Герб 3/432, 436

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ (польск. herb ад ням. Erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы, роду, горада, дзяржавы. Узніклі ў канцы 11—12 ст. ў час крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблем найчасцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасці. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (гал. атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, клейнод (фігура на шлеме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой закрывалі шлем ад сонца), карона. У познім сярэдневякоўі ў гербе з’явіліся неабавязковыя элементы — шчытатрымальнікі, стужкі з дэвізам, ордэны. Гербавыя выявы падзяляюцца на фігуры геральдычныя (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Гербавыя шчыты маюць розную форму і паходжанне, назвы іх тыпаў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найб. распаўсюджанне. У гербе змяшчаюць кароны: княжацкія, графскія, шляхецкія і інш. Колеры ствараюць фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая, чорная) і металамі (золата — жоўты, серабро — белы), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). Існуюць сістэмы перадачы колераў і футра штрыхоўкай пры чорна-белым адлюстраванні герба. У гербе бел. шляхты пераважаюць блакітныя і чырв. фарбы. У ВКЛ гербы з’явіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. старажытны вядомы на пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае герб «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня». У сярэдневякоўі герб быў знакам шляхціца і яго ўлады на пэўнай тэрыторыі. Калі гэта ўлада трымалася працяглы час, герб замацоўваўся ў якасці зямельнага або дзяржаўнага і выконваў сваю функцыю нават пры ўладзе інш. феадала. Пазней узніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў. Герб вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербоўнікамі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Элементы герба. Кароны: 1 — імператарская расійская; 2 — каралеўская; 3 — княжацкая; 4 — графская; 5 — баронская французская; 6 — шляхецкая; 7 — гарадская расійская. Шчыты: 8, 9 — нарманскія (фігуры — слуп, пас); 10 — французскі (фігура — спалучэнне слупа і паса); 11 — іспанскі (фігура — перавязь); 12 — італьянскі (фігура —кроква); 13 — нямецкі (фігура — падножжа); 14 — дамскі (фігура — вяршыня). Асноўныя гербавыя колеры: 15 — чырвоны; 16 — блакітны; 17 — зялёны; 18 — пурпурны; 19 — чорны; 20 — сярэбраны; 21 — залаты.
Герб «Налэнч» графаў Рачынскіх, яго элементы: 1 — клейнод; 2 — кароны; 3 — шлем (прылбіца); 4 — намёт; 5 — шчыт; 6 — шчытатрымальнікі; 7 — стужка з дэвізам.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Герб дзяржаўны 3/432, 436, 481; 9/498

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дзяржаўны герб БССР, гл. Герб дзяржаўны

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Герб дзяржаўны СССР 3/436, 436—437 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ ДЗЯРЖА́ЎНЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сімвал дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Быў устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 19.9.1991. Эталон герба і Палажэнне аб ім зацверджаны Пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 10.12.1991. Уяўляў сабой узбр. конніка ў руху, які трымае ў правай руцэ гарызантальна падняты меч, у левай — шчыт з шасціканцовым залатым крыжам (гл. таксама «Пагоня»), Аўтары эталона герба У.​Крукоўскі і Я.​Кулік. Па выніках праведзенага 14.5.1995 рэсп. рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне новых Герба дзяржаўнага і Сцяга дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7.6.1995 зацверджаны новы эталон герба і Палажэнне аб ім. Уяўляе сабой геагр. контур Рэспублікі Беларусь у прамянях сонца над зямным шарам. Зверху пяціканцовая чырв. зорка. Выяву абрамляе вянок з каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стружкай, на якой надпіс золатам: «Рэспубліка Беларусь».

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Дзяржаўны герб і Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;

Герб и флаг Белорусской державы. Мн., 1997.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Пагоня» (герб) 2/434; 7/595

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́РВІН»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 80 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бянкоўскія, Дмахоўскія, Каханоўскія, Крукоўскія, Урублеўскія. Мае ў чырв. полі выяву крумкача, які сядзіць на бервяне з адсечанымі 4 сукамі і трымае ў дзюбе пярсцёнак. Клейнод — на прылбіцы з каронай тры страусавыя пёры. Герб «К.» адгалінаваўся ў пач. 16 ст. ад герба «Слепаўрон».

Герб «Корвін».

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАВІ́НА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася больш за 200 родаў, у т. л. Бжоскі, Гулевічы, Златніцкія, Язерскія. Мае ў блакітным полі выяву сярэбранага мяча над сярэбранай кацельнай дужкай. Першапачатковы колер поля чырвоны. Клейнод — над прылбіцай з каронай сагнутая ў калене залатая нага ў засцерагальным узбраенні. Існуе варыянт герба з крыжам замест мяча. Герб вядомы з канца 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Навіна».

т. 11, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗДА́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся больш за 200 родаў, у т. л. Гадлеўскія, Корфы, Міцуты, Неміровічы, Падбярэзскія, Пацы, Рымшы, Трызны, Храпавіцкія. У чырвоным полі 2 сярэбраныя лілеі, павернутыя ўверх і ўніз і змацаваныя залатым пярсцёнкам; клейнод — над прылбіцай з каронай выява такіх жа лілей на паўлінавым хвасце (герб «Газдава I»). Існуюць варыянты герба: з 5 страусавымі пёрамі і 2 лілеямі ў клейнодзе («Газдава II»); з 5 страусавымі пёрамі («Газдава III»); з падзеленым на 2 часткі полем, дзе ў верхнім сярэбранага колеру змешчана чорная лілея, а ў ніжнім чорнага колеру — сярэбраная, клейнод — 3 страусавы пёры («Газдава IV»). Герб вядомы з пач. 14 ст.

Герб «Газдава».

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)