спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:
Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл.Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял.кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСЬ,
гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Каля аўтадарогі Орша—Магілёў. Чыг. ст. на лініі Орша—Магілёў. За 30 км на Пд ад Оршы, 110 км ад Віцебска. 1,2 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1059. У 11 ст. невял. ўмацаванае паселішча на ўсх. мяжы Полацкага княства. У 1116 К. адышла да Смаленскага княства. З сярэдзіны 14 ст. К. з воласцю — велікакняжацкае ўладанне ў Віцебскім ваяв.ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. З канца 15 ст. выраблялася копыская кафля, з 16 ст. — копыская кераміка. З 19 ст. дзейнічалі копыскія кафляныя прадпрыемствы. У розны час К. належала кн. Астрожскім, Радзівілам. Паводле некат. звестак, мела магдэбургскае права. З 1772 К. у складзе Рас. імперыі, горад, цэнтр Копыскага павета. 16.8.1781 зацверджаны герб К.: у зялёным полі выява чорнага зайца. З 1796 заштатны горад, з 1802 цэнтр павета, з 1861 заштатны горад Горацкага пав. У 1897 у К. 3384 ж. У 1924—31 цэнтр Копыскага раёна, з 1931 у Аршанскім р-не. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну дзейнічала Копыскае патрыятычнае падполле. У 1970 у К. 1555 ж.
Кафляны цэх Аршанскага вытв. аб’яднання «Оршабудматэрыялы», цэнтр па вырабе маст. керамікі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі археалогіі — замчышча Пятроўскі вал, селішча Пасадскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КАЕ (да 1939 Высока-Літоўск),
горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс.ж. (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс.чал. З 1962 у Камянецкім р-не.
Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬДЫ, Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы,
магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Гаштольд (? — 1364), ад вял. князя ВКЛАльгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял.кн.ВКЛКазіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш.Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл.Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЖыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́Я,
гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Друйка ў Зах. Дзвіну. За 36 км ад г. Браслаў, 205 км ад Віцебска. Канцавая ст. на чыг. лініі Варапаева—Друя. Аўтадарогай злучаны з Браславам. 1,4 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага пад 1386 у складзе ВКЛ. У 14—18 ст. тут існаваў Друйскі замак. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Д. ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. 8.8.1618 атрымала прывілей на магдэбургскае права і герб: у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на хвалях, вада сярэбраная. З Д. паходзіць адзін з шэдэўраў бел. рукапіснай кнігі — Друйскае евангелле 16 ст. За час існавання ў Д. пабудавана каля 20 храмаў. У 1790 у Д. 3,4 тыс.ж. З 1793 у складзе Рас. імперыі, мястэчка, заштатны горад Дзісенскага пав. Віленскай губ. У 1897 у Д. 4787 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. У 1931 у Д. 3375 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак у Браслаўскім, з 1.5.1940 да 1963 у Міёрскім р-нах. 2,5 тыс.ж. (1971).
Прадпрыемствы па абслугоўванні чыг. лініі. Сярэдняя і муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі меліярац. работ, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік на месцы бою 1812. Помнік архітэктуры — Друйскі кляштар бернардзінцаў (1643—46) і Друйскі парк (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНЬ,
гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.
Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,
асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш.Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб«Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).
Літ.:
Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.
В.С.Пазднякоў.
Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПО́ЦКІН,
гарадскі пасёлак у Гродзенскім р-не, на аўтадарозе, якая злучае яго з г. Гродна. За 21 км на ПнЗ ад Гродна. 1,5 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Гродзенскага пав. Трокскага, з 1793 — Гродзенскага ваяв.ВКЛ. Меў уласны герб. З 1795 у складзе Усх. Прусіі, з 1807 у Варшаўскім герцагстве, з 1815 у Рас. імперыі — у Аўгустоўскім павеце Царства Польскага, з 1837 у Аўгустоўскай, з 1867 у Сувалкаўскай губ. У 1858 С. — мястэчка (1568 ж., 160 дамоў, касцёл, царква, пошта, маслабойня) і маёнтак. У 1897—3900 ж., выраб кафлі, цэментных пліт, шкла, масла. У 1900 С. — пасёлак, 6595 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Валавічоўскай гміне Аўгустоўскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1921—1774 ж., 294 дамы. З 1939 у складзе БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Сапоцкінскага раёна Беластоцкай, з 1944 — Гродзенскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 22.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў сапоцкінскім лагеры смерці 539 чал., 15.6.1944 расстралялі 70 чал. 18.7.1944 С. вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай і Вільнюскай аперацый 1944. З 1959 у Гродзенскім р-не.
У пасёлку лесазавод, упраўленне біял. заказніка Сапоцкінскі, ПТУ сельскай гаспадаркі, сярэдняя і муз. школы, дашкольная ўстанова, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Сапоцкінскія капліцы, касцёл Успення Дзевы Марыі і царква (пач. 20 ст.). 3 брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. На зах. ускраіне помнік археалогіі — курганны могільнік (10—11 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫД-ГАРАДО́К,
горад у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., прыстань на р. Гарынь. За 35 км ад г. Столін, 280 км ад г. Брэст, 41 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец — Сарны. 7,2 тыс.ж. (1997).
Паводле археал. звестак, Давыд-Гарадок узнік у пач. 12 ст. У летапісах упамінаецца з 14 ст. У 14—18 ст. існаваў Давыд-Гарадоцкі замак. У канцы 14—16 ст. цэнтр Давыд-Гарадоцкага княства. З 1522 належаў каралеве Боне, з 1558 — Радзівілам. З 1579 цэнтр ардынацыі, з 1586 уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане ўдзельнічалі ў Давыд-Гарадоцкім паўстанні 1648—50. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, прыйшоў у заняпад. З 1793 у Рас. імперыі, у 1795—96 цэнтр Давыд-Гарадоцкага павета, меў герб; з 1796 мястэчка Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1897 — 7815 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 11,7 тыс.ж. З 1940 горад, цэнтр Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай (з 1954 — Брэсцкай) вобл. З 7.7.1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням-фаш. войскамі, якія загубілі ў горадзе 402 чал. У кастр. 1943 партызаны разграмілі ням.-фаш. гарнізон (гл.Давыд-Гарадоцкія баі 1943). З 1961 у Столінскім р-не. У 1970 — 8,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металаапр. (Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод), харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква (2-я пал. 17 ст.). Археал. помнікі — гарадзішча (12—14 ст.), каля Давыд-Гарадка грунтавы могільнік (1—5 ст.), селішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга сярэдневякоўя.