнае мастацтва. Мастацтва ібераў у 8—4 ст. да н.э. развівалася пад грэч. і фінікійскім уплывамі. У 4—3 ст. да н.э.маст. культура І. вызначалася ўладай Карфагена, пазней Стараж. Рыма, што прывяло да яе раманізацыі. Вестгоцкі перыяд характарызуецца інтэр’ернай скульптурай у дараманскім стылі (капітэлі ў царкве Сан-педра дэ ла Наве, 9—10 ст.) і паліхромным стылем у дэкар.-прыкладным мастацтве. У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім своеасабліва спалучалася маст. культура Амеядскага халіфата і вестгоцкія традыцыі. У канцы 11—15 ст. на Пд І. склалася т.зв.Маўрытанскае мастацтва. Уласна ісп. мастацтва фарміравалася ва ўмовах Рэканкісты пад уплывам Францыі і Італіі ў культуры масарабаў. Каталіцкі аскетызм спалучаўся з яркасцю і багаццем форм маўрытанскай цывілізацыі. З 10 ст. развівалася мініяцюра, у якой адчувальны каралінгскія і атонаўскія ўплывы. У раманскі перыяд храмы ўпрыгожвала скульптура («Порцік славы» царквы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла), высокага ўзроўню дасягнула размалёўка. Гатычны перыяд адметны распрацоўкай велічных заалтарных жывапісна-пластычных кампазіцый (рэтабла), размалёўкамі (фрэскі Ферэра Басы ў палацы Педральбес каля Барселоны), паліхромнай скульптурай, кніжнай мініяцюрай. Мастацтва 15 — пач. 16 ст. вызначалася драматызмам, экспрэсіўнасцю вобразаў, багатай арнаментыкай з выкарыстаннем залатых фонаў (Х.Уге, А.Беругетэ, Ф.Гальегас, А.Фернандэс). У 16 ст. рэнесансавы жывапіс развіваўся пад уплывам італьян. мастацтва (Э.Яньес дэ Альмедзіна, Х. дэ Хуанес, Л.Варгас), дасягнуў абвостранага трагізму ў карцінах Л.Маралеса, скульптурах Б.Ардоньеса, узвышанай духоўнасці ў творчасці Д.Эль Грэка Развіваўся парадны партрэт у творах А.Санчэс Каэльё, Х.Пантоха дэ ла Круса, А.Мора. 17 ст. — «залаты век» жывапісу І., перыяд станаўлення новых маст. цэнтраў (Валенсія, Севілья, Таледа); развіваўся стыль барока. Пад уплывам мастацтва М.Караваджа ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі, імкненне да драм. кантрасту ў маст. трактоўцы. Адухоўленае ўвасабленне жыццёвых вобразаў уласціва работам Ф.Рыбальты, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х.Б.Майна, Х. дэ Рыберы, Ф.Сурбарана. Найб. росквіту ісп. мастацтва 17 ст. дасягнула ў творчасці Д.Веласкеса. У 2-й пал. 17 ст. гэтыя тэндэнцыі прадаўжалі Б.Э.Мурыльё, А.Пуга, А.Перэда. У паліхромнай скульптуры працавалі Г.Фернандэс, Х.Мартынес і інш. У мастацтве 18 ст. адчуваюцца моцныя ўплывы Францыі і Італіі. Развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: кераміка, злотніцтва (Х. дэ Арфе), маст. кавальства, ткацтва. Засн. каралеўская мануфактура габеленаў. Правадніком акад. класіцызму стала каралеўская АМ Сан-Фернанда (засн. ў 1752). Значнай з’явай у мастацтве была творчасць Ф.Гоі з яго экспрэсіўнай вобразнасцю і наватарскай жывапіснай манерай, якая стала прадвеснікам ідэй еўрап. рамантызму. У 19 ст. дамінавалі салонна-акад. тэндэнцыі, звязаныя з гіст. і фальклорнай тэматыкай (М.Фартуні і інш). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся імпрэсіянізм і мадэрн. Рысы кубізму ўласцівы творам Манола, экспрэсіянізму — Х.Саланы. У рэчышчы парыжскай школы працавалі сюррэалісты С.Далі і Ж.Міро, кубісты Х.Грыс, П.Пікасо, які ў значнай ступені вызначыў кірункі развіцця сучаснага мастацтва. Працавалі мастакі-рэалісты (скульптары Х.Антоніо, В.Мача, Э.Бараль, жывапісцы Х.Лопес Мескіта, М.Бенедзіта Вівес, Р.Касас). У гады вайны з франкістамі гал. відам мастацтва стала графіка (плакат, карыкатура, нар. лубок). У сярэдзіне 20 ст. пашырыўся пейзажны жывапіс, у 1950—80-я г. — шматлікія мадэрнісцкія кірункі.
Музыка. Вытокі ісп. музыкі ў муз. культуры ібераў. Ісп.муз. фальклор мае выразныя лакальныя адрозненні. Найб. архаічная музыка баскаў, у т. л. песня і танец сарсіка. У фальклоры Галісіі пераважаюць лірычныя песні; з танцаў найб. пашыраны муньейра са спевамі і муз. суправаджэннем. Падобныя рысы характэрны для фальклору Каталоніі, Балеарскіх а-воў, Валенсіі. У Каталоніі было развіта мастацтва трубадураў (13—14 ст.). Агульнаісп. рысаў найбольш у нар. музыцы Кастыліі і Леона з характэрнымі для яе метрычнай разнастайнасцю, перавагай трохдольнасці, поліметрыяй і непарыўнай сувяззю танца і спеваў. Асн. жанры — сегідылья, фанданга, балеро, руэда, чарада, танада, хота. Музыцы Андалусіі характэрны стыль кантэ фламенка (група танцаў і песень Паўд. І.) і ўласна андалусійская музыка, песні і танцы якой генетычна звязаны з фанданга і сегідыльяй ці паходзяць ад стараж.ісп. форм. Гал.муз. інструменты — гітара і кастаньеты. У 13 ст. пашырыліся героіка-эпічныя песні, якія ў 14—15 ст. у нар. асяроддзі ператварыліся ў рамансы. З муз.-паэтычных форм у 13—14 ст. развіваліся кантыгі, альбады, серэнады, пастурэлі, рэтраэнсы, вільянсіка і кантарсільо, якія далі пачатак песенным муз. формам кансьён, танада, копла, серанілья. З танцаў у 15—16 ст.найб. папулярныя сарабанда, чакона, эскараман, пазней — фанданга, сегідылья, балеро, танга. У канцы 15 ст. высокага ўзроўню дасягнула прафес. музыка І. (кампазітары Х. дэ Анчыета, Ф.Пеньялоса, Х. дэль Энсіна). У эпоху Адраджэння расквітнела ісп.вак. поліфанія, найперш культавая (К. дэ Маралес, Ф.Герэра, Т.Л. дэ Вікторыя), а таксама інстр. музыка, пераважна для віуэлы (віёлы), на аснове якой фарміравалася віртуознае мастацтва варыяцыйнай распрацоўкі. Найб. вядомыя ісп. віуэлісты 16 ст.: Л.Мілан, Э. дэ Вальдэрабана, М. дэ Фуэнльяна, Л. дэ Нарваэс, А.Мудара. Імітацыйна-поліфанічны стыль і варыяцыйны метад зацвердзіліся ў арганнай музыцы 16 ст. (буйнейшы майстар А. дэ Кабесон). Муз. тэатр І. фарміраваўся з ранняга сярэдневякоўя (захаваўся ўрывак з містэрыі «Пакланенне вешчуноў»). У 14 ст. зарадзіліся свецкія формы муз.т-ра. У эпоху Адраджэння паявіліся т.зв. эклогі (драм. сцэны з музыкай на рэліг. і свецкія сюжэты; заснавальнік Энсіна). У 17 ст. склалася спецыфічная ісп. форма опернага жанру — сарсуэла (блізкая да аперэты, найб. пашырэнне набыла ў 19 ст.). У 2-й пал. 18 ст. фарміруецца лірычная муз. камедыя танадылья (Л.Місан, П.Эстэве, Б. дэ Ласерна, М.Гарсія). Сярод кампазітараў канца 17 — пач. 18 ст. Х.Кабанільес, А.Літэрэс, А.Салер, В.Марцін-і-Салер. Значную ролю ў развіцці інстр. музыкі І. адыграў Д.Скарлаці. У 19 ст. адкрыты кансерваторыі і оперныя т-ры ў Мадрыдзе (1830 і 1850) і Барселоне (1847). Музыку нац. арыентацыі пісалі Ф.Тарэга, Ф.Пухоль, К. дэль Кампа-і-Сабалета. У канцы 19 ст. пачаўся рух за адраджэнне нац.муз. культуры І., т.зв. рэнасім’ента, на чале з Ф.Педрэлем (буйнейшыя прадстаўнікі І.Альбеніс, Э.Гранадас. М. дэ Фалья). У гады ісп. рэвалюцыі 1931—39 пашырылася масавая песня, у т. л.рэв.-патрыятычная. У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Х.Гурыдзі, О.Эспла, Ф.Момпу, С.Бакарысе, Х.Баўтыста, Х.Радрыга, Р.Альфтэр, Г.Піталуга, К.Паласіо, П.Сарасабаль. Сярод выканаўцаў канца 19—20 ст.: спевакі Ф.Віньяс Дордаль, М.Гай, М.П.Р.Гарсія, Э. дэ Ідальга, К.Супервія, В. дэ Лос Анхелес, Т.Берганса, П.Дамінга, М.Кабалье, Х.Карэрас, П.Ларэнгар; дырыжоры Э.Ф.Арбос, Х.Ітурбі (і піяніст), А.Архента; піяністы А. дэ Лароча, Х.Турына, Р.Віньес; скрыпачы П.Сарасатэ, П.Эскудэра, Х.Манен; віяланчэлісты П.Касальс, Г.Касадо; гітарысты М.Льябет, А.Сеговія, Тарэга; арфіст Н.Сабалета. У І. працуюць (1987): Нац. асацыяцыя музыкі, Асацыяцыя муз. культуры, т-ва «Музычная моладзь Іспаніі», Сімф. аркестр Ісп. радыё і тэлебачання, філарманічны аркестр, Ісп.ін-т мастацтвазнаўства, оперны т-р «Лісеа» ў Барселоне; нац. кансерваторыя ў Мадрыдзе і інш. Праводзяцца фестывалі, у т. л. Тыдні сярэдневяковай музыкі ў г. Эстэлья, міжнар. конкурс вакалістаў імя Віньяса (з 1963, Барселона) і інш.
Тэатр. Тэатр. паказы ў І. вядомы з часоў уладання рымлян. У сярэдневякоўі ставіліся літургічныя драмы, містэрыі, маралітэ; з нар. паказамі («здзеклівымі гульнямі») выступалі хуглары. У 16 ст. папулярнымі былі аўтас сакраменталес (свяшчэнныя дзействы), пасас (фарсы) Л. дэ Руэды, камедыі Б.Торэса Наара, інтэрмедыі і драмы М.Сервантэса. Паявіліся паўпрафес. і прафес. трупы. Манаполію на тэатр. паказы атрымалі царк. брацтвы, якія будавалі спец. памяшканні — каралі (у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Севільі і інш.). Росквіту т-р І. дасягнуў у эпоху Адраджэння. Дэмакр. і гуманіст. кірунак развіваўся ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, Тырса дэ Маліны, П.Кальдэрона дэ ла Баркі. У прыдворных т-рах 17 ст. ставіліся феерычныя, пышна аформленыя спектаклі. У 1665 дзейнасць т-раў была забаронена на 15 гадоў. З 18 ст. папулярнасць набыў муз.т-р, асабліва італьян. опера; у драме пераважаў дэкламацыйны стыль класіцызму. У муз.-драм. жанрах сайнеце, сарсуэле, танадыльі захоўваліся рэаліст. традыцыі. У 19 ст. адбыўся ўздым ісп.т-ра, адкрыты т-ры «Эспаньёль» у Мадрыдзе (1849), «Лісеа» ў Барселоне (1847) і інш. Пашырана была рамант. драма і быт. камедыя. З 2-й пал. 19 ст. пераважалі оперы-буфа, вар’етэ, рэвю франц. ўзору. Асобныя трупы і акцёры прытрымліваліся рэаліст. традыцый (т-р Камедыі, акцёры Э.Марыо, Р.Кальва). У пач. 20 ст. ў рэпертуары т-ра пераважалі камедыі і меладрамы. Мадэрнісцкія тэндэнцыі сцвярджалі Х.Бенавентэ-і-Марцінес, Г.Марцінес Сьера і інш., рэалістычныя — Ф.Дыяс дэ Мендоса. М.Герэра, М.Ксіргу. Пасля абвяшчэння І. рэспублікай узмацніліся тэндэнцыі да адраджэння дэмакр. традыцый класічнай драматургіі (студэнцкі т-р «Ла Барака», які заснаваў Ф.Гарсія Лорка, «Т-р педагагічных місій» А.Касоны). У 1936—39 дзейнічалі перасоўныя трупы «Герыльяс дэ тэатра» («Тэатр.партыз. атрады»). З усталяваннем франкісцкага рэжыму многія тэатр. дзеячы эмігрыравалі. У 1950-я г. ставіліся п’есы тагачасных замежных аўтараў (Б.Брэхта, Дж.Б.Прыстлі, А.Мілера). У 1960-я г. ў некаторых т-рах аднавіліся пастаноўкі класічнай нац. драматургіі (т-ры «Эспаньёль», «Бельяс Артэс» у Мадрыдзе). Прадстаўнікі руху «Новы тэатр» пратэставалі супраць дыктатуры, цэнзуры, тэатр. рэалізму (незалежныя т-ры «Лос Галіярдас» у Мадрыдзе, «Лос Катарас» у Каталоніі, «Эль Тэатра Лебрыяна» ў Андалусіі і інш.). У гэтым кірунку развівалася творчасць драматургаў, схільных да т-ра абсурду і тэатр. жорсткасці (Л.Рыяза, М.Марцінес Медыера), сюррэалізму (Ф.Ньева), абстракцыі (Х.Руібаль). З наданнем ісп. правінцыям аўтаноміі развіваецца нар.т-р, але гал. асяродкам тэатр. жыцця застаюцца Мадрыд і Барселона. Сярод рэжысёраў апошніх дзесяцігоддзяў — Х.Тамаё, Х.Л.Алонса, М.Нарас, К.Пласа, В.Гарсія, акцёраў — Н.Эсперт, Х.Л.Гомес, Х.М.Радэра.
Кіно. Вытворчасць фільмаў у І. пачалася ў канцы 19 ст. («Выхад з дзённай месы з царквы Пілар у Сарагосе», 1896, рэж. Э.Хімена). Напачатку здымаліся дакумент. рэпартажы і кароткаметражныя фільмы. Першы маст. фільм выпушчаны ў 1905. Першыя кінастудыі створаны ў Барселоне (1906). У 1920-я г. кінавытворчасць развівалася ў Мадрыдзе, дзе выпускалі пераважна забаўляльныя стужкі, а таксама экранізацыі вядомых ісп. празаікаў і драматургаў (30—40 фільмаў штогод; найб. вядомыя рэжысёры — Б.Пероха, Ф.Рэй). У 1931—36 кінастудыі пераабсталяваны, выпуск фільмаў павялічыўся, створаны Савет па кінематаграфіі (1933). Сярод лепшых рэжысёраў гэтага часу — Л.Буньюэль («Андалускі пёс», 1928; «Залаты век», 1930; «Зямля без хлеба», 1932). У 1934 пастаўлены першы гукавы фільм («Вада ў глебе», рэж. Э.Ф.Ардавін). Грамадз. вайна 1936—39 стала тэмай шэрагу фільмаў; мадрыдская кінастудыя «Фільм папулар» выпускала кінахроніку «Сучасная Іспанія». У час дыктатуры Франка ўведзена цэнзура, пашырыліся фільмы, на якія ўплывалі стужкі фаш. Германіі і Італіі. У 1940—50-я г. найчасцей здымаліся муз. камедыі і ісп.-італьян. вестэрны. Прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Х.А.Бардэм, Л.Г.Берланга, Муньёс-Суай), на творчасць якіх паўплываў неарэалізм («Гэта шчаслівая пара», рэж. Бардэм і Берланга). Вядомасць за межамі І. атрымалі фільмы Берлангі «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), Бардэма «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956). На творчасць кінематаграфістаў 1960-х г. паўплываў фільм італьян.рэж. М.Ферэры «Каляска», зняты ў І. ў жорсткай рэаліст. манеры з элементамі «чорнага» гумару. Гал. падзеяй нац. кіно стала стужка Буньюэля «Вірыдыяна» (1961) пра духоўныя праблемы ісп. грамадства. Маладыя рэжысёры К.Саўра, Ф.Рэгейра, М.Пікаса, М.Сумерс і інш. заснавалі кірунак «Новае іспанскае кіно», сярод прадстаўнікоў якога самабытны кінарэжысёр Саўра («Сад уцех», 1970; «Ганна і ваўкі», 1972; «Выкармі гругана», «Эліза, маё жыццё», абодва 1975, і інш.). Дэмакратызацыя грамадства ў 1970-я г. садзейнічала развіццю ісп. кіно. Сусв. вядомасць атрымаў рэж. П.Альмадавар («Матадор», 1986; «Жанчыны на мяжы нервовага зрыву», 1988; «Звяжы мяне», 1989; «Кіка», 1993, і інш.). Сярод акцёраў: Ф.Рабаль, А.Маліна, А.Белен, А.Бандэрас, В.А́брыль. У І. больш за 100 кінакампаній, якія займаюцца вытворчасцю і пракатам. Сістэма кінаадукацыі ўключае Барселонскі і Мадрыдскі ун-ты, Дзярж.ін-т радыё і тэлебачання. Нац. фільматэка ў Мадрыдзе і Каталонская ў Барселоне, Міжнар. кінаархіў, архіў хронікі і дакумент. кіно ў Мадрыдзе. Сярод міжнар. кінафестываляў: агляд дакумент. і кароткаметражнага кіно ў Більбао, агляд кіно ў Валенсіі, фестывалі ў Сан-Себасцьяне і фантаст. кіно ў Сітжэсе.
Беларусы ў Іспаніі. Бел. асяродак у І. пачаў складвацца ў пач. 1950-х г. і быў прадстаўлены пераважна студэнтамі-беларусамі Мадрыдскага ун-та, якія ў 1952 заснавалі Бел. акадэмічнае згуртаванне (старшыня Я.Сурвіла). Пры Цэнтры па вывучэнні краін усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Сурвілы. Супрацоўнікі Інстытута беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе (1952—60) вялі навук. даследаванні па гісторыі бел. дзяржавы, прапаганду ведаў пра Беларусь сярод народаў І. і Зах. Еўропы. З 1958 працавала бел. рэдакцыя на Мадрыдскім нац. радыё. Беларусы вялі культ.-асв. дзейнасць. У 1954—55 у Мадрыдзе прайшлі канцэрты бел. музыкі і нар. песень для студэнтаў і навукоўцаў каледжаў. На семінарах і канферэнцыях навукоўцы чыталі даклады і рэфераты па беларусазнаўству, бел. моладзь прадстаўляла Беларусь у дні нац. свят, у час культ. мерапрыемстваў, на міжнар. сімпозіумах і канферэнцыях. У 1960-я г. многія беларусы пакінулі краіну і бел. дзейнасць спынілася.
Літ.:
Уотт У.М., Какиа П. Мусульманская Испания: Пер. с англ.М., 1976;
Испания, 1918—1972 гг.: Ист. очерк. М., 1975;
Понеделко Г.Н. Государство в экономике Испании: взгляд в прошлое и современность. М., 1991;
Проблемы испанской истории. М., 1992;
Ланда Р.Г. В стране аль-Андалус через тысячу лет. М., 1993;
Хенкин С.М. Испания после диктатуры: (соц.-полит. пробл. перехода к демократии) М., 1993;
Менендес Пидаль Р. Избр. произв.: Исп. лит. средних веков и эпохи Возрождения: Пер. с исп. М., 1961;
Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;
Я го ж. Испанская литература XIX—XX вв. М., 1982;
Штейн А.Л. История испанской литературы. М., 1994;
Arean C. La pintura española de Altamira al siglo 20. Madrid, 1971;
Фалья М. де. Статьи о музыке и музыкантах: Пер. с исп. М., 1971;
Мартынов И.И. Музыка Испании. М., 1977;
Marco T. Historia de la musica espanola. Vol. 1—6. Madrid, 1983—84.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета. навук. ўстановы), К.М.Міхееў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Іспаніі).
Герб і сцяг Іспаніі.Да арт.Іспанія. Горы Пірэнеі на поўначы краіны.Да арт.Іспанія. Буйнейшы партовы горад і прамысловы цэнтр Галісіі — Віга.Да арт.Іспанія. Панарама ў цэнтры Мадрыда.Да арт.Іспанія. Краявід на Андалускай нізіне.Да арт.Іспанія. «Дворык ільвоў» у комплексе Альгамбра ў г. Гранада. 13—14 ст.Да арт.Іспанія. Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64).Да арт.Іспанія. Мадрыдскі парк (былы Буэн-Рэціра; 1868).Да арт.Іспанія. Помнік М.Сервантэсу ў Мадрыдзе. 1927.Да арт.Іспанія. Царква Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі. 1123.Да арт.Іспанія. Эль Грэка. Партрэт па эта А.Паравісіна. 1609.Да арт.Іспанія. Ф.Гоя. Партрэт Антоніі Саратэ. Каля 1811.Да арт.Іспанія. П.Пікасо. Аматарка абсенту. 1901.Да арт.Іспанія. Ж.Міро. Чарада. 1940.Да арт.Іспанія. Фрагменты танцаў «Арагонская хота» (зверху) і «Фанданга».Да арт.Іспанія. Фрагмент танца ў стылі кантэ фламенка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕТ (араб.Міср),
Арабская Рэспубліка Егіпет (Гумхурыя Міср аль-Арабія), дзяржава на ПнУ Афрыкі і на Сінайскім п-ве ў Азіі. Мяжуе з Лівіяй на З, з Суданам на Пд, з Ізраілем і сектарам Газа на ПнУ. Абмываецца Міжземным м. на Пн, Чырвоным м. на У. Падзяляецца на 26 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 1001,4 тыс.км². Нас. 64,8 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Каір. Афіц. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку.
Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (23 ліп.).
Дзяржаўны лад. Е. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1971 (са зменамі 1980). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў (пры прэзідэнце дзейнічае дарадчая Прэзідэнцкая рада). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны. Нар. сход, які складаецца з 458 дэпутатаў (10 з іх назначае прэзідэнт, астатнія выбіраюцца насельніцтвам, усе тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам (дарадчы орган пры ўрадзе — Кансультатыўная рада з 258 чал.).
Прырода. Амаль уся краіна знаходзіцца ў межах Сахары. У рэльефе пераважае плато з выш. 300—1000 м, якое падзяляецца па фіз.-геагр. асаблівасцях на плато Лівійскай пустыні на 3, плато Нубійскай пустыні на ПдУ і плато Аравійскай пустыні на У. Лівійская пустыня займае 2/3пл. краіны, складзена з пясчанікаў і вапнякоў, якія падвяргаюцца ветравой эрозіі. Месцамі дзюны і барханы выш. да 300 м. На Пн упадзіна Катара, якая ляжыць на 133 м ніжэй узроўню мора. Аравійская і Нубійская пустыні больш камяністыя, павышаюцца ў бок Чырвонага мора, дзе месцамі маюць выгляд гор (да 2187 м). На Пд Сінайскага п-ва горы з найвыш. пунктам Е. (г. Катэрын, 2637 м), на Пн — плато і раўніна. Вельмі важнае значэнне мае даліна р. Ніл (даўж. ў Е. 1200 км. шыр. 1—3 км на Пд, 20—25 км каля Каіра, пл. разам з дэльтай каля 40 тыс.км²). У пустынях ёсць невял. аазісы. Карысныя выкапні: нафта (узбярэжжа і акваторыя Суэцкага зал., ПнЗ), прыродны газ (на ПнЗ), жал. руда (раён Эль-Кусейра і аазіс Бахарыя), фасфарыты (аазіс Харга, Эль-Кусейр). Ёсць каменная соль, каменны і буры вугаль, марганец, золата, волава, вальфрам, малібдэн, тантал і інш. Клімат гарачы і вельмі сухі, на большай ч. трапічны кантынентальны. На ўзбярэжжы Між земнага м. і ў дэльце р. Ніл клімат субтрапічны — сярэдняя т-растудз. 11 °C, ліп. 29 °C, ападкаў 250—300 мм за год. На Пд сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 34 °C, ападкаў некалькі мм за год. Адзінай ракой з’яўляецца Ніл. На ім вадасховішча — воз. Насэр (пл. 5120 км²). Ніл мае асаблівае значэнне для арашэння. як крыніца водазабеспячэння і гідраэнергіі, як трансп. шлях. Ад яго адыходзяць арашальныя каналы, якія выкарыстоўваюцца і для суднаходства. Міжнар. значэнне мае Суэцкі канал. На тэр. Е. рэзка выдзяляюцца 2 ландшафты: дэльта і даліна Ніла з урадлівымі алювіяльнымі глебамі і багатай культ. расліннасцю; пясчаныя або камяністыя пустыні з вельмі беднай разрэджанай расліннасцю. Рэзерват Вадзі-Рышраш, некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. 98% насельніцтва — арабы (егіпцяне). Жывуць таксама нубійцы (на Пд), берберы (аазіс Сіва), грэкі і армяне (у вял. гарадах) і інш. Пераважная большасць егіпцян мусульмане, каля 3 млн. хрысціян-коптаў (жывуць пераважна ў гарадах). Ёсць невял. групы католікаў, пратэстантаў і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 65 чал. на 1 км² Амаль усё яно засяроджана ў даліне і дэльце Ніла, дзе шчыльнасць дасягае 1000—2000 чал. на 1 км². Шчыльна заселены таксама ўзбярэжжа Суэцкага канала і аазісы. У пустынях каля 70 тыс. качэўнікаў. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1992): Каір — 6800, Александрыя — 3380, Гіза — 2144, Шыбін-эль-Ком — 834, Порт-Саід — 460, Эль-Махала-эль-Кубра — 408, Суэц — 388, Танта — 380, Эль-Мансура — 371, Асьют — 321. Каля 3 млн. егіпцян працуюць за мяжой, пераважна ў Лівіі (1 млн.чал.) і краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці на сучаснай тэр. Е. ўзнік адзін з першых цэнтраў цывілізацыі. Тысячагоддзямі тут існавала рабаўладальніцкая дзяржава — Егіпет Старажытны. У 31—395 уваходзіў у склад Рым. імперыі, пасля распаду якой стаў правінцыяй яе ўсх.ч. — Візантыі. У рым. перыяд адбыўся заняпад стараж.-егіп. культуры: познаегіп. мова змянялася копцкай, мясц. рэлігія — хрысціянствам. Візантыйцы ў кіраванні Е. абапіраліся на сілу і рэпрэсіі, што аблегчыла заваяванне яго арабамі-мусульманамі. У 642 захоплена сталіца Е. — Александрыя, краіна стала правінцыяй Араб. халіфата. У выніку араб. заваявання егіп. насельніцтва паступова перайшло на араб. мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам, Е. стаў правінцыяй ісламскай імперыі. Напачатку ім правілі Амеяды, з 750 — Абасіды. З аслабленнем Абасідаў халіфата Е. фактычна кіравалі незалежна ад багдадскіх халіфаў Тулуніды і Іхшыдыды (935—969). У 969 Е. заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 стаў іх сталіцай. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся распад Фатымідаў халіфата, што выкарысталі еўрап. крыжаносцы. У 1168 яны ўварваліся ў Е. і аблажылі Каір. Халіф звярнуўся за дапамогай да Сірыі. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). У 1171 ён скінуў фатымідскага правіцеля, стварыў незалежную дзяржаву і стаў яе султанам. Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Е., уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 захапіла вярх. ўладу. Найбольшым поспехам мамлюкаў быў разгром мангольскага войска ў Палесціне ў 1260, у час якога вызначыўся военачальнік Бейбарс. У хуткім часе ён стаў султанам Е. і ўзначаліў выгнанне крыжаносцаў 3 прыбярэжных крэпасцей Палесціны, Лівана, Сірыі (завершана ў канцы 13 ст.). Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Е. ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае ўзбярэжжа Судана і інш. У 13—14 ст. Е. — эканамічна моцная дзяржава, адзін з буйнейшых рэліг. і культ. цэнтраў мусульм. свету, важны цэнтр гандлю паміж Афрыкай. Азіяй і Еўропай. У 1517 мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Е. стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта стала прычынай заняпаду культуры і гасп. жыцця Е., змяншэння колькасці яго насельніцтва. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Тур. султан перастаў быць рэальным кіраўніком Е., хоць і заставаўся яго рэліг.-паліт. сюзерэнам. У 1770 мамлюцкі эмір Алі-бей аль-Кабір абвясціў незалежнасць Е. З гэтага часу Е. стаў аб’ектам англа-франц. саперніцтва. У 1798 франц. войскі на чале з ген. Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір (гл.Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1801 французы капітулявалі перад англа-тур. войскамі і Е. зноў прызнаны ўладаннем Асманскай імперыі. У 1805 нам. султана ў Е. з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ распачаў мадэрнізацыю краіны Яго магутная армія пачала захопніцкія войны з мэтай стварэння велізарнай арабскай імперыі. Гэта супярэчыла інтарэсам Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўмяшаліся ў канфлікт на баку туркаў. У 1841 Е. капітуляваў і з гэтага часу пачаў ператварацца ў залежную ад еўрапейцаў краіну.
З 1840-х г. у Е. актыўна пранікаў замежны капітал, пераважна англійскі. У 1869 адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. Пры егіп. правіцелю Ісмаіле-пашы [1863—79], у краіне будавалі чыгункі, каналы, тэлегр. лініі, школы, з’явіліся нац. газеты і часопісы. Усё гэта прывяло да вялікай запазычанасці Е. замежным крэдыторам. У 1876 Е. аб’явіў аб сваім банкруцтве і над краінай устаноўлены англа-франц.фін. кантроль. Закабаленне краіны замежным капіталам абвастрыла сац. супярэчнасці і выклікала паўстанне патрыятычна настроеных афіцэраў на чале з А.Арабі-пашой. Быў створаны егіп.нац. ўрад, прыняты праект канстытуцыі, падрыхтаваны законапраекты. Гэта занепакоіла Вялікабрытанію, якая пад выглядам абароны іншаземцаў увяла ў Е. свае войскі і ў вер. 1882 перамагла армію Арабі-пашы. Е. фактычна стаў калоніяй Вялікабрытаніі, хоць фармальна лічыўся часткай Асманскай імперыі. У канцы 19 ст. ў Е. ўзніклі патрыят. арг-цыі, якія ставілі сваёй мэтай нац. незалежнасць краіны. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам егіп.нац.-вызв. руху быў публіцыст і асветнік М.Каміль. 1-я сусв. вайна значна паўплывала на адносіны Е. з Вялікабрытаніяй, якая ў снеж. 1914 ліквідавала ўладу Асманскай імперыі над Е. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. У ваен. дзеяннях супраць Турцыі англічане выкарыстоўвалі матэр. і людскія рэсурсы Е., што ўзмацняла антыбрыт. настроі. У 1918 у Е. створана бурж.-памешчыцкая партыя Вафд на чале з С.Заглулам, якая патрабавала незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Антыкалан. егіпецкія паўстанні 1919, 1921 прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі, і дэкларацыяй 28.2.1922 абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Е.; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брыт. войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканам. панаванне англічан. Прынятая ў 1923 канстытуцыя прадугледжвала некаторыя бурж.-дэмакр. правы і гарантавала прывілеі іншаземцам, а егіп. каралю давала шырокія паўнамоцтвы. Магутная хваля нац.-вызв. і забастовачнага руху прымусіла англічан падпісаць англа-егіпецкі дагавор 1936 аб дружбе і саюзе і пацвердзіць незалежнасць Е. У 2-ю сусв. вайну тэр. Е. стала арэнай ваен. дзеянняў. Італія і Германія імкнуліся захапіць Суэцкі канал. У кастр. 1942 брыт. войскі спынілі ням. армію ген.-фельдмаршала Э.Ромеля і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. Толькі ў лют. 1945 егіп. ўрад аб’явіў вайну краінам фаш. блока. Е. стаў чл.-заснавальнікам ААН, пры яго актыўным удзеле ў 1954 створана Ліга арабскіх дзяржаў. Пасля 2-й сусв. вайны егіп. ўрад сутыкнуўся з шэрагам сац.-эканам. праблем; нявырашаным заставалася і пытанне вываду брыт. войск. У 1948 Е. і інш.араб. краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне (гл.Араба-ізраільская вайна 1948—49). Усеагульная незадаволенасць вынікамі вайны, каралеўскім рэжымам і брыт. прысутнасцю ў Е. вылілася ў падтрымку экстрэмісцкай арг-цыі «Браты-мусульмане», якая выступала за ўвядзенне ў краіне ісламскага праўлення. 15.10.1951 вафдзісцкі ўрад дэнансаваў англа-егіпецкі дагавор 1936, у выніку чаго ваен. прысутнасць англічан у Е. страціла «законную» падставу. У зоне Суэцкага канала пачалася партыз. барацьба супраць брыт. войск. 23.7.1952 тайная патрыят.арг-цыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г.А.Насэрам ажыццявіла дзярж. пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе паліт. партыі забаронены, прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне. 18.6.1953 Е. абвешчаны рэспублікай, прэзідэнтам краіны стаў ген. М.Нагіб, які захаваў і пост прэм’ер-міністра. Новы ўрад дамогся падпісання англа-егіпецкага пагаднення 1954, паводле якога да 18.7.1956 з зоны Суэцкага канала выводзіліся ўсе брыт. войскі. У кастр. 1954 Нагіб змешчаны з усіх пасад. Прэзідэнтам Е. стаў Насэр, які ўзяў курс на супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. Стрыжнем яго эканам. палітыкі было буд-ва Асуанскай плаціны. Але ЗША і Вялікабрытанія, не задаволеныя курсам Насэра, адмовіліся крэдытаваць будаўніцтва канала. У адказ егіп. прэзідэнт 26.7.1956 аб’явіў аб нацыяналізацыі міжнар. кампаніі Суэцкага канала, што стала моцным ударам па пазіцыях Вялікабрытаніі і Францыі ў гэтым рэгіёне. У кастр. 1956 войскі Ізраіля, падтрыманыя Вялікабрытаніяй і Францыяй, уварваліся на Сінайскі п-аў. Англа-франц. войскі акупіравалі зону Суэцкага канала, захапілі Порт-Саід, бамбардзіравалі Александрыю. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Е. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго араб. свету. У лют. 1958 Е. і Сірыя ўтварылі Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), да якой далучыўся і Йемен (саюз з ім ануляваны ў снеж. 1961). Сірыя пасля дзярж. перавароту ў вер. 1961 выйшла з ААР, але Е. захаваў афіц. назву — ААР. 1960-я г. характарызаваліся значнымі сац.-эканам. пераўтварэннямі: прыняты шэраг дэкрэтаў аб нацыяналізацыі прыватных, страхавых, буд. і інш. буйных кампаній, банкаў, прамысл. прадпрыемстваў, транспарту і інш. 30.6.1962 Нац. кангрэс нар. сіл зацвердзіў Нац. Хартыю — важны паліт. дакумент ААР, які абвясціў мэтай егіп, рэвалюцыі сацыялізм. Да 1965 дзярж. сектар эканомікі даваў больш за 80% усёй прамысл. прадукцыі. У 1968 пры дапамозе СССР Е. завяршыў буд-ва Асуанскай плаціны, што значна палепшыла ірыгацыйную сістэму Е., павысіла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Прымаліся меры па ліквідацыі сац. няроўнасці, працягвалася агр. рэформа, расшыралася адукац. сістэма. Аднак напружанасць у адносінах араб. краін з Ізраілем прывяла да ізраільска-арабскай вайны 1967. Ваен. паражэнне Е., страта Сінайскага п-ва з багатымі радовішчамі нафты абвастрылі ўнутрыпаліт. крызіс. Пасля смерці Насэра (1970) прэзідэнтам стаў А.Садат. У 1971 ён аднавіў афіц. назву краіны — Арабская Рэспубліка Егіпет і, каб забяспечыць эканам. рост краіны і дамагчыся вяртання акупіраваных Ізраілем зямель, пераарыентаваўся на ЗША. Паспяховае наступленне егіп. войск у кастр. 1973 на пазіцыі Ізраіля на Суэцкім канале скончылася заключэннем выгаднага для Е. пагаднення. Гэта стала пачаткам сепаратных перагавораў Е. з Ізраілем пры падтрымцы ЗША (дамоўленасці 1974 пра раз’яднанне ўзбр. сіл на Сінаі, 1975 пра частковы вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэр. і інш.). У 1978 падпісаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні; на аснове іх 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Ізраіль вяртаў Е. акупіраваныя тэрыторыі; у 1980 паміж Е. і Ізраілем устаноўлены дыпламат. адносіны. Ва ўнутр. палітыцы Садат трымаў курс на развіццё рыначных адносін, заахвочванне прыватнай ініцыятывы і замежных інвестыцый. Яго дзеянні не мелі падтрымкі ні ў Е., ні за яго межамі; араб. краіны не прызналі дагавор Е. з Ізраілем, выключылі Е. з Лігі араб. краін. У кастр. 1981 Садат забіты групай экстрэмістаў. Пры новым прэзідэнце М.Х.Мубараку паступова палепшыліся адносіны з інш.араб. краінамі (у 1989 адноўлена членства Е. ў Лізе араб. дзяржаў) і СССР. Унутр. хваляванні, выкліканыя цяжкай эканам. сітуацыяй (перанасяленне, беспрацоўе), а таксама рост актыўнасці мусульм. фундаменталістаў паслужылі падставай для захавання надзвычайнага становішча, уведзенага пасля замаху на Садата. У знешняй палітыцы Е. паслядоўна імкнуўся да арганізацыі мірных шматбаковых араба-ізраільскіх перагавораў і вырашэння праблемы палесцінцаў шляхам надання ім аўтаноміі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая Нац.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя працы, Партыя лібералаў, Нац.-прагрэс. (левая) партыя, Аль-Ума, Новы Вафд і інш. Прафсаюзы аб’яднаны ў Егіпецкую федэрацыю прафсаюзаў.
Гаспадарка. Е. — аграрна-індустр. краіна, буйны пастаўшчык на сусветны рынак высакаякаснай доўгавалакністай бавоўны і вырабаў з яе. Нац. даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША за год. Асн. галіна — земляробства, якое грунтуецца на штучным арашэнні водамі Ніла. У валавым унутр. прадукце сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 18%, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 60%. У сельскай гаспадарцы занята каля 35% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 13%.
Сельская гаспадарка. Вялікая колькасць цяпла і магчымасць арашэння зямель дазваляюць збіраць па 3—4 ураджаі за год. Плошчы зямель, якія апрацоўваюцца, складаюць 2,7 млн.га (1993). Гал. збожжавыя культуры (млн.т, 1993): пшаніца — 4,6, рыс — 4,2, кукуруза — 4,3, сорга — 0,8. Добра развіта агародніцтва, асабліва вырошчванне (тыс.т, 1993) памідораў — 3000, цыбулі — 1700, бульбы — 1700, капусты — 329, бахчавых культур — каля 600, а таксама бабовых (гарах, боб, фасоля), алейных (сезам, арахіс). Развіта пладаводства, вырошчванне (тыс.т, 1993) фінікаў — 615, апельсінаў — 1800, лімонаў — 308, бананаў — 397, манга — 180, вінаграду — 600, аліваў, фіг. З тэхн. культур найб. значэнне мае вырошчванне доўгавалакністай бавоўны, якая займае каля 1/3 пасяўных плошчаў (дэльта і паўн.ч. даліны Ніла), валавы збор бавоўны-сырцу 550 тыс.т (1993). Вырошчваюць таксама (млн.т, 1993) цукр. трыснёг (на Пд) — 11,9, цукр. буракі — 0,8. З-за недахопу пашы жывёлагадоўля не атрымала значнага развіцця. Гадуюць (млн. галоў) буйн. раг. жывёлу — 3,2, буйвалаў — 3,5, авечак — 3,7, коз — 3, у пустынях вярблюдаў — 0,2. Птушкагадоўля, асабліва развядзенне курэй — 38 млн. (1993). Рыбалоўства ў Ніле, азёрах і морах — каля 200—300 тыс.т штогод. Здабыча каралаў, жэмчугу, губак. З галін прамысловасцінайб. значэнне мае горназдабыўная. Аснову складае нафтагазавы сектар, які з’яўляецца гал. экспартнай галіной краіны. Нафта здабываецца з 1911, здабыча складае 45,6 млн.т (1991), больш за 90% яе прыпадае на ўзбярэжжа і акваторыю Суэцкага зал.; здабыча прыроднага газу — каля 5 млрд.м³ (1992), пераважна ў раёне ўпадзіны Катара. Здабываецца таксама (млн.т, 1991) жал. руда — 1,1, фасфаты — 1,9, марганец, каменная соль, каменны вугаль, буд. матэрыялы і інш.Вытв-сць электраэнергіі 40,5 млрд.кВт∙гадз (1991), у т. л. каля 20% дае Асуанская ГЭС. Буйныя ЦЭС у Шубрыэль-Хейме, Каіры, Александрыі, інш.вял. гарадах працуюць на нафце і газе. Сярод галін апрацоўчай прам-сці вядучае месца займае харчовая і харчасмакавая. Выпускаецца шырокі асартымент іх прадукцыі (1991): цукар (1,1 млн.т, гал. цэнтры Ком-Омба, Ідфу, Армант), тытунёвыя вырабы (Каір, Александрыя, Гіза, Эль-Фаюм), плодаагароднінныя кансервы, алей (Даманхур, Танта, Эль-Мансура, Бені-Суэйф), вытв-сць мукі (каля 3,4 млн.т штогод), піва, сіропаў, сокаў, глюкозы. Развіты таксама рысаачышчальная (Эль-Мансура, Дум’ят, Эль-Махала-эль-Кубра) і рыбакансервавая (Дум’ят) прам-сць. Другое месца займае лёгкая прам-сць, асабліва тэкст., якая працуе на мясц. сыравіне. Гал. цэнтры Каір, Александрыя, Эль-Махала-эль-Кубра і інш. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў Танце, Эль-Мансуры, Дум’яце, Бені-Суэйфе, шаўкаткацкія ў Хелуане, воўнапрадзільныя ў Танце, Эль-Міньі, Эль-Фаюме. Шырока развіты гарбарна-абугковая (Александрыя, Каір, Дум’ят, Эль-Фаюм, Асьют), швейная і трыкатажная галіны. Вытв-сць дываноў у Даманхуры і Асьюце, саматужная вытв-сцьнац. адзення ў Танце, маст. рамёствы ў Каіры, Бені-Суэйфе, Эль-Міньі. Трэцяе месца ў структуры прам-сці належыць хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі Александрыя, Суэц, Каір, Порт-Саід. Развіта вытв-сцьмінер. угнаенняў (фасфарытных і азотных) у Каіры, Кафр-эз-Заяце, Суэцы, Асьюце, гумавая прам-сць і вытв-сць аўтапакрышак у Александрыі. Атрымліваюць таксама соду, кіслоты, пластмасы і інш.хім. прадукты. Металург. прам-сць прадстаўлена Хелуанскім металург. камбінатам поўнага цыкла, прадпрыемствамі ў Каіры, металург. з-дам па вытв-сці акатышаў у Александрыі, алюмініевым камбінатам у Наг-Хамады. Металаапр. прадпрыемствы ў Каіры і Ісмаіліі. Машынабудаванне развіта параўнальна слаба: ёсць невял. вытв-сцьчыг. вагонаў, аўтобусаў, легкавых і грузавых аўтамабіляў, самалётаў (зборка з прывазных дэталей), электратэхн. абсталявання, тэле- і радыёапаратуры. Асн. цэнтры Хелуан, Каір, Александрыя. Цэнтры суднабудавання і суднарамонту Александрыя, Суэц, Порт-Саід. Развіты ваен.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, асабліва цэменту (каля 18 млн.т штогод, Александрыя, Хелуан, Асьют), па экспарце якога Е. займае адно з вядучых месцаў у свеце. Каля паловы прамысл. прадукцыі краіны выпускаецца ў Каіры і Александрыі. Транспарт. Е. мае добра развітую сетку трансп. шляхоў у асноўным у даліне і дэльце Ніла, па ўзбярэжжы Міжземнага м. і ўздоўж Суэцкага канала. Даўж. чыгунак 8,6 тыс.км, з іх 4,4 тыс. шырокакалейных, аўтадарог 38 тыс.км, з іх 15 тыс.км асфальтаваных. Даўж. суднаходных шляхоў па Ніле, каналах і пратоках дэльты складае 4 тыс.км. Знешнія гандл. сувязі праз порты Александрыя, Порт-Саід, Суэц. Танаж гандл. флоту каля 1 млн.т. Велізарнае трансп.-гандл. значэнне мае Суэцкі канал, праз які штогод праходзіць 16—20 тыс. суднаў з грузам каля 100 млн.т. Даход ад эксплуатацыі канала складае каля 2 млрд.дол. штогод. Е. мае адмоўны гандл. баланс. Штогадовы экспарт 5—6 млрд.дол. ЗША. Экспартуюцца нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прадукцыя горназдабыўной прам-сці, цэмент, алюміній, бавоўна, фрукты і гародніна, некат. харч. прадукты і інш. Штогадовы імпарт каля 15 млрд.дол. ЗША. Імпартуюцца пераважна харч. і хім. прадукты, машыны і трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: па экспарце — Італія (15%), ЗША (11%), Грэцыя (8%), Сінгапур (6%), Германія (5%); па імпарце — ЗША (22%), Германія (10%), Італія (9%), Францыя (8%), Японія (6%). Гандаль з Рэспублікай Беларусь нязначны, у асобныя гады дасягае 2—3 млн. долараў: імпартуюцца грузавыя аўтамабілі, трактары, металарэзныя станкі, экспартуюцца абутак і цытрусавыя. Вялікае значэнне для эканомікі Е. мае замежны турызм і адпачынак. Арганізаваны зімовы адпачынак на ўзбярэжжах мораў. Штогод краіну наведвае каля 3 млн. турыстаў, даход каля 3 млрд. долараў. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу, істотнае значэнне для фінансавага стану маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — егіпецкі фунт.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 436 тыс.чал. (1997) і складаюцца з сухап. войск (310 тыс.чал.), ВПС (110 тыс.чал. у пач. 1995, 551 баявы і вучэбна-баявы самалёт) і ВМС (20 тыс.чал. у пач. 1995, 48 баявых караблёў, у т. л. 8 падводных лодак, і 41 баявы катэр). Стратэг. сілы налічваюць 2,4 тыс. ракет рознага прызначэння. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэрмін ваен. службы — 3 гады (ва ўсіх родах войск). Нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з цэнтр. сіл бяспекі (300 тыс.чал.), нац. гвардыі (60 тыс.чал.), пагран. корпуса (12 тыс.чал.), атрадаў «абароны і бяспекі» (60 тыс.чал.), берагавой гвардыі (7 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 254 тыс.чал. (канец 1994).
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне бясплатнае. Нізкі ўзровень жыцця, клімат, дрэнныя сан. ўмовы і нерацыянальнае харчаванне — прычыны развіцця хвароб, што маюць эпідэмічны характар. Дзеці да двухгадовага ўзросту падлягаюць абавязковай вакцынацыі супраць воспы, дыфтэрыі, туберкулёзу, поліяміэліту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,8, жанчын 63,8 года. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 515 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 1472 чал. Узровень нараджальнасці — 28 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,9%. Дзіцячая смяротнасць 71 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. У 1953—57 у Е. прыняты законы, якія заклалі асновы новай нац. сістэмы адукацыі. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя) для дзяцей ва ўзросце 4—5 гадоў, абавязковыя пач., падрыхтоўчыя і старэйшыя школы, прафес. вучылішчы, сярэднія спец.навуч. ўстановы, ВНУ. Пач. школа 6-гадовая (ёсць прыватныя), у ёй вучацца дзеці ва ўзросце 6—12 гадоў. Падрыхтоўчая школа (тэрмін навучання 3 гады; дзеці 12—15 гадоў) дае няпоўную сярэднюю адукацыю; мае 2 кірункі — агульны і тэхнічны. Старэйшая школа (50% прыватных; тэрмін навучання 3 гады, навучэнцы ад 15 да 17 гадоў) дае поўную сярэднюю адукацыю. У 1-ы год навучання заняткі вядуцца па адзінай праграме; потым вучні размяркоўваюцца па прыродазнаўча-матэм. і гуманітарным аддзяленнях. Прафес. адукацыя (3 гады навучання) на базе падрыхтоўчай школы. У сістэме вышэйшай адукацыі 8 ун-таў, 14 спец.ВНУ, з іх 5 мастацкіх, у т. л. Акадэмія араб. музыкі (з 1932) у Каіры. Буйнейшыя ун-ты: Айн-Шамс (з 1950), мусульм. аль-Азхар (рэарганізаваны ў 1961) у Каіры, Александрыйскі (з 1942), ун-т у г. Танта і інш.Найб. б-кі: Нац. (з 1870) у Каіры, Александрыйская гарадская, б-кі Каірскага і Александрыйскага ун-таў. Найб. музеі: Егіп.нац. (з 1858), музеі ісламскага (з 1881) і сучаснага (з 1920) мастацтва, Геал. (з 1899), егіп. цывілізацыі (з 1939) — усе ў Каіры, грэка-рымскіх старажытнасцей (з 1892) і Марскі (з 1948) у Александрыі. Навук. даследаванні праводзяцца ў галіновых цэнтрах і лабараторыях адпаведных мін-ваў, НДІ, ва ун-тах і навук. ін-тах пры іх, у Нац. даследчым цэнтры (з 1956) пры н.-д. і тэхнал. Акадэміі. Дзейнічаюць Ін-т Егіпта (з 1798) у Каіры і Акадэмія араб. мовы (з 1932) у Гізе.
Друк, радыё, тэлебачанне. Друк Е. (усе перыяд. выданні) падпарадкаваны Найвышэйшай радзе прэсы. Цэнтр выдавецкай дзейнасці краіны — г. Каір. Найб. папулярныя і ўплывовыя выданні: штодзённыя газеты «Аль-Ахрам» («Піраміды, з 1876), «Аль-Ахбар» («Паведамленні», з 1952), «Аль-Гумхурыя» («Рэспубліка», з 1953). Гал. інфармацыйнае агенцтва — Блізкаўсходняе агенцтва навін (з 1955) — рыхтуе рэгулярныя паведамленні на араб., англ. і франц. мовах. Радыё (з 1928) і тэлебачанне (з 1960) падпарадкаваны Егіпецкай карпарацыі радыёвяшчання і тэлебачання. Радыё штодзённа мае 300 гадзін вяшчання на араб., англ., франц., арм., ням., грэч., італьян., яўр. і розных афрыканскіх мовах, тэлебачанне — 22,5 гадз вяшчання па 3 каналах. У Е. дзейнічае Блізкаўсходняе радыёвяшчанне (з 1964), якое трансліруе камерцыйную праграму з Лондана.
Літаратура. Традыцыйна развівалася на арабскай мове ў цеснай сувязі з л-рамі Лівана, Сірыі і інш. арабскіх краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). Працэс абнаўлення літ. і культ. жыцця Е. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. звязаны з дзейнасцю ранніх асветнікаў — заснавальніка Школы перакладу (1836) Р.Р. ат-Тахтаві, заснавальніка Нац. б-кі А.Мубарака, А.Факры і інш. У 1870—1919 вызначальны ўплыў на грамадскую думку і станаўленне новай егіп. л-ры зрабілі ідэолагі мусульм. рэфармацыі М.С.Джэмаль-ад-дзін аль-Афгані, М.Абда, прыхільнік эмансіпацыі жанчын К.Амін, заснавальнік нац. партыі «Ватан» М.Каміль. Побач з публіцыстыкай развівалася звязаная з ёй ідэйна, але традыц. па форме паэзія М.С. аль-Барудзі, Я.Сану, Ісхака Адзіба, В.Йекуна, А.Шаукі і інш. У пошуках сродку прапаганды сваіх поглядаў егіп. асветнікі звярталіся да тэатра. Яго рэпертуар напачатку складаўся з перакладаў і апрацовак (звычайна з перанясеннем дзеяння ў Е.) драм У.Шэкспіра, П.Карнеля, Мальера, В.Гюго. У 1880-я г. арыгінальныя драмы стварылі А.Надзім («Бацькаўшчына» і «Арабы»), Каміль («Заваяванне Андалусіі»). Пачынальнікам жанру гіст. рамана сталі ліванскія эмігранты Дж.Зейдан і Антун Фарах. У пач. 20 ст. з’явіліся асветніцкія аповесці Хафіза Ібрахіма, М. аль-Мувайліхі і інш. Важным этапам на шляху да рэаліст. прозы сталі аповесць «Зейнаб» М.Х.Хайкаля і зб, апавяданняў «Што вочы бачаць» заснавальніка школы егіп. навелістыкі Мухамеда Тэймура. З уздымам нац.-вызв. руху ў 1919—21 пачынаецца навейшы перыяд у гісторыі егіп. л-ры. Узніклі абноўленыя паэт. формы. У паэзіі ўсталяваўся рамантызм, прадстаўнікамі якога былі літ. групы «Паэты Дывана» (А.М. аль-Акад, А.Шукры і інш.), «Паэты Вадаспаду» (А.Хільмі) і «Апалон» (А.З. Абу Шадзі, І.Нагі, А.М.Таха), у прозе — рэалізм (апавяданні Махмуда Тэймура, аповесць «Дні» Хусейна Таха, навелы А.Х.Саіда, М.Т.Лашына і інш.). У драматургіі 1920—30-х г. побач з гістарычнымі паяўляюцца творы сучаснай тэматыкі (п’есы Т. аль-Хакіма, Мухамеда Тэймура, А.Язбека), у прозе развіваецца рамант. кірунак (раманы «Вяртанне духа» аль-Хакіма і «Ібрахім-журналіст» І. аль-Мазіні). У перыяд рэакцыі і спаду нац.-вызв. руху (1930-я г.) у л-ры сталі адчувальнымі песімістычныя настроі, матывы адчаю (сімвалісцкія драмы «Спячыя ў пячоры», «Шэхеразада» аль-Хакіма, аповесць «Кліч няведамага» Махмуда Тэймура, навелы Я.Хакі). Пасля перамогі нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 вядучае месца ў л-ры занялі «новыя рэалісты», асн. тэма творчасці якіх жыццё і барацьба простых людзей (зб. апавяданняў А. аль-Хамісі, аповесць «Грэх» Ю.Ідрыса, раманы «Зямля», «Ускраінныя вуліцы» А. аш-Шаркауі). У раманах Н.Махфуза «Новы Каір», «Пачатак і канец», трылогіі «Бейн аль-Касрэйн» паказана шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Паэзія 1950-х г. прадстаўлена творчасцю аш-Шаркауі, С. Абд-ас-Сабура, А.Хігазі і інш. Расчараванне грамадства, асабліва пасля паражэння Е. ў вайне з Ізраілем у 1967, выклікала настроі адчаю і бязвер’я. Адыход ад сац. праблематыкі, замыканне ў рамках суб’ектыўных перажыванняў, матывы адчужэння характэрныя для навелістыкі М.Х.Рагаба, Д. аш-Шаркауі. Пошукі і эксперыменты ў галіне формы пашырылі маст. магчымасці прозы, узбагацілі яе ў жанравых адносінах. Рэаліст. проза 1970-х г. спалучала псіхалагізм з фалькл. вобразнасцю, дакументальнасць з прыёмамі гратэску (сатыр. раманы «Хроніка вуліцы аз-Заафарані» Г. аль-Гітані, дакумент. аповесць «Гэта адбываецца ў Егіпце ў нашы дні» М.Ю. аль-Куайіда).
Архітэктура. З прыходам арабаў (639) у архітэктуры Е. адбыўся ўздым, звязаны з утварэннем новай сталіцы Фустат (640) і інтэнсіўным культавым і свецкім буд-вам новага тыпу. Першыя араб. гарады мелі характар вайск. лагера; гал. элементамі арх. ансамбля сталі мячэці, палацы, грамадскія лазні і памяшканні для гарнізона. Прамавугольныя кампазіцыі гар. забудовы абносілі мурамі. Сярод найб. ранніх пабудоў — мячэць Амра ў Фустаце (641—642, перабудавана ў 9 ст.). Прыкладам сталай егіп. архітэктуры была мячэць Ібн Тулуна ў Каіры (876—879), якая адаптавала традыцыі копцкага мастацтва і пярэднеазіяцкага буд-ва: уключала 5-нефавую шматкалонную залу для малення, ад крытую ва ўнутр. квадратны ў плане двор, абкружаны арачнымі галерэямі. Ёй характэрны смеласць і прастата прасторавага вырашэння, веліч манум. аб’ёмаў. У перыяд Фатымідаў (10—12 ст.) Каір набыў абарончы выгляд, пабудаваны гар. муры і брамы з квадратнымі і паўкруглымі зубчастымі вежамі. У сакральнай архітэктуры з’явіліся Т-падобны трансепт, дэкар. распрацаванасць і акцэнтаванасць парталаў-уваходаў і мінарэтаў, што фланкіравалі будынкі т.зв. калоннага тыпу (мячэці аль-Азхар, 970—972; аль-Хакім, 990—1013). Раннефатымідскія маўзалеі былі квадратныя ў плане, з аркай у цэнтры кожнага фасада і купалам на 8-гранным барабане (група маўзалеяў Саб’а Банат у Фустаце). Больш познія часам мелі круглую камеру, якая абкружалася з трох бакоў галерэяй, і 3 міхрабы; у канструкцыі тромпаў і ветразяў з’явіліся сталактыты (маўзалей Ум Кульсум у Каіры, 1122). Пры Айюбідах (12—13 ст.) і Мамлюках (13—15 ст.) на змену квадратным у плане мячэцям прыйшлі складаныя арх. комплексы. якія звязвалі ў адзіны ансамбль залу для малення, медрэсэ, маўзалеі і інш. (комплексы султанаў Калауна, 1284—85, і Каіт-бея, 1472, у Каіры). Маўзалейная ч. пабудовы заўсёды мела высокі купал на барабане і фланкіравалася шмат’яруснымі мінарэтамі ў выглядзе шматгранных ці круглых вежаў з абходнымі балконамі і верхняй пляцоўкай-«ліхтаром» пад купалападобным завяршэннем. Строгасць манум. форм спалучалася з багаццем дэкору (мячэць-медрэсэ султана Хасана ў Каіры, 1356—63). У перыяд Асманскай імперыі (16—18 ст.) мячэці ўзводзіліся на ўзор турэцкіх: цэнтрычныя буйнамаштабныя пабудовы з вял. паўсферычнымі купаламі і мінарэтамі з вострымі завяршэннямі (мячэць Сінан-пашы ў Каіры, 1571). Архітэктура Е. сярэдзіны 19—1-й пал. 20 ст. звязана з еўрап. стылямі (мадэрн, канструктывізм і інш.): будынкі Егіп.нац. музея ў Каіры (1902, франц.арх. М.Дурньён), Вікторыя-каледжа (1950-я г., амер.арх. Дж.Полтак) і інш. З 1950-х г. развіваецца арх. забудова новых адм. і жылых раёнаў гарадоў (тэлевізійная вежа і будынак Лігі араб. краін у Каіры). З’явілася нац. школа архітэктуры, якая распрацоўвае сучасныя праекты з улікам кліматычных асаблівасцей і мясц. традыцый горадабудаўніцтва (С.Карым, А.Сідкі, Н.Хебіб, М.Амар і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Самыя раннія з вядомых узораў мастацтва мусульм. Е. адносяцца да фатымідскай эпохі: фрагменты фрэскі з лазні ў Фустаце (10—11 ст.), прыклады разьбы па камені, дрэве і слановай косці з фігуратыўнымі выявамі (фрызы з Фатымідскага палаца ў Каіры, канец 10 — пач. 11 ст.), мініяцюры (малюнак тушшу з фігурамі двух воінаў, 11 ст.; ілюстрацыі да рукапісу «Макамат» аль-Харыры, 1337). У стылістыцы адчуваецца пераасэнсаванне копцкіх і эліністычных традыцый у новым ісламскім вобразе. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковага Е. асаблівае развіццё атрымалі тканіны з вышытым, тканым ці набіваным узорам; кераміка, размаляваная люстрам і каляровымі палівамі (9—12 ст.), посуд з горнага хрусталю (10—12 ст.), вырабы са шкла з размалёўкай каляровымі эмалямі (свяцільнікі для мячэцей, 13—15 ст.), бронзавыя фігуры («грыфон», 11—12 ст.). 13—15 ст. — росквіт разьбярства з геам. і расл. арнаментам (пераносныя міхрабы, падстаўкі для Карана і інш.). У вырабах 10—12 ст. у дэкоры часта выкарыстоўвалі выявы людзей і жывёл, пазней дамінавалі арабескі. Сучаснае выяўл. мастацтва Е. сфарміравалася ў канцы 19 ст. разам з нац.-вызв. рухам. Яго станаўленне звязана і з засваеннем еўрап.маст. культуры і са спробамі адраджэння стараж.нац. традыцый. Гэта тэндэнцыя характэрна для творчасці буйнейшага тагачаснага егіп. скульптара М.Мухтара. (манумент «Абуджэнне Егіпта» ў Каіры, 1919—28). Жывапіс зазнаў уплывы імпрэсіянізму, фавізму. італьян. і франц. акадэмізму. Заснавальнікі сучаснага егіп. жывапісу А.Сабры, М.Нагі, М.Саід працавалі ў рэаліст. манеры. У 2-й пал. 20 ст. разам са спробамі авангардысцкага пераасэнсавання еўрап. мастацтва ў творчасці Г.Сіры, С.Абдэль Расула, Т.Хусейна, А.Г. аль-Газара, С.Рэды развіваецца тэматыка нар. жыцця. Пашырылася роля станковай і кніжнай графікі (Х.Фаўзі, А. аль-Вафі і інш.). Развіваюцца традыц. віды прыкладнога мастацтва: разьба па дрэве, метале, косці, ткацтва, кераміка і інш.
Музыка Е. вядома з глыбокай старажытнасці (гл. ў арт.Егіпет Старажытны). Да нашага часу захавалася выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў традыц. музыка. Яе асн. жанры — працоўныя, лірычныя, вясельныя, радзінныя, пахавальныя песні, танц. песні з воплескамі і характэрныя для Верхняга Е. эпічныя песні-паданні. Мелодыка песень Ніжняга Е. заснавана на 7-ступенных гукарадах, на астатняй тэр. пераважае пентатоніка. Сярод муз. інструментаў: мізмар (тып лютні), аргуль (падвойны кларнет), флейты, барабаны дарабука або хока, табл баладзі (вял. барабан), рык (бубен), кусат (талеркі); з 7 ст. пашыраны араб. інструменты — уд, рэбаб, канун (стр. шчыпковыя), най (падоўжаная флейта). Сфарміравалася сістэма макамаў — макамат (пэўны прынцып музіцыравання і яго асобныя праявы). У эпоху сярэдневякоўя пашырыліся розныя віды свецкай араб. класічнай музыкі (захаваліся і цяпер): вак. жанры касыда, мувашшах, інстр. таксім і інш. У 18—19 ст. у муз. практыку ўвайшлі інстр. ансамблі тахт. Адным з найважнейшых муз. жанраў стаў дор (разгорнутая вак. кампазіцыя; выконвалася спеваком-мутрыбам, інстр. ансамблем і хар. групай). У 19 ст. ў музыку пачалі пранікаць элементы еўрап.муз. культуры, створаны муз. школы з еўрап. выкладчыкамі. У 1869 у Каіры адкрыўся першы на Афрыканскім кантыненце оперны т-р, дзе выступалі артысты з Еўропы (у 1871 тут пастаўлена опера Дж.Вердзі «Аіда», напісаная па заказу егіп. ўрада). Пачалі наладжвацца канцэрты, узніклі канцэртныя жанры. У 1910—20 склаўся жанр араб. аперэты (буйнейшы майстар С.Дэрвіш). У 1914 у Каіры заснаваны муз. клуб (з 1929 Ін-т арабскай музыкі), у 1927 — Муз.т-ва Е. У 1930-я г. паявіліся муз. кінафільмы, створаныя пры ўдзеле спевака, кампазітара, акцёра і рэжысёра М. Абд аль-Вахаба і спявачкі У.Кульсум. З 1930-х г. фарміруецца сістэма муз. адукацыі, у 1940—50-я г.прафес. кампазітарская школа (у 1955 засн. Саюз прафес. музыкантаў). Сярод кампазітараў А.Б.Хайрат, М.Р.Гарана, ГА.Рахім і інш.Нац.муз. кадры рыхтуюць Каірская кансерваторыя (з 1959) і яе філіял у Александрыі, Ін-тараб. музыкі, Каірскі ін-тмуз. выхавання і інш. Працуюць Каірскі оперны т-р, сімф. аркестр Каірскага радыё, аркестр араб. класічнай музыкі, Егіпецкая нац. трупа нар. мастацтва і інш.
Тэатр. Вытокі тэатра ў пахавальным рытуале з дыялогамі багоў, ролі якіх выконвалі жрацы, а таксама ў нар. святах у гонар багоў у суправаджэнні прадстаўленняў на міфалагічныя сюжэты. Падобныя прадстаўленні разыгрываліся ў эпоху Стараж. царства. У сярэднія вякі ў Е. існаваў ценявы т-р, вядомым дзеячам якога быў Ібн Даніял, пазней узнік лялечны т-р. У 19 ст. ў краіне гастраліравалі франц. і італьян. трупы. У 1869 Якуб Сану (псеўд. Абу Назара) стварыў першую нац. трупу і паставіў у Каіры сваю аперэту на араб. мове. У 1869 у Каіры пабудаваны т-р оперы. У 19 ст. з ліку інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі складаліся шматлікія аматарскія тэатр. калектывы. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. трупы пад кіраўніцтвам Сану, С.Накаша, С. аль-Кардахі, Ісхака Адзіба і інш. (кожны з іх быў адначасова драматургам, рэжысёрам, акцёрам і, як правіла, уладальнікам трупы). Вял. значэнне для развіцця т-ра мелі пераклады твораў Мальера, У.Шэкспіра, П.Карнеля і інш.Т-р актыўна развіваўся ў 1910—20-я г.; ствараліся муз. і драм. трупы, ставіліся гіст. драмы. Папулярнасць набыла п’еса «Незвычайны госць» Т. аль-Хакіма (1918). У 1919 ён стварыў трупу, якая паспяхова працавала шмат гадоў. У 1930-я г. арганізаваны Вышэйшы к-т па развіцці араб.тэатр. мастацтва, у 1935 — першая дзярж.Нац. трупа. У 1944 засн. Арабскі ін-тт-ра. У 1950-я г. станаўленне нац. драматургіі садзейнічала арганізацыі дзярж. і прыватных труп. У 1958 у Каіры адкрыты т-р лялек, у 1960-я г. ўзведзены тэатр. будынкі «Аль-Гумхурыя», «Аль-Эзбекія» і інш.Найб. вядомыя калектывы; Нац.т-р, Сусветны, «Масрах аль-Гейб», Таўфіка аль-Хакіма, камедыі. Сярод дзеячаў т-ра: А.Алям, Х.Рыяд, А.Фарыс, А.Гаміль і інш. У рэпертуары нац. і перакладная класічная драматургія. Другі тэатр. цэнтр Е. — г. Александрыя. Тэатры дзейнічаюць у гарадах Даманхур, Танта, Порт-Саід і інш. У Каіры функцыянуе Ін-ттэатр. мастацтва, створаны ў 1952 на аснове Араб. ін-та т-ра.
Кіно. З 1897 замежныя рэжысёры і аператары здымалі кароткаметражныя хранікальныя, з 1917 і ігравыя фільмы. У 1925 у Каіры пабудавана першая кінастудыя «Міср». З 1927 кінавытворчасць стала сістэматычнай. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — муз. фільмы. У 1940-я г. экранізаваліся літ. творы і нац. легенды, з’явіліся фільмы на тагачасныя і гіст. сюжэты (рэжысёры А.Бадрхан, С. Абу Сейф, Х.Сідкі і інш.). У 1950-я г. ставіліся фільмы, прысвечаныя сац. і культ. пераўтварэнням, зменам у свядомасці людзей: «Джаміля», «Зямля», «Вярні мне жыццё» (у пракаце «Зноў жывы»), «Людзі на Ніле» (разам з СССР), «Мумія» і інш. Выпускаліся таксама меладрамы, камедыі, муз. фільмы. Кінематаграфія Е. набыла міжнар. вядомасць. У 1959 у Каіры адкрыты кінаінстытут. У пач. 1960-х г. кінавытворчасць Е. нацыяналізавана. Нягледзячы на крызісную сітуацыю ў кінематографе 1970—80-х г., прагрэс. дзеячы кіно працягвалі ствараць высокамаст. стужкі: «Народная лазня» (1972), «Ваданос мёртвы» (1977), «Бандыты» (1980), «Трубадур» (1981) і інш. Сярод акцёраў — Ф.Шаукі, Э.Хамзі, Н. аш-Шарыф, М.Малігі, актрыс — Шадзія, Ф.Хамама, Магда, С.Хусні, Н.Ібрахім, рэжысёраў — С.Іса, А.Фахмі. Працуюць кінастудыі «Міср», «Аль-Ахрам», «Ан-Ніл», «Галаль», «Насібіян».
Літ.:
Беляев И.П., Примаков Е.М. Египет: время президента Насера. М., 1974;
Князев А.Г. Египет после Насера, 1970—1981. М., 1986;
Васильев А.М. Египет и египтяне. М., 1986;
Голдобин А.М. Национально-освободительная борьба народа Египта. 1918—1936 гг.М., 1989;
Герб і сцяг Егіпта.Да арт.Егіпет. Руіны г. Порт-Саід пасля налёту англійскай ваеннай авіяцыі. 1956.Да арт.Егіпет. М.Саід. Горад.Да арт.Егіпет. Танец «Сіва» ў выкананні ансамбля народнага танца «Рэда».Да арт.Егіпет. М.Мухтар. Дзяўчына з Шалаля.Да арт.Егіпет. А.Г. аль-Газар. Жанчына-дэрвіш.Да арт.Егіпет. Х.Фаўзі. Праца.Да арт.Егіпет. Г.Сіры. Ніл каля вострава Замалек.Да арт.Егіпет. Будынак Лігі арабскіх краін.Да арт.Егіпет. Каірская тэлевізійная вежа. 1950-я г.Да арт.Егіпет. М.Мухтар. Сялянка са збанам.Да арт.Егіпет. С.Рэда. Лялька.Да арт.Егіпет. Тэатр лялек у Каіры (сцэна са спектакля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЯ (на мове хіндзі Бхарат),
Рэспубліка Індыя (Republic of India), дзяржава ў Паўд. Азіі на п-ве Індастан і прылеглых тэрыторыях. Па плошчы 7-я, па колькасці насельніцтва 2-я краіна ў свеце. Мяжуе на ПнЗ з Пакістанам, на Пн з Кітаем, Непалам і Бутанам, на У з М’янмай і Бангладэш. На ПдЗ абмываецца Аравійскім м., на ПдУ — Бенгальскім залівам; на Пд Манарскі зал. і Полкскі прал. аддзяляюць І. ад Шры-Ланкі. Падзяляецца на 25 штатаў і 7 саюзных тэрыторый. Пл. 3287,6 км². Нас. 944,6 млн.чал. (1996). Сталіца — г.Дэлі (афіцыйна — яго ч. Нью-Дэлі). Афіц. мовы — хіндзі і англійская (часова), афіцыйна выкарыстоўваюць таксама 17 рэгіянальных моў асобных штатаў і мёртвую мову санскрыт. Нац. святы — Дзень незалежнасці (15 жн.) і Дзень рэспублікі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. І. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1950 (са шматлікімі дапаўненнямі). Уваходзіць у Садружнасць. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбіраюць члены парламента і заканад. сходаў штатаў тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Кангрэс: ніжняя палата — Нар. палата (не больш за 547 дэпутатаў, з якіх 545 выбіраюцца насельніцтвам, 2 назначаюцца прэзідэнтам ад англа-інд. абшчыны), верхняя палата — Савет штатаў (не больш за 150 дэпутатаў, 12 з іх назначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца шляхам ускосных выбараў). Агульны тэрмін паўнамоцтваў ніжняй палаты 5, верхняй — 6 гадоў. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Заканад. і выканаўчая ўлада ў штатах належыць заканад. сходам штатаў сумесна з губернатарамі, якіх назначае прэзідэнт, у саюзных тэрыторыях — лейтэнант-губернатарам, гал. камісарам і адміністратарам (таксама назначае прэзідэнт) і заканад. сходам і ўрадам. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца органам канстытуцыйнага нагляду, вышэйшыя суды штатаў і шэраг судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.
Прырода. Паводле характару паверхні І. падзяляецца на 3 часткі: пласкагор’е Дэкан на Пд, горы Гімалаі і Каракарум на Пн, Інда-Гангская раўніна паміж імі. Пласкагор’е Дэкан займае амаль увесь п-аў Індастан. Складзена з метамарфічных і вывергнутых парод, вапнякоў і пясчанікаў. На У абмежавана невысокімі гарамі Усх. Гатамі (да 1680 м), на З — Зах. Гатамі (да 2633 м). На Пд паўвострава горы Кардамонавы і Анаймалай (да 2695 м). Паміж Гатамі і морам вузкімі палоскамі (да 20—30 км) цягнуцца прыбярэжныя хвалістыя нізіны. Гімалаі і Каракарум — складаныя сістэмы гор і хрыбтоў мезазойскага і альпійскага ўзросту, парушаныя разломамі. Гімалаі ўздымаюцца на Пн трыма вял. ступенямі: горы Сівалік (800—1200 м), М. Гімалаі (2500—3000 м) і Вял. Гімалаі (5500—6000 м). Найвышэйшая ў межах І. вяршыня Гімалаяў — г. Канчэнджанга (8585 м), у Каракаруме — г. Чагары (8611 м). У гарах значныя ледавікі. Снегавая мяжа на выш. 5100—5300 м. Ледавікі спускаюцца да выш. 4000—3000 м. Інда-Гангская алювіяльная раўніна размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, слаба нахілена да нізоўяў рэк Інд (на З) і Ганг (на У). Запоўнена марскімі адкладамі і рачнымі наносамі. Карысныя выкапні ў асноўным на ПнУ краіны (жал., марганцавыя, уранавыя і торыевыя руды, храміты, слюда, вугаль, нафта). У цэнтр. І. — руды каляровых металаў і вугаль, на Пд — баксіты, манацытавыя пяскі, золата, буры вугаль, на З — нафта і прыродны гаручы газ. Запасы каменнага вугалю ацэньваюцца ў 121,4 млрд.т, жал. руды — у 22,4 млрд.т. Клімат субтрапічны (на Пн) і трапічны (на Пд), мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C (каля падножжа Гімалаяў) да 27 °C (на Пд), мая — на б.ч. краіны 28—30 °C, у цэнтры Дэкана да 35 °C. Макс. колькасць ападкаў на У краіны (каля 2000—3000 мм, у Чэрапунджы сярэдняя за шмат гадоў каля 12000 мм). На астатняй тэрыторыі выпадае ў сярэднім 1000—1500 мм ападкаў за год. Засушлівыя раёны на ПнЗ Інда-Гангскай раўніны і ў цэнтры Дэкана (100—300 мм). Сезоны адрозніваюць па атм. ападках: зімовы (снеж.—люты) сухі, халаднаваты; веснавы (сак.—май) найб. гарачы, засушлівы; летні (чэрв.—ліст.) вельмі вільготны (каля 90% ападкаў за год) і менш гарачы. У гарах клімат горны субтрапічны і высакагорны. Рачная сетка на б.ч. тэрыторыі густая. Найб. рэкі: Ганг, Брахмапутра, Інд, Нармада, Гадавары, Крышна. Выкарыстоўваюцца для арашэння, буд-ваГЭС і суднаходства. На б.ч. ўнутраных пласкагор’яў пераважаюць розныя тыпы чырваназёмных і чарназёмападобных (рэгуры) глеб. Рэгуры фарміруюцца на вулканічных пародах, вызначаюцца ўрадлівасцю. На Інда-Гангскай раўніне і на прыморскіх нізінах — урадлівыя алювіяльныя глебы. У Гімалаях — вышынная пояснасць горных глеб. Расліннасць багатая і разнастайная, амаль усюды змененая чалавекам, у некат. раёнах прыродная расліннасць знішчана. У засушлівых раёнах Дэкана і на З Інда-Гангскай раўніны — саванная расліннасць з рэдкімі лясамі і калючымі хмызнякамі. На наветраных схілах Зах. Гатаў, ва ўсх.ч. Гімалаяў — вечназялёныя трапічныя лясы (сал, чорнае і чырвонае дрэвы і інш.) з мноствам эпіфітаў і ліян. На падветраных схілах Зах. Гатаў, на ПнУ Індастана і на У Інда-Гангскай раўніны — мусонныя (лістападныя) лясы. У Гімалаях добра выражана вертыкальная пояснасць расліннага покрыва ад трапічных лясоў да альпійскіх лугоў. Лясы займаюць 24% тэр. краіны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, тыгры, гіены, леапарды, шакалы, дзікія сланы, дзікія быкі гаур і бантэнг, кракадзілы, чарапахі, змеі, яшчаркі. Шмат птушак і насякомых. Каля 100 ахоўных тэрыторый, у т. л.нац. паркі Казіранга, Гірскі Лес, Манас, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. І. — шматнацыянальная краіна, больш за 500 народнасцей і плямён. Пераважаюць нацыі і народнасці індаеўрапейскай (72%) і дравідыйскай (25%) моўных груп. Да індаеўрапейскай групы адносяцца (млн, чал., 1992): хіндустанцы — 244, біхарцы — 92,5, бенгальцы — 80, маратхі — 66,5, гуджаратцы — 46, орыя — 32,2, раджастанцы — 19,9, сікхі — 16,5, асамцы — 14,6, пенджабцы — 9; усе жывуць на Пн краіны. На Пд — народы дравідыйскай групы (млн.чал., 1992): тэлугу — 74,5, тамілы — 61, канара — 35, малаялі —35 і інш. Народы мунда (санталы, мунда, хо і інш.) жывуць у гарах Цэнтр. І. На мовах тыбета-бірманскай групы гавораць горныя плямёны і народнасці на Пн і ПнУ. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (83%) і мусульмане (11%). Ёсць хрысціяне (3%), сікхі (2%), будысты, джайны, парсы і інш. Сярэдняя шчыльн. 287 чал. на 1 км², на Інда-Гангскай раўніне і марскіх узбярэжжах — да 1000 чал., у гарах і засушлівых раёнах на З — менш за 50 чал. З 1977 ажыццяўляецца праграма планавання сям’і, аднак сярэднегадавы прырост складае 1,8% і насельніцтва павялічваецца штогод больш як на 15 млн.чал. У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1996): Бамбей — 15138, Калькута — 11923, Дэлі — 9948, Мадрас — 6002, Хайдарабад — 5477, Бангалор — 4799, яшчэ ў 11 гарадах больш за 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 65%, у прам-сці і абслуговых галінах — 35% насельніцтва.
Гісторыя. У І. сфарміравалася адна з найб.стараж. цывілізацый свету. Паводле археал. даследаванняў у 3-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд існавала развітая культура, створаная, верагодна, дравідыйскімі народамі. Каля 15 ст да н.э. ў І. прыйшлі плямёны арыйцаў, якія займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі знаёмы з рамёствамі. Яны паступова занялі тэрыторыі ў далінах рэк Інд і Ганг, часткова знішчылі, часткова ўвабралі ў сябе пэўныя элементы мясц. культур і навязалі мясц. народам уласную культуру і рэлігію (гл.Брахманізм). Правадыры мясц. плямён пачалі ствараць невял. самаст. дзяржавы (бхаратаў і інш.), што стала прычынай войнаў (напр., бітва 10 цароў у канцы 2-та тыс. да н.э., якая скончылася перамогай цара бхаратаў). З 6 ст. да н.э. сярод шматлікіх індаарыйскіх дзяржаў найб. значэнне набылі Магадха і Кашала. Імкненне арыйцаў адасобіцца ад мясц. насельніцтва прывяло да ўзнікнення варнаў (саслоўяў), унутры якіх вылучыліся замкнёныя групы — касты. Сац. няроўнасць, падзел на варны паспрыялі ўзнікненню каля 6 ст. да н.э. новых рэліг.-этычных кірункаў — будызму і джайнізму. У 327 да н.э. ў даліну Інда ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага, але ў 325 да н.э. вымушаны былі адступіць. Пры дынастыі Маур’яў Магадха валодала амаль усёй тэр. І. і ч. сучаснага Афганістана. Росквіт дзяржавы прыпадае на часы Ашокі, які ў 3 ст. да н.э. значна ўзмацніў пазіцыі будызму і ўстанавіў шырокія гандл. сувязі з інш. краінамі. Унутр. супярэчнасці і ўварванне ў І. бактрыйскіх грэкаў (гл.Грэка-Бактрыйскае царства) прывялі да распаду дзяржавы Маур’яў. З 1—2 ст.н.э. большасць паўн. І. пад уладай Кушанскай дзяржавы. Пасля яе распаду ў пач. 4 ст. ўлада ў паўн. І. перайшла да дынастыі Гуптаў (гл.Гуптаў дзяржава), якая падпарадкавала сабе і паўд. землі. Гэты час лічыцца залатым векам у гісторыі І., бо высокага ўзроўню дасягнулі навука, л-ра, мастацтва. У канцы 5 ст. дзяржава гуптаў распалася пад націскам гунаў. Кароткачасовае аб’яднанне паўн. І. адбылося ў 1-й пал. 7 ст. пры ўладару Харшы. З гэтага часу пануючай рэлігіяй стаў індуізм. У перыяд панавання ўладароў з раджпуцкіх родаў (гл.Раджпуты) пачаліся шматлікія набегі мусульман (з 712), якія ў канцы 10 ст. стварылі ў Газні дзяржаву пад уладай дынастыі Газневідаў Уладар дзяржавы Махмуд (11 ст.) ажыццявіў шэраг грабежніцкіх паходаў у І. і захапіў Пенджаб. Улада мусульман у І. ўмацавалася ў выніку заваяванняў у канцы 12 ст. Мухамеда Гуры (гл.Гурыды). На захопленых тэрыторыях у 1206 узнікла дзяржава са сталіцай у Дэлі (гл.Дэлійскі султанат). З яе ўтварэннем у І. ўзмацніўся і пашырыўся іслам. У 1398 султанат захапілі войскі Цімура, яго нашчадкі (дынастыя Саідаў) правілі да 1451, пазней уладарыла мусульм. дынастыя Лодзі. На Пд існавалі незалежныя інд. дзяржавы, найб, моцнымі з якіх былі Бахманідскі султанат і Віджаянагар.
Адкрыццё ў 1498 партуг. мараплаўцам Васка да Гамай марскога шляху ў І. прывяло да з’яўлення тут еўрапейцаў. На зах. узбярэжжы І. пачалі ўзнікаць факторыі, у 1510 партугальцы захапілі в-аў Гоа. У 1526 у паўн. І. ўварваўся ўладар Кабула З.М.Бабур, нашчадак Цімура і заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў. Пры яго пераемніках дзяржава Вял. Маголаў ператварылася ў адну з наймацнейшых і найвялікшых у гісторыі І. Вяршыні сваёй магутнасці яна дасягнула пры Акбары (1556—1605), які аб’яднаў амаль усю І. (акрамя паўд.ч.). Партугальцаў, што кантралявалі амаль увесь гандаль з І., з сярэдзіны 16 ст. пачалі выцясняць англічане (у 1600 засн.брыт.Ост-Індская кампанія, якая мела шырокія паліт. паўнамоцтвы) і французы (у 1664 засн.франц. Ост-Індская кампанія). На працягу 17 ст.англ. і франц. фарты і факторыі ператварыліся ў вял. гарады. Еўрап. каланізацыя, узмацненне сепаратызму ў асобных правінцыях, сутычкі паміж феадаламі прывялі да аслаблення краіны. Эканам. заняпад, галеча насельніцтва (пераважна сельскага), унутр. барацьба, справакаваная рэліг. нецярпімасцю правіцеля Аўрангзеба [1658—1707], выклікалі супраціўленне сялян, а таксама феадалаў і свяшчэннікаў (паўстанне ў Пенджабе, арганізаванае сектай сікхаў). Са смерцю Аўрангзеба настаў паліт. і эканам. заняпад І.
Унутр. разлажэнне дзяржавы Вял. Маголаў суправаджалася пашырэннем еўрап. каланізацыі. Абвастрэнне ў 1-й пал. 18 ст. саперніцтва паміж еўрап. дзяржавамі (асабліва Англіяй і Францыяй) прывяло да сямігадовай вайны 1756—63, якая закончылася перамогай англічан, Правадніком англ. палітыкі ў І. стала Ост-Індская кампанія. У 1757 захоплены Бенгалія і Біхар, у ходзе англа-майсурскіх войнаў (1767—99) да ўладанняў кампаніі далучана значная ч.паўд. І., княствы Майсур, Хайдарабад і інш. ператвораны ў англ. васалаў. Сітуацыю ў краіне пагоршыў голад 1769, у выніку якога вымерла каля 1/3 насельніцтва. У 1772 губернатарам Бенгаліі стаў У. Гастынгс (з 1773 ген.-губернатар). Ён рэарганізаваў падатковую сістэму, прызначыў кіраўнікамі буйных акруг англічан, увёў грамадз. і крымін. суды. Цэнтрам англ.калан. улад у І. стала Калькута. Парламенцкі акт 1784 падпарадкаваў І. непасрэдна брыт. ўраду. У выніку англа-маратхскіх войнаў (1775—1818) ліквідавана дзяржава пешв, ч. княстваў трапіла ў васальную залежнасць. Да сярэдзіны 19 ст. англічане шляхам анексій падпарадкавалі 2/3тэр. І. Яны правялі суд. рэформу (на некат. пасады былі прызначаны індусы), рэарганізавалі на еўрап. ўзор пошту, тэлеграф, правялі першую чыгунку, стварылі дэпартамент асветы, які павінен быў арганізоўваць школы для індусаў, англ. мову абвясцілі афіцыйнай. Адначасова англічане заахвочвалі сепаратысцкія тэндэнцыі ў інд. грамадстве, мясц. і племянны нацыяналізм, правакавалі спрэчкі паміж індуістамі і мусульманамі. Паступова І. ператварылася ў сыравінную базу і рынак збыту для англ. тавараў. Інтэнсіўная эксплуатацыя зямель, вял. падаткі і знішчэнне традыц. сувязей паміж рамяством і сельскай гаспадаркай разаралі інд. сялянства. Гэта стала адной з прычын Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Пасля задушэння паўстання англ. ўладанні ў І. падпарадкаваны непасрэдна брыт. кароне. 1.1.1877 у Дэлі каралева Вікторыя ўрачыста абвешчана імператрыцай І.; ад яе імя правіў віцэ-кароль.
Прыток англ. капіталу на рубяжы 19—20 ст. паскорыў прамысл. развіццё І., паспрыяў росту нац. буржуазіі. У 1885 створана партыя ліберальна-памешчыцкіх колаў і інтэлігенцыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Хутка ў ёй аформілася радыкальная плынь на чале з Б.Тылакам, якая пасля падзелу Бенгаліі паводле рэліг. прыкмет (1905) узначаліла нац-вызв. рух. Брыт. ўлады вымушаны былі правесці шэраг рэформ і адмяніць закон аб падзеле Бенгаліі (1911). З мэтай расколу вызв. руху яны ініцыіравалі стварэнне Мусульманскай лігі (1906). У 1-ю сусв. вайну Вялікабрытанія актыўна эксплуатавала матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы І. Збядненне насельніцтва, голад і эпідэміі выклікалі ў 1918—22 уздым вызв. руху, які ўзначаліла інд. буржуазія. ІНК узяў на ўзбраенне ідэі і метады М.К.Гандзі (масавыя ненасільныя дзеянні, непадпарадкаванне англ. уладам). Прыняцце законаў, скіраваных супраць удзельнікаў вызв. руху і на замацаванне калан. становішча І., выклікалі масавы пратэст і прывялі да кровапраліцця (расстрэл мітынгу ў Амрытсары ў крас. 1919). Па закліку Гандзі ІНК пачаў у 1920 кампанію грамадз. непадпарадкавання, якая была падмацавана забастоўкамі рабочых і паўстаннямі сялян. Уплыў ІНК узрос, ён ператварыўся ў масавую партыю, а гандзізм стаў яго афіц. ідэалогіяй. У 1927 у ІНК склалася левае крыло на чале з Дж.Нэру і С.Ч.Босам, пад націскам якога Кангрэс высунуў у 1929 лозунг поўнай незалежнасці для І. Радыкальныя настроі ў вызв. руху знайшлі ўвасабленне ў стварэнні Камуніст. партыі І. (КПІ, з 1925), шэрагу рабоча-сял. партый (1926—27), успышцы тэрарызму ў канцы 1920-х г.
Сусв. эканам. крызіс 1929—33 рэзка абвастрыў супярэчнасці паміж інд. грамадствам і брыт. каланіялізмам. ІНК правёў некалькі кампаній грамадз. непадпарадкавання, у княствах Кашмір і Алвар адбыліся сял. паўстанні. Брыт. ўлады рэпрэсіямі і ўступкамі спрабавалі стабілізаваць сітуацыю (гл.«Круглага стала» канферэнцыі). У 1935 прыняты новы закон (канстытуцыя) аб кіраванні І., які пашырыў прадстаўніцтва маёмных слаёў у выбарных органах, але захаваў калан. ўладу. У 2-й пал. 1930-х г. краіну ахапілі забастоўкі рабочых і сял. выступленні супраць феад. дэспатыі князеў.
У вер. 1939 І. была ўцягнута ў 2-ю сусв. вайну. Інд. буржуазія выкарыстала антываен. рух для націску на ўлады Вялікабрытаніі і запатрабавала надання І. незалежнасці. Мусульм. ліга выступіла за стварэнне асобнай мусульм. дзяржавы Пакістан У сак. 1942 брыт. ўрад прапанаваў падзяліць пасля вайны І. на 2 дамініёны, але без стварэння нац. ўрада. У адказ ІНК пачаў новую кампанію грамадз. непадпарадкавання, але калан. ўлады арыштавалі яго лідэраў (жн. 1942). У краіне ўспыхнуў антыбрыт. рух пад лозунгам «Прэч з Індыі!». Вясной 1944 лідэры ІНК вызвалены, у 1945 падпісана пагадненне з Мусульм. лігай аб прынцыпах фарміравання часовага нац. ўрада. Брыт. ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. У жн 1946 сфарміраваны часовы ўрад на чале з Нэру, а 15.8.1947 І. падзелена на 2 дамініёны — Інд. саюз і Пакістан (гл.Маўнтбетэна план). Падзел І. на рэліг. аснове выклікаў узбр. сутыкненні мусульман і індусаў (у час аднаго з іх забіты Гандзі), стварыў праблему бежанцаў, прывёў да тэр. спрэчак. У 1947—49 адбыўся ваен. канфлікт з Пакістанам з-за Кашміра.
26.1.1950 паводле новай канстытуцыі І. стала рэспублікай, абвешчаны дэмакр. свабоды, адменены розныя віды дыскрымінацыі і прымусовай працы. На першых усеагульных выбарах у пач. 1950-х г. перамог ІНК. У эканоміцы быў узяты курс на стварэнне магутнага дзярж. сектара, заахвочванне нац. і абмежаванне замежнага прыватнага капіталу, планаванне. З дапамогай замежных дзяржаў пабудаваны буйныя металург. прадпрыемствы, створаны новыя галіны прам-сці, закладзены асновы энергетыкі. У сельскай гаспадарцы ішло паступовае абмежаванне памешчыцкага землеўладання, пачалі стварацца кааператывы. У 1950-я г. штаты рэарганізаваны на нац. або лінгвістычнай аснове, а княствы ліквідаваны; асновай знешняй палітыкі абвешчаны пазітыўны нейтралітэт на базе пяці прынцыпаў мірнага суіснавання. І. стала адным з арганізатараў і лідэраў Руху недалучэння, актыўна падтрымлівала антыкалан. барацьбу інш. народаў. У 1950—60-я г. яна дамаглася вяртання шэрагу сваіх тэрыторый ад Францыі і Партугаліі.
На рубяжы 1950—60-х г. актывізаваліся правыя бурж. і рэліг.-абшчынныя партыі, адбыліся сутыкненні мусульман і індусаў у Пенджабе, Асаме, Мадх’я-Прадэш. Абвастрэнне інда-кіт. канфлікту прывяло да ўвядзення ў кастр. 1962 надзвычайнага становішча, рэпрэсій супраць КПІ (раскалолася ў 1964). Пасля смерці Нэру (1964) у краіне абвастрылася паліт. барацьба. Унутры ІНК аформіліся 2 групоўкі, якія павялі барацьбу за ўладу ў партыі і краіне. Перамаглі левацэнтрысты на чале з І.Гандзі, што ў 1966 узначаліла ўрад. Пачалася рэалізацыя «праграмы 10 пунктаў» (умацаванне дзярж. сектара, сац.-эка нам. меры ў інтарэсах шырокіх слаёў насельніцтва), прыняты шэраг важных законаў (аб дзярж. кантролі, ліквідацыі прывілеяў б. князёў і інш.). Вайна з Пакістанам (1971) і сусв.эканам. крызіс 1973—75 прывялі да зніжэння тэмпаў росту прамысл. і с.-г. вытв-сці, абвастрэння сац. супярэчнасцей. Масавыя стачкі і забастоўкі 1972—74 суправаджаліся ўзмацненнем рэліг.-абшчынных і сепаратысцкіх выступленняў у штатах Андхра-Прадэш, Гуджарат, Біхар, тэрарызмам. У ліп. 1975 уведзена надзвычайнае становішча, арыштаваны лідэры апазіцыі. Адначасова ўрад абвясціў праграму шырокіх сац.-эканам. мерапрыемстваў. Абмежаванне грамадз. свабод, празмернае ўзмацненне выканаўчай улады, рэпрэсіі супраць левых партый і інш. выклікалі чарговы раскол ІНК і паражэнне яго на выбарах 1977 ад блока Джаната парты.
Але супярэчлівая эканам. палітыка, рост сац. напружанасці, раскол блока прывялі да адстаўкі ўрада і ўпэўненай перамогі ІНК на датэрміновых выбарах. Гал. задачамі новага ўрада Гандзі былі: пашырэнне эканам. і сац. інфраструктуры, ліквідацыя галечы і забеспячэнне занятасці, у паліт. жыцці — умацаванне ўплыву ІНК, барацьба супраць сепаратызму і экстрэмізму. Сепаратысцкія выступленні ў Асаме і Пенджабе падаўлены з дапамогай арміі (у т. л. штурм «Залатога храма» ў Амрытсары). У адказ сікхскія сепаратысты 31.10.1984 забілі І.Гандзі. Яе сын Р.Гандзі ўзначаліў урад і ІНК. Яго ўрад прыняў жорсткія захады супраць тэрарызму, узяў курс на мадэрнізацыю дзяржсектара эканомікі, прыцягненне замежнага капіталу і найноўшых тэхналогій, распрацаваў маштабныя сац. праграмы. Аднак пагаршэнне эканам. паказчыкаў у 1987—88, паліт. крызіс у кіраўніцтве ІНК прывялі да зніжэння яго папулярнасці. У 1988 пяць апазіц. партый стварылі Нац. фронт, які склаў моцную канкурэнцыю ІНК на выбарах 1989. Кааліцыйны ўрад, сфарміраваны на чале з лідэрам Нац. фронту В.П.Сінгхам, у ліст. 1990 пайшоў у адстаўку. У сак. 1991 у адстаўку падаў наступны кааліцыйны ўрад Ч.Шэкхара. У час перадвыбарнай кампаніі, прызначанай на май 1991, тэрарысты забілі Р.Гандзі. Новым старшынёй ІНК выбраны Н.П.В.Раа, які перамог на выбарах і ўзначаліў ўрад. Прэзідэнтам у 1992 абраны Шанкар Даял Шарма. Павольнае і супярэчлівае ажыццяўленне новай эканам. палітыкі, незадаволенасць часткі мясц. буржуазіі засіллем замежнага капіталу, крывавыя сутычкі на рэліг. глебе, рэзкае абвастрэнне адносін І. з суседнімі мусульм. краінамі прывялі да адстаўкі ўрада і прыходу да ўлады ў 1996 урада левацэнтрысцкай кааліцыі пад кіраўніцтвам І.К.Гуджрала. ІНК напачатку падтрымаў гэты ўрад, што дазволіла яму заставацца на чале ўлады да канца 1997. Спыненне падтрымкі ІНК прывяло да адстаўкі ўрада Гуджрала і правядзення у лют. 1998 парламенцкіх выбараў. І. чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інд.нац. кангрэс — самая ўплывовая паліт. партыя ў краіне, Бхаратыя джаната парты, Джаната дал, Камуніст. партыя І., Камуніст. партыя І. (марксісцкая). Асн.прафс. аб’яднанні: Інд.нац. кангрэс прафсаюзаў, Усеінд. кангрэс прафсаюзаў, Саюз інд. рабочых, Цэнтр інд. прафсаюзаў, Кангрэс аб’яднаных прафсаюзаў, Саюз рабочых І.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна, мае значныя поспехі ў сац.-эканам. развіцці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) дасягнуў 1,41 трыльёна дол. (1996), на аднаго чалавека прыпадае каля 1500 долараў. Эканам. адсталасць у асобных сферах эканомікі суседнічае з найноўшымі дасягненнямі сусв. навукі і тэхнікі. Дзярж. сектар адыгрывае важную ролю ў развіцці эканомікі, забяспечвае вытв-сць 39% прадукцыі. У сельскай гаспадарцы (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) ствараецца 30,3%, а ў прам-сці (разам з буд-вам) — 28,2% ВУП. Сельская гаспадарка выкарыстоўвае 55% тэрыторыі — каля 181 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 145 млн.га. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. 35 млн.га засяваюцца двойчы за год. Узровень механізацыі і хімізацыі нізкі, у якасці цяглавай сілы шырока выкарыстоўваюць жывёлу. Ураджаі на значных плошчах залежаць ад колькасці і тэрмінаў выпадзення ападкаў. Арашаецца каля палавіны земляробчых плошчаў. Сельская гаспадарка мае раслінаводчы кірунак. «Зялёная рэвалюцыя» 1960—70-х г. (зямельная рэформа, механізацыя, шырокае выкарыстанне мінер. угнаенняў і пестыцыдаў) была накіравана на ліквідацыю пагрозы голаду. Амаль паўсюдна вылучаюцца 2 с.-г. сезоны: харыф (летні) і рабі (зімовы). Культуры харыф маюць патрэбу ў працяглым гарачым надвор’і і вял. колькасці вільгаці. Вялікія адрозненні ў прыродных умовах выклікаюць тэр. дыферэнцыяцыю с.-г. вытв-сці. Усюды пераважаюць харч. збожжавыя культуры, збор 182 млн.т (1993/94). Рысу збіраюць 79 млн.т (гал. культура У і Пд краіны). Пшаніцу (57,7 млн.т) вырошчваюць на раўнінах штатаў Пенджаб і Хар’яна, у бас.р. Ганг, арашальных раёнах штата Раджастхан. Збор кукурузы 9,4 млн.т. Прасяныя вырошчваюць як непаліўныя культуры. Сярод іх: джавар (блізкі да сорга) — 11,7 млн.т, баджра — 5 млн.т, рагі — 2,9 млн.т. Важнае месца ў пераважна вегетарыянскім харчаванні насельніцтва займаюць бабовыя: грэм — 5,1 млн.т, тур — 2,7 млн.т і інш. Павялічваецца вытв-сцьтэхн. культур (збор млн.т, 1993/94): цукр. трыснягу — 250, бавоўны — 2,1, арахісу — 5,3, сланечніку — 1,4, тытуню — 0,58, чаю — 0,7. Цукр. трыснёг вырошчваюць пераважна ва ўсх.ч. басейна р. Ганг і на Пд краіны, бавоўнік — на ПнЗ, джут — у вільготных раёнах на У, арахіс — на плато Дэкан і ў штаце Гуджарат, сланечнік, рапс і гарчыцу — на Пн, кунжут і тытунь — усюды, чай — у перадгор’ях Гімалаяў у штаце Асам. Менш значныя зборы кавы і натуральнага каўчуку. І. — традыцыйны і буйнейшы пастаўшчык на сусв. рынак спецый і вострых прыпраў (чорны і чырвоны перац, кардамон, імбір, гваздзіка і інш.). Разнастайнае гасп. значэнне мае какосавая пальма, пасадкі (каля 1 млн.га) размешчаны па ўзбярэжжах на Пд (найб. у штаце Керала). Вырошчваюць фрукты і агародніну; найб. апельсіны, бананы, манга, папайю, гуаву. Жывёлагадоўля развіта параўнальна слаба. Па рэліг. матывах многія індыйцы не забіваюць жывёлу і не ядуць мяса. Таварная жывёлагадоўля не мае шырокага развіцця. Сял. гаспадаркі трымаюць валоў, у вільготных і гарачых раёнах — буйвалаў. Ад буйваліц і кароў атрымліваюць малако і маладняк. Пагалоўе жывёлы слаба забяспечана кармамі, пад лугамі і пашай каля 10% тэрыторыі, пад фуражнымі культурамі каля 5% пасяўных плошчаў. Карова дае каля 400—500 л малака за год. Пагалоўе (1996, млн. гал): буйн. раг. жывёлы —196 (1-е месца ў свеце), буйвалаў — 80,1, коз — 120, авечак — 45,4, свіней — 11,9, птушкі — каля 150. Шаўкаводства. Рыбалоўства ў рэках і морах. Улоў рыбы 4,3 млн.т (1993).
І. дасягнула значных поспехаў у развіцці прамысловасці, асабліва такіх галін, як чорная металургія, машынабудаванне, тэкст., нафтаперапр., фармацэўтычная, вытв-сць угнаенняў і інш. У выніку супрацоўніцтва з вядучымі індустр. краінамі пабудаваны шматлікія прадпрыемствы, узніклі новыя цэнтры апрацоўчай прам-сці. У глыбінных раёнах развіваецца горназдабыўная прам-сць. Развіццё прам-сці грунтуецца на багатых запасах жал. і марганцавых руд, баксітаў, каменнага вугалю, урану, меднай руды і інш.Найб. здабываецца (1993/94, млн.т): вугалю — 245 (штаты Біхар, Зах. Бенгалія), жал. руды — 56,4 (штаты Біхар, Арыса), марганцавай руды — 1,8 (цэнтр.ч. краіны), баксітаў — 5 (пераважна штаты Арыса і Мадх’я-Прадэш), меднай руды — 5,2 (штаты Біхар, Раджастхан). Вытв-сць электраэнергіі 398,3 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважаюць ЦЭС на вугалі і ГЭС; ёсць АЭС. Здабыча нафты 32 млн.т (1994) у штатах Асам і Гуджарат. Перапрацоўка нафты больш за 100 млн.т за год, найб. з-ды ў Бамбеі, Мадрасе, Вішакхапатнаме, каля Дэлі і Калькуты. У 1994 выплаўлена 18,2 млн.т сталі. Сучасныя металургічныя камбінаты ў Дургапуры, Рауркеле, Бакары, Дург-Бхілаінагары. Алюмінію выплаўляюць 466 тыс.т (1993), буйнейшыя з-ды ў Корбе, Ратнагіры. Развіваецца каляровая металургія. Буйныя станкабуд. прадпрыемствы ў Бангалоры, Ранчы, Мадрасе, Бамбеі. Развіта цяжкае (у гарадах Ранчы, Дургапур, Вішакхапатнам) і агульнае (штаты Махараштра, Гуджарат, Тамілнад) машынабудаванне. Судна- і аўтамабілебудаванне (у Бамбеі, Мадрасе, Калькуце, Джамшэдпуры). Вытв-сць (1993/94, млн.шт.): аўтобусаў і джыпаў — 0,24, матацыклаў — 1,76, веласіпедаў — 7,7. Развіта с.-г. машынабудаванне. Цэнтры самалётабудавання Бангалор і Канпур. Вытв-сць абсталявання для тэкст., цукр., цэм., хім. прам-сці (Бхопал, Хайдарабад), эл.-тэхн. прам-сць (Бамбей, Мадрас, Дэлі, Калькута, Раніпур). Вытв-сць радыёпрыёмнікаў 264 тыс.шт. (1993/94). Развіта ваен.прам-сць. Сінт. смолы і пластмасы, сінт. валокны (679 тыс.т, 1994) выпускаюць прадпрыемствы ў Бамбеі і Дургапуры. Угнаенні (9,9 млн.т, 1992/93) вырабляюць у Сіндры, Нангале, Бамбеі. І. займае 3-е месца ў свеце па вытв-сці тканін (штогод каля 13—14 млрд.м) і з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў тэкстылю. Буйнейшыя цэнтры па вытв-сці баваўняных тканін у Бамбеі, Ахмадабадзе, Мадрасе, джутавая вытв-сць у раёне Калькуты, прадпрыемствы шарсцяной прам-сці ў Канпуры, Амрытсары, Срынагары, Ахмадабадзе і інш., гарбарна-абутковай у Канпуры, Агры, Мадрасе. Шмат разнастайных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Выпуск цукру 15,8 млн.т (1994/95), асн. заводы ў штатах Утар-Прадэш і Махараштра, вытв-сць алею з арахісу і баваўнянага семя на пласкагор’і Дэкан і ў штаце Гуджарат. Развіваюцца тытунёвая, папяровая і шкляная прам-сць. Усюды развіта разнастайная саматужная вытв-сцьмаст. вырабаў і сувеніраў з каляровых металаў, дрэва, слановай косці. Вял. значэнне мае здабыча і апрацоўка каштоўных камянёў. Рамёствы і паўсаматужная вясковая прам-сць даюць парчу, ювелірныя вырабы, кераміку, мэблю, высакаякасны шоўк (муслін). У баваўнаводчых раёнах пашыраны саматужнае прадзенне і ткацтва. Найб. развітыя эканам. раёны: Паўночна-Усходні (цэнтр Калькута) і Заходні(цэнтр Бамбей). Асн. від транспарту чыгуначны. Даўж. чыгунак 62462 км, у т. л. 11793 км электрыфікавана (1996). Гал. чыгункі Амрытсар—Дэлі—Калькута, Дэлі—Бамбей, Дэлі—Мадрас, Калькута—Бамбей. Аўтамаб. дарог 2037 тыс.км, у т. л. 981,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём (1996). Даўж.ўнутр. водных шляхоў 16 180 км. Развіваецца авіяц. транспарт. У краіне 288 аэрапортаў і аэрадромаў. З міжнар. аэрапортаў найб. значэнне маюць аэрапорты Дэлі, Калькуты, Бамбея. Марскі транспарт абслугоўвае пераважна міжнар. сувязі. Гал. парты: Бамбей, Калькута, Мадрас, Вішакхапатнам, Кочын. Танаж гандл. флоту 6,8 млн. брута рэгістравых т (1996). Даўж. трубаправодаў 7,4 тыс.км, у т. л. нафтаправодаў 3 тыс.км, прадуктаправодаў 2,7 тыс.км, газаправодаў 1,7 тыс.км (1996). І. наведвае штогод каля 2 млн. турыстаў.
Экспарт краіны 29,96 млрд.дол., імпарт 33,5 млрд.дол. (1995). Асн. экспартныя тавары: прадукцыя машынабудавання і металаапрацоўкі, тканіны, каштоўныя камяні і ювелірныя вырабы, адзенне, скуры і вырабы з яе, жал. руда, чай, камп’ютэрныя праграмы. Імпартныя тавары: нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, угнаенні і сыравіна для іх вытв-сці, каляровыя металы, хім. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія. Беларусь у 1996 экспартавала ў І. тавараў на 6,6 млн.дол., імпартавала на 14,6 млн.дол. (у 1995 адпаведна 4 і 11,8 млн.дол.). І. атрымлівае дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Адной з крыніц паступлення валюты з’яўляюцца пераводы ад грамадзян, якія працуюць за мяжой (штогод 0,8—1 млрд.дол.). Знешні доўг 97,9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — інд. рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, непасрэднае кіраўніцтва войскамі ажыццяўляюць міністр абароны (цывільная асоба) і к-т начальнікаў штабоў. У 1997 налічвалі 1,2 млн.чал., рэзерв — каля 0,7 млн.чал. У сухап. войсках 1,1 млн.чал., 11 армейскіх карпусоў, 36 агульнавайск. дывізій, 16 асобных брыгад і інш. злучэнні, часці, каля 3,2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. баявых машын пяхоты, 3,9 тыс.артыл. гармат, 2,5 тыс. мінамётаў, 1,7 тыс. зенітных сродкаў і інш. У ВПС 40 авіяц. крылаў, у складзе якіх 45 эскадрылляў баявой авіяцыі (каля 800 самалётаў), 43 эскадрыллі дапаможнай авіяцыі (каля 600 самалётаў і верталётаў), 5 крылаў зенітных кіроўных ракет. У ВМС 3 ваен.-марскія камандаванні, авіяцыя флоту і падраздзяленні берагавой артылерыі, каля 80 баявых караблёў, у т. л. 2 авіяносцы, 18 дызельных падводных лодак, 16 ракетных і 20 супрацьлодачных караблёў, каля 40 баявых катэраў. Ваен.-марскія базы Бамбей, Кочын і інш. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Пераўзбраенне і рэфармаванне ўзбр. сіл вядзецца ў рамках праграмы «Армія —2000».
Ахова здароўя. Пытанні аховы здароўя належаць да кампетэнцыі дзяржавы. Існуе развітая сетка мед. цэнтраў, асн. задача якіх — прадухіленне распаўсюджвання эпідэмій праказы, малярыі, туберкулёзу. У сферы дзейнасці дзяржавы ўваходзіць і кантроль за ўзроўнем нараджальнасці. Распрацаваны 2 праграмы планавання натуральнага прыросту (1952, 1986) з мэтай зменшыць яго да 1,2%. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,5, жанчын 60,8 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1357 чал., урачамі — 1 на 2173 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 69 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. уніфікавана, аднак у некат. штатах ёсць адрозненні. Уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў (дашк. выхаванне развіта слаба і ў асноўным прыватнае), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. У большасці штатаў дзейнічае школьная сістэма: 5-гадовая пач. школа (для дзяцей з 6 да 11 гадоў, у некат. штатах з 5 гадоў), 3-гадовая няпоўная сярэдняя (6—8-ы кл.; завяршае абавязковае навучанне), 2-гадовая вышэйшая сярэдняя школа (9—10-ы кл.). Навучанне ў дзярж.пач. школах вядзецца на родных мовах вучняў (бясплатнае), у прыватных — пераважна на англ. мове і платнае. У ліку асн. прадметаў — хіндзі (дзярж. мова). У дзярж. няпоўных сярэдніх школах (за выключэннем некалькіх штатаў) навучанне таксама бясплатнае і на роднай мове, хіндзі і англ. мовы выкладаюцца як прадметы. У поўнай сярэдняй школе навучанне платнае. Прадметы ў ёй падзяляюцца на абавязковыя (агульнаадук.) і на выбар (спецыяльныя), аб’яднаныя ў цыклы (гуманіт., прыродазнаўчых навук, тэхн., сельскай гаспадаркі, камерцыйны, мастацтва, хатняй гаспадаркі); выкладаюцца і прыкладныя дысцыпліны: ткацтва, гарбарная і ганчарная справа, рукадзелле і інш. Выпускнікі поўнай сярэдняй школы маюць права паступаць у галіновыя ВНУ. Для паступлення ва ун-т неабходна прайсці падрыхтоўчы курс або скончыць вышэйшую сярэднюю школу. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя малодшыя тэхн. і 2-гадовыя індустр. вучылішчы і школы (на базе няпоўнай сярэдняй школы), сярэднія тэхн.навуч. ўстановы, курсы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці і сельскай гаспадаркі. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты (у склад некат. уваходзяць каледжы) і ін-ты. Навучанне 5—6 гадоў, платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. 169 ун-таў і 32 ін-ты. Буйнейшыя ВНУ: Калькуцкі, Бамбейскі, Мадраскі (усе з 1857), Дэлійскі (з 1922) ун-ты; Кхарагпурскі, Бамбейскі, Мадраскі, Канпурскі тэхн. ін-ты. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1902) у Калькуце, Публічная (з 1951) у Дэлі, Цэнтр. публічная (з 1896) у Мадрасе, Б-ка ўсходняй л-ры (з 1924) у Патне. Буйнейшыя музеі: Нац. музей І. (з 1949), Нац. галерэя сучаснага мастацтва ( 1954), Мемар. музей і б-ка Дж.Нэру, Мемар. музей М.Гандзі — усе ў Дэлі; Інд. музей (з 1814) у Калькуце, Дзярж. музей (з 1851) і Нац.маст. галерэя (з 1951) у Мадрасе. Навук. даследаванні праводзяцца ў ВНУ і спец.навук. цэнтрах, прамысл. даследчых лабараторыях; у галіне прыродазнаўчых навук у асноўным сканцэнтраваны ва ун-тах, а таксама ў асобных навук. цэнтрах. Буйнейшыя з іх — Ін-т фундаментальных даследаванняў у Бамбеі, Атамны даследчы цэнтр і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць больш за 35 тыс.перыяд. выданняў на 93 мовах, пераважна на англійскай. Большасць выданняў прыватныя або належаць буйнейшым выдавецкім кампаніям «Таймс оф Індыя», «Індыян экспрэс», «Хіндустан таймс», «Ананда базара патрыка». Сярод штодзённых газет найб. тыраж маюць «Indian Express» («Індыйскі экспрэс», з 1932, на англ. мове), «Наў бхарат таймс» («Час новай Індыі, з 1947, на мове хіндзі), «The Hindu» («Індус», з 1878, на англ. мове). Інфармацыйныя агенцтвы друку: Прэс Траст оф Індыя (з 1947), Юнайтэд Ньюс оф Індыя (з 1960), Хіндустан Самачар (з 1948), Індыя Прэс Эйджэнсі (з 1957). Радыё дзейнічае з 1927, з 1930 кантралюецца дзяржавай; адно з буйнейшых у свеце: 102 вяшчальныя цэнтры, 42 рэгіянальныя радыёстанцыі штодзённа трансліруюць 273 інфарм. бюлетэні на 24 мовах і 36 дыялектах. Тэлебачанне з 1957 (эксперым. праграмы ў Дэлі), агульнанац. з 1965, з 1981 — каляровае. Кантралюецца і фінансуецца ўрадам, мае 280 гадз вяшчання штотыднёва. Дзейнічаюць 18 тэлевізійных і 9 рэлейных станцый.
Літаратура. Найб. старажытным помнікам інд. л-ры з’яўляюцца Веды (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.) — рэліг. гімны на санскрыце. Каля 6—5 ст. да н.э. ў вуснай творчасці на нар. мовах (пракрытах) пачало складвацца ядро вял. эпічных паэм «Махабхарата» і «Рамаяна», якія ў першых стагоддзях, н.э. прынялі канчатковы выгляд на санскрыце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. на мовах палі і пракрытах створана будыйская л-ра, у т. л. джатакі, дзе рэліг. дыдактыка спалучаецца з фалькл. сюжэтамі. У 4—3 ст. да н. э. запісана кніга нар. казак на санскрыце «Панчатантра». Яна была вельмі пашырана на Усходзе і ў сярэдневяковай Еўропе. На рубяжы новай эры намеціўся пераход да індывід. творчасці, складваліся самаст.літ. віды і формы: пракрыцкая лірыка Халы (4 ст.), санскрыцкія драмы Ашвагхашы (2 ст.), Бхасы (4 ст.), тамільская ліра-эпічная паэзія, а пазней творчасць Калідасы (5 ст.) і Дандзіна (6—7 ст.) на санскрыце. Вяршыня стараж.-тамільскай л-ры — кніга афарызмаў «Тырукурал» Тырувалувара (4—5 ст.). Каля 7 ст. побач з санскрыцкай і тамільскай узніклі л-ры на мовах канада, тэлугу, асамскай, бенгальскай, гуджарацкай, арыйскай, пенджабскай, хіндзі, урду і інш. Стварэнне дзяржаў з пануючымі мусульм. вярхамі і пашырэнне ісламу выклікалі ўзнікненне інд. персамоўнай л-ры (Амір Хасроў Дэхлеві, 13 ст.; М.А.Бедыль, 17 ст. і інш.; гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Іран). Нар. антыфеад. рух пад рэліг. лозунгам бхакці (літар. адданасць) спрыяў развіццю л-ры 15—17 ст., накіраванай супраць класавага і каставага прыгнёту. У паэзіі бхакці побач з дэмакр. (Кабір, пенджабскі паэт Нанак, 16 ст.; маратхскі паэт Тукарам, 17 ст.; паэты хіндзі Сурдас і Дадудаял, 16 ст.) адзначаецца і кансерватыўная (паэт хіндзі Тулсідас, 17 ст.) тэндэнцыя. Адзін з вял. помнікаў паэзіі бхакці — «Адыгрантх» («Пачынальная кніга», пач. 17 ст.) — анталогія рэфарматарскай паэзіі народаў Паўн. І. Яна ўключае творы буйнейшых паэтаў-бхактаў, у т. л. заснавальніка рэліг.-рэфарматарскага руху сікхізм (пазней стаў рэлігіяй) Нанака. Заваяванне І. Вялікабрытаніяй у 18 ст. прывяло да заняпаду інд. л-ры і ўзмацнення эпігонства. У 19 ст. ў шэрагу л-р паяўляюцца асветніцкія тэндэнцыі. Каля вытокаў асветніцкага руху «Маладая Бенгалія» стаялі першы англамоўны паэт Г.Л.В.Дэрозіо і пачынальнік бенгальскай прозы А.Рай. Інд.нар. паўстанне 1857—59, рост нац. самасвядомасці інд. народаў і аб’яднанне іх у барацьбе супраць брыт. каланіялізму паскорылі развіццё інд. л-ры. Сац. тэматыка заняла гал. месца ў творах бенгальца М.Дота (камедыя «І гэта называецца цывілізацыя?»), Д.Мітра (сатыр. камедыі, драма «Люстэрка індыга») і Б.Чатападхая (гіст. і сац.-быт. раманы), драматурга і публіцыста хіндзі Бхаратэнду Харышчандра, раманіста урду Р.Саршара («Аповесць пра Азада»), маратхскага пісьменніка В.Чыплункара, драматурга Г.Б.Дэвала, паэта К.К.Д.Кешаўсута, заснавальніка гуджарацкай прозы Нармадшанкара і інш. У 1920-я г.цэнтр. тэмай інд. л-ры стала барацьба за нац. незалежнасць (творчасць М.Гупты, М.Чатурведзі, Ш.Чатападхая, Б.Бандападхая, Гурбахша Сінгха і інш.). У 1936 па ініцыятыве Прэмчанда, М.Р.Ананда і С.Саджада Захіра створана Асацыяцыя прагрэс. пісьменнікаў І. Вял. ўплыў на л-ру зрабіў гандзізм. Вышэйшая ступень развіцця крытычнага рэалізму — творчасць Р.Тагора і Прэмчанда. Вядомасць набылі лірыка паэта урду Э.Х.А.Вафы, раманы бенгальскага пісьменніка Г.Халдара, проза і публіцыстыка пісьменніка хіндзі Яшпала. Абнаўляліся паэт. формы, інтэнсіўна развівалася проза. З’явіліся фрэйдысцкі раман І.Джошы «Ладжа», містычная паэзія паэтэсы Махадэві Вармы (абодва хіндзі). Заваяванне І. дзярж. незалежнасці вывела наперад сац. тэматыку, садзейнічала ўмацаванню адзінства шматнац. л-р краіны. Узмацнілася цяга да адлюстравання людзей працы, барацьбітоў за сац. справядлівасць (празаік канада Ніранджана, малаялец Такажы Шывашанкара Пілай і інш.). Экзістэнцыялісцкая філасофія адлюстравалася ў творчасці пісьменніка хіндзі Аг’еі і раманіста тэлугу Б.Крышнарао. Вылучаецца творчасць паэтаў хіндзі Д.Бхараці, маратхскіх паэтаў Б.С.Мардхекара і Ш.М.Муктыбодха. Побач з л-рамі на нац. мовах развіваецца інд.л-ра на англ. мове (паэты Дэрозіо, К.Гхош, Т.Дат, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гхош, С.Найду, Чатападхай, празаікі Ананд, Р.К.Нараян, Чатападхай і інш.). На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб.інд.нар. казак «Чароўная чаша» (1957), зб. апавяданняў інд. пісьменнікаў «Дрэва вады» (1959), «Выбранае» К.Чандра (1957), раманы «Садоўнік» (1927) і «Крушэнне» (1958), «Выбранае» (1976) Тагора друкаваліся таксама паасобныя творы Тагора, Прэмчанда, Чатападхая, Ананда і інш.
Архітэктура. Найб.стараж. ўзоры архітэктуры І. — абарончыя, гасп. і жылыя пабудовы г. Махенджа-Дара і Харапа (3—2-е тыс. да н. э.). У 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца ўстойлівыя формы і тыпы нар. дойлідства, правілы забудовы і геам. планіроўкі вёсак і гарадоў. У дзяржаве Маур’яў (4—2 ст. да н.э.) ствараліся багатыя жылыя дамы і палацы, будыйскія культавыя збудаванні: мемар. стаўпы («стамбха» ў Сарнатху), манум. паўсферычныя пабудовы (ступа ў Санчы), пячорныя храмы (чайцья) у Кондане, Аджанце і Карлі, манастыры. Пазней узніклі новыя арх. вырашэнні (вежападобны храм Махабодхі ў в. Будх-Гая, храм у Санчы, 5 ст.). З 6—7 ст. храмы стараж. тыпаў (скальны храм у Элоры, 8 ст.) саступаюць месца на Пн вежападобным круглаватым будынкам (у Бхубанешвары, Кхаджураха, 10—12 ст.), на Пд — храмам у выглядзе ўсечаных пірамід (у Махабаліпураме, 7 ст.), з канцэнтрычнымі агароджамі і надбрамнымі вежамі (у Танджавуры, пач. 11 ст.). Раскошай вызначаюцца джайнскія храмы 11—12 ст. (храм Вімала на гары Абу) з белага мармуру, інкруставаныя ўнутры каштоўнымі камянямі. З 13 ст. ў Дэлійскім султанаце архітэктура набыла геам. дакладнасць, пашырыліся стральчатыя аркі, плоскасная паліхромная арнаментацыя, будаваліся мячэці, купальныя пахавальні, мінарэты (Кутб-Мінар у Дэлі, каля 1200). Яна дасягнула росквіту ў дзяржаве Вял. Маголаў у 16—17 ст.: умацаванні і мармуровыя палацы Агры і Дэлі, мячэці, маўзалей Тадж-Махал. На Пд па-ранейшаму будавалі аздобленыя скульптурай храмы (у Мадураі, 17 ст.), у Раджастхане ствараліся палацы-крэпасці, «вежы перамогі». Будавалі гарады з мураванымі дамамі. Англ. каланізатары пачалі ўкараняць эклектычныя формы архітэктуры. Гарады (Бамбей, Калькута, Дэлі) забудоўваліся дамамі еўрап. тыпу, узнікалі рэзкія кантрасты раёнаў стараж. архітэктуры, багатых еўрапеізаваных кварталаў і трушчобнага жылля беднаты. Хутка раслі партовыя гарады (Калькута, Мадрас, Бамбей), дзе ўжо з 17 ст. англічане ўзводзілі фарты, докі і хрысц. цэрквы. У 18 — сярэдзіне 19 ст.адм., дзелавыя будынкі і прыватныя рэзідэнцыі будавалі ў формах англ. класіцызму і неаготыкі. Прыклад горадабудаўніцтва калан. перыяду — Нью-Дэлі (забудоўваўся ў 1912—30-я г.). На мяжы 19—20 ст. з развіццём нац.-вызв. руху і абуджэннем цікавасці да нац. культуры пашырылася стылізацыя пад традыц. формы інд. дойлідства (ун-т у Хайдарабадзе, 1918). Пасля заваявання незалежнасці ў І. разгарнулася грандыёзнае па маштабах буд-ва, звязанае з індустрыялізацыяй краіны. У 1950—60 пры дапамозе замежных спецыялістаў узводзілі гідраэнергет. комплексы (Бхакра-Нангал і інш.), металургічныя камбінаты (у Бхілаі) і інш. Вакол буйных прадпрыемстваў будавалі пасёлкі і гарады (Чандыгарх, 1951—56, група замежных і інд. архітэктараў пад кіраўніцтвам Ш.Э.Ле Карбюзье). Жылыя і грамадскія будынкі ў буйных гарадах узводзяць у формах сучасных зах.-еўрап. стыляў (пераважна функцыяналізму): банк у Калькуце (1969, арх. А.Гупта), а таксама ў спалучэнні традыц. і сучасных тэхн. прыёмаў і аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (Ін-т індалогіі ў Ахмадабадзе, 1960—63, арх. Б.Дошы).
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі маст. культуры захаваліся з 3—2-га тыс. да н.э. (скульптура і кераміка з Махенджа-Дара і Харапы). Росквіту мастацтва І. дасягнула з утварэннем дзяржавы Маур’яў (4—2 ст. да н.э), спалучыўшы ўплыў культур краін Міжземнамор’я і Персіі: капітэль калоны Ашокі з г. Сарнатх («Ільвіная капітэль», каля 243 да н.э.) — нац. эмблема сучаснай І., статуя багіні ўрадлівасці («якшыні») з Дыдарганджа (верагодна, 2 ст. да н.э.) і інш. Ідэяй невычэрпнасці і разнастайнасці свету прасякнуты шматфігурныя рэльефы на сюжэты паданняў пра Буду на агароджы і брамах-«торана» ступа ў Бхархуце (2 ст. да н.э.) і браме ступа № 1 у Санчы (1 ст. да н.э.). У маст. культуры дзяржавы Гуптаў (4—5 ст.) з’явіліся строгія ідэалізаваныя вобразы (статуі Буды з Сарнатха і з Гандхары), наскальныя рэльефы (Удаягіры), пышная скульптура і размалёўкі пячорных храмаў Аджанты. У сярэдневякоўі атрымаў развіццё мініяцюрны жывапіс. Гуджарацкія мініяцюры (пераважна ілюстрацыі да рэліг. кніг) вызначаюцца плоскасным адлюстраваннем чалавечых фігур, лакальнымі фарбамі. У 16 ст. склалася школа магольскай мініяцюры (ілюстрацыі да гіст. трактатаў, партрэтны і анімалістычны жанры). З сярэдзіны 16 ст. развівалася раджпуцкая школа, пазней — школа Пахары, для якіх характэрны гучны каларыт, вытанчаны лінейны рытм, лірычная пранікнёнасць У перыяд англ. каланізацыі стараж. традыцыі выяўл. мастацтва заняпалі. У 1850-я г.брыт. адміністрацыя стварыла некалькі маст. школ у розных гарадах І. з навучаннем на еўрап. ўзор, што адыграла важную ролю ў фарміраванні новага прафес. мастацтва. Буйнейшы прафес. жывапісец Р.Варма ў духу зах.-еўрап. акадэмізму пісаў карціны на тэмы жыцця народа. На мяжы 19—20 ст. група мастакоў на чале з А.Тагорам і мастацтвазнаўцам Э.Б.Хавелам стварыла аб’яднанне «Бенгальскае Адраджэнне» з эстэт. праграмай незалежнасці ад еўрап. акадэмізму і звароту да нац. каранёў. Асн. тэматыка мастакоў гэтай плыні (Н.Бос, С.Гупт, С.Укіл) — сцэны вясковага жыцця і эпізоды з міфаў. Нягледзячы на майстэрства і лірычную тонкасць твораў, з прычыны аддаленасці ад рэалій жыцця яны не пазбеглі стылізатарства і рамантызацыі і хутка вычарпалі свае магчымасці. Аднак «Бенгальскае Адраджэнне» адыграла значную культ.-гіст. ролю, абудзіла цікавасць да нац. спадчыны. У 20 ст. асяродкам новага кірунку ў мастацтве стаў ун-т Вішвабхараты, засн. Р.Тагорам. У 1930—40-я г. мастакі А.Шэр-Гіл (спалучэнне традыцый жывапісу Аджанты і постімпрэсіянізму) і Дж.Рой (традыцыі бенгальскага лубка) заснавалі новую рэаліст. школу мастацтва (жывапісец А.Бос, скульпт. В.П.Кармаркар). У мастацтве незалежнай І. склалася шмат плыней: традыцыі «Бенгальскага Адраджэння» працягваў Б.Укіл, рэаліст. мастацтва — скульпт. і жывапісец С.Кхастгір, графік Х.Дас, традыцыі інд. і еўрап. мастацтва 20 ст. спалучалі жывапісцы і графікі К.К.Хебар, Ш.Чаўда, С.Мукерджы, скульпт. Ч.Кар, П.Д.Гупта і інш. На мяжы 1950—60-х г. узмацніліся мадэрнісцкія кірункі (М.Ф.Хусейн, Чаўда, С.Гуджрал). У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца старадаўнія віды саматужнай вытв-сці: ткацтва, разьба па дрэве, косці, камені і мармуры (Агра), апрацоўка металу (Джайпур, Бідар), прыгатаванне лакаў і размалёўка імі (штат Махараштра), ганчарства (Джайпур, Бамбей), пляценне, вышыўка (Кашмір).
Музыка. Раннія этапы фарміравання музыкі І. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. склалася традыцыя т. зв. ведыйскіх песнапенняў — своеасаблівае напеўнае рэчытаванне свяшчэнных тэкстаў Ведаў (найб. значныя Рыгведа — веда гімнаў і Самаведа — веда мелодый). На мяжы н.э. ў муз. культуры І. сфарміраваўся шэраг «высокіх» муз., муз.-танц. (бхарат нацья), муз.-тэатр. (санскрыцкая драма) жанраў; пачалося развіццё муз. навукі: трактаты «Гіталанкара» (каля 1 ст.н.э.), «Нацьяшастра» Бхараты (2—4 ст.н.э.), «Брыхадэшы» Матангі (5—7 ст.), «Сангітаратнакара» Шарнгадэвы (13 ст.), «Сварамелакаланідхі» Рамамацьі (16 ст.). Асновы фундаментальных канцэпцый інд. класічнай музыкі — рага (ладамеладычнае разгортванне) і тала (метрарытмічная арганізацыя). Характэрная рыса класічнай маст. культуры І. — сангіт, сінтэз муз., вак. і харэаграфічнага мастацтва, на аснове якога сфарміраваліся формы інд.муз.т-ра — джатра, якшагана, тамаша і інш. Узорамі муз.т-ра з’яўляюцца і класічныя стылі інд. танца — бхарат нацья, катхакалі, катхак, маніпуры. У 13—14 ст. сістэма інд. музыкі падзялілася на 2 вял. рэгіянальныя традыцыі: паўн. (хіндустані, зазнала розныя ўплывы) і паўд. (карнатак, захавала нац. стыль). У 15—16 ст. у межах хіндустані сфарміравалася прыдворная вак. форма дхрупад (Міян Тансен і Свамі Харыдас), у 18 ст. дасягнуў росквіту рамантычна-віртуозны кхаял — вак., потым і інстр. жанр, які актывізаваў развіццё гар.муз. культуры і фарміраванне лакальных выканальніцкіх школ — гхаранаў. У карнацкай вак. музыцы дзейнічала традыцыя крыці, прадстаўленая буйнейшымі інд. музыкантамі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Ш.Шастры, Цьягараджы і М.Дыкшытара. Муз. спадчына Р.Тагора стала самаст.маст. кірункам — т. зв. Рабіндрасангіт (песні Рабіндраната). Важным стымулам кампазітарскай творчасці стала кінамузыка з відавочнымі тэндэнцыямі да аб’яднання прынцыпаў стылістыкі нац. і зах.-еўрап. школ (А.Бісвас, Х.Кумар, С.Чаўдхуры, Р.Барман, С.Бхаскар і інш.). Сярод выканаўцаў 20 ст. дырыжор З.Мета, інструменталісты Р.Шанкар (сітар), Б.Хан (шэхнаі), Х.Чаўрасья (флейта), Ш Шарма (сантур), З.Хусейн (табла), спевакі браты Д. і К.Гандхарва, Г.Алі Хан, Б.Чатурведзі, спявачкі П.Султана, Субулакшмі, Ш.Гурці. Працуюць: Муз. акадэмія ў Мадрасе (з 1928), Цэнтр мастацтва Кералы (з 1930), Муз.ін-т Гандхарва Махавідзьялая (з 1939), Акадэмія музыкі, танца і драмы ў Дэлі, Нац. цэнтр выканальніцкіх мастацтваў у Бамбеі, муз. школы, каледжы, муз. ф-ты пры ун-тах; выдаюцца муз. часопісы.
Тэатр. Інд.т-р узнік у старажытнасці з 2 відовішчных форм: культавай містэрыі ведыйскай эпохі, звязанай з прадстаўленнямі ў гонар бога-грамавержца Індры, і імправізаванага смехавага прадстаўлення, якое таксама ўзнікла на глебе культавых свят. Пазней гэтыя формы зліліся. Найб. раннія ўпамінанні пра «ната» (дапаможнікі па акцёрскім мастацтве) змешчаны ў граматыцы Паніні (4 ст. да н.э.). Узнікненню класічнага інд.т-ра (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) папярэднічаў нар. традыцыйны т-р, які меў шмат форм, вядомых і ў сучаснай І.: на Пн — муз.-танц. драма ліла (ліла—ігра), заснаваная на сюжэтах стараж.-інд. легенд, міфаў і эпічных твораў «Махабхарата» і «Рамаяна»; на Пд — танц. драма катхакалі (катха — апавяданне, калі — муз. інтэрпрэтацыя), якая ў 18 ст. ператварылася ў высокаразвітую тэатр. форму са сваёй драматургіяй, якшагана аб’яднала танец, дыялог, дэкламацыю і спевы; у Зах. Бенгаліі і Арысе — джатра і інш. Да інд.нар. камедыі належаць прадстаўленні быт. сцэнак кашмірскімі скамарохамі — бхандамі. Для інд.тэатр. традыцыі характэрны кансерватызм і сінтэтычнасць. Сістэма выяўл. сродкаў уключае паэт. слова, вак. і інстр. музыку, танец, пантаміму, драм. мастацтва. Формы нар.т-ра паўплывалі на класічны інд.т-р, які фарміраваўся на працягу 5—1 ст. да н.э. Першы санскрыцкі трактат аб т-ры — «Нацьяшастра» Бхараты («Навука пра тэатр»; 2—4 ст.н.э.) змяшчае звесткі пра паходжанне т-ра, драмы, музыкі, танца, пра арганізацыю сцэнічнай прасторы, маст.-выяўл. сродкі і інш. Распрацавана канцэпцыя раса (вучэнне аб эмоцыі), паводле якой кожнай расе адпавядаў пэўны сюжэт і персанажы. Дэтальна распрацавана мова жэстаў мудра, якая мае больш за 500 сімвалаў і праз чаргаванне, камбінацыі і паставы рук выражае розныя прадметы, дзеянні, эмоцыі, абстрактныя паняцці. У інд. класічнай драме 2 асн. жанры: натака — высокая драма на міфалагічны сюжэт і пракарна, звязаная з нар. смехавым прадстаўленнем. На санскрыце гавораць «высокія» мужчынскія персанажы, на пракрыце — жаночыя і «нізкія» мужчынскія персанажы. Росквіту інд. класічная драма дасягнула ў перыяд імперыі Гуптаў (4—5 ст.; драматургі Бхаса, Шудрака і Калідаса). Акцёраў запрашалі на прыдворныя святы, у палацах будавалі тэатр. залы, ствараліся і ўласныя трупы, часта жаночыя, гарэмныя.
У сярэдневяковай драме працягваліся стараж. традыцыі, аднак жанравыя каноны трансфармаваліся. Папулярным стаў жанр націка — «лёгкая» натака, пабудаваная на захапляльнай інтрызе. У сярэдзіне 19 ст. ўзмацнілася ўздзеянне на інд.т-реўрап. культуры. Адзін са значных тэатр. дзеячаў І. новага часу Р.Тагор, імкнучыся аб’яднаць усх. і зах.тэатр. традыцыі, адкрыў эксперым.тэатр. школу (1891; пазней — ун-т Вішвабхараты). У 1872 бенгальскі драматург Г.Гхош заснаваў Нац. т-р. З 2-й пал. 19 ст. пачала актыўна развівацца драматургія на новаінд. мовах: бенгальскай (Тагор, Д.Мітра, Р.Таркаротна і інш.), хіндзі (Б.Харышчандра, Дж.Прасад, Р.Варма і інш.). Тэатр. жыццё І. актывавалася ў 1940-я г., калі ўзніклі прафес. і аматарскія калектывы. Важнае значэнне мела адкрыццё Акадэміі музыкі, танца і драмы (1953), пры якой з 1959 пачала працаваць першая дзярж.тэатр. школа. Тэатр. жыццё 1970-х г. вызначалася імкненнем да сінтэзу традыц.нац.т-ра з формамі і метадамі зах.-еўрап. т-раў. Папулярны т-р лялек. У сучаснай І. працуюць буйныя прафес. т-ры ў Дэлі, Калькуце, Бамбеі, Мадрасе, Катацы, Бенарэсу і інш., якія звяртаюцца да твораў інд. класічнай і сучаснай драматургіі, сусв. класікі. Спектаклі ставяцца на мовах народаў І. (бенгалі, хіндзі, орыя, гуджараці, канада і інш.).
Кіно. Пачаткам кінавытворчасці ў І. была творчасць мастака-літографа Д.Г.Пхалке [фільм «Раджа Харышчандра» (1913) паводле стараж. міфа пра высакароднага цара], які ўвасобіў на экране прынцыпы традыц.інд.тэатр. драмы (джатры). Ён зняў каля 100 фільмаў на сюжэты міфаў (у т. л. з эпасу «Махабхарата» і «Рамаяна»), якія ўзнімалі нац. годнасць ва ўмовах жорсткай брытанскай цэнзуры. Паслядоўнікі Пхалке — рэж. Б.Пейнтэр і Дж.Ф.Мадан праклалі 2 шляхі інд. кіно: першы імкнуўся да гіст. дакладнасці, другі — да відовішчнасці ў камерцыйных мэтах. Буйнейшымі цэнтрамі кінавытворчасці былі і застаюцца гарады Бамбей, Калькута, Мадрас. Найб. значныя фільмы 1920-х г.: «Светач Азіі» Х.Раі і Ф.Остэна, «Толькі зараз з Англіі» Д.Н.Гангападхая; 1930-х г.: «Прыгажосць свету» А.Ірані (першы гукавы фільм, а таксама фільмы на гіст.-міфалагічныя і сац. тэмы рэж. Д.Бошу, Н.Бошу, П.Ч.Баруа, В.Шантарама, Мехбуба, С.Мадзі. У 1930-я г. склаліся сістэма «зорак» і традыцыя ўключаць у сюжэтнае дзеянне муз.-танц. нумары. Абвяшчэнне ў 1950 Рэспублікі І. дало моцны імпульс для развіцця інд. кіно. Былі экранізаваны творы і сцэнарыі пісьменнікаў М.Р.Ананда, К.Чандра, Прэмчанда, Яшпала і інш. Кіно рэалістычнага кірунку прадстаўлялі рэж. Х.А.Абас [ «Дзеці зямлі», 1946, «Спадарожнік» (у сав. пракаце «Ганга») і «Муна», 1952, «Тысяча начэй на ложку з камення» і «Чужаземец» (у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), 1956], Б.Рой [«Два бігхі зямлі», 1953, «Суджата» (у сав. пракаце «Недатыкальная»), 1959, «Нявестка Бірадж» (у сав. пракаце «Бірадж Баху»), 1960, і інш.]. Сусветна вядомыя кінематаграфісты І. 1950—80-х г.: прадстаўнік т.зв. калькуцкай школы, рэж., сцэнарыст, кампазітар С.Рэй («Песня дарогі», «Музычны пакой», «Праціўнік», «Шахматысты», «Алмазнае каралеўства» і інш.); рэж. М.Сен («Дзень вяселля», «Пасляслоўе», «Чужое дзіця», «Гутарка», «Калькута-71», «Радавы», «Хор» (у сав. пракаце «30 000!»)]; рэж. Ш.Бенегал [«Канец ночы», «Абуджэнне», «Роля» (у сав. пракаце «Цяжкая роля»), «Вар’яцтва», «Стагоддзе Калі, або Машынная эра», «Сардары Бегам» і інш.]; акцёр, рэж., прадзюсер Р.Капур (з дынастыі Капураў), які ў 1947 засн. уласную студыю ў Бамбеі, рабіў стаўку на масавыя жанры, у якіх праводзіў гуманіст. ідэі («Бадзяга», «Пан—420», «Чысцільшчык абутку», «Сангам», «Маё імя — клоун», «Бобі», «Любоўная немач» і інш.). Рэжысёры 1980—90-х г.: А.Гапалакрышнан, К.Мехта, А.К.Каўль, М.Ратхам, С.Камал, Г.Ніхлані, К.Ладжмі. Сусв. вядомасць атрымала рэж.-жанчына М.Наір («Салям, Бамбей!», «Місісіпі Масала», «Сям’я Перэз», «Камасутра»). Кіназоркі 1980—90-х г.: Х.Маліні, Ш.Азмі, З.Аман, Рэкха, Шрыдэві, М.Дыксіт, Дж.Чаўла, С.Патыл, Нілам, Р.Агніхотры, А.Бачан, М.Чакраборці, Гавінда, А.Капур. Д.Шорф, Ч.Пандэй. У І. на дзярж. і прыватных кінастудыях здымаецца рэкордная колькасць маст. фільмаў у свеце (у 1990—970 фільмаў) на 15—16 мовах (пераважна на хіндзі). Дзярж.арг-цыя «Філмс дывіжэн» стварае дакумент., анімацыйныя, вучэбныя фільмы.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979;
Альбедиль М.Ф. Протоиндийская цивилизация: Очерки культуры. М., 1994;
Шарма Р.Ш. Древнеиндийское общество: Пер. с англ.М., 1987;
Медведев Е.М. Очерки истории Индии до XIII в.: [Сб. ст.]. М., 1990;
Ашрафян К.З. Средневековый город Индии XIII — середины XVIII в.: (Пробл. эконом. и социальн. истории). М., 1983;
Ванина Е.Ю. Идеи и общество в Индии XVI—XVIII вв. М., 1993;
Политическое развитие и общественная мысль Индии в новое и новейшее время: [Сб. ст]. М., 1976;
Празаускас А.А. Этнос, политика и государство в современной Индии. М., 1990;
Краткая история литератур Индии. Л., 1974;
Калинникова Е.Я. Англоязычная литература Индии. М., 1974;
Проблемы индийского романа. М., 1974;
Художественные направления в индийской литературе XX в.: [Сб. ст.], 1977;
Челышев Е.П. Современная индийская литература. М., 1981;
Шептунова И.И. Живопись Бенгальского возрождения. М., 1978;
Потабенко С.И. Изобразительное искусство Индии в новое и новейшее время (конец XVIII — сер. XX в.). М., 1981;
Дева Б.Чайтанья. Индийская музыка: Пер. с англ.М., 1980;
Менон Рагхава Р. Звуки индийской музыки: Путь к раге: Пер. с англ.М., 1982;
Музыкальная эстетика стран Востока. М., 1967. С. 35—139;
Виноградов В.С. Индийская рага. М., 1976;
Котовская М.П. Синтез искусств: Зрелищные искусства Индии. М., 1982;
Кино Индии. М., 1988.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя Індыі ў 20 ст.), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка), А.М.Міхеева (тэатр), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Індыі.Да арт.Індыя. Узбярэжжа Аравійскага мора ў штаце Гоа.Да арт.Індыя. Вёска ў перадгор’ях Гімалаяў.Да арт.Індыя. Рысавыя палі на Інда-Гангскай раўніне.Да арт.Індыя. Металургічны камбінат у г. Дург-Бхілаінагар.Да арт.Індыя. Ландшафт на пласкагор’і Дэкан.Да арт.Індыя. Памятны знак на месцы крэмацыі М.Гандзі.Да арт.Індыя. Алеевыціскальшчыкі. Гравюра 18 ст.Да арт.Індыя. Фрагмент фасада храма Кандар’я Махадэо ў в. Кхаджураха. Каля 1000.Да арт.Індыя. У цэнтры Бамбея.Да арт.Індыя. Джайнскі храм Вімала на гары Абу ў Раджастхане. 11 ст.Да арт.Індыя. А.Тагор. Развітанне з сынам. 20 ст.Да арт.Індыя. «Ільвіная капітэль» калоны Ашокі з г. Сарнатх. Каля 243 да н.э.Да арт.Індыя. Буда. Размалёўка ў комплексе Аджанта. 6 ст.Да арг.Індыя. Птушкі. Магольская мініяцюра. 17 ст.Да арт.Індыя. Ілюстрацыя да «Бабурнамэ». 16 ст.Да арт.Індыя. Галава Буды з Гандхары. 5 ст.Да арт.Індыя. Радха і Крышна. Школа Пахары. 18 ст.Да арт.Індыя. Індыйскія танцы ў класічных стылях (злева направа): маніпуры, бхарат нацья, катхак.Да арг.Індыя. Выканаўцы на сітары і табла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́Я, Расійская Федэрацыя,
дзяржава ва Усх. Еўропе і Паўн. Азіі. На ПнЗ мяжуе з Нарвегіяй і Фінляндыяй, на З з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Беларуссю, на ПдЗ з Украінай, на Пд з Грузіяй, Азербайджанам, Казахстанам, на ПдУ з Кітаем, Манголіяй і КНДР. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. (Баранцава, Белае, Карскае, Лапцевых, Усх.-Сібірскае і Чукоцкае моры), на У — Ціхага ак. (Берынгава, Ахоцкае і Японскае моры), на З і ПдЗ — Атлантычнага ак. (Балтыйскае, Чорнае і Азоўскае моры). Працягласць сухапутных граніц 20,3 тыс.км, марскіх — каля 38 тыс.км. Пл. 17 075,4 тыс.км² (найбуйнейшая краіна свету). Нас. 145 561 тыс.чал. (2000; 6-е месца ў свеце). Дзярж. мова — руская. Сталіца — г.Масква. Падзяляецца на 89 суб’ектаў федэрацыі, у т. л. 21 рэспубліку, 10 аўт. акруг, 1 аўт. вобласць, 6 краёў, 49 абласцей, гарады федэральнага значэння Масква і С.-Пецярбург (гл.табл., а таксама асобны арт. пра кожны суб’ект). Усе 89 суб’ектаў згрупаваны ў 7 федэральных акруг (Далёкаўсходнюю, Паўднёвую, Прыволжскую, Паўн.-Заходнюю, Сібірскую, Уральскую, Цэнтральную). Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.). На тэр. Р. 11 гадзінных паясоў.
Дзяржаўны лад. Р. — дэмакр. федэратыўная прававая дзяржава з рэсп. формай праўлення. Дзейнічае Канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад. Старшыню ўрада назначае прэзідэнт са згоды Дзярж. думы. Прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны Федэральны Сход (Савет Федэрацыі і Дзярж. дума). У Савет Федэрацыі ўваходзяць па 2 прадстаўнікі ад кожнага суб’екта федэрацыі: па аднаму ад прадстаўнічага і выканаўчага органаў дзярж. улады. Дзярж. дума складаецца з 450 дэпутатаў, палавіна якіх выбіраецца па аднамандатных акругах, другая палавіна — па парт. спісах на аснове прапарцыянальнай сістэмы прадстаўніцтва. Рэспублікі, якія ўваходзяць у склад Рас. Федэрацыі, маюць уласныя канстытуцыі і органы заканад. і выканаўчай улады.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ЗУсх.-Еўрапейская раўніна, у межах якой чаргуюцца невысокія (да 250—500 м) узвышшы (Валдайскае, Сярэднярускае, Прыволжскае, Ціманскі краж) і нізіны (Окска-Данская, Прыкаспійская, ч. якой на 28 м ніжэй узр. м.). На Пн і ПнЗ раўніны знаходзяцца горы Хібіны і ўзвышшы Карэліі, на Пд Каўказскія горы (найвышэйшы пункт Р. г. Эльбрус, 5642 м), на У Уральскія горы (выш. да 1895 м, г. Нарадная). На У ад Урала Зах.-Сібірская раўніна. Паміж рэкамі Енісей і Лена — Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн акаймоўвае плато Путарана (выш. да 1701 м). На п-ве Таймыр горы Быранга і Паўн.-Сібірская нізіна. На Пд і У ад Сярэднесібірскага пласкагор’я пераважаюць горныя вобласці паўд. і паўн.-ўсх. Сібіры і Д. Усходу: Алтай (выш. да 4506 м, г. Бялуха), Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саян, хрыбты Перадбайкалля і Забайкалля, горы Тывы, хрыбты Станавы, Верхаянскі, Чэрскага, Бурэінскі і Джугджур, Каракскае нагор’е, горы Сіхатэ-Алінь, Камчаткі (выш. да 4750 м, вулкан Ключаўская Сопка). Большую ч. Р. займаюць Усх.-Еўрап. і Сібірская платформы, Зах.-Сібірская пліта. У іх будове вылучаюць ніжнюю ч., прадстаўленую ў асн.крышт. і метамарфічнымі дакембрыйскімі пародамі, і верхнюю, складзеную з палеазойскіх і мезазойскіх асадкавых парод. У межах Балтыйскага і Алданскага шчытоў і Анабарскага падняцця пароды дакембрыю выходзяць на паверхню. Шырока распаўсюджаны горныя складкавыя сістэмы — каледонскай (Саяны, Кузнецкі Алатау, горы Тывы), герцынскай (Урал, Алтай), кімерыйскай (Сіхатэ-Алінь, горы ПнУ Сібіры), альпійскай (Каўказ, горы Камчаткі, Сахаліна, ПнУ Сібіры) складкавасцей. Значная ч.тэр. Р. сейсмічная. Землетрасенні сілай да 8 балаў бываюць на Камчатцы, Сахаліне, Курыльскіх а-вах, у Перадбайкаллі і Забайкаллі, на Пд Алтая, у перадгор’ях Каўказа. На Камчатцы актыўная вулканічная дзейнасць. Р. поўнасцю забяспечана амаль усімі відамі мінер. сыравіны. На яе тэр. сканцэнтравана больш за палавіну сусв. запасаў вугалю і торфу, 1/3 нафты і прыроднага газу, 2/5жал. руд і калійных солей, 1/4 фасфарытаў і апатытаў. 90% паліўна-энергет. рэсурсаў Р. знаходзяцца ў яе паўн. і ўсх. частках. 2/3 запасаў нафты і газу прыпадае на Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Радовішчы нафты і газу ёсць таксама ў Паволжы, на Урале (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), Паўн. Каўказе, Сахаліне. Асн. запасы каменнага вугалю ў Кузнецкім вугальным басейне, усх.ч.Данецкага вугальнага басейна, Пячорскім вугальным басейне, Ленскім вугальным басейне, Тунгускім вугальным басейне і інш Буры вугаль у Падмаскоўным вугальным басейне, Канска-Ачынскім вугальным басейне, Алданскім. Кізелаўскім і інш. басейнах. Каля 75% запасаў торфу прыпадае на Зах. Сібір і Урал. Запасы гаручых сланцаў у Паўн.-Зах. раёне і Паволжы. Агульныя балансавыя запасы жал. руды 65 млрд.т, у т. л. больш за 30 млрд.т — багатыя руды, якія маюць у сабе да 50% і больш жалеза. Асн. запасы прымеркаваны да Курскай магнітнай анамаліі. Жал. руды залягаюць таксама на Кольскім п-ве, Урале, у Карэліі, Горнай Шорыі, ніжнім цячэнні Ангары, Забайкаллі, на Д. Усходзе і інш. Р. багатая запасамі руд каляровых металаў. Руды, як правіла, комплексныя, маюць у сабе золата, серабро, цынк. кобальт і інш. элементы. Медныя руды — на Урале, у Чыцінскай вобл. і Краснаярскім краі, свінцова-цынкавыя — у Кузбасе, Забайкаллі, на Д. Усходзе. Для вытв-сці алюмінію ёсць буйныя паклады баксітаў на Урале, у Ленінградскай і Архангельскай абласцях, нефелінаў — у Кемераўскай вобл. і Краснаярскім краі. Асн. запасы золата — у Саха (Якуція), Магаданскай вобл., на Д. Усходзе, Урале, Алтаі і Іркуцкай вобл. Ёсць вял. паклады апатытаў (Хібіны), фасфарытаў (Кіраўская вобл.), каменнай солі (Усх. Сібір, Арэнбургская вобл., азёры Эльтон і Баскунчак), слюды [Іркуцкая вобл., Карэлія, Саха (Якуція)], азбесту (Урал), алмазаў Саха (Якуція), Урал], разнастайная сыравіна для вытв-сці буд. матэрыялаў і інш. Р. размешчана ў арктычным, субарктычным, умераным і субтрапічным паясах. У арктычным поясе, які ахоплівае большую ч. астравоў Паўн. Ледавітага ак., пануе халоднае арктычнае паветра. Т-раліп. каля 0 °C (пры адмоўнай сярэднегадавой т-ры). Субарктычны пояс распасціраецца да Паўн. палярнага круга ў еўрап. частцы і да 60°паўн. ш. ў азіяцкай частцы краіны. Сярэднія т-ры ліп. ад 5 да 12 °C, ападкаў 200—400 мм за год. Большая ч. Р. размешчана ва ўмераным поясе, дзе клімат зменьваецца ад умерана кантынентальнага на З да рэзка кантынентальнага на У, на Пд Д. Усходу — умераны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 °C у Перадкаўказзі да -50 °C на У Сібіры, дзе ў раёне Верхаянска—Аймякона зафіксавана самая нізкая т-ра ў Еўразіі -72,2 °C. Т-раліп. ад 12 °C на Пн зоны да 25 °C на Пд і ў перадгор’ях Каўказа. Ападкаў выпадае ад 600—650 мм за год на З да 400—450 мм на У. Мінім. колькасць ападкаў прыпадае на паўпустынныя раёны Прыкаспійскай нізіны (каля 170 мм), макс. — на горныя раёны Каўказа (да 3200 мм) і Пд Д. Усходу (да 2000 мм). Суровы клімат і маласнежныя зімы — прычына фарміравання ў раёнах Сібіры і Д. Усходу вечнай мерзлаты. Невял. паласа на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа (ад Туапсэ да Адлера) мае субтрапічны клімат. На тэр. Р. густая рачная сетка — каля 120 тыс. рэк з даўж. больш за 10 км і агульнай працягласцю 2,3 млн.км. Большасць рэк належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак — Паўн. Дзвіна, Пячора, Об з Іртышом, Енісей, Хатанга, Алянёк, Лена, Індыгірка, Калыма і інш. (пл. вадазбору 12,8 млн.км², 75% тэр. Р.); да бас. Ціхага ак. — Амур, Анадыр, Пенжына і інш.; Атлантычнага ак. — Нява, Дон, Кубань; да бяссцёкавага Каспійскага м. — Волга, Урал, Церак. Жыўленне рэк пераважна снегавое і дажджавое. Ледастаў ад 1—2 месяцаў на Пд да 8 месяцаў у Сібіры. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (гідраэнергет. патэнцыял 340 млн.кВт), выкарыстоўваюцца для суднаходства і арашэння. Азёр каля 2 млн., пераважна на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны і ў Зах. Сібіры. Найб. азёры: Каспійскае, Байкал (самае глыбокае на Зямлі — 1640 м), Ладажскае, Анежскае, Таймыр, Ханка і інш. Буйныя вадасховішчы: Куйбышаўскае, Брацкае, Рыбінскае, Валгаградскае, Цымлянскае, Зейскае, Краснаярскае, Усць-Ілімскае і інш. Глебы і расліннасць на раўнінах падпарадкаваны шыротнай занальнасці, у гарах — вышыннай пояснасці. У зоне арктычных пустынь (астравы Паўн. Ледавітага ак. і паўн.ч. ўзбярэжжа Таймыра) прымітыўныя арктычныя глебы заняты перарывістым покрывам з лішайнікаў і імхоў. У зоне тундры з глеевымі глебамі акрамя імхоў і лішайнікаў трапляюцца нізкарослыя хмызнячкі (карлікавая бяроза, вярба). Для лесатундравай зоны характэрна чаргаванне мохавых, лішайнікавых і хмызнячковых тундраў з рэдкалессем з бярозы, елкі, а ў Сібіры — лістоўніцы. Тут пераважаюць тундравыя глеевыя, слабападзолістыя глебы. Каля 65% тэр. Р. прыпадае на лясную зону, якая падзяляецца на падзоны цемнахвойнай тайгі на З і лістоўнічнай на У на падзолістых глебах, мяшаных хвойна-шыракалістых лясоў на дзярнова-падзолістых глебах у сярэдняй паласе Усх.-Еўрап. раўніны і на Пд Д. Усходу і далей на Пд шыракалістых лясоў. На Пд Д. Усходу мяшаныя лясы ўключаюць элементы маньчжурскай флоры (ільм, амурскі аксаміт, карэйскі кедр, ліяны і інш.). Агульныя запасы драўніны Р. 80,7 млрд.м³ — палавіна запасаў драўніны на Зямлі. На Пд лясная зона пераходзіць у лесастэпавую і стэпавую зоны з шэрымі ляснымі і чарназёмнымі глебамі, з разнатраўна-злакавай і злакавай расліннасцю, у лесастэпе з астраўкамі дуброў у еўрап.ч. і бярозава-асінавых колкаў на ПдЗах. Сібіры. На ПдУУсх.-Еўрап. раўніны — паўпустынная зона з разрэджаным расл. покрывам з палыну, салянак, стэпавых злакаў на светла-каштанавых і бурых глебах. У горных абласцях вышынная пояснасць розных тыпаў, якая найб. выразная ў гарах Каўказа і Алтая. Жывёльны свет вельмі разнастайны. На палярных астравах і ў морах Паўн. Ледавітага ак. жывуць белы мядзведзь, цюлень, морж, з птушак — чысцікі, люрыкі, гагі і інш. У тундры водзяцца пясец, паўн. алень, лемінг, палярная сава, белая курапатка і інш. Для лясной зоны характэрны лось, буры мядзведзь, рысь, расамаха, вавёрка, бурундук, лісіца; у лясах Сібіры — собаль, марал, кабарга; на Д. Усходзе — усурыйскія тыгр і мядзведзь, янотападобны сабака; на астравах Ціхага ак. — лежбішчы марскіх коцікаў; з птушак — цецярук, глушэц, рабчык, крыжадзюб, сініца і інш. У лесастэпавай і стэпавай зонах пераважаюць грызуны — суслікі, тушканчыкі, хамякі, суркі, з птушак — драфа, арол, стрэпет і інш. Моры, што акружаюць Р., багатыя рыбай (траска, селядзец, камбала, палтус, скумбрыя, асятровыя, ласасёвыя і інш.). У Р. ахоўваемыя тэр. займаюць каля 2,5% плошчы. У краіне 99 запаведнікаў агульнай пл. 35,8 млн.га. Найб. вядомыя: Алтайскі, Астраханскі запаведнік, Баргузінскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Каўказскі запаведнік, Прыокска-тэрасны запаведнік, Пячора-Ілыцкі запаведнік і інш. Створаны 34 нац. паркі агульнай пл. 6,6 млн.га (1999).
Насельніцтва. Р. — шматнацыянальная краіна, дзе пражывае больш за 100 нацыянальнасцей і народнасцей, у т. л. рускія складаюць 83%, татары — 3,8, украінцы — 2,4, чувашы — 1,2, башкіры — 0,9, беларусы — 0,7, мардва — 0,6, немцы — 0,5, удмурты — 0,5, армяне — 0,5, аварцы — 0,4, марыйцы — 0,4% і інш. (паводле мікраперапісу і бягучага ўліку насельніцтва, 1999). Асн.нац. меншасці ўтвараюць рэспублікі, аўт. акругі і аўт. вобласць. Рэлігія большасці насельніцтва — праваслаўнае хрысціянства. Ёсць прадстаўнікі ісламу, будызму, каталіцызму, іудаізму і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,5 чал. на 1 км², найб. ў Падмаскоўі (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — у паўн. і паўн.-ўсх. раёнах Сібіры (0,1 чал. на 1 км²). Больш за 75 усяго насельніцтва пражывае ў еўрап.ч. (укл. Урал). Для Р. характэрна зніжэнне колькасці насельніцтва. Натуральны прырост адзначаецца толькі ў рэспубліках Паўн. Каўказа і некат. раёнах Паволжа, Сальда міграцыі дадатнае, у 1999 у Р. прыбыло 367 тыс.чал., выбыла 215 тыс.чал.Гар. насельніцтва 73%. У Р. 1092 гарады і 1875 пасёлкаў гар тыпу (2000). Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Масква —8537, С.-Пецярбург — 4694, Новасібірск — 1399, Ніжні Ноўгарад — 1357, Екацярынбург — 1266, Самара — 1156, Омск — 1149, Казань — 1100 і інш. Эканамічна актыўнае насельніцтва ў 1999 складала 69,7 млн.чал., занятае — 60,6 млн.чал. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы — 13,8, у буд-ве — 7,7, на транспарце — 6,3, у сувязі — 1,3, гандлі і грамадскім харчаванні — 14,9%.
Гісторыя. Першабытны чалавек пранік на еўрап.тэр. Р. з Закаўказзя ў раннім палеаліце; у сярэднім палеаліце (100—35 тыс.г. назад) паселішчы неандэртальцаў пашыраліся да нізоўяў Дона і Сярэдняга Паволжа. У познім палеаліце (35—10 тыс.г. назад), калі пачаў раставаць ледавік і ўсталёўваўся блізкі да сучаснага клімат, на тэр. Р. сталі пашырацца паселішчы людзей сучаснага тыпу (краманьёнцы). Удасканальвалася тэхніка вырабу каменных і касцяных прылад, пачалі фарміравацца мастацтва і рэлігія. Вынайдзеныя ў мезаліце (12—10—7—5 тыс.г. да н.э.) лук і стрэлы дазволілі людзям весці індывід. паляванне і ствараць запасы харчавання. У неаліце (7—6—2 тыс. да н.э.) пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўлі. Адбываўся працэс аб’яднання родаў у плямёны, з 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне плем. саюзаў. Вынікам пашырэння ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. апрацоўкі жалеза (акрамя паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў) стала рэзкае павышэнне прадукцыйнасці працы, узнікненне прыватнай уласнасці, паскарэнне распаду першабытнаабшчыннага ладу. Першыя дзярж. ўтварэнні на тэр. Р. ўзніклі ў 6—5 ст. да н.э. ў Паўн. Прычарнамор’і (грэч. калоніі Фанагорыя, Германаса на Таманскім п-ве, Баспорская дзяржава). Разлажэнне родаплем. ладу суправаджалася складваннем этн. супольнасцей, з якіх утварыліся некаторыя народнасці сучаснай Р. З 3—6 ст.н.э. пачалося рассяленне славян па Усх.-Еўрап. раўніне. Гэты працэс працягваўся і ў наступныя стагоддзі. Славяне паступова занялі пануючае становішча сярод мясц. этнасаў (балтаў, фіна-угорскіх, цюркскіх і інш.), некат. з іх цалкам асіміляваны. У 8—9 ст. на тэр.бас. рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Сож, Дзясна, каля вытокаў Волгі і на воз. Ільмень жыло да 15 усх.-слав.плем. саюзаў (у кожным да 10—12 плямён). Славяне спалучалі розныя віды гасп. дзейнасці пры дамінуючай ролі земляробства. У 9—10 ст упершыню ўпамінаюцца ў летапісах усх.-слав. гарады Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Ладага, Растоў, Смаленск і інш.Усх. славяне былі язычнікамі, пакланяліся божаствам, што ўвасаблялі сілы прыроды. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у 862 наўгародскія славене і крывічы пры ўдзеле варагаў стварылі вакол Ноўгарада буйны цэнтр стараж.-слав. дзяржаўнасці. У 882—885 наўгародскі кн.Алег падпарадкаваў сабе ўсх.-слав.плем. саюзы палян (цэнтр у Кіеве), драўлян, севяран, полацкіх крывічоў, да 907 — вяцічаў, дулебаў, ціверцаў. У выніку ўтварылася буйная раннефеад. манархічная дзяржава на чале з велікакняжацкай дынастыяй Рурыкавічаў і з цэнтрам у Кіеве — Кіеўская Русь (гл. таксама Русь). У 988 пры вял.кн.Уладзіміру Святаславічу [980—1015] афіц. рэлігіяй стала хрысціянства ўсх. абраду, пачалося выкараненне язычніцтва. Асаблівасць феадалізму на. Русі — адсутнасць класічнай формы васальна-сеньярыяльных адносін. У ролі гал. землеўладальніка выступала дзяржава. Кіеўская Русь была нетрывалым ваен.-паліт. аб’яднаннем. Пад уплывам моцных цэнтрабежных тэндэнцый у сярэдзіне 11 ст. пачаўся яе распад на асобныя княствы і землі, які канчаткова адбыўся пасля смерці вял.кн.Мсціслава Уладзіміравіча [1125—32]. Настаў перыяд т.зв. феад. раздробленасці (пач. 12 — пач. 16 ст.), калі цэнтр гаспадарчага, паліт. і культ. жыцця перамясціўся ў вотчыны. З княстваў і зямель, што ўтварыліся на месцы Кіеўскай дзяржавы, на тэр. Р. знаходзіліся Уладзіміра-Суздальскае княства, Разанскае княства, Смаленскае княства (акрамя зах.ч.), б.ч.Чарнігаўскага княства (без Чарнігава), Наўгародская феадальная рэспубліка, Пскоўская феадальная рэспубліка, асобныя часткі інш. княстваў і зямель. Працэс драбнення княстваў працягваўся і ў 13—14 ст. Буйныя княствы (наз. «вялікімі») падзяляліся на ўдзельныя, залежнасць якіх ад вял. князя рабілася ўсё больш намінальнай. Некат. ўдзельныя княствы (Маскоўскае, Цвярское) з цягам часу сталі «вялікімі». Паліт. раздробленасць Русі спрыяла эканам. і культ. развіццю асобных зямель, але аслабіла яе абараназдольнасць. Паміж княствамі і землямі вяліся амаль няспынныя войны. У выніку мангола-тат. нашэсця 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні) о.ч. Русі трапіла пад уладу Залатой Арды (гл.Мангола-татарская няволя на Русі), што надоўга затрымала яе эканам., сац., культ. і паліт. развіццё. Неабходнасць выплаты Ардзе вял. даніны (гл.Ясак) абумовіла ўзмацненне ролі княжацкай улады. Перамогі наўгародцаў на чале з кн.Аляксандрам Неўскім над шведамі ў Неўскай бітве 1240 і над ням. крыжакамі ў Лядовым пабоішчы 1242 надоўга спынілі іх агрэсію на У і захавалі за Руссю выхад да Балт. мора. У 14 ст. акрэсліліся тэндэнцыі да пераадолення раздробленасці і паліт. аб’яднання ўсх. славян. На ПнУ Р. гэты працэс узначаліла Маскоўскае вялікае княства, на З — Вял. княства Літоўскае (ВКЛ), якое часам называлі «другой Руссю». У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. пры вял.кн.літ.Альгердзе і Вітаўце мірным і ваен. шляхамі да ВКЛ далучаны Смаленшчына, Браншчына, Севершчына, Курска-Белгародскі рэгіён, вярхоўі рэк Ака, Зах. Дзвіна, Волга, якія раней належалі Вял. княству Уладзімірскаму. За Уладзімірскі велікакняжацкі прастол вялі ўпартую барацьбу з цвярскімі і ніжагародска-суздальскімі князямі маскоўскія вял. князі, якія дамагаліся «вяртання» б. уладзімірскіх зямель, што адышлі да ВКЛ. Да канца 15 ст.асн. задачамі маскоўскіх князёў былі: дасягненне паліт. гегемоніі ў Паўн.-Усх. Русі і вызваленне ад мангола-тат. няволі (пачатак пакладзены разгромам вял.кн.Дзмітрыем Іванавічам Данскім правіцеля Залатой Арды Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380). Гэтыя задачы ў значным аб’ёме выкананы пры вял.кн.Іване III [1462—1505], які далучыў да маскоўскіх уладанняў Наўгародскую зямлю (1478) і Цвярское княства (1485), канчаткова скінуў мангола-тат. няволю ў выніку «стаяння на Угры» 1480. Аб’яднанне Паўн.-Усх. Русі вакол Масквы завяршыў вял.кн.Васіль III [1505—33], які далучыў да Маскоўскай дзяржавы Пскоўскую зямлю (1510) і Разанскае княства (1521). Пасля падзення Візантыйскай імперыі была сфармулявана тэорыя «Масква — трэці Рым», якая сцвярджала значэнне Масквы як сусв.паліт. і царк. цэнтра. Першым агульнарас. зводам законаў стаў Судзебнік 1497. На базе Маскоўскага вял. княства ў канцы 15 — пач. 16 ст. ўтварылася Руская цэнтралізаваная дзяржава. У адрозненне ад Зах. Еўропы дзярж. цэнтралізацыя тут базіравалася не на развіцці капіталіст. адносін, а на ўмацаванні феадалізму, у прыватнасці, інстытута прыгоннага права, якое афіцыйна аформлена Саборным улажэннем 1649. Імкненне маскоўскіх вял. князёў «вярнуць» б. ўладзімірскія і кіеўскія «вотчыны» вылілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў шматлікія войны Маскоўскай дзяржавы (з канца 15 ст.наз. таксама Расія) з ВКЛ — 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37 (пра кожную гл. асобны арт). У выніку да Маскоўскай дзяржавы адышлі Смаленшчына, Севершчына, Чарнігаўшчына, вярхоўі Акі і Волгі. У час праўлення Івана IV [1533—84], які ў 1547 прыняў царскі тытул, пачалося стварэнне структур цэнтралізаванай дзяржавы: адменена «кармленне», стваралася сістэма прыказаў, праведзены губная рэформа і земская рэформа Івана IV, пачалі збірацца земскія саборы, прыняты Судзебнік 1550, ліквідаваны амаль усе ўдзельныя княствы. Сац. апорай самадзярж. ўлады станавілася дваранства Дваранскае апалчэнне і стральцы складалі аснову ўзбр. сіл адзінай дзяржавы. Апрычніна (1565—72) і інш. надзвычайныя захады Івана IV, накіраваныя на ўмацаванне яго самаўладдзя, былі спробай фарсіраванай цэнтралізацыі дзяржавы, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, у т. л. пакараннямі смерцю, зямельнымі канфіскацыямі. Пры Іване IV тэр. Р. значна пашырылася: заваяваны і далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы, пачалося далучэнне Сібіры. Аднак войскі Крымскага ханства працягвалі спусташэнне паўд. зямель; няўдалай была Лівонская вайна 1558—83, што разам з апрычнінай падарвала эканоміку краіны. Гал. падзеяй царавання Фёдара Іванавіча [1584—98] было заснаванне Маскоўскага патрыярхату правасл. царквы (1589); у Швецыі адваявана частка прыбалт зямель (1595). Са смерцю Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Пачалася шматгадовая «Смута», у час якой Р. апынулася на мяжы нац. катастрофы. Цяжкую сітуацыю грамадз. вайны (гл.Балотнікава паўстанне 1606—07) узмацніла ваен. інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18) і Швецыі. Рас. прастол займалі выбарныя цары — Барыс Гадуноў [1598—1605], Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10), сын Гадунова Фёдар Барысавіч [крас.-чэрв. 1605], самазванец Ілжэдзмітрый I [1605—06], а з 1610 (намінальна) сын караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта 111 Уладзіслаў (гл.Уладзіслаў IV). Значная ч. краіны, у т. л. Масква, была акупіравана інтэрвентамі. Патрыят. ўздым насельніцтва (гл.Першае апалчэнне 1611, Народнае апалчэнне 1612) дазволіў аднавіць адзінства і суверэнітэт дзяржавы, хоць былі страчаны значныя тэрыторыі: да Швецыі адышлі землі на балт. узбярэжжы, да Рэчы Паспалітай (Дэулінскае перамір’е 1618) — Смаленская, Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская землі. Дынастычны крызіс быў пераадолены выбраннем Земскім саборам 1613 на рас. прастол Міхаіла Фёдаравіча [1613—45] — прадстаўніка новай дынастыі Раманавых. У наступныя дзесяцігоддзі царскі абсалютызм узмацняўся. З сярэдзіны 17 ст. амаль не склікаліся земскія саборы, згортвалася дзейнасць Баярскай думы. Адмена месніцтва ў 1682 аслабіла пазіцыі вышэйшай арыстакратыі на карысць дваранства. У супрацьстаянні з патрыярхам Ніканам цар Аляксей Міхайлавіч [1645—76] зацвердзіў перавагу свецкай улады над царкоўнай. Сац. канфлікты 17 ст. выліліся ў шматлікія нар. «бунты», сярод якіх найб. вядомыя маскоўскія «саляны» (1648) і «медны» (1662), сялянская вайна 1670—71 пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна, Паступова адраджалася эканоміка, складваўся адзіны ўсерас. рынак. З 1630-х г. знешняя палітыка Р. набыла наступальны, імперскі характар: пастаўлена задача далучэння да Р. ўсіх усх.-слав. («рускіх») зямель і заваяванне выхаду да мораў. Гал. вынікам вайны з Рэччу Паспалітай 1632—34 была адмова караля Уладзіслава IV ад правоў на рас. прастол. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. вярнула сабе Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Севершчыну, далучыла Левабярэжную Украіну і Кіеў. Войны са Швецыяй (1656—58) за выхад да Балт. мора і з Турцыяй (1676—81) былі малапаспяховымі, як і паходы на Крым 1687 і 1689. У 17 — пач 18 ст. да Р. далучаны Усх. Сібір і многія раёны Д. Усходу. Пётр I [1682—1725, з 1721 імператар] пачаў сістэмную мадэрнізацыю Р. на аснове вопыту зах. краін. Яго рэформы, нягледзячы на вял. выдаткі, спрыялі інтэнсіўнаму эканам. і культ. развіццю краіны. Створаны вышэйшы дзярж. орган Сенат (1711), калегіі (1718—21, замянілі прыказы), краіна падзелена на губерні і правінцыі; створаны рэгулярная армія і ваен. флот; табель аб рангах (1722) рэгуляваў сістэму грамадз. і ваен. службы. У выніку скасавання патрыяршаства створаны Сінод (1721). У 1721 Р. абвешчана імперыяй. Сталіца ў 1712 перанесена ў г.Санкт-Пецярбург (засн. ў 1703). Вызначальная роля дзяржавы ў рас. эканоміцы выяўлялася ў буд-ве казённых мануфактур і строгай рэгламентацыі эканам. дзейнасці. Шырокае выкарыстанне ў прам-сці паднявольнай працы (злачынцы, прыпісныя сяляне, пасэсійныя сяляне) прадвызначыла ў далейшым эканам. адставанне Р. Дваранства кансалідавалася як клас уласнікаў зямлі і сялян (указ 1714 зліў памесці з вотчынамі), але было прымушана да абавязковай службы. Пётр I імкнуўся еўрапеізаваць культуру і быт.Асн. вынік яго знешняй палітыкі — далучэнне да Р. балт. ўзбярэжжа ад Выбарга да Рыгі ў выніку Паўночнай вайны 1700—21. Агульны вынік войнаў з Турцыяй 1686—1700 і 1710—13 быў няўдалым: паражэнне ў Пруцкім паходзе 1711 прымусіла Пятра I вярнуць туркам г.Азоў. Цяжар праводзімых рэформ выклікалі нар. хваляванні, у т. л.Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 У пераваротаў дварцовых эпоху (1725—62), якая настала пасля смерці Пятра I, дваранства ўмацавала сваё пануючае становішча. У 1725—27 прастол займала ўдава Пятра І Кацярына I, пры якой фактычна правіў кн. А.Д.Меншыкаў У час царавання Пятра II [ 1727—30] старая маскоўская знаць паспрабавала скасаваць рэформы Пятра 1, але яны ўжо сталі неабарачальныя. Драпежніцкім праўленнем прыбалт. немцаў і іншаземцаў характарызаваўся рэжым Э.І.Бірона, фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны [1730—40] (гл.Бірокаўшчына). Дачка Пятра I Лізавета Пятроўна [1741—62] адрадзіла нац.-дзярж. курс бацькі. Кароткае цараванне Пятра III у 1762 адзначана выданнем Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, які вызваліў дваран ад абавязковай ваен. (у мірны час) і грамадз. службы. Праўленне Кацярыны II [1762—96] — перыяд адноснай паліт. стабілізацыі. Рэарганізаваны Сенат (1762), секулярызаваны ўладанні манастыроў (1763—64), скасавана гетманства на Украіне (1764), рэфармаваны губерні (1775). Даравальная грамата дваранству (1785) замацавала за ім шырокае кола прывілеяў. Важнае значэнне набыло фарміраванне дзярж.ідэалаг. дактрыны асветнага абсалютызму, зараджэнне вальнадумства (А.М.Радзішчаў, М.І.Навікоў). Рост сац. напружанасці ў сувязі з узмацненнем прыгонніцтва выліўся ў сялянскую вайну 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова Р. ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63, у выніку рус.-тур. войнаў 1768—74 і 1787—91 замацавалася на Чорным м., далучыла Паўн. Прычарнамор’е і Крым. Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), праведзеныя з удзелам Р., прывялі да ўваходжання ў яе склад Правабярэжнай Украіны, бел., літ., зах.ч.лат. зямель. Канчаткова тэр.Рас. імперыі сфарміравалася ў 19 ст.: у яе склад увайшлі Фінляндыя, б.ч. Польшчы, Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія, але ў 1867 прададзены ЗША рас. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. У часы царавання Аляксандра І [1801—25) уведзены мін-вы (1802—11), створаны Дзяржаўны савет (1810), Сенат стаў вышэйшай адм.-суд. установай, зроблены частковыя захады па вырашэнні сял. пытання (указ 1803 аб вольных хлебаробах, скасаванне прыгоннага права ў 1816—19 у Эстляндыі, Ліфляндыі і Курляндыі). Да пач. 1820-х г. ліберальны курс урада Аляксандра I змяніўся антыліберальным рэжымам аракчэеўшчыны. У пач. 19 ст. вырасла грамадская актыўнасць. Дваранскія рэвалюцыянеры — дзекабрысты — імкнуліся мадэрнізаваць Р на ўзор зах.-еўрап. дэмакратый. Спробы дзекабрыстаў у канцы 1825 — пач. 1826 узняць паўстанні ў Пецярбургу і на Украіне скончыліся іх поўным разгромам. Цараванне Мікалая І [1825—55], — «апагей самадзяржаўя». Асн. намаганні ўлад былі накіраваны на кансервацыю існуючага рэжыму, назіраўся працэс бюракратызацыі і цэнтралізацыі дзярж. апарата Паліт. вышук ажыццяўляла «Трэцяе аддзяленне» імператарскай канцылярыі (1826—80). Праследаваліся дэмакр. аб’яднанні, рухі, выданні Падаўлена паўстанне 1830—31 на польскіх, бел., укр. і літ. землях, абмежавана (1832) аўтаномія Каралеўства Польскага. Станоўчыя вынікі эпохі — пачатак выдання «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі» (1830), рэформа дзяржаўных сялян 1837-41. У цэнтры грамадскай думкі 1830—50-х г. была вострая палеміка пра далейшыя шляхі развіцця краіны паміж прыхільнікамі формулы «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць», заходнікамі, славянафіламі і рэв. дэмакратамі (А.І.Герцэн) Міжнар. аўтарытэт Р. ўзрос пасля яе перамогі ў вайне 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, якія адыгралі вял. ролю ў крушэнні імперыі Напалеона І і вызваленні народаў Еўропы ад франц. панавання Аляксандр I у 1815 ініцыіраваў стварэнне Свяшчэннага саюза Аўстрыі, Прусіі і Р. для барацьбы з рэв рухам. З 1820-х г. асаблівае месца ў знешняй палітыцы Р займала «ўсходняе пытанне» Каб умацаваць свае паз шыі на Чорным м., Балканскім п-ве і Б. Усходзе, яна правяла паспяховыя войны з Турцыяй (1828—29) і Персіяй (1826—28), Каўказскую вайну 1817—64. Але ў Крымскай вайне 1853—56 супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў і Турцыі яна пацярпела паражэнне, што выявіла неабходнасць рэфармавання яе адсталай прыгонніцкай сістэмы У часы царавання Аляксандра II [1855—81) праведзены бурж. рэформы: Сялянская рэформа 1861 (адмена прыгоннага права), судовая 1864, гарадская 1870—75, ваен. 1862—74 (гл. адпаведныя арт.) і інш Краіна стала на шлях ператварэння феад. манархіі ў буржуазную Імператар Аляксандр III (1881—94) праводзіў палітыку зацвярджэння «непахіснасці самадзяржаўя», ажыццявіў шэраг «контррэформ». Тым не менш да канца 19 — пач. 20 ст. захоўваліся створаныя рэформамі спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі. У пач. царавання Мікалая II [1894—1917], у многім, дзякуючы дзейнасці С.Ю.Вітэ (вінная манаполія 1894, грашовая рэформа 1897, дзярж. падтрымка цяжкай прам-сці і чыг.буд-ва), Р па шэрагу паказчыкаў эканам. развіцця наблізілася да вядучых індустр. дзяржаў свету. У парэформенны перыяд актывізавалася грамадскае жыццё краіны, хоць пераважная большасць насельніцтва прытрымлівалася кансерватыўных традыцый. Пашыралася кола прыхільнікаў ліберальных ідэй (земскі рух), на аснове рэв.-дэмакр. ідэалогіі Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага сфарміравалася народніцтва. Прадстаўнікі яго найб. радыкальнай арг-цыі «Народная воля» ў сак. 1881 забілі імператара Аляксандра II у 1880—90-х г. пашыраўся рабочы рух. Пранікненне ў Р. ідэалогіі марксізму прывяло да заснавання ў 1898 у Мінску Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), якая ў 1903 раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў Паслядоўнікі народніцтва ў 1901—02 аб’ядналіся ў партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Гал. дасягненнем рас. знешняй палітыкі 2-й пал. 19 ст была ліквідацыя наступстваў паражэння ў Крымскай вайне на Лонданскай канферэнцыі 1871 і ў выніку перамогі ў рус тур. вайне 1877—78. Ва ўмовах абвастрэння міжнар. абставін на рубяжы 19—20 ст. Р. з Вялікабрытаніяй і Францыяй стварылі у 1907 антыгерм. ваен.-паліт. блок Антанта. Сусв.эканам. крызіс пач. 20 ст. (спад вытв-сці, беспрацоўе, нізкія заробкі), нявырашанасць зямельнага пытання, паражэнне ў руска-японскай вайне 1904—05 сталі прычынамі рэвалюцыі 1905—07 у Расіі, у час якой царызм быў вымушаны даць насельніцтву пэўныя грамадз. і паліт. правы і свабоды (гл.Маніфест 17 кастрычніка 1905). Узніклі паліт. партыі акцябрыстаў, кадэтаў (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя) і інш., легалізаваліся прафсаюзы. Хоць рэвалюцыя была задушана царызмам, стварэнне выбарнага заканад. органа Дзяржаўнай думы (1906), нават з абмежаванымі правамі, азначала змену паліт. ладу Рас. імперыі. Ажывіўся і нац.-вызв. рух на ўскраінах. П.А.Сталыпін (старшыня Савета Міністраў у 1906—11) зрабіў спробу ліквідаваць архаічныя і неадпаведныя ўмовам капіталіст. развіцця абшчынныя формы землекарыстання (гл.Сталыпінская аграрная рэформа).
У выніку бурнага росту прамысл. і с.-г. вытв-сці ў 1912—14 Р выйшла на самыя высокія ў яе гісторыі сац.-эканам. паказчыкі. У сувязі з гэтым асабліва востра адчуваўся цяжар першай сусветнай вайны 1914—18, у якой Р. пасля першых перамог пачала цярпець паражэнні (у 1915 герм. і аўстра-венг. войскі акупіравалі Каралеўства Польскае, Літву, Зах. Беларусь, зах. Латвію, ч. Правабярэжнай Украіны). У 1915—16 узнікла апазіцыя самадзяржаўю ў Дзярж. думе і Дзярж. савеце (гл.Прагрэсіўны блок), нарастала незадаволенасць у народзе Чарговы агульнарас. крызіс канца 1916 — пач. 1917 (харч. цяжкасці ў Петраградзе, кампраметацыя царскай сям’і Р.Я.Распуціным, «міністэрская чахарда» і інш.) выліўся ў Лютаўскую рэвалюцыю 1917, у выніку якой у Р ліквідавана манархія. 2(15) 3.1917 Мікалай II адрокся ад прастола. У той жа дзень Часовы камітэт Дзяржаўнай думы сфарміраваў Часовы ўрад (да склікання Устаноўчага сходу) з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў Паколькі Часовы ўрад не мог дзейнічаць без падтрымкі Саветаў, узнікла двоеўладдзе. У краіне дзейнічалі больш за 50 паліт. партый, праходзіла вострая паліт. барацьба, адбыліся красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы. Пасля красавіцкага крызісу 1917 у склад Часовага ўрада ўвайшлі лідэры меншавікоў і эсэраў, у выніку ліпеньскага крызісу 1917 паўната ўлады перайшла да Часовага ўрада (з ліп. 1917 старшыня А.Ф.Керанскі), скончылася двоеўладдзе. У жн. (вер.) задушаны Карнілава мяцеж 1917. 1(14) 9.1917 Р. абвешчана рэспублікай. Няздольнасць Часовага ўрада стабілізаваць. сітуацыю ў краіне і неадкладна вырашыць набалелыя пытанні (спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, барацьба з ваен. разрухай і інш.) выклікала масавую незадаволенасць. На гэтай хвалі значную папулярнасць набылі бальшавікі. Яны (разам з левымі эсэрамі) заваявалі большасць у Саветах, у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада перайшла да бальшавікоў. Другі Усерасійскі з’езд Саветаў [7—9.11(25—27.10).1917] абвясціў пераход усёй улады ў краіне да Саветаў, утварыў ВЦВК і часовы ўрад — Савет народных камісараў (СНК) на чале з лідэрам бальшавікоў У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры (прапанова ўсім урадам пачаць перагаворы аб спыненні 1-й сусв. вайны) і зямлі (скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і памешчыцкага землеўладання). Прынцыпы новай нац. палітыкі (роўнасць, суверэнітэт і самавызначэнне народаў Р) былі сфармуляваны ў зацверджанай СНК 2(15)11.1917 Дэкларацыі правоў народаў Расіі. Устаноўчы сход, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, 5(18).1.1918 адмовіўся санкцыяніраваць устанаўленне ўлады Саветаў і быў распушчаны бальшавікамі. III Усерас. з’езд Саветаў (10—18(23—31).1.1918] аб’яднаў Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветамі сял. дэпутатаў, выключыў слова «часовы» з назвы сав. ўрада, абвясціў РРас.Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікай (РСФСР), прыняў Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Пасля працяглых спрэчак у бальшавіцкім кіраўніцтве, за час якіх герм і аўстра-венг. войскі ў парушэнне перамір’я акупіравалі Латвію, Эстонію, большую ч.тэр. Беларусі і Украіны, падпісаны Брэсцкі мір 1918 (3.3.1918) на вельмі цяжкіх для Р. ўмовах (ануляваны 13.11.1918 у сувязі з рэвалюцыяй у Германіі). Вясной 1918 пачаўся працэс афармлення нац. дзяржаўнасці народаў РСФСР 10.7.1918 V Усерас. з’езд Саветаў прыняў 1-ю сав. канстытуцыю. Летам 1918 як вынік нязгоды ч.рас. грамадства з Кастр. рэвалюцыяй, Брэсцкім мірам і сац.-эканам. курсам бальшавікоў (нацыяналізацыя зямлі, прам-сці, буйных нерухомасцей і інш.) разгарнулася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, якая ў асн. завяршылася ў 1920 перамогай бальшавікоў. Вайна суправаджалася тэрорам з абодвух бакоў супраць паліт. і класавых праціўнікаў. Комплекс надзвычайных захадаў сав. ўрада па мабілізацыі ўсіх сіл на вядзенне вайны (паскораная нацыяналізацыя, канфіскацыя лішкаў харчавання ў сялян шляхам харчразвёрсткі і інш.) атрымаў назву «ваеннага камунізму». Незадаволенасць гэтай палітыкай выклікала шматлікія хваляванні, сярод якіх найб. небяспечнымі для бальшавікоў былі Кранштацкае паўстанне 1921, Антонава паўстанне 1921 (на Тамбоўшчыне), Заходнесібірскае паўстанне 1921 Вынікі 1-й сусв., грамадз. войнаў і інтэрвенцыі былі для Р. спусташальнымі. У 1920 прамысл.вытв-сць складала 1/7 ад узроўню 1913, с.-г.вытв-сць — 62%. У баях грамадз вайны і інтэрвенцыі, ад тэрору, голаду і хвароб загінулі 8 млн.чал., 2 млн.чал. эмігрыравалі 3 пач. 1920-х г. партыя бальшавікоў (з 1925 ВКП(б), з 1952 КПСС) была адзінай паліт. арг-цыяй, якая кіравала краінай да 1991. Аднаўленне нар. гаспадаркі ажыццяўлялася на базе новай эканамічнай палітыкі, якая азначала адыход ад «ваен. камунізму» 1 частковае вяртанне да рыначных метадаў гаспадарання. Імкненне бальшавікоў (перш за ўсё рас.) захаваць фактычнае паліт. і эканам адзінства тэр б.Рас. імперыі прывяло да аб’яднання (30.12.1922) юрыдычна незалежных сав. рэспублік (РСФСР, Украіна, БССР і Закаўказская Федэрацыя) у новую дзяржаву — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), з існаваннем якога (1922—91) непарыўна звязаны наступны перыяд рас. гісторыі.
У 1920—30-я г.тэр. РСФСР значна зменшылася ў выніку вылучэння ў самаст саюзныя рэспублікі Туркменіі, Узбекістана (1924), Таджыкістана (1929), Кіргізіі, Казахстана (1936) і Карэла-Фінскай Рэспублікі (1940, у 1956 вернута ў склад Р.) Калектывізацыя і індустрыялізацыя ў РСФСР праходзілі вельмі супярэчліва, аднак у выніку іх была створана новая машынна-тэхн. база краіны, якая істотна змяніла сац. структуру насельніцтва. Да пач. 1940-х г. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці на тэр. РСФСР у 8,7 разу перасягнуў адпаведны паказчык 1913. У адрозненне ад інш. саюзных рэспублік, РСФСР не мела асобнай рэсп.камуніст. партыі, асобнай АН і інш. Унутры РСФСР шмат этнасаў атрымалі свае нац.-дзярж. або нац-адм. ўтварэнні ў выглядзе аўт. рэспублік, абласцей і нац. акруг (з 1977 аўт. акругі). Трагічнымі для лёсу народаў Р. былі рэпрэсіі палітычныя.
Народы Расіі зрабілі вял. ўклад у перамогу СССР у Вялікай Айчыннай вайне 1941—45. На яе тэр. выпускалася 80% усёй індустр. прадукцыі, адбыліся вырашальныя бітвы — Маскоўская (1941—42), Сталінградская (1942—43) і Курская (1943). 2 373 068 воінаў з Р. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Матэрыяльныя страты РСФСР ад акупацыі ням.-фаш. захопнікамі шэрагу яе абласцей склалі ў тагачасных цэнах 249 млрд.руб. з 679 млрд. па ўсім СССР. У час вайны да РСФСР далучана (1944) тэр Тувінскай Нар. Рэспублікі (з 1961 АССР). Пасля перамогі ў вайне ў склад РСФСР уключаны: на Пн вобласць Пячэнга, на Д. Усходзе Паўд. Сахалін і Курыльскія а-вы, на З — г. Кёнігсберг (пераназваны ў Калінінград) з прылеглай ч.б.Усх. Прусіі (цяпер Калінінградская вобл.). Пасляваен. аднаўленне гаспадаркі ў асн. завершана да 1950. У 1954 у гонар 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Р. са складу РСФСР у склад Украіны перададзена Крымская вобл. У пасляваен. перыяд РСФСР заставалася найб. эканамічна магутнай рэспублікай СССР. У пач. 1980-х г. яна вырабляла 62% электраэнергіі, 100% збожжаўборачных камбайнаў, здабывала 91% нафты. Вялікія дасягненні зроблены ў развіцці навукі, атамнай энергетыкі, у асваенні космасу (першым касманаўтам свету стаў Ю.А.Гагарын). У перыяд перабудовы (з крас. 1985) у СССР пачалі складвацца новыя цэнтры рэальнай улады ў выглядзе рэсп. з’ездаў нар. дэпутатаў і Вярх. Саветаў, выбраных на дэмакр. умовах. 1-ы з’езд нар. дэпутатаў РСФСР (май—чэрв. 1990) выбраў старшынёй Вярх. Савета Б.М.Ельцына і абвясціў 12.6.1990 дзярж. суверэнітэт Р. Рас. кіраўніцтва падтрымлівала сепаратызм асобных саюзных рэспублік, каб выкарыстаць яго ў барацьбе з саюзным цэнтрам. Пачалася паскораная дэзінтэграцыя СССР. На агульнасаюзным рэферэндуме 17.3.1991 расіяне выказаліся за захаванне СССР як адзінай дзяржавы і за ўвядзенне пасады прэзідэнта РСФСР, 12.6.1991 прэзідэнтам выбраны Ельцын. Ельцын і Вярх. Савет Р. ўзначалілі барацьбу супраць Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы (19—21.8.1991), які імкнуўся сарваць падпісанне новага саюзнага дагавора і захаваць старыя парадкі. Пасля яго ліквідацыі ўказам ад 6.11.1991 Ельцын распусціў КПСС. 8.12.1991 лідэры Р., Украіны і Беларусі ў выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 заявілі аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 і спыненні існавання СССР, замест якога стварылася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). 10—12.12.1991 Пагадненне пра ўтварэнне СНД ратыфікавана Вярх. Саветамі Беларусі, Р. і Украіны. Са студз. 1992 у Р. пачалася радыкальная рыначная рэформа эканомікі. Урад вызваліў цэны на большасць тавараў ад дзярж. кантролю, з восені 1992 пачаў прыватызацыю дзярж. маёмасці. Распад СССР стварыў пагрозу распаду Р. Аўт. рэспублікі і аўт. вобласці (акрамя Яўрэйскай) адмовіліся ад аўт. статуса і абвясцілі сябе суверэннымі суб’ектамі федэрацыі. У сак. 1992 паміж федэральным цэнтрам і суб’ектамі падпісаны Федэратыўны-дагавор, які згладзіў вастрыню гэтага пытання, але не зняў яго цалкам. Асобныя Рэспублікі спрабавалі ўзяць курс на паступовы выхад з Р. (Татарстан, Башкортастан, Якуція), а кіраўніцтва Чэчэнскай Рэспублікі парвала ўсе сувязі з федэральным цэнтрам. 11.12.1994 федэральныя войскі ўвайшлі ў Чэчню з мэтай узяць яе пад кантроль, што паклала пачатак узбр. канфлікту, які дагэтуль не затушаны. У час абмеркавання новай Канстытуцыі абвастрыліся супярэчнасці паміж заканад. і выканаўчай уладай. 21.9.1993 прэзідэнт Ельцын выдаў указ аб роспуску З’езда нар. дэпутатаў і Вярх. Савета, правядзенні 12.12.1993 рэферэндуму па новай Канстытуцыі. Вярх. Савет абвясціў гэты ўказ неканстытуцыйным, а прэзідэнта пазбаўленым пасады. Аднак Ельцына падтрымалі ўзбр. сілы, сілавыя структуры і асн. сродкі масавай інфармацыі. Дзеянні абаронцаў Вярх. Савета, блакіраваных ў сваім будынку, 3—4 кастр. набылі характар узбр. выступлення, якое было ліквідавана з дапамогай ваен. сілы. У кастр. 1993 указамі прэзідэнта ліквідавана сістэма Саветаў. 12.12.1993 на рэферэндуме прынята новая Канстытуцыя Р., якая ўсю рэальную ўладу аддавала прэзідэнту; праведзены выбары ў 5-ю Дзярж. думу. На чарговых выбарах у Дзярж. думу ў снеж. 1999 большасць месцаў заваявалі паліт. сілы правай і цэнтрысцкай арыентацыі («Адзінства», «Саюз правых сіл», «Айчына — уся Расія» і інш.), самай вял. фракцыяй засталася фракцыя Камуніст. партыі Рас. Федэрацыі (КПРФ, засн. ў 1992 як правапераемніца КПСС). 31.12.1999 добраахвотна пайшоў у адстаўку прэзідэнт Ельцын. 26.3.2000 прэзідэнтам Р. выбраны У.У.Пуцін, які заявіў пра намер працягваць рыначныя рэформы, умацоўваць федэрацыю і ажыццяўляць незалежную знешнюю палітыку ў інтарэсах народаў Р. Р. — член ААН (з 1991) і, як правапераемніца СССР, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН; уваходзіць у многія інш.міжнар. арг-цыі, у т. л. ў Савет Еўропы (з 1997), а таксама ў СНД. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.6.1992. У 1995 заключаны рас.-бел. дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве і Мытны саюз, да якога ў 1996 далучыліся Казахстан і Кыргызстан, у 1999 — Таджыкістан. Р. і Беларусь падпісалі Дагавор аб супольніцтве Беларусі і Расіі 1996 і Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі 1997. 8.12.1999 Р. заключыла з Беларуссю дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Р. і Беларусі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Сістэма паліт. партый у Р. з канца 1980-х г. знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Адзінай масавай партыяй з’яўляецца КПРФ. Большым уплывам, чым партыі, у 1990-я г. карысталіся грамадска-паліт. рухі і аб’яднанні, некат. з якіх зараз знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў паліт. партыі. Акрамя КПРФ, найб. значныя паліт. арг-цыі: «Саюз правых сіл», Ліберальна-дэмакр. партыя, Агр. партыя, Сял. партыя, Партыя эканам. свабоды, Рас. аб’яднаная прамысл. партыя, партыя «Адзінства», аб’яднанні «Яблык», «Айчына — уся Расія», Народна-патрыят. саюз і інш. Найбуйнейшыя прафс. аб’яднанні: Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Р., Усеагульная канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. Р. — індустрыяльна-агр. краіна. Сучасны этап яе эканам. і сац. развіцця звязаны з карэннымі зменамі, якія выкліканы пераходам да рыначных адносін. Адаптацыя Р. да рыначнай эканомікі праходзіць дастаткова цяжка. У 1992—98 назіраўся спад вытв-сці, што было звязана з парушэннем гасп. сувязей, незабяспечанасцю матэрыяльнымі рэсурсамі, фін. цяжкасцямі, зносам асн. фондаў. З 1999 пачаўся рост вытв-сці. У выніку рыначных рэформ эканоміка стала шматукладнай. Доля акц. прадпрыемстваў пераважае над дзярж. (па колькасці, выпуску прадукцыі, колькасці занятых). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1999 склаў 593,4 млрд. долараў (14-е месца ў свеце), каля 4,2 тыс.дол. на душу насельніцтва. Недзярж. сектар дае каля 70%. Прамысловасць — важная састаўная ч.гасп. комплексу Р., на яе долю прыпадае 26,8% ВУП. У 1999 у Р. мелася каля 160 тыс.прамысл. прадпрыемстваў. Зах. раёнам краіны (укл. Урал) належыць 72% кошту прамысл. вытв-сці, усх. (Сібір і Д. Усход) — 28%. Адной з гал. галін прам-сці з’яўляецца паліўна-энергет. комплекс (32,5% паводле кошту прадукцыі, 1998). Гандаль энерганосьбітамі — адзін з гал. профіляў спецыялізацыі Р. ў міжнар. падзеле працы. Здабыча нафты разам з газавым кандэнсатам у 1999 склала 305 млн.т (3-е месца ў свеце). Нафту здабываюць пераважна ў Зах. Сібіры (каля 70%), Паволжы, на Урале. Нафтаперапрацоўчыя з-ды размешчаны і ў раёнах здабычы нафты (Самара, Сызрань, Уфа, Саратаў, Табольск), і ў месцах спажывання нафтапрадуктаў (Масква, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры і інш.). У нафтавай прам-сці дзейнічае шэраг нафтавых кампаній, найб. з іх: «Лукойл» (53 млн.т, 18% агульнай здабычы Р., 1999), «Сургутнафтагаз» (37 млн.т, 12%), «ЮКОС» (34 млн.т, 11%), «Татнафта» (24 млн.т, 9%), «Сіданко» (20 млн.т, 7%) і інш. Здабыча прыроднага газу ў 1999 склала 591 млрд.м³ (1-е месца ў свеце). 90% прыроднага газу здабываюць у Зах. Сібіры. Найб. карпарацыя краіны — Рас.акц.т-ва «Газпрам». У Р. здабываюць 249 млн.т (5-е месца ў свеце, 1999) каменнага і бурага вугалю, пераважна ў Кузнецкім (27%), Канска-Ачынскім (15%), Пячорскім, Іркуцкім, Данецкім басейнах. Здабыча торфу ў Цэнтр., Волга-Вяцкім і Уральскім р-нах, сланцаў — у Ленінградскай вобл.Вытв-сць электраэнергіі 848 млрд.кВт∙гадз (4-е месца ў свеце, 1999). Пераважае цеплавая электраэнергетыка (69,6% агульнай магутнасці і 68% вытв-сці электраэнергіі), на долю гідраэнергетыкі прыпадае адпаведна 20,5% і 19%, атамнай энергетыкі — 9,9% і 13%. Гал.ЦЭС (млн.кВт): Рафцінская (3,8), Кастрамская (3,6), Канакоўская (3,6), Сургуцкая (3,1), Троіцкая (2,4); ГЭС: Саяна-Шушанская (6,4) і Краснаярская (6) на р. Енісей, Брацкая (4,5) і Усць-Ілімская (4,3) на р. Ангара, Волжская (2,5, г. Валгаград), Волжская (2,3, г. Самара); АЭС: Ленінградская (4), Курская (4), Балакоўская (3), Смаленская (3), Калінінская (2), Новаваронежская (1,8), Кольская (1,7). Вытв-сць, размеркаванне і экспарт. электраэнергіі ажыццяўляе Рас.акц.т-ва «Адзіная электраэнергет. сістэма Расіі». Чорная металургія (7,7%) поўнасцю забяспечана жал. рудой і коксам, марганец і хром завозяць з Украіны і Казахстана. Асаблівасць галіны — высокая канцэнтрацыя вытв-сці. У Р. сфарміраваліся 3 металургічныя базы: Уральская (46% вытв-сці металу), дзе працуюць буйныя металургічныя камбінаты поўнага цыкла ў Магнітагорску, Ніжнім Тагіле, Наватроіцку, Чэлябінску і пераробныя ў Іжэўску, Златаусце, Сярове і інш.; Цэнтральная з камбінатамі поўнага цыкла ў Ліпецку, Старым Асколе і пераробнымі з-дамі ў Маскве, Электрасталі, Арле і інш.; Сібірская з камбінатамі поўнага цыкла ў Новакузнецку і пераробнымі ў Новасібірску, Краснаярску, Пятроўск-Забайкальску і інш. Буйны камбінат поўнага цыкла ў Чарапаўцы, пераробныя з-ды ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Колпіне і інш.Вытв-сць (млн.т, 1999) чыгуну 40,1 (4-е месца ў свеце), сталі 51,5 (5-е месца), пракату 40,9 (6-е месца). Каляровая металургія (7,6%) працуе пераважна на ўласнай сыравіне, у ёй выплаўляецца больш за 70 відаў разнастайных металаў. Вытв-сць медзі сканцэнтравана ў асн. на Урале (Краснаўральск, Кіраўград, Раўда, Карабаш, Меднагорск), з-ды па рафінаванні медзі ў Маскве, С.-Пецярбургу, Кальчугіне. Свінец і цынк выплаўляюць у Чэлябінску, Уладзікаўказе, Бялове, Дальнягорску; нікель — у Нарыльску, Орску, Уфалеі, Манчагорску. Алюмініевая прам-сць прымеркавана да буйных ГЭС, якія вырабляюць танную электраэнергію, — у Краснаярску, Брацку, Саянску, Валгаградзе, Кандалакшы, Волхаве і інш. Здабыча алавянага канцэнтрату ў паўн.-усх. раёнах Сібіры, выплаўка волава ў Новасібірску і Падольску. На Долю Р. прыпадае каля 10% сусв. экспарту каляровых металаў. Машынабудаванне (18%) вызначаецца шматгаліновым характарам (цяжкае, агульнае, сярэдняе, вытв-сць прылад, станкоў і інш.) і паўсюдным пашырэннем па тэр. краіны. Сярод галін машынабудавання вылучаецца вытв-сць абсталявання для металургіі (Орск, Екацярынбург, Краснаярск, Іркуцк, Сызрань), горна-шахтавага (Кемерава, Краснаярск, Чарамхова, Капейск), для нафтавай і газавай прам-сці (Валгаград, Самара, Цюмень, Екацярынбург і інш.), энергет. (С.-Пецярбург, Новасібірск, Екацярынбург, Валгадонск, Барнаул і інш.), кавальска-прэсавага і цяжкіх станкоў (Колпіна, Іванава, Варонеж, Ульянаўск і інш.), ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў (Масква, С.-Пецярбург, Екацярынбург, Тула, Іжэўск, Ніжні Ноўгарад і інш.). Вытв-сць лакаматываў у Мураме, Каломне, Бранску, Людзінаве; электравозаў у Новачаркаску, грузавых вагонаў у Ніжнім Тагіле, Абакане, Цверы, Алтайску, Калінінградзе; пасаж. вагонаў у С.-Пецярбургу, Цверы; вагонаў для метрапалітэна ў С.-Пецярбургу і Мыцішчах. Буйныя цэнтры марскога суднабудавання — С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Архангельск, Уладзівасток, Севераморск; рачнога — Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Цюмень, Краснаярск і інш.; вытв-сці самалётаў — Смаленск, Варонеж, Саратаў, Іркуцк, Камсамольск-на-Амуры; верталётаў — Казань, Растоўна-Доне. Вытв-сць грузавых аўтамабіляў (175 тыс.шт., 1999) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Набярэжных Чаўнах, Міясе; легкавых (954 тыс.шт.) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Іжэўску, Елабузе, Серпухаве; аўтобусаў (50 тыс.шт.) у Лікіно-Дулёве, Паўлаве, збожжаўборачных камбайнаў (2 тыс.шт.) у Растове-на-Доне, Таганрогу, Краснаярску; ільноўборачных у Бежацку; бульбаўборачных у Туле, Разані; сіласаўборачных у Люберцах; трактароў (15,4 тыс.шт., 1999) у Валгаградзе, Чэлябінску, Уладзіміры, Чэбаксарах, С.-Пецярбургу і інш. Выпуск металарэзных станкоў (7,7 тыс.шт.) у Маскве, Іванаве, Саратаве, Самары, Екацярынбургу, С.-Пецярбургу і інш.Вытв-сць радыёпрыёмнікаў (332 тыс.шт.) і тэлевізараў (281 тыс.шт.), халадзільнікаў і маразільнікаў (1173 тыс.шт.), электрапыласосаў (745 тыс.шт.), пральных машын (999 тыс.шт.). Электронная прам-сць у Маскве, Арле, Самары, Пензе і інш.Хім.прам-сць (7,3%) поўнасцю забяспечана мясц. сыравінай і вызначаецца шырокім асартыментам прадукцыі. Развіта прам-сцьмінер. угнаенняў (11,5 млн.т у пераліку на 100%-нае ўтрыманне дзейных рэчываў; 5-е месца ў свеце, 1999), хім. валокнаў (136 тыс.т), сінт. смол і пластмас (2,2 млн.т), шын (28 млн.шт.), сернай к-ты (7,1 млн.т), кальцыніраванай (1,9 млн.т) і каўстычнай (1 млн.т) соды. Вытв-сць угнаенняў: азотных у Новамаскоўску, Ніжнім Тагіле, Кемераве, Вял. Ноўгарадзе, Тальяці, Нявіннамыску і інш.; калійных у Беразніках, Салікамску; фосфарных у Васкрасенску, Бранску, Пермі, Краснаўральску і інш.; хім. валокнаў у Энгельсе, Балакове, Цверы, Кліне, Серпухаве, Разані і інш.; пластмас у Ніжнім Тагіле, Цюмені, Уфе, Казані, Мыцішчах; соды ў Беразніках, Салікамску, Стэрлітамаку, Каменск-Уральску і інш. Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (3,9%) мае трывалую сыравінную базу. Вытв-сць дзелавой драўніны (69,8 млн.м³, 4-е месца ў свеце), піламатэрыялаў (19,1 млн.м³, 6-е месца), паперы (3 млн.т), кардону (1,6 млн.т), фанеры (1,3 млн.м³) у Паўн.-Заходнім (Котлас, Сыктыўкар, Кондапага, Себеж), Уральскім (Краснакамск, Салікамск, Перм), Волга-Вяцкім (Балахна, Праўдзінск) і Зах.-Сібірскім раёнах. Развіта вытв-сць мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт. Вял. значэнне мае прам-сцьбуд. матэрыялаў, доля якой у структуры прам-сці, разам са шкляной, складае 4,2%. Ва ўсіх эканам. раёнах пашырана вытв-сць цэменту (28,5 млн.т), зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей (14,2 млрд.м³), буд. цэглы (10,5 млрд.шт., 2-е месца ў свеце). З цэнтраў шкляной прам-сці вылучаецца г. Гусь-Хрустальны (каля 50% вытв-сці шкла Р.). Эканам. крызіс, які ахапіў усе галіны прам-сці, у найб. ступені адбіўся на лёгкай прам-сці, асабліва на тэкст. галіне, якая страціла сыравінную базу ў Сярэдняй Азіі. Вытв-сць тканін усіх відаў у 1999 склала 1657 млн.м² (5-е месца ў свеце па вытв-сці баваўняных і 14-е месца па вытв-сці шарсцяных тканін), абутку — 29,9 млн. пар, шкарпэтачных вырабаў — 251 млн. пар, трыкат. вырабаў — 79,2 мн. шт.Асн. раёнам вытв-сці тканін з’яўляецца Цэнтральны (70%) — Іванава, Масква, Уладзімір, Яраслаўль, Кінешма, Нара-Фамінск. У харч. прам-сці (13,7%) вядучыя галіны — малочная, мясная, цукровая, алейная, рыбная і рыбакансервавая, мукамольная, масларобная, спіртавая, піваварная і інш.Вытв-сць малака 5,5 млн.т, цукру 6,8 млн.т (2-е месца ў свеце), алею 845 тыс.т (1999). Мясная прам-сць развіта ў Цэнтр. і Паўн.-Каўказскім р-нах, цукр. і алейная ў Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім і Паволжскім р-нах, рыбная і рыбакансервавая ў гарадах Мурманск, Архангельск, Калінінград, Астрахань, Уладзівасток і інш.
На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 5,5% ВУП. У структуры валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі доля раслінаводства складае 51,8%, жывёлагадоўлі — 48,2% (1999). Вядучая роля ў вытв-сці збожжа, цукр. буракоў, сланечніку (адпаведна 92%, 93,8%, 86,1%) належыць с.-г. прадпрыемствам; бульбы, агародніны, мяса і малака (адпаведна 93%, 79,1%, 61,3%, 50,9%) фермерскім і асабістым гаспадаркам насельніцтва. Узровень развіцця сельскай гаспадаркі Р. не забяспечвае патрэбы насельніцтва ў асн. прадуктах харчавання. Р. імпартуе мяса і малочныя прадукты пераважна з краін Зах. Еўропы. Агульная пл.с.-г. угоддзяў 222 млн.га, у т. л. 132 млн.га займаюць ворныя землі, 90 млн.га сенажаці і паша. Вял. масівы меліяраваных зямель. Пл. пасяўных зямель у 1999 склала 88,3 млн.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 52,7%, тэхн. 8,5%, кармавымі 34%, бульбай і агароднінай 4,8%. Аснова сельскай гаспадаркі Р. — вытв-сць збожжа, гал. культура — пшаніца (1/3пл.). Яе вырошчваюць у Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім, Паволжскім, Зах.-Сібірскім р-нах, жыта, ячмень, авёс, грэчку сеюць у лясной зоне, кукурузу, проса — у лесастэпавай і стэпавай, рыс — на Д. Усходзе і Паўн. Каўказе (нізоўі рэк Кубань і Церак), сою — на Д. Усходзе. Гал.тэхн. культуры — цукр. буракі, сланечнік — вырошчваюць пераважна ў Цэнтр.-Чарназёмным р-не, на Паўн.-Каўказе, у Паволжы, лён-даўгунец — у Цэнтр. і Паўн.-Заходнім р-нах, бульбу і агародніну — амаль усюды. Пладова-ягадныя і вінаградныя насаджэнні пераважна на Паўн. Каўказе. Збор (млн.т, 1999) збожжа 54,7 (ураджайнасць 11,7 ц/га), цукр. буракоў 15,2 (169 ц/га), сланечніку 4,1 (7,4 ц/га), лёну-даўгунцу 23,7 (2,3 ц/га), бульбы 31,3 (96 ц/га), агародніны 12,3 (142 ц/га). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку Пагалоўе (млн. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 27,5, у т. л. кароў 12,9, свіней 18,3, авечак і коз 14, птушак 350. Вял. пагалоўе буйн. раг. жывёлы ў Паволжы, Цэнтр. р-не, Зах. Сібіры, свіней у Цэнтр.-Чарназёмным р-не, Паволжы, на Паўн. Каўказе, авечак і коз у Паволжы, на Паўн. Каўказе, Усх. Сібіры. Аленегадоўля ў зоне тундры і лесатундры, пчалярства ў Татарстане, Башкортастане, на Алтаі, Д. Усходзе. Зверагадоўля і паляванне. Рыбалоўства ў навакольных морах, унутр. вадаёмах, сажалках. Улоў рыбы ў 2000 склаў 4,7 млн.т. Здабываюць таксама крэветак, крабаў, малюскаў, водарасці. Па эканам. і прыродных асаблівасцях у Р. вылучаецца 10 эканам. раёнаў: Паўн.-Заходні, Цэнтр., Волга-Вяцкі, Цэнтр.-Чарназёмны, Паволжскі, Паўн.-Каўказскі, Уральскі, Зах.-Сібірскі, Усх.-Сібірскі, Далёкаўсходні.
Транспарт. У Р. развіты ўсе віды транспарту. Доля яго ў ВУП складае 6,6% (1999). Асн. віды транспарту — чыгуначны, марскі, рачны, паветраны, трубаправодны — утвараюць адзіную трансп. сістэму, дзе кожны від мае сваю рацыянальную сферу выкарыстання. У грузаабароце краіны доля чыг. транспарту 36,3%, марскога 3,6%, рачнога 1,9%, аўтамаб. 0,7%, трубаправоднага 57,5%. У пасажыраабароце вядучае месца належыць аўтамаб. (36,5%), чыг. (30%) і паветранаму (і 1,3%) транспарту. Даўж. чыгунак 86,2 тыс.км (3-е месца ў свеце, пасля ЗША і Канады), у т. л. каля 30% электрыфікавана. Асн.чыг. магістралі маюць шыротны напрамак і лініі, што злучаюць Маскву з рэгіёнамі Расіі. Гал. пасажырапатокі на чыг. лініях паміж Масквой і С.-Пецярбургам, Масквой і курортнымі гарадамі Каўказа. Марскому транспарту належыць асн. роля ў знешніх эканам. сувязях. У Р. 695 суднаў, агульны танаж іх 3,9 млн. рэгістравых т (1999). 90% знешняга грузаабароту прыпадае на Балт. і Азова-Чарнаморскі марскія басейны. Гал. парты С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Новарасійск, Уладзівасток, Находка, Туапсэ і інш. Агульная даўж. рачных суднаходных шляхоў 89,1 тыс.км. Усе буйныя рэкі еўрап.ч. пры дапамозе каналаў утвараюць адзіную глыбакаводную сістэму. На долю р. Волга і яе прытокаў прыпадае больш за 60% грузаабароту рачнога транспарту. Вял. значэнне мае рачны транспарт для абслугоўвання паўн. раёнаў Сібіры. Даўж. аўтадарог 573,5 тыс.км, у т. л. 517,4 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Аўтамагістралі веерам разыходзяцца ад Масквы да буйных гарадоў і партоў. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца пераважна для перавозкі пасажыраў, хуткапсавальных грузаў і для дастаўкі грузаў у аддаленыя раёны Поўначы. У Р. 845 аэрапортаў, з іх 66 федэральнага і 45 міжнар. значэння. Гал. аэрапорты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Екацярынбургу, Адлеры, Мінеральных Водах, Краснаярску, Растове-на-Доне. У Р. створана адзіная сетка нафта- і газаправодаў, якая злучае асн. раёны здабычы нафты і прыроднага газу з прамысл. цэнтрамі Р. і краінамі Зах. Еўропы. Даўж. трубаправодаў 213,8 тыс.км, у 1999 перамешчана 802 млн.т грузаў. Агульны аб’ём знешняга гандлю Р. ў 1999 склаў 123,6 млрд.дол., у т. л. экспарт 75,4 млрд.дол., імпарт 48,2 млрд. долараў. Сярод экспартуемых тавараў пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, электраэнергія, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні, машыны і абсталяванне, узбраенне, хім. прадукцыя і інш. Сярод імпартуемых пераважаюць машыны і абсталяванне, харч. тавары і с.-г. прадукцыя, хім. прадукцыя, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні і вырабы з іх. Гал.гандл. партнёры: Германія (8,3% экспарту і 12,7% імпарту), Беларусь (6,4 і 10,4), Украіна (7,7 і 7,4), ЗША (7,4 і 9,5), Італія (4,5 і 4,2), Вялікабрытанія (4,1 і 2,8) і інш. Аб’ём знешняга гандлю Р. з Беларуссю ў 1999 склаў 7 млрд.дол., у т. л. экспарт 3,8 млрд.дол., імпарт 3,2 млрд. долараў. Р. экспартуе ў Беларусь нафту, прыродны газ, каменны вугаль, электраэнергію, цэлюлозу, паперу і кардон, чорныя металы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, станкі і інш.: імпартуе грузавыя аўтамабілі, трактары, тэлевізары, халадзільнікі і маразільнікі, радыёпрыёмнікі, пракат, тавары нар. спажывання і інш. Важнымі формамі эканам. супрацоўніцтва Р. з інш. краінамі з’яўляюцца сумесныя прадпрыемствы (больш за 25 тыс., 1999) і свабодныя эканам. зоны, якія створаны ў С.-Пецярбургу, Выбаргу, на Сахаліне, у Кузбасе, Калінінградскай вобл. і інш. У Р. дзейнічае каля 8 тыс. турыстычных фірм, 15,8 млн. турыстаў наведалі краіну ў 1998, прыбытак ад турызму склаў 7,1 млрд. долараў. Грашовая адзінка — рубель.
Узброеныя сілы. Падзяляюцца на віды: сухап. войскі, ВПС і ППА, ВМФ, а таксама роды войск, якія не ўваходзяць у віды ўзбр. сіл: ракетныя войскі стратэг. прызначэння, касмічныя войскі; у ваен.-адм. адносінах — на 6 ваен. акруг: Ленінградская (С.-Пецярбург), Маскоўская (Масква), Паўн.-Каўказская (Растоў-на-Доне), Прыволжска-Уральская (Екацярынбург), Сібірская (Чыта), Далёкаўсходняя (Хабараўск). Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 1 млн. 265 тыс.чал. (2001). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Кіраванне ўзбр. сіламі ажыццяўляюць міністр абароны цераз мін-ва абароны і Ген. штаб. Камплектаванне на аснове прызыву на ваен. службу — па экстэрытарыяльным прынцыпе, а таксама па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 2 гады, для некат. катэгорый — 1 год. У сухап. войсках каля 370 тыс.чал., каля 7 тыс. танкаў, 7,2 тыс. баявых машын пяхоты, каля 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, больш за 7 тыс.артыл. сістэм калібру 100 мм і больш (артыл. гарматы, мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню), зенітныя ракетныя комплексы, армейская авіяцыя (каля 1 тыс. верталётаў розных класаў). У ВПС і ППА 161,3 тыс.чал., 5,5 тыс. самалётаў, у т. л. 3,6 тыс. баявых, зенітныя ракетныя комплексы С-300 і інш. У ВМФ 135,2 тыс. чал, 168 баявых надводных караблёў, 62 баявыя падводныя лодкі, 300 самалётаў, каля 43 верталётаў, а таксама танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і артылерыя. У паветр.-дэсантных войсках 30,3 тыс.чал., 1100 баявых машын пяхоты, больш за 500 бронетранспарцёраў, больш за 300 артыл. сістэм калібру 100 мм і больш, 23 верталёты. Кантынгенты войск Р. знаходзяцца і па-за яе межамі: на тэр. Закаўказзя, Украіны, Таджыкістана, Прыднястроўскага рэгіёна Рэспублікі Малдова, а таксама Югаславіі і інш.Ваен. дактрына Р. мае абарончы характар, але прадугледжвае выкарыстанне ядз. зброі ў адказ на ядз. нападзенне ці прымяненне інш. відаў зброі масавага знішчэння, буйнамаштабную агрэсію з выкарыстаннем звычайных узбраенняў. Паводле Дагавора аб калектыўнай бяспецы (1992) і інш. Р. праводзіць сумесную з Рэспублікай Беларусь абарончую палітыку.
Ахова здароўя. Існуе адзіная федэратыўная сістэма аховы здароўя. З агульных расходаў насельніцтва на мед. дапамогу 45% аплачваецца з бюджэту, 15% — за кошт абавязковага мед. страхавання (дзейнічае 90 тэр. фондаў), 7% — за кошт добраахвотнага мед. страхавання і платных паслуг; 33% складае аплата пацыентамі прыватных мед. паслуг. Асн. ўвага аддаецца развіццю першаснай медыка-сан. дапамогі на базе муніцыпальнай сістэмы аховы здароўя, ін-ту ўрачоў агульнай (сямейнай) практыкі, рэалізацыі мер па зніжэнні захворванняў на сацыяльна-значныя хваробы і інш.; спецыялізаванай службай распрацоўваюцца мерапрыемствы па рэабілітацыі дзяцей і інвалідаў. Першасную мед. дапамогу аказваюць 6250 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 1708 паліклінік, у т. л. 591 дзіцячая; дзейнічаюць 54 гаспадарча-разліковыя паліклінікі, 48 кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў, 3135 станцый хуткай мед. дапамогі, 9264 фельчарскіх пунктаў, 942 стаматалагічныя паліклінікі (1999). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59 жанчын 71,8 года. Вял. праблема — высокі ўзровень смяротнасці працаздольнага насельніцтва. Смяротнасць у 2000 склала 13,8 на 1 тыс.чал. (у 1970-я — 8,7). Натуральны прырост адмоўны: -0,478%. У 1970-я нараджальнасць на 1 тыс.чал. склала 15,1 чал., у 2000—9 чал. Высокая ўдз. в. дзяцей у насельніцтва рэгіёнаў з традыц. пашыранай мнагадзетнасцю (Дагестан, Інгушэція, Калмыкія, Саха, Алтай). За апошнія 10 гадоў агульная колькасць бальнічных устаноў скарацілася на 14,5%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 85 чал., урачамі — 1 на 215 чал. Дзіцячая смяротнасць у 2000—16,5 на 1 тыс. народжаных. У адпаведнасці з Канцэпцыяй (1997) прадугледжваюцца распрацоўка і рэалізацыя мер па зніжэнні захворванняў насельніцтва, гарантаваная мед. дапамога і інш.
Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Р. арганізавана як непарыўная паслядоўнасць узроўняў, або ступеняў, адукацыі. Яна ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Дашкольная адукацыя неабавязковая, ахоплівае дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту. Агульная сярэдняя ўключае базавую сярэднюю школу, якая дае пач. і базавую сярэднюю адукацыю, і поўную сярэднюю школу, якая дае пач., базавую і закончаную сярэднюю адукацыю. Пач. адукацыя (1-я ступень агульнай сярэдняй адукацыі) — 3—4 гады навучання. Большасць дзяцей паступае ў пач. школу з 7-гадовага ўзросту (каля 20% — з 6 гадоў, калі яны вучацца па 11-гадовай праграме сярэдняй школы). Базавая сярэдняя адукацыя (ніжэйшая сярэдняя; асн. школа) — абавязковая, тэрмін навучання 5 гадоў пасля пач. школы. Поўная сярэдняя — 2-гадовы курс пасля базавай адукацыі. Вышэйшую ступень сярэдняй адукацыі даюць гімназіі. Больш за 20 млн. школьнікаў Р. атрымліваюць адукацыю на рус. мове. Для больш чым 1,1 млн. вучняў выкладанне вядзецца на іх роднай мове. Пач.прафес. адукацыю можна набыць у школах прафес. адукацыі, у т. л. ліцэях на базе асн. школы без атрымання сярэдняй адукацыі (тэрмін навучання 1—2 гады), на базе асн. школы з атрыманнем сярэдняй адукацыі (3—4 гады навучання) і на базе сярэдняй школы (1—2 гады навучання). Сярэдняя прафес. адукацыя забяспечваецца праз сетку тэхн. прафесійных і сярэдніх спец.навуч. устаноў тэхн., гуманітарнага, мед., мастацкага і інш. профіляў (тэхнікумы, каледжы і інш.прафес. школы). Навучэнцы з базавай адукацыяй у сярэдніх прафес. установах адначасова атрымліваюць спец. і агульнаадук. падрыхтоўку. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. Акрамя дзярж. устаноў адкрываюцца і недзярж. (прыватныя, сацыяльныя, рэліг. канфесій). Вышэйшая адукацыя мае 3 узроўні: 1-ы — няпоўная вышэйшая прафес. адукацыя (2-гадовы курс навучання, пасля якога можна атрымаць дыплом аб няпоўнай вышэйшай адукацыі або прадоўжыць вучобу); 2-і ўзровень — вышэйшая прафес. адукацыя (4-гадовы курс навучання дае ступень бакалаўра або сертыфікат «спецыяліста»); 3-і — вышэйшы ўзровень прафес. падрыхтоўкі (6 гадоў навучання — ступень магістра, пасля 5 — спецыяліст шырокага профілю). У 1996/97 навуч.г. ў Р. 68,6 тыс. дашкольных устаноў (5,6 млн. дзяцей); больш за 70,2 тыс.дзярж.агульнаадук. школ (больш за 21 млн. вучняў), больш за 500 недзярж.; сярод дзённых школ пач. — 17,1 тыс., асн. — 13,7 тыс., поўных сярэдніх — 35,6 тыс. З агульнай колькасці вучняў у поўных сярэдніх школах вучылася больш за 19 млн.; адкрыты гімназіі (больш за 900, у іх 730 тыс. навучэнцаў), ліцэі (больш за 560 з 390 тыс. навучэнцаў). У сістэме прафес. адукацыі больш за 4,2 тыс.пач. і больш за 2,6 тыс. сярэдніх навуч. устаноў (у іх 3,7 млн. навучэнцаў). У больш як 560 дзярж.ВНУ, у т. л. 75 ун-таў (разам з прафіляванымі), больш за 2,6 млн. студэнтаў, у 200 недзярж. — 25 тыс. студэнтаў. Найбуйнейшыя ВНУ: Маскоўскі універсітэт, Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя, Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі, Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва — усе ў Маскве; Растоўскі дзяржаўны універсітэт, Санкт-Пецярбургскі універсітэт, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры, тэхн., шляхоў зносін (з 1809), аграрны, Горны, электратэхн., эканомікі і фінансаў, архітэктурна-буд., тэхнал., марскі, Рас.пед.ун-т і інш. ун-ты ў С.-Пецярбургу; Казанскі (з 1804), Томскі (з 1888), Саратаўскі (з 1904), Пермскі (з 1916), Іркуцкі (з 1918), Уральскі (з 1920; у Екацярынбургу), Новасібірскі (з 1959) ун-ты. У Маскве: Рас.ун-т дружбы народаў, ун-тміжнар. адносін, тэхн.ун-т імя Баўмана; радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі, авіяцыйны, энергетычны, аўтадарожны, інжынерна-фізічны, электронікі і матэматыкі і інш. — ін-ты са статусам тэхн. ун-та; тэхн.ун-т грамадзянскай авіяцыі, Рас. хіміка-тэхнал.ун-т, ін-т сталі і сплаваў (тэхнал.ун-т), тэхнал.ун-т «СТАНКІН», буд., пед., лінгвістычны, Горны, Рас.мед.ун-т, нафты і газу і інш. ун-ты; ін-ты: мед. стаматалагічны, эканоміка-фін., літ. імя М.Горкага і інш.; акадэміі: Маскоўская духоўная (г. Сергіеў Пасад), Санкт-Пецярбургская духоўная, тэатр. мастацтва, лесатэхн. і інш. ў С.-Пецярбургу, Рас. музыкі, Рас.мед., с.-г. імя Ціміразева, Рас.эканам., Рас.фіз. культуры, тонкай хім. тэхналогіі, вет. медыцыны і біятэхналогіі, фінансава-юрыд., лёгкай прам-сці, прыборабудавання і інфарматыкі (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Расійская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве, Расійская нацыянальная бібліятэка, Расійскай Акадэміі навук бібліятэка ў С.-Пецярбургу; Усерас. замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та, гіст., Рас. дзіцячая, Рас. па мастацтве, навукова-тэхн., навукова-мед., грамадска-паліт., с.-г., Рас. для сляпых, Рас. юнацкая (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя музеі: музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», Музей выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, музеі Маскоўскага Крамля (у т. л.Аружэйная палата), Музей Усходу, Гістарычны музей, Музей народнага мастацтва, Політэхнічны, Дарвінаўскі, Палеанталагічны, сучаснай гісторыі Расіі, Музей архітэктуры імя А.Шчусева і інш. ў Маскве; Эрмітаж, Рускі музей, Расійскі этнаграфічны музей, Аляксандра-Неўская лаўра, комплекс Петрапаўлаўскай крэпасці, н.-д. музей Рас. акадэміі мастацтваў (С.-Пецярбургскага ін-та жывапісу, скульптуры і архітэктуры), ваенна-марскі і інш. ў С.-Пецярбургу; палацы-музеі 18—19 ст. з паркавымі ансамблямі Гатчына, Паўлаўск, Петрадварэц, у г.Пушкін і інш. прыгарадах С.-Пецярбурга; гіст.-архітэктурны музей-запаведнік Каломенскае, музеі-сядзібы Астанкіна, Кускова ў Маскве, Абрамцава (каля г. Сергіеў Пасад), Л.М.Талстога ў Яснай Паляне (Тульская вобл.); музей-запаведнік А.С.Пушкіна (Пушкінскія Горы, Пскоўская вобл), нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі на в-ве Кіжы; музейнае аб’яднанне «Мастацкая культура» рускай Поўначы (г. Архангельск); гіст.-архітэктурныя і мастацкія, выяўл. мастацтваў, драўлянага дойлідства, музеі-запаведнікі і інш. «Залатога кальца Расіі» ў гарадах Сергіеў Пасад, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Яраслаўль, Кастрама, Суздаль, Уладзімір; музей зброі ў г. Тула і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ў Рас.АН (з 1724) і яе аддзяленнях: Далёкаўсходнім з навук. цэнтрамі (Прыморскі, Амурскі, Камчацкі, Сахалінскі, Паўночна-Усходні, Хабараўскі); Сібірскім з навук. цэнтрамі (Новасібірскі, Бурацкі, Іркуцкі, Кемераўскі, Краснаярскі, Омскі, Томскі, Цюменскі, Якуцкі); Уральскім з навук. цэнтрамі (Пермскі, Комі, Удмурцкі, Чэлябінскі), а таксама ў інш.навук. цэнтрах Рас.АН, у т. л. С.-Пецярбургскім, Дагестанскім, Кабардзіна-Балкарскім, Казанскім, Карэльскім, Кольскім, Самарскім, Саратаўскім, Уфімскім і інш.Навук. даследаванні праводзяць ун-ты, Рас. акадэмія с.-г. навук, Рас. акадэмія адукацыі, Рас. акадэмія мед. навук, Рас.навук. цэнтр «Курчатаўскі ін-т» і інш.Рас. вучоныя эфектыўна выкарыстоўваюць навук.-тэхн. патэнцыял, створаны за гады сав. улады ў СССР. Сусв. ўзроўню дасягнулі іх даследаванні ў галіне прыродазнаўчых (матэматыка, фізіка, у т. л. ядзерная, хімія, геалогія і акіяналогія, біялогія, медыцына), тэхнічных (авіяцыя, ракетабудаванне і касманаўтыка, электратэхніка і электроніка, кібернетыка і выліч. тэхніка), грамадскіх (гісторыя, археалогія, педагогіка, мастацтва- і літаратуразнаўства) і інш.навук.Асн. з гэтых напрамкаў працягваюць паспяхова развівацца. За адкрыцці ў галіне квантавай фізікі паўправаднікоў рас. вучонаму бел. паходжання Ж.Алфёраву ў 2000 прысуджана Нобелеўская прэмія.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у Р. каля 10 тыс.перыяд. выданняў, у т. л. каля 5 тыс. газет. Буйнейшыя агульнарас. газеты: «Российская газета» (з 1990), «Комсомольская правда», «Труд», «Известия», «Красная звезда» (з 1924), «Независимая газета» (з 1990), «Российские вести» (з 1992), «Правда», «Общая газета» (з 1991), «Сегодня» (з 1993), «Рабочая трибуна» (з 1990), «Коммерсант-daily» (з 1992), «Советский спорт» (з 1924), «Советская Россия» (з 1956); штотыднёвікі — «Аргументы и факты», «Московские новости» (з 1930 для замежных чытачоў, з 1980 на рус. мове), «Литературная газета», «Литературная Россия» (з 1958, да 1963 «Литература и жизнь»), «Экономика и жизнь» (з 1918, назва мянялася, сучасная з 1990), «Культура» (з 1929, да 1991 «Советская культура»). Выдаюцца таксама газеты рэсп., краявыя, абл. і інш. на рус. і нац. мовах. Інфарм. агенцтвы: ІТАР—ТАСС, Расійскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны», Інтэрфакс, Пастфактум (з 1989).
Радыёвяшчанне з 1919 (рэгулярнае з 1924). Дзейнасць радыё каардынуе Рас.дзярж. радыёвяшчальная карпарацыя (створана ў 1995 на базе Рас.дзярж. тэлерадыёкампаніі «Астанкіна», з 1991), у складзе якой федэральныя станцыі «Радыё Расіі», «Маяк», «Радыё-1», «Юнацтва», «Арфей», «Голас Расіі» (вядзе перадачы на рус. і 32 замежных мовах на ўсе рэгіёны свету), «Славянка», рэгіянальныя кампаніі «Масква» і «Масковія» (для Маскоўскай вобл.). Працуе Агульнарас. дзярж. радыёвяшчальная кампанія «Маяк» (створана ў 1997 на базе станцый «Маяк» і «Юнацтва—Маладзёжны канал»). Дзейнічаюць камерцыйныя і прыватныя («Еўропа плюс», «Рускае радыё», Радыё Расіі «Настальжы», «Рэха Масквы», «Наша радыё» і інш), грамадскія («Радыё АРТ», «Радыё РОКС», «Аўтарадыё») і інш. станцыі.
Тэлебачанне з 1932 (рэгулярнае з 1939, каляровае з 1967). Найбуйнейшыя тэлекампаніі Р. — Адкрытае акц.т-ва «Грамадскае расійскае тэлебачанне» (ААТ «ГРТ», з 1994), Усерас.дзярж. тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія (РТР, з 1990), Агульнарас. дзярж. тэлевізійны канал «Культура» (з 1997), Незалежная тэлевізійная кампанія (НТВ, з 1993), Маскоўская незалежная вяшчальная карпарацыя «ТВ-6. Масква» (з 1993), тэлевізійная кампанія «ТВ-Цэнтр» (з 1997). Працуюць 90 рэгіянальных, больш за 600 камерцыйных і прыватных кампаній і мясцовыя (муніцыпальныя) у гарадах і раённых цэнтрах. Дзейнічаюць 75 тэлецэнтраў, развіваюцца кабельнае вяшчанне, тэлерадыёвяшчанне ў камп’ютэрнай сетцы Інтэрнет, тэлевізійныя сеткі, якія спалучаюць спадарожнікавае тэлебачанне і розныя інш. формы, зарыентаваныя пераважна на краіны далёкага замежжа («РТР-тэлесетка», «НТВ плюс», «Сусветнае рускае ТВ»). У 1995 створана Нац. асацыяцыя тэлевяшчальнікаў.
Літаратура. Рус.л-ра — адна з найважнейшых галін духоўнай культуры рус. народа. Глебай для яе развіцця паслужыў фальклор, які бытаваў у розных жанравых формах (казкі, быліны, гераічныя песні, абрадавая паэзія), жывіў пісьмовую л-ру ідэямі, вобразамі і прыёмамі маст. творчасці. Пад яго ўздзеяннем складваліся найважнейшыя асаблівасці рус. л-ры, што ў далейшым сталі яе традыцыямі, — сувязь з жыццём, уменне ацэньваць падзеі з пункту гледжання народа, гарманічнае адзінства зместу і формы. Рус.л-ра спрыяла станаўленню і развіццю інш.нац. л-р, у т. л. суседніх — бел. і ўкр., адначасова ўзбагачаючыся і за іх кошт.
Вытокі рус. л-ры, як і бел., і ўкр., у л-ры Кіеўскай Русі — агульнай спадчыне ўсх.-слав. народаў. Помнікі л-ры 11—12 ст. неслі на сабе адбітак царкоўнасці, кніжнасці, былі вытрыманыя ў традыцыях хрысціянскай культуры (Астрамірава евангелле), але часам выходзілі за межы рэлігійнасці і адлюстроўвалі грамадскія інтарэсы (Павучанне Уладзіміра Манамаха, «Аповесць мінулых часоў», «словы» Кірылы Тураўскага, «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна). У гэтых і інш. творах, асабліва ў «Слове аб палку Ігаравым», выдатным помніку ўсх.-слав. л-ры, і сёння гучаць усхваляваныя галасы людзей, занепакоеных лёсам роднага краю, змагароў за захаванне высокіх маральных законаў грамадскага жыцця, лепшых традыцый чалавечых паводзін і духоўных каштоўнасцей. Л-ра 13—14 ст. натхнялася ідэямі патрыятызму («Жыціе Аляксандра Неўскага», «Задоншчына» і інш.). Гэтыя творы пакінулі прыкметны след у літ. працэсе, паўплывалі на далейшы лёс л-ры. У перыяд утварэння рус. народнасці, складвання і ўмацавання Рус. дзяржавы (14—16 ст.) развіваліся жанры легендарна-гіст. аповесці, дасягнула росквіту рус. летапісанне. Пачалося кнігадрукаванне. Першая дакладна датаваная рус. друкаваная кніга «Апостал» надрукавана ў 1564 у Маскве І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам. Вядомыя жанры (хаджэнні, словы, падарожжы, летапісы, прытчы) папоўніліся творамі грамадз. характару: «Дамастрой», «Ступенная кніга». З’явілася свецкая публіцыстыка (М.Грэк, І.Перасветаў). У 17 ст. пашырыліся сатыр. і бытавая аповесць («Пра Шамякаў суд»), паэзія і драматургія, узнік жанр аўтабіяграфіі («Жыціе пратапопа Авакума»). У гэты час л-ра імкнулася перагледзець ранейшыя пастулаты, актыўна засвойвала традыцыі фальклору, выкарыстоўвала магчымасці перакладу на рус. мову твораў зах.-еўрап. л-р. Уклад у станаўленне рус. л-ры гэтага перыяду зрабілі пісьменнікі — выхадцы з Беларусі (Сімяон Полацкі) Паглыбіліся сувязі л-ры з рэчаіснасцю, з бытавой сферай жыцця чалавека, сюжэты некат. твораў наблізіліся да рэальнасці; на жывую размоўную стыхію пачала арыентавацца мова. Л-ра 18 ст. развівалася пад уплывам канонаў класіцызму, іх паступовага пераадолення, з’яўлення высокапатрыят. прафес. пісьменніцкай дзейнасці. Рус.л-ра адчула на сабе ўплыў замежнага мастацтва, далучылася да выяўленых у ім новых тэндэнцый. Пашыралася яе тэматыка, з’явіліся новыя жанры (ода, балада, трагедыя, сатыра), мастацтва слова ўсё больш індывідуалізавалася, узніклі розныя літ. кірункі і школы. У 1730—70-я г. дасягнуў росквіту класіцызм (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў). Ён спрыяў развіццю патрыят. тэматыкі, выхаванню грамадз. сумлення, ухваленню подзвігаў у імя Радзімы. Пісьменнікі спрабавалі тыпізаваць пэўныя з’явы, выкрывалі адмоўнае ў жыцці. Дысцыплінаваўся працэс творчасці, культывавалася ўзбагачэнне нац. л-ры здабыткамі інш. л-р, найперш антычнай як узору сапраўднага мастацтва. У 1780-я г. выявіўся крызіс класіцызму («мяшанне» стыляў і жанраў у паэзіі Г.Дзяржавіна, пераадоленне статычнасці вобразаў, тэм, канфліктаў у камедыях Дз.Фанвізіна, публіцыстыцы М.Навікова, сатыр. творах і артыкулах І.Крылова). Дзяржавін стаў выразнікам суб’ектыўнага пачатку ў новай рус. паэзіі, надаў ёй яскравы нац. характар. Камедыяй «Недаростак» Фанвізін даў плённы кірунак далейшаму літ. працэсу, даказаў, што ўсё звязанае з жыццём чалавека можа быць крыніцай прыгожага, пашырыў магчымасці сатыры. Паступова нараджаўся рус.сентыменталізм («Бедная Ліза» М.Карамзіна, жанры падарожжа, элегіі і інш.). «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава — яркі ўзор патрыят., антыпрыгоннага твора, сведчанне пераадолення тэматычнай і жанравай «вузкасці» новага літ. кірунку. У 19 ст.рус.л-ра пераадольвала абстрактнасць і кананічнасць, высокую пафаснасць класіцызму, ідэйна-вобразную «камернасць» сентыменталізму і лёгкай паэзіі, павучальнасць Асветніцтва. Яна развівалася ў рэчышчы сінтэзу «высокасці» і «бунтоўнасці» рамантызму (В.Жукоўскі, К.Бацюшкаў, Я.Баратынскі, А.Адоеўскі і У.Адоеўскі, ранні А.Пушкін, М.Лермантаў) і праўдападобнасці і гіст. канкрэтнасці рэалізму. Рус. рамантызм даў сапраўдныя ўрокі грамадзянскасці і вальналюбства, суб’ектывізаваў і індывідуалізаваў мастацтва слова, паглыбіў яго спавядальны, маналагічны характар. Ён адкрыў новага героя — змагара за свабоду, вызваліў л-ру ад класіцысцкай нарматыўнасці. Пісьменнікі-рамантыкі ўважліва ставіліся да выкарыстання фальклору, да стварэння ў л-ры нац. каларыту, аднаўлення гераічных старонак нар. гісторыі. У іх творах выразна акрэслівалася асоба мастака як творчай індывідуальнасці, самаахвярнага змагара за ідэалы свабоды і братэрства.
Творчасць Крылова і А.Грыбаедава спрыяла развіццю выпрацаваных раней рэаліст. тэндэнцый, складванню іх у сістэму ідэйна-эстэт. асваення рэчаіснасці, якая і прадвызначыла рэалізм як маст. кірунак. Байкі Крылова — узор беражлівых адносін да нар. поглядаў, маралі, этыкі. У іх — непаўторнасць характару народа, яго мудрасць і годнасць. Камедыя Грыбаедава «Гора ад розуму» — адзін з самых надзённых і вольналюбівых твораў драматургіі 19 ст. Пачынальнік новай рус. л-ры Пушкін упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», «Медны коннік»), лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці Белкіна»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. Лермантаў сінтэзаваў прынцыпы рамант. і рэаліст. мастацтва ў паэмах «Мцыры» і «Дэман», стварыў першы ў рус. л-ры псіхал. раман «Герой нашага часу». М.Гогаль замацаваў традыцыі рэаліст. метаду, яго новай мадыфікацыі — крытычнага рэалізму, стаў прадвеснікам мадэрнісцкіх пошукаў у слоўнай творчасці. Крытык В.Бялінскі падтрымаў і тэарэтычна абгрунтаваў наяўнасць у тагачасным мастацтве рэв.-грамадзянскага і маральна-пошукавага кірункаў. Першы кірунак быў прадстаўлены рэв. дэмакратамі М.Чарнышэўскім (раман «Што рабіць?»), М.Дабралюбавым (крытыка), творамі М.Някрасава (грамадз. лірыка, паэмы «Чыгунка», «Каму на Русі жыць добра»), М.Салтыкова-Шчадрына (нарысы, казкі, раманы «Гісторыя аднаго горада», «Паны Галаўлёвы»), часткова У.Гаршына, М.Ляскова, Дз.Маміна-Сібірака, М.Памялоўскага, Ф.Рашэтнікава, В.Сляпцова, а ў канцы 19 ст. — пралетарскімі пісьменнікамі, у першую чаргу М.Горкім. Другі кірунак прадстаўлялі сваімі раманамі І.Ганчароў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, апавяданнямі і п’есамі А.Чэхаў, п’есамі А.Астроўскі. Тургенеў, Ганчароў, Дастаеўскі змагаліся супраць зла, сцвярджалі ідэі дабра і справядлівасці, даследавалі складаны духоўны свет чалавека. Дзякуючы ім на перадавыя пазіцыі ў літ. працэсе выйшаў раман, неад’емнай рысай мастацтва стаў глыбокі псіхалагізм. Рэв. ідэям Талстой проціпаставіў ідэю маральнага ўдасканалення чалавека і чалавецтва ў цэлым, устаноўку на пошук гармоніі нерэв. шляхам (раманы «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Уваскрэсенне», аповесць «Хаджы-Мурат» і інш.). Блізкім да яго быў шлях у л-ры Чэхава, які маральнае зло ставіў вышэй за сацыяльнае і выводзіў адно з аднаго. У п’есах Астроўскага выкрывалася змрочнае царства цемры. Ф.Цютчаў замацаваў і развіў традыцыі філас. лірыкі Яскравую старонку рус. л-ры склала творчасць А.Фета, Г.Успенскага, У.Караленкі, І.Аксакава, С.Аксакава, К.Лявонцьева. У канцы 19 ст. ў л-ру прыйшлі «малодшыя рэалісты» І.Бунін, А.Купрын, В.Верасаеў, Л.Андрэеў, І.Шмялёў, Б.Зайцаў і інш.; пісьменнікі сацыяліст. арыентацыі М.Горкі, А.Серафімовіч, пралетарскія паэты, а таксама дэкадэнты (раннія сімвалісты). У 1910-я г. пачалася творчасць «неарэалістаў» А.М.Талстога, М.Прышвіна, К.Транёва, В.Шышкова, «новасялянскіх» паэтаў М.Клюева, С.Ясеніна і інш. На аснове рэаліст. традыцыі развівалася сатыра (А.Аверчанка, Н.Тэфі, С.Чорны). Зарадзіўся футурызм. Рэакцыяй на пазітывізм і эмпірызм стаў сімвалізм, які грунтаваўся на метафіз., інтуітыўным спасціжэнні тайнаў светабудовы праз суб’ектыўнае ўспрыманне творцы. Старэйшыя сімвалісты (Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, В.Брусаў, К.Бальмонт, У.Салаўёў) спадзяваліся на рэліг. ператварэнне свету, «младасімвалісты» (А.Блок, А.Белы, В.Іванаў і інш.) — на яго эстэт. пераўтварэнне па законах прыгажосці На змену сімвалізму прыйшоў акмеізм (М.Гумілёў, Г.Ахматава, В.Мандэльштам, С.Гарадзецкі), які вярнуў паэзію ад абагульненай сімволікі да прадметна-канкрэтнай вобразнасці. Сімвалізм і акмеізм узбагацілі л-ру эстэт. адкрыццямі, паэт. культурай, засвоенай спадчынай айч. і сусв. л-ры. Футурызм вылучаўся агрэсіўна-прагматычным характарам, гуманіст. пафасам і антыбурж. скіраванасцю, разрывам з класічнай традыцыяй, «разбурэннем эстэтыкі», але футурысты (асабліва В.Хлебнікаў і У.Маякоўскі) адкрылі нявыкарыстаныя рэсурсы паэт. мовы, рэфармавалі вершаваную сістэму. Для л-ры да 1917 характэрны барацьба і ўзаемадзеянне рэаліст. і нерэаліст. тэндэнцый, узнікненне прамежкавых маст. з’яў: сінтэз рэалізму і рамантызму ў ранніх творах М.Горкага, рэалізму і экспрэсіянізму ў творчасці Андрэева, рэалізму і імпрэсіянізму ў ранніх Буніна і Зайцава, неакласічныя тэндэнцыі ў творчасці М.Валошына, У.Хадасевіча. Гэта сведчанне разнастайнасці і унікальнасці рус. л-ры таго перыяду.
Пасля 1917 у Расіі пачаўся працэс фарміравання новай л-ры. У перыяд грамадз. вайны л-ра выконвала пераважна агітацыйна-прапагандысцкую функцыю, але яе змест не абмяжоўваўся рэв. тэматыкай. Рэвалюцыя і грамадз. вайна паказваліся ў гіпербалічных, алегарычных, сімвалічных вобразах («Дванаццаць» Блока, рэв. паэмы Ясеніна, «150 000 000» і «Містэрыя-буф» Маякоўскага), у масавых тэатр. «дзействах», у абстрактных вобразах паэзіі Пралеткульта. У 1-й пал. 1920-х г.рус.л-ра развівалася ва ўмовах адноснай свабоды творчасці, суіснавання літ. груп («Серапіёнавы браты», «ЛЕФ», «Перавал», Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, канструктывісты), розных кірункаў (рэалізм, рамантызм, сімвалізм), эксперыментавання ў галіне мовы. Неадназначна вырашаліся асн. праблемы часу: рэвалюцыя і гуманізм, стыхійнасць і свядомасць, герой і народ, асоба і грамадства. Грамадз. вайна паказвалася з класавых пазіцый («Жалезны паток» Серафімовіча, «Разгром» А.Фадзеева, «Чапаеў» Дз.Фурманава, «Данскія апавяданні» М.Шолахава) і з пазіцый надкласавых, агульначалавечых («Белая гвардыя» М.Булгакава, «Лебядзіны стан» М.Цвятаевай, вершы пра грамадз. вайну Валошына). З творчымі пошукамі звязаны тэмы рэвалюцыі і інтэлігенцыі («Гарады і гады» К.Федзіна, «Зайздрасць» Ю.Алешы, «Вар’яцкі карабель» В.Форш, «Севастопаль» А.Малышкіна і інш.), рэвалюцыі ў вёсцы (Л.Лявонаў, У.Іванаў, А.Нявераў, Л.Сейфуліна і інш.). У гады нэпа ў вострай палеміцы вырашаліся праблемы маралі, кахання, сям’і. У пэўных межах дапускалася сатыра на бюракратызм і мяшчанства (Булгакаў, М.Зошчанка, Ільф і Пятроў, Маякоўскі). Але з сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся класавы падыход да рэчаіснасці, сцвярджалася перамога рэв. абавязку над пачуццём («Любоў Яравая» Транёва, «Сорак першы» Б.Лаўранёва). Гіст. мінулае ацэньвалася з пункту гледжання класавай барацьбы, гіст. проза 1920-х г. грунтавалася на антыцарскай канцэпцыі («Апрануты каменем» Форш, «Кюхля» Ю.Тынянава, «Разін Сцяпан» А.Чапыгіна). Раманам «Цэмент» Ф.Гладкова пачалася распрацоўка наватарскай тэмы працы. Дасягненне прозы 1920-х г. — зараджэнне жанру рамана-эпапеі («Жыццё Кліма Самгіна» М.Горкага, 2 кнігі трылогіі «Блуканне па пакутах» А.М.Талстога, 2 кнігі «Ціхага Дона» Шолахава). Рамантычна-абагульнены стыль прозы першых паслярэв. гадоў змяніўся рэаліст. паказам характараў і падзей. Адкрыццём у паэзіі з’явіліся наватарскія лірыка і «лірычны эпас» Маякоўскага. Значны ўклад у паэзію Ясеніна, М.Асеева, Э.Багрыцкага, М.Забалоцкага, У.Лугаўскога; Б.Пастарнака, І.Сяльвінскага, М.Ціханава і інш. Ранняя сав. драматургія, пераадолеўшы абстрактнасць і побытавасць, раскрывала гіст. падзеі праз лёс асобы і ўзаемадзеянне характараў («Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Разлом» Лаўранёва і інш.). 1930-я г. — перыяд складанага і супярэчлівага развіцця рус. л-ры. Негатыўны ўплыў зрабіў нарматыўны метад сацыялістычнага рэалізму. Аднак насуперак яго канонам былі створаны значныя творы, лепшыя з якіх адлюстравалі самаадданую працу, масавы энтузіязм народа, раскрылі філас., маральную і эстэт. значнасць працы («Соць» Лявонава, «Людзі з глухамані» А.Малышкіна, апавяданні А.Платонава, «Узнятая цаліна» Шолахава, творы пра гармонію чалавека з прыродай Прышвіна, К.Паустоўскага) і інш. У л-ры сцвердзілася канцэпцыя гераічнай асобы, якая фактычна ігнаравала яе самакаштоўнасць. Небяспеку стандартызацыі чалавека ў таталітарнай дзяржаве прадказваў Я.Замяцін у антыутопіі «Мы». Супраць міфа пра сацыяліст. рай, супраць пабудовы сацыялізму любой цаной скіраваны антыутопіі «Катлаван», «Чавянгур», «Ювенільнае мора» Платонава. На агульным фоне шматлікіх твораў пра грамадз. вайну, пра правадыроў і герояў асабліва вылучыўся «Ціхі Дон», у якім Шолахаў паказаў, што жыццё больш універсальнае і багатае, чым ідэі класавай барацьбы, што вольналюбівы чалавек здольны супраціўляцца гвалту над сабой. А.М.Талстой у эпапеі «Блуканне па пакутах» пайшоў на кампраміс з уладай і сфальсіфікаваў некат. моманты грамадз. вайны; у рамане «Пётр Першы» ён пераадолеў антыцарскую канцэпцыю, паказаў і адмоўны, і прагрэсіўны бакі рас. дзяржаўнасці. Шырокім ахопам падзей вылучаліся рэв.-гіст. і ваен.-гіст. раманы «Угрум-рака» Шышкова, «Емяльян Пугачоў» і «Цусіма» А.Новікава-Прыбоя, «Гарачая пара ў Севастопалі» С.Сяргеева-Цэнскага. У паэзіі ўзмацніліся рысы эпічнасці (паэмы А.Твардоўскага, П.Васільева, Л.Мартынава). У драматургіі распрацоўвалася героіка-рэв. тэматыка («Першая Конная» і «Аптымістычная трагедыя У.Вішнеўскага, «Чалавек з ружжом» і «Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), псіхал. драма («Таня» А.Арбузава, «Машачка» А.Афінагенава). Развівалася дзіцячая л-ра (К.Чукоўскі, С.Маршак, А.Гайдар і інш.). Л-ра канца 1930-х г. усё глыбей напаўнялася антываен. і антыфаш. пафасам (творы Афінагенава, Ціханава, І.Эрэнбурга). Яна паказвала трыумф, але прыхоўвала трагедыю часу — масавыя рэпрэсіі. У гэтыя гады цяжка складваўся лёс многіх таленавітых пісьменнікаў.
Вызначальная рыса рус. л-ры часоў Вял.Айч. вайны — аптымізм, вера ў перамогу над ворагам, гуманізм. Масаваму гераізму народа, подзвігам воінаў і партызан прысвечаны публіцыст. артыкулы і нарысы А.М.Талстога, Шолахава, Лявонава, Эрэнбурга, Фадзеева, К.Сіманава і інш., аповесці «Няскораныя» Б.Гарбатава, «Дні і ночы» Сіманава, «Валакаламская шаша» А.Бека, раман «Маладая гвардыя» Фадзеева, паэмы «Пулкаўскі мерыдыян» В.Інбер, «Сын» П.Антакольскага, «Зоя» М.Алігер, вершы Дз.Беднага, В.Лебедзева-Кумача, М.Ісакоўскага, С.Шчыпачова, А.Суркова, Сяльвінскага і інш.Л-раваен. гадоў прадаўжала гераічныя традыцыі рус. класічнай л-ры і фальклору («Рускі характар» А.М.Талстога, «Навука нянавісці», «Яны змагаліся за Радзіму» Шолахава). Вышэйшым увасабленнем самасвядомасці народа з’явіліся паэма-эпапея «Васіль Цёркін» Твардоўскага. Традыцыям рус. воінскай славы прысвечаны «Порт-Артур» А.Сцяпанава, часткі «Брусілаўскі прарыў» і «Пушкі выстаўляюць» эпапеі «Ператварэнне Расіі» Сяргеева-Цэнскага.
Л-ра пасляваен. 10-годдзя прадаўжала маст. асэнсаванне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну: «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б.Палявога, «Зорка» Э.Казакевіча, «У акопах Сталінграда» В.Някрасава, «Бура» Эрэнбурга, паэзія К.Ваншэнкіна, Ю.Друнінай, М.Луконіна, С.Нараўчатава, Р.Пажаняна, М.Старшынава і інш. Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, працоўныя будні горада і вёскі паказаны ў раманах «Далёка ад Масквы» В.Ажаева, «Кружыліха» В.Пановай, «Вадзіцелі» А.Рыбакова, «Вышыня» Я.Вараб’ёва, «Журбіны» У.Кочатава, «Жніво» Г.Нікалаевай і інш., у нарысах «Раённыя будні» В.Авечкіна. Дасягненнем пасляваен. прозы стаў раман Лявонава «Рускі лес», які адыграў вял. ролю ў выхаванні патрыятызму, разумных адносін да прыроды. Найб. актуальныя тэмы тагачаснай паэзіі — пераход ад вайны да мірнай працы («Дом ля дарогі» Твардоўскага, «Рабочы дзень» Луконіна), барацьба за мір (цыклы вершаў Сіманава, Ціханава, Суркова і інш.). На развіццё л-ры, асабліва драматургіі, тады адмоўна паўплывалі тэорыі станоўчага героя і бесканфліктнасці.
Літ. жыццё актывізавалася на мяжы 1950—60-х г. на хвалі дэмакр. ўздыму пасля развянчання культу асобы Сталіна. Актам маральнага прасвятлення грамадства стала публікацыя аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» А.Салжаніцына. Апавяданне Салжаніцына «Матронін двор» паклала пачатак т.зв. вясковай прозе (Ф.Абрамаў, В.Бялоў, Б.Мажаеў, В.Распуцін) з яе суровай праўдай пра жыццё вёскі і становішча сялянства. Раманы «Рускі лес» Лявонава, «Асударава дарога» Прышвіна, «Майстар і Маргарыта» Булгакава садзейнічалі развіццю філас. рамана. У раманах «Цар-рыба» В.Астаф’ева, «Камісія» С.Залыгіна, аповесцях У.Цендракова і інш. ставіліся пытанні ўзаемаадносін чалавека з прыродай і людзьмі, праблемы творчасці. Змяніўся характар прозы пра Вял.Айч. вайну. Пачынаючы з «Жывых і мёртвых» Сіманава, вайна стала паказвацца ў яе гераічнай і трагічнай цэльнасці, на ўзроўні філас. абагульненняў і маральнага падыходу, паглыбленага псіхалагізму. Пашырыўся лірычны кірунак (В.Бергольц, Паустоўскі, У.Салаухін, С.Круцілін, Ю.Казакоў). Настрой «шасцідзесятнікаў» энергічна выявіла маладая паэзія (Б.Акуджава, А.Вазнясенскі, У.Высоцкі, Я.Еўтушэнка, Р.Раждзественскі). Творчым развіццём фалькл. тэм і вобразаў, песеннасцю пазначана паэзія У.Сакалова, А.Дзяменцьева, М.Дарызо, Л.Ашаніна, С.Вікулава, М.Трапкіна і інш.Філас.; лірыку ўзбагацілі Антакольскі, Асееў, Твардоўскі, Мартынаў, Маршак, Я.Вінакураў, М.Святлоў, А.Таркоўскі, Д.Самойлаў і інш. Спалучэнне глыбока асабістага з роздумам пра Радзіму і час характэрна для паэзіі С.Арлова, А.Жыгуліна, А.Межырава, Нараўчатава, Салаухіна, Б.Слуцкага, Я.Смелякова, В.Тушновай, В.Фёдарава, А.Яшына і інш. Імкненне асэнсаваць супярэчнасці стагоддзя і пошукі новай гармоніі ўласцівы паэзіі Л.Васільевай, Ю.Кузняцова, М.Рубцова, А.Чухонцава і інш. У 1960—70-я г. дасягнула апагея ваен. проза, пашырыла сферу паказу і дамаглася жанрава-стылявой разнастайнасці («Гарачы снег» і «Бераг», Ю.Бондарава, аповесці і апавяданні Р.Бакланава, Б.Васільева, В.Кандрацьева і інш.). «Гарадская проза» (Р.Кірэеў, У.Маканін, Ю.Трыфанаў і інш.) выявіла сімптом бездухоўнасці, мяшчанскай псіхалогіі ў жыцці інтэлігенцыі. Гэта была рэакцыя на грамадскі застой, які пачаўся з 2-й пал. 1960-х г.Л-ра дыягнаставала сац. хваробы грамадства («Сумны дэтэктыў» Астаф’ева, «Пажар» Распуціна). Пашырылі межы і навукова-сац. фантастыка (К.Булычоў, А. і Б. Стругацкія, І.Яфрэмаў і інш.), прыгодніцкая і дэтэктыўная л-ра (А. і Г. Вайнеры, Ю.Сямёнаў і інш.). Дзіцячая л-ра прадстаўлена прозай В.Драгунскага, А.Ліханава, С.Міхалкова, В.Мядзведзева, М.Носава, Рыбакова, паэзіяй С.Баруздзіна, В.Берастава, Б.Захадэра, Міхалкова, І.Такмаковай, Э.Успенскага і інш. Сфарміраваліся л-ра трэцяй хвалі пісьменніцкай эміграцыі (В.Аксёнаў, Г.Уладзімаў, С.Даўлатаў, У.Максімаў і інш.), авангардызм (І.Жданаў, Дз.Прыгаў, Л.Рубінштэйн і інш.) і постмадэрнізм.
Асабліва дынамічны і драм. перыяд развіцця рус. л-ры з канца 1980-х г. выкліканы зменамі паліт. і эканам. ладу ў Расіі. Вызваленне ад цэнзуры, легалізацыя забароненай і эмігранцкай л-ры надалі л-ры шырокае дыханне. Пасля публікацыі «Архіпелага ГУЛАГа» Салжаніцына актывізавалася «лагерная тэма» (В.Шаламаў, Рыбакоў, Ю.Дамброўскі). У канцы 1980-х г. упершыню апублікаваны «Рэквіем» Ахматавай, «Па праву памяці» Твардоўскага, «Доктар Жывага» Пастарнака, «Жыццё і лёс» В.Гросмана, «Факультэт непатрэбных рэчаў» Дамброўскага, антыутопіі Платонава, сатыр. аповесці Булгакава. Даступнымі сталі творы да таго часу невядомых ці забытых пісьменнікаў (М.Алданаў, Валошын, Гумілёў, Г.Іванаў, У.Набокаў, В.Розанаў, А.Рэмізаў, Хадасевіч і інш.). Вярнуліся з эміграцыі І.Адоеўцава, У.Вайновіч, А.Зіноўеў, Салжаніцын і інш. Крытыка пераглядала традыц. тэмы сав. л-ры, найперш тэму калектывізацыі. Радыкальная пераацэнка творчасці М.Горкага, Маякоўскага, А.М.Талстога, Шолахава паступова змянілася аб’ектыўным падыходам. Побач з шырока разгалінаванай маст. сістэмай рэалізму сфарміравалася маст. сістэма постмадэрнізму з яго варыянтамі («мета-метафарызм», канцэптуалізм, сац-арт і інш.). Жывы струмень постмадэрнізму ўзбагаціў л-ру таленавітымі творамі («Школа для дурняў» С.Сакалова, «Масква—Петушкі» Венядзікта Ерафеева, «Амон Ра», «Жыццё насякомых» В.Пялевіна), але і дыскрэдытаваў чалавека, проціпаставіў розуму культ цела, фізіялогію, паталогію (Віктар Ерафееў, Ю.Мамлееў, У.Сарокін).
Проза канца 20 — пач. 21 ст. выяўляе сац. супярэчнасці, адкрывае новыя псіхал. тыпы (нуварыш, аўтсайдэр, бомж), герояў «безгеройнага» часу, засяроджваецца гал. чынам на цяжкім лёсе «маленькага» і «сярэдняга» чалавека, паступова пераадольвае ранейшую бязвыхаднасць, песімізм, бытапісанне і падыходзіць да задачы «аднаўлення» чалавека. У асобных выпадках проза ўздымаецца да «вечных тэм» быцця, грунтуецца на дыхатаміі Дабра і Зла, Хрыста і Антыхрыста (раман Лявонава «Піраміда», апубл. ў 1994, які паставіў пытанне пра чалавечую цывілізацыю, што апынулася на ракавой мяжы самазнішчэння). Значны ўклад у сучасную прозу А.Бітава, В.Ганічава, М.Кураева, Ю.Палякова, Л.Петрушэўскай, А.Праханава, Т.Талстой, В.Токаравай і інш. Развіваецца гіст. проза (Дз.Балашоў, Л.Барадзін, А.Сегень, Ю.Фёдараў і інш.). Драматургія спрабуе асэнсаваць канфлікты часу перабудовы (У.Аро, А.Галін, А.Казанцаў, М.Каляда, М.Арбатава, В.Рысееў і інш.). У сучаснай паэзіі працуюць Б.Ахмадуліна, Ваншэнкін, Р.Казакова, Кузняцоў, П.Кошаль, С.Куняеў, В.Ліпневіч, І.Ляпін, Ю.Морыц, В.Сарокін, У.Фірсаў, І.Шклярэўскі і інш.
Руска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Бел. і рус.стараж. л-ры развіваліся ў межах адных і тых жа літ. жанраў, на агульнай жыццёвай аснове. Значную ролю ў станаўленні л-р абодвух народаў у стараж. часы адыгралі агульныя літ. помнікі: «Слова аб палку Ігаравым», «словы» Кірылы Тураўскага, рэгіянальныя летапісы, перакладная л-ра. Вял. значэнне для ўмацавання сувязей мела дзейнасць заснавальніка ўсх.-слав. і бел. кнігадрукавання Ф.Скарыны. Традыцыі «Слова аб палку Ігаравым» адчувальныя ў помніку стараж.бел. л-ры — паэме Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Агульная для бел. і рус. л-р 2-й пал. 17—18 ст. была творчасць Сімяона Полацкага і Андрэя (Яна) Белабоцкага. Фанвізін у лістах з дарогі ў Парыж апісаў гарады Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе ён працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». На Беларусі пасля яе далучэння да Расіі (канец 18 ст.) распаўсюджваліся творы рус. пісьменнікаў. Літ. сувязі паміж народамі-суседзямі ніколі не перапыняліся, асабліва ўмацаваліся яны ў 19 ст., калі Вільня і Пецярбург сталі асяродкамі шматнац. культуры і л-ры. У гэты час многія рус. і бел.маст. творы з’явіліся на агульнай аснове («Энеіда навыварат» В.Равінскага і падобны рускамоўны твор М.Осіпава). Паэма «Тарас на Парнасе» арыентуе чытача на ўспрыманне і высокую ацэнку творчасці класікаў рус. л-ры Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Гогаля. Асветніцкія, гуманістычныя ідэалы польскамоўнай л-ры Беларусі (А.Міцкевіч, У.Сыракомля, Я.Чачот і інш.) жывіліся творчасцю рус. класікі. З жыццём беларусаў былі знаёмыя Дзяржавін, Вяземскі, Рылееў, А.Бястужаў-Марлінскі, Глінка. Бел. зямля — радзіма Дастаеўскага і Ф.Булгарына. Першыя выступленні ў друку Грыбаедава звязаны са службай у Кобрыне і Брэсце, дзе ён знаёміўся з побытам і вуснай нар. творчасцю беларусаў, назіраў за будучымі прататыпамі сваіх твораў. Жыццём бел. народа цікавіліся Пушкін (сюжэт і лёс гал. героя рамана «Дуброўскі» ўзяты з бел. жыцця), Лермантаў (паводле бел. гісторыі напісаны паэмы «Ліцвінка» і «Баярын Орша»), Рылееў (дума «Рагнеда»), Гогаль. Някрасаў адзін з першых у рус. паэзіі стварыў вобраз беларуса (паэма «Чыгунка»). З глыбокай павагай пісаў пра беларусаў Дабралюбаў. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» ён выкрываў выдумкі пра «забітасць» і адсталасць бел. сялянства. На рус. мову перакладалі бел. фальклорныя творы А.Майкаў, М.Гербель. Ляскоў падарожнічаў з В.Каратынскім па Беларусі, на бел. матэрыяле напісаў антынігілістычныя раманы «Няма куды» (пра паўстанцаў 1863—64) і «На нажах». На бел. матэрыяле створаны і некат. творы Рашэтнікава, І.Лажэчнікава, К.Масальскага, У.Крастоўскага. Ад падарожных нататкаў, успамінаў, артыкулаў, паліт. трактатаў, вершаў і гісторыка-этнагр. нарысаў л-ра пераходзіла да стварэння абагульненага вобраза бел. народа, да маст. ўвасаблення яго духоўнага свету. Традыцыі рус. рэалістычнай вольналюбівай л-ры шанавалі і выкарыстоўвалі Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вывучэнне бел. краю на навук. аснове вялі М.Без-Карніловіч, П.Шпілеўскі, І.Насовіч, Е.Раманаў, Я.Карскі, П.Шэйн, М.Нікіфароўскі, якія знаёмілі рас. чытача з маст. л-рай, звычаямі, фальклорам беларусаў. На працы Без-Карніловіча і Шпілеўскага адгукнуўся ў друку Чарнышэўскі. Для прапаганды бел. л-ры ў рас. друку шмат зрабіў А.Пагодзін, у полі зроку якога апынулася творчасць Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. У Пецярбургу Я.Купала пад уплывам сімвалістаў напісаў драму «Раскіданае гняздо», пазней — паэмы «На Куццю», «Адвечная песня» (уплыў Андрэева). Свой зб. «Шляхам жыцця» ён падпісаў Брусаву і Бальмонту. У многіх творах Цёткі паказана жыццё пецярбургскіх студэнтаў і рабочых. У Пецярбургу была створана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выдадзены першыя кнігі Я.Купалы («Жалейка») і Я.Коласа («Песні-жальбы»), у 1912—14 дзейнічаў Беларускі навукова-літаратурны гурток. Важнае значэнне мелі прызнанне і высокая ацэнка творчасці Я.Купалы і Я.Коласа М.Горкім, які адзначыў прастату, народнасць, меладычнасць іх твораў, пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе?», прыраўняўшы яго да гімна беларусаў. Я.Купала, Цётка, Ц.Гартны прызнавалі ўплыў на сваю творчасць Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Гогаля, Л.Талстога. Багдановіч частку твораў напісаў на рус. мове, пераклаў на яе зб. вершаў «Вянок», апублікаваў артыкулы на рус. мове пра творчасць Ламаносава, Баратынскага, С.Дрожжына і інш.рус. пісьменнікаў. Творчасцю бел. паэтаў цікавіўся Брусаў. Ён стаў адным з першых перакладчыкаў вершаў Я.Купалы на рус. мову. Творы Я.Купалы ў дакастр. час. перакладаў і А.Карынфскі. Служба на тэр. Беларусі ў гады 1-й сусв. вайны адбілася на творчасці Блока. У канцы 19 ст. зроблены першыя пераклады на бел. мову асобных твораў рус. паэзіі (вершы Пушкіна, Някрасава, А.К.Талстога, байкі Крылова ў перакладах Гурыновіча, Багушэвіча, А.Абуховіча; апавяданне «Сігнал...» У.Гаршына). У 1903 М.Косіч выдала ў Чарнігаве зборнік вольных наследаванняў «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову». Бел. тэматыкай цікавіўся Бунін. Газ. «Наша ніва» друкавала ў перакладзе на бел. мову творы Л.Талстога, Тургенева, Чэхава, М.Горкага, Караленкі, Брусава, урыўкі з артыкулаў Бялінскага, адзначала юбілеі Л.Талстога, Гогаля і інш. Артыкулы пра творчасць рус. пісьменнікаў, іх творы змяшчалі газеты, што выходзілі на Беларусі («Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.).
Пасля 1917 літ. сувязі паміж Беларуссю і Расіяй паглыбіліся. Больш частымі сталі творчыя кантакты (прыезды на Беларусь Маякоўскага, Пастарнака, Сіманава і інш. пісьменнікаў). Плённымі формамі сувязей сталі ўзаемныя пераклады твораў, святкаванні юбілеяў, з’езды пісьменнікаў, дэкады л-ры і мастацтва і інш. Я.Купала зрабіў пераклады на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым» — празаічны (1919) і вершаваны (1921). Бел. газеты і часопісы («Звязда», «Беларуская вёска», «Маладняк», «Полымя» і інш.) друкавалі творы Маякоўскага, Дз.Беднага, «камсамольскіх паэтаў» А.Жарава, А.Безыменскага, Святлова. У 1920—30-я г. творы рус. пісьменнікаў перакладалі З.Астапенка («Маці» М.Горкага), П.Броўка («Уладзімір Ільіч Ленін» Маякоўскага), М.Гарэцкі (апавяданні М.Горкага, «Разгром» Фадзеева), М.Грамыка (творы Л.Талстога), І.Дварчанін і А.Дудар («Дванаццаць» Блока), М.Зарэцкі («Цэмент» Гладкова), Я.Колас («Палтава» Пушкіна), К.Крапіва (творы Фанвізіна, Крылова, Пушкіна, Гогаля, Астроўскага, Маякоўскага), Я.Купала («Медны коннік» Пушкіна), А.Куляшоў («Цыганы» Пушкіна), Р.Лынькоў і В.Вітка («Добра!» Маякоўскага), М.Багун, С.Баранавых, Р.Бахта, М.Клімковіч, Я.Скрыган, Ю.Таўбін, К.Чорны, А.Якімовіч і інш. Засваенне традыцый рус. класікі стала важным фактарам развіцця бел. л-ры. Пушкін паўплываў на станаўленне бел. паэзіі (Я.Купала, Я.Колас, Багдановіч), рус. класічны раман садзейнічаў нараджэнню гэтага жанру ў бел. л-ры (Ц.Гартны, К.Чорны, П.Галавач і інш.). Філас. пошукі К.Чорнага абумовілі яго цікавасць да творчасці Дастаеўскага, М.Горкага. Горкаўскія традыцыі шмат у чым паўплывалі на творчасць М.Чарота, Ц.Гартнага, Зарэцкага. Моцнае ўздзеянне на паэзію М.Чарота, Броўкі, Куляшова зрабіў Маякоўскі; творчасць яго і Дз.Беднага садзейнічала развіццю бел. сатыры. Уплыў Ясеніна адчуваецца ў паэзіі П.Труса, Я.Пушчы і інш. маладнякоўцаў. Плённай традыцыяй рус. л-ры стала імкненне знаёміць сваіх чытачоў са здабыткамі бел. л-ры. У 1919 у Маскве выйшла кніга Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (складальнік і рэдактар І.Белавусаў). У 1920—30-я г. на рус. мове выдадзены творы Я.Коласа «У палескай глушы», М.Чарота «Апавяданні», Ц.Гартнага «Трэскі на хвалях» і «Аповесці і апавяданні», Галавача «Праз гады», А.Александровіча «Шчаслівая дарога»; «Анталогія беларускай літаратуры» і зб. «Паэзія Савецкай Беларусі». У 1931 М.Горкі рэкамендаваў выдаць у серыі «Бібліятэка паэта» творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Коласа, Багдановіча. Серафімовіч у прывітанні 1-му з’езду БелАПП прадказаў росквіт бел. л-ры, раіў перакладаць яе на інш. мовы. Умацаванню рус.-бел. сувязей садзейнічалі 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў (1934), усенар. святкаванне юбілею Пушкіна (1937), 750-годдзя «Слова аб палку Ігаравым» (1938). У 1936 у Мінску адбыўся 3-і пленум праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башкірскай л-рам, у перакладзе на бел. мову выйшла «Анталогія рускай савецкай паэзіі». Наладжваліся творчыя кантакты бел. пісьменнікаў з пісьменнікамі Масквы, Смаленска і інш. гарадоў. Вял. Айч. вайна вызначыла агульнасць тэм, ідэй, вобразаў у творах рус. і бел. пісьменнікаў. На рус. мове выдадзены кніга Я.Купалы «Народ-мсцівец», зб-кі твораў бел. пісьменнікаў «За Савецкую Беларусь» і «Беларусь змагаецца», кнігі вершаў Я.Коласа, Броўкі, П.Панчанкі, паэма Куляшова «Сцяг брыгады», зб-кі «Апавяданні» і «Васількі» М.Лынькова.
У пасляваенны час узаемадзеянне рус. і бел. л-р узмацняецца, пашыраюцца кантакты паміж пісьменнікамі і перакладчыцкая дзейнасць. На рус. мове выдаюцца найб. значныя творы бел. празаікаў, паэтаў, драматургаў (зб. «Паэты Беларусі», 1947; «Анталогія беларускай паэзіі», 1952; зб. «Беларускія апавяданні», 1955, і інш.). Адначасова на бел. мове выдадзены зб-кі «Паэты Ленінграда» (1948), «Рускія асілкі. Быліны» (1950), «Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў» (1951), анталогія «Руская савецкая паэзія» (1953) і інш. Актывізавалася вывучэнне ўзаемадзеяння рус. і бел. л-р (кн. М.Клімковіча «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру», 1955; В.Івашына «М.Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.», 1956). Шмат увагі бел. л-ры аддаваў Фадзееў. У 1943 ён пісаў пра «Выбраныя творы» Я.Купалы, што «даўно не чытаў больш чыстай кнігі»; у 1950-я г ў лістах да І.Мележа, П.Пестрака, М.Паслядовіча, А.Вольскага выказваў свае думкі і заўвагі пра раманы «Мінскі напрамак», «Сустрэнемся на барыкадах», «Святло над Ліпскам» і п’есу «Несцерка». Вял. роля ў папулярызацыі бел. л-ры належыць Твардоўскаму. Ён прысвяціў Беларусі вершы «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша», «Зяць і цешча» і інш., нарысы «У Віцебску», «Першы дзень у Мінску», «Сэрца народа», «Пра ластаўку», «Паездка ў Гродна», «Лявоніха», «Слаўны дзед», перакладаў на рус. мову бел.нар. песні, творы Я.Купалы, Я.Коласа, Куляшова, М.Засіма, М.Сурначова і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Броўка, А.Бялевіч, М.Калачынскі, К.Крапіва, Куляшоў, Р.Няхай, А.Русак, М.Танк і інш. Твардоўскі прызнаваў уплыў на яго творчасць Я.Купалы, сведчыў, што паэма Куляшова «Сцяг брыгады» паўплывала на яго паэму «Дом ля дарогі». Творчасці Куляшова ён прысвяціў арт. «Паэма «Сцяг брыгады» і «Сталасць таленту». Памяці Твардоўскага прысвечана паэма «Варшаўскі шлях» Куляшова. Побач з перакладчыцкай дзейнасцю інтэнсіўна развіваліся інш. формы літ. узаемасувязей, рэгулярна праводзіліся дэкады, тыдні, дні л-ры і мастацтва. У 1965 пачаў дзейнічаць Савет па бел. л-ры пры Саюзе пісьменнікаў СССР, які каардынаваў работу па літ. узаемасувязях. У перакладзе на рус. мову выдадзены зборы тв. Я.Купалы (т. 1—3, 1982), Я.Коласа (т. 1—4, 1951—52; т. 1—4, 1982—83), Броўкі (т. 1—4, 1981—82), В.Быкава (т. 1—4, 1985—86) і інш. Творы рус. пісьменнікаў выдаваліся на Беларусі і ў арыгінале. Над перакладамі твораў бел. л-ры актыўна працавалі і працуюць рус. паэты Ісакоўскі, Пракоф’еў, М.Рыленкаў, С.Гарадзецкі, М.Галодны, Дз.Кавалёў, М.Камісарава, К.Шавялёва, І.Шклярэўскі, перакладчыкі — А.Астроўскі, М.Гарбачоў, П.Кабзарэўскі, Я.Мазалькоў, Я.Хелемскі, В.Шчадрына і інш. Сведчанне сталасці бел. перакладчыцкай школы — зварот да тонкай лірыка-псіхал. прозы Паустоўскага, Казакова, метафарычнай паэзіі Ясеніна.
Многія рус. пісьменнікі звярталіся і звяртаюцца да бел. тэматыкі. Пра жыццё бел. народа, яго ўдзел у Вял.Айч. вайне, працоўныя будні пісалі Л.Абухава (аповесці «Глыбінь-Гарадок» і «Віцьбічы»), В.Кажэўнікаў (нарыс «Па дарогах Беларусі»), І.Шток (п’еса «Гастэла»), Л.Ракоўскі (аповесць «Канстанцін Заслонаў»), Б.Касцюкоўскі (аповесць «Нітка Арыядны»), Вараб’ёў (раман «Зямля, да запатрабавання») і інш.Ваен. дарогі і памяць пра вайну навек зраднілі з бел. зямлёю Сіманава. Ён не раз прыязджаў на Беларусь, прысвяціў ёй многія старонкі свайго дзённіка «Розныя дні вайны» і раман «Апошняе лета», пераклаў на рус. мову паэму Таўлая «Таварыш». Бел. матэрыял выкарыстаны ў раманах «Касцёр» К.Федзіна, «Вёрсты любві» А.Ананьева, «Момант ісціны» У.Багамолава, «Вайна» Стаднюка. Шырокі водгук у рус. л-ры атрымала гераічная абарона Брэсцкай крэпасці («Крэпасць над Бугам», «Брэсцкая крэпасць» і «Героі Брэсцкай крэпасці» С.Смірнова, «Бессмяротны гарнізон» Сіманава, «Дзяўчына з Брэста» Ю.Якаўлева, «Пеця Клыпа» М.Лісянскага, «У спісах не значыўся» Васільева, зб-кі вершаў «Рэха ў граніце» і «Табе, Беларусь»). Беларусі прысвечаны вершы Дз.Беднага, Вазнясенскага, Ю.Воранава, Гарадзецкага, Я.Далматоўскага, Ісакоўскага, Камісаравай, Кошаля, Куняева, Ляпіна, Пракоф’ева, Смелякова, Шавялёвай, паэма В.Саянава «Белавежская аповесць» і інш. Вобраз Расіі паўстае ў вершах Я.Купалы, Я.Коласа, А.Вялюгіна, Я.Каршукова, Куляшова, Е.Лось, Панчанкі, Г.Пашкова, А.Пысіна, Ю.Свіркі, У.Скарынкіна, Э.Скобелева, Б.Спрынчана, В.Спрынчана, М.Танка, Я.Янішчыц і інш.
У 1999 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» выйшла кніга «Роднасць: Анталогія братэрства», у якой змешчаны вершы, літ., публіцыст. эсэ бел. паэтаў пра Р., рус. паэтаў — пра Беларусь. На Беларусі жылі і працавалі рускамоўныя пісьменнікі Ю.Багушэвіч, М.Гарулёў, М.Герасімаў, М.Кругавых, У.Машкоў, І.Мяла, Г.Папоў, П.Харкоў, К.Цітоў, І.Шапавалаў, М.Аляксееў, працуюць А.Дракахруст, А.Скарынкін, Скобелеў, Б.Спрынчан, В.Спрынчан, М.Чаргінец, Э.Ялугін, С.Яўсеева і інш.
Шматгранныя сувязі рус. і бел. л-р удасканальваюцца, набываюць новыя формы, напр., творчае супрацоўніцтва пісьменнікаў («Блакадная кніга» Адамовіча і Граніна, ч. 1—2, 1977—81), літ.-знаўчыя даследаванні. У вывучэнне бел. л-ры зрабілі ўклад рус. даследчыкі Мазалькоў («Янка Купала», 1949, 5-е выд. 1961; «Якуб Колас», 1960; «Зямля, якая спявае», 1965), А.Аўчарэнка («Сучасны беларускі раман», 1971, 2-е выд. 1978), І.Вішнеўская («Камедыя на арбіце», 1979), Л.Лазараў («Васіль Быкаў», 1979), І.Дзядкоў («Васіль Быкаў», 1980). У сучасным літ.-знаўстве літ. ўзаемасувязі — прадмет і сродак вывучэння заканамернасцей літ. працэсу. Кожная праблема вывучаецца з улікам узаемасувязі і ўзаемадзеяння братніх л-р, найб. дэталёва даследуюцца традыцыі і наватарства, творчая індывідуальнасць пісьменнікаў, тыпалагічная агульнасць і адрозненні. Вывучэнню рус.-бел. сувязей прысвечаны працы Н.Перкіна «У сям’і братніх літаратур» (1967), М.Ларчанкі «Яднанне братніх літаратур» (1974), Р.Бярозкіна «Звенні», А.Ленсу «Дакастрычніцкая творчасць Я.Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (абедзве 1976), В.Гапавай «Беларуска-рускае паэтычнае ўзаемадзеянне» (1979). Глыбока вывучаюцца традыцыі Л.Талстога і Дастаеўскага ў бел. прозе (Адамовіч «Кузьма Чорны: Урокі творчасці», 1977; «Леў Талстой і беларуская літаратура: (Вайна і чалавек)», 1978), выявілася цікавасць даследчыкаў да шолахаўскай традыцыі ў творчасці Мележа і інш. празаікаў, да традыцыі Фадзеева, у творчасці якога спалучаліся трагедыйнасць і рамант. пафас. Рус. л-ру даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы А.Жакаў, В.Івашын, Л.Кароткая, Ф.Куляшоў, А.Лемешаў, Г.Няфагіна, І.Скарапанава, А.Станюта, С.Чубакоў, А.Шалемава і інш. Вывучэнне традыцый памагае глыбей зразумець наватарства і нац. спецыфіку бел. л-ры. Засвоіўшы вопыт. рус. л-ры, бел.л-ра ў сваю чаргу ўзбагаціла яе самабытнай паэзіяй, арганічна звязанай з фальклорам, наватарскімі адкрыццямі ў ваен. прозе (шырокі паказ партыз. вайны, захаванне памяці пра нар. вайну — «Я з вогненнай вёскі...» Адамовіча, Брыля, У.Калесніка, 1975; аповесці Быкава і інш.). Да 200-годдзя з дня нараджэння Пушкіна выдадзены кнігі «Аляксандр Пушкін і Якуб Колас» М.Тычыны, «А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь» (абедзве 1999) і інш. Выдатным дасягненнем бел.літ.-знаўцаў пад эгідай Ін-та л-ры імя Я.Купалы з’яўляецца даследаванне «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).
Архітэктура. З эпохі палеаліту даследчыкамі выяўлены паселішчы з прымітыўнымі жытламі зямляначнага ці паўзямляначнага тыпу. У неаліце пашырыліся наземныя пабудовы, паселішчы на палях. У эпоху энеаліту і бронз. веку рабілі пабудовы з бярвення. У 8—7 ст. да н.э. пашырыўся тып паселішча, абкружанага валам і частаколам. З 10 ст. ў рамках мастацтва Кіеўскай Русі развіваліся мясц.арх. школы (гл.Наўгародская школа дойлідства, Пскоўская школа дойлідства, Уладзіміра-Суздальская школа дойлідства). Перапыненае мангола-татарскім нашэсцем развіццё стараж.-рус. архітэктуры з канца 13 ст. аднавілася як працэс фарміравання ўласна рус.маст. культуры. Асаблівага росквіту дасягнула наўгародская школа, у пабудовах якой быў выпрацаваны новы тып храма з 3-лопасцевым або шчыпцовым завяршэннем. Будаваліся велічныя манастырскія ансамблі: Аляксандра-Неўская лаўра, Андронікаў манастыр, Валаамскі манастыр, Данскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Ноўгарад-Северскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, Пскова-Пячорскі манастыр, Салавецкі манастыр, Ферапонтаў манастыр і інш. Вызначальная роля ў развіцці архітэктуры з 14 ст. належыць Маскве, якая сінтэзавала дасягненні мясц. школ (гл.Маскоўская школа дойлідства). У канцы 14 — пач. 15 ст. склаўся маскоўскі тып храма з павышанымі падпружнымі аркамі і ярусамі какошнікаў (Успенскі сабор «на Гарадку» ў г. Звянігарад). Да пач. 16 ст. склаўся велічны ансамбль Крамля Маскоўскага, у 16—17 ст. — Пскоўскага крамля, Растоўскага крамля, пабудаваны крамлі ў Волагдзе, Зарайску, Каломне, Ніжнім Ноўгарадзе, Серпухаве, Смаленску, Туле і інш. У 16 ст. ў маскоўскім дойлідстве ўзнік своеасаблівы тып каменнага храма — вежа, крытая шатром (царква Ушэсця ў Каломенскім, Васіля Блажэннага храм у Маскве), будаваліся 4-стоўпныя мураваныя храмы з 5 купаламі (сабор Новадзявочага манастыра ў Маскве). Дамінавала драўлянае дойлідства: у свецкай архітэктуры найб. пашырыўся тып ізбы-зруба пад двухсхільным дахам, у культавай — кубічнага храма, унутр. прастора якога члянілася на паралельныя нефы слупамі, што падтрымлівалі скляпенні і 1—5 купалаў. У мураванай царк. архітэктуры пераважалі невял. цагляныя ці каменныя храмы без слупоў, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.
З 17 ст. склаўся тып палаца-харомаў, які складаўся са зрубаў-церамоў, аб’яднаных пераходамі (царскі палац у Каломенскім, 1667—81). Зменшылася адрозненне паміж культавым і свецкім дойлідствам: унутр. прастора вырашалася як вял. светлая зала, узмацнілася роля лесвіц і аздобленых шатрамі ганкаў. У 2-й пал. 17 ст. архітэктура цэркваў набывала ўсё больш маляўнічы, «узорысты» характар (рэльефная муроўка, кафляныя ўстаўкі і інш.), асабліва ў пабудовах нарышкінскага барока. Узнік новы ярусны тып храма (царква Пакрова ў Філях пад Масквой, 1693—94, і інш.). Новыя гарады і крэпасці будаваліся на Пд і ў Сібіры. Высокім маст. узроўнем вызначаліся пабудовы ў Архангельску (Гасціны двор), Калузе (дом Корабавых), Пераслаўлі-Залескім, Пскове (палаты Паганкіных і дом Лапіна), Яраслаўлі (царква Іаана Прадцечы ў Талчкове) і інш. У 17—18 ст. вельмі цікавае своеасаблівае драўлянае дойлідства (арх. ансамбль на в-ве Кіжы, цэрквы ў Кондапазе). Пераўтварэнні Пятра I прывялі да карэнных змен у архітэктуры: з’явілася рэгулярная планіроўка ў духу еўрап. горадабудаўніцтва, выкарыстоўвалася ордэрная сістэма і інш. Пачалося буд-ва Пецярбурга, для чаго былі запрошаны еўрап. архітэктары Ж.Б.Леблон, Д.Трэзіні, А.Шлютэр і інш. У 1-й пал. 18 ст. дамінавала барока, на 2-ю пал. 18—1-ю чвэрць 19 ст. прыпадае станаўленне і росквіт рус. класіцызму і ампіру. Выдатныя ансамблі стварылі В.Бавэ, В.Бажэнаў, М.Бенуа, А.Вараніхін, Д.Жылярдзі, А.Захараў, Ч.Камерон, М.Казакоў, А.Какорынаў, Дж.Кварэнгі, І.Корабаў, М.Львоў, В.Растрэлі, К.Росі, І.Староў, В.Стасаў, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі і інш. (гл. таксама Адміралцейства, Зімні палац, Ісакіеўскі сабор, Казанскі сабор, Летні сад, Петрадварэц, Петрапаўлаўская крэпасць, Смольны). У буйных загарадных сядзібах ясная і строгая класіцыстычная архітэктура палацаў спалучалася з характэрнымі для таго часу рэгулярнымі і пейзажнымі паркамі (гл.Абрамцава, Астанкіна, Кускова). У архітэктуры 2-й пал. 19 ст. пераважалі эклектыка і стылізацыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. узніклі новыя горадабудаўнічыя ідэі: пасёлкі тыпу горада-сада (арх. У.Сямёнаў), праекты новых раёнаў (І.Фамін) і частковай рэканструкцыі (Л.Бенуа) Пецярбурга. Пэўныя змены ў аблічча гарадоў унеслі мадэрн (Ф.Лідваль, Ф.Шэхтэль) і кірункі, якія выкарыстоўвалі традыцыі стараж.-рус. дойлідства (У.Пакроўскі, А.Шчусеў ў класіцызму (Фамін), рэнесансу (І.Жалтоўскі). У 1920-я г. ствараліся новыя тыпы жылых і грамадскіх пабудоў — дамы-камуны, рабочыя клубы і інш. Пашырыліся плыні, якія распрацоўвалі функцыянальна-канструктыўныя ідэі, пабудовы вызначаліся геаметрычнасцю і строгасцю аб’ёмаў, рацыянальнасцю планіровачных і канструктыўных вырашэнняў. Узніклі новыя прамысл. цэнтры — Магнітагорск, Новакузнецк і інш. Архітэктура 2-й пал. 1930-х г. вызначалася паваротам да манументалізаваных вобразаў, засн. на класічнай традыцыі. Вяліся рэканструкцыя гарадоў, комплексная забудова жылых раёнаў, пачаў будавацца маскоўскі метрапалітэн. Аднак нятворчае стаўленне да спадчыны часта прыводзіла да эклектызму і халоднай параднасці. Сярод вядучых архітэктараў Р.Бархін, А., В. і Л. Весніны, А.Гегела, У.Гельфрэйх, М.Гінзбург, І. і П. Голасавы, Б.Іафан, І.Леанідаў, К.Мельнікаў, І.Нікалаеў, Л.Руднеў, У.Шчуко і інш. У канцы 1940-х — 1950-я г. значнымі сталі аднаўленне і рэканструкцыя гарадоў (К.Алабян, Г.Арлоў, М.Баранаў, Бархін, Г.Гольц, В.Каменскі, А.Навумаў, В.Сімбірцаў і інш.), стварэнне вышынных будынкаў у Маскве (Гельфрэйх, М.Мінкус, А.Мндаянц, М.Пасохін), адмаўленне ад пераймання гіст. стыляў, пашырэнне індустр. канструкцый, перанос гал. акцэнту на жыллёвае буд-ва. Асаблівая ўвага звярталася на ўзаемасувязі прамысл. і жылых раёнаў, развіццё трансп. артэрый і комплексаў абслугоўвання; у буд-ве асобных будынкаў — на выкарыстанне функцыянальна апраўданых форм, адпаведных спецыфіцы матэрыялаў, актыўнае ўвядзенне ў фарміраванне арх. аблічча твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1960—80-я г. тыпалогія буйнапанэльнага домабудаўніцтва набыла большую разнастайнасць, змешаная забудова раёнаў будынкамі розных паверхаў дазволіла пераадолець аднастайнасць масавай жылой архітэктуры і ўзмацніць выразнасць арх. комплексаў, у т. л. і грамадскіх (напр., Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве). Сярод вядучых архітэктараў Л.Баталаў, Я.Белапольскі, С.Галаджава, С.Еўдакімаў, А.Жук, Б.Злобін, С.Ісмаілаў, Ю.Лапаткін, І.Пакроўскі, А.Палянскі, Б.Рубаненка, Р.Семярджыеў, С.Спяранскі, Я.Стома, Б.Тхор, М.Улас, Ю.Шавярдзяеў і інш. У 1990-я г. ўзрасла эстэт. выразнасць забудовы, лаканічнасць і яснасць форм, пашырылася буд-ва жылых дамоў палепшанай планіроўкі, дзярж., грамадскіх, прыватных банкаўскіх, офісных і інш. будынкаў у рэчышчы сучасных кірункаў зах. архітэктуры, культавых пабудоў у традыц. канфесіянальных формах. У 1983 створаны Саюз архітэктараў Р.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Р. выяўлены помнікі культуры палеаліту (размалёўкі Капавай пячоры на Урале, каменныя і касцяныя статуэткі з Касцёнак у Варонежскай вобл. і Мальты каля Іркуцка і інш.) і неаліту (наскальныя выявы ў Карэліі і Сібіры, арнаментаваная кераміка, разьбянае драўлянае начынне і інш.). З энеаліту і бронз. веку вядомы манум. каменная скульптура, арнаментаваныя вырабы з бронзы (зброя, статуэткі і інш.). У 8—7 ст. да н.э. быў пашыраны звярыны стыль. З 9—10 ст. развівалася культура ўсходнеслав. плямён у межах культуры Кіеўскай Русі. Уласна рус. мастацтва пачало складвацца з канца 13 ст. Развіваўся жывапіс, пачалі складвацца маст. школы: Наўгародская школа жывапісу, Пскоўская школа жывапісу, Уладзіміра-Суздальская школа жывапісу. У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. высокім маст. узроўнем вызначаліся творы Феафана Грэка, Данііла Чорнага, А.Рублёва, у канцы 15 — пач. 16 ст. — Дыянісія, скульптуры В.Ярмоліна. З 2-й пал. 15 ст. цэнтрам рус.маст. культуры стала Масква, у якой для аздаблення храмаў і палацаў былі сканцэнтраваны буйныя творчыя сілы, у т. л. з Беларусі (старцы Арсеній і Іпаліт, К.Міхайлаў, С.Палубес і інш.; гл. таксама Беларуская рэзь). У 16 ст. гарманічная стройнасць і святочная ўрачыстасць жывапісу змянілася імкненнем да алегарычнасці і павучальнасці, рабіліся спробы звязаць іканапіс з рэальнай гісторыяй (абраз «Царква ваяўнічая», напісаны ў гонар узяцця Казані). Пачала развівацца гравюра (дрэварыты да кн. «Апостал», 1564). На мяжы 16—17 ст. склалася Строганаўская школа жывапісу з яе вытанчана-мініяцюрным пісьмом. У іканапісе 17 ст. павялічылася цікавасць да больш рэаліст. перадачы прасторы, аб’ёму і святлаценю (С.Ушакоў). Манум. жывапісу ўласцівы апавядальнасць сюжэтаў і яркая дэкаратыўнасць (размалёўкі храмаў Кастрамы, Масквы, Яраслаўля і інш.). Пачало складвацца свецкае мастацтва, узнік партрэтны жанр — парсуна Інтэнсіўна развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: ювелірная справа, разьба па дрэве і камені, кераміка, вышыўка, маст. апрацоўка металу. У 18 ст. пачало дамінаваць свецкае мастацтва: развіваўся партрэтны жанр у жывапісе (А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, І.Вішнякоў, Л.Каравак, Дз.Лявіцкі, А.Мацвееў, І.Нікіцін, Ф.Рокатаў) і скульптуры (Б.К.Растрэлі, Ф.Шубін) узніклі гіст. (А.Дасенка, Р.Угрумаў), быт. (І.Фірсаў, М.Шыбанаў, І.Ермянёў) і пейзажны (Ф.Аляксееў, С.Шчадрын) жанры. Пашыраліся відавая і батальная гравюра, дэкар. размалёўка. 2-я пал. 18—1-я чвэрць 19 ст. — перыяд станаўлення рус. класіцызму, прынцыпы якога вызначала Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Грамадз. пафас класіцызму найб. ярка выявіўся ў станковай (М.Казлоўскі, І.Пракоф’еў), мемарыяльнай (Ф.Гардзееў, І.Мартас), манум.-дэкар. (В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў, Э.Фальканэ, Ф.Шчадрын) скульптуры.
У 1-й пал. 19 ст. побач з класіцыстычным жывапісам (А.А.Іванаў, А.І.Іванаў, В.Шабуеў) узнікла мастацтва, прасякнутае павевамі рамантызму (партрэты К.Брулова, А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, жывапіс і графіка А.Арлоўскага, пейзажы М.Вараб’ёва, М.Лебедзева, Шчадрына, пазней — І.Айвазоўскага). Увагай да нар. жыцця адзначаны творы А.Венецыянава і яго школы. У жывапісе П.Фядотава, графіцы А.Агіна і Я.Бярнардскага зараджалася мастацтва крытычнага рэалізму, якое ў 1860-я г. развілося ў жывапісе жанрыстаў І.Пранішнікава, В.Пярова і інш., а пазней у творчасці перасоўнікаў. Іх лепшыя дасягненні — партрэты І.Крамскога, жанравыя творы А.Карзухіна, У.Макоўскага, Р.Мясаедава, К.Савіцкага, М.Ярашэнкі, карціны В.Васняцова, М.Ге, М.Неўрава, В.Паленава, В.Пукірава, І.Рэпіна, В.Сурыкава, В.Якобі — адметныя асаблівай сілай маст. абагульнення, глыбокім дэмакратызмам. З дзейнасцю перасоўнікаў звязаны і новы этап у развіцці рус. пейзажа (Ф.Васільеў, М.Клот, А.Куінджы, І.Левітан, А.Саўрасаў, І.Шышкін). У батальным жанры блізкі да перасоўнікаў В.Верашчагін. У скульптуры 2-й пал. 19 ст. развіваліся малыя формы, склаўся тып станковай скульптуры, прызначанай для музея ці выстаўкі (М.Антакольскі). На манум. пластыку паўплывала станковая скульптура (А.Апякушын). У дэкар.-прыкладным мастацтве ў 18—19 ст. пачаўся выраб рус. фарфору, новы ўздым адбыўся ў маст. шкле. На аснове стараж.-рус. традыцый развівалася нар. мастацтва (гл.Багародская разьба, Валагодскія карункі, Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка, Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Таржоцкае залатое шыццё, Хахламская размалёўка). На мяжы 19—20 ст. традыцыі перасоўнікаў прадаўжалі жывапісцы А.Архіпаў, С.Іванаў, М.Касаткін, С.Каровін, П.Малявін, М.Несцераў, А.Рабушкін, у пач. 20 ст. паявіўся стыль мадэрн, у жывапісе да яго блізкія вытанчана-паэт. палотны В.Барысава-Мусатава, В.Сярова, М.Урубеля, а таксама творчасць групы «Свет мастацтва» (Л.Бакст, А.Бенуа, М.Дабужынскі, Б.Кустодзіеў, Я.Лансерэ, З.Серабракова, К.Сомаў), адзначаныя рысамі стылізацыі і рэтраспектыўнасці. Рысы імпрэсіянізму выявіліся ў творчасці жывапісцаў І.Грабара, К.Каровіна, скульпт. П.Трубяцкога, рамантычна-сімвалічны кірунак — жывапісцаў К.Багаеўскага, А.Рылова, М.Рэрыха. Уплывам сімвалізму вызначаны творы мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа» (П.Кузняцоў, М.Сар’ян і інш.) і К.Пятрова-Водкіна. Развівалася творчасць майстроў, што зазналі ўплыў кубізму (мастакі аб’яднання «Бубновы валет»: П.Канчалоўскі, А.Лянтулаў, І.Машкоў), стваральнікаў лучызму (Н.Ганчарова, М.Ларыёнаў), прадстаўнікоў абстракцыянізму (В.Кандзінскі, К.Малевіч). Росквіту дасягнулі тэатр.-дэкар. мастацтва (Бакст, А.Галавін, К.Каровін) і кніжная графіка (Бенуа, І.Білібін). Паспяхова развівалася і скульптура (М.Андрэеў, Г.Галубкіна, А.Мацвееў, С.Канёнкаў). Пасля 1917 асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (В.Дэні, Дз.Маор, У.Маякоўскі, М.Чарамных).
Выяўл. мастацтва 1920-х г. развівалася ў вострай барацьбе розных творчых груповак; у маст. жыцці аформіліся прынцыпы сацыялістычнага рэалізму як вызначальнага метаду сав. мастацтва. Гісторыка-рэв. і быт. тэматыку распрацоўвалі чл.Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (І.Бродскі, М.Грэкаў і інш.), новыя індустр. рытмы спрабавалі адлюстраваць у мастацтве майстры «Т-ва мастакоў-станкавістаў» (А.Дайнека, Ю.Піменаў і інш.). Развіваўся партрэт (С.Малюцін, у скульптуры — Андрэеў, Галубкіна, С.Лебедзева), пейзаж (В.Бакшэеў, Грабар, М.Крымаў, А.Купрын, Рылоў, К.Юон і інш.), нацюрморт (Канчалоўскі, Машкоў і інш.). У графіцы плённа працавалі Г.Астравумава-Лебедзева, У.Канашэвіч, А.Краўчанка, М.Купрыянаў, І.Нівінскі, І.Паўлаў, У.Фаворскі, у манум. і станковай скульптуры — М.Манізер, В.Мухіна, С.Мяркураў, М.Тырса, І.Шадр, Л.Шэрвуд і інш. Шэраг мастакоў, імкнучыся да арганізацыі новых форм побыту, перайшлі да маст. канструявання (Л.Лісіцкі, Л.Папова, А.Родчанка, У.Татлін). У жывапісе вылучаліся гісторыка-рэв. і жанравыя палотны Бродскага, С.Герасімава, Дайнекі, Б.Іагансона, К.Істоміна, А.Маравава, Пятрова-Водкіна, А.Самахвалава, У.Сярова, Д.Штэрэнберга, Дз.Шмарынава; партрэты А.Герасімава і М.Несцерава; пейзажы Грабара, Г.Ніскага; нацюрморты А.Асмёркіна, Канчалоўскага, Лянтулава, Машкова і інш., у графіцы — ілюстрацыі Я.Кібрыка, Я.Чарушына; карыкатуры Кукрыніксаў, Б.Яфімава. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве традыц. формы (Галавін, В.Сімаў) спалучаліся з тэндэнцыямі канструктывізму (Н.Альтман, У. і Г.Стэнбергі). Да лепшых узораў рас. мастацтва перыяду Вял.Айч. вайны належаць творы жывапісцаў і графікаў М.Авілава, А.Вярэйскага, Г.Вярэйскага, П.Корына, А.Пахомава, А.Пластава, М.Рамадзіна, Л.Сайферціса, І.Сярэбранага, скульптараў К.Белашовай, Я.Вучэціча; асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (А.Какарэкін, В.Карэцкі, Кукрыніксы).
Дасягненне выяўл. мастацтва пасляваен. перыяду — жанравыя і гіст. палотны А.Бубнава, А.Лакціёнава, Ю.Няпрынцава, Пластава, Р.Шагаля і інш., партрэты (у жывапісе Корына, у скульптуры — Канёнкава), пейзажы Герасімава, манум. пластыка М.Анікушына, Вучэціча, Л.Кербеля, А.Кібальнікава, М.Томскага, У.Цыгаля, графіка Вярэйскіх, А.Ганчарова, Б.Прарокава. Разам з творамі, якія апявалі подзвіг народа ў Вял.Айч. вайне, пашыралася тэматыка працы і мірнага жыцця.
Разнастайнасцю творчых пошукаў вызначаецца мастацтва 2-й пал. 1950—60-х г., для якога характэрны пластычна абагульненыя эмацыянальна насычаныя вобразы: у станковым жывапісе — М.Андронаў, П.Асоўскі, А.Грыцай, Дз.Жылінскі, Г.Коржаў, А.Мыльнікаў, Ніскі, Ф.Рашэтнікаў, А. і П.Смоліны, А. і С.Ткачовы, Ю.Тулін, у скульптуры — Ю.Аляксандраў, А.Комаў, А.Полагава, у графіцы — І.Галіцын, Г.Захараў і інш. У асобную плынь у жывапісе вылучыўся т.зв. суровы стыль (В.Папкоў і інш.), кніжная ілюстрацыя развівала пераважна традыцыі 1930-х г. (А.Вярэйскі, Ганчароў, Герасімаў, Кукрыніксы, Фаворскі і інш). Побач з афіц. мастацтвам развівалася неафіцыйнае (андэграўнд), у якім найб. вылучалася творчасць маст. груп «Ліянозаўская» (М.Вячтомаў, Л.Крапіўніцкі, Я.Крапіўніцкі, Л.Масцяркова, О.Рабін і інш.), «Срэценскі бульвар» (А.Брусілоўскі, І.Кабакоў, Э.Неізвесны, Ю.Собалеў і інш.), мастакоў А.Зверава, Э.Булатава, У.Галіцкага, У.Грыгаровіча. Я.Есауленкі, В.Сідура, І.Чуйкова, У.Якаўлева і інш. Творчасць мастакоў 1970—90-х г. вызначаецца паглыблена-прадметнай трактоўкай з’яў, вастрынёй успрыняцця асаблівасцей прыроднага і прадметнага асяроддзя, імкненнем да метафарычнасці і эмац. стрыманасці, стварэння значнага, канкрэтна-індывідуальнага вобраза: у жывапісе — І.Арлоў, І.Глазуноў, Б.Дамашнікаў, М.Малюцін, Мыльнікаў, Т.Назарэнка, А.Нікіч, А.Шылаў; у скульптуры — Ю.Аляксандраў, Л.Галаўніцкі, В.Клыкаў, А.Комаў, Л.Крамнёва, Л.Ланкінен, Неізвесны, Б.Плёнкін, Полагава, А.Рукавішнікаў, С.Санакоеў, Ю.Чарноў, М.Шамякін; у графіцы — І.Абросаў, Ю.Васняцоў, Галіцын, Захараў; у манум. жывапісе — Андронаў, А.Васняцоў, Ю.Каралёў, Б.Тальберг; у манум. скульптуры — А.Анікушын, Ю.Арэхаў, П.Бандарэнка, А.Кібальнікаў, А.Лягін, С.Малькоў, А.Файдыш, Цыгаль, З.Цэрэтэлі; у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве — А.Васільеў, Б.Волкаў і інш. У 1960 створаны Саюз мастакоў Р.
Музыка. Вытокі рус.муз. культуры ў рытуальна-абрадавай культуры ўсх.-слав. фальклору (працоўныя, каляндарна- і сямейна-абрадавыя, працяжныя, пахавальныя песні). Устойлівасць абрадавых муз. традыцый абумоўлена гіст. ўмовамі; для стылістыкі характэрны паўторнасць і варыянтнасць вузкааб’ёмных формул-папевак. У Стараж. Русі існавалі мужчынскія і жаночыя плачы-галашэнні, гераічны песенны эпас, быліны (старыны). З часам развіўся самабытны стыль лірычнай песні з уласцівай ёй меладычнай шырынёй, падгалосачнай поліфаніяй, вольным вар’іраваннем напеву. Муз. своеасаблівасцю вызначалася творчасць скамарохаў. Сярод рус.нар. інструментаў: струнныя — балалайка, гуслі, домра, ліра, гудок; духавыя — дуда, дудка, кугіклы (жалейка), рог, труба, ражкі, сапель; язычковыя — варган, гармонік і інш. У княжацкім побыце выкарыстоўвалася мастацтва іншаземных «іграцоў» на арфе, лютні, флейце. Афіц. святы і паходы суправаджаліся ратнай музыкай (трубы, бубны). Пачаткам прафес. мастацтва з канца 10 ст. стала музыка хрысц. культу. Яе муз. аснова — песнапенні і літургічныя кампазіцыі Візантыі, якія з 11—12 ст. ператварыліся ў самабытную культуру правасл. малітоўнага спеву. Аднагалосыя напевы запісвалі з дапамогай арыгінальнай неўменнай натацыі (крукі, ці знамёны, адсюль знаменны спеў). Культавая правасл. музыка ўключала стыхіры, ірмасы, трапары, кандакі (адрозніваліся значнай распеўнасцю), каноны, псалмы. З сярэдзіны 16 ст. знаменны спеў дасягае найвыш. росквіту, яго сістэматызацыя замацавана ў «Азбуцы» А.Мезянца. З сярэдзіны 17 ст. ва ўлонні царквы пачало развівацца шматгалоссе, арыентаванае на еўрап. акордава-гарманічны склад.Тэарэт. асновы партэсных спеваў абгрунтаваў М.Дылецкі ў трактаце «Граматыка мусікійская» (1675). Асн. жанр — партэсны канцэрт (майстры маскоўскай школы духоўнага канцэрта 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Н.Бавыкін, С.Бяляеў, І.Ігнацьеў, М.Калашнікаў, П.Нарыцын, С.Пекаліцкі, І.Пратапопаў, В.Цітоў і інш.). Шырокае распаўсюджанне атрымалі быт. шматгалосыя канты і псальмы на рэліг., пазней на лірычныя, патрыят. тэксты (сярод аўтараў тэкстаў Сімяон Полацкі, Дз.Растоўскі,
В.Традзьякоўскі). Рэформы Пятра I спрыялі паяўленню ў Расіі італьян., франц., ням. опер, таксама гастрольных оперных труп. У 2-й пал. 18 ст. ствараліся публічныя т-ры, з’явіліся рус. оперныя спевакі (Л.Белаградская, Л.Сандунова, П.Жамчугова), развівалася канцэртнае мастацтва (І.Хандошкін, В.Трутоўскі). Узрасла цікавасць да фальклору. Пачалося фарміраванне рус. кампазітарскай школы, з’явіліся першыя рус. оперы (М.Сакалоўскі, В.Пашкевіч, Е.Фамін); найвыш. росквіту дасягнуў рус. духоўны канцэрт (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі). Пад уздзеяннем сентыментальнай паэзіі, салонных танцаў і лірычнага канта ўзнік рус.раманс («расійская песня»; Ф.Дубянскі, В.Казлоўскі, Р.Цяплоў). Росквіт рус. класічнай музыкі пачаўся з 19 ст. Новага маст. ўзроўню дасягнуў раманс: на глебе апасродкаванага ўплыву цыганскай культуры ўзнік жанр «жорсткага раманса», выкананне якога вызначаецца большай экспрэсіўнасцю. З’явіліся новыя жанры: сімфонія, уверцюра, канцэрт, саната. На глебе быт.гар. песеннасці праявіліся рысы рамантызму ў творчасці А.Аляб’ева, А.Варламава, А.Вярстоўскага, А.Гурылёва. Заснавальнік рус.муз. класікі М.Глінка, абапіраючыся на нац.муз. традыцыі, увасобіў у оперных творах героіка-патрыят. тэму, вобразы айч. міфалогіі; высокім еўрап. узроўнем вызначаюцца яго сімф. творы. На рэаліст., сац. і лірыка-псіхал. вобразнасці грунтавалася творчасць А.Даргамыжскага, што набліжала яго да натуральнай школы ў л-ры і жывапісе. Вывучэнню і папулярызацыі нац. мастацтва спрыяла муз.-крытычная дзейнасць У.Адоеўскага, Г.Лароша, У.Стасава, А.Сярова і інш.Вял. ролю адыграла адкрыццё А. і М.Рубінштэйнамі кансерваторый у Пецярбургу (1861) і Маскве (1866), што стала пачаткам падрыхтоўкі музыкантаў-прафесіяналаў. Муз.-асв. работу ў Пецярбургу вяла Бясплатная муз. школа (1862), якую ўзначальвалі М.Балакіраў і Г.Ламакін. У пач. 1860-х г. вакол Балакірава згуртавалася садружнасць кампазітараў «Магутная кучка», якая адлюстравала абнаўляльныя маст. тэндэнцыі часу. Рус. оперы 2-й пал. 19 ст. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, рэалізм і ахоп тэм з нац. гісторыі, эпасу, нар. побыту, жыццёвая і псіхал. змястоўнасць, наватарства форм: нар. драмы М.Мусаргскага: оперы-казкі, быліны, паданні М.Рымскага-Корсакава і А.Барадзіна, лірыка-псіхал. драмы П.Чайкоўскага. Сімфонія была прадстаўлена эпічнай (Барадзін) і драм. (Чайкоўскі) лініямі; шырокае развіццё набыла праграмная музыка. Чайкоўскі рэфармаваў балет шляхам яго сімфанізацыі. Своеасаблівая галіна быт. культуры 2-й пал. 19 ст. — эстр. раманс і выканальніцтва (Н.Вяльцава, А.Давыдаў, В.Паніна, Н.Плявіцкая).
На мяжы 19—20 ст. класічныя муз. традыцыі развівалі А.Арэнскі, А.Глазуноў, В.Каліннікаў, А.Лядаў, С.Ляпуноў, С.Танееў і інш. Значнай з’явай сталі новыя кірункі харавой музыкі рус. царквы. Літургічная музыка набыла канцэртныя рысы (харавыя творы А.Архангельскага, А.Грачанінава, М.Іпалітава-Іванава, Каліннікава, А.Кастальскага, А.Нікольскага, С.Рахманінава, У.Рэбікава, М.Чарапніна, А. і П.Часнаковых). Неарамант. рысамі вылучалася творчасць М.Метнера, наватарствам стылю — музыка А.Скрабіна. Новыя шляхі інтэрпрэтацыі фальклору і муз.-тэатр. жанраў адкрыў І.Стравінскі. Сярод прадстаўнікоў выканальніцкай культуры 19 — пач. 20 ст. спевакі А.Няжданава, В. і Г.Пятровы, Л.Собінаў, Ф.Стравінскі, Ф.Шаляпін, піяністы Рахманінаў, А.Рубінштэйн, М.Рубінштэйн, В.Сафонаў, Скрабін, Метнер, скрыпачы і віяланчэлісты школ Л.Аўэра і К.Давыдава. Рус. мастацтва прапагандаваў за мяжой С.Дзягілеў. У 1-й трэці 20 ст. праявіліся рысы маст. авангардызму (творы І.Вышняградскага, А.Лур’е, М.Рослаўца, М.Мацюшына, Н.Обухава). Уклад у развіццё рус.муз. школы ў 20 ст. зрабілі Дз.Кабалеўскі, М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў, Рахманінаў, І.Стравінскі, Г.Свірыдаў, Ю.Шапорын, Дз.Шастаковіч, якія абнавілі ўсе важнейшыя муз. жанры. Даніну рэв. настроям эпохі ў харавых творах аддалі А.Аляксандраў, В.Белы, Дз.Васільеў-Буглай, А.Давідзенка. Тыповай з’явай рус.сав. мастацтва стала папулярная масавая песня (М.Блантэр, І.Дунаеўскі, У.Захараў, Б.Макравусаў, А.Новікаў, Дз.Пакрас, А.Пахмутава, В.Салаўёў-Сядой, Д.Тухманаў) і песенная па стылі опера на рэв.-дэмакр. тэматыку (І.Дзяржынскі, Ц.Хрэннікаў). У 2-й пал. 20 ст. жанры оперы і балета развівалі А.Пятроў, С.Сланімскі, Б.Цішчанка, Р.Шчадрын. Значныя дасягненні сімфаністаў М.Вайнберга, Г.Галыніна, М.Пяйко, А.Салманава, Г.Уствольскай, Б.Чайкоўскага. Самабытныя рысы рус. лірыкі і эпасу ўвасоблены ў кантатах, араторыях, харах, рамансах К.Волкава, В.Гаўрыліна, Пятрова, Салманава, Свірыдава, Шчадрына. Эксперыментальныя памкненні поставангарду апошняй трэці 20 ст. спрыялі зліццю фундаментальных якасцей рус. школы і новых сродкаў выразнасці, якія праявіліся ў творчасці С.Губайдулінай, Э.Дзянісава, А.Шнітке. Значнае дасягненне рус. культуры 1980—90-х г. — актыўнае развіццё традыцый духоўнай музыкі новага кірунку пач. 20 ст. ў рэчышчы шматвяковых пеўчых архетыпаў і літургічных жанраў кампазітарамі розных пакаленняў і стыляў. У хар., тэатр., інстр. творах Э.Арцем’ева, Ю.Буцко, Губайдулінай, Дзянісава, М.Карэтнікава, Свірыдава, М.Сідзельнікава і інш.стараж. напевы выкарыстоўваюцца ў розных жанрах, узаемадзейнічаюць з традыцыямі оперы, сімфоніі, кантаты, араторыі. Сярод таленавітых выканаўцаў 20 ст.: піяністы Л.Аборын, У.Ашкеназі, Дз.Башкіраў, А.Гальдэнвейзер, Э.Гілельс, У.Горавіц, М.Грынберг, Я.Зак, К.Ігумнаў, Г.Нейгаўз, Л.Нікалаеў, С.Рыхтэр, У.Сафраніцкі, П.Серабракоў, Я.Фліер, М.Юдзіна; скрыпачы Л.Аўэр, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.Палякін, В.Траццякоў, Я.Цымбаліст; віяланчэлісты А.Брандукоў, А.Вержбіловіч, Р.Гарбузава, Н.Гутман, С.Казалупаў, С.Кнушавіцкі, Г.Пяцігорскі, М.Растраповіч, Д.Шафран; спевакі А.Абразцова, Н.Абухава, І.Архіпава, В.Барсава, Г.Вішнеўская, К.Дзяржынская, І.Казлоўскі, С.Лемешаў, Я.Несцярэнка, А.Няжданава, Р. і А.Піраговы, І.Пятроў, М.Рэйзен, Л.Собінаў, Б.Штокалаў, І.Яршоў; дырыжоры М.Галаванаў, А.Гаўк, В.Гергіеў, У.Дранішнікаў, І.Кандрашын, С.Кусявіцкі, М.Малько, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, А.Пазоўскі, Г.Раждзественскі, С.Самасуд, Я.Святланаў, У.Співакоў, В.Сук, Ю.Фаер, Ю.Цемірканаў; харавыя дырыжоры Аляксандраў, М.Данілін, М.Клімаў, А.Свешнікаў, У.Чарнушэнка, А.Юрлоў. Прадстаўнікі шматлікіх кірункаў эстр. трактоўкі быт. раманса і песні: А.Вярцінскі, В.Козін, Л.Русланава, К.Шульжэнка, І.Юр’ева і інш.Найб. вядомыя рас.муз. т-ры: у Маскве — Вялікі тэатр Расіі, Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі, Маскоўскі акадэмічны дзіцячы музычны тэатр, Маскоўскі музычны камерны тэатр, у С.-Пецярбургу — Марыінскі тэатр оперы і балета, Малы т-р імя Мусаргскага, а таксама т-ры ў Новасібірску, Екацярынбургу, Пермі, Ніжнім Ноўгарадзе. Сярод найб. вядомых выканальніцкіх калектываў — Дзяржаўны сімфанічны аркестр Расіі, Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.І.Чайкоўскага, Дзярж.акад.сімф. аркестр С.-Пецярбургскай філармоніі, Сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі, С.-Пецярбургская акад. капэла імя Глінкі, Рэсп.рус. харавая капэла імя Юрлова, Ансамбль песні і танца Расійскай арміі імя Аляксандрава, Рускі народны хор імя Пятніцкага, Дзяржаўны акадэмічны рускі хор, Дзярж.рус.нар. аркестр імя Андрэева, Дзярж.рус.нар. аркестр імя Осіпава.
На 2001 у Р.: 10 кансерваторый, Рас. і Кемераўская акадэміі музыкі, муз.-пед. ін-ты, шэраг ін-таў культуры з муз. аддзяленнямі, шырокая сетка муз. вучылішчаў, ліцэяў і інш. Праводзяцца муз. конкурсы, найбуйнейшы — Міжнар конкурс музыкантаў-выканаўцаў імя Чайкоўскага. У 1960 створаны Саюз кампазітараў Р.
Тэатр. Узнікненне элементаў рус.тэатр. мастацтва звязана з працоўнай дзейнасцю, нар. культавымі абрадавымі дзеяннямі і святочнымі гульнямі. Першыя прафес. носьбіты рус.тэатр. культуры — скамарохі. Мелі пашырэнне лялечныя прадстаўленні. У 16 ст. ўзнік рус.царк.т-р, але вял. развіцця не атрымаў. У 1672—76 пры двары цара Аляксея Міхайлавіча створаны першы прыдворны т-р, у рэпертуары якога былі п’есы на біблейскія і міфалагічныя тэмы. Па ўказанні Пятра I у Маскве ў 1702—06 працаваў першы дзярж.т-р пад кіраўніцтвам І.Х.Кунста, для якога на Краснай плошчы быў пабудаваны «Камедыйны хорам» на некалькі соцень гледачоў. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. набыў папулярнасць школьны тэатр. аматарскія трупы якога ствараліся ў буйных свецкіх навуч. установах (Славяна-грэка-лацінская акадэмія, Хірургічная школа ў Маскве, Дваранскі кадэцкі корпус у С.-Пецярбургу). Стварэнне і развіццё рус. школьнага т-ра цесна звязана з імем Сімяона Полацкага. Набыла папулярнасць і такая форма нар.т-ра, як вусная нар. драма («Цар Максімілян», «Лодка»). У 1-й пал. 18 ст. развіваецца аматарскі т-р «ахвочых камедыянтаў». Найб. вядомай у сярэдзіне 18 ст. стала яраслаўская трупа пад кіраўніцтвам Ф.Волкава, якая ў 1752 была запрошана ў С.-Пецярбург. У 1730—40 пры двары гастраліравалі замежныя трупы (італьян., ням.т-р К.Нейбер, франц.драм.т-р). У 1756 паводле загаду імператрыцы Лізаветы засн. «Рускі для прадстаўлення трагедый і камедый тэатр». Яго аснову склалі выпускнікі Дваранскага кадэцкага корпуса з ліку яраслаўскай аматарскай трупы Волкава (І.Дзмітрэўскі, Я.Шумскі і інш.), першым дырэктарам прызначаны А.Сумарокаў. Для развіцця рус. сцэны апошняй чвэрці 18 ст.вял. значэнне мела творчасць драматургаў-паслядоўнікаў Сумарокава — Ф.Казельскага, Я.Княжніна, В.Майкава, А.Ржэўскага, М.Хераскава, а таксама сатырычныя камедыі Дз.Фанвізіна і В.Капніста. У 1757 пры Маскоўскім ун-це засн. Універсітэцкі т-р, у 1780 на яго базе — Пятроўскі т-р. У 1770—80-я г. ўзніклі т-ры ў Калузе, Пензе, Тамбове, Туле і інш. губернскіх гарадах. З 1779 у Пецярбургу ў т-ры на Царыцыным лузе пачала выступаць рус. трупа антрэпрэнёра К.Кніпера. У канцы 18 — пач. 19 ст. сталі пашырацца прыватныя прыгонныя тэатры, якія заклалі асновы рус. правінцыяльнай сцэны. Высокім майстэрствам вызначалася творчасць прыгонных акцёраў П.Жамчуговай, Т.Шлыкавай-Гранатавай і інш. У 1-й чвэрці 19 ст.вял. поспехам карысталіся трагедыі У.Озерава, камедыі М.Загоскіна, І.Крылова, П.Плавільшчыкава, А.Шахаўскога, пачалі перакладацца і ставіцца п’есы У.Шэкспіра, Ф.Шылера. Ігра трагедыйных акцёраў пач. 19 ст. А.Якаўлева, К.Сямёнавай узрушала гледачоў высокай культурай выканання. У 1826—82 Дырэкцыя імператарскіх т-раў (існавала з 1766) увяла дзярж. манаполію на т-ры. Ставіліся перакладныя вадэвілі і меладрамы, п’есы П.Абадоўскага, Н.Кукальніка і інш.
У 1824 у Маскве засн.Малы тэатр. У 1832 у Пецярбургу ўзведзены будынак Александрынскага тэатра. За новы рэпертуар рус.т-ра актыўна выступалі В.Бялінскі і М.Гогаль, якія сцвярджалі неабходнасць адлюстравання ў т-ры праўды жыцця, звароту да важнейшых тагачасных праблем. Лепшыя творы рус. драматургіі з цяжкасцямі траплялі на сцэну, часта са значнымі цэнзурнымі праўкамі і скажэннямі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1831; «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна, 1866). Доўгі час пад забаронай былі рамант. драмы В.Гюго, шэраг п’ес Шэкспіра, Шылера. Вял. грамадскай і тэатр. падзеяй стала пастаноўка ў 1836 «Рэвізора» Гогаля. Станаўленне 2 асн. кірункаў рус.т-ра — рамантызму і рэалізму — звязана з дзейнасцю акцёраў Малога т-ра П.Мачалава і М.Шчэпкіна. Творчы метад Шчэпкіна стаў вызначальным для развіцця рус. акцёрскага мастацтва, ён развіты і паглыблены акцёрам Александрынскага т-ра А.Мартынавым і інш. Класіцыстычны кірунак у рус. т-ры 1-й пал. 19 ст. несла ў сабе прасякнутая манументальнай параднасцю творчасць В.Каратыгіна. Сярод лепшых акцёраў 1-й пал. 19 ст. В.Асенкава, М.Дзюр, В.Жывакіні, Якаўлеў і інш.Вял. ўплыў на т-р зрабілі вызв. рух 1850-х г., бурны эканам. рост краіны, філас.-публіцыст. думка. Узрасла цікавасць да рус. драматургіі, якая адлюстроўвала тагачасную рэчаіснасць. Меладрама і вадэвіль саступілі месца драме і камедыі. Новы этап развіцця рус.т-ра звязаны з творчасцю А.Астроўскага, п’есы якога найлепш увасабляліся на сцэне Малога т-ра. На аснове пастановак яго п’ес вырасла плеяда акцёраў (С. і П. Васільевы, Л.Нікуліна-Касіцкая, П., М. і В.Садоўскія), фарміравалася школа сцэн. майстэрства. Сярод вядучых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.Варламаў, У.Давыдаў, М.Савіна, І.Самарын, Р.Фядотава, С.Шумскі, А.Южын, М.Ярмолава. Пашыралася дзейнасць правінцыяльных т-раў, у якіх выступалі акцёры В.Андрэеў-Бурлак, М.Іваноў-Казельскі, М.Лісараў, М.Рыбакоў, П.Стрэпетава і інш. З 1882 пачынаюць актыўна стварацца прыватныя т-ры, у т. л.Маскоўскі тэатр Корша. Прагрэсіўнасцю вызначалася дзейнасць акцёра і рэжысёра Малога т-ра А.Ленскага, які імкнуўся да абнаўлення тэатр. мастацтва, выхавання акцёраў высокай культуры. У 1898 К.Станіслаўскі і У.Неміровіч-Данчанка стварылі Маскоўскі Мастацкі тэатр (МХТ), творчасць якога фарміравалася пераважна на драматургіі А.Чэхава і М.Горкага. Стваральнікі МХТ ажыццявілі эстэт. рэформу рэпертуару, рэжысуры і акцёрскага мастацтва (гл.Станіслаўскага сістэма). Грамадскую значнасць меў створаны ў 1904 В.Камісаржэўскай Драм.т-р у Пецярбургу, на сцэне якога ставіліся п’есы М.Горкага і драматургаў, што групаваліся вакол выд-ва «Веды» (С.Найдзёнаў, Л.Андрэеў і інш.). У 1910-я г. ў рус.тэатр. мастацтве развіваліся разнастайныя плыні і кірункі: рэжысёрскае мастацтва У.Меерхольда звязана з паэтыкай сімвалізму, А.Таірава — з мадэрнісцкімі тэндэнцыямі і інш. Узнік шэраг эксперыментальных тэатр. студый: Ф.Камісаржэўскага (1910), 1-я студыя МХТ (1912), Я.Вахтангава (1913) у Маскве, Меерхольда ў Петраградзе (1914) і інш. У 1917 паводле дэкрэта Саўнаркома т-ры перададзены Нар. камісарыяту асветы, у 1919 нацыяналізаваны. У першыя паслярэв. гады класічны рэпертуар часта трактаваўся ў плане «сугучнасці рэвалюцыі», у драматургіі пераважалі паліт., прасякнутыя духам рэв. рамантыкі п’есы («Містэрыя-буф» У.Маякоўскага і інш.). Пашырыліся агітац. т-ры, своеасаблівай разнавіднасцю якіх былі масавыя прадстаўленні на вуліцах і плошчах. Створаны новыя т-ры: 3-я студыя МХТ (1921, цяпер Тэатр імя Я.Вахтангава), т-р РСФСР 1-ы (1920, у 1923—28 Маскоўскі тэатр імя У.Меерхольда), Т-р Рэвалюцыі (1922, цяпер Маскоўскі тэатр імя У.Маякоўскага), Т-р імя МГСПС (1923, цяпер Тэатр імя Массавета) у Маскве, Вялікі драм.т-р (1919, пазней імя М.Горкага, цяпер імя Г.Таўстаногава) у Петраградзе, т-р «Чырвоны факел» у Адэсе (1920, з 1932 у Новасібірску) і інш. У 1918—20 створаны першыя т-ры для дзяцей, у 2-й пал. 1920-х г. — тэатры рабочай моладзі (ТРАМ), у 1930-я г. — калгасна-саўгасныя тэатры. Асн. кірункам развіцця рус.тэатр. мастацтва ў 1930—80-я г. стаў метад сацыялістычнага рэалізму. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы тагачаснай тэматыкі паводле твораў А.Афінагенава, У Біль-Белацаркоўскага, У.Вішнеўскага, В.Катаева, Маякоўскага, М.Пагодзіна, Л.Сейфулінай, К.Транёва і інш. Сярод рэжысёраў М.Акімаў, М.Ахлопкаў, Вахтангаў, А.Дзікі, Ю.Завадскі, Н.Літоўцава, Я.Любімаў-Ланской, Меерхольд, А.Папоў, І.Платон, М.Пятроў, Л.Празароўскі, Р.Сіманаў, І.Судакоў, Таіраў і інш.; акцёры — Дз.М Арлоў, А.Астужаў, М.Бабанава, Б.Бабачкін, А.Ф.Барысаў, С.Бірман, І.Бярсенеў, С.Гіяцынтава, Ю.Глізер, А.Гогалева, А.Грыбаў, Б.Дабранраваў, М.Жараў, І.Ільінскі, К.Карчагіна-Александроўская, В.Качалаў, М.Клімаў, В.Кніпер-Чэхава, А.Коанен, А.Ктораў, Л.Леанідаў, Б.Ліванаў, М.Мардвінаў, С.Марцінсон, В.Марэцкая, В.Масаліцінава, І.Масквін, В.Мічурына-Самойлава, В.Мяркур’еў, В.Пашэнная, Р.Плят, В.Лыжова, І.Пяўцоў, Ф.Ранеўская, В.Рыжова, М.Сіманаў, А.Сцяпанава, А.Тарасава, М.Тарханаў, Е.Турчанінава, М.Хмялёў, М.Цароў, М.Чаркасаў, М.Штраўх, Б.Шчукін, Ю.Юр’еў, А.Яблачкіна, К.Яланская, М.Яншын і інш. У 1941—45 дзейнасць т-раў была скіравана на духоўную мабілізацыю народа супраць фаш. агрэсіі, у рэпертуарах пераважалі героіка-патрыятычныя пастаноўкі паводле твораў А.Карнейчука, Л.Лявонава, К.Сіманава і інш. З 2-й пал. 1940-х г. ставіліся пераважна спектаклі, прысвечаныя падзеям Вял.Айч. вайны (паводле твораў Б.Лаўранёва, А.Фадзеева і інш.), п’есы тагачаснай тэматыкі, сусв. класіка. 1950-я г. адзначаны «другім нараджэннем» пастановак Маякоўскага. У 2-й пал. 20 ст.вял. ўклад у развіццё рус.тэатр. мастацтва зрабілі рэжысёры А.Васільеў, Г.Волчак, А.Ганчароў, К.Гінкас, М.Захараў, Л.Додзін, Ю.Любімаў, Б.Львоў-Анохін, В.Плучак, Б.Равенскіх, Г.Таўстаногаў, В.Фокін, А.Эфрас, А.Яфрэмаў, і інш.; акцёры Ю.Барысава, А.І.Барысаў, А.Басілашвілі, У.Высоцкі, М.Губенка, Н.Гундарава, Т.Дароніна, А.Джыгарханян, А.Дзямідава, Я.Еўсцігнееў, А.Калягін, Я.Капелян, М.Карачанцаў, К.Лаўроў, Я.Лебедзеў, Я.Лявонаў, А.Меньшыкаў, А.Міронаў, А.Мягкоў, М.Няёлава, А.Папанаў, К.Райкін, Ю. і В.Саломіны, І.Смактуноўскі, А.Табакоў, М.Церахава, І.Чурыкава, М.Улынаў, А.Фрэйндліх, С.Юрскі, Ю.Якаўлеў, А.Янкоўскі і інш. У 1990-я г. творчае аблічча рус.т-ра вызначала дзейнасць рэжысёраў і акцёраў Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра, Маскоўскага тэатра «Ленком», Маскоўскага тэатра на Таганцы, Маскоўскага тэатра Сатыры, Маскоўскага тэатра «Сучаснік», Маскоўскага тэатра «Школа сучаснай п’есы», Маскоўскага тэатра «Сатырыкон», Санкт-Пецярбургскага Вялікага драматычнага тэатра імя Таўстаногава, т-раў Казані, Самары, Новасібірска, Ніжняга Ноўгарада, Саратава, Яраслаўля і інш. Пастаноўкам 1990-х г. уласцівы спалучэнне пераемнасці творчых традыцый і пошукаў сучаснага стылю выканання, канцэптуальны падыход, эксперыменты ў галіне формы і зместу драматургічнага матэрыялу, метафарычнасць, глыбокая распрацоўка псіхал. малюнка роляў. Тэатр. кадры рыхтуюць Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва, Санкт-Пецярбургская акадэмія тэатр. мастацтва, Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі (пры Маскоўскім маст.акад. т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (пры Малым т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (пры Т-ры імя Вахтангава).
У т-рах Расіі пастаўлены п’есы бел. драматургаў В.Вольскага, А.Дударава, Я.Коласа, К.Крапівы, А.Кудраўцава, Дз.Курдзіна, А.Кучара, А.Макаёнка, А.Маўзона, А.Петрашкевіча, А.Паповай, І.Шамякіна і інш.
Кіно. Першыя дакумент. кіназдымкі зроблены ў 1896 В.Сашыным-Фёдаравым і А.Фядзецкім. З 1907 прыдворныя кінааператары К. фон Ган і А.Ягельскі здымалі «царскую хроніку». У 1906 з’явіліся рус. кінафірмы: А.Ханжонкава, І.Ярмольева ў Маскве, у 1907 — кінаатэлье А.Дранкова ў Пецярбургу. Відавыя, асветніцкія фільмы, свецкую хроніку, быт. сцэны, юбілеі і інш. здымалі Дранкоў («Дзень 80-годдзя графа Л.М.Талстога», 1908), М.Казлоўскі, П.Кабцоў, Дз.Сахненка. Першы рас.маст. фільм-кіналубок — «Панізовая вольніца» («Сценька Разін і княжна», 1909, рэж. Б.Рамашкоў). Першы паўнаметражны маст. фільм, які спалучаў ігравыя і дакумент. сцэны, — «Абарона Севастопаля» (1911, рэж. В.Ганчароў і Ханжонкаў). У 1910-я г. з’явіліся стацыянарныя кінатэатры. У тэхніцы аб’ёмнай мультыплікацыі ствараў фільмы У.Старэвіч («Вясёлыя сцэнкі з жыцця насякомых», «Помста кінематаграфічнага аператара», абодва 1912).
Экранізаваліся творы рус. і сусв. л-ры, тэатр. пастаноўкі. Вытанчанасцю пластыкі, жывапіснасцю вызначаліся фільмы «Злачынная жорсткасць» (1914), «Песня пераможнага кахання» (1915), «Ямшчык, не гані коней» (1916) Я.Баўэра, «Партрэт Дарыяна Грэя» (1915, паводле О.Уайльда) У.Меерхольда, «Мікалай Стаўрогін» (1915, паводле рамана Ф.Дастаеўскага «Д’яблы»), «Пікавая дама» (1916, паводле А.Пушкіна), «Айцец Сергій» (1918, паводле Л.Талстога) Я.Пратазанава, «Паненка і хуліган» (1918) Я.Славінскага, «Палікушка» (1919) А.Саніна. Сярод лепшых акцёраў Н.Лісенка, І.Мазжухін, У.Максімаў, В.Палонскі, І.Перэстыяні, В.Праабражэнская, В.Халодная і інш. У 1919 кінематограф перададзены пад кіраўніцтва Наркамасветы РСФСР, створана Дзяржкінашкола (з 1922 назва мянялася, з 1992 Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі) на чале з рэж. У.Гардзіным. Пастаўленыя перад кінематографам задачы агітац. і ідэалаг. ўздзеяння прывялі да ўзнікнення масавай прадукцыі — т.зв. фільмаў-плакатаў і агітпрапфільмаў, у т. л. ігравы фільм «Серп і молат» (1921, рэж. Гардзін). Склалася плеяда рэжысёраў-наватараў, якія ў розных жанрах развівалі выразныя магчымасці кінамовы. С.Эйзенштэйн ствараў буйныя эпічныя творы з манум. героямі-тыпажамі, дынамічнымі масавымі сцэнамі («Стачка», «Браняносец «Пацёмкін», абодва 1925; «Кастрычнік», 1927); Л.Куляшоў эксперыментаваў у галіне выяўл. сродкаў кінамовы і мантажу («Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», 1924; «Паводле закону», 1926); Дз.Вертаў ствараў новыя мантажныя канструкцыі, апрабоўваў магчымасці змены рытмаў, ракурсаў, спалучаў знятыя ў розныя часы кінакадры для стварэння экспрэсіўнага відовішча («Кіна-Праўда», 1922—25; «Кіна-Вока», 1925; «Кроч, Савет!», «Шостая частка свету», абодва 1926; «Адзінаццаты», 1928); У.Пудоўкін раскрываў гіст. тэматыку праз драм. і псіхал. апавяданне («Маці», 1926; «Канец Санкт-Пецярбурга», 1927; «Нашчадак Чынгісхана», 1928). Творчае пераасэнсаванне дакумент. архіўнай кінахронікі і наданне ёй новай ідэалагічнай трактоўкі выявіла рэж. Э Шуб у гісторыка-дакумент. мантажных фільмах «Падзенне дынастыі Раманавых» (1927), «Расія Мікалая II і Леў Талстой» (1928). Традыцыі цырка, мюзік-хола, бурлеска развівалі кінематаграфісты ленінградскага аб’яднання «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» Р.Козінцаў і Л.Траўберг: «Прыгоды Акцябрыны» (1924), «Мішкі супраць Юдзеніча» (1925), «Чортава кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929).
У жанры сатыр. камедыі працаваў Я.Пратазанаў («Закройшчык з Таржка», 1925; «Працэс аб трох мільёнах», 1926; «Свята святога Іоргена», 1930), псіхал. драмы з маральна-этычнай праблематыкай здымалі А.Роам («Трэцяя Мяшчанская», 1927) і Ф.Эрмлер («Кацька—Папяровы Ранет», 1926; «Парыжскі шавец», 1928; «Абломак імперыі», 1929). У лірычных камедыях Б.Барнета «Дзяўчына з каробкай» (1927), «Дом на Трубнай» (1928) і А.Папова «Два сябры, мадэль і сяброўка» (1928) адчуваліся інтанацыі радасці простых адносін, шчасця ўзаемнага кахання. У 1928 з’явіўся маніфест Эйзенштэйна, Пудоўкіна і Р.Аляксандрава «Будучыня гукавой фільмы. Заяўка», у якім падкрэслівалася значэнне гукава-зрокавага кантрапункта (асінхроннага спалучэння гуку і экраннага відовішча) як асн. выразніка аўтарскай ідэі ў фільме. У 1931 зняты першы гукавы фільм «Пуцёўка ў жыццё» (рэж. М.Эк). У 1930-я г. кінематограф развіваўся пад уздзеяннем эстэт. (з’яўленне гукавога кіно і адпаведнае абнаўленне кінамовы) і ідэалагічнага фактараў (пашырэнне штампаў у гіст.-рэв. фільмах, з’яўленне вобразаў т.зв. «ворагаў народа», фармалізацыя сюжэтных пабудоў). Гал. акцэнт пераносіўся рэжысуры на акцёрскае майстэрства. Зоркамі экрана сталі акцёры П.Алейнікаў, Б.Андрэеў, Л.Арлова, Б.Бабачкін, У.Гардзін, Э.Гарын, М.Жараў, В.Жызнева, І.Ільінскі, М.Кручкоў, М.Ладыніна, Макарава, В.Марэцкая, Ф.Ранеўская, Л.Цалікоўская, М.Чаркасаў, Б.Чыркоў і інш. Здымаліся героіка-патрыятычныя. фільмы («Чапаеў», 1934, рэж. Г. і С. Васільевы; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.Герасімаў) і лірычныя муз. камедыі, якія ідэалізавалі сав. лад. жыцця («Вясёлыя хлопцы», 1934, «Цырк», 1936, «Волга-Волга», 1938, усе рэж. Аляксандраў; «Багатая нявеста», 1938, «Трактарысты», 1939, «Свінарка і пастух», 1941, усе рэж. І.Пыр’еў), фільмы для дзяцей («Дзеці капітана Гранта», 1936, паводле Ж.Верна, рэж. У.Вайншток; «Бялее ветразь адзінокі», 1937, паводле В.Катаева, рэж. У.Лягошын; «Па шчупаковаму загаду», 1938, рэж. А.Роу), мультфільмы (І.Іваноў-Вано, А.Птушко). Пагроза вайны выклікала з’яўленне гіст.-манум. фільмаў, якія ўзнаўлялі гераічнае мінулае рус. народа: «Пётр I» (1937—39, рэж. У.Пятроў), «Аляксандр Неўскі» (1938, рэж. Эйзенштэйн), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941, рэж. Пудоўкін).
У 1940-я г. дамінавала тэма Вял.Айч. вайны, гераізм і патрыятызм сав. народа, чалавек у экстрэмальных умовах паміж жыццём і смерцю: «Сакратар райкома» (1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, абодва рэж. Пыр’еў), «Машачка» (1942, рэж. Ю.Райзман), «Яна абараняе Радзіму» (1943, рэж. Эрмлер), «Нашэсце» (1945, рэж. Роам), «Маладая гвардыя» (1948, рэж. Герасімаў). Здымалася ваен. кінахроніка. З канца 1940-х г. фільмы ваен. тэматыкі набылі рысы манументальнасці і «прыгладжанасці» рэальнай жорсткасці вайны: «Сталінградская бітва» (1949, рэж. Пятроў), «Падзенне Берліна» (1950, рэж. М.Чыяўрэлі) і інш. У той жа час забаронена 2-я серыя фільма Эйзенштэйна «Іван Грозны» (1948), у якой рабілася спроба крытыкі ўлады, заснаванай на насіллі і рэпрэсіях. Новы этап у рас. кіно пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г., калі павысілася ўвага да жыцця, надзей і здзяйсненняў пакалення, што перамагло ў вайне і прагнула шчасця ў мірным жыцці: «Вялікая сям’я» (1954, рэж. Х.Хейфіц), «Ляцяць жураўлі» (1957, рэж. М.Калатозаў), «Вышыня» (1957, рэж. А.Зархі), «Дом, у якім я жыву» (1957, рэж. Я.Сегель і Л.Куліджанаў), «Балада пра салдата» (рэж. Р.Чухрай), «Лёс чалавека» (паводле М.Шолахава, рэж. С.Бандарчук, абодва 1959), «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962, рэж. Куліджанаў), «Мне 20 год» (1965, рэж. М.Хуцыеў), «Каля возера» (1970), «Любіць чалавека» (1973), «Дочкі-маці» (1975, усе рэж. Герасімаў), «Беларускі вакзал» (1971, рэж. А.Смірноў), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, рэж. Бандарчук), «Падранкі» (1977, рэж. М.Губенка) і інш. Вайна як трагедыя чалавека, як маральная перасцярога наступным пакаленням асэнсавана ў фільмах «Узыходжанне» (1977, рэж. Л.Шапіцька) паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў», «Ідзі і глядзі» (1986, рэж. Э.Клімаў, сумесна з кінастудыяй «Беларусьфільм») паводле «Хатынскай аповесці» А.Адамовіча, у дакумент.-маст. эпапеі «Звычайны фашызм» (1966, рэж. М.Ром). Экранізаваліся літ. творы рус. і сусв. класікі: «Ідыёт» (1958), «Браты Карамазавы» (1969, абодва рэж. Пыр’еў), «Злачынства і пакаранне» (1970, рэж. Куліджанаў) паводле Дастаеўскага, «Дама з сабачкам» (1960, рэж. Хейфіц), «Дзядзька Ваня» (1971, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977, рэж. М.Міхалкоў) паводле Чэхава, «Вайна і мір» (1966—67, рэж.
Бандарчук), «Ганна Карэніна» (1968, рэж. Зархі) паводле Л.Талстога, «Дваранскае гняздо» (1969, рэж. Міхалкоў-Канчалоўскі) паводле І.Тургенева, «Ціхі Дон» (1957—58, рэж. Герасімаў) паводле Шолахава, «Бег» (1971, рэж. А.Алаў і У.Навумаў) паводле А.Булгакава, «Некалькі дзён з жыцця І.І.Абломава» (1980, рэж. Міхалкоў) паводле рамана І.Ганчарова «Абломаў», «Дон Кіхот» (1957) паводле М.Сервантэса, «Гамлет» (1964), «Кароль Лір» (1971, усе рэж. Козінцаў) паводле У.Шэкспіра і інш.Рас. песенную інтанацыю, мелодыку пакутлівай і ўзвышанай душы простага чалавека ў пошуках праўды і справядлівасці, панараму рус.нар. характараў выявіў В.Шукшын у фільмах «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Дзіўныя людзі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Каліна чырвоная» (1974). Вобразы незвычайных па волі і вытрымцы герояў ва ўмовах экстрэмальных сітуацый стварыў Г.Панфілаў («У агні броду няма», 1968; «Пачатак», 1970; «Васа» паводле п’есы М.Горкага «Васа Жалязнова», 1983). Атмасферу гіст. эпохі, у якой дзейнічаюць псіхалагічна неадназначныя героі стварылі А.Герман у фільмах «Праверка на дарогах» (1970), «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Мой сябра Іван Лапшын» (1984). Паглыблена псіхал. стыль К.Муратавай выявіўся ў фільмах «Кароткія сустрэчы» (1968) і «Доўгія провады» (1972). С.Салаўёў распрацоўваў паэтыку «маладзёжнага фільма» з новай кінамовай — калажам, асацыятыўнымі кінацытатамі з класікі: «Сто дзён пасля дзяцінства» (1976), «Мелодыі белай ночы» (1977), «Выратавальнік» (1980), «Наследніца па прамой» (1982), «Чужая Белая і Рабы», «Аса» (абодва 1986), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема кахання» (1989). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фільмы А.Таркоўскага, насычаныя вобразамі рус. і сусв. мастацтва, асацыяцыямі з біблейскімі і міфалагічнымі архетыпамі, героямі літ. класікі: «Іванава дзяцінства» (1962), «Андрэй Рублёў» (1971), «Салярыс» (1972, паводле С.Лема), «Люстэрка» (1975), «Сталкер» (1980), «Настальгія» (1983), «Ахвярапрынашэнне» (1986). В.Абдрашытаў стварыў жанр сучаснай кінааповесці, у якой спалучаны рэаліст. сюжэт з архетыпічным падтэкстам: «Паляванне на лісаў» (1980), «Спыніўся цягнік» (1982), «Парад планет» (1984), «Плюмбум, або Небяспечная гульня» (1986), «Слуга» (1989). Адметныя фільмы У.Матыля «Белае сонца пустыні» (1970), У.Мяньшова «Масква слязам не верыць» (1980), Р.Балаяна «Палёты ў сне і наяве» (1983), П.Тадароўскага «Любімая жанчына механіка Гаўрылава» (1982), «Ваенна-палявы раман» (1984), К.Шахназарава «Мы з джаза» (1983), «Зімовы вечар у Гаграх» (1985), «Кур’ер» (1987) і інш.
У жанры кінакамедыі плённа працавалі Л.Гайдай, Г.Данелія, Матыль, Э.Разанаў. Сярод акцёраў Ю.Багатыроў, А.Барысаў, А.Басілашвілі, А.Баталаў, М.Булгакава, Р.Быкаў, Г.Віцын, Н.Вярцінская, П.Глебаў, М.Глуэскі, М.Грыцэнкл, Н.Гундарава, Л.Гурчанка, Т.Дароніна, У.Дваржэцкі, А.Джыгарханян, Л.Дураў, Я.Еўсцігнееў, Г.Жжонаў, У.Заманскі, П.Кадачнікаў, А.Калягін, З.Кірыенка, Л.Кураўлёў, К.Лаўроў, К.Лучко, С.Любшын, Я.Лявонаў, Я.Маргуноў, Н.Мардзюкова, Я.Мацвееў, А.Меньшыкаў, А.Міронаў, В.Мяркур’еў, Ю.Нікулін, А.Папанаў, І.Пераверзеў, Р.Плят, Г.Польскіх, А.Пятрэнка, М.Рыбнікаў, І.Савіна, А.Саланіцын, В. і Ю.Саломіны, Я.Самойлаў, У.Санаеў, І.Смактуноўскі, Т.Сёміна, А.Табакоў, М.Ульянаў, Я.Урбанскі, Л.Федасеева-Шукшына, Л.Філатаў, А.Фрэйндліх, М.Церахава, В.Ціханаў, Л.Чурсіна, І.Чурыкава, С.Шакураў, А.Янкоўскі, М.Яроменка-малодшы, А.Яфрэмаў і інш.Вял. ўклад у развіццё рас. кіно зрабілі мультыплікатары Р.Качанаў, В.Кацёначкін, В.Курчэўскі, Ю.Нарштэйн, А.Пятроў, М.Серабракоў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі, кінааператары М.Ашуркоў, Б.Волчак, А.Галаўня, А.Забалоцкі, Л.Касматаў, П.Лебешаў, А.Лявіцкі, У.Манахаў, А.Масквін, Г.Рэрберг; С.Урусеўскі, Э.Цісэ, В.Юсаў; кінадраматургі Я.Габрыловіч, Н.Зархі, А.Каплер, Ю.Клепікаў, А.Міндадзе, В.Мярэжка, Г.Шпалікаў, В.Чарных, В.Яжоў; мастакі М.Багданаў, М.Гаўхман-Свердлаў, Л.Кусакова, Г.Мяснікоў, М.Серабракоў, У.Ягораў, Я.Яней; кампазітары Э.Арцем’еў, М.Багаслоўскі, Г.Гладкоў, Б.Грабеншчыкоў, С.Губайдуліна, У.Дашкевіч, І.Дунаеўскі, М.Дунаеўскі, Дз.Кабалеўскі, С.Пракоф’еў, А.Пятроў, А.Рыбнікаў, М.Тарывердыеў, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў, Дз.Шастаковіч, І.Шварц, А.Шнітке, А.Эшпай і інш. У 1990-я г. адбылося скарачэнне кінавытворчасці і пракату рас. фільмаў, здымаліся тэле- і відэафільмы. У кінавытворчасці пераважала стратэгія эканам. выжывання, пашырыўся выпуск фільмаў для масавай аўдыторыі: баевікі, трылеры, забаўляльныя камедыі, тэлесерыялы на ўзор «мыльных опер» і інш. З мэтай адраджэння рас. кіно прыняты «Закон аб дзярж. падтрымцы кінематографа Расіі» (1996), указы прэзідэнта Расіі «Аб акцыяніраванні кінастудый» і «Аб акцыяніраванні кінапракату» (абодва 2001).
Сярод адметных фільмаў 1990-х г.: «Урга», «Стомленыя сонцам», «Сібірскі цырульнік» Міхалкова, «Малох», «Цялец» А.Сакурава, «Сады Скарпіёна», «Цёмная ноч» А.Кавалава, «Раманавы — венцаносная сям’я» Панфілава, «Паненка-сялянка» А.Сахарава, «Каўказскі палоннік» С.Бадрова, «Час танцора» Абдрашытава, «Анкор, яшчэ анкор» Тадароўскага, «Дзённік яго жонкі» А.Учыцеля. Вядучыя кінастудыі: «Ленфільм» (з 1917, сучасная назва з 1934) у Пецярбургу, «Масфільм», Цэнтр. студыя дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага (абедзве з 1924), Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў (з 1927), «Цэнтранавукфільм» (з 1933), «Саюзмультфільм» (з 1936) у Маскве, Свярдлоўская кінастудыя (з 1943) у Екацярынбургу і інш. Кадры кінематаграфістаў рыхтуюць Усерас.дзярж.ін-т кінематаграфіі, Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў (з 1964). Навук. дзейнасць па праблемах кінематографа вядуць НДІ кінамастацтва, Ін-т мастацтвазнаўства, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследавання кінакультуры (на базе кінамузея), Усерас.дзярж.ін-т кінематаграфіі, Дзяржфільмфонд Рас. Федэрацыі, Ін-т гісторыі мастацтваў у С.-Пецярбургу і інш. Праводзяцца Маскоўскі міжнар. кінафестываль, Міжнар. кінафорум. слав. і правасл. народаў «Залаты віцязь», фестываль архіўнага кіно «Белыя слупы», кінафестываль «Ніка» ў Маскве, Міжнар. кінафестываль рас. (з 2001 — еўрап.) кіно «Кінатаўр» у Сочы, Рас. адкрыты кінафестываль краін СНД і Балтыі «Кінашок», кінафестываль дакумент. і кароткаметражных фільмаў у С.-Пецярбургу і інш. У 1991 створаны Саюз кінематаграфістаў Р.
Беларусы ў Расіі. Перасяленні з бел. зямель на Пн і ПнУ Русі прасочваюцца з сярэдніх вякоў. Ранняй міграцыі спрыялі дынастычныя шлюбы, у т. л. сына Юрыя Далгарукага Усевалада з дачкой віцебскага кн. Усяслава ў 1176, князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1238. У Неўскай бітве 1240 вызначыўся Якаў Палачанін. Жыхары бел. зямель ВКЛ перасяляліся ў рус. гарады і княствы па паліт., эканам., рэліг. і інш. прычынах. Найчасцей сюды выязджалі пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў ВКЛ прадстаўнікі пануючага саслоўя (часам са сваімі войскамі і сялянамі), а таксама тыя, хто пацярпеў паражэнне ў дынастычнай барацьбе за ўладу. У 1265 у Пскоў уцёк удзельнік змовы супраць Міндоўгакн.Даўмонт. Князь Нарымонт у 1333 атрымаў «у кармленне» гарады Ладагу, Арэшак, Карэлу. Князі-браты Андрэй Альгердавіч і Дзмітрый Альгердавіч удзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. Пад кіраўніцтвам мсціслаўскага кн. Сямёна Лугвена (у 1389—1407 намеснік у Ноўгарадзе) у 1392 разбіты швед. войскі на Няве. У Маскоўскае вял. княства ў 1408 перасяліўся северскі кн.Свідрыгайла, У 14—15 ст. дынастычныя шлюбы ўплывалі на прамаскоўскую паліт. арыентацыю часткі правасл. знаці ВКЛ. Пашырэнню міграцыі на У спрыяла атрыманае паводле прывілея 1447 права князёў, рыцараў, шляхты і баяр пакідаць ВКЛ. Права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу (акрамя «непрыяцельскіх краін») прадугледжвалі Статуты ВКЛ 1566 і 1588. Маск. дзяржава, якая з канца 15 ст. пачала змаганне за «яднанне» пад сваёй уладай усх.-слав. зямель, заахвочвала сепаратысцкія памкненні правасл. знаці ВКЛ. У 1480—90-я г. пераходы правасл. феадалаў на бок Масквы пачасціліся Пасля выкрыцця ў 1481 змовы супраць Казіміра IV, на чале якой стаялі слуцкі кн. Міхал Алелькавіч (гл.Алелькавічы), Ф.Бельскі (гл.Бельскія) і адзін з князёў Гальшанскіх, змоўшчыкі перасяліліся ў Маск. дзяржаву (Адоеўскія, Навасельскія і інш.). З канца 15 ст. перамяшчэнні на У, найчасцей прымусовыя, выклікаліся пераходам ад памежных канфліктаў да адкрытай барацьбы за сферу ўплыву паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ (войны 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37). У час першай з гэтых войнаў з памежных раёнаў ВКЛ перайшлі «на службу» ў Маскву князі С.Варатынскі, М.Мязецкі, А. і В.Бялеўскія, А.Вяземскі (гл.Вяземскія) са сваімі ўдзеламі. Паводле мірнага дагавора 1494 ВКЛ страціла Вяземскае княства і землі ў бас. Верхняй Акі. Пераходы памежных князёў разам з «дварамі», баярамі, слугамі пад уладу Масквы справакавалі ваен. канфлікт 1500—03, калі на службу да Івана III перабеглі князі С.Бельскі, В.Шамяціч, С. і І.Мажайскія і інш. вярхоўскія і чарнігава-северскія князі; да Маск. дзяржавы адышлі 29 гарадоў і 70 валасцей, у т. л. Бранск, Чарнігаў, Гомель.
Пасля паражэння Глінскіх мяцяжу 1508 у Маскву выехалі князі Міхаіл, Іван і Васіль Глінскія і іх блізкія паплечнікі. Многія са збеглай знаці ВКЛ набылі ў Маскоўскім вял. княстве значны ўплыў, былі ў блізкім сваяцтве з велікакняжацкімі, а потым і царскімі родамі (Галіцыны, Патрыкеевічы, Бельскія, Глінскія і інш.). А.Глінская была жонкай Васіля III, а пасля яго смерці — рэгентам пры сваім малалетнім сыне вял.кн. Іване IV. Сын В.Глінскага Юрый быў адным з ініцыятараў абвяшчэння Івана IV першым рас. царом. Акрамя правасл. знаці з ВКЛ на У уцякалі сяляне і гараджане, выводзіліся захопленыя ў час ваен. дзеянняў палонныя, многія з якіх потым удзельнічалі ў заваяванні і асваенні новадалучаных рас. зямель. Так, у паходзе Ермака ў Сібір (1582) удзельнічалі каля 300 выхадцаў з ВКЛ. Сярод першых пасяленцаў Цюмені, Табольска, Тары ў канцы 16 ст. было нямала жыхароў з бел. зямель ВКЛ. Праз выхадцаў з Беларусі ў Р. пашыраліся здабыткі еўрап. асветы і культуры. Бел. шляхціц І.Перасветаў, які з 1539 жыў у Маскве, быў адным з ідэйных натхняльнікаў рэформ Івана IV. Далучэнню Маскоўскай дзяржавы да друкавання кніг спрыялі І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец: на прывезеным з ВКЛ друкарскім абсталяванні яны выпусцілі першыя дакладна датаваныя рус. кнігі «Апостал» (1564) і два выданні «Часоўніка», па якіх навучалі пісьменнасці. Значны рост бел. перасяленцаў у Р. ў 16—17 ст. быў выкліканы ўзмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. уціскам бел. насельніцтва ў Рэчы Паспалітай. Маск. дзяржава заахвочвала іміграцыю беларусаў для асваення новых заваяваных на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым (многім прыгонным і волю), прымала іх на службу (як і палонных, што прысягнулі на вернасць), аказвала і пэўную матэрыяльную падтрымку. З улікам значнай колькасці перасяленцаў царк. сабор 1620 прыняў спец. пастанову аб перахрышчванні беларусаў, «вяртанні іх ва ўлонне сапр. веры». Шляхта, рамеснікі, гандляры, сяляне масава выводзіліся з бел. зямель у глыбінныя раёны Р. ў ходзе яе войнаў з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67. Так, летам 1633 у Томску з’явілася вял. група «літоўскіх людзей», у т. л. выхадцаў з Мсціслаўскага, Крычаўскага, Аршанскага, Магілёўскага і інш. паветаў. У час вайны 1654—67 жыхары бел. зямель прымусова перасяляліся пад Маскву, а найбольш — у Паволжа, Урал і Сібір. Баярын М Чаркаскі з Арзамаскага пав. ў 1670-я г. меў больш за 800 сялян з Беларусі. У Р. з’явіліся і асобныя бел. паселішчы. Паводле царскага ўказа 1672 у Маскве з беларусаў засн. Мяшчанская (Новамяшчанская) слабада, якая падпарадкоўвалася Пасольскаму прыказу. Па звестках гісторыка Р.Лешчанкі, у 1670-я г. ўтварыліся бел. слабоды ў Верхатур’і. У 18 ст. ў Сібіры працягвалася фарміраванне воінскіх падраздзяленняў з беларусаў-ваеннапалонных. Выхадцы з ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. заснавалі каля 20 вёсак з 200 вядомых тады ў Томскім пав Прыкметная прысутнасць бел. насельніцтва ў Р. абумовіла яго значны ўплыў на развіццё некат. галін яе матэрыяльнай і духоўнай культуры. Перасяленцы садзейнічалі с.-г. асваенню Паволжа і Сібіры, а «службовая літва» — замацаванню Р. на новазаваяваных землях.
Некат. перасяленцы займалі высокія дзярж. пасады, сталі военачальнікамі, заснавальнікамі купецкіх родаў. Нац.-рэліг. ўціск (наступ каталіцызму) абумовіў арыентацыю на Маскву ў 1-й пал. 17 ст. вядомых бел. пісьменнікаў, адукаваных правасл. святароў, манахаў-кніжнікаў. Значна паўплывалі на развіццё рус. культуры, асветніцтва, друкавання кніг Сімяон Полацкі, паэты А.Белабоцкі і Ф.Газвінскі, вучоны і літаратар Е.Славінецкі, Куцеінская літ. школа на чале з ігуменам І.Труцэвічам. Клопатамі Сімяона Полацкага ў Маскве створаны свецкая Верхняя друкарня, прыватны кнігазбор і Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Важным асяродкам асветы стала вывезеная восенню 1654 паводле загаду патрыярха Нікана ў Іверскі манастыр (пад Ноўгарадам) Куцеінская друкарня (разам з майстрамі і мноствам кніг). Ураджэнец Мсціслаўшчыны Х.Капіевіч (Капіеўскі) выдаў новым рус. алфавітам у Амстэрдаме, Гданьску і Маскве каля 20 кніг (слоўнікі, падручнікі па граматыцы, арыфметыцы, астраноміі, навігацыі). Выхадцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод землепраходцаў, пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Р Каменскі, І.Казырэўскі, Л.Сяніцкі, І.Яўрэінаў і інш.). Калектыў першага ў Р. прыдворнага т-ра (1672—76) амаль цалкам складаўся з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 17 ст. ў Р. плённа працавалі многія бел.муз. дзеячы (А.Беражанскі, І.Дзякоўскі, І.Календа, І.Канюхоўскі, Д.Рагачэўскі, З.Гламазінскі). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш.бел. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля Маскоўскага, палац у Каломенскім, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр. Бел. майстры прыносілі ў Р. новыя рамёствы, адметныя стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве (гл.Беларуская рэзь), вытв-сць паліхромнай паліванай керамікі. Сучасныя даследчыкі лічаць Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага пачынальнікамі асветніцтва на рус. і ўсх.-слав. землях і што Р. праз творы Сімяона Полацкага, В.Пазнанскага, С.Палубеса, В.Кораня пераймала маст. прынцыпы барока. Пасля далучэння ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. зямель да Р. сюды высылаліся ўдзельнікі тайных т-ваў «заранаў», філаматаў, філарэтаў і паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. З адменай прыгоннага права сял. міграцыя (адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход) набыла сталы, а на мяжы 19—20 ст. і масавы характар. Гэтаму спрыяла развіццё чыг. сеткі, у т. л. адкрыццё ў канцы 19 ст. Транссіб. магістралі. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі 5 бел. губерняў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) жыло 540 тыс. іх ураджэнцаў. Перасяленне беларусаў, якія афіцыйна лічыліся адгалінаваннем рус. этнасу, заахвочвалася рас. ўладамі і было выклікана расслаеннем і абеззямельваннем сялянства, адсутнасцю развітой прам-сці, здольнай паглынуць лішак рабочай сілы. У 1861—1913 каля 1,5 млн.чал. з бел. губерняў з-за цяжкага эканам. становішча выехала пераважна ў еўрап. частку Р., Сібір, на Д. Усход, пры гэтым у 1895—1900 14% іх вярнуліся на радзіму. Незавершанасць працэсу станаўлення бел. нацыі вяла да паскоранай асіміляцыі бел. мігрантаў. Але наяўнасць сярод перасяленцаў бел. інтэлігенцыі (яе прыток павялічыўся з канца 19 ст.) абумовіла з’яўленне на тэр. Р. нацыянальна арганізаванага культ. і паліт. жыцця беларусаў. Адным з яго важных цэнтраў стаў Пецярбург.
У 1840-я г. тут узнік бел.літ.-грамадскі рух (бел.-польскі грамадскі гурток Р.Падбярэскага — Я.Баршчэўскага), а пазней створаны і першыя нац. арг-цыі: асветная «Крывіцкі вязок» (1868) і палітычная «Гоман» (1884). Апошняя належала да бел. фракцыі партыі «Народная воля», адным з заснавальнікаў якой быў І.Грынявіцкі. Значную ролю ў рас.рэв.-дэмакр. руху адыгралі беларусы М.Судзілоўскі, Р.Ісаеў, С.Кавалік. Сацыяліст. ідэі прапагандаваў нелегальны Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай (1889—93; А.Гурыновіч і інш.). Некат. з беларусаў, высланых у розныя мясціны Р., даследавалі прыроду, побыт, традыцыі, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу (І.Чэрскі, Б.Дыбоўскі, В.Кавалеўскі, Э.Пякарскі, А.Чаканоўскі, А.Янушкевіч, М.Віткоўскі, Э.Гадлеўскі). Значна паўплывалі на развіццё рас. навукі і культуры фізікі І.Яркоўскі, З.Урублеўскі, А.Садоўскі, хімік Э.Урублеўскі, географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі М.Пржавальскі (Перавальскі), праф. С.Кутарга, рэктар Казанскага ун-та астраном Дз.Дубяга, дыпламат, даследчык Японіі і Кітая І.Гашкевіч, кампазітар В.Казлоўскі, спявачка і муз. педагог Г.Жарабцова-Андрэева, літ. крытык С.Дудышкін і інш. У 1800 артысты балета Шклоўскага т-ра Зорыча пераведзены ў балетную трупу Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, а аркестр — у Маскву. У Маскве і Пецярбургу працяглы час жылі і працавалі мастакі І.Аляшкевіч, С.Заранка, К.Хруцкі, а В.Бялыніцкі-Біруля і С.Жукоўскі былі членамі Т-ва перасоўных выставак. Масавая прац. міграцыя з Беларусі, найвыш. ўздым якой прыпаў на перыяд пасля рэвалюцыі 1905—07, павялічыла бел. дыяспару ў Р. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі накіраваліся больш за 700 тыс.чал. (пераважна сяляне). У ходзе абвешчанай з 1906 сталыпінскай аграрнай рэформы, якая суправаджалася дзярж. падтрымкай для каланізацыі Сібіры і ўскраін Рас. імперыі «рус. элементам» (да яго адносілі і правасл. беларусаў), у 1907—14 з Беларусі сюды перасялілася 335,4 тыс.чал. (але 36,5 тыс.чал. вярнуліся з-за цяжкіх умоў жыцця на новых месцах, гл.Перасяленства). Упач. 20 ст. цэнтрам бел.нац. грамадска-культ. жыцця ў Р. заставаўся Пецярбург, дзе ў 1902—04 дзейнічаў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Пасля адмены ў 1905 забароны друкаваць па-беларуску тут працавалі першае легальнае бел.выд-ва«Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14). У Пецярбургу пэўны час жылі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Гурло, Б.Тарашкевіч, Цётка (А.Пашкевіч); пецярбургскімі бел. арг-цыямі кіраваў Б.Эпімах-Шыпіла. У 1911 тут выступіла з канцэртам трупа І.Буйніцкага, 9.2.1913 пастаўлена п’еса Купалы «Паўлінка», праходзілі бел.літ. вечарынкі. Бел. інтэлектуальнае асяроддзе існавала ў Ніжнім Ноўгарадзе (з 1896) і Яраслаўлі (з 1908) вакол этнографа А.Я.Багдановіча і яго сына паэта М.Багдановіча. У 1915—16 у гар.нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве вучыўся Купала. 1-я сусв. вайна выклікала значны прыток бел. насельніцтва (бежанцы і прымусова эвакуіраваныя) у цэнтр. і ўсх. губерні Р. (з 1915). Паводле афіц. звестак, у маі 1918 у рэгіёнах Р. было амаль 2,3 млн. бежанцаў з Беларусі (найб. у Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губ., Петраградзе і Маскве). У іх падтрымку дзейнічалі Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18), Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле (1918—20), культ.-асв. арг-цыі «Беларуская хатка» ў Арле (1917—18), Бел.нац. гурток у Багародзіцку (1917—18), Арэнбургскі гурток беларусаў (1918) і інш. Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паліт. і культ.-асв. працу сярод беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў і інш. праводзілі Беларуская народная грамада, Беларуская сацыялістычная грамада, праэсэраўскі Беларускі абласны камітэт пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў у Петраградзе (старшыня Я.Канчар), секцыя беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. Прыхільнікі стварэння бел. дзяржаўнасці на сав. аснове (А.Чарвякоў, А.Усціловіч, З.Жылуновіч, У.Фальскі, Я.Дыла, Дз.Чарнушэвіч, Ф.Шантыр і інш.) гуртаваліся вакол Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускага нацыянальнага камісарыята (выдаваў газ.«Дзянніца»), беларускіх секцый РКП(б), садзейнічалі абвяшчэнню БССР.
У 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. Дзейнічалі Беларускі народны універсітэт (1918), Беларуская чыгуначная грамада (1918), Беларускае навукова-культурнае таварыства. (1918—19; усе ў Маскве), Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1918—20) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства (1918) у Петраградзе, Беларуская вучнёўская грамада (1918) і гурток бел.сацыяліст. моладзі (1918) у Калузе, клубы «Беларуская хатка» ў Петраградзе (1918—19) і «Беларус» у Маскве (1919). У студз. 1919 паводле рашэння ЦК РКП(б) усх.бел. землі далучаны да РСФСР (Віцебская, Магілёўская, Смаленская губ.). Беларусы рассяляліся ў РСФСР у выніку планавых набораў рабочай сілы ў аддаленыя паўн. раёны, на новабудоўлі Урала і Сібіры. У 1924 улады СССР вярнулі БССР 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у 1926 — Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Паводле перапісу 1926 у Сібіры і на Д. Усходзе налічвалася 320 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Заходняй (з 1937 Смаленскай) вобл. жыло 83 тыс., у Ленінградскай вобл. — 55 тыс., у Маскве і Маскоўскай вобл. — 42 тыс. беларусаў. У 1926—39 з БССР (каля 5 млн. жыхароў) выехалі, у т. л. прымусова, 617 тыс.чал. (у асн. сельскія жыхары), пераважна ў Р. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сюды высланы многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, абвінавачаныя ў «нацыянал-дэмакратызме». Масавыя дэпартацыі з Беларусі ў Р. ажыццяўляліся ў ходзе суцэльнай калектывізацыі, паліт. рэпрэсій 1930-х г. (гл.Дэпартацыя). У 1920-я г. ў сувязі з палітыкай беларусізацыі дзейнічалі Беларускае цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, бел. секцыі пры Віцебскім (1921—24), Смаленскім (1922—23, 1925—27) і Гомельскім (1921 — пач. 1927) губернскіх аддзелах нар. асветы (гл. пра кожную адпаведны арт.), дзесяткі бел. школ, клубаў, хат-чытальняў на Смаленшчыне (тут беларусізацыя школ 1-й ступені дасягала 36%), у Зах. Сібіры, на Д. Усходзе, а з 1930 — Руднянскі бел.пед. тэхнікум і бел. рабфак у Смаленску. Існавалі Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве, смаленскае і гомельскае бел. зямляцтвы, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі ў Маскве, бел. асацыяцыі ў Ленінградзе, Смаленску, Горы-Горках. У 1921—26 у Маскве знаходзілася Беларуская драматычная студыя. 250 бел.нар. песень апрацавала Беларуская песенная камісія пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. У 1920-я г. пры фін. і матэрыяльнай падтрымцы ўлад існавалі Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва ў Маскве, бел. зямляцтвы ў Варонежы, Волагдзе, Казані, Ленінградзе, Растове-на-Доне, Саратаве, Томску, якія стваралі бел. б-кі, гурткі бел. мовы і гісторыі. У 1924—30 у Маскве дзейнічала Т-вапаліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі (аддзяленні ў Смаленску і Уладзіміры). Але бел. пралетарскі зямляцкі рух паступова страчваў нац. аснову, моцна ідэалагізаваўся. Пасля змены паліт. курсу ў СССР на мяжы 1920—30-х г. нац.-культ. аўтаномія беларусаў і іх арг-цыі ў Р. ліквідаваны, апошнімі — Беларускі клуб у Маскве (1936) і Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1937).
У Вял.Айч. вайну з Беларусі ва ўсх. тылавыя раёны СССР эвакуіравана больш за 1,5 млн.чал., больш за 120 буйных прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, навукі і культуры, вядучых творчых калектываў. Эвакуіраваныя жыхары працавалі ў прам-сці, на чыгунцы, у сельскай гаспадарцы, навук. установах РСФСР. У 1943 пад Масквой аднавіў дзейнасць Бел.дзярж.ун-т, у Яраслаўлі — Мінскі мед.ін-т. Пасля вайны шмат эвакуіраваных засталося на Урале, у Паволжы, Сібіры і інш.рас. рэгіёнах. У 1946—63 у Р. асела большасць з 530 тыс.чал., што выехалі з Беларусі праз сістэму аргнабораў. Так, у Карэліі яны склалі 11% усяго і 15% сельскага насельніцтва (1959). У аддаленыя раёны Р. былі дэпартаваны б. ваеннапалонныя, вайскоўцы польскай арміі Андэрса, вывезеныя на прымусовую працу ў Германію (остарбайтэры), заможныя сяляне з зах. абласцей БССР і інш. З 1959 да 1989 колькасць беларусаў у РСФСР павялічылася, у т. л. за кошт вярбоўкі на новабудоўлі, планавага размеркавання выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў, з 844 тыс. да 1206 тыс.чал. (з 0,7 да 0,8% усіх жыхароў Р.). Каля 80% іх жыло ў гарадах. Да канца 1980-х г.найб. кампактна і масава беларусы жылі ў Маскве і Маскоўскай вобл. (каля 130 тыс.), Ленінградзе і Ленінградскай вобл. (больш за 127 тыс.), Калінінградскай і Іркуцкай абл. (у кожнай каля 74 тыс.чал.), Карэліі (55,5 тыс.), Цюменскай вобл. (49 тыс.), Краснадарскім (37 тыс.) і Краснаярскім (каля 34 тыс.чал.) краях. Нямала ўраджэнцаў Беларусі і іх нашчадкаў займалі ў РСФСР значныя дзярж. пасады, сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў, грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі (напр., дыпламат А.Грамыка, даследчык Арктыкі акад. О.Шміт, заснавальнік геліябіялогіі А.Чыжэўскі, гісторык М.Улашчык, псіхолаг Л.Выгоцкі, матэматык І.Брайцаў, адзін з заснавальнікаў кібернетыкі А.Маліноўскі, авіяканструктар П.Сухі). Ігнараванне нац.-культ. патрэб уладамі і значная асіміляцыя абумовілі тое, што, паводле перапісу 1989, бел. мову лічылі роднай толькі 28—37% беларусаў Р. Ва ўмовах палітыкі перабудовы ўзніклі суполка студэнцкай моладзі «Пагоня» (1987) і Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (1988) у Маскве, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу (1989). На час распаду СССР (1991) у Р. было 1155 тыс. беларусаў. У 1992—99 на Беларусь вярнуліся 113,4 тыс.рас. беларусаў — 49% ад агульнай колькасці тых, хто прыехаў з гэтай дзяржавы. Цяпер у Р. склалася найбольшая бел. дыяспара ў свеце, якая ў апошнія гады папоўнілася (пераважна па эканам. прычынах) вучонымі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, спартсменамі, прадпрымальнікамі, часовымі прац. мігрантамі. Працаўладкаванню беларусаў у Р. садзейнічаюць бел.-рас. пагадненне 1993 аб прац. дзейнасці і сац. абароне грамадзян на тэр. абедзвюх дзяржаў, адмена ў 1996 Федэральнай міграцыйнай службай Р. дазвольнага прынцыпу працаўладкавання грамадзян Беларусі на тэр.Рас. Федэрацыі (уведзены рэгістрацыйны парадак). Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, працэсы нац. адраджэння пач. 1990-х г. актывізавалі нац.культ.-асв. дзейнасць рас. беларусаў. Захаванню і папулярызацыі традыцый, мовы, гісторыі, культуры бел. этнасу спрыяюць суполкі беларусаў у Маскве, С.-Пецярбургу (гл. раздзелы пра беларусаў у арт.Масква і Санкт-Пецярбург), Петразаводску, Саснагорску, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску (гл. раздзел пра беларусаў у арт.Новасібірская вобласць), Цюмені, Арэнбургу, Омску, Краснаярску, Іркуцку (гл.Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.Д.Чэрскага), Цверы, Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Петрапаўлаўску-Камчацкім.
У 1991 сябры маскоўскага Т-вабел. культуры заснавалі уніяцкую і каталіцкую суполкі. Беларусы-вернікі С.-Пецярбурга арганізавалі правасл. абшчыну (дзейнічала да 1998). Працуе бел. суполка мастакоў у С.-Пецярбургу (І.Чарнякевіч, В.Сівуха, Ю.Казак, М.Ткачэнка). Бел. культуры належыць творчая спадчына літаратара І.Ласкова (Якуцк), пісьменнікаў А.Кірвеля, А.Кавалюк, І.Сібілы (С.-Пецярбург), драматурга М.Каляды (Екацярынбург). Развіццю беларусістыкі ў Р. спрыяюць публікацыі А.Каўкі, Я.Шыраева, Л.Шчавінскай (Масква), В.Грыцкевіча, І.Маціеўскага, М.Нікалаева (С.-Пецярбург), А.Катлярчука (Бранск), М.Ількевіча (Смаленск). У рас.навук. цэнтрах праявілі сябе вучоныя-беларусы і выхадцы з Беларусі: хімік В.Капцюг, геолаг А.Трафімук, касманаўты П.Клімук і У.Кавалёнак, фізікі Ж.Алфёраў (Нобелеўская прэмія па фізіцы 2000), Б.Галёркін, В.Гальданскі, Я.Зяльдовіч, У.Міткевіч, Ф.Шапіра. У развіцці сучаснай бел. супольнасці ў Р. выявіліся 2 процілеглыя тэндэнцыі — абуджэнне да нац. жыцця, самаўсведамлення рас. беларусаў і іх паскораная асіміляцыя ва ўмовах існавання Саюза Беларусі і Р. Сведчанне гэтага — адсутнасць бел. школ, нац. друку (выдаюцца толькі бюлетэні «Шляхам Скарыны» ў Маскве і «Маланка» ў Іркуцку), амаль поўная асіміляцыя беларусаў на бел.-рас. памежжы. Пры гэтым ёсць 2 каардынацыйныя цэнтры: Міжрэгіянальнае аб’яднанне беларусаў Р. (з сак. 1999) і Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Р.» (з крас. 1999). Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці змяніліся адносіны яе ўлад да бел. дыяспары, у т. л. ў Р. У адпаведнасці з дзярж. праграмай «Беларусы ў свеце» аказваецца падтрымка рас. беларусам. Прадстаўнікі бел. суполак Р. былі ўдзельнікамі Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першага (ліп. 1993), Другога (ліп. 1997), Трэцяга (ліп. 2001) з’ездаў беларусаў свету. Бел.-рас. дагавор 1995 прадугледжвае магчымасць свабоднага выяўлення, захавання і развіцця для суайчыннікаў этн., культ., моўнай, рэліг. самабытнасці. У студз. 1999 Беларусь ратыфікавала дагавор з Р. аб роўных правах грамадзян. 1.3.1999 падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзярж. к-там па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і Мін-вам нац. палітыкі Рас. Федэрацыі. Кіраўнікі Беларусі, урадавыя дэлегацыі пры наведванні Р. сустракаюцца з землякамі.
Літ.:
Соловьев С.М. История России с древнейших времен // Соч.М., 1988—92. Кн. 1—15;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 1—12. М., 1989—93;
Ключевский В.О. Русская история: Полный курс лекций. Кн. 1—3. М., 1993;
История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России IX — начала XX в. М., 1991;
Отечественная история: Энцикл.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1994—2000;
у т. л.: Таймырская (Даўгана-Ненецкая аўтаномная акруга)
862,1
44
Дудзінка
Эвенкійская аўтаномная акруга
767,6
19
Тура
Курганская вобл.
71,0
1096
Курган
Курская вобл.
29,8
1311
Курск
Ліпецкая вобл.
24,1
1240
Ліпецк
Магаданская вобл.
461,4
239
Магадан
Мардовія (Рэспубліка Мардовія)
26,2
929
Саранск
Марый Эл (Рэспубліка Марый Эл)
23,2
759
Йашкар-Ала
г. Масква
47,0
8537
Масква
Маскоўская вобл.
6464
Мурманская вобл.
144,9
1001
Мурманск
Наўгародская вобл.
55,3
727
Вялікі Ноўгарад
Ніжагародская вобл.
76,9
3663
Ніжні Ноўгарад
Новасібірская вобл.
178,2
2740
Новасібірск
Омская вобл.
139,7
2164
Омск
Паўночная Асеція—Аланія (Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія)
8,0
670
Уладзікаўказ
Пензенская вобл.
43,2
1530
Пенза
Пермская вобл.
160,6
2956
Перм
у т. л.: Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга
32,9
150
Кудымкар
Прыморскі край
165,9
2173
Уладзівасток
Пскоўская вобл.
55,3
801
Пскоў
Разанская вобл.
39,9
1286
Разань
Растоўская вобл.
100,8
4341
Растоў-на-Доне
Самарская вобл.
53,6
3295
Самара
г. Санкт-Пецярбург
85,9
4694
Санкт-Пецярбург
Ленінградская вобл.
1666
Саратаўская вобл.
100,2
2709
Саратаў
Саха (Якуція) [Рэспубліка Саха (Якуція)]
3103,2
989
Якуцк
Сахалінская вобл.
87,1
599
Южна-Сахалінск
Свярдлоўская вобл.
194,8
4603
Екацярынбург
Смаленская вобл.
49,8
1128
Смаленск
Стаўрапольскі край
66,5
2660
Стаўрапаль
Тамбоўская вобл
34,3
1270
Тамбоў
Татарстан (Рэспубліка Татарстан)
68,0
3783
Казань
Томская вобл.
316,9
1068
Томск
Тульская вобл.
25,7
1740
Тула
Тыва (Рэспубліка Тыва)
170,5
311
Кызыл
Удмурція (Удмурцкая Рэспубліка)
42,1
1629
Іжэўск
Уладзімірская вобл.
29,0
1604
Уладзімір
Ульянаўская вобл.
37,3
1463
Ульянаўск
Хабараўскі край
788,6
1506
Хабараўск
Хакасія (Рэспубліка Хакасія)
61,9
580
Абакан
Цвярская вобл.
84,1
1595
Цвер
Цюменская вобл.
1435,2
3237
Цюмень
у т. л.: Ханты-Мансійская аўтаномная акруга
523,1
1382
Ханты-Мансійск
Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга
750,3
504
Салехард
Чувашыя (Чувашская Рэспубліка)
18,3
1359
Чэбаксары
Чукоцкая аўтаномная акруга
737,7
79
Анадыр
Чыцінская вобл.
431,5
1256
Чыта
у т. л.: Агінская Бурацкая аўтаномная акруга
19,0
79
Агінскае
Чэлябінская вобл.
87,9
3667
Чэлябінск
Чэчня (Чэчэнская Рэспубліка)
15,7
768
Грозны
Яраслаўская вобл.
36,4
1412
Яраслаўль
Яўрэйская аўтаномная вобл.
36,0
197
Бірабіджан
Герб і сцяг Расіі.Да арт.Расія. У зоне тундры.Да арт.Расія. Газаперапрацоўчы завод у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.Да арт.Расія. Краявід на Паўднёвым Урале.Да арт.Расія. Рака Сораць у Пскоўскай вобласці.Да арт.Расія. Возера Байкал. Бухта Пясчаная.Да арт.Расія. Абагачальная фабрыка Лебядзінскага горна-абагачальнага камбіната ў Белгародскай вобласці.Да арт.Расія. Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. Каля 1197.Да арт.Расія. Валагодскі крэмль. Сафійскі сабор. 1568—70.Да арт.Расія. Пераслаўль-Залескі. Від часткі горада.Да арт.Расія. Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве. 1960—67.Да арт.Расія. Расійскі культурны цэнтр на Краснахолмскай Стрэлцы. Арх. Ю.Гнядоўскі, В.Красільнікаў, Дз.Салопаў, М.Гаўрылава, С.Гнядоўскі. 1995.Да арт.Расія. Будынак банка ў Ніжнім Ноўгарадзе. Арх. Е.Пестаў, А.Харытонаў, І.Гольцаў, С.Палеў. 1993—95.Да арт.Расія. Абраз Маці Божай Уладзімірскай. 1-я пал. 12 ст.Да арт.Расія. І.Аргуноў. Партрэт невядомай сялянкі ў рускім касцюме. 1784.Да арт.Расія. В.Пяроў. Праводзіны нябожчыка. 1865.Да арт.Расія. І.Крамской. Невядомая. 1883.Да арт.Расія. І.Левітан. Асенні дзень. Сакольнікі. 1879.Да арт.Расія. І.Рэпін. Іван Грозны і сын яго Іван 16 лістапада 1581 года. 1885.Да арт.Расія. В.Барысаў-Мусатаў. Ізумрудныя каралі. 1903—04.Да арт.Расія. В.Кандзінскі. З чорнай дугой. 1912.Да арт.Расія. В.Сяроў. Партрэт актрысы М.Ярмолавай. 1905.Да арт.Расія. А.Дайнека. Дзяўчынка каля акна. 1931.Да арт.Расія. Я.Вучэціч. Партрэт І.Д.Чарняхоўскага. 1945.Да арт.Расія. А.Мыльнікаў. Нацюрморт. Кветкі ў сіняй вазе. 1986.Да арт.Расія. Э.Неізвесны. Жаночы торс. 1963.Да арт.Расія. А.Полагава. Белыя аблокі бясконцыя і вечныя. 1997—98.Да арт.Расія. І.Глазуноў. Беражы Бог Расію. 1999.Да арт.Расія. М.Шамякін. Фантанка. 1960.Да арт.Расія. А.Шылаў. Лётчык-касманаўт СССР П.І.Клімук. 1976.Да арт.Расія. А.Лягін, С.Малькоў. Вестка. 1996.Да арт.Расія. Вялікая зала Маскоўскай кансерваторыі.Да арт.Расія. Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі. Вялікі тэатр Расіі.Да арт.Расія. Сцэна з балета «Спартак» А.Хачатурана. Вялікі тэатр Расіі.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля А.К.Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч». У ролі цара Фёдара І.Масквін, Ірыны — В.Кніпер. Маскоўскі маст.тэатр. 1898.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.Шэкспіра. Маскоўскі. тэатр імя У.Маякоўскага. 1955.Да арт.Расія. Сцэна са спектакля «Тры сястры» А.Чэхава. Маскоўскі Маст.акад.тэатр. 1980-я г.Да арт.Расія. Кадр з дакументальнага фільма «Дзень 80-годдзя графа Л.М.Талстога». 1908.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Браняносец Пацёмкін». 1925.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Вясёлыя хлопцы». 1934.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Аляксандр Неўскі». 1938.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Маладая гвардыя». 1948.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Яны змагаліся за Радзіму». 1975.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Вайна і мір». 1966—67.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Некалькі дзён з жыцця Абломава» 1980.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Белае сонца пустыні». 1970.Да арт.Расія. Кадр з фільма «Сібірскі цырульнік». 1999.Да арт.Расія. Экспазіцыя адзення беларусаў-перасяленцаў канца 19 — пачатку 20 ст. ў абласным краязнаўчым музеі ў Новасібірску. 1999.Да арт.Расія. Беларускі фальклорны ансамбль «Зязюля» вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна Новасібірскай вобласці. 1999.