УЭ́Б, Веб (Webb) Сідней і Беатрыса, брытанскія грамадскія дзеячы, эканамісты, гісторыкі, тэарэтыкі трэд-юніянізму і фабіянскага сацыялізму. Муж і жонка. Сідней Джэймс У. (13.7.1859, Лондан — 13.10.1947), юрыст, барон (з 1929). У 1878—91 працаваў у розных мін-вах. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Фабіянскага таварыства. Разам з жонкай займаўся пытаннямі сац. рэформ і прафс. руху, у 1895 заснаваў Лонданскую школу эканомікі і паліт. навукі, а ў 1913 — час. «New Statesman» («Новы дзяржаўны дзеяч», цяпер «Новы дзяржаўны дзеяч і грамадства»). З 1922 дэп. палаты абшчын ад Лейбарысцкай партыі, з 1929 чл. палаты лордаў. У 1924 міністр гандлю, у 1929—30 міністр дамініёнаў, у 1929—31 міністр калоній. Аўтар прац «Гісторыя трэд-юніянізму» (1894), «Індустрыяльная дэмакратыя» (т. 1—2, 1897), «Прадухіленне нястачы» (1911), «Савецкі камунізм — новая цывілізацыя?» (т. 1—2, 1935; усе разам з жонкай) інш. Марта Беатрыса У. [народжаная Потэр (Potter); 22.1.1858, Глостэр, Вялікабрытанія — 30.4.1943]. Займалася пытаннямі прафс. руху і сац. палітыкі. Аўтар прац «Кааператыўны рух у Вялікабрытаніі» (1891), «Маё вучнёўства» (1926), «Наша таварыства» (выд. 1948).
т. 16, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)