КЛІКУ́ШЫН (Рыгор Піліпавіч) (н. 4.12.1921, с. Сладкова Цюменскай вобл., Расія),
бел. графік. Скончыў Маскоўскі паліграф.ін-т (1956). Выкладаў у Віцебскі.мпед. ін-це (1959—70). Працуе ў тэхніках малюнка пяром і лінарыту. Стварыў станковыя серыі «Віцебск, любоў мая» (1960—64), «Вясковыя пейзажы» (1961—64), «Стары Віцебск» (1962—69), «Успамін пра малую радзіму» (1967—68), лінарыты «Сярод бяроз» (1962), «У майстэрні» (1970), якія вылучаюцца дасканалай пластыкай, графічнай і кампазіцыйнай выразнасцю. Аформіў кнігі твораў К.Крапівы, Ч.Дзікенса, А.Дзюма, К.Паустоўскага і інш. Аўтар арыгінальных шрыфтоў («Увага», «Віцебск», «Вольга», «Сувенір», «Народны», «Ініцыяльны», «Дзвіна» і інш.).
Тв.:
Шрифты. Мн., 1964;
Шрифты для художников-оформителей. 2 изд. Мн., 1984;
Декоративные шрифты для художественно-оформительских работ. Мн., 1987;
Рекламные шрифты. Витебск, 1989;
Книжные, плакатные, декоративные шрифты для художественно-оформительских работ. Витебск, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ПУШКІ,
рыбы сям. сіговых атр. ласосепадобных. 2 віды: Р. еўрапейская, або балтыйская, або сялява (Coregonus albula), і Р. сібірская, або зельдзь (C. sardinella). Прэснаводныя і паўпрахадныя рыбы, утвараюць мноства форм. Р. еўрап. пашырана ад Ірландыі да бас.Балт. і Баранцава м., трапляецца ў азёрах вярхоўя Волгі. Буйная Р. з Анежскага і Ладажскага азёр наз.рыпус. Р. сібірская пашырана ў рэках бас.Паўн. Ледавітага ак. ад Белага м. да Аляскі, трапляецца таксама ў вярхоўі Волгі. На Беларусі Р. еўрап. трапляецца ў азёрах бас. рэк Зах.Дзвіна і Нёман, у т. л.воз. Дрывяты, Нарач і інш.
Даўж. да 46 см, маса Р. еўрап. да 1,2 кг (на Беларусі даўж. да 25 см, маса да 200 г), сібірскай каля 0,5 кг. Цела верацёнападобнае. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і акліматызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),
сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел.фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.
Літ.:
Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд.Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮ́СЫ, Плюскае возера. У Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Зах.Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. У межах ахоўнай зоны нац. парку Браслаўскія азёры. Пл. 1,54 км², даўж. больш за 2 км, найб.шыр. 1,6 км, найб.глыб. 5,8 м., даўж. берагавой лініі 8,6 км. Пл. вадазбору 6,56 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на З і Пнвыш. 4—5 м, разараныя, на Пд 8—10 м, пад хмызняком. Пойма шыр. 10—80 м, на ПдУ да 300 м. Берагі нізкія, пясчаныя. 9 астравоў агульнай пл. 10 га, з якіх Вялікі і Малы вызначаюцца значнымі памерамі. Некалькі заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей пераважна сапрапелістае і ілістае. Мінералізацыя вады 195—210 мг/л, празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зараслі ўсх. і паўн. залівы, участкі паміж астравамі, шматлікія мелі. Упадаюць некалькі каналізаваных ручаёў, выцякае ручай у воз. Прысвяты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ ((Bobrowski) Іаганес) (9.4.1917, г. Тыльзіт, цяпер Савецк Калінінградскай вобл., Расія — 2.9.1965),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Кёнігсбергскай класічнай гімназіі. У 1941 мабілізаваны на Усх. фронт. У 1945—49 у палоне ў СССР. Аўтар зб-каў вершаў «Сармацкі час» (1961), «Зямля ценяў і рэк» (1962), «Прыкметы надвор’я» (1966), «У зарасніках ветру» (1970), раманаў «Млын Левіна» (1964), «Літоўскія клавіры» (1966), кн. навел «Бёлендорф і мышынае свята» (1965), «Прарок» (1967). Асн. тэма творчасці — асэнсаванне гіст. віны немцаў перад інш. народамі. З яго твораў паўстае вобраз Сарматыі — краю паміж Віслай і Нёманам, паэт уваскрашае абліччы і галасы ахвяр — ад знішчаных тэўтонцамі ў 12 ст. прусаў (праграмная «Элегія памяці прусаў», 1952) да яўрэяў, цыганоў і славян, што загінулі ад рук фашыстаў. Вершы «Радзіма мастака Шагала», «Заходняя Дзвіна», «Вільня», «Мемель» і інш. перадаюць непаўторную прыгажосць бел.-літоўскага краю, насычаны матывамі бел. і літоўскага фальклору. Асобныя яго творы на бел. мову перакладалі Ю.Гаўрук, М.Навіцкі, Я.Семяжон, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙТМАН (Леў Мееравіч) (23.3.1896, г. Петрыкаў Гомельскай вобл. — 20.9.1974),
бел. графік, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна. Выкладаў у Віцебскім (1931—41) і Мінскім (1947—58) маст. вучылішчах. Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Ствараў пейзажы, партрэты, нацюрморты, у тэматычных работах адлюстроўваў індустр. тэму. Аўтар лірычных, тонкіх паводле колеру пейзажаў «Дажджлівы дзень. Дзвіна» (1934), «Вясна» (1939), «Зіма» (1942), «Чырвоныя дахі», «Вёска Серада» (абодва 1943), «Старадаўняя альтанка», «Цішыня» (абодва 1945), краявідаў Мінска («Мінская ўскраіна», 1945; «Ля таполі Янкі Купалы», 1957, і інш.). Сярод інш. твораў: серыі акварэлей «Жанчыны на вытворчасці» (1930-я г.), «Абарончыя збудаванні пад Масквой» (1942), «Новыя абрысы гарадоў Беларусі» (1950-я г.), акварэль «Маладзёжная брыгада за работай», партрэты Л.С.Дуброўскай (абодва 1950), М.П.Кірпічковай (1951), М.Г.Берасцевіч (1962), будаўніцы (1970), настаўніцы («Першага верасня», 1971) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАСПЛА́Ў,
сплаў лесу, транспартаванне лесаматэрыялаў воднымі шляхамі, заснаванае на плывучасці драўніны. Найб. танны (у некаторых раёнах адзіны) від транспартавання драўніны. Адрозніваюць Л. молевы (россыпам), плытавы і кашэльны.
Молевым сплавам транспартуецца не звязанае між сабою бярвенне. Пры плытавым сплаве лес злучаюць у пакеты-пукі (аб’ёмам да 70 м³), з якіх складваюць плыты і буксіруюць параходамі або сплаўляюць уніз па цячэнні. Самасплаўнымі плытамі кіруюць з дапамогай вёслаў, якараў, лотаў. Кашэльны сплаў — нязлучаныя лесаматэрыялы агароджваюць звязаным між сабою бярвеннем і транспартуюць суднамі (буксіроўшчыкамі). Для пропуску лесу праз плаціны, каналы, пад мастамі робяць лесапрапускныя збудаванні. Пры молевым і кашэльным Л. бярвенне тоне, засмечвае рэкі (такі Л. абмяжоўваецца). На Беларусі выкарыстоўвалі молевы Л. (да 1974) і плытавы (да 1998). Л. ажыццяўляўся па рэках: Зах.Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Дняпро, Гарынь. У 1980-я г. аб’ёмы Л. складалі каля 700 тыс.м³ за год. У канцы 1990-х г. аб’ёмы Л. значна скараціліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАТА́,
рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Полацкім р-не Віцебскай вобл. Беларусі; правы прыток р.Зах.Дзвіна. Даўж. 93 км. Пл. вадазбору 651 км². Выцякае з воз. Колпіна за 1,4 км на ПнУ ад в. Колпіна Невельскага р-на, цячэ праз воз. Неклач (Расія), па Полацкай нізіне і воз. Ізмак. Вусце ў межах г. Полацк. Даўж. на тэр. Беларусі 86 км, пл. вадазбору больш за 470 км². Прытокі: Лютая, Страдань (справа), Тросніца і Чартоўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 100—400 м. Пойма двухбаковая, месцамі адсутнічае, шыр. 150—300 м. Рэчышча моцназвілістае, на асобных участках у верхнім і сярэднім цячэнні на працягу 14,2 км каналізаванае: шыр. яго 5—10 м, ніжэй упадзення р. Лютая месцамі да 30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. Пры ўпадзенні ў Зах. Дзвіну — г. Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р.Зах.Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс.ж. (2000).
Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял.Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.
Працуюць акц.т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’Я́НКА,
рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах.Дзвіна. Даўж. 87 км, пл. вадазбору 1000 км² (у межах Беларусі адпаведна 38 км і 800 км²). Выцякае з воз. Броджайс у Латвіі, вусце за 1 км на ПдУ ад в. Вусце. Цячэ ў межах Латгальскага ўзв. і паўн.-зах. часткі Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Сарыя, Чаўшыца, Асуніца (справа), Мальніца, Тур’я (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—350 м. Схілы ўмерана стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя ярамі. Пойма перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 150—200 м, у разводдзе затапляецца на глыб. да 1 м, у высокае разводдзе — да 1,5—2,5 м. Рэчышча звілістае і малазвілістае, неразгалінаванае, шыр. 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні, 15—25 м — у ніжнім. Берагі стромкія і абрывістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,4 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.