мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШКАЎ,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 2 селішчы, 2 бескурганныя могільнікі) ранняга жал. веку каля в. Гарошкаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы мілаградскай культуры выяўлены рэшткі 20 наземных і паўзямлянкавых жытлаў з двухсхільным дахам і агнішчамі, скляпы-ямы. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, конская збруя, касцяныя арнаментаваныя тронкі нажа і шыла, паставыя, халцэдонавыя, бурштынавыя і інш.пацеркі, метал. жаночыя ўпрыгожанні, 90 гліняных фрагментаў фігурак жывёл, больш за 10 тыс. касцей свойскай і дзікай жывёлы. На селішчах мілаградскім і зарубінецкай культуры выяўлены рэшткі пабудоў, кераміка. На могільніках гэтых жа культур пахавальны абрад — трупаспаленне ў круглых і падоўжаных ямах; сярод знаходак бронзавыя кольцы, шпількі, жал. наканечнікі стрэл, нажы, фібулы. На гарадзішчы выяўлены 2 пахаванні з абрадам трупапалажэння галавой на ПнУ і З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАДЗІ́МАВА,
гарадзішча 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. каля в. Нікадзімава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Купалападобным насыпам і валам падзелена на 2 часткі (памеры 40 × 36 і 48 × 48 м). Умацавана валамі выш. 4,5 м. Пры даследаванні выяўлены рэшткі замкнёнай кругавой пабудовы слупавой канструкцыі, падзеленай на асобныя жылыя і гасп. памяшканні. Унутры жылых памяшканняў захаваліся рэшткі агнішчаў. Знойдзены жал. прылады працы і зброя, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі, гліняныя прасліцы, льячкі, ліцейныя формачкі, фрагменты ляпнога посуду і інш. Знойдзены скарб: скураны пояс з бронзавымі спражкай і накладкамі, пакрытымі серабром, 2 нажы ў ножнах і крэсіва ў футарале, зліткі і шматлікія бляшкі з алавяніста-свінцовага сплаву. Гарадзішча загінула ад пажару. Лічаць, што тут знаходзіўся адм.-тэр. цэнтр значнай акругі, сядзіба правадыра і яго дружыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ружа́нец ’у некаторых хрысціян — шнурок з нанізанымі на ім пацеркамі для адлічэння прачытаных малітваў або паклонаў у часе малітвы’ (ТСБМ). З польск.różaniec ’ружанец’, якое, паводле Фасмера (3, 493), з’яўляецца калькай з с.-лац.rosārium ’тс’ < rosa ’ружа’. Паводле Брукнера (466), польск.różaniec утворана ад прыметніка różany (у спалучэнні różany wianek < ням.Rosenkranz ’вянок з ружаў; ружанец’). Польск.różaniec першапачаткова называлі ’малітоўнік дзевы Марыі са 150 малітвамі, які быў пераплецены пацеркамі для падліку малітваў’, а потым — і самі пацеркі.
літоўскі пісьменнік, драматург.Засл. дз. мастацтваў Літвы (1947). Нар. пісьменнік Літвы (1957). Прадстаўнік псіхал. рэалізму ў нац. л-ры. Найб. значны твор ранняга перыяду — апавяданне «Тапельніца» (1909). Мастацкае асэнсаванне лёсу краіны, асобы праз прызму гіст. падзей, сац. і маральныя праблемы, унутраны свет героя ў раманах Венуоліса «Перад днём» (1925), «Ростані» (1932), «Госця з Поўначы» (1933), «Міністр» (1935), «Сядзіба Пуаджунасаў» (1952), п’есах «Змрок» (1936), «1831 год» (1937). Аўтар кн. мемуараў «З маіх успамінаў» (1957) і інш. Выкарыстоўваў матывы груз. (цыкл «Каўказскія легенды», 1905—06), каўк. і літ. паданняў (кн. «Паданні і легенды», 1957). На бел. мову творы Венуоліса перакладалі С.Грахоўскі (у кн.: «Літоўскія апавяданні», 1957), Н.Рыбак (у кн. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ВІЧ (Павел Аркадзевіч) (н. 27.6.1954, Мінск),
бел. паэт, перакладчык. Сын А.Н.Марціновіча. Скончыў БДУ (1976). З 1974 працаваў у Т-ры юнага гледача, у 1978—79 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1969. У зб-ках «Прадвесне» (1975), «Час бурштыну» (1977) паэт. роздум пра гісторыю і культуру роднага краю, пошукі духоўнасці. Піша пародыі, эпіграмы, сатырычныя вершы. Выдаў кн. вершаў для дзяцей «Паспяшайся ў наш звярынец» (1978), «Жыў-быў воўк» (1979), «Дзядзька Сон» (1980), «Сталёвы бусел» (1989). Складальнік кн. «Бурштынавыя пацеркі: Вершы, апавяданні, казкі літ. пісьменнікаў» (1984). На бел. мову перакладае з літ. (аповесці В.Бубніса «Белы вецер», «Рамунас», абедзве 1978), чэшскай (раман Я.Козака «Гняздо бусла», 1979), англ. (аповесці А.Крысці «Нябожчыкава люстэрка», 1988, «Нямейскі леў», 1994; Дж.Д.Сэлінджэра «Гэпварт, 16, 1924»; Э.Хемінгуэя «Стары чалавек і мора», абедзве 1996) і інш. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ДНІКІ,
археалагічныя помнікі — гарадзішча і селішча каля в. Пруднікі Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча 5—16 ст. памерам 118 × 65 м, абкружана валам выш. 4,2 і шыр. 20 м (захавалася паўн. частка). У 5—10 ст. тут было ўмацаванае паселішча патрыярхальнай абшчыны, у 11—13 ст. — парубежны пункт (астрог) Полацкага княства, у 14—16 ст. — феад. сядзіба-замак. Пры даследаванні выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з каменнымі агнішчамі і печамі-каменкамі, вырабы з косці, бронзы і медзі, шкляныя пацеркі, плінфа, кафля, наканечнікі стрэл і дзідаў, баявыя нажы, рэшткі даспехаў, наверша булавы, крыжыкі, манетападобная падвеска-медальён з выявай маці Божай — Аранты, энкалпіён з багатай іканаграфіяй, ляпны і ганчарны посуд і інш. Селішча 3—10 ст. належала балтам. Выяўлены рэшткі жытлаў зрубнай канструкцыі з печамі-каменкамі, вырабы з косці, гліны, каменю, бронзы, жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і эпохі Кіеўскай Русі на ўскраіне в.Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. Пры даследаванні ў ніжнім гарызонце знойдзены рэчы жал. веку (6 ст. да н.э. — 1 ст.н. э.) — жал. шпілька з S-падобным завітком, нож, шлакі, каменная зерняцёрка, фрагменты штрыхаванай керамікі. У верхнім выяўлены сляды наземных драўляных пабудоў з дашчанай падлогай і рэшткі печаў, складзеных з камення з глінянымі чарэнямі часоў сярэдневякоўя. Знойдзены сякеры, нажы, долата, замкі з ключамі, іголкі, шылы, праколкі, шыферныя прасліцы, крэсівы, каса-гарбуша, матыка, сашнікі, восці, гарпуны, зброя і рыштунак конніка, вырабы з рогу і косці, бронзавыя ювелірныя вырабы (крыж-складзень, створкі энкалпіёна, пласціністы бранзалет, кавалкі бронзавай або меднай пасудзіны), шкляныя вырабы (бранзалеты, пацеркі, пярсцёнкі, фрагменты посуду), фрагменты амфар і інш. На думку даследчыкаў, С. у гэты час была раннефеад. замкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,
валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.