ГАШТО́ЛЬДЫ,

Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы, магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Гаштольд (? — 1364), ад вял. князя ВКЛ Альгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш. Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл. Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.

А.М.Нарбут.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)